ДЫНАМІ́ЧНАЕ ПРАГРАМАВА́ННЕ,

раздзел матэматыкі, прысвечаны тэорыі і метадам рашэння мнагакрокавых задач аптымальнага кіравання. Грунтуецца на прынцыпе аптымальнасці, прапанаваным у 1950-я г. амер. матэматыкам Р.​Белманам. У матэм. тэорыі кіроўных працэсаў строгае абгрунтаванне атрымана Л.​С.​Пантрагіным і інш. Выкарыстоўваецца ў аперацый даследаванні, у задачах аптымальнага планавання (напр., аб аптымальнасці размеркавання рэсурсаў, замены абсталявання), пры рашэнні многіх тэхн. праблем (у задачах кіравання паслядоўнымі хім. працэсамі, аптымальнага праектавання пракладкі дарог, аптымальных памераў ступеней ракет).

У Д.п. для кіроўных працэсаў сярод магчымых кіраванняў выбіраецца тое, якое вядзе да экстрэмальнага значэння мэтавай функцыі. Мнагакрокавасць вынікае з рэальнага працякання працэсаў або ўводзіцца штучна для расчлянення зыходнага працэсу прыняцця рашэння (у т. л. неперарыўнага) на асобныя этапы (крокі), якія выконваюцца ў розныя моманты часу. Гал. асаблівасць Д.п. — магчымасць рашаць усе аднатыпныя задачы пры любых пачатковых умовах (напр., вызначэнне аптымальнага рэжыму палёту самалёта ў зменлівых умовах надвор’я). На Беларусі праблемы Д.п. распрацоўваюцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. дзярж. эканам. ун-це.

Літ.:

Беллман Р. Динамическое программирование: Пер. с англ. М., 1960;

Хедли Дж. Нелинейное и динамическое программирование: Пер. с англ. М., 1967.

С.​У.​Абламейка.

т. 6, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛТО́ЎСКІ (Іван Уладзіслававіч) (27.11.1867, г. Пінск Брэсцкай вобл. — 16.7.1957),

бел. і рускі архітэктар, тэарэтык і педагог. Засл. дз. нав. і маст. Расіі (1932), засл. дз. маст. Беларусі (1944). Акад. Акадэміі архітэктуры СССР (1939—56) і Акадэміі буд-ва і архітэктуры СССР (1956). Ганаровы акад. АН БССР (1947). Вучыўся ў Пецярб. АМ (1887—98); з 1909 акадэмік архітэктуры. Ў 1953—59 узначальваў арх. майстэрню-школу Ін-та «Маспраект». У ранніх работах выкарыстоўваў кампазіцыйныя прыёмы і арх. матывы эпохі Адраджэння, пазней — формы класічнай архітэктуры. Адзін з аўтараў плана рэканструкцыі Масквы (1918—23). Праектаваў у Маскве шэраг павільёнаў Усерасійскай с.-г. і саматужна-прамысл. выстаўкі (1923), жылыя дамы на Ленінскім праспекце (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), на Смаленскай пл. (1950), на праспекце Міру (1957), іпадром (1951—55), павільён СССР на Міжнар. выстаўцы ў Мілане (1925—26), тыпавыя праекты для індустрыяльна-зборнага буд-ва жылых дамоў і кінатэатраў. У 1941 пад яго кіраўніцтвам створаны праект гал. плошчы і драм. т-ра ў Гомелі. Аўтар прац па тэорыі і практыцы архітэктуры. Пераклаў на рус. мову трактат італьян. арх. А.​Паладыо (выд. 1938).

Літ.:

И.​В.​Жолтовский: Проекты и постройки. М., 1955.

І.У.Жалтоўскі.

т. 6, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛУДО́К,

гарадскі пасёлак у Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл. За 22 км ад г. Шчучын, 90 км ад Гродна, 12 км ад чыг. ст. Скрыбаўцы на лініі Масты—Ліда. 1,4 тыс. ж. (1997).

Вядомы з 2-й пал. 15 ст. як велікакняжацкае ўладанне. З 1486 мястэчка, да 1567 цэнтр павета Віленскага ваяв. У 16—17 ст. належаў Лацкім, Сапегам, Францкевічам. У лют. 1706 гал. кватэра шведскага караля Карла XII. У 18—1-й чвэрці 19 ст. ўласнасць Тызенгаўзаў. З 1795 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Лідскага пав. Віленскай губ. З 1830-х г. уладанне Урускіх, з пач. 20 ст. — Святаполк-Чацвярцінскіх. У 1897—1860 ж., нар. вучылішча, касцёл, сінагога, мясц. прам-сць. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Лідскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр раёна. З 27.6.1941 да 12.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, разбураны. 9.5.1942 гітлераўцы расстралялі ў Ж. 2 тыс. сав. грамадзян. З 17.4.1962 у Шчучынскім р-не. У 1971—2,1 тыс. ж.

Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — касцёл Ушэсця (1854) і сядзіба (пач. 20 ст.).

т. 6, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБРУ́ДЖВАННЕ НАВАКО́ЛБНАГА АСЯРО́ДДЗЯ,

паступленне ў асяроддзе рэчываў, біял. агентаў або розных відаў энергіі ў колькасці, якая перавышае звычайны ўзровень. Аказвае шкодны ўплыў на існаванне жывых арганізмаў і парушае прыродную дынамічную раўнавагу. Вылучаюць прыроднае і забруджванне антрапагеннае, з якімі звязаны забруджванне атмасферы, забруджванне вод, забруджванне глеб. Прыроднае забруджванне звязана з натуральнымі працэсамі (напр., у выніку вулканічнай дзейнасці); бывае часовае, пастаяннае, лакальнае, рэгіянальнае і глабальнае. Рост антрапагеннага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе — эканам., сац., паліт. і прыродазнаўча-навук. праблемы. Барацьба з З.н.а. патрабуе заканадаўчага забеспячэння, кантролю велічынь гранічна дапушчальных канцэнтрацый шкодных рэчываў, грунтуецца на пастаянным павышэнні агульнай, тэхнал., экалагічнай культуры насельніцтва, стварэнні экалагічна бяспечных сістэм гасп. дзейнасці, узвядзенні ачышчальных збудаванняў і інш. (гл. таксама Ахова прыроды, Экалогія). На Беларусі на 1.1.1996 намнажэнне адходаў складала 619 млн. т, за год утвараецца да 20 млн. т (у прам-сці да 80%, у быт. сектары да 20%). Гал. доўгатэрміновай экалагічнай праблемай з’яўляецца радыеактыўнае З.н.а. пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986, якая ахапіла каля 23% тэр. рэспублікі (па цэзіі-137).

Літ.:

Будыко М.И. Глобальная экология. М., 1977;

Радкевич В.А. Экология. 3 изд. Мн., 1997.

В.​М.​Бурак.

т. 6, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛЫ́ГІН (Сяргей Паўлавіч) (н. 6.12.1913, в. Дурасаўка, Башкортастан),

рускі пісьменнік. Акад. Рас. АН (1991). Герой Сац. Працы (1988). Скончыў Омскі с.-г. ін-т (1939). Працаваў інжынерам-гідратэхнікам, у Сібірскім аддзяленні АН СССР. З 1986 гал. рэдактар час. «Новый мир». Першыя зб-кі «Апавяданні» (1941), «На Вялікую зямлю» (1952), «Нарысы і апавяданні» (1953). У раманах «Сцежкі Алтая» (1962), «Салёная Падзь» (ч. 1—2, 1967—68, Дзярж. прэмія СССР 1968), «Паўднёваамерыканскі варыянт» (1973), «Камісія» (1975), «Пасля буры» (кн. 1—2, 1980—85), «Свабода выбару: раман без сюжэта» (1996) звяртаецца да найважнейшых пераломных этапаў паслярэв. гісторыі Расіі і сучаснага жыцця Зах. Сібіры. Як публіцыст актыўна адстойвае сваю пазіцыю (у 1980-я г. выступаў супраць павароту паўн. рэк), імкнецца асэнсаваць складаныя працэсы сучаснага жыцця («Мая дэмакратыя. Нататкі па ходу жыцця. З успамінаў пісьменніка», 1996). Аўтар літ.-знаўчых прац пра А.​Чэхава, Л.​Талстога, А.​Платонава. Творы З. на бел. мову пераклалі А.​Кудравец, В.​Адамчык.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1989—91;

Бел. пер. — На Іртышы: Аповесць, апавяданні. Мн., 1991.

Літ.:

Дедков И.А. Сергей Залыгин: Страницы жизни, страницы творчества. М., 1985.

С.​Ф.​Кузьміна.

С.П.Залыгін.

