падклас лістасцябловых імхоў. Каля 85 сям., 700 родаў і 14 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі каля 40 сям., 115 родаў (найб. пашыраныя брый, дыкран, плеўрозій, зязюлін лён, цэратадон і інш.), 290 відаў. Брыевыя імхі найб. эвалюцыйна дасканалая група. Торфаўтваральнікі; разам з водарасцямі ўтвараюць падводныя згуртаванні, нярэдка дамінанты і субдамінанты жывога наглебавага покрыва, прыстанішча для дробных беспазваночных жывёл. Садзейнічаюць знікненню адных, узнаўленню і пашырэнню другіх відаў раслін, забалочванню глеб, зарастанню вадаёмаў, пагаршаюць якасць лугоў.
Шмат- або аднагадовыя імхі розных памераў (ад 1 мм да 50 см), звычайна зялёныя. Сцябло простае, вілавата- або монападыяльна-разгалінаванае, двух-, шматрадковааблісцелае, з рызоідамі, нярэдка мае дыферэнцыяцыю на тканкі. Каробачка спарагона ў большасці відаў з перыстомам.
Літ.:
Жизнь растений. Т. 4. М., 1978;
Игнатов М.С., Афонина О.М. Список мхов территории бывшего СССР // Arctoa: Бриол. журн. М., 1992. Т. 1 (1—2).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРТАВЫ́ КАРАБЕ́ЛЬ,
надводны баявы карабель, прызначаны для нясення дазорнай службы, аховы буйных караблёў і транспартаў ад раптоўных атак падводных лодак, самалётаў і катэраў на пераходзе морам і пры стаянках на адкрытых рэйдах. Выкарыстоўваецца таксама для нясення дазорнай службы на падыходах да сваіх ваенна-марскіх баз і партоў, аховы марской граніцы (пагранічны вартавы карабель). З’явіліся ў 1-ю сусв. вайну для барацьбы з падводнымі лодкамі. Шырока выкарыстоўваліся ў 2-ю сусв. вайну, захаваліся ў большасціваен. флатоў. Сучасныя вартавыя караблі (у некаторых флатах да іх адносяць таксама карветы і фрэгаты) маюць водазмяшчэнне 600—4000 т, скорасць да 35 вузлоў (65 км/гадз), узброены 1—4 універсальнымі 76—127-мм гарматамі, 20—40-мм зенітнымі аўтаматамі (да 10), тарпеднымі апаратамі, рэактыўнымі процілодачнымі бамбамётамі, процілодачнымі ракетамі (могуць несці таксама ракетныя комплексы і процілодачныя верталёты), аснашчаны радыёлакацыйнай і гідраакустычнай апаратурай, сродкамі радыёэлектроннай барацьбы, сувязі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДСКА́Я ЎПРА́ВА,
выканаўчы орган гар. думы ў Рас. імперыі. Складалася з 2—3 асоб, выбраных думай. Узначальваў управу гарадскі галава (адначасова быў і старшынёй гар. думы). Члены ўправы лічыліся на дзярж. службе і атрымлівалі заработную плату, якую ўстанаўлівала гар. дума з фонду гар. даходаў. Гарадская ўправа мела пастаянную канцылярыю, якая падзялялася на шэраг аддзелаў, адпаведных функцыям гар. самакіравання. Пры ёй ствараліся пастаянныя і часовыя камісіі. Гарадскія ўправы займаліся пытаннямі гаспадаркі і добраўпарадкавання гарадоў, супрацьпажарнымі мерапрыемствамі, ажыццяўлялі нагляд за развіццём мясц. гандлю і прам-сці, кіравалі гар. медыцынай і нар. адукацыяй. Не валодалі прымусовай уладай, падпарадкоўваліся губернатару і міністру ўнутр. спраў, якія маглі накласці вета на любое рашэнне ці пастанову гарадской управы. У Беларусі, дзе гар. даходы былі меншыя за расходы, гарадскія ўправы выбіраліся пераважна ў губ. гарадах. У большасціпав. гарадоў функцыі гарадской управы выконваў гар. галава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЛІК (Леў Давыдавіч) (16.2.1929, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 11.4.1996),
