РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ БАЛА́НСатмасферы і падысподняй паверхні,
рознасць прыходу і расходу прамяністай энергіі, якая паглынаецца і выпраменьваецца атмасферай і падысподняй паверхняй; частка цеплавога балансу атмасферы і зямной паверхні. Для атмасферы прыходная частка Р.б. складаецца з паглынутай прамой і рассеянай радыяцыі, паглынутага даўгахвалевага выпрамянення зямной паверхні; расходная частка — уласнае атмасфернае выпрамяненне, накіраванае да зямной паверхні і ў касм. прастору. Для падысподняй паверхні прыходную частку складаюць паглынутая прамая і рассеяная радыяцыя, а таксама паглынутае процівыпрамяненне атмасферы: расходную — страта цяпла падысподняй паверхняй за кошт уласнага цеплавога выпрамянення. Р.б. бывае дадатны (днём, летам) і адмоўны (ноччу, зімой). Пры дадатным балансе падысподняя паверхня атрымлівае цяпло, якое ідзе на награванне глебы і паветра, на выпарэнне, пры адмоўным — аддае, што прыводзіць да радыяцыйнага ахалоджванняглебы і паветра. Р.б. залежыць ад вышыні Сонца, празрыстасці атмасферы, воблачнасці, т-ры і вільготнасці паветра, характару расл. і снегавога покрыва. Характарызуецца імгненнымі значэннямі (кВт/м²) і сумамі за гадзіну, суткі, месяц, год (МДж/м²). На Беларусі сутачныя сумы Р.б. падысподняй паверхні ад -5 да 20 МДж/м². Пераход сярэдніх сутачных сум Р.б. ад дадатных да адмоўных адбываецца ў ліст., ад адмоўных да дадатных — у лютым. Гадавыя сумы Р.б. зменьваюцца ад 1500 да 1800 МДж/м². Для атмасферы Р.б. амаль заўсёды адмоўны, над тэр. Беларусі ён складае каля -2800 МДж/м² за год, за ліп. і снеж. адпаведна каля -170 МДж/м² і -400 МДж/м².
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ ПА АГРАХІМІ́ЧНЫМ АБСЛУГО́ЎВАННІ СЕ́ЛЬСКАЙ ГАСПАДА́РКІ (Белсельгасхімія) Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Створана ў 1979. Мае абл. і раённыя аб’яднанні. Забяспечвае вытворцаў с.-г. прадукцыі мінер. ўгнаеннямі, хім. і біял. сродкамі аховы раслін, меліярантамі глебы, кармавымі дабаўкамі, інш.хім. прадуктамі для раслінаводства і жывёлагадоўлі. Арганізуе нарыхтоўку торфу і сапрапеляў, выконвае па дагаворах аграхім. работы па ўнясенні аргана-мінер. угнаенняў, вапнаванні кіслых глебаў, апрацоўцы пасеваў с.-г. культур хім. і біял. сродкамі аховы раслін, паляпшэнні зямель, павышэнні кваліфікацыі спецыялістаў. Прадстаўляе ўстановам і арг-цыям платныя кансультатыўныя, пасрэдніцкія і інш. паслугі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІ́С (Pimpinella anisum),
бядрынец анісавы, аднагадовая травяністая расліна сям. сельдэрэевых. Радзіма — М. Азія. Культывуецца ў Еўропе, Азіі, Паўн. Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі малапашыраная культура, вырошчваецца ў адкрытым грунце і цяпліцах.
Сцябло прамое, галінастае, выш. 25—50 см. Прыкаранёвае лісце круглавата-сэрцападобнае, з зубчастым краем, на доўгіх чаранках, сцябловае — складанаперыстарассечанае. Кветкі дробныя, белыя, у складаных парасоніках. Плод — шэра-зялёная двухсямянка. Святло-, цяпло- і вільгацелюбівая расліна, патрабавальная да ўрадлівасці глебы. Размнажаюць насеннем. Плады маюць да 6% эфірнага і да 28% тлустага алею. Вострапрыпраўная расліна. Выкарыстоўваецца ў хлебапякарнай, кандытарскай, лікёра-гарэлачнай, парфумернай прам-сці, у медыцыне. Добры меданос.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ПНАВЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
угнаенні, асн. кампанент якіх вапна. У якасці вапнавых угнаенняў выкарыстоўваюць цвёрдыя і мяккія прыродныя вапнавыя пароды, прадукты іх перапрацоўкі і прамысл. адходы, што маюць вапну. Цвёрдыя пароды (вапняк, мел і інш.) перад унясеннем у глебу здрабняюцца ці абпальваюцца, мяккія пароды (напр., туфы) не патрабуюць драбнення, яны больш эфектыўныя і дзейнічаюць хутчэй за цвёрдыя. Гал. з вапнавых угнаенняў: вапнавая мука (вапняк), даламітавая мука (даламіт), вапнавы туф, мергель, гашаная вапна, вапнавы торф ці тарфатуф. Найб. эфектыўныя прамысл. адходы: мартэнаўскія, доменныя, электраплавільныя шлакі; дэфекат (адходы цукр. вытв-сці); сланцавы, каменнавугальны, тарфяны попел. Выкарыстоўваюць для паніжэння кіслотнасці глеб (гл.Вапнаванне глебы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЙГЕ́ЛА (Weigela),
род кветкавых раслін сям. бружмелевых. Каля 15 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі. На Беларусі інтрадукаваны і рэкамендаваны для зялёнага буд-ва вейгела квітучая (Weigela florida) і гібрыдная (Weigela hybrida), якая мае шмат розных садовых форм (адрозніваюцца формай, памерамі і афарбоўкай кветак — ружовыя, чырв., пурпуровыя і інш.).
