геалагічнае ўтварэнне над каналамі і трэшчынамі ў зямной кары, якое ўзнікае ў выніку вывяржэння з глыбінных магматычных ачагоў на паверхню Зямлі лаў і вулканакластычнага матэрыялу. На Зямлі вядома больш за 13 тыс. вулканаў, з іх каля 950 дзеючых. Дзеючыя вулканы тыя, што вывяргаліся або выдзялялі гарачыя газы і ваду праз сальфатары за апошнія 3,5 тыс. гадоў; да заснулых (патэнцыяльна дзеючых) адносяць тыя, што вывяргаліся 3,5—13 тыс. гадоў назад. Умоўна патухлымі лічаць вулканы, якія не праяўлялі актыўнасці на працягу апошніх 13—100 тыс. гадоў, але захавалі вонкавыя формы (напр., вулкан Макензі на найб. вулканічным масіве Кіліманджара ў Афрыцы). Вывучае вулканы вулканалогія.
Вывяржэнне вулкана адбываецца, верагодна, пад уздзеяннем гідрастатычных сіл пры пад’ёме магмы праз астэнасферу і літасферу і бурнага выдзялення газаў пры дасягненні магматычнымі расплавамі верхніх гарызонтаў зямной кары.
Прадукты вывяржэння вулкана — вулканічныя газы, вулканічны попел, вулканічныя бомбы, лава, шлакі і інш., з якіх утвараюцца вулканічныя горныя пароды, у залежнасці ад сілы ўзрыву ўзнімаюцца на выш. 1000—5000 м, зрэдку да 45 000 м і разносяцца на дзесяткі тысяч кіламетраў, лававыя патокі распасціраюцца па схілах і каля падножжа вулкана да 1000—5000 м, рэдка болей. Вулканы пашыраны на кантынентах і ў акіянах, яны выносяць на паверхню Зямлі за год каля 3—6 млрд.т вулканічнага матэрыялу (80% падводныя, 20% наземныя). Найб. інтэнсіўны вынас уздоўж рыфтаў сярэдзінна-акіянскіх хрыбтоў. Каля 75% усіх актыўных вулканаў знаходзіцца ў пераходных зонах ад кантынентаў да акіянаў (у межах астраўных дуг). У размеркаванні вулканаў на Зямлі існуе прамая залежнасць іх колькасці ад тэктанічнай актыўнасці рэгіёнаў. Найб. вышыні дасягаюць вулканы ў акіяне — 9000 м, на астраўных дугах — 6000 м, у гарах — 3000 м. Большасць наземных вулканаў — асобныя конусападобныя горы (вулканічныя конусы) з кратэрам на вяршыні. Самыя вялікія кантынентальныя вулканы вядомы ў Афрыцы, у зоне Усходне-Афрыканскай рыфтавай сістэмы. Паводле формы падводнага канала вулканы падзяляюцца на цэнтральныя (з трубчастым жаралом) і трэшчынныя. У залежнасці ад глыбіні мантыйнага ачага адрозніваюць вулканы мантыйнага (30—70 км і глыбей, вывяргаюць базальтавыя лавы), коравага (5—45 км, пераважна андэзітавыя, дацытавыя і ліпарытавыя лавы) і змешанага (лавы ўсіх тыпаў) жыўлення. У акіянах вядомы вулканы толькі мантыйнага жыўлення (Кілаўэа і інш.), на астраўных дугах і кантынентальных платформах — усіх тыпаў жыўлення (Ключаўская Сопка, Везувій і інш.), у горных сістэмах — толькі коравага (Эльбрус, Ласен-Пік у Паўн. Амерыцы і інш.).
Вывяржэнні вулканаў бываюць працяглымі (ад некалькіх гадоў да стагоддзяў) і кароткачасовымі (некалькі гадзін). Ім папярэднічаюць вулканічныя землетрасенні, акустычныя з’явы, змяненні магнітнага поля Зямлі і саставу фумарольных газаў (гл.Фумаролы), па якіх магчымы прагноз пачатку вывяржэння. Вывяржэнне вулкана — грозная з’ява прыроды, якая можа прыводзіць да гібелі паселішчаў пад слоем попелу і лавы (Пампеі і інш. гарады пры вывяржэнні Везувія ў 79 г.н.э.) або цэлых культур (мяркуюць, што пры вывяржэнні вулкана Сантарын у 1400 г. да н.э. загінула мінойская культура). Падводныя вывяржэнні мала вывучаны. У наземных вулканах вылучаюць 4 гал. тыпы. Гавайскі тып вывяржэння (ад вулкана Кілаўэа ў Гавайскім архіпелагу) характарызуецца адносна спакойным выліваннем вадкай (базальтавай) лавы і ўтварэннем шчытападобных вулканаў. Стромбаліянскі тып (ад вулкана Стромбалі на Ліпарскіх а-вах у Міжземным м.) звычайна стварае стратавулканы, дзе пераважаюць невялікія выбухі з выкідамі кавалкаў шлаку і вулканічных бомбаў і выліваецца шмат вадкіх (базальтавых і андэзітабазальтавых) лаў. Купальнаму тыпу ўласціва выцісканне і выштурхоўванне вязкай (андэзітавай, дацытавай або рыялітавай) лавы і ўтварэнне купалоў (напр., Цэнтр. Сямячык на Камчатцы), крыптакупалоў (напр., Сёва-Сіндзан у Японіі) і абеліскаў (Шывелуч на Камчатцы). Вульканскі тып вывяржэння (ад вулкана Вулькана на Ліпарскіх а-вах) вылучаецца вял. вывяржэннем газаў, што выклікае выбухі і выкіды вялізных хмар, перапоўненых абломкамі горных парод, лаў і вулканічным попелам; вязкія лавы (андэзітавыя, дацытавыя або рыялітавыя) ствараюць конусападобныя вулканы. Пры моцных выбухах разбураецца вулканічны конус або яго частка, утвараецца кальдэра.
На тэр. Беларусі вывяржэнні вулканаў адбываліся ў вендзе (600—650 млн. гадоў назад) у Падляска-Брэсцкай упадзіне і ў дэвоне (330—350 млн. гадоў назад) у Прыпяцкім прагіне. У вендзе пераважалі трэшчынныя вывяржэнні ў кантынентальных умовах, утварыліся вялізныя вулканічныя покрывы (трапавыя плато) з базальтаў, туфаў і інш. парод. Дэвонскі вулканізм адбываўся ў падводных умовах, пераважалі вулканы цэнтральнага тыпу, вывяргаліся лавы шчолачнага саставу (трахіты, нефелініты і іх туфы).
Літ.:
Апродов В.А. Вулканы. М., 1982.
Г.У.Зінавенка.
Да арт.Вулкан. Выкіды вулканічнага попелу пры вывяржэнні.Да арт.Вулкан. Развіццё вулкана Сантарын: 1 — 1500 да н.э.; 2 — пасля выбуху ў час вывяржэння ў 1400 да н.э.; 3 — 1939.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАДЗЕ́ЧНА,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Маладзечанскага р-на Мінскай вобл., на р. Уша. За 73 км ад Мінска. Вузел чыг. ліній на Мінск (электрыфікаваная), Полацк, Вільню. Аўтадарогамі злучаны з Мінскам, Вільняй, Мядзелам, Валожынам. 98 тыс.ж. (1998).
Упершыню ўпамінаецца 16.12.1388. З 1413 у Віленскім ваяв.ВКЛ. У 15 ст. пабудаваны Маладзечанскі замак. Належаў Заслаўскім, Мсціслаўскім, Сангушкам, Рагозам, Радзівілам, Агінскім, Тышкевічам. У 16 ст. неаднаразова спустошаны ў час войнаў Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ (у 1511, 1519, 1533) і Лівонскай вайны 1558—83 (у 1567). Да 17 ст. горад меў каля 3 тыс.ж., уваходзіў у лік 20 буйнейшых гарадоў Беларусі. У 1708 у Паўн. вайну 1700—21 захоплены шведскімі войскамі. У 1757 атрымаў прывілей на гандаль. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Вілейскага пав. Мінскай, з 1842 — Віленскай губ. У вайну 1812 адбыўся Маладзечанскі бой 1812. З 1860 працавала Маладзечанская прагімназія. У 1864 адкрыта Маладзечанская настаўніцкая семінарыя. У 1873 праз М. пракладзена Лібава-Роменская чыгунка. У 1886 было 648 ж., 85 двароў, 3 царквы, паштовая станцыя, піваварня, 18 крам, штотыднёвыя кірмашы. У пач. 20 ст. ў М. 2393 ж., 6 прадпрыемстваў. У 1-ю сусв. вайну ў прыфрантавой паласе. З 18 лют. да 18 снеж. 1918 акупіраваны герм., з ліп. 1919 да ліп. 1920 — польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Вілейскага пав. Віленскага ваяв., з 1927 цэнтр Маладзечанскага павета. У 1929 атрымаў статус горада, створаны магістрат. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Маладзечанскага раёна Вілейскай вобл. У Вял.Айч. вайну 25.6.1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў М. і раёне загубілі 34 718 чал., стварылі Маладзечанскі лагер смерці; дзейнічала Маладзечанская дыверсійна-разведвальная група. Вызвалена 5 ліп. ў ходзе Вільнюскай аперацыі 1944. З 1944 цэнтр Маладзечанскай вобласці. У 1947—55 працаваў настаўніцкі ін-т. З 1960 у Мінскай вобл. У 1972—56,1 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. (Маладзечанскі станкабудаўнічы завод, Маладзечанскае вытворчае аб’яднанне«Электрамодуль», радыёзавод, з-ды металаканструкцый, металавырабаў, парашковай металургіі), лёгкай (швейная і мужчынскага абутку ф-кі), харч. (мяса-, хлеба- і плодакансервавы камбінаты, малочны з-д, піўзавод, кандытарская ф-ка), буд. матэрыялаў, дрэваапр. (Маладзечанская мэблевая фабрыка) прам-сці. Маладзечанская фабрыка музычных інструментаў. Мінскі абласны краязнаўчы музей. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан, парт. і сав. работнікаў, магіла ахвяр фашызму.
У 19 ст. ў М. былі 4 вуліцы, якія разыходзіліся крыжападобна. Хуткі рост М. пачаўся ў сувязі з буд-вам Лібава-Роменскай чыгункі (1873). У 1907 пабудаваны мураваны чыг. вакзал. Генпланы М. распрацаваны ў 1949, 1965 і 1983. Горад развіваецца ў паўд. і ўсх. напрамках. Сетка вуліц прамавугольная. Чыгункі падзяляюць горад на 4 планіровачныя раёны: зах. (канцэнтрацыя прамысл. прадпрыемстваў), паўн. (індывід. жылая забудова), усх. (прамысл. раён; старая ч. горада з пл. Свабоды, б. гандлёвая, дзе захаваўся помнік архітэктуры — Маладзечанская Пакроўская царква), паўд. (зона шматпавярховай капітальнай жылой забудовы, грамадскі цэнтр). Гал. магістралі — праспект Леніна, вуліцы Прытыцкага, Савецкая, Валынца, Я.Купалы (у 1980-я г. ўзбоч яе пабудаваны мікрараён Шырокая Дуброва), М.Горкага (часткова захаваўся помнік архітэктуры 18 ст. — будынак б. Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, раней манастыр антытрынітарыяў), Жданава. На скрыжаванні вуліц Прытыцкага і Савецкай утворана пл. Леніна. Цэнтр.ч. горада забудавана 2—9-павярховымі дамамі. Вышынныя дамінанты размешчаны групамі на больш высокіх адзнаках рэльефу, што стварае выразны сілуэт забудовы. Праектам дэталёвай планіроўкі цэнтра 1986 прадугледжана яго развіццё ў паўн.-зах. напрамку, стварэнне пешаходнай зоны на вул. Прытыцкага з паслядоўным чляненнем яе на 4 планіровачныя комплексы рознага функцыян. прызначэння; азеляненне, стварэнне спарт. і расшырэнне паркавай зон. У М. — помнік у гонар перамогі рус. войск у вайну 1812, ахвярам фашызму на тэр.б. лагера смерці, мемар. комплекс у гонар вызваліцеляў.
У пач. 19 ст. ў шляхецкім павятовым вучылішчы па ініцыятыве Т.Зана і Л.Ходзькі створаны школьны т-р. Ставіліся камедыі Зана «Сталасць у сяброўстве», «Грэцкія піражкі» і інш., наладжваліся тэатралізаваныя імправізаваныя «школьныя гульні». Спектаклі адбываліся і ў прагімназіі. У канцы 1870—1911 дзейнічаў школьны т-р у настаўніцкай семінарыі, у якім ставіліся п’есы А.Астроўскага, М.Гогаля, А.Чэхава. У 1913—14 у М., верагодна, выступала Першая бел. трупа І.Буйніцкага. У канцы 1910-х — 1930-я г. дзейнічалі аматарскія драм. гурткі пад кіраўніцтвам Я.Давідовіча, К.Бубена, П.Мятлы, А.Капуцкага і інш. Ставіліся п’есы «Паўлінка» Я.Купалы, «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча, «Кветкі шчасця» Ф.Аляхновіча, «Модны шляхцюк» К.Каганца. Адбываліся паказы батлейкі М.Капуцкага і А.Буські. З канца 1940-х г. працавалі самадзейныя драм. гурткі ў школах, на прадпрыемствах. У 1968 арганізаваны дзіцячы лялечны т-р (з 1973 Маладзечанскі ўзорны т-р лялек). З 1991 у М. працуе Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка», з 1993 — Мінскі абласны драматычны тэатр.
Муз. жыццё горада сканцэнтравана пераважна вакол Маладзечанскага музычнага вучылішча. У М. працуюць Маладзечанскі гарадскі сімфанічны аркестр, Мінскі абласны камерны хор «Санорус», шматлікія калектывы муз. і маст. самадзейнасці, многія з якіх маюць званні народных і ўзорных; праводзяцца традыцыйны Маладзечанскі фестываль беларускай песні і паэзіі, рэсп.тэатр. фестываль «Маладзечанская сакавіца».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСО́ЎСКІ (Мікола) (1470-я г. — пасля 1533),
паэт-гуманіст, прадстаўнік новалацінскай паэзіі эпохі Адраджэння ў ВКЛ. Нарадзіўся, найб.верагодна, у в. Уса (Усава) цэнтр. Беларусі, у сям’і лоўчага (паляўнічага). Добра ведаў прыроду, жыццё простага чалавека, звычкі жыхароў бел. пушчаў. У сталыя гады жыў пераважна ў Польшчы, служыў пры двары свайго мецэната, плоцкага біскупа Эразма Вітэлія (Цёлка), які ў 1492—99 працаваў сакратаром велікакняжацкай канцылярыі ў Вільні. Як сведчыць нядаўна выяўлены ў Варшаве тастамент С.Гальшанскай, складзены ў 1518 у Воўпе пад Ваўкавыскам і засведчаны Гусоўскім, ён у той час меў духоўны сан (называў сябе клерыкам Перамышленскай епархіі) і часам выконваў абавязкі публічнага натарыуса. У 1520—22 у складзе пасольства ВКЛ і Каралеўства Польскага да папы Льва Х пабываў у Рыме. Там напісаў на лац. мове паэму «Carmen de statura, feritate ac venatione bisontis» («Песня пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго») і шэраг вершаў (выд. ў зб. «Песня пра зубра», Кракаў, 1523). Вярнуўшыся ў Польшчу, напісаў і апублікаваў у Кракаве паэмы «Новая і слаўная перамога над туркамі» (1524) і «Жыццё і подзвігі св. Гіяцынта» (1525). Апошнія гады жыцця паэта прайшлі ў нястачы, хваробах, пошуках мецэнатаў і сталага заробку. Неапубл. творы не захаваліся.
