атрад касцістых рыб. Вядомыя з верхняюрскага, шматлікія з верхнемелавога перыяду. 3 сям.: селядцовыя, анчоусавыя (Engraulidae), дарабавыя (Chirocentridae); каля 70 родаў, 300 відаў. Пашыраны ў трапічных, умераных і зрэдку ў халодных марскіх водах; некат. жывуць у прэсных водах або заходзяць у рэкі на нераст. Чародныя пелагічныя рыбы.
Даўж. 5—75 см (дараб да 3,7 м), маса (акрамя дараба) ад некалькіх грамаў да 4 кг. Цела серабрыстае, сціснутае з бакоў, укрытае цыклоіднай луской. Спінны плаўнік 1, брушныя плаўнікі маюць 6—8 прамянёў. Адкрытапузырныя, плавальны пузыр злучаецца каналам са страваводам і мае адросткі. Добра развіты сейсмасенсорныя каналы на жабравай накрыўцы. Кормяцца планктонам (дараб — драпежнік). Многія С. аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІГНАЛАГРА́МА,
любы носьбіт інфармацыі з сігналамі запісанай інфармацыі. У залежнасці ад характару запісанай інфармацыі і віду носьбіту С. мае назвы відэафанаграма, фанаграма і інш.Акрамяасн. інфармацыі можа мець службовыя сігналы.
Паводле спосабу і фармату запісу, канструкцыі прылад запісу-ўзнаўлення, канкрэтных носьбітаў запісу С. бывае мех., магн., аптычная і інш.; падоўжная, радковая, папярочна-радковая, нахілена-радковая, многаканальная і інш. Фармат С. вызначае яе памеры, а таксама памеры, размяшчэнне, прызначэнне і змест зон, дарожак, радкоў і слаёў запісу, фарматы кодаў і віды сігналаў. Напр., фармат DAT — лічбавая магн. фанаграма ў касеце, CD і DVD — адпаведна аптычная фанаграма і відэафанаграма на дыску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКУРАЕ́ДЫ (Dermestidae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 900 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, пераважна ў сухіх раёнах. Пасяляюцца на трупах жывёл, у гнёздах птушак, насякомых, норах грызуноў, пад карой дрэў, на жывёльнай сыравіне (скура, шэрсць, футра і вырабы з іх, вяленае мяса і рыба) і інш. На Беларусі 20—30 відаў, сярод іх С.: вяндлінны (Dermestes lardarius), дывановы (Attagenus pissus), залознікавы (Anthirenus scrophulariae), музейны (Anthrenus museorum) і інш.
Даўж. 1,3—12 мм. Цела звычайна авальнае, пакрытае валаскамі або лускавінкамі. Афарбоўка цёмна-карычневая або чорная, часта са стракатым малюнкам. Кормяцца сухімі рэчывамі жывёльнага і расл. паходжання, некат. — пылком кветак. У прыродных умовах — санітары, каля жылля чалавека — шкоднікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗВАНО́ЧНЫЯ, чарапныя (Vertebrata, Craniata),
падтып жывёл тыпу хордавых. Вядомы з ардовіку — ніжняга сілуру (каля 500 млн.г. назад). Продкі П. жылі ў акіяне; уласна П. ўзніклі ў прэсных водах. Першыя наземныя П з’явіліся ў дэвоне (каля 400 млн.г. назад). Усіх П. падзяляюць на бяссківічных і сківічнаротых, анамній і амніётаў, пайкілатэрмных жывёл і гамаятэрмных жывёл. Вылучаюць 7 класаў сучасных П.: кругларотыя, храстковыя рыбы, касцявыя рыбы, земнаводныя, паўзуны, птушкі, млекакормячыя. Каля 50 тыс. відаў (акрамя свойскіх і дэкар. парод). Пашыраны ўсюды ў акіянах і на сушы. На Беларусі больш за 450 відаў.
