КРЫ́МСКІ ПАЎВО́СТРАЎ, Крым,

на Пд Украіны. Абмываецца на З і Пд Чорным, на У Азоўскім морамі і Керчанскім пралівам. З мацерыком злучаны вузкім (8 км) Перакопскім перашыйкам. Пл. 27 тыс. км². На У — Керчанскі п-аў, на З — Тарханкуцкі. Уздоўж паўн.-ўсх. ўзбярэжжа цягнецца сістэма неглыбокіх заліваў (Сіваш), якія аддзелены ад мора нізіннай пясчанай Арабацкай Стрэлкай. Паўн. частка К. — раўніна (т.зв. Стэпавы К.), паўд. (Горны К.) займаюць Крымскія горы (выш. да 1545 м, г. Раман-Кош). Каля паўд. падэшвы гор прыбярэжная паласа Паўднёвага берага Крыма з лакалітамі (г. Аюдаг) і стараж. вулканічнымі масівамі (Карадаг). Карысныя выкапні: жал. руда (Керчанскі жалезарудны басейн), газ, нафта, вапнякі, мергелі, соль і лек. гразі азёр. Клімат на Пн умераны, сухі, на Пд субтрапічны міжземнаморскага тыпу. Сярэднія т-ры студз. ад 1—2 °C на Пн да 4 °C на Пд, ліп. 24 °C. Ападкаў ад 300 мм на Пн да 1200 мм у гарах за год. Рэкі малаводныя, найб. — Чорная, Салгір, Кача, Альма. Ліманныя салёныя азёры (Сакскае і інш.). Паўн.-Крымскі канал. Глебы на Пн каштанавыя, у цэнтры — пераважна чарназёмы, у гарах бурыя горна-лясныя і чарназёмападобныя горна-лугавыя. Стэпавы К. амаль поўнасцю ўзараны, зрэдку трапляецца стэпавая расліннасць. У гарах ядлоўцава-дубовыя і букава-грабавыя лясы. На ўзбярэжжы хмызняковая расліннасць з шыбляку. Жывёльны свет: на Пн стэпавыя грызуны і птушкі, у гарах высакародны алень, муфлон, казуля, каменная куніца, кажан; птушкі — чорнагаловая сойка, дзяцел, чорны грыф, арлы. На тэр. К. — Ялцінскі, Мыс Марцьян, Карадагскі запаведнікі, Крымская запаведна-паляўнічая гаспадарка, Нікіцкі бат. сад. Гал. гарады: Сімферопаль, Севастопаль, Керч, Еўпаторыя і інш. Пра гаспадарку гл. ў арт. Крым (Аўтаномная Рэспубліка Крым).

Г.​С.​Смамкоў.

т. 8, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́НЕ-ЗЯЛЁНЫЯ ВО́ДАРАСЦІ, цыянавыя водарасці (Cyanophyta, або Cyanomycota),

аддзел водарасцей. З кл.: храакокавыя, хамесіфонавыя і гармагоніевыя водарасці. Паводле будовы клетак (у т. л. арганізацыі ядзернага апарату, саставу і генет. уласцівасцей) адносяцца да пракарыётаў, а таксама да бактэрый і наз. цыянабактэрыямі. Адначасова С.-з.в. ўключаюць у бат. класіфікацыю, якая з’яўляецца філагенетычнай, і наз. цыянапракарыётамі. Каля 150 родаў, 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Вядомы з дакембрыю (узрост некат. з іх больш за 3 млрд. гадоў). На Беларусі 327 відаў, разнавіднасцей і форм з 55 родаў: асцыляторыя, насток, мікрацысціс, афанізаменон, глеятрыхія, глеякапса, фармідыум, калотрыкс, спіруліна, афанатэцэ, сінехакокус і інш.