бел. скрыпач, педагог. Нар.арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. кансерваторыю (1952, класы А.Амітона, А.Бяссмертнага). З 1945 артыст Дзярж.акад.сімф. аркестра Беларусі, з 1956 канцэртмайстар аркестра Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова з 1952 выкладаў у спец.муз. школе пры кансерваторыі, у 1960—77 у Мінскім муз. вучылішчы, з 1981 у Бел. кансерваторыі (з 1992 Бел. акадэмія музыкі; з 1993 дацэнт). Музыкант яркай індывідуальнасці, вял.тэхн. магчымасцей, здольны да тонкага пранікнення ў стыль і характар музыкі. Выступаў у канцэртах як саліст і ансамбліст. Першы выканаўца большасці твораў бел. скрыпічнай музыкі, у т. л. фантазій для скрыпкі з аркестрам М.Аладава, Г.Вагнера, канцэртаў П.Падкавырава, Р.Суруса, Г.Гарэлавай, канцэрціна Дз.Смольскага, санат А.Багатырова, Падкавырава, Л.Абеліёвіча, Э.Тырманд, прысвечанай яму «Паэмы» для скрыпкі і фп. Вагнера і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМАГЛАБІ́Н (ад гема... + лац. globus шар),
Hb, чырвоны жалезазмяшчальны пігмент крыві і гемалімфы чалавека, пазваночных і некат. беспазваночных жывёл. Выконвае функцыю пераносу кіслароду з органаў дыхання да тканак і вуглякіслага газу ад тканак да органаў дыхання. У большасці беспазваночных гемаглабін раствораны ў крыві, у пазваночных і некат. беспазваночных знаходзіцца ў чырвоных крывяных клетках — эрытрацытах. Малекулярная маса гемаглабіну эрытрацытаў млекакормячых 64 500, растворанага ў плазме да 3 000 000. Паводле хім. прыроды гемаглабін — складаны бялок — хромапратэід, які складаецца з бялку глабіну і жалезапарфірыну — гему. У вышэйшых жывёл і чалавека гемаглабін уключае 4 субадзінкі — манамеры з малекулярнай масай каля 17 000; 2 манамеры маюць па 141 астатку амінакіслот (β-ланцугі), 2 іншыя — па 146 астаткаў (α-ланцугі). Колькасць гемаглабіну ў крыві чалавека ў сярэднім 13—16 г% (78—96% па Салі); у жанчын гемаглабіну крыху менш, чым у мужчын. Якасць гемаглабіну змяняецца ў антагенезе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУТАРКО́ВАЯ МО́ВА,
жывая вусная мова народа, якая служыць сродкам штодзённага абмену думкамі і характарызуецца вял. адвольнасцю і варыянтнасцю нормаў на фанетычным, арфаэпічным, лексічным, марфал., фразеалагічным і інш. узроўнях. Непасрэдна звязана з канкрэтным спосабам мыслення, у пераважнай большасці з неафіцыйнасцю маўлення, адсутнасцю папярэдняй падрыхтоўкі да размовы і аналізу думкі, з дадатковымі спосабамі перадачы інфармацыі ў вуснай мове — інтанацыяй, мімікай, жэстамі.
Сучасная бел. гутарковая мова выразна праяўляецца ў 3 разнавіднасцях: афіцыйная гутарковая мова — вусная разнавіднасць літаратурнай мовы, якой карыстаюцца на радыё, тэлебачанні, у школе, ін-тах і інш.афіц. установах; штодзённагутарковая мова, якой карыстаюцца ў штодзённым жыцці, прычым пад уплывам гутарковай стыхіі побач з літ. мовай ужываюцца элементы неліт. маўлення (у першую чаргу прастамоўныя, дыялектныя і інш.); народна-дыялектная гутарковая мова, характэрная пераважна сельскаму насельніцтву старэйшага пакалення. Гутарковая мова бел. народа стала асновай бел.нац. літаратурнай мовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМА́ШНЯЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
вытворчасць у сял. гаспадарцы прадуктаў для асабістага карыстання, якія вырабляюцца з сыравіны, што здабываецца ў гэтай жа гаспадарцы. У большасці народаў узнікла ў эпоху першабытнаабшчыннага ладу з фарміраваннем асн. галін вытв. дзейнасці — земляробства і жывёлагадоўлі. Развіццё залежала ад мясц. умоў і наяўнай сыравіны. Найб. раннія і універсальныя віды Д.п. — апрацоўка і выраб скуры, лямцу, дрэва, кары, вяровак, віццё кошыкаў, сетак, пасудзін з сцёблаў, валасоў, валакна і інш. сыравіны стала пачаткам развіцця тэкстыльнай прам-сці. Пляценне з валакна дало пачатак прадзенню, потым ткацтву. Вялікае гасп. значэнне мела ганчарства. Д.п. была састаўной часткай эканомікі дакапіталіст. спосабаў вытв-сці. Злучэнне сял. промыслаў з патрыярхальным натуральным земляробствам было тыповым для сярэдневякоўя. У эпоху развітога феадалізму Д.п. перарасла ў рамяство. У сучасных умовах Д.п. захавалася ў некат. раёнах Афрыкі, Цэйлона, Індыі, Лацінскай Амерыкі і інш. На тэр. Беларусі сустракаецца ў выглядзе нар. промыслаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗОКСІРЫБАНУКЛЕІ́НАВАЯ КІСЛАТА, ДНК,
