АДЭНАМАТО́З ЛЁГКІХ (ад адэнома + ...оз),

хранічная вірусная хвароба жывёл. Характарызуецца развіццём шматлікіх залозападобных разрастанняў у лёгачнай парэнхіме. Пашырана амаль ва ўсіх краінах свету, адзначаецца і на Беларусі. Хварэюць авечкі, козы, менш каровы, коні, сабакі, мышы, некаторыя рыбы. Узбуджальнік — рэтравірус тыпу С. Заражэнне паветрана-кропельным шляхам. Інкубацыйны перыяд ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў. Лятальнасць ад 50 да 80%.

т. 1, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЕ́РЦЫ,

вёска ў Беларусі, у Талачынскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса «XVIII партз’езд». За 6 км на ПнУ ад Талачына, 115 км ад Віцебска, 5 км ад чыг. ст. Талачын, на шашы Мінск—Масква. 742 ж., 290 двароў (1994). Кансервавы з-д. Базавая школа. Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання.

т. 1, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЁРНА-РАЧНЫ́Я РЫ́БЫ,

віды рыб, аднолькава характэрныя для іхтыяфауны азёраў і рэк. Пашыраны па ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. На Беларусі 24 віды: акунь звычайны, аўсянка, бычок-падкаменшчык (гл. Падкаменшчыкі), верхаводка, вугор еўрапейскі, гарчак, гусцяра, джгір звычайны, жэрах, колюшкі (2 віды), карась, лешч, лінь, мянтуз, плотка, пячкур, сом звычайны, судак, уюн, краснапёрка, шчупак, шчыпоўка, язь. Большасць маюць прамысл. значэнне.

т. 1, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙКІДО́ (яп. літар. шлях спасціжэння гармоніі),

разнавіднасць самаабароны без зброі. Адзін з найб. складаных у асваенні відаў адзінаборстваў усходніх. Сучасная сістэма айкідо створана яп. майстрам Марыхеі Уешыба (1883—1969). Прыёмы разлічаны на адбіццё нападу аднаго ці некалькіх праціўнікаў. Атакуючых прыёмаў ці дзеянняў у айкідо няма, таму спарт. спаборніцтвы не праводзяцца. На Беларусі развіваецца з пач. 1980-х г.

т. 1, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКРУ́ГА,

падзел дзярж. тэрыторыі па адм. ці паліт. прыкметах. 1) Адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—30 і 1935—38.

2) Спец. адм.-тэр. адзінка галіновага кіравання (ваен. акруга, навучальная акруга, пагранічная акруга, судовая акруга і інш.).

3) У Зах. Беларусі — раён дзейнасці падп. акруговых к-таў КПЗБ і КСМЗБ.

4) Часовыя тэр. ўтварэнні для правядзення выбарчых кампаній.

т. 1, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРО́ВА,

вадасховішча ў Беларусі, у Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., на меліярац. канале ў бас. р. Ясельда. За 16 км ад вусця канала, каля в. Аброва. Створана ў 1985. Пл. 1,6 км², даўж. 1,82 км, найб. шырыня 1,2 км, найб. Глыб. 4,9 м, аб’ём вады 7,1 млн. м³. Пл. вадазбору каля 270 км². Выкарыстоўваецца для арашэння зямель і рыбагадоўлі.

т. 1, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЫВА́ЦЕЛІ,

1) назва паўнапраўных грамадзян у прававых актах 16 ст. ў ВКЛ і Польшчы. У 17—18 ст. абывацелямі называлі шляхціцаў Рэчы Паспалітай, у 19 — пач. 20 ст. — памешчыкаў на тэр. Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы.

2) У Рас. імперыі афіц. назва саслоўя гараджан, а таксама назва сталых жыхароў якой-н. мясцовасці.

3) Людзі, якія жывуць дробнымі, вузкаасабістымі інтарэсамі.

т. 1, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВУ́ТА,

рака ў Беларусі, у Глыбоцкім і Міёрскім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток Дзісны (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 47 км. Выцякае з воз. Падавута на ПнУ Свянцянскіх град, цячэ па Полацкай нізіне. Даліна шыр. 150—250 м, схілы стромкія. Пойма высокая, шыр. 100—150 м, рэчышча слабазвілістае. Каля 66% гадавога сцёку прыпадае на вясну. Водапрыёмнік меліярац. сістэм.

т. 1, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРШЫ́ЦА,

рака ў Беларусі, у Аршанскім раёне Віцебскай вобласці, правы прыток Дняпра. Даўжыня 33 км. Выцякае з возера Арэхаўскае. Асноўныя прытокі: Пачаліца, Міронаўка (справа), Выдрыца (злева). Плошча вадазбору ў межах Аршанскага ўзвышша 519 км². Даліна добра выражана, у верхнім цячэнні трапецападобная, у ніжнім — карытападобная. На беразе дом адпачынку «Орша». Пры ўпадзенні Аршыцы ў Дняпро горад Орша.

т. 2, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́ШКАВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Дзмітравіцкім с/с Бярэзінскага р-на Мінскай вобласці. Цэнтр калгаса. За 37 км на ПнУ ад Беразіна, 140 км ад Мінска, 55 км ад чыг. ст. Барысаў. 425 ж., 199 двароў (1995). Сярэдняя школа, б-ка, клуб, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў. Каля вёскі курганны могільнік стараж.-слав. часу.

т. 2, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)