Аднаклетачныя, каланіяльныя і шматклетачныя (ніткаватыя) арганізмы, мікраскапічныя, часта ўтвараюць буйныя скопішчы ў выглядзе корак і кусцікаў выш да 20 см (у трапічных морах). Афарбоўка ад сіне-зялёнай да чырвонай. Фотасінтэзуючыя, маюць хларафіл a, караціноіды і асобныя пігменты — фікабіліпратэіды Для С.-з.в. характэрна адсутнасць жгуцікавых стадый і палавога працэсу.

Размнажэнне вегетатыўнае. Уваходзяць у склад планктону, бентасу прэсных вод і мораў, жывуць на паверхні глебы, у гарачых крыніцах з т-рай вады да 80 °C, у вапнавым субстраце, гарах, Арктыцы і Антарктыцы. З’яўляюцца піянерамі жыцця ў крайніх умовах існавання. Часта знаходзяцца ў сімбіятычных адносінах з іншымі арганізмамі: аднаклетачнымі водарасцямі, што страцілі хларапласты, прасцейшымі, грыбамі (лішайнікі), моха- і папарацепадобнымі, сагаўнікавымі, пакрытанасеннымі. Выконваюць ролю азотфіксатараў і выкарыстоўваюцца як угнаенне (напр., на рысавых палях). Выклікаюць «цвіценне» вады ў вадасховішчах. Некат. ўжываюцца ў ежу (насток, спіруліна), выкарыстоўваюцца для культывавання (напр., для вырабу лекаў).

Літ.:

Громов Б.В. Ультраструктура сине-зеленых водорослей. Л., 1976;

Гусев М.В., Никитина К.А. Цианобактерии. М., 1979;

Komárek J, Anagnostidis K. Cyanoprokaryota. // Süsswasserflora von Mittel europa. Jena etc., 1999. Bd. 19, t. 1.

Т.​М.​Міхеева.

т. 14, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРА́ФІЯ РАСЛІ́Н, фітагеаграфія,

раздзел батанічнай і фіз. геаграфіі (біягеаграфіі), які вывучае размеркаванне ў сучасным і мінулым асобных відаў раслін і іх сістэматычных груп па паверхні Зямлі і заканамернасці іх пашырэння. Цесна звязана з геабатанікай, палеабатанікай, геалогіяй і інш. Даследуе сучасныя арэалы відаў, родаў, сямействаў раслін (фітахаралогія) і іх гістарычна складзеныя комплексы — геагр. элементы флоры (фларыстычная геаграфія раслін), высвятляе залежнасць пашырэння раслін ад умоў навакольнага асяроддзя (экалагічная геаграфія раслін), гісторыю развіцця флоры зямнога шара і асобных фларыстычных комплексаў, рассяленне і ўзнікненне відаў і інш. таксонаў раслін (флорагенетыка). Практычнае значэнне геаграфіі раслін звязана з пошукам магчымасцей расшырэння асартыменту неабходных для чалавека раслін, з рашэннем пытанняў іх інтрадукцыі і акліматызацыі.

Развіццё геаграфіі раслін як навукі пачалося з даследаванняў ням. вучонага А.Гумбальта і швейц. батаніка К.Дэкандоля. Вял. значэнне для развіцця гіст. эвалюцыйнага прынцыпу ў геаграфіі раслін мелі вучэнне Ч.Дарвіна, работы рус. Вучоных М.Бякетава, А.М.Краснова, М.І.Кузняцова, У.Л.Камарова і інш., а таксама вучэнне В.​В.​Дакучаева пра зоны прыроды.

На тэр. Беларусі даследаванні па геаграфіі раслін вядуцца з канца 18 — пач. 19 ст. (В.​Бесэр, Э.​Ліндэман, Р.​Пабо, К.​Чалоўскі, Р.​Траўтфетэр і інш.). Шырокую вядомасць мелі фларыстычныя і фітагеагр. працы І.​К.​Пачоскага і В.​С.​Палянскай. Н.-д. работа вядзецца ў НДІ АН Беларусі (Ін-т эксперым. батанікі, Ін-т геал. навук), Цэнтр. бат. садзе, БДУ і інш. Вывучаюцца гіст. і фітагеагр. Сувязі флоры Беларусі з флорамі інш. рэгіёнаў, праводзіцца аналіз уздзеяння чалавека і тэхнагенных фактараў на працэсы флорагенезу, распрацоўваюцца тэарэт. пытанні фітахаралогіі (Н.В.Казлоўская, В.І.Парфёнаў, І.Д.Юркевіч, В.С.Гельтман, Г.​У.​Вынаеў і інш.).