Гусоўскі — заснавальнік лацінамоўнай рэнесансавай паэзіі Беларусі і Літвы. Быў таленавітай высокаадукаванай асобаю, выхаванай на лепшых нац. і агульнахрысц. культ. традыцыях, шчырым патрыётам сваёй Радзімы. Дасведчанасць у ант. і еўрап. сярэдневяковай л-ры, выдатнае валоданне латынню сведчаць, што паэт набыў веды ў адным з тагачасных ун-таў. Пад уплывам Эразма Вітэлія, які вылучаўся шырокімі культ. інтарэсамі і гуманіст. поглядамі, агульнай атмасферай рэнесансавай Еўропы паэт канчаткова сфарміраваўся як творчая асоба. Першыя яго літ. спробы з’явіліся, напэўна, яшчэ ў дарымскі перыяд творчасці.
У літ. спадчыне Гусоўскага самы значны і яркі твор — «Песня пра зубра», першая рэаліст. ліра-эпічная паэма пра нашу краіну. Адрасаваная найперш еўрап. лацінамоўнаму чытачу, яна стала ўзнёслай патрыят. песняй паэта пра сваю Бацькаўшчыну і свой народ. Гэты адносна невял. твор (1074 радкі гекзаметра), заснаваны на асабістых назіраннях, уражаннях і перажываннях аўтара, вылучаецца арыгінальнасцю і самабытнасцю, першароднай свежасцю вобразаў і малюнкаў, цеснай сувяззю з тагачаснай бел. рэчаіснасцю. З вял.маст. сілаю, пачуццём гонару і шчымлівай любоўю апісаў паэт спрадвечнае хараство і багацце прыроды роднага краю (называе яго Літвою), праўдзіва падаў ратныя і працоўныя справы свайго народа, яго заняткі, норавы і звычаі, уславіў яго гераічную мінуўшчыну. Амаль палавіну твора займаюць апісанні вонкавага выгляду, звычак, жыцця зубра. Сцэны палявання поўныя напружанасці і драматызму, выпісаны з вял. майстэрствам, эмацыянальна і маляўніча, так рэалістычна і дакладна, што могуць служыць своеасаблівым вершаваным падручнікам для паляўнічых. Паэт захапляецца сілай і высакародствам зубра, з асаблівай цеплынёю і спачуваннем расказвае пра паводзіны цяжка параненага звера. Вобраз зубра для Гусоўскага — сімвал Бацькаўшчыны. Настальгічныя ўспаміны аб роднай зямлі, якую ён хацеў бачыць шчаслівай, свабоднай і незалежнай, глыбокія перажыванні за яе будучыню, гераічны дух продкаў былі жыватворнай крыніцай яго паэт. натхнення. З горыччу піша ён пра цяжкае становішча свайго народа з прычыны бесперапынных войнаў і сац. прыгнёту, асуджае эгаістычную, антынар. палітыку ўладароў, няздольных арганізаваць абарону краіны ад знешніх ворагаў, заклікае хрысціянскія народы Еўропы да яднання перад турэцкай пагрозаю. У эпічных традыцыях Гусоўскі стварыў велічны вобраз вял.кн. Вітаўта як магутнага і справядлівага валадара, таленавітага палкаводца і мужнага воіна, сапраўднага патрыёта сваёй дзяржавы, які клапаціўся пра чысціню нораваў людзей, высокі маральны дух і баяздольнасць воінаў, які ўсе сілы аддаваў умацаванню магутнасці, незалежнасці і высокага міжнар. аўтарытэту сваёй краіны. У паэме выявіўся рэнесансавы эстэт. ідэал паэта з яго верай у дзейнага, гарманічна развітога, духоўна і фізічна дасканалага, гістарычна і нацыянальна свядомага чалавека. Гэтыя ідэі Гусоўскага аб патрыят. служэнні свайму народу і Бацькаўшчыне, аб дасканалым чалавеку і грамадстве, яго клопат аб развіцці культуры ў краіне пераклікаюцца з ідэямі Ф.Скарыны і паслужылі ідэалагічнай асновай першага бел. Адраджэння. У празаічнай прадмове, звернутай да каралевы Боны, паэт асабліва падкрэслівае непасрэдную сувязь магутнасці дзяржавы са станам навукі, л-ры і мастацтваў, з духоўным абліччам яе грамадзян. «Песня пра зубра» — каштоўная крыніца для вывучэння біяграфіі аўтара, яго поглядаў і творчых прынцыпаў, для пазнання эпохі, у якую ён жыў, этнаграфіі, асаблівасцей духоўнага жыцця і побыту нашых продкаў, прыроды і гісторыі Беларусі позняга сярэдневякоўя і ранняга Адраджэння. Ідэі хрысц. гуманізму гучаць у інш. вершаваных творах Гусоўскага, прысвечаных розным актуальным тэмам, праблемам і падзеям свайго часу. Паэта глыбока хвалявалі сац. няроўнасць і неспакой у грамадстве, падзенне нораваў і аслабленне веры ў Бога, а таксама небяспека хрысц. царкве, што зыходзіла ад рэфармацыі, якая пачалася ў Еўропе. У гэтым ключы напісана паэма «Жыццё і подзвігі св. Гіяцынта». У творы ў сярэдневяковых агіяграфічных традыцыях выведзены вобраз польск. місіянера 13 ст., які вандраваў па землях Польшчы, Літвы і Русі, паказваючы ўласным прыкладам жыцця, паводзін і ўчынкаў узор самаахвярнага служэння царкве і людзям у духу хрысціянскіх ідэалаў. Асобныя творы Гусоўскага перакладзены на польскую (Я.Каспровіч), літ. (Б.Казлаўскас), рус. (Я.Парэцкі) і інш. мовы. На бел. мову іх перакладалі Я.Семяжон, У.Шатон, Н.Арсеннева. Да творчасці Гусоўскага звярталіся бел. мастакі Э.Агуновіч, У.Басалыга, А.Кашкурэвіч, Я.Кулік, М.Купава, А.Марачкін, М.Селяшчук і інш., драматургі (А.Петрашкевіч), кінематаграфісты. Імем Гусоўскага названа вуліца ў Мінску.
Тв.:
Песня пра зубра. Мн., 1973;
Песня пра зубра. Мн., 1980;
Песьня пра зубра. Мн., 1994.
Літ.:
Конон В.М. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;
Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы. Первая половина XVI в. Мн., 1979;
Порецкий Я.И. Николай Гусовский. Мн., 1984;
Калеснік У.А. Мікола Гусоўскі // Гісторыя беларускай літаратуры: Старажыт. перыяд. 2 выд.Мн., 1996.
В.А.Чамярыцкі.
Да арт. М.Гусоўскі. Вокладка кнігі «Песня пра зубра». Кракаў. 1523.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНА-ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНЫ ПАДЗЕ́Л,
падзел тэрыторыі дзяржавы на часткі — адм.-тэр. адзінкі (губерні, акругі, землі, правінцыі, штаты, вобласці, раёны, дэпартаменты і інш.), на аснове якіх ствараюцца і дзейнічаюць органы дзярж.улады, кіравання і самакіравання. Асн. мэта — стварыць аптымальныя ўмовы для эфектыўнай арганізацыі і дзеяння ўсяго дзярж. механізма. Ажыццяўляецца з улікам прыроднагіст., эканам. і геагр. умоў, нац. асаблівасцяў, сац.-культ., паліт. і інш. фактараў.
У 9 ст. на тэр. Беларусі існавалі племянныя саюзы крывічоў (палачан), дрыгавічоў і радзімічаў. У 10—11 ст. склаліся Полацкая і Тураўская землі, якія захоўвалі пэўную самастойнасць пад уладай кіеўскіх князёў. Да сярэдзіны 12 ст. яны адасобіліся ў паўсамаст. дзярж. ўтварэнні — княствы. З Полацкай зямлі вылучыліся Віцебскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Лагожскае, Менскае і, магчыма, інш. ўдзельныя княствы; з Тураўскай — Пінскае і, верагодна, Клецкае і Слуцкае. Усх.ч. Беларусі з Мсціславам уваходзіла ў Смаленскае княства, паўд.-зах. з Берасцем і Кобрынам — у Галіцка-Валынскае, паўд.-ўсх. з Гомелем і Рэчыцай — у Чарнігаўскае. У Панямонні існавалі Ваўкавыскае, Гарадзенскае, Новагародскае і Слонімскае княствы, якія разам з племяннымі княствамі Літвы ў сярэдзіне 13 ст. ўтварылі ядро Вялікага княства Літоўскага. Да сярэдзіны 14 ст. ў ВКЛ увайшла ўся Беларусь, якая ў яго складзе падзялялася на судова-адм. акругі (землі, княствы, намесніцтвы), чые межы гістарычна склаліся ў мінулым. Полацкая і Віцебская землі з пач. 16 ст. называліся ваяводствамі. Каля 20 бел. княстваў і намесніцтваў (паветаў) уваходзілі ў Віленскае і Трокскае ваяв., утвораныя ў 1413; Мазырскі пав. да 1569 — у Кіеўскае ваяв. У выніку адм. рэформы 1565—66 тэр.ВКЛ была падзелена на 30 паветаў, з якіх 16 цалкам ці часткова знаходзіліся на Беларусі і ўваходзілі ў Берасцейскае, Віленскае, Віцебскае, Менскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Полацкае і Трокскае ваяв. У 1618—54 да Беларусі адносілася Смаленскае ваяв. са Старадубскім пав. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) на далучаных да Рас. імперыі бел. землях утвораны Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы (у 1796 аб’яднаны ў Беларускую губ.), пасля 2-га падзелу (1793) — Мінская губ., пасля 3-га падзелу (1795) — Слонімская і Віленская губ. (у 1797 аб’яднаны ў Літоўскую губ.). У 1802—1917 на Беларусі існавалі 5 губерняў: Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская. Яны падзяляліся на паветы, колькасць якіх мянялася; з 1861 паветы падзяляліся на воласці. У 1917 не занятыя герм. войскамі бел. губерні і паветы аб’яднаны ў Заходнюю вобласць з цэнтрам у Мінску. У сак. 1918 у сувязі з прасоўваннем герм. войск да яе далучана Смаленская губ., цэнтр перанесены ў Смаленск.
25.3.1918 абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), у склад якой павінны былі ўвайсці б. Гродзенская, Магілёўская, Мінская губ. і паветы Віленскай, Віцебскай, Смаленскай, Чарнігаўскай губ., населеныя пераважна беларусамі. Фактычна Рада БНР дзейнічала толькі на тэр. Беларусі, занятай герм. войскамі, за выключэннем паўд. часткі, часова ўключанай у склад Украіны. 1.1.1919 у Смаленску абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка ў межах, якія амаль супадалі з пракламаванымі межамі БНР. Аднак ва ўмовах польскага наступлення ў лют. 1919 Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. ўключаны ў склад РСФСР (пры гэтым Магілёўская губ. пераўтворана ў Гомельскую), незанятая палякамі астатняя частка БССР — у склад Літ.-Бел. Сав.Сацыяліст. Рэспублікі, якая пасля ўступлення польскіх войскаў у Мінск у жн. 1919 фактычна спыніла існаванне. У выніку контрнаступлення Чырв. Арміі 31.7.1920 БССР была адноўлена пад назвай Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь, але без усх.ч., якая засталася ў складзе РСФСР. Паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 да Польшчы адышла і зах.ч. Беларусі (гл.Заходняя Беларусь). У складзе БССР засталіся толькі Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі і Слуцкі пав.б. Мінскай губ. У такіх межах 30.12.1922 БССР увайшла ў склад СССР. У сак. 1924 да БССР далучаны ч. Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губ. (1-е ўзбуйненне). 17.7.1924 у БССР уведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на 10 акруг, 100 раёнаў, 1202 сельсаветы. У час 2-га ўзбуйнення (снеж. 1924) да БССР далучаны Рэчыцкая і Гомельская акругі (б. паветы) з 18 раёнамі, пасля ўзгадненняў у 1927 усх. граніца набыла сучасны выгляд. Планаванае на пач. 1930-х г. 3-е ўзбуйненне не адбылося. Да 1930 акругі ў БССР скасаваны, захаваўся падзел на 90 раёнаў. У 1935 адноўлены 4 акругі на граніцы з Польшчай (Лепельская, Мазырская, Полацкая і Слуцкая). У студз.—лют. 1938 утвораны 5 абласцей: Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Мінская, Палеская. У вер. 1939 да БССР далучана Зах. Беларусь, якая з 1921 у складзе Польшчы падзялялася на Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяв. з 26 паветамі, што падзяляліся на гміны. На тэр.б.Зах. Беларусі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская (101 раён); Віленскі край у кастр. 1939 перададзены Літве. Ёй жа ў ліст. 1940 перададзена тэр. Гайдуцішскага, Парэцкага і Свянцянскага р-наў. У час ням.-фаш. акупацыі 1941—44 зах.ч. Беларусі (акруга Беласток) далучана да Усх. Прусіі, паўд. раёны — да рэйхскамісарыята «Украіна»; усх.ч. ўваходзіла ў зону армейскага тылу. Астатнія тэр. Беларусі (каля 1/3) утварылі генеральную акругу Беларусь у складзе рэйхскамісарыята «Остланд». Пасля вызвалення Беларусі ў вер. 1944 20 яе раёнаў і г. Беласток перададзены Польшчы, Беластоцкая вобл. скасавана, Вілейская вобл. перайменавана ў Маладзечанскую, утвораны Бабруйская, Гродзенская і Полацкая вобл. У студз. 1954 скасаваны Бабруйская, Баранавіцкая, Палеская, Пінская і Полацкая вобл., у студз. 1960 — Маладзечанская вобл. Колькасць раёнаў неаднаразова мянялася, з 1966 іх было 117; 28.12.1989 адноўлены Дрыбінскі р-н. На 1.10.1994 у Рэспубліцы Беларусь 1088 адм.-тэр. адзінак, у т. л. 6 абласцей (Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) і сталічны горад Мінск, 118 сельскіх і 25 гар. раёнаў, 101 горад абласнога і раённага падпарадкавання, 109 пасёлкаў гар. тыпу, 1448 сельскіх Саветаў. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел рэспублікі замацаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Парадак вырашэння пытанняў адм.-тэр. ўладкавання дзяржавы адносіцца да выключнай кампетэнцыі ВС Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Круталевич В.А. Административно-территориальное устройстве БССР. Мн., 1966;
Административно-территориальное устройство БССР: Справ. Т. 1—2. Мн., 1985—87;
Казлоў Л., Цітоў А. Беларусь на сямі рубяжах. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРО́ДА,
у шырокім сэнсе — усё, што існуе (матэрыяльны сусвет) і стаіць у адным шэрагу з паняццямі быццё, матэрыя; у больш вузкім сэнсе — аб’ект вывучэння прыродазнаўчымі навукамі. Разглядаецца таксама як сукупнасць прыродных умоў існавання чалавека з пункту гледжання месца і ролі П. ў сістэме адносін да яе чалавека і грамадства. Існуе незалежна ад чалавека, бясконцая ў прасторы і часе, невычарпальная ў сваіх формах і іх уласцівасцях. Мае структуру і сістэмнасць, знаходзіцца ў стане вечнай змены і развіцця. Чалавек з’яўляецца арган. часткай П, паза якой ён не можа існаваць фізічна і духоўна.
