ЛЕВІТА́Н (Ісак Ільіч) (30.8.1860, г. Кібартай, Літва — 4.8.1900),
расійскі жывапісец-пейзажыст. Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1873—85) у А.Саўрасава і В.Паленава, з 1898 выкладаў у гэтым вучылішчы. З 1884 экспанент, з 1891 чл.Т-ва перасоўных выставак (гл.Перасоўнікі). З 1897 чл.маст. аб’яднання і «Мюнхенскі Сецэсіён». Зазнаў уплыў мастакоў барбізонскай школы. Жыў пераважна ў Маскве. Працаваў у Крыме, на Волзе, у Фінляндыі, Італіі, Францыі, Швейцарыі. Майстар камернага, лірычнага пейзажа, т. зв. пейзажа настрою. Імкнуўся да раскрыцця найтанчэйшых станаў прыроды, цэласнасці эмацыянальнага вобраза. У 1880-я г. ствараў кампазіцыі з дакладна пабудаванымі прасторавымі планамі, звязанымі ўраўнаважаным колеравым ладам («Вечар. Залаты Плёс», «Пасля дажджу», абодва 1889). Пазней перадача канкрэтных ландшафтаў змянілася ўвасабленнем тыловых рыс, характару рус. прыроды («Вячэрні звон», «Каля віру», абодва 1892). Святлонасычанасць, празрыстасць чыстых колераў, унутр. дынаміка некаторых работ блізікія да стылістыкі імпрэсіянізму («Бярозавы гай», 1885—89; «Сакавік», 1895). У вял. кампазіцыях гэтыя якасці з’яўляюцца сродкам дасягнення мажорнай звонкасці колеру, якая спалучаецца з устойлівай вызначанасцю форм («Свежы вецер. Волга», 1891—95; «Залатая восень», 1895). Творчасць 1890-х г. развівалася ў рэчышчы агульных стылістычных пошукаў рус. мастацтва; вызначалася імкненнем да абагульненасці пісьма, плоскасна-дэкар., вострасілуэтнага вырашэння кампазіцыі, некаторай драматызацыі пейзажнага матыву («Над вечным спакоем», 1894; «Змярканне Стагі», 1899; «Летні вечар», 1900). Скончыў жыццё самагубствам.
Літ.:
И.И.Левитан: Письма. Документы. Воспоминания. М., 1956;
Федоров-Давыдов А.А. И.И.Левитан: Жизнь и творчество. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́СЦЕРАЎ (Міхаіл Васілевіч) (31.5.1862, г. Уфа, Башкортастан — 18.10.1942),
расійскі жывапісец. Засл. дз. маст. Расіі (1942). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1877—81 і 1884—86) і Пецярбургскай АМ (1881—84; з 1910 яе правадз. член). З 1889 экспанент, з 1896 член Т-ва перасоўных маст. выставак. Жыў у Маскве, у 1890—1910 у Кіеве. Раннія жанравыя карціны («Знаток», 1884), гіст. кампазіцыі («Да гасудара чалабітнікі», 1886), партрэты, ілюстрацыі ствараў у духу перасоўнікаў. Пазней звярнуўся да духоўна-рэліг. праблем, пошукаў прасветленай і чыстай духоўнай прыгажосці чалавека, які адрокся ад марнага свету. Для твораў характэрны лірычнасць вобразаў на фоне бляклай паўн. прыроды, серабрысты каларыт, спакойны настрой: «Пустэльнік» (1888—89), «Праява отраку Варфаламею» (1889—90) і інш. Цікавасць да псіхалогіі веруючых, да прасвятлення і азарэння набыла ў яго творах своеасаблівы драматызм: «Пад звон» (1895), «Вялікі пострыг» (1897—98), «Святая Русь» (1901—06), «На Русі» (1916). Творам гэтага часу ўласцівы рысы стылю мадэрн, якія ў манум. работах набылі характар халоднай стылізацыі: размалёўкі Уладзімірскага сабора ў Кіеве (1890—95), Марфа-Марыінскага манастыра ў Маскве (1908—11), мазаікі царквы Спаса «на крыві» ў Пецярбургу (1894—97). Майстар псіхал. партрэтаў: П. і А. Корыных (1930), А.Северцава, І.Шадра (абодва 1934), С.Юдзіна, І.Паўлава (абодва 1935), В.Мухінай (1940) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1941.