Літ.:

Козловская Н.В. Флора Белоруссии, закономерности ее формирования, научные основы использования и охраны. Мн., 1978;

Парфенов В.И., Ким Г.А., Рыковский Г.Ф. Антропогенныя изменения флоры и растительности Белоруссии. Мн., 1985.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 5, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСАЗНА́ЎСТВА,

навука пра лес, яго фарміраванне, структуру, экалогію, біялогію, развіццё, сувязь з навакольным асяроддзем; тэарэтычная аснова лесаводства. Уключае лясную тыпалогію. Карыстаецца метадамі глебазнаўства (пры вывучэнні лясных глеб), кліматалогіі (пры вывучэнні фітаклімату ў лесе), фізіялогіі раслін (пры даследаванні фізіял. працэсаў у фітацэнозах), біяхіміі (пры вывучэнні кругавароту рэчываў паміж ляснымі фітацэнозамі і глебай), дэндралогіі, матэм. статыстыкі і інш. навук.

На Беларусі тыпалагічныя даследаванні лясоў праводзілі рас. лесаводы Н.​К.​Генко у Белавежскай пушчы (1902—03) і А.​А.​Крудзенер (1909). Асновы Л. як навукі закладзены ў 1920-я г. ў Горацкім с.-г. ін-це і Бел. ін-це сельскай і лясной гаспадаркі (пасля іх аб’яднання — БСГА), на Мінскай, Жорнаўскай і Цэнтр. лясных доследных станцыях (В.​І.​Пераход, Г.​М.​Высоцкі, С.​П.​Мельнік, Д.​І.​Таўсталес). Вяліся гідралагічныя і тыпалагічныя даследаванні лясоў, вывучэнне сезоннага развіцця дрэвавых і кустовых відаў і інш. У 1930 створаны Бел. НДІ лясной гаспадаркі (з 1993 Ін-т лесу Нац. АН Беларусі) і Бел. лесатэхн. ін-т (з 1993 Бел. тэхнал. ун-т). Даследаванні па Л. праводзяцца таксама ў Ін-це эксперым. батанікі і Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі, у запаведніках.

Распрацаваны тэарэт. асновы класіфікацыі тыпаў лесу, іх эколага-фітацэнатычная характарыстыка, метады вывучэння тыпаў лесу па цэнаэлементах, вызначана фармавая разнастайнасць лесаўтваральных парод, вывучаны пытанні плоданашэння і прыроднага аднаўлення лесу, прапанаваны класіфікацыя дрэў у насаджэннях і спосабы іх біял. ацэнкі. Даследаваны глебавыя працэсы пад лесам, біял. кругаварот азоту і попельных элементаў у сістэме лес — глеба, экалагічнае і фітакліматычнае асяроддзе ў лесе, уплыў кіслотнасці глебы, вільготнасці і светлавога рэжыму на дрэвавыя пароды. Выяўлены ўздзеянне экалагічных фактараў на фізіял. і біяхім. працэсы, заканамернасці ўплыву рэжыму і балансу грунтавых вод і глебавай вільготнасці на прадукцыйнасць лясных фітацэнозаў, эколага-фізіял. працэсы ўзаемадзеяння раслін у фітацэнозах. Вядзецца комплекснае вывучэнне ўзаемасувязі кампанентаў лясных біягеацэнозаў, вызначэнне і мадэліраванне гал. эколага-фітацэнатычных параметраў, экалагічны і радыялагічны маніторынг лясных біягеацэнозаў і інш.

