атрутнае рэчыва нервова-паралітычнага дзеяння. Вельмі таксічны. Асабліва хутка выклікае пашкоджанне арганізма пры інгаляцыі (міёз, цяжкасць дыхання). Лятальная таксічная доза (умоўна) 0,1 мгмін/л.
Вадкасць без колеру і паху, tкіп 151,5 °C (кіпіць з раскладаннем), шчыльн. 1094 кг/м³ (20 °C). Змешваецца ва ўсіх адносінах з вадой і арган. растваральнікамі. Гідралізуецца воднымі растворамі шчолачаў, аміяку і амінаў (рэакцыі выкарыстоўваюць для дэгазацыі З.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРАХО́ДНЫЯ Я́КАСЦІсудна,
сукупнасць характарыстык судна, якія вызначаюць яго плывучасць, астойлівасць, непатапляльнасць, ходкасць, кіравальнасць, узыходжанасць на хвалю і інш.
Вызначаюць магчымасць эксплуатацыі судна ў басейнах з рознымі гідраметэаралагічнымі ўмовамі (на рэках, вадасховішчах, партовых акваторыях, рэйдах, у пэўных марскіх раёнах) або без абмежавання раёна плавання. Залежаць ад памераў і суадносін гал. вымярэнняў судна (даўжыні, шырыні, вышыні борта, асадкі), формы абводаў (абрысу вонкавай паверхні корпуса), размеркавання мас па даўжыні і вышыні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТЫРАЛО́Г [ад грэч. martyr сведка; пазней пакутнік (у Новым запавеце — аб вучнях Хрыста) + logos слова, вучэнне],
1) у хрысціянскай царк. л-ры зборнік апавяданняў пра святых і пакутнікаў. Першапачаткова гэта быў каляндар, дзе пазначаліся імёны святых, месцы іх пакутніцтваў і дні іх памяці, пазней стаў дапаўняцца біяграфіяй. Найб. вядомыя «Усеагульны М.» (1536) у каталіцызме і «Менелогій» (9 ст.) у праваслаўі.
2) Спіс ахвяр, якія без віны загінулі, пакараныя смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЧ-РЫ́БА (Xiphias gladius),
адзіны від сям. мечарылых атр. акунепадобных. Пашыраны ва ўсіх акіянах, пераважна ў тропіках. Мігрыруе на вял. адлегласці. Зрэдку трапляецца ў Азоўскім, Балтыйскім, Баранцавым, Чорным, Японскім морах.
Даўж. да 4,5 м, маса да 0,5 т. Цела без лускі. Верхняя сківіца выцягнута ў мечападобны адростак (адсюль назва) даўж. да 1/3 усёй рыбы. Драпежнік, корміцца кальмарамі, рыбай і інш. Аб’ект промыслу і спарт. лову.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАЦЭФА́ЛІЯ (ад мікра... + грэч. kephalē галава),
малая велічыня чэрапа і галаўнога мозга пры адносна нармальных памерах іншых частак цела чалавека; загана развіцця. Суправаджаецца недаразвіццём і структурнымі парушэннямі будовы вял. паўшар’яў, разумовай недаразвітасцю (гл.Алігафрэнія), затрымкай псіхічнага развіцця, мышачнай гіпатаніяй і інш. Бывае М. першасная (спадчынная) і другасная (пашкоджанні галаўнога мозга, напр., родавая траўма, запаленне і інш.). М. адрозніваюць ад гіпаплазіі галаўнога мозга (змяншэнне масы мозга без структурных парушэнняў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВА ПРЫТУ́ЛКУ,
права на ўезд і пражыванне, якое даецца дзяржавай замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, якія на нявызначаны час застаюцца на тэрыторыі дадзенай дзяржавы, калі на радзіме яны церпяць праследаванне за паліт., рэліг. і інш. перакананні або нац. прыналежнасць. Дазвол на прытулак не цягне за сабой аўтаматычнага набыцця грамадзянства краіны. П.п. ў Рэспубліцы Беларусь замацавана ў арт. 12 Канстытуцыі. Асобам, абвінавачаным у крымінальных ці інш. злачынствах, П.п. не прадастаўляецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТАЯ́ННАЯ РА́ДА, Няспынная рада (польск. Rada Nieustająca),
вышэйшы орган дзярж. улады Рэчы Паспалітай у 1775—89, 1793—94. Першы пастаянна дзеючы паміж сесіямі соймацэнтр. ўрад, створаны на сойме 1773—75 пасля ратыфікацыі ўмоў 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) для замацавання пераважнага ўплыву Рас. імперыі на ўнутр. справы дзяржавы. Функцыі П.р. аформлены Статутам 1775. Складалася з караля, 18 сенатараў і 18 паслоў ад ваяводстваў са шляхты. Членаў П.р. выбіралі на сойме тайным галасаваннем на 2 гады, пасля чаго праводзіліся перавыбары 1/3 яе складу. Старшынстваваў у радзе кароль (пры яго адсутнасці — прымас), які меў права заканад. ініцыятывы. Падзялялася на дэпартаменты замежных спраў, скарбу, паліцыі, войска, справядлівасці, якія ўзначальваліся сенатарамі. Стварэнне П.р. зафіксавала кампраміс паміж каралём і магнатамі. Кароль мог прызначаць сенатараў і міністраў з 3 кандыдатаў, прапанаваных соймам, страціў права аднаасобна раздаваць староствы, афіцэрскія чыны і прымаць рашэнні па кіраванні арміяй без згоды гетманаў. П.р. атрымала права склікаць звычайныя і надзвычайныя соймы нават без згоды караля, кантраляваць дзярж. скарб без справаздачы перад соймам. Пры падтрымцы Расіі П.