КЕЙЗА́РАЎ (сапр. Кейзераў) Аляксей Сцяпанавіч
(4.10.1928, в. Бронніца Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 22.11.1994),
бел. пісьменнік. Скончыў Гомельскі настаўніцкі ін-т (1955). Працаваў настаўнікам, у рэдакцыях газет, на Бел. радыё, у 1974—88 у час. «Неман». Друкаваўся з 1950. Пісаў на рус. і бел. мовах пераважна для дзяцей (кн. «Хітры цвічок», 1966, «Першы разведузвод», 1969, «У нас у Тапалёўцы», 1976). Запісаў і літ. апрацаваў мемуары ўдзельнікаў Вял. Айч. вайны Э.Лаўрыновіча, І.Зуевіча, М.Фядотава і інш., кн. Н.Гірыловіча «Дальва — сястра Хатыні» (1981). Аўтар дакумент. аповесці «Рэха на Палессі» (1979).
Тв.:
Нас было семеро: Повести. Мн., 1963;
И возвратятся журавли: Повести. Мн., 1988.
т. 8, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМІ́ЙСКАЯ ВАЙНА́,
вайна саюза стараж.-грэч. дзяржаў на чале з Афінамі супраць панавання Македоніі ў 323—322 да н. э. Ініцыіравана афінянамі на чале з Дэмасфенам і Гіперыдам пасля атрымання звестак пра смерць Аляксандра Македонскага. Да Афін далучыліся некат. полісы Сярэдняй Грэцыі і Пелапанеса, асобныя ілірыйскія і фракійскія плямёны. У 323 да н.э. войска саюзнікаў на чале з Леасфенам у бітве пры Гераклеі разбіла сілы правіцеля Македоніі Антыпатра і прымусіла яго схавацца ў фесалійскай крэпасці Ламія (адсюль назва вайны). Скарыстаўшы раздробленасць антымакедонскага лагера, Антыпатр дачакаўся падмацаванняў і ў Кранонскай бітве (322 да н.э.) разбіў саюзную армію. Панаванне Македоніі ў Грэцыі было адноўлена.
т. 9, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЁНСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1831 і 1834,
узброеныя выступленні рабочых і рамеснікаў, занятых у шаўкаткацкай вытв-сці г. Ліён (Францыя) у перыяд Ліпеньскай манархіі. Паўстанне 1831 пачалося 21 ліст. ў адказ на адмову ўладальнікаў мануфактур павысіць заработную плату і прыняць новыя расцэнкі. 23 ліст. паўстанцы авалодалі горадам, але 1—3 снеж. былі пераможаны ўрадавымі войскамі. Паўстанне 1834 мела пераважна рэсп. характар, было накіравана на заваяванне дэмакр. свабод і абарону правоў працоўных. Пачалося 9 крас. як пратэст супраць забароны рабочых асацыяцый і расправы ўлад над удзельнікамі стачкі (лют. 1834). Праходзіла пад кіраўніцтвам Аб’яднанага к-та рэсп.-дэмакр. арг-цый на чале з Ш.Лагранжам. 15 крас. жорстка задушана войскамі.
т. 9, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІЯ СКА́РБЫ.
1) Знойдзены ў Магілёўскай губ. каля 1822. Ухаваны ў канцы 820-х г. Вядома 1300 цэлых і некалькі соцень фрагментавых куфіцкіх дырхемаў дынастый Амеядаў, Ідрысідаў, Абасідаў. Манеты чаканілі манетныя двары Пірэнейскага п-ва, Паўн. Афрыкі, Азіі, Закаўказзя. Рас. АН набыла 250 манет, лёс астатніх невядомы.
2) Знойдзены ў Магілёве ў 1936. Ухаваны ў 1790-я г. У глінянай пасудзіне было 476 залатых манет, з якіх вядома 466 экз. У скарбе манеты 16—18 ст. чаканкі манетных двароў Нідэрландаў, Даніі, Аўстрыі, Чэхіі, Саксоніі, Трансільваніі, Венецыі, Савоі, вольных імперскіх гарадоў і інш. Адзін з найбуйнейшых скарбаў залатых манет на тэр. Беларусі. Зберагаецца ў Эрмітажы (С.-Пецярбург).
т. 9, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНА́Т (ад сярэднелац. magnatus багаты, знатны чалавек),
у феадальную эпоху буйны землеўладальнік, прадстаўнік радавітай знаці ў некаторых краінах Еўропы, асабліва ў Польшчы, ВКЛ і Венгрыі. У ВКЛ М. валодалі вял. зямельнымі латыфундыямі з гарадамі, мястэчкамі і тысячамі прыгонных сялян. Некаторыя з іх (напр., Радзівілы, Сапегі) мелі ўласныя войскі і крэпасці.
Выкарыстоўваючы свой уплыў і багацце, М. Рэчы Паспалітай займалі ў ёй вышэйшыя дзярж. пасады і фактычна кіравалі дзяржавай. У 1567 на Беларусі было 29 М., кожны з якіх меў больш за 1000 сял. «дымоў» (гаспадарак). У пераносным сэнсе слова «М.» выкарыстоўваецца ў дачыненні да буйных прадстаўнікоў прамысл. і фін. капіталу.
