гістарычная вобласць на Адрыятычным узбярэжжы Балканскага п-ва (разам з Далмацінскімі а-вамі) на тэр. Харватыі і Чарнагорыі. У старажытнасці была населена ілірыйскімі плямёнамі далматаў (адсюль назва), на прылеглых астравах з 4 ст. да н.э. існавалі грэчаскія гандл. калоніі. У 168—155 да н.э. і пазней заваявана рымлянамі, з 9 н.э.рым. правінцыя з цэнтрам у раёне сучаснага г. Спліт. З 395 у складзе Зах.Рым. імперыі, з 489 у дзяржаве остготаў, з 535 пад уладай Візантыі. У 6—7 ст. заселена славянамі, пазней прынята хрысціянства. У 9—10 ст. пад уладай Харвацкай дзяржавы, з 1102 у Венгерскім каралеўстве. У 12 — пач. 15 ст. росквіт сярэдневяковых гарадоў-камун (Задар, Спліт, Дуброўнік, Котар і інш.). У 1420—1797 Д. (акрамя Дуброўніцкай рэспублікі) — уладанне Венецыі (у 16 ст.ўнутр. раёны Д. заваяваны туркамі), у 1797—1918 —Аўстрыі (у 1806—13 было падпарадкавана Францыі, у т. л. ў складзе Ілірыйскіх правінцый з 1809). З 1918 Д., акрамя гарадоў Задар (Зара), Рыека (Фіуме) і некалькіх астравоў, якія ўвайшлі ў склад Італіі, у Каралеўстве сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У 2-ю сусв. вайну б.ч. Д. анексіравана Італіяй (1941). З 1945 у складзе Харватыі (асн. частка) і Чарнагорыі (крайні Пд).
Літ.:
Фрейденберг М.М. Деревня и городская жизнь в Далмации XIII—XV вв. Калинин, 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗО́ВІЯ (Mazowsze),
гістарычная вобласць Польшчы, у сярэднім цячэнні Віслы і ніжнім цячэнні Нарава і Буга. У раннім сярэдневякоўі тэр. рассялення польскага племя мазаўшан. У склад польскай дзяржавы ўключана, верагодна, у час панавання Мешкі 7, у 10 ст. цэнтр М. — г. Плоцк. У выніку падзелу ў 1138 Польшчы на ўдзелы (паводле завяшчання Баляслава III Крывавустага) узнікла Мазавецкае княства, якое ў 13 ст. распалася на больш дробныя ўдзелы. У 1351—70 і 1388—1526 мазавецкія князі ў леннай залежнасці ад Польшчы. У выніку вымірання мясц. княжацкіх родаў асобныя ўдзелы М. ўключаны ў склад Кароны ў якасці ваяводстваў — Раўскага (1462), Плоцкага (1495), Мазавецкага (1526, цэнтр — г. Варшава). Да 1540 М. захоўвала ўласны сейм, да 1577 — асобнае заканадаўства. У 14—17 ст. дробная шляхта і сяляне каланізавалі суседнія тэр. Прусіі (гл.Мазуры) і Падляшша, заснавалі пасяленні на бел., літ. і ўкр. землях. У выніку Люблінскай уніі 1569 М. стала цэнтр. рэгіёнам Рэчы Паспалітай, Варшава — месцам правядзення агульных сеймаў, з 1569 — сталіцай дзяржавы. У выніку 2-га і 3-га падзелаў Рэчы Паспалітай (1793, 1795) б.ч. М. адышла да Прусіі, меншая — да Аўстрыі. У 1807 і 1809 М. ў межах Варшаўскага герцагства, у 1815 — Каралеўства Польскага. У 1918 увайшла ў склад адноўленай Польскай дзяржавы ў межах Варшаўскага, часткова Беластоцкага і Люблінскага ваяводстваў, з 1999 — у межах Мазавецкага ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІДЭРЛА́НДЫгістарычныя,