т. 9, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВРО́ЦЛАЎ (Wrocław),

горад на ПдЗ Польшчы, на р. Одра. Адм. ц. Вроцлаўскага ваяводства. Гал. прамысл. і культ. цэнтр прыроднай вобласці Сілезія (Шлёнск). 642,3 тыс. ж. (1993). Вузел аўтадарог і 9 чыгунак. Порт на р. Одра. Аэрапорт. Машынабудаванне (эл.-тэхн., радыёэлектроннае, электравоза-, вагона-, станка- і прыладабудаванне, электронна-выліч. машыны, вырабы дакладнай механікі, судны), хім., харч., швейная, тэкст., дрэваапр., паліграф. прам-сць. Філіял АН. 8 ВНУ (у т. л. ун-т). Т-ры (у т. л. оперны). Бат. сад.

Упершыню ўпамінаецца ў 980. З 1000 цэнтр епіскапства, з 1163 рэзідэнцыя сілезскіх Пястаў, буйны гандл. цэнтр. У 1261 атрымаў магдэбургскае права. У 1264—1335 цэнтр Вроцлаўскага княства. З 1335 у складзе Чэшскага каралеўства (наз. Враціслаў), з 1526 пад уладай Габсбургаў. У 1742 захоплены Прусіяй (ням. назва Брэслаў). У 1848 Вроцлаў — адзін з цэнтраў рэв. руху. У канцы 19 — пач. 20 ст. значна германізаваны. У 2-ю сусв. вайну разбураны, каля Вроцлава фашысты зрабілі 5 філіялаў канцлагера Грос-Розен. Паводле рашэнняў Патсдамскай канферэнцыі 1945 перададзены Польшчы.

Старыя раёны горада размешчаны на берагах і астравах р. Одра (Одэр), тут знаходзяцца цэнтр. пл. Рынак, кляштар і касцёл Дзевы Марыі (12—14 ст.), касцёлы Іаана Хрысціцеля (13—15 ст.), Марыі Магдалены (14 ст., раманскі паўд. партал 12 ст.), св. Войцеха (13—15 ст.), ратуша (2-я пал. 13 ст. — 1504), жылыя дамы 14—17 ст., езуіцкі калегіум (1726—32, цяпер ун-т) і б-ка фонду імя Асалінскіх (1676—1715) у стылі барока, «Зала стагоддзя» (ням. арх. М.​Берг, 1911 – 13; цяпер «Народны дом») са смелай наватарскай канструкцыяй агромністага купала (яго жалезабетонныя рэбры апіраюцца на кальцо, якое падтрымліваюць 4 сегментныя аркі і рэбры). Адноўлены разбураныя ў 2-ю сусв. вайну арх. Помнікі, збудаваны комплекс Выстаўкі ўз’яднаных зямель (з 1948), «Школа тысячагоддзя» (1960) і інш., жылыя дамы ў раёне Гаявіцы, на пл. Грунвальда і інш. Музеі: Сілезскі і архітэктуры.

В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Вроцлаў. Панарама горада.
Вроцлаў. Будынкі на плошчы Рынак.

т. 4, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАРЫ́ЦКІ РАЁН.

На ПдЗ Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,4 тыс. км². Нас. 29,1 тыс. чал. (1998), гарадскога 40%. Сярэдняя шчыльнасць 21 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Маларыта. Уключае 78 сельскіх населеных пунктаў, 9 сельсаветаў: Арэхаўскі, Велікарыцкі, Гвозніцкі, Лукаўскі, Макранскі, Маларыцкі, Олтушскі, Хаціслаўскі, Чарнянскі.

Тэрыторыя раёна размешчана ў межах Брэсцкага Палесся. Паверхня — плоская раўніна з асобнымі ўчасткамі дзюнна-ўзгорыстых форм. Агульны нахіл з Пд на Пн. 99% тэрыторыі на выш. 150—170 м, найвыш. пункт 189 м (за 4 км на ПдЗ ад Маларыты). Карысныя выкапні: мел, торф, сапрапель, сілікатныя і буд. пяскі, гліна. Сярэдняя т-ра студз. -4,4 °C, ліп. 18,7 °C. Ападкаў 543 мм за год.

