БА́НКА (галанд. bank),

водмель, утвораная мясц. падняццем марскога ці акіянскага дна. Бываюць наноснага, вулканічнага, тэктанічнага, каралавага паходжання, часам гэта астаткавы рэльеф сушы пры трансгрэсіі мора. Пясчаныя наносныя банкі пад уплывам цячэнняў могуць мяняць свае абрысы і месцазнаходжанне. Многія банкі з’яўляюцца раёнамі рыбнага промыслу (Ньюфаўндлендская банка ў Атлантычным ак., Догер-банка ў Паўночным м.). Небяспечныя для суднаходства.

т. 2, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРТАШО́Ў (Макар Уласавіч) (20.9.1909, г. Жлобін — 7.2.1948),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ейскую школу марскіх лётчыкаў (1932). Камандзір штурмавой дывізіі марской авіяцыі палк. Барташоў вызначыўся ў жн. 1945 у час вайны з Японіяй: дывізія наносіла ўдары па часцях Квантунскай арміі ў партах і на чыг. станцыях, знішчыла 24 караблі і транспарты праціўніка. Загінуў пры выкананні службовых абавязкаў.

М.У.Барташоў.

т. 2, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСМА́Н (Ібн Афан) (?—656),

трэці праведны халіф (з 644) у Араб. халіфаце; адзін з паплечнікаў і зяць Мухамеда. З роду Амеядаў. Па яго даручэнні складзена афіц. рэдакцыя Карана. Пры Асману тэр. халіфата значна пашырылася. Аддаваў перавагу меканскай, пераважна амеядскай, знаці. Яго палітыка выклікала незадаволенасць у войску і сярод часткі араб. знаці. Забіты ў час паўстання ў Медыне.

т. 2, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАСПЕКТРО́ГРАФ,

прылада для рэгістравання спектраў выпрамянення нябесных целаў. Устанаўліваецца ў фокусе тэлескопа. Канструкцыя сістэмы тэлескоп — астраспектрограф робіцца жорсткай, каб пазбегнуць зрушэння відарыса. Спектральнае раскладанне святла атрымліваюць пры дапамозе прызмы аптычнай, дыфракцыйнай рашоткі. Спектр фатаграфуюць або рэгіструюць фотаэлектрычнымі прыёмнікамі святла. Астраспектрограф дае магчымасць вызначаць хім. састаў нябесных целаў, скорасць іх руху ўздоўж праменя зроку, наяўнасць магн. поля і інш.

т. 2, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТЭО́МА (ад астэа... + ...ома),

дабраякасная пухліна з касцявой тканкі. Адрозніваюць астэому зубчастую, астэому з коркавага пласта і губчатага рэчыва (пераважна на сцегнавой і плечавой касцях) і астэому з суцэльнага кампактнага касцявога рэчыва (пашкоджваюцца пераважна плоскія косці чэрапа). Захворванне можа быць працяглым, але бессімптомным, іншы раз выяўляюць астэому выпадкова пры рэнтгеналагічным даследаванні хворага. Лячэнне хірург. (акрамя маленькіх астэом).

т. 2, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТАБА́СКА (Athabaska),

рака на З Канады, у сістэме р. Макензі. Даўж. 1231 км, пл. басейна 153 тыс. км². Пачынаецца ў Скалістых гарах, цячэ па Вялікіх раўнінах, упадае ў воз. Атабаска, утварае дэльту. Ледастаў з кастр. да красавіка. Разводдзе вясной. Сярэднегадавы расход вады 651 м³/с. Суднаходная ад г. Мак-Мары, размешчанага пры ўпадзенні р. Кліруатэр. На Атабасцы — порт Уотэруэйс.

т. 2, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎХАЧО́Ў (Фядосій Міхайлавіч) (17.9.1909, в. Машавое Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобласці — 14.12.1993),

Герой Сав. Саюза (1946). Скончыў Вышэйшую школу бранятанк. войскаў (1947). У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941. У сак. 1945 пры вызваленні г. Гдыня (Польшча) танкавы батальён пад камандаваннем маёра Аўхачова першы ўварваўся ў горад і знішчыў вялікую колькасць тэхнікі ворага.

Ф.М.Аўхачоў.

т. 2, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХІЛІ́Я (ад а... + грэч. chylos сок),

адсутнасць салянай кіслаты і ферментаў у страўнікавым соку (ахілія страўнікавая) ці ферментаў у панкрэатычным соку (ахілія панкрэатычная). Абумоўлена прыгнечаннем дзейнасці залоз страўніка або недастатковасцю знешняй сакрэцыі падстраўнікавай залозы ў выніку іх першаснага пашкоджання або ўскоснага (пры інш. хваробах) парушэння функцый. Лечаць прэпаратамі падстраўнікавай залозы, ужываннем страўнікавага соку ў час яды, ліквідуюць першапрычыны ахіліі.

т. 2, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХМА́Д-ШАХ ДУРАНІ́ (каля 1721—1773),

заснавальнік незалежнай афганскай дзяржавы (Дуранійскай дзяржавы). Служыў у іран. шаха Надзір-шаха, пасля смерці якога (1747) на чале афг. Атрадаў пайшоў у Афганістан, дзе аб’яднаў усе афг. плямёны. З 1747 шах Афганістана. У 1748—57 заваяваў Пенджаб, Кашмір, Сірхінд, Сінд, Харасан, Балх, Белуджыстан, у 1761 у бітве пры Паніпаце нанёс паражэнне маратхам.

т. 2, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАПО́НІКА (ад аэра... + грэч. ponos работа),

паветраная культура, спосаб вырошчвання раслін у вільготным паветры без глебы або яе заменнікаў. Прапанаваны ў 1910 рус. вучоным У.​М.​Арцыхоўскім. Пры аэрапоніцы карані раслін перыядычна апырскваюць растворам пажыўных рэчываў, што значна зніжае матэр.-тэхн. затраты на іх вырошчванне. Выкарыстоўваецца ў прамысл. кветкаводстве і агародніцтве, у аранжарэях, цяпліцах, касм. караблях і інш.

т. 2, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)