Тв.:
Давние дни: Встречи и воспоминания. [2 изд.] М., 1959;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЙ (Іван Пятровіч) (н. 11.7.1930, в. Падбулькова Брэсцкага р-на),
бел. мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (1988). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1959), выкладаў у ім у 1962—65. Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу, манум.-дэкар. мастацтве. Тэматычныя карціны: «Бацькоўскай славы вартавыя» (1970), «Прызванне», «Дзякуй, мама!» (абедзве 1975), «З вогненнай вёскі» (1978), «Боль вогненных гадоў. Год 41-ы» (1984), «Зямля мая беларуская» (1985); пейзажы: «Івянец» (1973), «Плошча Перамогі» (1981), «Малінавы звон» (1983), «Апошні снег» (1985), «Ранішні прамень» (1988), «Беларуская восень» (1993), «На рацэ Свіслач», «Краявід з бярозкамі» (абодва 1995), «Блакітны ранак» (1997), «Замярзаючы стаў», «Лагодная зімка» (абодва 1999), «Вяча» (2001), серыі «Любімыя мясціны», «Поры года» (абедзве 2000); партрэты, нацюрморты. Шэраг твораў прысвечаны дзеячам бел. л-ры: «На радзіме Я.Купалы» (1980), «Шлях паэта» (партрэт М.Багдановіча, 1981), «Якуб Колас» (1982), «Дунін-Марцінкевіч з дочкамі Камілай і Цэзарынай» (1983) і інш. Станковым творам уласцівы гарманічная пабудова кампазіцыі, багацце тонавых нюансаў, тонкасць перадачы святлопаветранага асяроддзя. Аўтар сграфіта «Спорт» у Бел. акадэміі фізвыхавання і спорту (1963, з С.Мусінскім), вітражоў «Беларусь» для павільёна на міжнар. кірмашы ў г. Лейпцыг (Германія) і «Айчынная вайна» ў Бел.дзярж. музеі гісторыі Вял.Айч. вайны ў Мінску (1967, усе ў сааўт. з І.Эйдэльманам).
Літ.:
Карнач П.А. Шчодрасць сэрца // Выяўленчае мастацтва Беларусі. Мн., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТЭВІДЭ́О (Montevideo),
горад, сталіца Уругвая, на левым беразе эстуарыя Ла-Плата. Адм. ц. дэпартамента Мантэвідэо. Засн. ў 1726 іспанцамі. 1,3 млн.ж. (1997). Гал. порт краіны ў заліве Ла-Плата. Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Караска. Прам-сць: нафтаперапр., металаапр., эл.-тэхн., эм., хім., харч. (мясахаладабойная, кансервавая, мукамольная), гарбарна-абутковая, тэкст., паліграфічная. Кліматычны марскі курорт.
Да порта М. прымыкае Стары горад, пабудаваны паводле рэгулярнага плана 1724 (арх. П.Мільян, Д.Петрарка). У ім размешчана гал.пл. Канстытуцыі з саборам (1790—1804, арх. К. дэ Са-і-Фарыя, Х. дэль Поса-і-Маркі; рысы класіцызму і барока; фасад 1859—61, арх. Б.Панчыні; 1941, арх. Р.Руана) і старой ратушай (1804—08. арх. Т.Тарыб’ё; класіцызм; завершана ў 1867—69), дамы калан. перыяду з унутр. дварамі. На З ад порта — прамысл. і рабочы раён Вілья-дэль-Сера (18—19 ст.) з прамавугольнай сеткай вуліц, абмежаваных з боку заліва ўзгоркам з крэпасцю (1801—09, інж. дэль Поса-і-Маркі). Паўн.-ўсх. ўзбярэжжа заліва забудавана фешэнебельнымі дамамі, курортнымі будынкамі і атэлямі. На Пн — жылыя раёны (Уньян і інш.) Новы горад склаўся ў 19—20 ст., мае свабодную планіроўку. Найб. значныя збудаванні: т-р «Саліс» (1841—74, арх. К.Цукі, Ф.Х.Гармендыя, В.Рабю; класіцызм), будынак парламента (1908—20, арх. Я.Васкес Варэла, А.Бачыні. Г.Марэці; эклектыка), палац Сальва (1923—28, арх. М.А.Горы), у сучасных стылях — новая ратуша (1930), «Рамбла-атэль» (1931, абодваарх. М.Кравота), інж.-геад.ф-тРэсп. ун-та (1937—38, арх. Х.Віламахо), комплекс Рамбла-і-Гуаякі (1952) і будынак «Панамерыкана» ў Бусеа (1957, абодваарх. Р.Січэра Бурэ), мікрараён Касавалье (1960, арх. А.Р.Страта). Манументы: калона «Свабода» (1865—67, арх. І.Гапрагоры, скульпт. Дж.Ліві), «Праметэй прыкаваны» (1893, Х.М.Ферары), 2 помнікі Х.Х.Артыгасу (1913—23. італьян.скульпт. А.Дзанелі; 1957, арх. Х.Л.Сарылья дэ Сан-Марцін), каланістам-перасяленцам «Фургон» (1929—34) і «Дыліжанс» (1953, абодваарх. Х.Бельёні) і інш. У М. ун-ты, Нац. акадэмія. Ін-т геаграфіі і гісторыі. Нац.б-ка. Нац. кансерваторыя (з 1849), Ін-т Вердзі (з 1890), Муз. акадэмія Ф.Ліста. Музеі: Нац. пластычных мастацтваў, гістарычны, муніцыпальны прыгожых мастацтваў. Т-ры «Вікторыя», «Саліс» і інш.