Вегетац. перыяд 207 сут. Найб. р. Рыта (прыток Мухаўца) з прытокам Маларыта. Азёры Арэхаўскае, Олтушскае, Малое. Лукаўскае вадасховішча. Найб. меліярац. каналы Бона, Гусацкі, Замшанка. Пераважаюць глебы дзярнова-карбанатныя забалочаныя (33,7%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,2%), тарфяна-балотныя (29,2%). Пад лесам 45% тэр. раёна. Лясы хваёвыя, чорнаальховыя, бярозавыя, дубовыя і інш., чвэрць з іх — штучныя насаджэнні. Пад балотамі каля 20% тэрыторыі, большая ч. з іх асушана. Заказнікі: рэсп. значэння біял. Лукава; бат. мясц. значэння Гусакі і Багуслаўка. Помнікі прыроды: рэсп. значэння — Цар-дуб (800 гадоў), Дуб-патрыярх (700 гадоў), ельнікі астраўныя ў Пажэжынскім і Маларыцкім лясніцтвах.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 46,3 тыс. га, з іх асушаных 74%. На 1.1.1999 у раёне 15 калгасаў, 38 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, бульбы і цукр. буракоў. Прадпрыемствы харч. і буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Брэст—Ковель і аўтадарогі Кобрын—Уладава і Брэст—Ковель. У раёне 15 сярэдніх, 6 базавых, 8 пач., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, 16 дашкольных устаноў, 30 дамоў культуры і клубаў, 28 б-к, 4 бальніцы, паліклініка, 4 амбулаторыі, 11 фельч.-ак. пунктаў. Арх. помнікі: цэрквы Раства Багародзіцы (2-я пал. 17 ст.) у в. Дарапеевічы, Раства Багародзіцы (1713) у в. Ляхаўцы, Праабражэнская (1783) у в. Олтуш, Праабражэнская (1799) у в. Хаціслаў. Выдаецца газ. «Голас часу».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 10, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ ГЕНЕ́ТЫКА,

навука пра спадчыннасць і зменлівасць жывых істот на субклетачным і малекулярным узроўні; раздзел генетыкі і малекулярнай біялогіі. Вывучае заканамернасці і малекулярныя механізмы захавання, узнаўлення і перадачы спадчыннай інфармацыі. Даныя М.г. выкарыстоўваюцца ў медыцыне, прам-сці, сельскай гаспадарцы, складаюць аснову многіх біял. навук.

Вылучылася ў самастойны кірунак у сярэдзіне 20 ст. ў сувязі з доказам ролі малекул ДНК і РНК у спадчыннасці і ўкараненнем у біялогію новых фіз. і хім. метадаў даследаванняў. У развіццё М.г. вял. ўклад зрабілі амер. вучоныя А.Д.Хершы, Дж.Ледэрберг, Дж.Уотсан, А.Корнберг, М.Нірэнберг, Х.Г.Карана, Д.Балтымар, франц. — Ф.Жакоб, Ж.Мано, англ. — Ф.Крык, сав. — А.​А.​Баеў, А.С.Спірын, Г.К.Скрабін, і інш. Вывучаны механізмы функцыянавання і структура ДНК і РНК, расшыфраваны генетычны код, адкрыта адваротная транскрыпцыя, высветлена роля і механізмы дзеяння ферментных сістэм у рэплікацыі, транскрыпцыі, трансляцыі і рэпарацыі генаў; створана аперонная мадэль рэгуляцыі экспрэсіі генаў. Стварэнне рэкамбінантнай малекулы ДНК (амер. вучоны П.​Берг, 1972) паклала пачатак развіццю генетычнай інжынерыі. Вядуцца работы па малекулярна-генет. карціраванні геномаў, лакалізацыі і кланіраванні генаў. У шэрагу арганізмаў вызначана нуклеатыдная паслядоўнасць ДНК усяго генома. Створаны генетычна мадыфікаваныя мікраарганізмы, расліны і жывёлы з генамі, каштоўнымі для сельскай гаспадаркі, медыцыны і інш. У 1997 англ. вучоныя адкрылі магчымасць кланіравання жывёл з адной саматычнай клеткі.