т. 6, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПРУ́ДНІК (Янка) (сапр. Вільчыцкі Сяргей Мікалаевіч; н. 9.8.1926, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. гісторык, палітолаг, паэт, літ.-знавец, публіцыст. Д-р гіст. н. (1969). З 1944 у эміграцыі. Вучыўся ў бел. гімназіі імя Я.​Купалы ў Міхельсдорфе (Германія). Скончыў Лувенскі ун-т (Бельгія, 1954). У 1947 дэбютаваў вершамі (пад псеўд. Сяргей Ясень). З 1948 працаваў шахцёрам у Англіі, браў удзел у выданні час. «Наперад» (1948—53), дзе друкаваліся і яго творы. У 1954—91 супрацоўнік бел. рэдакцыі радыё «Свабода» (у 1970—75 адначасова выкладаў гісторыю ў Куінсі-каледжы гарадскога ун-та Нью-Йорка). Публікаваўся і ўваходзіў у склад рэдкалегіі час. «Беларуская моладзь» (1959—64), рэдагаваў бюлетэнь «Навіны з Беларусі» (1964—69), быў гал. рэдактарам газ. «Беларус» (1970—80, з 1980 папераменна з З.​Кіпель). У 1969 абараніў доктарскую дысертацыю «Палітычная барацьба за Беларусь у царскай Дзяржаўнай Думе. 1906—1917». Аўтар кн. «Спадчына бацькоў: «Агледзіны»: (Да 100-годдзя з дня нараджэння Я.​Купалы і Я.​Коласа)» (Нью-Йорк, 1982). Яго манаграфія «Беларусь на гістарычных скрыжаваннях» (1993, на англ. мове) знаёміць заходняга чытача з шматвяковай гісторыяй і сучасным станам Беларусі.

Тв.:

Бел. пер. — Беларусь на гістарычных скрыжаваннях. Мн., 1996.

т. 6, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗГУРТАВА́ННЕ БЕЛАРУ́САЎ КАНА́ДЫ (ЗБК),

бел. арг-цыя ў эміграцыі. Засн. ў 1948 у г. Таронта, першы старшыня — К.Акула. Працай кіруе Гал. ўправа, існуюць таксама Наглядная рада і Сяброўскі суд. Дзейнічаюць аддзелы ў Гамільтане (з 1949), Манрэалі (з 1951, цяпер Згуртаванне беларусаў прав. Квебек), Лондане (1956), Садбуры (1957), Атаве. Асн. кірункі дзейнасці — захаванне і прапаганда бел. нац. і культ. спадчыны, дапамога членам ЗБК. У выніку расколу ЗБК (1952) засн. Беларускае нацыянальнае аб’яднанне. Пасля стварэння групы «Авангард Беларусі» (1952) удалося пераадолець крызіс і ажывіць работу згуртавання. Пры ЗБК працуе Згуртаванне беларускіх жанчын Канады (з 1965) і інш. ЗБК — чл. Каардынацыйнага камітэта беларусаў Канады (з 1966), Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Таронта (з 1967), Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» (з 1990), удзельнік сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі (з 1952). ЗБК правяло святкаванні 450-годдзя бел. друку (1967), 1000-годдзя хрысціянства на Беларусі (1988), арганізоўвае выстаўкі выяўл. і нар. мастацтва, удзельнічае ў міжнац. фестывалях. Выдавала газ. «Беларускі эмігрант», з 1995 выдае квартальнік «Інфа ЗБК». У 1963—68 у газ. «Беларус (Нью-Йорк) змяшчала старонку «Весткі з Канады».

А.​С.​Ляднёва.

Да арт. Згуртаванне беларусаў Канады. Беларускі грамадскі цэнтр у г. Таронта.

т. 7, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛІНО́ЙС (Illinois),

штат на Пн ЗША. Уваходзіць у групу штатаў Паўн.-Усх. цэнтра. На ПнУ прымыкае да воз. Мічыган, на З мяжа праходзіць па р. Місісіпі, на У — па р. Агайо і яе прытоку р. Уобаш. Пл. 146 тыс. км², нас. 11830 тыс. чал. (1995). Адм. ц. — г. Спрынгфілд, найб. горад, прамысл. цэнтр, чыг. вузел і порт на Вял. азёрах — Чыкага. Гар. насельніцтва 83%.