у сярэднія вякі вобласць на ПнЗ Еўропы паміж Паўночным м. і Ардэнамі, у бас. рэк Рэйн, Маас і Шэльда (тэр. сучасных Нідэрландаў, Бельгіі, Люксембурга і часткі паўн. Францыі). Да 14—15 ст. тут існавалі асобныя феад. ўладанні: герцагствы Брабант, Лімбург, Гелдэрн, графствы Фландрыя, Артуа, Галандыя, епіскапства Утрэхт і інш., што залежалі ад «Свяшчэннай Рым. імперыі» або ад Францыі. З 14—15 ст.б.ч. іх у складзе Бургундскай дзяржавы, а пасля яе распаду (канец 15 ст.) — уладанне Габсбургаў, Якія ў 1540-я г. аб’ядналі пад сваёй уладай усю тэр. Н. У 1548 Н. (17 правінцый, якія захавалі назвы феад. уладанняў) абвешчаны непадзельным уладаннем на чале з гасударом з дому Габсбургаў і яго намеснікам (ген. штатгальтарам). Пасля распаду імперыі Карла V (1556) Н. пад уладай Іспаніі. У выніку Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. на Пн Н. утварылася незалежная Галандская рэспубліка. Паўд. Н. заставаліся ісп. уладаннем. Пасля войнаў 17 ст. Артуа і ч. Фландрыі адышлі да Францыі. У выніку вайны за іспанскую спадчыну 1700—14 Паўд. Н. перайшлі да Аўстрыі. Венскі кангрэс 1814—15 шляхам далучэння да б. Галандскай рэспублікі Паўд. Н. утварыў на тэр.гіст. Н. Нідэрландскае каралеўства. У выніку Бельгійскай рэвалюцыі 1830 на тэр.Паўд. Н. утварылася незалежнае Бельгійскае каралеўства. Назва «Каралеўства Нідэрландаў» замацавалася як афіц. за Паўн. Н. (сучасныя Нідэрланды). Больш падрабязна гл. ў раздзелах Гісторыя артыкулаў Нідэрланды і Бельгія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВЕ́НСКАЯ МО́ВА,
адна са славянскіх моў (паўд.-слав. група); мова славенцаў; афіц. мова Славеніі. Пашырана ў Італіі, Аўстрыі, ЗША. Мае 49 дыялектаў, якія аб’ядноўваюцца ў 7 дыялектных груп: панонская, штырыйская, карынтыйская, верхнекраінская («гарэньская»), ніжнекраінская («даленьская»), роўтарская, прыморская; да ліку цікавых і арыгінальных належыць дыялект Рэзіі на тэр. Італіі, на базе якога ёсць спробы стварыць літ. мікрамову. С.м. ўласцівы: у фанетыцы — складаная сістэма галосных, дзе проціпастаўляюцца доўгія і кароткія гукі, якія дыферэнцыруюцца ў залежнасці ад націску; спецыфічны поўнагалосны е, э (транскрыбіруецца як перавернутае е: ә) неўласцівы інш. сучасным мовам, але падобны да праслав. рэдукаванага; у марфалогіі — шмат архаічных рысаў, у т. л. разгорнутая сістэма скланення, дзе захаваліся формы падвойнага ліку; форма супіна ў дзеясловаў, якая перадае намер што-небудзь зрабіць; некат. формы прошлага часу (перфект, плюсквамперфект) і інш. На дыялектным узроўні выяўляюцца шматлікія супадзенні паміж значнымі масівамі і асобнымі групамі славенскіх і бел. гаворак: пераход ненаціскнога o у a, пераход l у u і інш.
Пісьменства з 10—11 ст. (Фрэйзінгенскія ўрыўкі). Пачатак літ. С.м. звязаны з пратэстантызмам, дзейнасцю Прымажа Трубара, які перакладаў богаслужэбныя кнігі на даленьскі дыялект (аснова літ. мовы). Пісьменства на аснове лацініцы.