У навуках аб Зямлі паняцце П. мае значэнні: тэр. прыродныя аб’екты (геасістэмы, ландшафты геаграфічныя і інш.), прыродныя комплексы вакол нас. пунктаў і інш. антрапагенных збудаванняў, тэр. ахоўныя аб’екты (запаведнікі, заказнікі) і інш., напр., у геагр. навуцы пад паняццем «П.» разумеюцца геаграфічнае асяроддзе, навакольнае асяроддзе. Адрозніваюць паняцці «першая П.» — непарушаная чалавекам, «другая П.» — пераўтвораная чалавекам (поле, сад), не здольная да самападтрымання на працягу доўгага часу, «трэцяя П.» — штучнаўтвораныя сістэмы (урбанакомплексы, буйныя прадпрыемствы і інш.), якія не здольныя да самападтрымання нават на працягу кароткага часу. Сукупная дзейнасць грамадства аказвае значны ўплыў на П., што патрабуе рацыяналізацыі і рэгулявання іх узаемадзеяння, прыняцця мер па ахове прыроды, пераўтварэнні П. (напр., запланаваная перабудова ландшафтаў), захаванні і кантраляваным выкарыстанні прыродных рэсурсаў і інш.Гл. таксама Геаграфічная абалонка, Прыроднае асяроддзе, Экалогія і інш.
Жывая П. складаецца з няклетачных, аднаклетачных і шматклетачных форм арганізмаў, якія ў сукупнасці з навакольным асяроддзем утвараюць біясферу Зямлі. Жывое рэчыва з’явілася на Зямлі, верагодна, у археі (больш за 3 млрд.г. назад) і прайшло складаны шлях біял.эвалюцыі на працягу геал. эвалюцыі планеты (гл.Геахраналогія). Развіццё біясферы адбывалася ў (залежнасці ад умоў існавання жывых арганізмаў, якія былі абумоўлены сонечнай радыяцыяй, рэльефам паверхні і агульнай цыркуляцыяй атмасферы. Асаблівасці ўмоў нежывой П. з улікам іх змен у гіст. часе і спалучэнні з аб’ектамі і фактарамі біял. эвалюцыі, абумоўліваюць разнастайнасць жывога рэчыва на Зямлі. Падзел пераважнай большасці арганізмаў на расліны (флора) і жывёлы (фауна) грунтуецца пераважна на спосабе жыўлення. Біягеахімічны кругаварот рэчываў у біясферы адбываецца пры ўдзеле жывых істот усіх узроўняў арганізацыі і складаецца ў біял. цыклы, якія ўключаюць 3 асн. звяны: утварэнне ў працэсе фотасінтэзуарган. рэчываў зялёнымі раслінамі т.зв. першаснай прадукцыі (гл.Прадуцэнты); ператварэнне першаснай (расліннай) прадукцыі ў другасную (жывёльную), пераважна шляхам жыццядзейнасці жывёл (гл.Кансументы); разбурэнне першаснай і другаснай біял. прадукцыі бактэрыямі, грыбамі і інш. (гл.Рэдуцэнты). Пры ўмоўным вылучэнні паясоў геаграфічных у суадносінах з кліматам і ў залежнасці ад пануючых у кожнай з кліматычных паясоў (зон) умоў існавання арганізмаў, раслінны і жывёльны свет падзяляецца (у адпаведнасці з паходжаннем, рэльефам і кліматам мацерыкоў і акіянаў) на біягеагр. царствы, падцарствы, вобласці, падвобласці і інш. адзінкі-катэгорыі раянавання зямнога шара, у залежнасці ад выбранай сістэмы біягеаграфічнага раянавання (гл.Арктагея, Натагея, Неагея, Палеагея), якое адлюстроўвае паходжанне і развіццё флоры і фауны пэўнага рэгіёна планеты ў гіст. аспекце і сучасны стан буйных прыродных тэрытарыяльных комплексаў. П. Беларусі вызначаецца знаходжаннем яе тэр. ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. У межах сучаснага біягеагр. раянавання сушы Беларусь належыць да біягеагр. царства Арктагеі, Галарктычнай біягеаграфічнай вобласці Палеарктыкі. Яе тэр. знаходзіцца ў т.зв. пераходнай зоне, якую вылучаюць у складзе Еўрап.-Сіб. біягеагр. вобл. (як адной з ч. Палеарктыкі). Для яе характэрны мяшаны характар флоры і фауны — часткова гэта паўн., таежныя формы, часткова — паўд., характэрныя для шыракалістых лясоў, стэпавыя і міжземнаморскія. Унутры пераходнай зоны змены адных фларыстычных і фауністычных элементаў другімі адбываюцца паступова і маюць агульныя формы. Своеасаблівасць геагр. становішча Беларусі абумоўлівае фарміраванне і існаванне на яе тэр. многіх унікальных прыродных комплексаў, якія маюць статус ахоўных прыродных тэрыторый і акваторый. На Беларусі існуюць 2 запаведнікі (Бярэзінскі біясферны запаведнік і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік — адзіны ў свеце), 4 нацыянальныя паркі (Белавежская пушча, Браслаўскія азёры, Нарачанскі і Прыпяцкі), 89 заказнікаўрэсп. значэння агульнай пл. 774,5 тыс.га і 443 — мясц. значэння пл. 307 тыс.га, помнікі прыроды: 303 рэсп. і 483 мясцовага значэння (2000). У адносінах да расліннасці тэр. Беларусі належыць да 2 геабат. абласцей (гл.Геабатанічнае раянаванне), у якіх вылучаюць 3 фларыстычныя правінцыі. Прыроднай расліннасцю ўкрыта 66% тэр., у т. л. пад лесам каля 35%, лугамі 16%, балотамі 11%, хмызнякамі 3%. Дзікарослая флора геаграфічна і генетычна звязана з рознымі прыродна-гіст. абласцямі, кліматычнымі зонамі і мацерыкамі зямнога шара. Ахоўваюцца 214 відаў раслін (171 від вышэйшых і 43 віды ніжэйшых), 180 з іх занесены ў Чырв. кнігу Беларусі (гл.Ахоўныя расліны). У складзе культ. флоры каля 230 відаў збожжавых, зернебабовых, пладовых, агароднінных, тэхн. культур (гл. адпаведныя арт.). Дрэвавыя пароды — крыніца драўніны і сыравіны для буд-ва, мэблевай, хім., цэлюлозна-папяровай і інш. прам-сці. Суадносна з расл. комплексам фарміраваўся і састаў фауны, якая набыла сучасныя рысы ў пасляледавіковы перыяд. Па паходжанні яна мяшаная, што вынікае з гіст. умоў яе фарміравання і фіз.-геагр. асаблівасцей тэрыторыі. Многія віды жывёл на Беларусі пад уплывам актыўнага антрапагеннага ўздзеяння на П. становяцца рэдкімі і падлягаюць ахове (гл.Ахоўныя жывёлы); у Чырв. кнігу Беларусі занесены 97 відаў пазваночных і 85 відаў беспазваночных жывёл. Прамысл. значэнне маюць 22 віды млекакормячых, 31 від птушак, 1 від паўзуноў (гадзюка звычайная), з беспазваночных — смоўж вінаградны. Найб.гасп. значэнне ў зверагадоўлі маюць пушныя звяры; у сажалкавых гаспадарках — карп, карась, інш. рыбы. Працэс рацыяналізацыі зносін чалавека з П. мае неадназначны характар. Гасп. дзейнасць людзей часта апынаецца ў супярэчлівых зносінах з навакольным прыродным асяроддзем. Вырашэнне канфліктных сітуацый паміж П. і грамадствам рэалізуецца пры дапамозе мерапрыемстваў па ахове прыроды, у т. л. на ўзроўні дзярж. заканадаўчых актаў. Усе багацці П. на Беларусі, незалежна ад ступені іх эксплуатацыі, знаходзяцца пад аховай дзяржавы (гл.Ахова ад радыеактыўных выпрамяненняў, Ахова атмасферы, Ахова водаў, Ахова генафонду, Ахова глебаў, Ахова жывёл, Ахова зямель, Ахова лясоў, Ахова нетраў, Ахова раслін, Ахоўныя ландшафты).
Літ.:
Тугаринов В.П. Природа, цивилизация, человек. Л., 1978;
Энцыклапедыя прыроды Беларусі. Т. 1—5. Мн., 1983—86.
В.С.Аношка, А.М.Петрыкаў.
Да арт.Прырода. Краявід у наваколлі в. Боркі Уздзенскага раёна Мінскай вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБО́Н (Gabon),
Габонская Рэспубліка (République Gabonaise), дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы. На З абмываецца Атлантычным ак., на Пн мяжуе з Экватарыяльнай Гвінеяй і Камерунам, на У і Пд — з Конга. Падзяляецца на 9 правінцый. Пл. 267,7 тыс.км², нас. 1123 тыс.чал. (1993). Сталіца — г. Лібрэвіль. Афіц. мова французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (17 жн.).
Дзяржаўны лад. Габона — рэспубліка. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1990.
Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 7 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход са 120 дэпутатаў, 111 з якіх выбіраюцца насельніцтвам, 9 прызначаюцца прэзідэнтам — усе на 5 гадоў. Выканаўчы орган — Савет Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.
Прырода. Большую ч.тэр. Габона займае Паўд.-Гвінейскае ўзвышша. Яно складзена з пясчанікаў і ўзнімаецца на 300—800 м над узр. мора. На З горы Шаю (з найвышэйшым пунктам краіны г. Ібунджы, 1580 м), Хрустальныя і Маюмба, складзены з дакембрыйскіх парод. На ўзбярэжжы забалочаная раўніна з мелавых, палеагенавых і неагенавых марскіх адкладаў. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, марганцавыя, уранавыя, жал. руды, золата, калійныя солі, буд. матэрыялы. Клімат экватарыяльны, гарачы і вільготны на Пн, з пераходам да субэкватарыяльнага на З і Пд. Т-ра паветра 24—28 °C у крас., 20—24 °C у ліпені Ападкаў 1600—2000 мм, на ўзбярэжжы да 4000 мм за год. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй, найб. Агаве. 80% тэр. пад вільготнымі экватарыяльнымі лясамі на чырвона-жоўтых латэрытных глебах. Шмат парод дрэў з кашт. драўнінай (акуме, чырвонае, жоўтае, эбенавае, сандалавае, лімба і інш.). На Пд і У лясы часткова замешчаныя другаснымі высакатраўнымі саваннамі. На ўзбярэжжы мангравыя зараснікі. Жывёльны свет багаты і разнастайны: малпы, сланы, буйвалы, лясныя антылопы, гіены і інш., у рэках гіпапатамы, кракадзілы. Шмат птушак, змей, насякомых (у т. л. муха цэцэ). Нац. паркі Бонга-Бонг, Аканда; некалькі запаведнікаў і заказнікаў.
Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва належыць да моўнай групы паўн.-зах.банту, народы фанг (каля 35%), бакеле (30%), мпонгве, бакота і інш.; ёсць банту Конга, пігмеі, якія гавораць на мовах банту; невял. групы эмігрантаў з суседніх краін і еўрапейцаў (пераважна французаў). Большасць вернікаў католікі (55—75%), мусульман 1%, астатнія прытрымліваюцца мясц.традыц. культаў (анімісты). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 4,2 чал. на 1 км², у асобных раёнах узбярэжжа да 10—50 чал. на 1 км². У гарадах жыве 48% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1993): Лібрэвіль — 300, Порт-Жантыль — 164, Франсвіль — 75. У сельскай гаспадарцы занята 65% насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 30, у абслуговых галінах і кіраванні — па 2,5%.
Гісторыя. Стараж. і сярэдневяковая гісторыя Габона мала даследавана. Першымі яго насельнікамі, верагодна, былі пігмеі. У пач.н.э. тут пасяліліся плямёны банту. З 13 ст. ўзбярэжжа заселена народамі мпонгве. У канцы 18 ст. з Пн праніклі плямёны фанг, якія да 1875 засялілі даліну р.Агаве. Да з’яўлення еўрапейцаў (першымі былі партуг. мараплаўцы ў 1472) народы Габона знаходзіліся на стадыі разлажэння родаплемяннога ладу. Краіна стала адным з гал. раёнаў захопу рабоў. У 1839 французы заснавалі апорны пункт на левым беразе бухты Габон і прымусілі караля мпонгве прыняць французскі пратэктарат. Пазней яны замацаваліся і на правым беразе і заснавалі г. Лібрэвіль. Да канца 19 ст. Францыя пашырыла свой кантроль на ўсю тэр. краіны. З 1886 Габон — асобная калонія Францыі. У 1910—58 у складзе Франц. Экватарыяльнай Афрыкі. Насельніцтва цярпела ад жорсткай эксплуатацыі і прымусовых работ. У 2-ю сусв. вайну Габон прызнаваў «Змагарную Францыю».