Т.Р.Мартыненка (архітэктура).
Палац Сальва (злева) на плошчы Незалежнасці ў Мантэвідэо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЖАНІ́ЦЫН (Аляксандр Ісаевіч) (н. 11.12.1918, г. Кіславодск, Расія),
рускі пісьменнік. Акад.Рас.АН (1997). Скончыў Растоўскі ун-т, Маскоўскі ін-т філасофіі, л-ры і гісторыі (абодва 1941). У 1945 арыштаваны, да 1953 у лагерах, да 1956 у ссылцы. У 1956 рэабілітаваны. У 1974 пазбаўлены сав. грамадзянства, жыў у Швейцарыі, з 1976 у ЗША. У 1994 вярнуўся ў Маскву. Друкуецца з 1962. У аповесці «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» (1962), апавяданні «Матронін двор» (1963, абодваапубл. А.Твардоўскім у час. «Новый мир»), аповесці «У крузе першым» (1968) захаванне чалавечай душы ва ўмовах жорсткай рэчаіснасці. Гал. тэма аповесці «Ракавы корпус» (1968, апубл. за мяжой) — барацьба чалавека са смерцю. Аўтар рамана «Архіпелаг ГУЛАГ» (1973, апубл. за мяжой; Дзярж. прэмія Расіі 1990). У цыкле гіст. раманаў «Чырвонае кола» (т. 1—10, 1971—91) на вял. фактычным матэрыяле разглядаюцца прычыны рэвалюцыі (слабасць улады, упадак рэлігіі, грамадскі радыкалізм) і яе ход, аналізуюцца паліт. і ідэалагічныя платформы розных партый і груп, абгрунтоўваецца магчымасць альтэрнатыўнага гіст. развіцця Расіі. Нарысы грамадскага і літ. жыцця 1960 — пач. 1970-х г. у кн. «Бадалася цяля з дубам» (1975, дапоўненае выд. 1991). Важныя праблемы грамадскага жыцця ўзнімае ў публіцыстыцы («Ліст да правадыроў Савецкага Саюза», «Раскаянне і самаабмежаванне як катэгорыі нацыянальнага жыцця», абодва 1973; «Як нам уладкаваць Расію», 1990; «Рускае пытанне» к канцу XX ст.», 1994, і інш.). Аўтар кн. «Дзвесце гадоў разам (1795—1995)» (ч. 1, 2001), п’ес і інш. У творчасці С., які працягвае традыцыі рус. класікі 19 ст., трагічныя лёсы герояў асэнсоўваюцца ім у святле маральнага і хрысціянскага ідэалу. У страце духоўных жыццёвых арыенціраў, страце асн. маральных прынцыпаў ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці, і найперш у палітыцы, С. бачыць вытокі крызісу сучаснага жыцця. Аснова гіст. працэсу — у маралі, прытрымліванні дабра. Нобелеўская прэмія 1970.
Тв.:
Избр. проза: Рассказы, повесть. М., 1990;
Архипелаг ГУЛАГ, 1918—1956: Опыт худож. исслед. Т. 1—3. М.;
Мн., 1990—91;
Пьесы М., 1990;
«Русский вопрос» к концу XX в. М., 1995;
Публицистика. Т. 1—3. Ярославль, 1995—97;
Россия в обвале. М., 1998;
На изломах: Малая проза. Ярославль, 1998;
Протеревши глаза. М., 1999.