На Беларусі праблемы М.г. распрацоўваюцца з канца 1960-х г. Значны ўклад у развіццё М.г. зрабілі Р.Р.Ганчарэнка, М.Л.Картэль, Г.І.Лазюк, У.А.Пракулевіч, Ю.К.Фамічоў і інш. Даследаванні вядуцца ў ін-тах Нац. АН Беларусі: генетыкі і цыталогіі, біяарганічнай хіміі, эксперыментальнай батанікі, лесу, Цэнтр. бат. садзе; БДУ, НДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў. Вывучаюцца малекулярныя структуры і функцыянаванне геномаў раслін, роля паўторных паслядоўнасцей ДНК у геномах, генет. трансфармацыя раслін, мітахандрыяльныя і хларапластныя геномы. Высвятляюцца генет. арганізацыя храмасом фітапатагенных бактэрый і генетыка бактэрыяфагаў, малекулярныя механізмы генет. рэгуляцыі сінтэзу ферментаў у бактэрыяльнай клетцы. Даследуюцца праблемы спадчынных заган развіцця.

Літ.:

Стент Г., Кэлиндар Р. Молекулярная генетика: Пер. с англ. 2 изд. М., 1981;

Инге-Вечтомов С.Г. Введение в молекулярную генетику. М., 1983;

Картель Н.А. Биоинженерия: методы и возможности. Мн., 1989.

М.​А.​Картэль.

т. 10, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕ́РМА (Palermo),

горад у Італіі, на ПнЗ в-ва Сіцылія. Адм. цэнтр вобл. Сіцылія і прав. Палерма. Каля 740 тыс. ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на Тырэнскім м. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. суднабуд., суднарамонтная, с.-г., эл.-тэхн., радыёэлектронная; дрэваапр., мэблевая, паліграф., цэм., харчасмакавая. Ун-т (з 1777). Акадэмія выяўл. мастацтваў і музыкі, кансерваторыя. Абсерваторыя. Бат. сад. Оперны і драм. тэатры. Турызм. Зімовы курорт. Штогадовыя міжземнаморскія кірмашы.

Засн. фінікійцамі. У 5—3 ст. да н.э. гал. цэнтр карфагенян у Сіцыліі. У 254 да н.э. заваяваны Рымам, у 535 н.э. — Візантыяй, у 1-й пал. 9 ст. — арабамі, у 1072 — нарманамі. З 1130 рэзідэнцыя каралёў Сіцылійскага каралеўства. З 12 ст. буйны эканам. і культ. цэнтр Паўд. Еўропы. У 1282 пасля паўстання (гл. «Сіцылійская вячэрня») з горада выгнана Анжуйская дынастыя. У час праўлення каралёў Арагона (1302—1479) заняпаў. З 1504 у складзе Сіцылій абедзвюх Каралеўства. У 1734—1816 сталіца Сіцылійскага каралеўства, размяшчалася рэзідэнцыя віцэ-караля. З 1820 цэнтр рэв. руху за аўтаномію Сіцыліі. Паўстаннем у П. (12.1.1848) пачалася Рэвалюцыя 1848—49 у Італіі. 27.5.1860 вызвалены войскамі Дж.Гарыбальдзі ад улады ісп. Бурбонаў і ўвайшоў у склад Італьян. каралеўства.