З 1946 Габон — заморская тэр. Францыі. Тут узніклі паліт. партыі, найбуйнейшыя з іх — Габонскі дэмакр. і сац. саюз (ГДСС; выражаў інтарэсы народа фанг) і Габонскі дэмакр. блок (ГДБ; аб’ядноўваў прадстаўнікоў усіх народаў краіны). 28.9.1958 Габон атрымаў самакіраванне ў складзе Франц. Супольнасці. 17.8.1960 абвешчана незалежнасць у рамках Супольнасці. 17.2.1961 прынята новая канстытуцыя (перагледжана ў 1975). Прэзідэнтам стаў лідэр ГДБ Л.Мба. У ліст. 1967 яго змяніў віцэ-прэзідэнт А.Бонга. У сак. 1968 ГДБ і ГДСС зліліся ў Габонскую дэмакр партыю (ГДП), іншыя партыі былі забаронены. Паводле часовай канстытуцыі 1990 адноўлена шматпартыйнасць. На выбарах 1990 перамагла ГДП і стварыла кааліцыйны ўрад з прадстаўнікамі апазіцыі. Габон — чл.ААН з 1960. Паліт. партыі — Габонская дэмакр. партыя, Габонская партыя прагрэсу, Рух за нац. адраджэнне і інш. — усяго 70 партый. Адзіны прафс. цэнтр — Габонская канфедэрацыя прафсаюзаў.
Гаспадарка. Габон — адна з самых багатых краін Афрыкі (2-е месца на кантыненце па сярэднестат. узроўні жыцця). Гал. месца ў эканоміцы належыць горназдабыўной прам-сці, у якой вылучаюцца здабыча нафты і марганцу, нарыхтоўка дзелавой драўніны. Нафтавы сектар дае 30% валавога ўнутр. прадукту (ВУП) і забяспечвае 80% экспартнай выручкі. Нафту і прыродны газ здабываюць пераважна на марскім шэльфе. Гадавая здабыча нафты каля 16 млн.т (1994), амаль уся яна экспартуецца. Здабываецца марганцавая руда (3-е месца ў свеце, каля 1,5 млн.т, 1994), золата і жал. руды. У 1994 вытв-сць уранавага канцэнтрату складала каля 600 т, нарыхтавана драўніны каштоўных парод каля 3 млн.м³, выпрацавана электраэнергіі каля 1 млрд.кВт∙гадз. У Габоне самы буйны ў Афрыцы з-д клеенай фанеры (у Порт-Жантылі), 2 нафтаперапр. з-ды (агульная магутнасць каля 2 млн.т за год), прадпрыемствы па вытв-сці цэменту, цэлюлозы, тэкстыльных і швейных вырабаў, невял. рачных і марскіх суднаў, пальмавага алею, піва, мыла, па абагачэнні урану, ачыстцы і сартаванні кавы, металарамонтныя майстэрні; традыцыйныя мясц. рамёствы — ганчарнае, ткацкае, кавальскае. Сельская гаспадарка дае каля 3% ВУП краіны, хоць з’яўляецца крыніцай даходаў для большасці насельніцтва. Пераважаюць прымітыўнае матычнае земляробства, дробныя паўнатуральныя гаспадаркі. На сельгасугоддзі прыпадае каля 0,5% пл. краіны. З харч. культур найб. значэнне маюць маніёк, кукуруза, ямс, бананы, гародніна. Гал. экспартныя прадукты — кава, какава, цукр. трыснёг, пальмавы алей, арахіс. Жывёлагадоўля амаль не развіта з-за абмежаванасці кармавой базы і распаўсюджанасці ў большасці раёнаў мухі цэцэ. Дапаможнае значэнне маюць акіянскае і рачное рыбалоўства, паляванне, збор дзікарослых пладоў алейнай пальмы, бананаў. Гал. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 7,5 тыс.км, з іх 560 км асфальтаваных. З 1987 дзейнічае трансгабонская чыгунка Лібрэвіль—Бове (даўж. 649 км). Даўж. суднаходных участкаў рэк 1600 км. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Гал. парты: Авенда, Порт-Жантыль, Лібрэвіль. У краіне 68 аэрапортаў і аэрадромаў, у т. л.міжнар. аэрапорт каля г. Лібрэвіль. Габон экспартуе нафту, марганец, драўніну, уран, імпартуе машыны, хім. і нафтавыя прадукты, тавары лёгкай і харч. прам-сці. Больш за палову гандл. абароту прыпадае на Францыю, інш.гандл. партнёры — ЗША, ФРГ, Японія, суседнія краіны. Грашовая адзінка — франк Афрыканскага фінансавага супольніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНА́КА (Monaco),
Княства Манака (Principauté de Monaco), дзяржава ў Паўд. Еўропе, на беразе Міжземнага м., на сушы абкружана тэр. Францыі. Пл. 1,95 км². Нас. 32 тыс.чал. (1998). Афіц. мова — французская. Сталіца — г.Манака. Падзяляецца на 4 адм.гар. акругі. Нац. свята — Нацыянальны дзень (19 ліст. — дзень нараджэння правячага князя Рэнье III).
Дзяржаўны лад. М. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1911, абноўленая ў 1962. Кіраўнік дзяржавы — наследны князь. Заканад. ўлада належыць Нац. савету, у які ўваходзяць кіраўнік дзяржавы і 18 членаў, выбраных на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Урадавы савет з удзелам прадстаўніка Францыі, які прапануецца на пасаду франц. урадам і зацвярджаецца князем. Існуе таксама дарадчы орган — Каронны савет.
Прырода. Княства займае частку Блакітнага берага на ўзбярэжжы Міжземнага м. і паўд. схілы Прыморскіх Альпаў. Рэльеф перадгорны і горны. Выш. да 145 м. Клімат міжземнаморскі, з сухім летам і мяккай зімой. Сярэдняя т-растудз. 8 °C, ліп. 23 °C. Ападкаў за год каля 800 мм. Амаль уся тэрыторыя занята гар. забудовай. На стромкіх схілах гор вечназялёныя зараснікі каменнага дубу, калючага дроку, карлікавай пальмы, хмызнякі маквісу з ладаннікам, дзікай фісташкай, размарынам. На схілах прыбярэжных скал — Экзатычны сад з сусв. вядомай калекцыяй субтрапічных раслін: пальмаў, магнолій, алеандраў і кактусаў.
Насельніцтва. Карэнныя жыхары — манегаскі (16%), французы (47%), італьянцы (16%); жывуць таксама грэкі, немцы, англічане, амерыканцы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі — 95%. Сярэднегадавы прырост 0,4%. Сярэдняя шчыльнасць найб. ў свеце — 16 410 чал. на 1 км². Усё насельніцтва засяроджана ў 4 гарадах: Манака, Монтэ-Карла, Ла-Кандамін і Фанв’ей. Каля 75% эканамічна актыўнага насельніцтва занята ў абслуговых галінах, каля 25% — у прам-сці. У М. працуе каля 10 тыс.чал. з суседніх раёнаў Францыі і Італіі.
Гісторыя. У 10—9 ст. да н.э. на тэр. М. (назва, верагодна, ад праіндаеўрап. кораня mon — высокае месца, скала) існавала фінікійская калонія (гандл. прыстань, крэпасць), з 8—6 ст. да н.э. — грэчаская (пабудаваны храм Геракла). З 2 ст. да н.э.тэр. М. належала Стараж. Рыму, пазней — арабам, з 11 ст.н.э. — генуэзцам, якія ў 1215 пабудавалі тут крэпасць. У 1346 утворана асобнае княства пад пратэктаратам Генуі. У 1419 у М. замацавалася правячая дынастыя знатнага генуэзскага роду Грымальдзі. З 1524 княства М. пад уладай Іспаніі пры фармальным захаванні аўтаноміі. У 1641 у выніку нар. паўстання перайшло пад пратэктарат Францыі. У 1731 М. па жан. лініі перайшло да Дж.Ф.Л.Гаён-Маціньёна, які прыняў прозвішча Грымальдзі і ўступіў на прастол пад імем Анарэ III [1731—93]. У 1793 княства анексіравана Францыяй. Адноўлена паводле Парыжскага мірнага дагавора 1814. Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 перададзена пад пратэктарат Сардзінскага каралеўства. Рэвалюцыя 1848 знішчыла ў М. княжацкую ўладу, ад княства аддзяліліся і фактычна далучаны да Францыі гарады Ментона і Ракбрун. У 1849 сардзінскія войскі аднавілі манархію, але сардзінскі пратэктарат спынены. У 1860 пасля пераходу Ніцы ва ўладанне Францыі кн Карл III [1856—89] пагадзіўся на франц. пратэктарат над М., у 1861 за 4 млн. франкаў фармальна ўступіў Францыі свае правы на Ментону і Ракбрун. Паводле манака-франц. дагавора 2.2.1861 Францыя прызнала незалежнасць М. У 1865 устаноўлены мытны саюз паміж М. і Францыяй. У 1861—1910 у г. Монтэ-Карла пабудаваны комплекс казіно, які пасля буд-ва чыгункі паміж М. і Францыяй (1868) стаў адной з гал. крыніц папаўнення бюджэту княства. У 1899 у г. Манака заснаваны Акіянаграфічны музей — цяпер міжнар. цэнтр акіянаграфічных даследаванняў.
У 1911 пры кн. Альберце I [1889—1922] уведзена ў дзеянне канстытуцыя, паводле якой М. абвешчана канстытуцыйнай манархіяй і ўтвораны выбарны парламент — Нац. савет. У выніку дагавора 1918 Францыя атрымала права трымаць на тэр. М. войскі і зацвярджаць заключаныя М. міжнар. пагадненні. У 2-ю сусв. вайну М. акупіравалі ням. фашысты (1942—44). З 1949 правіць кн. Рэнье III. У 1962 прынята новая канстытуцыя, якая пашырыла правы Нац. савета, перадала выканаўчую ўладу Урадаваму савету, стварыла Каронны савет. Апошнія выбары ў Нац. савет адбыліся ў студз. 1998. Асн.паліт.арг-цыя — Нац.дэмакр. саюз (з 1963 дамінуе ў Нац. савеце), асн. прафсаюзная арг-цыя — Аб’яднанне прафсаюзаў М. М. — чл.ААН (з 1993), Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Інтэрпола і інш.міжнар. арг-цый.
Гаспадарка. М. — эканамічна развітая краіна з высокім узроўнем даходаў. Штогадовы даход на 1 чал. 25 тыс.дол. (1996). Аснова эканомікі — гандл.-фін. дзейнасць, турызм і курортная справа, ігральныя дамы, некаторыя галіны прам-сці. Ільготны падатковы рэжым дазваляе буйным міжнар. банкам шырока выкарыстоўваць М. для фін. аперацый (дзейнічае каля 800 міжнар. кампаній і 50 банкаў). Замежныя прамысл., гандл. і фін. прадпрыемствы, у якіх доля капіталу М. перавышае 25%, цалкам вызваляюцца ад падаткаў. Падаткі ў М. намнога меншыя, чым у інш. краінах. Развіты страхавая справа, афшорныя паслугі, гандаль нерухомасцю. М. — сусветна вядомы курорт з басейнамі, купальнямі, водалячэбніцай. Асн.дзярж. даходы прыпадаюць на падаткі з банкаў, атэляў і інш. (55%), ад турызму 25% (М. штогод наведвае каля 700 тыс. замежных турыстаў). Турыстаў прываблівае ў М. сонечнае надвор’е, марскія купанні, арх. і гіст. помнікі, казіно, ігральныя дамы, Акіянаграфічны музей і марскі акварыум з унікальнымі экспанатамі, буйныя міжнар. тэнісныя турніры, аўтамаб. ралі Монтэ-Карла, міжнар. спаборніцтвы па стэндавай стральбе і гольфе, муз. і цыркавыя фестывалі і інш. З-за нізкіх падаткаў у М. жывуць многія багатыя людзі, у т. л. сусветна вядомыя артысты і спартсмены, што з’яўляецца дадатковым фактарам прыцягнення турыстаў. Склалася сучасная індустр. база з экалагічна чыстых прадпрыемстваў лёгкай і перапрацоўчай прам-сці. Найб. развіты эл.-тэхн. і радыёэлектронная (электронныя вузлы і прылады, электрычныя рэле і пераключальнікі, электрабыт. прылады), дакладнае машынабудаванне, хім., фармацэўтычная, швейная, харч., паліграф., суднарамонтная, буд. матэрыялаў прам-сць; выпуск паштовых марак, малая металургія, вытв-сць пластмас, фаянсу, маёлікі, ювелірных вырабаў, сувеніраў. Электраэнергію М. атрымлівае з Францыі. Працуе магутная радыёстанцыя «Монтэ-Карла». Ёсць невял. вінаграднікі і аліўкавыя гаі. Рыбалоўства. Транспарт пераважна аўтамабільны. У М. 1,7 км чыгункі і 50 км асфальтаваных дарог і вуліц. Праз М. праходзяць чыгунка і шаша Ніца (Францыя) — Генуя (Італія). У М. ёсць пляцоўкі для верталётаў, якія перавозяць пасажыраў у міжнар. аэрапорт у г. Ніца (Францыя). Марскі порт прымае невял. гандл. судны і яхты. М. ўтварае адзіную мытную прастору з Францыяй. У экспарце пераважаюць прамысл. вырабы, у імпарце — харч. і спажывецкія тавары. Грашовая адзінка — франц. франк. Манегаскія франкі выпускаюцца для продажу нумізматам.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́БА-ВЕ́РДЭ (Cabo Verde),
Рэспубліка Каба-Вердэ (Repúblika de Cabo Verde), дзяржава на а-вах Зялёнага Мыса ў Атлантычным ак., за 500 км на З ад берагоў Зах. Афрыкі. Падзяляецца на 14 акруг. Пл. 4033 км²Нас. 394,8 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Прая на в-ве Сант’ягу. Афіц. мова — партугальская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (5 ліп.).
Дзяржаўны лад. К.-В. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае Нац. асамблея з ліку яе дэпутатаў на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — Нац. асамблея (аднапалатны парламент) з 79 дэпутатаў, што выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае Нац. асамблея з яе складу па прапанове прэзідэнта.