біяпалімер, складзены з нуклеатыдаў, якія маюць у сваім саставе дэзоксфыбозу; неабходная састаўная частка жывой матэрыі. Спецыфіка будовы ДНК абумоўлівае спадчынную перадачу прыкмет і ўласцівасцей большасці арганізмаў і сінтэз спецыфічных кожнаму арганізму бялкоў. Малекулы ДНК усіх арганізмаў пабудаваны па адным тыпе. Паводле схемы, распрацаванай амер. вучоным Дж.Уотсанам і англ. Ф.Крыкам (1953), яны складаюцца з двух спіральна закручаных адзін вакол аднаго палімерных ланцугоў. Ланцугі пабудаваны з вял. колькасці нуклеатыдаў, якія маюць дэзоксірыбозу, злучаную з фосфарнай к-той і азоцістай асновай (адэнінам, гуанінам, тымінам, цытазінам); спецыфічнасць нуклеатыдаў вызначаецца адной з 4 азоцістых асноў. Розны нуклеатыдны склад і паслядоўнасць 4 азоцістых асноў у малекуле ДНК вызначаюць разнастайнасць відаў жывых арганізмаў. Пры размнажэнні арганізмаў, клетак адбываецца капіраванне (рэплікацыя) і перадача ДНК у даччыныя клеткі. Парушэнне паслядоўнасці нуклеатыдаў у ланцугу ДНК прыводзіць да спадчынных змен у арганізме — мутацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЕРЦЫЯ́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА АДЛІ́КУ,
сістэма адліку, у якой выконваецца інерцыі закон Кожная сістэма адліку (СА), якая рухаецца адносна І.с.а. раўнамерна і прамалінейна, таксама з’яўляецца І.с.а. Усе І.с.а. раўнапраўныя, г.зн. ва ўсіх такіх СА законы фізікі аднолькавыя (гл.Адноснасці прынцып). Пры пераходзе ад адной І.с.а. да іншай у класічнай механіцы выконваюцца Галілея пераўтварэнні, а ў рэлятывісцкай механіцы — Лорэнца пераўтварэнні. СА, якія рухаюцца адносна І.с.а. з паскарэннем, з’яўляюцца неінерцыяльнымі сістэмамі адліку.
Усе рэальныя СА могуць разглядацца як І.с.а. толькі з пэўнай ступенню набліжэння, таму што целы адліку, з якімі яны звязваюцца, рухаюцца з тым ці іншым паскарэннем. Напр., геліяцэнтрычную СА, звязаную з цэнтрам мас Сонца і восямі, накіраванымі на аддаленыя зоркі, з вялікай ступенню дакладнасці можна лічыць І.с.а. Такая СА выкарыстоўваецца гл. ч у задачах нябеснай механікі і касманаўтыкі Для рашэння большасцітэхн. задач І.с.а. можна лічыць СА, звязаныя з Зямлёй або яе цэнтрам мас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАЛЬЯ́НСКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ НАВУ́К, ЛІТАРАТУ́РЫ І МАСТА́ЦТВА»,
«Італьяна» («Enciclopedia italiana di scienze, lettere ed arti»), універсальнае энцыклапедычнае выданне на італьян. мове. Выдадзена ў Рыме ў 1929—39 у 36 т. (апошні том — паказальнік); дадатак у 3 т. (5 кнігах) выдадзены ў 1948—61. На змест першых 37 тамоў паўплывала тагачасная ідэалогія Мусаліні. У 2-м і 3-м тамах дадатку пераасэнсаваны асобныя тагачасныя падзеі грамадска-паліт., культ. і навук. жыцця. Змест большасці артыкулаў мае гуманітарны характар, звесткі па прыродазнаўчых навуках і тэхніцы змешчаны пераважна ў дадатку. Артыкулы выдання вызначаюцца вял. аб’ёмам, навуковасцю, наяўнасцю бібліяграфіі. Тэрміны, выкарыстаныя ў тэксце, пададзены з англ., ісп., ням. і франц. эквівалентамі. Выданне багата ілюстравана, маст. рэпрадукцыі, партрэты, геагр. карты і фотаздымкі краявідаў вызначаюцца высокай якасцю. На базе гэтай энцыклапедыі выдадзены меншыя па аб’ёме «Слоўнік энцыклапедычны італьянскі» (1955—63), «Энцыклапедыя Еўропы» (1976—81); перавыдаецца ням. выд-вамі (Бракгаўз, Маер і Гердэр).