У старой частцы П. — касцёлы Сан-Джавані дэльі Эрэміці (каля 1132, мазаікі сярэдзіны 12 ст.) і Мартарана (спалучае рысы раманскага стылю з элементамі араб. і візант. архітэктуры; 1143, мазаікі сярэдзіны 12 ст.), Палацца Рэале (нармандскі палац 11 ст., перабудаваны з араб. крэпасці; перабудаваны ў 16—18 ст., мазаікі 12 ст.), Капэла Палаціна (1130—43, мазаікі 12 ст.), сабор (каля 1170, гал. фасад 14—15 ст., порцік 1465; купал — пасля 1781, паводле праекта Ф.​Фугі; кампаніла 12 ст.); палацы Ла Дзіза (1154—60), Ла Куба (1180), К’ярамонце (1307), Абатэлі (1495), касцёлы 17 ст., т-р «Масіма» (1879—97, арх. Дж.Б. і Э.​Базіле). У сучасным цэнтры П. (раён Вілануова) — магазін «Рандаца» (1960) і інш. Музеі: археал. нац., Нац. галерэя Сіцыліі, галерэя сучаснага мастацтва, этнагр. Дж.​Пітрэ, скарбніца сабора.

Сабор у Палерма. 12 ст.

т. 11, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЕЛЯНЕ́ННЕ,

комплекс мерапрыемстваў па аднаўленні або стварэнні і выкарыстанні расліннага покрыва ў населеных месцах і іх наваколлі з мэтай палепшыць якасць асяроддзя. Мае сан.-экалагічнае (зялёныя насаджэнні сярод забудоў, уключаючы прамысл. зоны, зніжаюць узровень шуму, затрымліваюць пыл і аэразолі, садзейнічаюць памяншэнню канцэнтрацыі дыму і шкодных газаў у атмасферы, павелічэнню іанізацыі паветра, наяўнасці кіслароду і фітагенных злучэнняў, якія валодаюць бактэрыцыднымі ўласцівасцямі і знішчаюць узбуджальнікаў хвароб чалавека і жывёл, змяншаюць яркасць сонечнага святла і радыяцыйную т-ру і інш.), рэкрэацыйнае (месцы адпачынку), гаспадарчае (выконваюць ветраахоўную функцыю, з’яўляюцца сродкамі аптымальнага размеркавання ападкаў і паверхневага сцёку, барацьбы з эрозіяй глебы і інш.), арх.-дэкаратыўнае і эстэтычнае (ствараюць у нас. пунктах натуральнае пейзажнае асяроддзе, узбагачаюць іх арх. аблічча) значэнне. Зялёныя насаджэнні падзяляюцца на агульныя (паркі, сады, скверы, бульвары, алеі і інш.), абмежаваныя (у дварах школьных, дашкольных, лячэбных, н.-д. і інш. устаноў, у жылых раёнах) і спецыяльныя (вакол прамысл. прадпрыемстваў, водаахоўныя, проціпажарныя, супрацьэразійныя і інш.). Фарміраванне сістэмы азелянення ў розных нас. месцах залежыць ад іх геагр. становішча, мясц. кліматычных і прыродна-ландшафтных умоў (наяўныя лясныя масівы, асаблівасці рэльефу і глеб, размяшчэнне вадаёмаў), памераў, нар.-гасп. профілю і планіровачнай структуры гарадоў і пасёлкаў.

На Беларусі мэтанакіраванае азеляненне пашырылася з 17—18 ст. (гл. Садова-паркавае мастацтва). Сучаснае азеляненне ажыццяўляецца на аснове навукова-абгрунтаваных прынцыпаў і нарматываў: прадугледжваецца раўнамернае размеркаванне зялёных масіваў сярод забудовы ўсіх відаў, сувязь іх паміж сабой і з прыгараднымі лясамі і вадаёмамі, макс. захаванне існуючых насаджэнняў і інш. Зялёныя насаджэнні гарадоў займаюць каля 20% агульнай пл. гар. зямель і складаюць каля 40 тыс. га. Створана больш за 40 паркаў культуры і адпачынку, дзіцячых і старт., каля 160 агульнагарадскіх, больш за 1 тыс. садоў і сквераў, каля 50 бульвараў, існуе каля 120 зялёных зон. Састаўной ч. азелянення горада з’яўляюцца насаджэнні прыгараднай зоны: лясы, лесапаркі, лугапаркі, пладовыя сады і інш., якія ствараюць умовы для масавага адпачынку насельніцтва і садзейнічаюць аздараўленню гар. паветра. Н.-д. работа па азеляненні вядзецца ў Цэнтр. бат. садзе і Ін-це экстрым. батанікі АН Беларусі, БелНДІ праблем горадабудаўніцтва.