Прырода. А-вы Зялёнага Мыса складаюцца з 2 груп — Наветраных (Барлавенту) і Падветраных (Сатавенту) і ўключаюць 15 астравоў. Найб. з іх (пл. ў км²): Сант’ягу — 991, Санту-Антан — 779, Баавішта — 620, Фогу — 476, Сан-Нікалау — 388, Маю — 269, Сан-Вісенты — 227, Сал — 216. Астравы складзены з вулканічных парод. Берагі пераважна стромкія і скалістыя, зручных гаваней мала (найб. значная — бухта Міндэлу на в-ве Сан-Вісенты). Рэльеф гарысты, са шматлікімі вулканічнымі конусамі, кратэрамі і кальдэрамі. Найвыш. пункт — дзеючы вулкан Фогу на в-ве Фогу (2829 м). Карысныя выкапні: каменная соль, гіпс і вулканічныя буд. матэрыялы. Клімат трапічны пасатны. Сярэднія месячныя т-ры паветра ад 22 °C (люты) да 27 °C (вер.—кастр.). Ападкаў 100—300 мм за год, пераважна са жн. да кастрычніка. Пастаянных рэк няма. Расліннасць у асноўным пустынная і паўпустынная. Пад горнымі лясамі каля 4 тыс.га. Вядуцца пасадкі лесу. Жывёльны свет бедны. Адсутнічаюць млекакормячыя, акрамя завезенай еўрапейцамі свойскай жывёлы, малпаў, пацукоў і інш. Шмат марскіх птушак. Мора багатае рыбай.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва — кабавердцы — нашчадкі партуг. каланістаў і неграў-рабоў; пераважна мулаты. Есць выхадцы з Афрыкі (каля 30%) — прадстаўнікі народаў фульбе, балантэ і манджак. У гарадах невял. групы партугальцаў (каля 1%). Больш за 90% вернікаў — католікі, каля 2,5% — пратэстанты, ёсць прыхільнікі традыц.афр. культаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 100 чал. на 1 км², на а-вах Сант’ягу і Сан-Вісенты больш за 200 чал. на 1 км. У гарадах жыве 56% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1991): Прая — 82,8, Міндэлу — 51,3. У сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве занята 80% насельніцтва. прам-сці і буд-ве — каля 10, абслуговых галінах — каля 10%.
Гісторыя. А-вы Зялёнага Мыса да з’яўлення тут еўрапейцаў былі бязлюдныя. Адкрыты, верагодна, у 1456 экспедыцыяй А.Кадамоста. У 1462 пачалося засяленне астравоў партугальцамі і прывезенымі імі пераважна з Сенегала неграмі-рабамі. У 1533 пасяленне Рыбейра-Грандзі атрымала статус горада. Тут размяшчалася рэзідэнцыя епіскапа, які прадстаўляў партуг. карону на астравах і афр. узбярэжжы ад Марока да Гвінеі. У 1564 астравы перайшлі пад кіраванне партуг. манархіі, на чале каралеўскай калан. адміністрацыі стаяў губернатар. У сярэдзіне 17 ст. (афіцыйна з 1770) адм. ц. калоніі стала Санта-Марыя (з 1858 наз. Прая). З 1650 тэр.партуг. Гвінеі адміністрацыйна падпарадкавана губернатару К.-В. У 1757 выключнае права на гандаль з К.-В. і Гвінейскім узбярэжжам перададзена на 20 гадоў «Кампаніі Пара і Мараньян» Жорсткая эксплуатацыя кампаніяй і засухі 1775—77 прывялі да масавай гібелі мясц. насельніцтва. Да 19 ст. астравы былі важным транзітным пунктам на шляху з Партугаліі ў Індыю і адным з гал. цэнтраў партуг. гандлю рабамі. У 1832—79 К.-В. аб’яднана з партуг. Гвінеяй у адзіную заморскую правінцыю. потым асобная калонія. У 1956 створана Афр. партыя незалежнасці Гвінеі і А-воў Каба-Вердэ (ПАІГК), якая ў 1963 узначаліла ўзбр. барацьбу супраць каланізатараў. У крас. 1974 Партугалія прызнала ПАІГК адзіным законным прадстаўніком насельніцтва К.-В. і ў ліст. падпісала з ёю пагадненне аб прадастаўленні К.-В. незалежнасці.
5.7.1975 абвешчана незалежная Рэспубліка К.-В. Прэзідэнтам краіны стаў А.М.Перэйра. Гал.паліт. сілай заставалася ПАІГК, якая ў 1981 разарвала адносіны з кіруючай партыяй у Гвінеі-Бісау (тая імкнулася да стварэння уніі абедзвюх дзяржаў), а пазней стварыла асобную Афр. партыю незалежнасці КВ., адзіную легальную партыю ў краіне. У 1980—90-я г. шматгадовая засуха прывяла да эканам. крызісу. У 1990 парламент ухваліў змены ў канстытуцыі, якія прадугледжвалі ўвядзенне ў краіне шматпартыйнай сістэмы. У 1991 адбыліся першыя свабодныя парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, перамагла партыя Рух за дэмакратыю, прэзідэнтам выбраны падтрыманы ёю незалежны кандыдат А.Машкарэньяш Мантэйру. К.-В. — чл.ААН (з 1976), Арг-цыі афр. адзінства, Руху недалучэння. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў чэрв. 1992.
Гаспадарка. К.-В. — эканамічна адсталая, пераважна агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) 440 млн.дол. ЗША (1994); на 1 чал. ў год прыпадае 1040 дол. Доля ў ВУП: сельскай гаспадаркі — 18%, рыбалоўства — 7, прам-сці — 8, абслуговых галін — 67%. У дзярж. сектары ствараецца да 40% ВУП. Гал. галіна — сельская гаспадарка. З-за гарыстага рэльефу і неўрадлівых глеб вядзенне сельскай гаспадаркі магчыма на 12% тэрыторыі, земляробства — на 1,4% (каля 5600 га). С.-г. землі цярпяць ад недахопу вады. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі; ёсць кааператывы. На ўласныя патрэбы вырошчваюць кукурузу, фасолю, батат, цукр. трыснёг, маніёк, бульбу, агародніну. Экспартныя культуры: бананы (штогод 5—10 тыс.т), кава, тытунь, арахіс, клешчавіна, гарчыца. Вырошчваюць таксама апельсіны, фінікі і какосавыя арэхі. Пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1990): буйн. раг. жывёлы — каля 13, свіней — каля 40, коз — каля 70, авечак — каля 3. Штогадовы ўлоў рыбы, амараў і крэветак каля 15—20 тыс.т. Прам-сць развіта слаба. На а-вах Сал, Баавішта і Маю здабыча каменнай солі (да 40 тыс.т у год), на в-ве Санту-Антан — пуцаланаў (цэм. сыравіна), гіпсу і кааліну. Вытв-сць электраэнергіі 40 млн.кВт∙гадз (1995) на дробных дызельных электрастанцыях. Будуюцца ўстаноўкі, якія выкарыстоўваюць энергію ветру і сонца. Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: рамонт і буд-ва дробных суднаў (г. Міндэлу), вытв-сць адзення і абутку (ф-кі швейная ў Міндэлу, тэкст., швейная і абутковая ў Праі), мэблі (Прая). Харчасмакавая прам-сць уключае перапрацоўку рыбы і вытв-сць рыбных кансерваў, разнастайных харч. тавараў, у т. л. алею і мукі. Працуюць ліцейна-мех. майстэрні (Міндэлу), з-ды жалезабетонных і керамічных вырабаў, буд. матэрыялаў, прадпрыемствы па зборцы з імпартных дэталей эл.-быт. прылад і іх рамонце (Прая). Развіты саматужныя промыслы (ганчарны, пляценне кошыкаў, выраб сувеніраў). У г. Прая саматужна-маст. майстэрні. На астравах Сант’ягу і Сан-Вісенты невял. з-ды па апрасненні марской вады. У порце Міндэлу — бункераванне (забеспячэнне палівам і інш.) суднаў розных краін. Унутр. транспарт аўтамабільны. На астравах 3,2 тыс.км аўтадарог (у т. л. 0,8 тыс.км з цвёрдым пакрыццём), 10,5 тыс. легкавых аўтамабіляў, 5,5 тыс. грузавікоў і аўтобусаў. Сувязь паміж астравамі і з інш. краінамі ажыццяўляецца марскім транспартам і авіяцыяй. Гал. парты Прая і Міндэлу. На в-ве Сал міжнар. аэрапорт. Знешні гандаль мае адмоўны баланс. Штогадовы экспарт каля 5 млн.дол., імпарт каля 170 млн.дол. Краіна экспартуе соль, бананы, каву, тытунь, рыбныя кансервы, імпартуе прамысл. і харч. тавары. Гандаль пераважна з Партугаліяй (49% экспарту і 34% імпарту), Анголай, Нідэрландамі. Дадатковыя сродкі краіне прыносяць турызм, грашовыя пераводы эмігрантаў, дапамога міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — эскуда Каба-Вердэ.
Літ.:
Григорович А.А., Грибанов В.В. Кабо-Верде. М., 1988.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕГІ́ПЕТСтаражытны,
старажытная дзяржава ў ніжнім цячэнні р. Ніл, у паўн.-ўсх. Афрыцы.
Гісторыя. Стараж.-егіп. цывілізацыя налічвае больш за 3 тысячагоддзі. У яе развіцці вылучаюць некалькі асн. этапаў, ці царстваў (Ранняе, Старажытнае, Сярэдняе і Новае), а таксама Позні перыяд і некалькі пераходных эпох. Цары (фараоны), якія правілі краінай, яшчэ ў старажытнасці былі падзелены на 30 дынастый, што таксама лягло ў аснову перыядызацыі гісторыі гэтай цывілізацыі.
Паселішчы на тэр. Е. вядомы з эпохі палеаліту. У 10—6-м тыс. да н.э. вандроўныя плямёны, як мяркуюць, протасеміты, берберы, кушыты і інш., жылі ў стэпах уздоўж Ніла, дэльта і даліна якога былі часткова забалочаны. Змена клімату ў эпоху неаліту вымусіла іх перасяліцца ў пойму Ніла. У 4-м тыс. да н.э. ў выніку змяшання гэтых плямён склаўся егіп. народ. З часам узніклі прымітыўныя дзярж. ўтварэнні, ад якіх пайшлі адм. акругі, т.зв.номы (налічвалася каля 40). Каля сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. ўтварыліся 2 буйныя царствы — Верхні Е. і Ніжні Е. Прыкладна каля 3000 да н.э. цар Верхняга Е. Менес захапіў Ніжні Е., заснаваў крэпасць Мемфіс (з 28 ст. да н.э. сталіца Е.) і аб’яднаў абедзве дзяржавы. Пачалася гісторыя адзінай краіны Е.
У перыяд Ранняга царства (30—28 ст. да н.э., I—II дынастыі) удасканальваліся каменныя і медныя прылады працы, пашырыўся менавы гандаль, развівалася ірыгацыйная гаспадарка. Фарміраваўся дзярж. апарат, вылучыліся номы на чале з намархамі. Вяліся войны з кушытамі (нубійцамі) на Пд, лівійцамі на ПнЗ, бедуінамі Сінайскага п-ва на ПнУ. На царскі трон прэтэндавалі 2 роды, якія пакланяліся багам Верхняга Е. Гору і Сету, перамаглі прыхільнікі Гора, якія сталі апекунамі царскай улады. Значнага прагрэсу дасягнула ткацкае рамяство, пачаўся выраб папірусу для пісьма.
У час Старажытнага царства (28—23 ст. да н.э., III—VI дынастыі) дзяржава зведала эканам. і культ. ўздым. Адзінства Е. ўвасаблялася ва ўладзе фараона, які быў неабмежаваным гаспадаром усёй краіны. Побач з абшчынным узнікла прыватнае землеўладанне, умацаваўся бюракратычны апарат, створана пастаяннае войска. Неабмежаваная ўлада фараонаў выявілася ў буд-ве пахавальняў-пірамід (Хеопса, Хефрэна, Мікерына і інш.). Распаўсюдзіўся культ бога Ра, фараоны называлі сябе яго сынамі. У гэты перыяд узмацніліся паліт. і эканам. сувязі Е. з Фінікіяй і краінай Куш (Нубія). Фараоны Снофру і Сахура рабілі ваен. набегі на Фінікію, адкуль дастаўлялі драўніну для буд-ва караблёў. З Куша паступалі золата, слановая косць, жывёла, духмяныя рэчывы, рабы. З цягам часу ўлада фараонаў прыйшла ў заняпад і дзяржава распалася на номы.
Першая пераходная эпоха (23—21 ст. да н.э., VII—XI дынастыі). Пасля смерці фараона Піопі II, які панаваў 94 гады, пачаўся доўгі перыяд паліт. раздробленасці і барацьбы за трон. Ён характарызаваўся эканам. і культ. заняпадам, сац. хваляваннямі, якія часам набывалі форму нар. паўстанняў супраць намархаў. Вялікім уплывам у гэты час карысталіся правіцелі Геліопаля, якія падпарадкавалі цэнтр. Е. і дэльту Ніла, а таксама правіцелі Фіваў у Верхнім Е. У выніку войнаў перамог фіванскі правіцель Ментухатэп I, які ў сярэдзіне 21 ст. да н.э. зноў аб’яднаў краіну пад сваёй уладай.
Сярэдняе царства (21—18 ст. да н.э., XII—XIII дынастыі). У часы XI дынастыі адноўлена цэнтр. адміністрацыя, але сапраўднае развіццё Е. прыпала на перыяд XII дынастыі. У выніку рэформ вырас аўтарытэт фараона і абмежавана незалежнасць намархаў, ліквідавана спадчыннасць службовых пасад; сталіца перанесена ў цэнтр Е., побач з Фаюмскім аазісам, дзе праведзены вялікія меліярац. работы. Развіваўся замежны гандаль (з Крытам, Пунтам, Сірыяй, М. Азіяй і Месапатаміяй), створана прафес. армія, пабудавана сістэма ўмацаванняў ва ўсх.ч. дэльты Ніла і ў ніжняй Нубіі. На гэты перыяд прыпадае росквіт л-ры і мастацтва.
Другая пераходная эпох а (18—16 ст. да н.э., XIV—XVIII дынастыі). Негатыўным вынікам ліквідацыі Сенусертам III спадчыннасці дзярж. пасад стаў арганізац. хаос, які праявіўся пасля смерці апошняга фараона XII дынастыі Аменемхета III. Нестабільнасць цэнтр. улады ў перыяд XIII—XIV дынастый выклікала аслабленне Е. Каля 1650 да н.э. краіна трапіла ў залежнасць ад семіцкіх плямён гіксосаў, якія заснавалі сталіцу ва ўсх.ч. дэльты Ніла (Аварыс) і панавалі як XV і XVI дынастыі. У сярэдзіне 16 ст. да н.э. фіванскія ўладары перамаглі гіксосаў і зноў аб’ядналі краіну.