р. ўвяла эмфітэтычнае (абмежаванае 50 гадамі) трыманне старостваў, адзінае мыта, вэксальнае права, градацыю падымнага падатку, пераўтварыла панцырныя і гусарскія харугвы ў брыгады нац. кавалерыі, увяла падзел арміі на 6 дывізій, удзельнічала ў заснаванні Адукацыйнай камісіі. На Чатырохгадовым сойме 1788—92 апазіцыя дамаглася 14.1.1789 ліквідацыі П.р. як «сродку замежнага дыктату і пагрозы ўкаранення нязвыклага дынастычнага абсалютызму». Таргавіцкая канфедэрацыя аднавіла П.р. для склікання Гродзенскага сойма 1793 з мэтай ратыфікацыі 2-га падзелу Рэчы Паспалітай. Сойм абраў П.р. з 24 чал. Мела дэпартаменты скарбу, войска, паліцыі, справядлівасці, адукацыі і замежных спраў, наглядала за парадкавымі цывільна-вайсковымі камісіямі ў ваяводствах і паветах. Праіснавала да стварэння ў час паўстання 1794 Найвышэйшай нацыянальнай рады ў Варшаве і Найвышэйшай літоўскай рады ў Вільні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДПРЫМА́ЛЬНІЦТВА,
дзейнасць грамадзян ці іх аб’яднанняў, якая ажыццяўляецца ад іх імя, на ўласную рызыку і за кошт сваёй маёмасці, накіравана на сістэм. атрыманне даходу. Паўнацэннае П. магчыма ў рыначнай сістэме і ўласціва ўсім відам уласнасці, уключаючы дзяржаўную. Развіццё П. цесна звязана з эканам. працэсамі, якія ствараюць для яго спрыяльныя ўмовы, — раздзяржаўленне ўласнасці, прыватызацыя прадпрыемстваў, заахвочванне канкурэнцыі і інш.
Прадпрымальнік можа ажыццяўляць любыя віды гасп. дзейнасці, не забароненыя законам, у т. л. камерцыйнае пасрэдніцтва, гандл.-закупачную, кансультацыйную і інш., а таксама аперацыі з каштоўнымі паперамі. Статус прадпрымальніка набываецца праз дзярж. рэгістрацыю, без якой П. забаронена. Формы П.: прыватнае і калектыўнае; можа ажыццяўляцца без выкарыстання наёмнай працы, з яе выкарыстаннем; са стварэннем юрыд. асобы, без яе стварэння. Прадпрымальнік мае права: ствараць для П. любыя прадпрыемствы, якія не супярэчаць заканадаўству; набываць поўнасцю або часткова маёмасць дзярж. прадпрыемстваў і прадпрыемстваў, заснаваных на інш. формах уласнасці, інш. маёмасць і маёмасныя правы; наймаць і звальняць работнікаў на ўмовах кантрактаў; самастойна ўстанаўліваць формы, сістэмы і памеры аплаты працы і інш. даходы асоб, што працуюць па найме; самастойна фарміраваць праграму гасп. дзейнасці, выбіраць пастаўшчыкоў і спажыўцоў, устанаўліваць цэны і тарыфы; адкрываць рахункі ў банках, ажыццяўляць усе віды разліковых, крэдытных і касавых аперацый, свабодна распараджацца прыбыткам (даходам) ад прадпрымальніцкай дзейнасці, што застаецца пасля выплаты падаткаў; карыстацца дзярж. сістэмай сац. забеспячэння і страхавання; выступаць удзельнікам знешнеэканам. зносін і ажыццяўляць валютныя аперацыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.
На Беларусі П. развіваецца з 2-й пал. 1980-х г., прайшло 3 асн. этапы: кааператыўнае П. (1988—91), пры якім асн. крыніцай прадпрымальніцкіх даходаў была розніца паміж дзярж. і свабоднымі цэнамі; П. ва ўмовах свабоднага цэнаўтварэння (1992—95), калі адбываўся бурны рост прадпрымальніцкай актыўнасці, а самі прадпрымальнікі пачалі асэнсоўваць сябе як сац. слой са сваімі эканам. інтарэсамі; П. ва ўмовах цэнтралізаванага дзярж. рэгулявання (з 1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЯРО́ДАК,
намнажэнне алювіяльных наносаў у рэчышчы ракі ў выглядзе невысокіх затопленых або часткова аголеных астравоў. Звычайна без расліннасці. Форма асяродку падоўжаная, выцягнутая па цячэнні, пл. да некалькіх дзесяткаў, радзей соцень квадратных метраў. Падзяляюць рэчышча на рукавы, паступова рухаюцца ўніз па цячэнні ракі (ніжняя ч. намываецца, верхняя размываецца). Замацаванне асяродку расліннасцю прыводзіць да ператварэння яго ва ўстойлівы востраў. Трапляюцца пераважна на рэках паўд.ч. Беларусі (на Прыпяці, Дняпры, Сажы, Іпуці і інш.). Месца гнездавання птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗАЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя арганічныя злучэнні, якія змяшчаюць азагрупу -N=N-, звязаную з двума радыкаламі. Радыкалы бываюць аліфатычныя, араматычныя ці гетэрацыклічныя з функцыян. групамі (OH, NH2, CN) або без іх. Найпрасцейшыя азазлучэнні — азаметан CH3N=NCH3, азабензол. Для азазлучэнняў характэрна цыс- і трансізамерыя, для оксізамяшчальных — таўтамерыя. Асн. метад атрымання — азаспалучэнне. Аліфатычныя азазлучэнні выкарыстоўваюць як ініцыятары палімерызацыі і сітавінаўтваральнікі, араматычныя з OH- і NH2-групамі як сінт.азафарбавальнікі і кіслотна-асноўныя індыкатары ў аналітычнай хіміі.