Літ.:
Мечковская Н.Б. Словенский язык. Мн., 1991;
Цыхун Г. Аб славенска-беларускіх моўных сыходжаннях // III. Nemzetkōzi szlavisztikai napok. Szombathely, 1988;
Яго ж. Да беларуска-славенскіх дачыненняў (гістарычна-моўная праблематыка) // Беларуская мова: шляхі развіцця, кантакты, перспектывы. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІ́НСКІ Аляксандр Міхайлавіч (н. 2.1.1953, пас. Вясёлы Гай Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. скульптар. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1977). З 1977 выкладаў у Рэсп. школе-інтэрнаце па музыцы і выяўл. мастацтве імя І.Ахрэмчыка, з 1991 — у Бел.АМ. Працуе ў манум. і станковай скульптуры. Творы вылучаюцца кампазіцыйнай завершанасцю, эмацыянальнасцю і пластычнай выразнасцю вобразаў, лаканізмам. Сярод станковых работ: «Малады мастак», «Студэнт» (абедзве 1977), «Мары» (1978). «Жаночы партрэт». «Гульня для мужчын» (абедзве 1983), «Без весткі прапаўшым прысвячаецца» (1984), «Кола лёсу» (1994), «Вестка» (1998), «Спакуса» (2000) і інш.Манум. работы: кампазіцыя «Калыска» (1988) у парку імя Я.Купалы, «Багі Алімпа» (1995), кампазіцыя са святлом для банка «Алімп» (усе ў Мінску); «Анёл-ахоўнік» (1989) у г. Нясвіж; «Беларускія святы» (1993) для Бел.культ. цэнтра ў г. Дортмунд (Германія); «Вячэрні блюз» (2002) для Міжнар.алімп. парку ў г. Пекін і інш. Аўтар надмагільнага помніка А.Анікейчыку (1989), рэльефу «Максім Багдановіч» (1991) для бібліятэкі імя М.Багдановіча, мемарыяльнай дошкі У.Алоўнікаву і знака «Пачатак дарог Беларусі» (абодва 1998; усе ў Мінску); алтара капэлы (1999) у замку Яйтхоф у Аўстрыі. Адзін з аўтараў мемарыяла «Яма» (2002) у Мінску. Выканаў медалі «Песня пра зубра» (1980), «В.Дунін-Марцінкевіч — драматург» (1982), «Кастусь Каліноўскі. Мужыцкая праўда», «Леў Талстой», «У.Шэкспір» (усе 1983) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУШЭ́ (Fouché) Жазеф (21.5.1759, Ле-Пельрэн каля г. Нант, Францыя — 25 або 26.12.1820),
французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Герцаг Атранцкі (1809). У Французскую рэвалюцыю 1789—99дэп.Канвента (з 1792), дзе спачатку быў прыхільнікам жырандыстаў, потым — якабінцаў. Галасаваў за смяротнае пакаранне караля Людовіка XVI, як камісар Канвента ў шэрагу дэпартаментаў надзвычай жорстка падаўляў контррэв. мяцяжы. Прыхільнік Ж.Эбера, удзельнічаў у правядзенні палітыкі дэхрысціянізацыі. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў тэрмідарыянскага перавароту (ліп. 1794). У перыяд Дырэкторыі на дыпламат. пасадах, са жн. 1799 міністр паліцыі. У ліст. 1799 дапамог прыйсці да ўлады ген. Н.Банапарту (з 1804 імператар Напалеон Г), у 1799—1802 і 1804—10 яго міністр паліцыі; стварыў сістэму паліт. разведкі, вышуку і татальнага шпіянажу (звольнены за несанкцыянаваныя перагаворы з Вялікабрытаніяй). У 1813—14 губернатар Ілірыйскіх правінцый. Пасля крушэння Напалеонаўскай імперыі (крас. 1814) заўзяты прыхільнік манархіі Бурбонаў, але ў час «Ста дзён» (сак.—чэрв. 1815) перайшоў на бок Напалеона I, які зноў прызначыў яго міністрам паліцыі. Пасля бітвы пры Ватэрлоо (18.6.1815) зноў здрадзіў Напалеону і як кіраўнік Выканаўчай камісіі Часовага ўрада падрыхтаваў 2-ю рэстаўрацыю Бурбонаў. З ліп. 1815 міністр паліцыі і саветнік Людовіка XVIII, але ў тым жа годзе па патрабаванні ультрараялістаў звольнены і прызначаны пасланнікам у Саксонію. У 1816 як «царазабойца» абвешчаны выгнаннікам. Апошнія гады правёў у Аўстрыі. Дзейнасць Ф. — узор беспрынцыпнага кар’ерызму ў палітыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КЦЫЯ КАТАЛІ́ЦКАЯ,