Літ.:
Нива Ж. Солженицын: Пер. с фр.М., 1992;
Мешков Ю.А. Александр Солженицын: Личность. Творчество. Время. Екатеринбург, 1993;
Слово пробивает себе дорогу: Сб. статей и док. об А И.Солженицыне, 1962—1974. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАШО́НКАВА (Ганна Уладзіміраўна) (н. 21.11.1928, б. маёнтак Альба, Нясвіжскі р-н Мінскай вобл.),
бел. мовазнавец. Канд.філал.н. (1959). Скончыла БДУ (1953). З 1956 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі. Даследуе сучасную бел. мову і культуру мовы, лексікаграфію, дыялекталогію. Сааўтар прац «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963) і «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (кн. 1—2, 1968—69; Дзярж. прэмія СССР 1971), «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас» (вып. 1, 1988); «Беларуская граматыка» (ч. 1, 1985); «Слоўнік беларускай мовы» (1987), «Слоўнік цяжкасцей беларускай мовы» (1987) і «Кароткі слоўнік беларускай мовы» (1994, абодва з В.П.Лемцюговай); «Руска-беларускі слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналогіі» (1994) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРО́СКА ((Orozco) Хасе Клементэ) (23.11.1883, г. Сапатлан, Мексіка — 7.9.1949),
мексіканскі жывапісец. Адзін з заснавальнікаў нац. школы манум. жывапісу. У 1908—14 вучыўся ў АМ у Мехіка. Удзельнік мексіканскай рэвалюцыі 1910—17. У 1917—19 і 1927—34 жыў у ЗША. Аўтар серыі акварэляў «Мексіка ў рэвалюцыі» (1913—17), карцін, кніжных ілюстрацый, манум. размалёвак: фрэскі ў Нац. падрыхтоўчай школе ў Мехіка (1922—27), «Праметэй» у Памона-коледжы ў Клермонце ў Каліфорніі, ЗША (1930), капэлы ў Піядалаяры, шпіталі Каваньяса ў Гвадалахары (абодва 1938—39) і інш.
Літ.:
Костеневич А. Х.К.Ороско. Л., 1969.
Х.Ароска. Мужчына з агню. Фрэска на купале капэлы ў г. Піядалаяра. 1938—39.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬШАКО́Ў (Канстанцін Арыстархавіч) (26.5.1895, Масква — 21.4.1938),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1913—16). Прымыкаў да футурыстаў (гл.Футурызм). Першая кн. «Мазаіка. Вершы і проза» (1911). У 1913 выдаў паэму «Le futur» і зб. вершаў «Сэрца ў пальчатцы», у 1916 — антываенную «Паэму падзей» і кнігі «Сонца пры канцы палёту», «Каралева Мод». Аўтар раманаў «Уцёк палонных, ці Гісторыя пакутаў і гібелі паручніка Цянгінскага палка Міхаіла Лермантава» (1929), «Маршал сто пятага дня» (кн. 1, 1936) і інш., зб-каў апавяданняў «Шлях пракажоных», «Лёс выпадковасцяў» (абодва 1927). У 1936 арыштаваны. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАНО́ЎСКІ (Анатоль Васілевіч) (н. 9.5.1937, г. Мінск),
бел. жывапісец, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1992). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1965). З 1966 выкладчык, з 1993 праф.Бел. акадэміі мастацтваў. Працуе ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Яго творам уласцівы эмацыянальнасць, лірычнасць, каларыстычная насычанасць. З паэт. пранікнёнасцю перадае прыгажосць бел. краявідаў: «Беларускі матыў» (1968), «Воблакі плывуць над зямлёй роднай» (1977), «Мазырскі край» (1980), «Вясна на Прыпяці» і «Зямля мая залатых бяроз» (1981). Сярод інш. твораў: «Маці. 1941 год» (1972), «Партрэт Капыловіча Пятра Мікалаевіча» (1980), «Купалле» (1982), «Гнёзды» і «Дарога дзяцінства» (абодва 1993), «Мелодыі восені» і «Нараджэнне вясны» (1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАНЫ́ (Ovis),
род парнакапытных жывёл сям. пустарогіх. 2 віды: архар і баран снежны (Ovis canadensis). Абодва ўтвараюць вял. колькасць геагр. расаў. Пашыраны ў Азіі і зах. раёнах Паўн. Амерыкі, у Еўропе — у запаведніках і паляўнічых гаспадарках. Жывуць у гарах.
Даўж. цела да 2 м, выш. ў карку 0,65—1,25 м, маса 25—230 кг. Рогі ў самцоў вялікія, масіўныя, выгнутыя, даўж. да 1,9 м, масай да 30 кг. У самак рогі меншыя, часам адсутнічаюць. Кормяцца травяністай расліннасцю. Штогод нараджаюць 1—2 ягнят. Жывуць да 20 і болей гадоў. Продкі авечкі свойскай, выкарыстоўваюцца для гібрыдызацыі з яе пародамі. Маюць паляўнічае значэнне.