т. 9, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЧА́НАВА (Зоя Іванаўна) (н. 31.12. 1913, С.-Пецярбург),
расійская і бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1966). Скончыла студыю т-ра Ленінградскага савета прафсаюзаў (1936). Працавала ў т-рах Ленінграда, Выбарга, Мурманска. У 1956—68 у Магілёўскім абл. драм. т-ры. Раскрываючы ўнутр. свет сваіх гераінь, спалучала яркую сцэн. форму з выразнымі дэталямі. Сярод роляў у Магілёўскім т-ры: Мар’я («Галоўная стаўка» К.Губарэвіча), Вольга Мікалаеўна («Гэта было ў Магілёве» Я.Тарасава), Ягадка («Амністыя» М.Матукоўскага), Кручыніна («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага), Тэрэза («Дзень нараджэння Тэрэзы» Г.Мдывані), Кацярына Бяссмертная («Чаму ўсміхаліся зоркі» А.Карнейчука), мадэмуазель Куку («Безымянная зорка» М.Себасцьяна).
Г.Р.Герштэйн.
т. 10, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКАЯ БАЛЕ́ТНАЯ ШКО́ЛА (Існавала ў 1758—90) (?) у г. Нясвіж Мінскай вобл. Створана М.К.Радзівілам Рыбанькай пры Нясвіжскім тэатры Радзівілаў. Рыхтавала для т-ра артыстаў балета з дзяцей прыгонных. Кіраўнікі: Л.Дзюпрэ (1758—60),
Я.Аліўе (з 1762), А.Лойка (з 1779), Г.Петынеці (з 1780).
У кантракце, заключаным 3.3.1758 з Дзюпрэ на 3 гады, было запісана, што «ён будзе таксама вучыць васьмярых дзяцей і маладых людзей для балета ў тэатры». Першы балет з удзелам навучэнцаў школы — «Балет з Арлекінам». У «Дыярыушы» ад 9.12.1759 адзначана: «упершыню хлопчыкі і дзяўчынкі выконвалі балет, добра ў іх атрымлівалася».
Літ.:
Музыкальный театр Белоруссии: Дооктябрьский период. Мн., 1990. С. 207—223.
т. 11, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЭ́ЦКАЯ СУКО́ННАЯ ФА́БРЫКА.
Дзейнічала ў в. Парэчча Пінскага пав. (цяпер у Пінскім р-не Брэсцкай вобл.) у 1836—1916. Выпускала трыко, тонкую шарсцяную тканіну, двайное сукно. У 1879 працавала 420 рабочых. У 1895 былі 3 (у 1900—4) паравыя машыны і паравыя катлы, 3400 ткацкіх верацён і інш. У некаторыя гады ф-ка выпускала да 230 тыс. аршынаў сукна і трыко. Прадукцыю збывалі ў Маскву, Пецярбург, Варшаву, Вільню, Кіеў, Адэсу, Беласток, Мінск. На выстаўках вырабы ф-кі былі адзначаны сярэбраным (Парыж, 1878) і залатым (Масква, 1882) медалямі. Пры фабрыцы было вучылішча, 4 казармы для сямейных, 4 інтэрнаты, бальніца, прадуктовая крама.
т. 12, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСА́Д,
1) гандлёва-рамесніцкая частка феад. горада ў 10—18 ст. (наз. таксама перадграддзе, прадмесце) у Кіеўскай Русі, Рас. дзяржаве і ВКЛ. З часоў Кіеўскай Русі многія П. падзяляліся на канцы 1 сотні, пазней у іх складзе з’явіліся гар. слабоды. Першапачаткова П. былі неўмацаванымі, пазней іх умацаваная частка, размешчаная каля дзядзінца (замка, крамля) наз. вакольным горадам. П. мелі ўсе гарады Беларусі. Напр., у Полацку ў 16 ст. было 6 П.
2) У Расіі ў 17—18 ст. гандл.-прамысл. цэнтр, які з моманту заснавання не меў крэпасці. Як і гандл.-рамеснае насельніцтва гарадоў, жыхары такіх П. адносіліся да пасадскіх людзей.
т. 12, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБРУ́К, Рубруквіс (Rubrouck, Roebroeck, Ruysbroeck, Rubruquis) Вілем (паміж 1215 і 1220—1293), фламандскі падарожнік, манах. У 1253—55 узначальваў дыпламат. місію, накіраваную франц. каралём Людовікам IX у Манголію. З Францыі цераз Палесціну, Канстанцінопаль, Крым, данскія стэпы, нізоўе р. Волга, каля Аральскага м. і воз. Балхаш місія прыбыла ў г. Каракарум у 1254. Зваротны шлях прайшоў уздоўж зах. ўзбярэжжа Каспійскага м., цераз Армянскае нагор’е і Усх. Таўр. У справаздачы Р. пра падарожжа шмат каштоўных звестак па гісторыі, этнаграфіі і геаграфіі гэтых тэрыторый, адзначана, што Каспійскае м. на самай справе з’яўляецца возерам. Гэта было самае значнае да М.Пола падарожжа еўрапейца ў Цэнтр. Азію.
т. 13, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)