сукупнасць свецкіх арг-цый вернікаў-католікаў, дзейнасць якіх каардынуе Ватыкан. Пачалі стварацца ў 19 ст. дзеля захавання ўплыву каталіцкай царквы і магчымасці непасрэднай паліт. дзейнасці духавенства. Арганізацыйна аформілася пасля 1922 па ініцыятыве папы Пія XI, які вызначыў яе паліт. мэты: спрыяць укараненню ў грамадстве асн. ідэй каталіцкай сац. праграмы, папскіх энцыклік (пасланняў), пашыраць грамадскую базу каталіцкай царквы, актыўна ўплываць на паліт. асяроддзе. У час парламенцкіх выбараў арг-цыі акцый каталіцкіх вядуць агітацыю пераважна за прадстаўнікоў каталіцкіх партый. Некаторыя з гэтых партый (ХДП у Італіі, ХДС/ХСС у Германіі, СХП у Бельгіі, АНП у Аўстрыі і інш.) прыходзілі да дзярж. улады. У залежнасці ад рэгіёна і гіст. умоў дзейнасць акцый каталіцкіх набывае спецыфічныя рысы: у 1929—43 у Італіі ў адпаведнасці з Латэранскімі пагадненнямі яна падпарадкоўвалася рэжыму Мусаліні; у Германіі дзейнічае пры епархіях як сістэма камісій па наглядзе за выхаваннем у школе, а праз сродкі масавай інфармацыі — за «маральным станам нацыі». У 1925—39 акцыя каталіцкая (пераважна суполкі пры касцёлах) дзейнічала ў Зах. Беларусі. Старшыні і сакратары гэтых суполак падпарадкоўваліся Віленскаму епархіяльнаму «Інстытуту акцыі каталіцкай», які ў сваю чаргу нёс адказнасць перад Ватыканам. Члены акцыі каталіцкай спалучалі прапаганду каталіцкіх ідэй з культ.-асв. работай. Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР (1939) арг-цыі акцыі каталіцкай як антысав., а іх арганізатары і кіраўнікі ў 1949—52 рэпрэсіраваны.
Літ.:
Ковальский Н.А. Международные католические организации. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНЫ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л МО́ЛАДЗІ (КІМ),
міжнароднае аб’яднанне камуніст. маладзёжных арг-цый у 1919—43. Быў секцыяй Камуністычнага Інтэрнацыянала (Камінтэрна). Засн. на 1-м устаноўчым кангрэсе ў Берліне па ініцыятыве Камінтэрна прадстаўнікамі левых маладзёжных арг-цый 13 краін (Расіі, Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, Швецыі, Нарвегіі, Даніі, Польшчы, Венгрыі, Румыніі, Італіі, Іспаніі, Чэхаславакіі), якія раней уваходзілі пераважна ў Сацыялістычны інтэрнацыянал моладзі. Сярод іх былі прадстаўнікі камсамольскіх арг-цый Літвы і Беларусі. На апошнім, 6-м кангрэсе КІМ (1935) аб’ядноўваў 56 асобных арг-цый (секцый) з 52 краін (3773 тыс.чл., у т. л. 3500 тыс.чл.ВЛКСМ). Бел.камуніст. моладзь прадстаўлялі секцыі ВЛКСМ, а ў 1924—38 і Камуністычнага саюза моладзі Польшчы, у склад якога ўваходзіў Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі. Меў на мэце аб’яднаць моладзь для барацьбы за эканам., паліт. і культ. правы моладзі, выхаванне яе ў духу марксізму-ленінізму, супраць пагрозы сусв. вайны і інш. З 1935 пад уплывам рашэнняў 7-га кангрэса Камінтэрна праводзіў тактыку яднання рабочай моладзі ў адзіным антыфаш. фронце, што дазволіла склікаць міжнар. кангрэсы моладзі ў Жэневе (1936) і ЗША (1938), далучыць да руху за мір каля 40 млн. маладых людзей розных краін. Вышэйшы орган — кангрэс (акрамя 1-га, усе адбыліся ў Маскве ў 1921, 1922, 1924, 1928, 1935), паміж кангрэсамі — Выканаўчы к-т (знаходзіўся ў Маскве), які выбіраў прэзідыум і сакратарыят. У сувязі з роспускам Камінтэрна Выканком КІМ прыняў рашэнне аб самароспуску.