Новае царства (16—11 ст. да н.э., XVIII—XX дынастыі). З прыходам да ўлады XVIII дынастыі пачаўся перыяд найвыш. магутнасці Е. Тутмос I і Тутмос III пашырылі межы краіны, стварылі імперыю, якая займала тэр. ад Еўфрата на Пн да 4-га парога на Ніле на Пд. Гэта ўвяло Е. у сферу інтарэсаў інш. блізкаўсх. дзяржаў, стала прычынай пастаянных канфліктаў за панаванне ў Сірыі і Палесціне. У распараджэнні фараона засталася адносна невял. ч. зямель. Спроба змяніць гэтую сітуацыю складала сутнасць т.зв. рэформы Аменхатэпа IV. Пасля яе ліквідацыі ўлада перайшла да арміі (XIX дынастыя). Цары Сеці I і Рамсес II працягвалі імперскую палітыку папярэднікаў. Дагавор Рамсеса II з хетамі (каля 1260 да н.э.) забяспечыў Е. доўгі перыяд стабільнасці, паспрыяў развіццю манум. храмавага буд-ва. Эканам. і паліт. роля храмаў вырасла яшчэ больш, дамінуючае значэнне меў дзярж. культ Амона фіванскага. Сталіца дзяржавы перанесена ва ўсх.ч. дэльты Ніла (Пер-Рамсес). У часы Мернептаха і Рамсеса III пачалася серыя абарончых войнаў з т.зв. народамі мора (група ваяўнічых плямён, што прыйшлі з Пн) і лівійцамі. Войнам спадарожнічалі ўнутр. барацьба за ўладу і глыбокі эканам. крызіс (інфляцыя, бунты). У часы XX дынастыі гэтыя негатыўныя з’явы ўзмацніліся. Рост значэння арміі і эканам. незалежнасці вышэйшых саноўнікаў і храмаў побач з абмежаванымі магчымасцямі цэнтр. улады ў часы панавання Рамсеса XI прывёў да грамадз. вайны і адхілення фараона ад улады арміяй, а таксама абвяшчэння надзвычайнага становішча. У Е. ўзніклі 2 цэнтры ўлады: Таніс (цары XXI дынастыі, 11—10 ст. да н.э.) і Фівы (т.зв. дзяржава Амона пад кіраўніцтвам жрэчаскай дынастыі).
Трэцяя пераходная эпоха (11—7 ст. да н.э., XXI—XXV дынастыі) і Позні перыяд (7—4 ст. да н.э., XXVI—XXX дынастыі). У 10 ст. да н.э. значны ўплыў у аслабленай дзяржаве мелі лівійскія пасяленцы, якія з часоў лівійскіх войнаў Мернептаха і Рамсеса III жылі ў шматлікіх калоніях, асабліва ў Ніжнім Е. Лівійскі правадыр Шэшонк легальна ўзяў уладу ў 945 да н.э. і заснаваў XXII дынастыю. Паліт. і эканам. сітуацыя ў краіне была нестабільная. Барацьбу за ўладу паміж лівійскімі правадырамі выкарысталі заваёўнікі з Пд (Куш) і завалодалі Е. (XXV дынастыя, т.зв. эфіопская). У 671 да н.э.паўн. Е. часова трапіў пад уладу асірыйцаў. Выкарыстаўшы канфлікты паміж асірыйскімі і кушыцкімі заваёўнікамі, уладары Саіса Неха I і Псаметых 1 захапілі ўладу ў краіне. Пачаўся апошні перыяд росквіту Е. — панаванне XXVI дынастыі (т.зв. саіскі рэнесанс). Ён характарызаваўся паліт. незалежнасцю, эканам. і культ. адраджэннем. Е. праводзіў актыўную знешнюю палітыку ў Азіі, паспяхова адбіваў уварванні вавіланян. У 525 да н.э. напад на перс. цара Камбіса паклаў канец незалежнасці Е. Ён ператварыўся ў сатрапію Перс. імперыі (за выключэннем кароткага перыяду незалежнасці ў часы XXIX і XXX дынастый). У выніку паходу Аляксандра Македонскага Е. трапіў пад уладу Македоніі (332 да н.э.). У 305 да н.э. македонскі намеснік заснаваў уласную дынастыю (гл.Пталамеі), якая правіла ў Е. да рым. заваявання ў 30 да н.э.Аўгуст уключыў Е. у Рымскую імперыю і ператварыў яго ў правінцыю. У 639—641 н.э. Е. заваяваны араб. войскамі халіфа Умара.
Пра вывучэнне гісторыі і культуры Е. гл. ў арт.Егіпталогія.
Асвета. Школы ў Стараж. Е. прызначаліся для навучання будучых дзярж. чыноўнікаў — пісцоў. У перыяд Стараж. царства яны існавалі пры палацы фараона, пазней з’явіліся школы пры храмах, а ў перыяд Новага царства — і пры буйных дзярж. установах. Тут займаліся хлопчыкі ва ўзросце ад 5 да 16 гадоў. Перш за ўсё яны вучыліся чытаць і пісаць на паліраваных пласцінках вапняку, разграфлёных у лінейку ці клетку. У Фівах карысталіся груба абчасанымі каменнымі асколкамі. Школьнікі вучыліся выводзіць на іх іерогліфы ці скарапісныя знакі, рабіць невял. малюнкі, а пазней перапісвалі ўрыўкі тэкстаў. Авалодаўшы пісьмом, вучань атрымліваў доўгі вузкі скрутак папірусу, на якім пісаў пэндзлікам чырвонымі і чорнымі фарбамі. Кожны пісец быў таксама графічным мастаком. Вялікая ўвага аддавалася лічэнню: вучням прапаноўваліся задачы, якія мелі вузкапрактычны характар (вылічэнне аб’ёму свірнаў, плошчы поля, вызначэнне неабходнай колькасці рабочай сілы і інш.). Яны павінны былі ведаць законы і ўлажэнні, гісторыю і геаграфію, разбірацца ў асновах тэхнікі. Апрача вучэбных прадметаў у школах навучалі гімнастычным практыкаванням, плаванню, добрым манерам. У школах пры храмах разам з агульнымі прадметамі давалі рэліг. адукацыю, навучалі астраноміі і медыцыне. Вучні звычайных школ жылі дома. Дзяцей вышэйшай знаці ў юным узросце адлучалі ад сям’і і аддавалі ў ваен. школы, дзе рыхтавалі вайсковых начальнікаў.
Прыродазнаўчыя навукі. Тэхніка. Матэм. і астр. веды ў Стараж. Е. мелі чыста эмпірычны, дастасавальны характар і выкарыстоўваліся ў ірыгацыі, будаўніцтве і дзярж. кіраўніцтве. Егіпцяне ўпершыню ўвялі дзесятковую сістэму лічэння, у эпоху Сярэдняга царства ўзніклі элементарныя алгебраічныя ўяўленні, Найб.стараж. прылады працы палеаліту — рубілы з крэменю і рагавіку. У 4-м тыс. да н.э. пачалося выкарыстанне абсідыяну (вулканічнага шкла), першыя с.-г. прылады (матыкі, сярпы і інш.) выраблялі з каменю, дрэва і косці. У гэты ж час з’явіўся ганчарны круг, развіваліся керамічная і ткацкая вытворчасць, выраб фаянсу, з 3-га тыс. да н.э. — шкла. У 2-м тыс. да н.э. з’явіліся жалезныя вырабы, упрыгожанні з золата і серабра. Ужо ў дадынастычную эпоху пачалі будаваць каналы і дамбы. Для абваднення палёў выкарыстоўвалі журавель, пазней — водапад’ёмнае кола. У эпоху Ранняга царства з’явіўся плуг. Асн.буд. матэрыяламі былі гліна і трыснёг. Пры ўзвядзенні палацаў фараонаў і крэпасцей выкарыстоўвалі цэглу-сырэц, храмы і царскія пахавальні (піраміды) будавалі з каменю, апрацоўваць які егіпцяне навучыліся дасканала. Асноўныя шляхі зносін праходзілі па р. Ніл. Вялікія лодкі рознай формы і прызначэння будавалі з дадынастычнай эпохі. Для зносін з інш. краінамі карысталіся марскімі суднамі. У 18 ст. да н.э. з’явіўся колавы транспарт. Гандлёвыя і ваен. экспедыцыі егіпцян у Сірыю, па р. Ніл у Куш, экватарыяльныя раёны Афрыкі і інш. абумовілі назапашванне і пашырэнне геагр. ведаў. Бальзаміраванне памерлых спрыяла развіццю анатамічных ведаў і ўзбагачэнню хірургічнага вопыту. Егіпецкія ўрачы рабілі трэпанацыю чэрапа, пламбіравалі зубы, накладвалі хірургічныя шыны. Аднак зусім рэалістычныя ўяўленні перапляталіся з верай у магію і вядзьмарства. Муміфікацыя, выраб духмяных рэчываў, лакаў і фарбаў спрыялі развіццю хіміі. Веды стараж. егіпцян значна паўплывалі на развіццё антычнай, а значыць і еўрапейскай, навукі.
Міфалогія і рэлігія. Карані рэліг. вераванняў стараж. егіпцян у культах мясц. багоў, якія шанаваліся ў выглядзе розных жывёл, а пазней — людзей (Анубіс, Баст, Гор, Хатар, Себек) у асобных гарадах ці номах, што ўваходзілі ў склад Е. ў дагіст. часы. Апрача іх існавала група божастваў прыроды, якіх ушаноўвалі на тэр. ўсяго Е.: Ра (Сонца), Хапі (Ніл), Нун (акіян). У працэсе фарміравання дзяржавы і паліт. барацьбы за вяршэнства ў краіне божаствы ўз’яднаных рэгіёнаў падпарадкоўваліся (тады ўзнікала якое-н. гал. бажаство), атаясамліваліся або злучаліся ў сямейныя саюзы: трыяды (божаствы Дэльты — Асірыс, Ісіда і Гор; Птах, Сехмет і Нефертум; Амон-Ра, Мут і Хансу ў Фівах), энеады (9 божастваў, шанаваных у Геліопалі), агдаады (8 божастваў, шанаваных у Гермопалі). Егіпцяне пакланяліся таксама жывёлам, якія лічыліся ўвасабленнем божастваў (бык Апіс у Мемфісе, баран і гусь у Фівах). Падобны зоамарфізм божастваў, верагодна, бярэ пачатак у племянным фетышызме і татэмізме.
Сярод шматлікіх рэліг. асяродкаў, якія выпрацавалі ўласную тэагонію, тэалогію і касмагонію, найб. значную ролю ў фарміраванні рэліг. вераванняў егіпцян адыграў Геліопаль — цэнтр культу бога сонца Атума, які пасля атаясамлівання з богам Ра быў прызнаны стваральнікам багоў, сусвету і людзей. Ён даў пачатак першай пары багоў: Шу (паветра) і Тэфнут (вільгаць), якія стварылі другую пару: Геб (зямля) і Нут (неба). Іх дзецьмі былі Сет, Гор, Нефтыда, Ісіда і Асірыс (культ апошняга як ўладара краіны памерлых распаўсюдзіўся на ўвесь Е.). Міф пра смерць Асірыса, яго цудоўнае ўваскрэсенне і нараджэнне Гора, мсціўцы за свайго бацьку, у канцы Стараж. царства набыў характар дзярж. рэлігіі. Гэта сістэма вераванняў спрабавала растлумачыць рух Сонца, з ёй было звязана перакананне ў боскасці фараонаў, якіх з гэтага часу пачалі называць сынамі бога Ра. Гегемонія Фіваў у перыяд Сярэдняга царства спрыяла ўзвышэнню бога Амона, які пасля атаясамлівання яго ў перыяд Новага царства з богам Ра стаў называцца Амон-Ра. Калі эканам.-паліт. магутнасць жрэцтва стала пагражаць уладзе фараонаў, Аменхатэп IV, каб аслабіць яе, увёў монатэістычны культ бога сонца Атона. Догматы гэтага культу выкладзены ў гімне да новага божаства, які прыпісваўся самому фараону. Пасля яго смерці фіванскія жрацы вярнулі культу Амона былое значэнне. У выніку аслаблення паліт. адзінства краіны ў Позні перыяд пэўнае значэнне набылі культы мясц. багоў (Баст, Нейт), а ў эліністычны перыяд культы Серапіса і Ісіды распаўсюдзіліся нават па-за межамі Е.
Сістэма рэліг. вераванняў стараж. егіпцян была моцна звязана з культам памерлых і верай у паслясмяротнае існаванне. Лічылася, што замагільнае жыццё з’яўляецца працягам зямнога, а свет памерлых знаходзіцца «на Захадзе» або сярод зорак і падобны на Е. Шлях да яго быў поўны перашкод і небяспекі, пераадолець якія дапамагалі закляцці і магічныя формулы, выбітыя на сценах пахавальні (піраміды) або выпісаныя на скрутках папірусу, што клаліся ў магілу. Апошнім этапам быў суд Асірыса. Пасля суда памерлы або трапляў у краіну Асірыса, або яго паядаў дэман. Умовай прадаўжэння жыцця ў замагільным свеце было забеспячэнне цела ад знішчэння, адсюль звычай бальзаміраваць трупы і змяшчаць іх у добраўпарадкаваныя пахавальні. Неад’емным элементам рэліг. вераванняў стараж. егіпцян была магія. У штодзённым жыцці варажба, храмавыя прароцтвы, каляндарныя прадказанні вырашалі сумненні і кіравалі паводзінамі людзей. Амулеты і магічныя дзеянні павінны былі засцерагаць іх ад небяспекі і ў свеце жывых, і ў свеце памерлых.
