родавая назва найб. важных цэнтр. органаў дзярж. кіравання, якія ўваходзяць у структуру ўрада. Упершыню створаны ў Зах. Еўропе ў 16—17 ст. У Расіі ўведзены ў 1802, у СССР — у 1946 (адпаведна і ў Беларусі), да гэтага — наркаматы. Кіраўнік М. (міністр) — звычайна дзеяч, што ўваходзіць у склад урада. У некат. краінах М. ствараюцца на аснове актаў вышэйшых заканад. органаў (напр., ЗША) ці кіраўніка дзяржавы (напр., у Францыі) або на аснове законаў (актаў) урада. Колькасць М., іх структура і размеркаванне кампетэнцыі паміж імі вызначаюцца кіраўніком урада або выканаўчай улады (прэм’ер-міністрам, у Рэспубліцы Беларусь — прэзідэнтам). Для выканання ўскладзеных на іх задач М. надзяляюцца паўнамоцтвамі дзярж.-ўладнага характару і маюць права выдаваць юрыд. акты, абавязковыя для выканання падведамнымі арг-цыямі. Унутраная структура М. разнастайная (нават у межах адной краіны) і залежыць ад памераў М., аб’ёму і характару яго дзейнасці. М. маюць цэнтр. апарат, часам таксама рэгіянальныя і мясц. органы. Пры М. існуюць розныя дапаможныя органы. У М. Рэспублікі Беларусь утвараецца калегія ў складзе міністра (старшыні, які назначаецца Прэзідэнтам), яго намеснікаў, інш. кіраўнікоў. Члены калегіі зацвярджаюцца ўрадам. У 1999 у Рэспубліцы Беларусь існавалі М.: архітэктуры і будаўніцтва; унутраных спраў; жыллёва-камунальнай гаспадаркі; аховы здароўя; замежных спраў; культуры; лясной гаспадаркі; абароны; адукацыі; па кіраванні дзярж. маёмасцю і прыватызацыі; па надзвычайных сітуацыях; прадпрымальніцтва і інвестыцый; прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя; прамысловасці; сувязі; сельскай гаспадаркі і харчавання; сац. абароны, спорту і турызму; статыстыкі і аналізу; паліва і энергетыкі; гандлю; транспарту і камунікацый; працы; фінансаў; эканомікі; юстыцыі. Гл. таксама Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ КНІ́ЖНАЯ ПАЛА́ТА БЕЛАРУ́СІ,
навуковы цэнтр нац. бібліяграфіі, статыстыкі друку, аўтаматызаванай і цэнтралізаванай апрацоўкі дакументаў, галіновай службы стандартызацыі і навук.-тэхн. інфармацыі ў галіне выдавецкай справы, паліграфічнай прам-сці і кніжнага гандлю. Засн. 15.9.1922 у Мінску пры Бел.дзярж. і універсітэцкай б-цы як Бел. кніжная палата, з 1977 самастойная ўстанова ў сістэме Дзяржкамдруку Беларусі, да 1992 наз.Дзярж. кніжная палата Беларусі. Атрымлівае і захоўвае абавязковы бясплатны кантрольны экзэмпляр усіх выданняў рэспублікі (штогод каля 50 тыс.экз. кніг, брашур, перыяд. выданняў, аўтарэфератаў, дысертацый, плакатаў, нот, афіш, картаў, атласаў, паштовак і інш.), які пасля бібліягр. апрацоўкі захоўваецца ў Архіве друку (4,3 млн. адзінак; 1999). Інфармуе аб гэтых выданнях праз дзярж.