Лістападныя кустовыя расліны з прамастойнымі парасткамі выш. да 3 м. Лісце супраціўнае, простае, эліпсоіднае. Кветкі адносна вялікія, трубчастыя, без паху, у малакветкавых (па 3—6 шт.) суквеццях. Плод — каробачка. Дэкар. святлалюбныя, патрабавальныя да ўрадлівасці глебы, зімаўстойлівыя расліны. Выкарыстоўваюцца ў адзіночных і групавых пасадках, для афармлення ўзлескаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЧАРПА́ЛЬНЫЯ ПРЫРО́ДНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
прыродныя рэсурсы, паслядоўнае выкарыстанне якіх можа паменшыцца да ўзроўню, пры якім далейшая іх эксплуатацыя робіцца эканамічна немэтазгоднай або ўзнікае пагроза іх поўнага знікнення. Да вычарпальных прыродных рэсурсаў належаць багацці нетраў і экасістэм: карысныя выкапні (пераважна складаныя злучэнні элементаў, руды); жывёльны і раслінны свет; глебы. Выкарыстанне вычарпальных прыродных рэсурсаў павінна быць комплексным. Частка вычарпальных прыродных рэсурсаў здольная да аднаўлення (гл.Узнаўляльныя прыродныя рэсурсы), што магчыма пры ўмове выканання дапушчальных памераў выняцца рэсурсаў і ажыццяўлення захадаў да паскоранага іх аднаўлення, другая належыць да неўзнаўляльных прыродных рэсурсаў. Гл. таксама Невычарпальныя прыродныя рэсурсы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВЫ ПРО́ФІЛЬ,
вертыкальны разрэз глебавай тоўшчы ад паверхні да мацярынскай пароды. Мае слаістую будову, утварае сукупнасць генетычна ўзаемазвязаных глебавых гарызонтаў і падгарызонтаў. Магутнасць ад дзесяткаў сантыметраў да некалькіх метраў. Паводле глебавага профілю вызначаюцца назвы глеб і іх месца ў глебавай класіфікацыі. Адрозніваюць прыродныя і змененыя дзейнасцю чалавека глебавыя профілі (меліяраваныя, акультураныя і інш.). Кожны від глебы мае свой спецыфічны глебавы профіль і яго будову. Паводле характару суадносін глебавых гарызонтаў глебавыя профілі падзяляюць на простыя і складаныя, сярод якіх вылучаюць некалькі тыпаў будовы: прымітыўныя, нармальныя, слабадыферэнцыраваныя, парушаныя (эрадзіраваныя і перагорнутыя), рэліктавыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВЫЯ ВО́ДЫ,
намнажэнне падземных вод у адносна воданепранікальных слаях, што залягаюць у межах глебавай тоўшчы і гідраўлічна не звязаны з грунтавымі водамі, якія ляжаць ніжэй. Знаходзяцца ў глебе ў вадкай і цвёрдай фазе (лёд), формах, якія адрозніваюцца паводле ступені рухомасці і даступнасці для раслін. Асн. запасы вільгаці, што выкарыстоўваюцца раслінамі, утварае свабодная вада. Яна запаўняе глебавыя поры і здольная перамяшчацца з іх пад уплывам сілы цяжару і капілярных сіл (гл.Глебавы раствор). Значная колькасць вільгаці знаходзіцца ў парападобным стане (перамяшчаецца па порах глебы ў складзе глебавага паветра). Частка вільгаці знаходзіцца ў звязаным стане, у маладаступнай для раслін форме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́СУХА,
перыяд працяглага (1—2 месяцы) недахопу ападкаў, які суправаджаецца павышанай т-рай паветра і паніжанай вільготнасцю паветра і глебы. Бывае пры антыцыкланальным надвор’і. Прыводзіць да зніжэння і нават гібелі ўраджаю с.-г. культур. Адрозніваюць атмасферную і глебавую З. Найчасцей здараецца ў трапічных абласцях, у зоне стэпаў і паўпустынь, радзей у лесастэпавай, звычайна летам, а таксама ў канцы вясны і пач. восені. Для барацьбы з З. выкарыстоўваюць штучнае арашэнне, снегазатрыманне і інш. агратэхн. прыёмы. накіраваныя на захаванне вільгаці ў глебе. На Беларусі 1 месяц бывае засушлівы раз у 5—10 гадоў, 2 месяцы запар — раз у 10—15 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФЕКЦЫ́ЙНЫЯ ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н, паразітарныя хваробы раслін,
хваробы, якія выклікаюцца патагеннымі арганізмамі. Паводле характару ўзбуджальніка падзяляюцца на грыбныя, бактэрыяльныя, вірусныя, мікаплазмавыя, нематодныя хваробы (гл. адпаведныя арт.). Пры наяўнасці адпаведных умоў (пэўнай т-ры, вільготнасці паветра і глебы) інфекцыя можа перадавацца ад заражаных раслін да здаровых праз с.-г. прылады і інвентар, паветра, ваду і інш., а таксама жывёламі і чалавекам. Хваробы могуць праяўляцца ў выглядзе адзінкавых выпадкаў ці мець масавае пашырэнне. Меры барацьбы прафілактычныя — накіраваны на папярэджанне хвароб; селекцыйна-генет. — прадугледжваюць вывядзенне сартоў, устойлівых да захворванняў; знішчальныя (хім., фіз., мех., біял. і інш.).