Паверхня — узгорыстая раўніна (выш. да 376 м на Пн). Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -3 °C, ліп. 24 °C. За год выпадае да 1000 мм ападкаў. Гал. рака Місісіпі з прытокамі Рок, Ілінойс, Каскаскія, Агайо. Пераважаюць урадлівыя чарназёмныя глебы. І. — адзін з высокаразвітых індустр.-агр. штатаў ЗША Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: электратэхн., электронная, вытв-сць прамысл., буд. абсталявання і с.-г. прылад, сродкаў транспарту, чорная металургія, харч. (мясная, мукамольная, тлушчавая), хім., нафтаперапр., паліграф., гарбарна-абугковая. Здабыча нафты, каменнага вугалю, плавіковага шпату, буд. матэрыялаў. Вырошчваюць кукурузу, сою (2-е месца ў ЗША), люцэрну, пшаніцу, ячмень, жыта, авёс, агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, хатнюю птушку. Развіты чыг. і аўтамаб. транспарт. Праз І. праходзіць Ілінойскі водны шлях.

т. 7, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́СЦІНА,

адэкватнае адлюстраванне аб’ектыўнай рэчаіснасці ў свядомасці чалавека. Адрозніваюць І. абсалютную і адносную. Абсалютная — поўныя (вычарпальныя) веды пра вывучаемы прадмет, якія не могуць быць абвергнуты наступным развіццём пазнання;адносная — няпоўныя (абмежаваныя аб’ектыўнымі і суб’ектыўнымі абставінамі) веды пра той жа прадмет. Гэтыя І. дыялектычна ўзаемазвязаны; абсалютная складаецца з адносных, у кожнай адноснай змяшчаецца «часцінка» абсалютнай І. Практыка пераконвае, што чалавецтва не ў стане пазнаць абсалютную І., але пастаянна набліжаецца да яе, да раскрыцця сутнасці быцця. Такім чынам, І. — дыялект. працэс, што ідзе ў кірунку ўсё большай паўнаты адлюстравання аб’екта і пераадольвае на сваім шляху памылковыя погляды. Найважнейшая праблема — адмежаванне І. ад памылак, пошук крытэрыя І. Яе імкнуліся знайсці ант. філосафы, не знайшоўшы такога рашэння, яны схіляліся да агнастыцызму і скептыцызму. Аб’ектыўныя ідэалісты разглядалі І. як вечныя, абсалютныя ўласцівасці ідэальных аб’ектаў (Платон), як божае адкрыццё (Аўгусцін). Суб’ектыўныя ідэалісты разумеюць І. як згоду мыслення з яго апрыёрнымі формамі (І.​Кант), як найб. простую ўзгодненасць адчуванняў (Э.​Мах, Р.​Авенарыус), форму псіхал. стану асобы (экзістэнцыялісты) і г.д. Дыялект. матэрыялізм зыходзіць з аб’ектыўнасці зместу І., прызнае ў якасці гал. крытэрыя І. сац.-гіст. практыку людзей.

Т.​І.​Адула.

т. 7, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІТАЛЬЯ́НСКІ ПАХО́Д СУВО́РАВА 1799,

баявыя дзеянні (крас.—жн.) рас. і аўстр. войск пад камандаваннем фельдмаршала А.В.Суворава супраць 2 франц. армій у Паўн. Італіі ў вайну 1798—1802 Францыі з 2-й антыфранц. кааліцыяй (Англія, Расія, Аўстрыя, Турцыя, Каралеўства абедзвюх Сіцылій). Распрацаваны Суворавым план кампаніі прадугледжваў разгром франц. армій паасобку. 26—28.4.1799 гал. сілы Суворава (больш за 40 тыс. чал.) разбілі франц. армію на чале з ген. Ж.​В.​Маро (каля 28 тыс. чал.) на р. Ада, занялі г. Мілан, у маі — Турын і Александрыю. 17—19 чэрв. войскі Суворава (каля 30 тыс. чал.) у сустрэчным баі на р. Трэбія разграмілі франц. армію ген. Ж.​Макданальда (33—35 тыс. чал.), якая рухалася на дапамогу Маро з Сярэдняй і Паўд. Італіі. Разгром саюзнымі войскамі (43 тыс. чал., паводле інш. звестак, 50 тыс.) 35-тысячнай франц. арміі ген. Б.​К.​Жубера (забіты ў пач. бітвы, яго змяніў Маро) 15 жн. каля г. Нові і перамогі ВМФ Расіі ў ходзе Міжземнаморскага паходу Ушакова 1798—1800 прывялі да амаль поўнага вызвалення Італіі ад франц. панавання. Сувораў быў накіраваны ў Швейцарыю (гл. Швейцарскі паход Суворава 1799). У.​Я.​Калаткоў.

т. 7, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)