бібліягр. паказальнікі, аб’яднаныя пад агульнай назвай «Летапіс друку Беларусі» (выходзіць з 1924); у 1995 падзелены на 4 самастойныя выданні. «Кніжны летапіс» (з 1924); «Летапіс часопісных артыкулаў» (з 1934); «Летапіс газетных артыкулаў» (з 1937); «Летапіс перыядычных выданняў і выданняў, якія працягваюцца» (з 1925). Рыхтуе і выдае штогоднікі: «Друк Беларусі» (з 1976), «Паказальнік бібліяграфічных дапаможнікаў Беларусі» (з 1978), «Кнігі Беларусі» (з 1984), рэтраспектыўныя паказальнікі, у т. л. «Музычная літаратура БССР» (1963—77), «Мастацкая літаратура народаў СССР у перакладзе на беларускую мову» (1967—97), «Летапіс часопісных артыкулаў, 1928—1933 гг.» (ч. 1—2, 1992) і інш. Ажыццяўляе работу па статыстыцы друку, распрацоўвае дзярж. і галіновыя стандарты па выдавецкай дзейнасці, паліграф. прам-сці. Выконвае функцыі нац. цэнтра па стандартнай нумарацыі кніг і брашур (ISBN). Прысвойвае ідэнтыфікатары выд-вам, прыватным выдаўцам, якія маюць выдавецкія правы (ліцэнзіі). Супрацоўнічае з ЮНЕСКА, Міжнар. агенцтвам ISBN і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНКАРА́ (Ankara),
Ангора, горад, сталіца Турцыі і адм. ц. аднайменнага іля. 2,56 млн.ж. (з прыгарадамі каля 3,2 млн.; 1990). На выш. 848 м у катлавіне Анаталійскага пласкагор’я ў месцы зліцця рэк Чубук і Анкара. Адзін з важнейшых прамысл. і гандл. цэнтраў краіны. Блізкасць Анкары да металург. базы (з-д у г. Карабюк), каменнавугальнага бас. Зангулдак і крыніц с.-г. сыравіны спрыяе развіццю разнастайнай прам-сці: металаапр., маш.-буд. (авіяц., электратэхн., трактаразборачны і інш. з-ды), хім., цэментнай, шыннай, харчасмакавай, паліграфічнай. Рамесная вытв-сць — вырабы з воўны ангорскіх коз (тыфтык), ткацтва дываноў і інш. Чыгункі і аўтатрасы звязваюць Анкару з асн.прамысл. цэнтрамі і партамі краіны, праз міжнар. аэрапорт — з многімі краінамі свету.
Засн. ў 7 ст. да н.э. фрыгійскім царом Мідасам. Уваходзіла ў Рымскую імперыю, Візантыю, з 14 ст. ў Асманскую імперыю. У стараж. і сярэднія вякі — важны цэнтр караваннага гандлю ў Анатоліі. Каля горада адбылася Анкарская бітва 1402. Анкара — цэнтр нац.-вызв. руху 1918—22, рэзідэнцыя Прадстаўнічага к-та, з 23.4.1920 — Вял.нац. сходу Турцыі і створанага ім урада. З 1923 сталіца Турцыі.
У Старым горадзе з вузкімі вулачкамі — храм Аўгуста і Ромы (засн. ў 2 ст. да н.э.), тэрмы (канец 2 ст. — пач. 3 ст.), калона Юліяна (4 ст.), сцены цытадэлі (эпоха Аўгуста), мячэці Алааддзіна (1178), Арслан-хана (1210, перабудавана ў 1330), крыты рынак Махмудпашы (паміж 1464 і 1471). У Новым горадзе (развіваецца з 1920) рэгулярная планіроўка, шматпавярховыя дамы, катэджы, комплекс мін-ваў і новага меджліса, маўзалей Атацюрка (1953, арх. Э.Анат, А.Арда, скульпт. З.Мюрыдаглу і інш). Помнік Атацюрку (1971, скульпт. Х.Гезер). 3 ун-ты, кансерваторыя, 6 дзярж. тэатраў. Археал. і этнагр. музеі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРУ́БА (Aruba),
уладанне Нідэрландаў на аднайм. востраве ў архіпелагу М. Антыльскіх а-воў у паўд. частцы Карыбскага м.Пл. 193 км², нас. 65 тыс.чал. (1993). Адм. ц. — г.Араньестад. У складзе насельніцтва пераважаюць негры і мулаты, жывуць таксама іспанцы, галандцы, кітайцы і інш.Афіц. мова нідэрландская, пашыраны мовы мясц. крэолаў (пап’ямента), ісп. і англійская. Пануючая рэлігія — каталіцызм. Нац. свята — Дзень сцяга Арубы (18 сак.).