Літ.:
Привалов В.В. Коммунистический интернационал молодежи: Страницы истории. 2 изд М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭНТРАЦЫ́ЙНЫ ЛА́ГЕР,
лагер для прымусовай ізаляцыі (часам і знішчэння) рэальных ці магчымых паліт. праціўнікаў, ваеннапалонных і інш. У адрозненне ад турмаў, звычайных лагераў для ваеннапалонных і бежанцаў К.л. ствараюцца паводле асобых дэкрэтаў урада або загадаў ваен. камандавання ў час вайны, міжэтнічных канфліктаў і абвастрэння ўнутрыпаліт. барацьбы. К.л. з найб. жорсткім рэжымам утрымання зняволеных, накіраваным не толькі на ізаляцыю, але -і на іх знішчэнне, атрымалі ў л-ры назву лагераў смерці (найб. пашыраны ў 2-ю сусв. вайну). Першыя К.л. створаны іспанцамі ў 1895 у час нац.-вызв. паўстання на Кубе і англічанамі ў ходзе англа-бурскай вайны 1899—1902. У 1934—39 у Польшчы на тэр.Зах. Беларусі існаваў Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер. У СССР К.л. былі пашыраны ў перыяд масавых рэпрэсій 1930—50-х г. (гл.ГУЛАГ). У час нацыянал-сацыялісцкай дыктатуры ў Германіі (1933—45) К.л. выкарыстоўваліся для масавага тэрору і генацыду з боку нацысцкай дзяржавы і былі пашыраны ў краінах, акупіраваных ням.-фаш. войскамі ў 2-ю сусв. вайну, у т. л. ў Беларусі, іх ахвярамі сталі больш за 11 млн. грамадзян СССР, Польшчы, Францыі, Бельгіі, Нідэрландаў, Югаславіі, Румыніі, Венгрыі, Чэхаславакіі, Аўстрыі, Германіі і інш.Найб. вядомыя ням.-фаш. К.л. — Асвенцім, Бухенвальд, Дахау, Заксенгаўзен, Маўтгаўзен і інш. У пасляваен. перыяд найб. вядомы К.л., створаныя пасля ваен. перавароту ў Чылі ў вер. 1973 для праціўнікаў дыктатуры ген. А.Піначэта. Практыка стварэння К.л. асуджана сусв. грамадскасцю як цяжкае злачынства супраць чалавецтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСАЛІ́НІ (Mussolini) Беніта Амількар Андрэа (29.7.1883, г. Прэдапіо, Італія — 28.4.1945),
заснавальнік і кіраўнік (дучэ) фаш. партыі і дзяржавы ў Італіі, журналіст. З 1900 чл.Італьян.сацыяліст. партыі (ІСП). У 1902—04 у Швейцарыі. З 1909 выдаваў штотыднёвую газ. «Lotta di Classe» («Класавая барацьба»), з 1912 гал. рэдактар цэнтр. органа ІСП газ. «Avanti!» («Наперад!»). У ліст. 1914 за заклікі да ўступлення Італіі ў 1-ю сусв. вайну выключаны з ІСП, заснаваў газ. «Popolo d’Italia» («Італьянскі народ»). У сак. 1919 заснаваў фаш. рух (з ліст. 1921 Нац.фаш. партыя). Пасля паходу на Рым 1922 прэм’ер-міністр (фактычна дыктатар) Італіі (1922—43). Падпісаў Латэранскія дагаворы 1929 з Ватыканам. Свае паліт. погляды выклаў у кн. «Дактрына фашызму» (1932). Праводзіў экспансіянісцкую знешнюю палітыку, у т. л. ініцыіраваў італа-эфіопскую вайну 1935—36, заключыў саюз з нацысцкай Германіяй, але ў 1934 спыніў спробу аншлюсуАўстрыі. Пад націскам А.Гітлера ўцягнуў Італію ў 2-ю сусв. вайну (чэрв. 1940) на баку Германіі. Ва ўмовах паражэнняў італьян. войск (у т. л. на сав.-герм. фронце) і ўзмацнення антыфаш. руху ў краіне 25.7.1943 адхілены ад улады саветам фаш. партыі і зняволены паводле загаду караля Віктара Эмануіла III. Пасля вызвалення 12.9.1943 герм. парашутыстамі прэзідэнт (да 1945) «Італьян. сацыяльнай рэспублікі» (Рэспублікі Сало) на акупіраванай ням.-фаш. войскамі Пн Італіі. Пры спробе ўцёкаў у Швейцарыю захоплены італьян. партызанамі і расстраляны.
Літ.:
Белоусов Л.С. Муссолини: диктатура и демагогия. М., 1993;
Смит Д.М. Муссолини: Пер. с англ. [Калининград], 1995;
Хибберт К. Бенито Муссолини: Пер. с англ.М., 1996.