Да арт. Азеляненне. Зялёныя насаджэнні: на вуліцы А.​Міцкевіча ў Брэсце (злева); на тэрыторыі Аршанскага льнокамбіната.

т. 1, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЕ ПАЛЕ́ССЕ,

фізіка-геаграфічны раён Беларускага Палесся. Займае ПдЗ тэр. Брэсцкай вобл. Мяжуе на Пн з Прыбугскай раўнінай, на Пд — з Валынскім узв.; працягнулася з З ад даліны р. Зах. Буг на У да Загароддзя на 110 км. З Пн на Пд прасціраецца на 60—70 км. Абс. вышыні рэльефу вагаюцца ад 130 м у даліне Зах. Буга да 189 каля г. Маларыта. Пл. 5,9 тыс. км².

Брэсцкае Палессе прымеркавана да ўсх. часткі Падляска-Брэсцкай упадзіны і прылеглых да яе з Пд Лукаўска-Ратнаўскага горста і Дзівінскай ступені. У тоўшчы антрапагену развіты ледавіковыя адклады нараўскага, бярэзінскага і дняпроўскага зледзяненняў, брэсцкага перадледавікоўя, міжледавіковыя белавежскія, александрыйскія і муравінскія, а таксама галацэнавыя. Сярэдняя магутнасць іх 10—50 м, у ледавіковых лагчынах да 110 м. Асн. рысы паверхні аформіліся ў час дняпроўскага зледзянення. Пераважае плоскі і спадзіста-хвалісты рэльеф водна-ледавіковых нізін і раўнін з забалочанымі ўчасткамі азёрна-алювіяльнай нізіны на адзнаках 140—150 м з адноснымі перавышэннямі 2—10 м. Паверхня нахілена на З, да месца зліцця Мухаўца і Зах. Буга. Невысокія насыпныя і напорныя грады і ўзгоркі цягнуцца на Пд Брэсцкага Палесся — ад Зах. Буга да в. Олтуш Маларыцкага р-на і г. Маларыта. Абс. адзнакі тут 175—189 м, адносныя дасягаюць 25 м. На павышаных водападзелах развіты эолавы рэльеф (дзюны, грады, масівы), у лагчынах, арыентаваных пераважна з ПнЗ на ПдУ, забалочаныя стараж. і сучасныя азёрныя катлавіны, у т. л. карставыя. Трапляюцца ўчасткі марэннага рэльефу. Шмат скразных далін. Карысныя выкапні: торф, легкаплаўкія гліны, жвір, пясок, мел, сапрапель. Гал. рэкі: Зах. Буг з прытокамі справа Мухавец, Спанаўка, Капаёўка, Серадовая Рэчка, левыя прытокі Мухаўца Рыта і Асінаўка. У Брэсцкім Палессі зах. ч. Дняпроўска-Бугскага канала, шматлікія меліярац. каналы. Значныя азёры: Арэхаўскае, Олтушскае, Белае, Любань, Рагазнянскае, Чорнае, вадасх. Лукаўскае. Сярэдняя т-ра студз. -4,4 °C, ліп. 18,8 °C, ападкаў 548 мм за год. Глебы тарфяна-балотныя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярнова-падзолістыя і дзярнова-карбанатныя. Пад ворывам каля 30% тэрыторыі. Лясы займаюць 10—20%, на Пд да 40% тэрыторыі. У межах Брэсцкага Палесся заказнікі бат. Радастаўскі і біял. Селяхі.

А.​В.​Мацвееў.

Брэсцкае Палессе. Маларыцкі раён Брэсцкай вобл.

т. 3, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)