Вулканічны востраў выш. 188 м, акружаны рыфамі, рэльеф узгорысты. Клімат субэкватарыяльны, сярэднямесячныя т-ры 26—28 °C, ападкаў 500—600 м за год. Працуюць прадпрыемствы па ачыстцы нафты, вырабе цыгарэт, спіртных (ром) і безалкагольных напіткаў, суднаверф. Сельская гаспадарка развіта слаба з-за малой урадлівасці глебаў і недахопу прэснай вады. Вырошчваюць алоэ, якое выкарыстоўваюць у касметычных і фармацэўтычных вырабах. Нязначная жывёлагадоўля. Развіта рыбалоўства. Турызм. Асн. частка прадуктаў харчавання імпартуецца. Даўж. аўтадарог каля 380 км. Гал. порт — Араньестад, побач міжнар. аэрапорт. Гандлёвыя партнёры — Венесуэла, ЗША Нідэрланды, Вялікабрытанія. Цесныя эканам. сувязі з федэрацыяй Нідэрландскіх Антыльскіх а-воў. Грашовая адзінка — арубскі гульдэн (фларын).
Задоўга да адкрыцця еўрапейцамі в-аў Аруба насялялі індзейцы, якія ўпрыгожылі пячоры малюнкамі, што па старажытнасці не саступаюць дагістарычным малюнкам у пячорах Альтаміры (Іспанія) і Ласко (Францыя). У 1499 Іспанія аб’явіла востраў сваім уладаннем. У 1634 захоплены галандцамі. Да пач. 19 ст. востраў неаднаразова мяняў дзярж. прыналежнасць, з 1816 уладанне Нідэрландаў. Да 1863 быў буйным цэнтрам гандлю рабамі ў Вест-Індыі. Да 1986 Аруба ўваходзіла ў склад федэрацыі Нідэрландскіх Антыльскіх а-воў. З 1.1.1986 мае статус тэр. Нідэрландаў з унутр. самакіраваннем. Асн.паліт. партыі — Выбарчы рух народа і Народная партыя Арубы; Федэрацыя прафсаюзаў в-ва Арубы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛУЧЭ́ННЕ ЗЯМЕ́ЛЬ БЕЛАРУ́СІ ДА РАСІ́ЙСКАЙ ІМПЕ́РЫІ.
Ажыццёўлена ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй у 1772, 1793 (без Аўстрыі) і 1795 (пра кожны падзел гл. асобны арт.). Расія набыла пераважна землі Беларусі, Левабярэжнай Украіны Правабярэжнай Украіны, Літвы пл. 41 млн.дзес. з 3,8 млн.чал.Бел. землі ў 1802 атрымалі ўстойлівы адм.-тэр. падзел: Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская губ. (пра кожную губ.гл. асобны арт.). Вышэйшую ўладу на месцах узначальвалі губернатары і ген.-губернатары. Калегіяльным органам пры губернатару было губернскае праўленне. Сістэма суд. органаў улады будавалася адпаведна Устанаўленню для кіравання губернямі 1775 з захаваннем саслоўнасці іх прадстаўніцтва. Паліт. правы паноў (памешчыкаў-прыгоннікаў) і шляхты размяжоўваліся і абмяжоўваліся. З 1772 праводзіўся разбор шляхты. З 1773 да выбараў на судовыя пасады дапускаліся толькі асобы, якія мелі больш за 20 прыгонных; пазней былі забаронены самавольныя шляхецкія сходы (ранейшыя сеймікі). Антырус. настроі шляхты прывялі да паўстання 1794. У ходзе рэвізіі 1772, 1782, 1795 і інш. былі запрыгонены катэгорыі раней вольных людзей (выбранцы, зямяне і інш.). У рэліг. палітыцы быў дэклараваны прынцып талерантнасці, захаваны ордэн езуітаў (скасаваны ў 1773 ва ўсім астатнім свеце), у 1782—83 створана Магілёўская рымска-каталіцкая архіепархія. Спробы ў 1780—82 і 1795 перавесці уніятаў у праваслаўе мелі толькі частковы поспех з-за непадрыхтаванасці і матэр. незабяспечанасці гэтай акцыі. Уніяты пераведзены ў праваслаўе у выніку Полацкага царкоўнага сабору 1839. У 1791 далучаныя тэрыторыі ўключаны ў мяжу яўр. аселасці; яўрэям забаранялася пакідаць гэтыя тэрыторыі для пасялення і гандлю ў глыбі Расіі. Паводле Тыльзіцкага міру 1807 у склад Рас. імперыі ўвайшла Беласточчына (у ліп. 1808 утворана Беластоцкая вобласць). Я.К.Анішчанка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ТЭР ((Luther) Марцін) (10.11.1483, г. Эйслебен, Германія — 18.2.1546),