Літаратура. Найб. старажытныя літ. помнікі Е. ўзніклі ўжо ў самы ранні перыяд існавання дзяржавы. Тэксты на егіп. мове выбівалі на стэлах і сценах пахавальняў, пісалі на астраконах і папірусах, карыстаючыся іерагліфічным, іератычным і дэматычным пісьмом (гл.Егіпецкае пісьмо). Узнікненне егіп. л-ры прыпадае на першыя стагоддзі Стараж. царства, яе росквіт, т.зв. класічны перыяд, — на эпоху Сярэдняга царства. Важнае месца займала рэлігійная літаратура, да якой належыць большая частка літ. помнікаў, у т. л. творы, звязаныя з культам памерлых. У эпоху Стараж. царства жрацы Геліопаля апрацавалі для фараонаў збор закляццяў, магічных формул і малітваў, якія павінны былі забяспечыць ім пасмяротнае жыццё на ўзор зямнога («Тэксты пірамід»), У далейшым права карыстання рэліг. тэкстамі было пашырана і на вышэйшых саноўнікаў; для іх быў апрацаваны новы збор — «Тэксты саркафагаў». Да часоў Новага царства належыць «Кніга памерлых» — новая апрацоўка рэліг. тэкстаў, створаная фіванскімі жрацамі для заможнай часткі егіп. грамадства. Апрача малітваў і заклінанняў у гэты твор уключана стараж. сістэма егіп. касмагоніі, тэагоніі, тэалогіі, а таксама т.зв. негатыўная споведзь (прызнанне ў сваёй бязгрэшнасці, якое рабілі душы памерлых на судзе Асірыса). У пахавальню клалі апісанне Царства памерлых («Кніга дзвюх дарог», «Кніга падземнай краіны», «Кніга брам», «Кніга пячор»). Найб. пашыраным жанрам была дыдактычная літаратура, якая ў форме павучанняў, сентэнцый, прыслоўяў знаёміла егіпцян з прынцыпамі этыкі, заснаванымі на практычнай жыццёвай мудрасці («Павучанні Кагемні», «Павучанні Харджэдэфа», «Павучанні Птахатэпа»). Да перыяду Сярэдняга царства належаць «Павучанні Наферці» і «Павучанні Аменемхета» (паліт. завяшчанне сыну Сенусерту I). Яны з’яўляюцца працягам песімістычнай плыні ў егіп. л-ры, да якой належыць і адзін з яе найцікавейшых літ. помнікаў — філас. трактат «Спрэчка расчараванага са сваёй душой». «Павучанні Хеці, сына Дуауфа» ўяўляюць сабой сатыру на ўсе прафесіі, але пахвалу працы пісца. «Павучанні Аменемопе» (Новае царства) некат. даследчыкі лічаць крыніцай біблейскіх «Прытчаў цара Саламона». Апошнія помнікі гэтага жанру адносяцца да пач. Рымскай эпохі. Уласна мастацкая літаратура зарадзілася ўжо ў перыяд Стараж. царства, але пераважная ч. яе помнікаў належыць да больш позніх эпох. Найб. раннімі паэт. жанрамі былі песні («Песня арфіста»), гімны ў гонар багоў («Гімн Нілу», «Гімн Атону», прыпісваліся Аменхатэпу IV) або фараонаў (Сенусерта III, Сярэдняе царства). У надмагільных надпісах часоў Стараж. царства сустракаюцца фрагменты любоўнай лірыкі; захавалася некалькі зборнікаў ад часоў яе росквіту (Сярэдняе і Новае царствы). Да розных эпох належаць тэксты, якія сведчаць пра існаванне драмы: т.зв. «Драматычныя тэксты» юбілейных цырымоній (Сярэдняе царства), фрагменты алегарычнай драмы «Вяртанне Сета», у якой выказаны пратэст супраць панавання персаў (Позняя эпоха), «Жальбы Ісіды і Нефтыды», звязаныя з містэрыямі ў гонар Асірыса (Грэч. эпоха). Папулярным жанрам была аповесць, якая развілася з аўтабіягр. надпісаў канца Стараж. царства: «Прыгоды Сінухета», «Пацярпелы крушэнне», «Красамоўны селянін», а таксама «Апавяданне пра дзівосныя здарэнні» (Сярэдняе царства). У наступны перыяд створаны апавяданні фантаст. («Праўда і Крыўда», «Два браты»), міфалагічныя («Гор і Сет»), гіст. («Спрэчка цара Апопе з Секененрам». «Кадэшская паэма») і падарожныя («Прыгоды Венамона»). У Познюю эпоху ўпершыню ў сусв. л-ры з’явіліся 4 байкі пра жывёл у форме філас. дыялогу («Сонечнае вока»). Да жанру гістарычнай літаратуры належаць аўтабіяграфіі, шматлікія дзярж. і прыватныя дакументы (дэкрэты фараонаў, інструкцыі, судовыя пратаколы), гадавікі Тутмоса III з апісаннем яго ваен. перамог, т.зв. стэла Ізраіля, якая праслаўляла перамогу Мінептаха над палесцінскімі плямёнамі. На часы Новага царства прыпадае росквіт эпісталярнага жанру. Навуковая літаратура ўключае мед., матэм. і геам. папірусы, якія сведчаць пра высокі ўзровень развіцця дакладных навук у Е. Панаванне чужаземных уладароў (перс., грэч., рымскіх) паступова прывяло да знікнення л-ры на роднай мове. З 2 ст.н.э. яе замяніла копцкая, а з сярэдзіны 7 ст.араб.л-ра.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Мастацтва Е., цесна звязанае з рэлігіяй, у т. л. з замагільным культам, увасабляла ўяўленне аб непарушнасці сац. ладу і звышчалавечай велічы абагаўлёнага фараона. Пошукі эфектыўнай маст. мовы прывялі да стварэння першага канона. Былі асэнсаваны і выпрацаваны асн. сродкі пластычных мастацтваў: аб’ём, маса, апора, скляпенне, рытм — у архітэктуры; плоскасць, лінія, сілуэт, колеравая пляма — у рэльефе і жывапісе; тэкстура і фактура каменя і дрэва — у скульптуры. У Е. былі выпрацаваны класічныя арх. формы і тыпы (піраміда, абеліск, калона), віды выяўл. мастацтва (круглая скульптура, рэльеф, манум. жывапіс і інш.). Асн. прынцыпы мастацтва Е. пачалі складвацца каля 3000—2000 да н.э.Гал. роля належала архітэктуры (грабніцы-мастабы). Яе прынцыпы манументальнасці і статычнасці ўплывалі на развіццё скульптуры і жывапісу, якім таксама ўласціва геам. абагульненасць, сіметрыя і статыка, строгая франтальнасць (палетка фараона Нармера, статуя фараона Хасехема). У перыяд Стараж. царства гэтыя маст. прыёмы набылі стылістычную завершанасць. Быў выпрацаваны новы тып пахавальні фараона — піраміда, у якой прастата формы ў спалучэнні з велізарнымі памерамі стварала велічны арх. вобраз (піраміды ў Сакары і Гізе). Вакол пірамід ствараліся замагільныя комплексы (памінальныя храмы, злучаныя доўгімі крытымі калідорамі з уваходнымі павільёнамі, сфінксы, мастабы прыдворных, шэраг падземных збудаванняў). У размалёўках і рэльефах на сценах грабніц з сюжэтамі жыцця ў царстве памерлых выяўляюцца пачуццё рытму, прыгажосць абагульненай контурнай лініі, сілуэта, лакальнай колеравай плямы (рэльефы грабніц Ці і Ахатэпа ў Сакары). Вял. развіццё атрымаў скульптурны партрэт (статуі фараона Хефрэна, пісца Каі). У эпоху Сярэдняга царства піраміды страцілі грандыёзнасць. Найб. пашырэнне набылі скальныя грабніцы з 2- ці 4-калонным порцікам. Памінальныя храмы часта аддзяляліся ад грабніц, мелі падоўжную восевую кампазіцыю (храм Ментухатэпа I у Дэйр-эль-Бахры). Паскорыўся рост гарадоў, дзе будавалі мураваныя (з цэглы-сырцу) палацы з памяшканнямі, аздобленымі размалёўкамі, з калонамі і порцікамі, галерэямі, унутр. дварамі. У выяўл. мастацтве ўзмацніліся тэндэнцыі да рэалістычнасці, большай кампазіц. свабоды і спробы перадачы аб’ёму, індывідуальнасці ў падыходзе да выяўлення чалавека, насычалася каляровая гама (партрэтныя галовы і статуі фараонаў Сенусерта III і Аменемхета III, 19 ст. да н.э.). У эпоху Новага царства мастацтва Е. зведала росквіт. Змрочныя. драм. вобразы змяніліся вытанчана-арыстакратычнымі, узмацнілася імкненне да дэкар. пышнасці. У архітэктуры атрымалі развіццё папярэднія тэндэнцыі. У храме царыцы Хатшэпсут у Дэйр-эль-Бахры, часткова высечаным у скалах, строгія лініі карнізаў і калон кантрастуюць упарадкаванасцю з хаатычнымі расколінамі скал. Мякка мадэліраваныя статуі, рэльефы і размалёўкі надаюць храму гарманічную яснасць. У рэльефах лініі сталі больш вытанчанымі, удасканалілася апрацоўка каменю. Асаблівае развіццё атрымаў паглыблены рэльеф з тонкай гульнёй святлаценяў. У насценных размалёўках з’явіліся свабода рухаў і ракурсаў, тонкасць каляровых суадносін, у кампазіцыю шырока ўводзіцца пейзаж (размалёўкі грабніц у Фівах). У наземных храмах асн. элементамі сталі разгорнутыя па падоўжнай восі адкрыты двор, абнесены каланадай, гіпастыль з радамі манум. лотаса- ці папірусападобных калон і свяцілішча са статуямі багоў; уваход у храм афармляўся 2 пілонамі, перад якімі ставілі абеліскі і статуі (храмы ў Карнаку і Луксоры). У 1-й пал. 14 ст. да н.э. ў выніку рэлігійнай рэформы Эхнатона ў мастацтве Е. адбыліся значныя змены. Яму стала ўласціва палемічная абвостранасць вобразаў, амаль гратэскавая трактоўка індывід. рыс фараона і членаў яго сям’і. Скульпт. партрэты характарызуюцца арыстакратычнай вытанчанасцю і класічнай яснасцю вобразаў (партрэты Эхнатона і яго жонкі Неферціці, скульпт. Тутмес, а таксама галава Неферціці з майстэрні ў Ахетатоне). У сярэдзіне 14 ст. да н.э. гэтыя тэндэнцыі працягваліся, але набылі адценне халоднасці (знаходкі з грабніцы Тутанхамона — залатая маска, трон, пасудзіны, куфэркі з рэльефамі і размалёўкамі). У 2-й пал. 14 ст. да н.э. назіраецца імкненне да параднай пышнасці і цяжкаважкасці форм (гіпастыль храма ў Карнаку). Зноў пашырыўся скальны тып храма (Абу-Сімбел). У выяўл. мастацтве ўзмацнілася ідэалізацыя вобразаў фараонаў (статуі Рамсеса II у Абу-Сімбеле). Высокага ўзроўню дасягнула дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (пасудзіны з шыферу, алебастру, крышталю, залатыя ўпрыгожанні з інкрустацыяй каштоўнымі камянямі і інш.). Вырабы вылучаюцца строгай вытанчанасцю форм і дэкар. маляўнічасцю, тонкасцю апрацоўкі. Для перыяду апошняга росквіту мастацтва Е. (7 ст. да н.э.) характэрны зварот да старых традыцый, эклектычнае спалучэнне маст. прыёмаў розных эпох. Старанна апрацаваныя і адпаліраваныя статуі і рэльефы пазначаны ўнутр. адасобленасцю. Некат. творы маюць выразную партрэтную характарыстыку (статуя Мантуэмхета). Пасля заваявання краіны Аляксандрам Македонскім (4 ст. да н.э.) мастацтва Е. ўключылася ў сферу эліністычнага мастацтва, пазней — Стараж. Рыма. Культавая архітэктура гэтага часу сумяшчае ант. і стараж.-егіп. формы, мае рысы эклектызму (храм бога Гора ў Эдфу, 237—57 да н.э.). Сплаў стараж.-егіп. і рым. традыцый — фаюмскія партрэты. З пераходам Е. пад уладу Візантыі (канец 4 ст. да н.э.) склаўся адзін з мясц. варыянтаў раннехрысціянскай культуры — копцкае мастацтва.
Музыка. Асн. крыніцы звестак пра музыку Стараж. Е. канца 4 — пач. 3-га тыс. да н.э. — інструменты, іканаграфічныя матэрыялы (барэльефы і інш. выявы), тэксты гімнаў і песнапенняў, сведчанні стараж.-грэч. і рым. гісторыкаў, філосафаў. З інструментаў вядомы бразготкі, у т. л. сістры, калатушкі, свісткі, флейты. У 3000 — каля 1700 да н.э. існавалі трысняговыя свірэлі дудкі*, падоўжаныя флейты уфата, трубы, дугавыя арфы, барабаны, трашчоткі. Ладавая аснова, верагодна, пентатоніка. У перыяд Стараж. і Сярэдняга царстваў узнікла піктаграфічная (малюнкавая) натацыя і першыя працы па касмалагічнай тэорыі сувязі музыкі з нябеснымі свяціламі. Музыка суправаджала прыдворныя і храмавыя рытуалы, была адным са сродкаў развясельвання розных слаёў насельніцтва. Асаблівае значэнне мела храмавая музыка, звязаная найперш з культам багоў Асірыса, Ісіды і Тота, якіх лічылі творцамі муз. мастацтва. Было пашырана музіцыраванне пры дварах, у багатых гараджан і нар. творчасць (пераважна відовішчы, прысвечаныя багам, дзе хар. песні, жаночыя песні-плачы і танцы чаргаваліся з шэсцямі і драм. эпізодамі). У 3-м тыс. да н.э. пашырылася хейраномія (адна з ранніх форм кіравання хорам). У эпоху Стараж. царства паявіліся прафес. (звычайна прыдворныя) музыканты (Хемрэ, Хуфу-Анх і інш.). У перыяд Новага царства ўзмацніліся азіяцкія ўплывы, асабліва сірыйскі. Муз. інструментарый узбагаціўся габоямі, вуглавымі арфамі, лірамі, лютнямі, кіфарамі і інш., больш дасканалая канструкцыя якіх прывяла да выкарыстання практычна поўнага храматычнага гукарада. У 332 да н.э. — 395 н.э. шырока бытавалі аўлас, папярочная флейта, букцыны, розныя ліры, губны гармонік, барабаны, званочкі і інш., у 3 ст. да н.э. ў Александрыі вынайдзены папярэднік сучаснага аргана — гідраўлас. Некат. егіпецкія музыканты працавалі ў Грэцыі і Рыме, а грэч. музыканты — у Е., што спрыяла развіццю муз. мастацтва гэтых краін.
Літ.:
Струве В.В. История Древнего Востока. 2 изд. Л., 1941;
Бикерман Э. Хронология Древнего мира: Пер. с англ.М., 1975;
Стучевский И.А. Рамсес II и Херихор: Из истории Древнего Египта эпохи Рамессидов. М., 1984;
Котрелл Л. Во времена фараонов: Пер. с англ.М., 1982;
Монтэ П. Египет Рамсесов: Пер. с фр.М., 1989;
Жак К. Египет великих фараонов: Пер. с фр.М., 1992;
Шмелев И.П. Феномен Древнего Египта. Мн., 1993;
Hornung E. Grundzüge der ägyptischen Geschichte Darmstadt, 1978;
Bowman A.K. Egypt after the Pharaohs. 332 B.C. — A.D. 642. London, 1986;
Grimal N. Histoire de l’Égypte Ancienne. Paris, 1988;
Лукас А. Материалы и ремесленные производства Древнего Египта: Пер. с англ.М., 1958;
Кинк Х.А. Как строились египетские пирамиды. М., 1967;
Лауэр Ж.Р. Загадки египетских пирамид;
Пер. с фр.М., 1966;
Нейгебауер 0. Точные науки в древности: Пер. с англ.М., 1968;
Матье М. Древнеегипетские мифы. М.; Л., 1956;
Коростовцев М.А. Религия Древнего Египта. М., 1976;
Липинская Я., Марциняк М. Мифология Древнего Египта: Пер. с пол. М., 1983;
Kákosy L. Zauberei im alten Ägypten. Budapest, 1989;
Dunand F., Zivie-Coche Ch. Dieux et hommes en Égypte 3000 av. J.-C. — 395 apr. J.-C. Paris, 1991;
Traunecker C. Les dieux de l’Égipte. Paris, 1992;
Niwiński A. Mity i symbole starożytnego Egiptu. Warszawa, 1992;
Яго ж. Bóstwa, kulty i rytuały starożytnego Egiptu. Warszawa, 1993;
Фараон Хуфу и чародеи: Сказки, повести, поучения Древнего Египта. М., 1958;
Коростовцев М.А. Путешествие Ун-Амуна в Библ. М., 1960;
Лирика Древнего Египта: [Пер. с егип.] М., 1965;
Поэзия и проза Древнего Востока. М., 1973;
Повесть Петеисе III: Древнеегип. проза. М., 1978;
Сказки и повести Древнего Египта. Л., 1979;
Лирическая поэзия Древнего Востока. М., 1984;
Тураев Б.А. Египетская литература. Т. 1. М., 1920;
История всемирной литературы. Т. 1. М., 1983;
Культура Древнего Египта. М., 1976;
Матье М.Э. Искусство Древнего Египта. М., 1970;
Павлов В.В., Ходжаш С.И. Художественное ремесло Древнего Египта. М., 1959;
Всеобщая история архитектуры. Т. 1. М., 1970.