Цела двухбакова-сіметрычнае. Эвалюцыйна адбылася замена хорды на пазваночнік (адсюль назва). Найбольшае ўскладненне арганізацыі і функцыянавання ўсіх сістэм арганізма адбылося пасля выхаду П. на сушу. Крывяносная сістэма стала замкнутай, сэрца — шматкамерным. Функцыя дыхання ад шчэлепаў перайшла да лёгкіх. Нерв. сістэма (трубчастай будовы) складаецца з галаўнога і спіннога мозга і перыферыйных вузлоў; забяспечвае складаныя паводзіны П. у асяроддзі. Стрававальная сістэма падзелена на некалькі аддзелаў, мае стрававальныя залозы. Характар жыўлення разнастайны, ад расліннаеднага да драпежнага і ўсёеднага. Выдзяляльная сістэма прадстаўлена тулаўнымі (мезанефрычнымі) ныркамі (у прэснаводных рыб) ці тазавымі (метанефрычнымі) ныркамі (у наземных П.). Ускладненне агульнай арганізацыі П. выклікала ўдасканаленне будовы і функцый органаў пачуццяў. Большасць П. раздзельнаполыя (у рыб трапляецца гермафрадытызм). Анамніі, як правіла, яйцародныя. Жыванараджэнне трапляецца ва ўсіх П., акрамя кругларотых і птушак; у млекакормячых гэта асн. форма размнажэння. П. адыгрываюць вял. ролю ў развіцці біясферы, з’яўляюцца канцавымі звёнамі трафічных ланцугоў у біяцэнозах, актыўна ўздзейнічаюць на навакольнае асяроддзе. Маюць найб. значэнне для чалавека як крыніца харчавання, сыравіны і інш. Некат. П. — пераносчыкі інфекцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫМА́ТЫ (Primates),
атрад вышэйшых млекакормячых надатр. плацэнтарных. Вядомы з верхняга мелу (каля 130 млн.г. назад). Найб.стараж. прадстаўнікі — залямбдалестасы, ад якіх эвалюцыяніравалі лемурападобныя і тарзіпадобныя (продкі даўгапятаў) і ад якіх паходзяць шыраканосыя і вузканосыя малпы. 2 падатр.: паўмалпы і малпы. Каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных лясах Азіі, Афрыкі, Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. Жывуць на дрэвах, ёсць паўназемныя і наземныя формы. Большасць відаў актыўныя днём. Трымаюцца статкамі, радзей парамі ці паасобна. Згуртаванні П. маюць складаную арганізацыю і супадпарадкаванне. 69 відаў і падвідаў П. занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. ад 13 см (лемуры мышыныя, ігрункі карлікавыя) да 200 см (гарыла), маса ад 60 г да 180 кг і больш (у няволі). Большасць П. маюць хвост. Валасяное покрыва развітое, у паўмалпаў — з падшэрсткам. У многіх П. поўсць і безвалосыя ўчасткі скуры ярка афарбаваныя. Вочы карыя або жоўтыя. Ва ўсіх малпаў канечнасці пяціпальцыя, добра развітыя, вял. пальцы ў многіх П. проціпастаўлены інш. пальцам. Іх канцавыя фалангі маюць ногці (акрамятупайевых). Кара галаўнога мозга ў паўмалпаў з малой колькасцю барознаў і звілін, у малпаў (і чалавека) вял. паўшар’і мозга добра развітыя, са шматлікімі барознамі і звілінамі (акрамя ігрунковых). Зрок і слых развітыя, нюх рэдукаваны. Зрок пераважна бінакулярны, у малпаў і чалавека каляровы. Зубная сістэма гетэрадонтная (разцы, іклы, карэнныя); у большасці паўмалпаў і ўчэпістахвостых малпаў 36 зубоў, у вузканосых малпаў і чалавека — 32. Усёедныя. Размнажаюцца ўвесь год, нараджаюць звычайна 1 дзіцяня (у ніжэйшых — 2—3).
Літ.:
Жизнь животных. Т. 7. 2 изд. М., 1989. Гл. таксама літ. да арт.Прыматалогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБІ́НАВІЦКАЯ КЕРА́МІКА,
ганчарныя вырабы з в. Бабінавічы Лёзненскага р-на Віцебскай вобласці. Промысел узнік у старажытнасці, найб. развіцця дасягнуў у 19 — 1-й пал. 20 ст. Выраблялі чырвонагліняную непаліваную, чорназадымленую і гартаваную кераміку. З пач. 20 ст. набылі пашырэнне вырабы, аздобленыя размалёўкай светла-жоўтым ангобам у выглядзе завіткоў, кропак, парасткаў, паліваныя ўсярэдзіне і звонку бясколернай палівай. Акрамягасп. посуду (збанкі, гаршкі, спарышы, міскі, слоікі) майстры А.Траяноўскі, М.Шчадзінскі, А.Рыжкоў і інш. выраблялі утылітарна-дэкаратыўны (цукарніцы, цукерачніцы, маслёнкі) і фігурны посуд у выглядзе жывёл, а таксама цацкі, скарбонкі, попельніцы з лепкай. У наш час выраб традыц. асартыменту посуду і цацак працягваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЕТО́ПСІС (Boletopsis),
род базідыяльных грыбоўсям. балетопсідных. Вядомы 1 цыркумпалярны від — балетопсіс малалускаваты (Boletopsis subsquamosa). Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя Антарктыды. На Беларусі як вельмі рэдкі адзначаны ў Бярэзінскім запаведніку і Лагойскім раёне Мінскай вобласці. Расце на перагнойнай глебе ў хвойніках. Пладовыя целы з’яўляюцца ў вер.—кастрычніку. Малавядомы ядомы грыб.