нямецкі тэолаг, рэліг. рэфарматар, заснавальнік лютэранства. Пасля заканчэння Эрфурцкага ун-та (1505) уступіў у ордэн аўгусцінцаў, у 1507 пасвячоны ў святары. З 1508 праф. Вітэнбергскага ун-та, з 1512 доктар тэалогіі. Пратэстуючы супраць продажу індульгенцый, з 1517 выступіў з 95 тэзісамі, у якіх выкрываў карыслівую сутнасць гандлю «нябеснымі скарбамі». Папа Леў X у 1520 асудзіў тэзісы Л. ў буле, якую Л. публічна спаліў. Адначасова ён выдаў шэраг палемічных твораў («Да хрысціянскага дваранства нямецкай нацыі», «Вавілонская няволя», «Пра свабоду хрысціяніна»), якія ляглі ў аснову пратэстантызму. Канчаткова адлучаны ад царквы (1521) і асуджаны на выгнанне паводле Вормскага эдыкта 1521, Л. схаваўся ў замку саксонскага курфюрста Фрыдрыха Мудрага ў Вартбургу, дзе працаваў над перакладам на ням. мову Новага запавету і новымі палемічнымі творамі («Супраць злоўжывання святой імшой», «Пра шлюбы святароў і манахаў»). У 1522 Л. вярнуўся ў Вітэнберг і пачаў працу над перакладам Старога запавету. Ён рэзка выступіў супраць Сялянскай вайны 1524—26 і падтрымаў яе задушэнне. У 1530 на Аўгсбургскім рэйхстагу было прадстаўлена складзенае Л. і адрэдагаванае Ф.Меланхтанам «Аўгсбургскае спавяданне», якое афіц. фармулявала асн. палажэнні лютэранства. Найважнейшай працай Л. стаў таксама ням. пераклад Бібліі (скончаны ў 1542), у якім замацаваны нормы агульнанямецкай нац. мовы.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. произв. СПб., 1994;
Лекции по «Посланию к римлянам». Мн., 1996;
Лекции по «Посланию к Галатам». Мн., 1997.
Літ.:
Соловьев Э.Ю. Непобежденный еретик: Мартин Лютер и его время. М., 1984;
Порозовская Б. Мартин Лютер, его жизнь и реформаторская деятельность. СПб., 1994;
Эриксон Э.Г. Молодой Лютер: Психоаналит. ист. исслед.: Пер. с англ.М., 1996;
Мартин Лютер — реформатор, проповедник, педагог: [Сб.]. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВІЛЬЁН (франц. pavillon ад лац. papilio шацёр),
1) невялікая лёгкая пабудова, якая стаіць звычайна асобна ў парку; адзін з відаў архітэктуры малых формаў. Вядома са старажытнасці. Шматлікія храмавыя і палацавыя будынкі Усходу мелі характар П. У Зах. Еўропе (у 17—18 ст.) і Расіі (у 18 — пач. 19 ст.) П. стаў неад’емнай ч. палацава-паркавага ансамбля (П. на Ялагіным в-ве ў Пецярбургу, «Катальная горка» ў г. Ламаносаў Ленінградскай вобл. і інш.). На Беларусі П. пашыраны ў пейзажных парках 18—19 ст. (Залескі палацава-паркавы ансамбль, Столінская сядзіба «Манькавічы»), У сучасным садова-паркавым мастацтве П. гарманічна ўпісваецца ў ландшафт паркаў культуры і адпачынку (П. летняй кавярні ў Цэнтр. дзіцячым парку імя М.Горкага ў Мінску).
2) Частка вял. будынка (звычайна палацавага тыпу), часцей квадратная або шматвугольная ў плане, з самаст. дахам. Пашыраны ў архітэктуры стыляў класіцызму і ампір (П. Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, Сноўскага палацава-паркавага ансамбля).
3) Пастаянная ці часовая крытая пабудова аблегчанага тыпу для выставачнай экспазіцыі, гандлю і інш. Выставачныя П. вядомы з 19 ст., калі пачалі арганізоўваць буйныя міжнар. выстаўкі («Хрусталёвы палац» на Сусв. выстаўцы 1851 у Лондане; П выстаўкі 1896 у г. Ніжні Ноўгарад, Расія). У буд-ве сучасных выставачных П. выкарыстоўваюцца новыя буд. матэрыялы і канструкцыі, якія даюць магчымасць перакрываць вял. прастору залаў (П. Рэспубліканскага выставачнага цэнтра, Нацыянальнага выставачнага цэнтра «БелЭкспа» ў Мінску).