Дз.І.Малюгін (гісторыя), Н.К.Мазоўка (асвета, міфалогія і рэлігія, літаратура).
Да арт.Егіпет Старажытны. Галава царыцы Неферціці з майстэрні ў Ахетатоне. XVIII дынастыя. 1-я чвэрць 14 ст. да н.э.Да арт.Егіпет Старажытны. Храм царыцы Хатшэпсут у Дэйр-эль-Бахры. XVIII дынастыя. Дойлід Сенмут, Пач. 15 ст. да н.э.Да арт.Егіпет Старажытны. Тыповы рабаўладальніцкі маёнтак (рэканструкцыя). Верагодна, эпоха Новага царства.Да арт.Егіпет Старажытны. Палетка фараона Нармера з Іераконпаля. I дынастыя. Каля 3000 г. да н.э.Да арт.Егіпет Старажытны. Піраміды ў Гізе. 1-я пал. 3-га тысячагоддзя да н.э.Да арт.Егіпет Старажытны. Спінка параднага трона фараона Тутанхамона.Да арт.Егіпет Старажытны. Залатая маска фараона Тутанхамона. 14 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́БЛІЯ (грэч. biblia літар. кнігі),
зборнік твораў стараж. пісьменства, св. пісанне іудзейскай (Стары запавет) і хрысц. (Стары і Новы запаветы) рэлігій. Першая анталогія выбраных кніг (кн. пра станаўленне Сусвету і чалавечага грамадства, хронікі, кодэксы, паэт. медытацыі, маральна-філас. трактаты, прароцтвы, прытчы, афарызмы, апіяграфіі, малітвы, гімны і інш.), аб’яднаных у адным пераплёце паводле храналагічнага і тэматычнага прынцыпаў, зместу і сімвалічнага сэнсу. Складалася на працягу 1-га тыс. да н.э. — 2 ст.н.э. на тэр. Палесціны (стараж. Ізраільска-Іудзейскае царства) і ў месцах яўрэйскай дыяспары на арамейскай, стараж.-яўрэйскай і стараж.-грэч. мовах. Поўная Біблія складаецца з 2 частак — Старога запавету (50 кніг, з іх 39 кананічных, якія выкарыстоўваюцца ў літургічнай службе, і 11 некананічных, прызнаных хрысц. царквой карыснымі для духоўнага выхавання) і Новага запавету [27 кніг; 4 Евангеллі (паводле Матфея, Марка, Лукі, Іаана), зборнік з 22 твораў пад агульнай назвай Апостал, Апакаліпсіс (Адкрыццё Іаана Багаслова)]. Паводле багаслоўскага тлумачэння, слова «запавет» азначае наказ Бога «выбранаму народу» (стараж. яўрэям), а праз яго — усяму чалавецтву. Іудзейская Біблія складаецца з 39 кананічных кніг: Закон, або Пяцікніжжа, прыпісваецца Майсею, Прарокі (кн. Ісаі, Ераміі, Езекііль, Данілы і 12 «малых прарокаў», кн. Ісуса Навіна, Суддзяў, 4 кнігі Царстваў), Пісанні (кн. Руф, 1-я і 2-я Параліпаменом, Ездры, Неяміі, Эсфір, Іова, Псалтыр, Прытчы Саламона, Эклезіяст, Песня песням, Плач Ераміі). Старазапаветная частка хрысц. (праваслаўнай і каталіцкай) Бібліі ў дадатак да кананічных уключае таксама некананічныя кнігі: 1—3-ю Ездры, Тавіта, Юдзіф, Прамудрасць Саламона, Прамудрасць Ісуса Сірахава, прарока Баруха, 1—3-ю кн. Макавеяў. Кананічныя кн. Старога запавету напісаны стараж.-яўр. і часткова арамейскай мовамі, некананічныя — стараж.-грэч. мовай. На т.зв. александрыйскай гаворцы стараж.-грэч. мовы напісаны Новы запавет, за выключэннем Евангелля паводле Матфея, напісанага на сірыйска-халдзейскай гаворцы стараж.-яўр. мовы. У Бібілію не ўвайшлі апокрыфы. Першы збор старазапаветнай часткі Бібіліі стварылі ў 2 ст. да н.э. ў Александрыі на стараж.-грэч. мове 70 перакладчыкаў (Септуагінта — семдзесят — стаў асн. крыніцай пазнейшых выданняў біблейскіх кніг). У 386—406 багаслоў Еранім зрабіў лац. пераклад Бібліі-Вульгату (агульнадаступная), якая легла ў аснову каталіцкай рэдакцыі Бібліі. У Бібліі адлюстраваны драм. шлях развіцця чалавечай духоўнасці. Яна пачынаецца з кн. Быццё (сімвалічная выява ўзнікнення Сусвету, рассялення народаў, станаўленне грамадства і дзяржавы), а заканчваецца Апакаліпсісам — сімвалічным малюнкам «канца свету». У аснове біблейскай філасофіі гісторыі тэадыцэя (апраўданне жыцця і яго крыніцы — Бога перад тварам сусветна-гіст. зла); правідэнцыялізм (гіст. падзеі, з’яўляючыся выяўленнем людской волі, на касм. узроўні прадвызначаныя Богам), месіянства (вера ў прыход Збавіцеля, у яго царства на Зямлі, упэўненасць у тым, што пакліканыя Богам народы і людзі аб’ектыўна выконваюць боскае прадвызначэнне), эсхаталагізм (перакананне ў тым, што гіст. працэс меў свой пачатак і будзе мець сваё завяршэнне). Большасць кніг Старога запавету ёсць гісторыя стараж. ізраільска-іудзейскай тэакратычнай дзяржавы (часткова інш. рэгіёнаў Блізкага Усходу), стараж.-яўр. культуры і старазапаветнай царквы. Новы запавет — гэта аповесць пра зямное жыццё і вучэнне Ісуса Хрыста, яго апосталаў, пра станаўленне хрысц. царквы і прароцтва пра богачалавецтва пасля канца гісторыі.
У 4—13 ст. узніклі шматлікія рэгіянальныя пераклады Бібіліі. У 9 ст.слав. асветнікі браты Кірыла і Мяфодзій пераклалі Біблію на стараслав. мову. Гэты пераклад лёг у аснову рукапісных біблейскіх кніг, што бытавалі на ўсх.-слав. землях, у т. л. на Беларусі. Першы рукапісны звод Бібіліі на царк.-слав. мове ўкладзены ў Ноўгарадзе (1499) па ініцыятыве архіепіскапа Генадзія («Генадзіеўская біблія»). Першую друкаваную Біблію ў слав. свеце выдалі чэхі (1488). На Беларусі спісы біблейскіх кніг з’явіліся пасля хрышчэння Русі (988). Некаторыя з іх, верагодна, рыхтаваліся Рагнедай Рагвалодаўнай, Ефрасінняй Полацкай. Свае скрыпторыі (цэнтры па перапісцы кніг) мелі бел. гарады, манастыры, епіскапскія кафедры. Пра біблейска-выдавецкую традыцыю сярэдневяковай Беларусі сведчаць высокамаст. ілюстраваныя помнікі рукапісных евангелляў і псалтыроў. Першым зборам царкоўнаслав. рукапісных кніг Бібліі на Беларусі стаў багата аздоблены «Дзесятаглаў», створаны ў 1502—07 у Вільні і Супраслі асветнікам Мацеем Дзесятым. Разам з «Пяцікніжжам», перапісаным дзякам Фёдарам у 1514, «Дзесятаглаў» склаў поўны збор Бібліі. У 1517—19 Ф.Скарына выдаў 23 ілюстраваныя кнігі першай бел. Бібліі пад агульнай назвай «Библия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славнаго града Полоцка, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». Каля 1522 Скарына надрукаваў у Вільні «Малую падарожную кніжку», у якой аб’яднаны Псалтыр, Часасловец (малітвы), урачыстыя гімны (каноны і акафісты, некаторыя з іх — паэт. творы Скарыны). У 1525 ён жа выдаў «Апостал». Напісаныя Скарынам 50 прадмоў і 62 пасляслоўі да сваіх кніг — першыя на Беларусі каментарыі да Бібліі, у якіх тлумачыцца паходжанне кожнай кнігі, іх аўтарства, асаблівасці зместу, вобразаў і сімвалаў, іх значэнне для рэліг., маральнага і грамадскага выхавання. Свецкае выданне Бібліі Скарынам паўплывала на развіццё кніжна-выдавецкай біблейскай традыцыі на Беларусі (гл.Брэсцкая біблія). Прадаўжальнікам кнігавыдавецкай справы Скарыны быў В.Цяпінскі. Каля 1580 ён пераклаў на старабел. мову і выдаў «Евангелле» (паводле Матфея, Марка і частку Евангелля паводле Лукі). Вопыт Скарыны выкарысталі І.Фёдараў і П.Мсціславец, якія выдалі ў Маскве «Апостал» (1564). У 1566 яны пераехалі на Беларусь, на сродкі Р.Хадкевіча выдалі «Евангелле вучыцельнае» (Заблудаў, 1568—69); Фёдараў выдаў таксама «Псалтыр з Часаслоўцам» (1569). Мсціславец выехаў у Вільню і ў друкарні Мамонічаў выдаў «Евангелле напрастольнае», «Псалтыр» і «Часоўнік» (1575—76). Фёдараў у канцы 1572 — пач. 1573 пераехаў у Львоў, выдаў там «Апостал» (1574), пазней у друкарні К.Астрожскага ў Астрогу — «Псалтыр» і «Новы запавет» (1580), а таксама поўную слав. друкаваную кірылічным шрыфтам «Астрожскую біблію» (1581). У канцы 16—17 ст. Вільня і мяст. Еўе (каля Вільні) заставаліся асяродкамі выдання біблейскіх кніг на царк.-слав. мове. З 2-й чвэрці 17 ст. дзейнічалі новыя цэнтры выдання біблейскіх кніг — друкарні: Куцеінскага манастыра пад Оршай, С.Собаля ў Буйнічах пад Магілёвам, магілёўская М.Вашчанкі, брацкая Магілёва, Супрасльскага манастыра. У канцы 18 ст. віленскія друкарні перадрукавалі з маскоўскіх выданняў «Евангелле» (1790), «Евангелле вучыцельнае» (1794), «Псалтыр» 1795 (2-е выд. 1796). З канца 18 ст. да 1917 на Беларусі біблейскія кнігі не друкаваліся. Толькі уніяцкая царква выдала шэраг катэхізісаў, малітоўнікаў і падручнікаў, якія знаёмілі вернікаў са зместам Бібліі. Першыя практычныя крокі да перакладу Новага запавету на сучасную бел. мову зроблены ў Зах. Беларусі і Польшчы. Традыцыя перакладу і выдання Бібліі аднавілася ў Зах. Беларусі (пераклад і выданне на бел. мове Новага запавету прапаведнікам Л.Дзекуць-Малеем і А.Луцкевічам у 1920—30-я г.), за мяжой [выданне ксяндза П.Татарыновіча ў 1954 у Рыме, выданне бел. Бібліі ў перакладзе гісторыка і філолага Я.Станкевіча ў Нью-Йорку (1950—60-я г., 1970, 1973)], замежныя выданні біблейскіх кніг у перакладзе пастара Я.Пятроўскага (Гейневіл, 1984, 1987). У 1990—95 апублікаваны бел. пераклады біблейскіх кніг В.Сёмухі, А.Клышкі; выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя» ажыццёўлена факсімільнае перавыданне «Бібліі» Скарыны (т. 1—3, 1990—91).
Біблія — адзін з самых багатых і складаных помнікаў сусв. культуры, многія старонкі якога насычаны глыбокай жыццёвай мудрасцю і вызначаюцца вял.маст. сілай. Асаблівасцямі Бібліі як помніка культуры з’яўляюцца сінкрэтызм (адзінства рэальнасці і міфа, гісторыі і тэалогіі, гіст. фактаў і цудаў, філасофіі і паэзіі, даследавання і прароцтва, навук. і аксіялагічнага падыходаў да ацэнкі ідэй, фактаў, ідэалаў) і сімвалізм (погляд на гіст. падзеі як на знакавае выяўленне духоўных сэнсаў). Біблія паўплывала на экзістэнцыялісцкую філасофію гісторыі. Біблейскія сюжэты, матывы, вобразы і сімвалы шырока выкарыстоўвае сусв.л-ра, выяўл., тэатр., муз. мастацтва і кіно. У бел. л-ры вобразныя і сімвалічныя сістэмы Бібліі выявіліся ў 12—18 ст. у творчасці Кірылы Тураўскага, Скарыны, М.Сарбеўскага, М.Сматрыцкага, І.Пацея, братоў Л. і С.Зізаніяў, А.Філіповіча і універсальная — у паэзіі і аратарскай прозе Сімяона Полацкага. Біблейскія матывы фалькларызаваліся ў нар. творчасці (чарадзейныя казкі, абрадавыя песні, легенды), у тэатр. і інш. мастацтве, бел. л-ры (творчасць Я.Купалы, З.Бядулі, У.Караткевіча, інш.бел. пісьменнікаў).
Біблія ці яе часткі перакладзены больш як на 1250 моў і дыялектаў практычна ўсіх краін свету. Існуе шырокая сетка т-ваў, аб’яднанняў, асацыяцый, агенцтваў па вывучэнні Бібліі, яе перакладзе, выданні, распаўсюджванні. Вывучэннем Бібліі займаюцца біблеістыка, герменеўтыка, тэалогія і інш. навукі.