Пладовае цела ў выглядзе шапкі на ножцы. Шапка дыям. 5—10 см, паўшарападобная, мясістая, пазней плоскапукатая, у цэнтры злёгку ўціснутая, матавая, брудна-шэрая, пры дакрананні цёмна-бурая. Гіменафор трубчасты: трубачкі белыя ці шараватыя. Поры круглаватыя, з узростам вуглаватыя, іншы раз лабірынтападобныя, зубчастыя. Ножка цэнтральная або эксцэнтрычная, да асновы ўздутая. Тканка (трама) белая, пры націсканні і засыханні набывае колер. Споры вуглаватыя, бясколерныя або буравата-дымчатыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАВАКЗА́Л (ад аўта... + вакзал),
комплекс збудаванняў для абслугоўвання пасажыраў міжгародніх і прыгарадных аўтобусных ліній. Размяшчаюць аўтавакзалы ў гарадах з развітой сеткай міжгародніх аўтобусных маршрутаў (на Беларусі найбуйнейшыя ў Мінску і абл. цэнтрах).
У залежнасці ад прапускной здольнасці і ўмяшчальнасці тыпавыя аўтавакзалы будуюць на 100, 200, 300 і 500 пасажыраў (большыя — па індывід. праектах). У склад аўтавакзала, акрамяасн. будынка з памяшканнямі службовымі і для абслугі, уваходзяць трансп. тэрыторыя з перонам пасадкі і высадкі пасажыраў, пляцоўкі для стаянкі аўтобусаў і інш. Буйныя аўтавакзалы аснашчаюць апаратурай для кіравання рухам аўтобусаў і інфармацыі пасажыраў. Часта аўтавакзалы аб’ядноўваюць з вакзаламі інш. відаў транспарту (чыгуначным, паветраным, рачным), пры іх узводзяцца атэлі, канцэнтруюцца гандлёвыя і інш. ўстановы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЛІ́НСКІ КАНГРЭ́С 1878,
міжнародны кангрэс, скліканы для перагляду Сан-Стэфанскага міру 1878, які завяршыў руска-турэцкую вайну 1877—78. Умовы Сан-Стэфанскага міру прадугледжвалі значныя тэр. набыткі Расіі і ўзмацненне яе пазіцый на Балканах (утварэнне Балгарыі), што выклікала незадаволенасць Вялікабрытаніі і Аўстра-Венгрыі. Акрамя іх і Расіі ў Берлінскім кангрэсе ўдзельнічалі Германія, Францыя, Італія і Турцыя. Расія, якая апынулася ў дыпламат. ізаляцыі, падпісала 13 ліп. Берлінскі трактат, дзе пацвярджалася незалежнасць Чарнагорыі, Сербіі і Румыніі. Паўн. Балгарыя стала аўт. дзяржавай, Паўд. Балгарыя (Усх. Румелія) засталася пад уладай тур. султана і атрымала адм. аўтаномію. Да Расіі адышлі вусце Дуная, крэпасці Карс, Ардаган і Батум. Аўстра-Венгрыя акупіравала Боснію і Герцагавіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫ́ЛЬСКІЯ АСТРАВЫ́ (ісп. Antillas),
архіпелаг у Атлантычным ак. паміж Паўн. і Паўд. Амерыкай (Вест-Індыя). Падзяляецца на Вялікія Антыльскія астравы і Малыя Антыльскія астравы. Пл. 220 тыс.км². Антыльскія астравы мацерыковага і вулканічнага паходжання, паверхня б.ч. гарыстая (найвыш.г. Дуартэ, 3175 м, на в-ве Гаіці), характэрна моцная сейсмічнасць (акрамя раўніннай ч. Кубы). Клімат трапічны вільготны. Расліннасць — саванна, захаваліся ўчасткі лістападных і вечназялёных лясоў і хмызнякоў. Жывёльны свет: грызуны, лятучыя мышы, з паўзуноў кракадзілы, яшчаркі, змеі. На Антыльскіх астравах дзяржавы Антыгуа і Барбуда, Барбадос, Гаіці, Грэнада, Дамініка, Дамініканская Рэспубліка, Куба, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Сент-Кітс і Невіс, Сент-Люсія, Трынідат і Табага, Ямайка, а таксама ўладанні ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Нідэрландаў, ч.тэр. Венесуэлы.