4) Тэатральная дэкарацыя на рамках, якая паказвае інтэр’ер дома, палаца, хаты, замка і інш. 5) Памяшканне кінастудыі для здымкі або гуказапісу (П. кіназдымачны).
В.Б.Ангелаў, Г.С.Ларкін.
Павільён «Катальная горка» ў г. Ламаносаў Ленінградскай вобл.Арх. А.Рынальдзі. 1762—74.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЗЕЛЬ (Basel),
горад на Пн Швейцарыі. Адм. ц. паўкантона Базель-Штат. 175,6 тыс.ж. (1994). Трансп. вузел. Порт на Рэйне і канале Рэйн—Рона (грузаабарот больш за 10 млн.т, каля 20% знешнегандлёвых грузаў Швейцарыі). Міжнар. аэрапорт. Важны гандл.-фінансавы цэнтр міжнар. значэння (знаходзіцца Банк міжнар. разлікаў). Хіміка-фармацэўтычная, машынабуд., эл.-тэхн., швейная, шаўковая, дрэваапр., паліграф., харч.прам-сць. Штогадовыя прамысл. кірмашы. Ун-т. Музеі: гіст., нар. мастацтва і этнаграфіі, ант. мастацтва, Кунстгале і інш.
Упершыню ўпамінаецца як рым. ўмацаванне ў 374. Да 13 ст. стаў значным цэнтрам рамёстваў і гандлю. У 14 ст. дамогся правоў імперскага горада. У 1431—39 тут праходзіў Усяленскі сабор каталіцкай царквы. У 1460 засн. старэйшы ў Швейцарыі ун-т. У 15—16 ст. адзін з цэнтраў Адраджэння і Рэфармацыі. Месца заключэння Базельскіх мірных дагавораў 1795. У 1869 і 1912 тут праходзілі кангрэсы 1-га і 2-га Інтэрнацыяналаў.
Рэйн падзяляе Базель на Вялікі (на левым, узвышаным, беразе, дзе знаходзяцца гіст. цэнтр, асн. помнікі архітэктуры, захаваліся тыповыя рысы стараж. гандлёва-рамесніцкага горада) і Малы (Новы горад на правым, нізінным, беразе з прамысл. зонай). Яны звязаны 5 мастамі і 3 паромнымі пераправамі. На Пн ад Базеля гавань Хюнінген з партовымі пабудовамі. Сярод помнікаў архітэктуры: раманска-гатычны сабор (закладзены ў 1019, будаваўся да 15 ст.), цэрквы: гатычныя Санкт-Марцін (1356—98), Санкт-Петэр (14 ст.), дамініканская прапаведніцкая (1356); неараманскія Санкт-Паўль (1898—1901), Санкт-Антоніус (1925—27) і інш.; ратуша з фрэскамі 16 ст. У 1962—63 пабудаваны комплекс Школы мастацтва і рамёстваў (арх. Г.Баўр). На Саборнай пл. дамы ў стылі барока, готыкі і класіцызму, шматлікія стараж. фантаны, у т. л. Фішмарктбрунен (14 ст.).
Да арт.Базель. Інтэр’ер царквы Санкт-Антоніус. 1925—27. Арх. К.Мозер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЦІСЛА́ВА (Bratislava),
горад, сталіца Славакіі. На З краіны, па берагах Дуная. Утварае асобную адм. адзінку. 446,8 тыс.ж. (1993). Вузел 6 чыгунак і аўтадарог. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл., навук. і культ. цэнтр краіны. Хім. і нафтахім., маш.-буд. (у т. л. эл.-тэхн., дакладнае прыладабудаванне), паліграф., тэкст., харчасмакавая (у т. л. вінаробчая), швейная, буд. матэрыялаў, папяровая, мэблевая прам-сць. Славацкая АН, 5 ВНУ, у т. л.ун-т імя Я.А.Каменскага (з 1919). Нац.тэатр.Нац. музей і нац. галерэя. Міжнар.муз. фестываль «Браціслаўская ліра».
Упершыню ўпамінаецца на пач. 10 ст. як адна з крэпасцей Вялікамараўскага княства. З 10 ст. да 1918 у складзе Венгрыі (наз. Пожань). Гар. правы атрымала ў 1291. З 1526 сталіца габсбургскай ч. Венгрыі (наз. Прэсбург). Да 1848 рэзідэнцыя венг. сейма. З 1919 у складзе Чэхаславацкай рэспублікі, гал. горад Славакіі. У 1939—45 і з 1969 сталіца Славакіі.
На ўзгорку над Дунаем — крэпасць Град (9—18 ст.). На ПнУ раёны Старога горада: рэшткі мураваных умацаванняў 13—15 ст., Старая ратуша (13—18 ст.; цяпер Гар. музей), гатычныя і барочныя саборы і цэрквы, палацы ў стылях барока і класіцызму. Грамадскія будынкі ў духу эклектызму (Славацкі нац.т-р, 1886), неакласіцызму і функцыяналізму. У 1950—60-я г. распрацаваны ген. план рэканструкцыі горада (арх. Д.Кедра і інш.), пабудаваны комплекс будынкаў Славацкай АН, будынкі Славацкай вышэйшай тэхн. школы (арх. М.Кусі), мін-ва знешняга гандлю, зімовы стадыён, мост Славацкага нац. паўстання (1966—73), новыя жылыя раёны (Ружынаў, Петржалька, Красняны, Ружова-Даліна, Карлава-Вес і інш.). Помнікі: воінам Сав. Арміі на ўзгорку Славін (1950—60-я г., скульпт. Я.Куліх, І.Костка і інш.), Славацкаму нац. паўстанню (1974) і інш.
Горад Браціслава.Мост цераз Дунай у Браціславе.Да арт.Браціслава. Замак. 9—18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся ў Мінску 5—16.2.1929. Прысутнічала 356 дэлегатаў з рашаючым і 222 з дарадчым голасам ад 41 207 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздача ЦККП(б)Б (Я.Б.Гамарнік); даклад Рэвіз. камісіі КП(б)Б (Я.М.Кроль); справаздача ЦКККП(б)Б (А.Я.Калнін); даклад аб пяцігадовым плане развіцця нар. гаспадаркі і культуры БССР 1928/29—1932/33 (М.М.Галадзед); аб вярбоўцы рабочых у партыю і чыстцы КП(б)Б (І.А.Васілевіч); аб рабоце прафсаюзаў (І.П.Рыжоў); выбары кіруючых органаў КП(б)Б.
Гал. ідэя, што вызначыла ход з’езда і яго пастановы, — ідэя абвастрэння класавай барацьбы. Ставіліся задачы ўсямернага і няўхільнага павышэння ўдзельнай вагі прам-сці, асабліва буйной, калектывізацыі сельскай гаспадаркі з прыярытэтам калгаснай і саўгаснай формаў. Гал. разлік рабіўся на адм. пры мусовыя меры ў спалучэнні з маральнымі стымуламі, на энтузіязм, сацыяліст. спаборніцтвы і паліт. выхаванне. Курс на адзяржаўленне вытв-сці і размеркавання, выцяснення прыватнага капіталу з вытв-сці, фінансаў, гандлю, які выразна выявіўся ў 1926—27, набыў у рашэннях з’езда завершанае афармленне. Указвалася на неабходнасць павышэння тэмпаў ліквідацыі непісьменнасці, пашырэння сеткі школ, падрыхтоўкі маладых навук. сіл, якія выйшлі з пралет. асяроддзя. З’езд патрабаваў узмацніць барацьбу з праявамі шавінізму, нацыянал-дэмакратызму, нацыянал-ухілізму ў розных формах, што прыкрывала змену курсу ўсёй нац. палітыкі. Для БССР гэта азначала адмаўленне ад палітыкі беларусізацыі, якая праводзілася ў 1920-я гады. З’езд выбраў ЦККП(б)Б з 77 чл. і 57 канд., ЦКК з 76 чал., Цэнтр.рэвіз. камісію з 7 чал.
Літ.:
Стэнаграфічная справаздача XII з’езда КП(б)Б (5—14 лют. 1929 г.). Мн., 1929;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦКТ. 2. 1928—1932. Мн., 1984.