галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае выкарыстанне рэнтгенаўскага выпрамянення для даследавання будовы і функцыі органаў і сістэм, дыягностыкі хвароб чалавека і жывёл. Дае магчымасць вывучаць дзейнасць розных органаў, сачыць за дынамікай паталаг. працэсаў, выяўляць раннія формы захворванняў, якія працякаюць скрыта (напр., пухліны) і інш. Узнікла пасля адкрыцця рэнтгенаўскіх прамянёў (1895). Асн. раздзелы — рэнтгенадыягностыка (распрацоўвае пытанні распазнавання пашкоджанняў і захворванняў розных органаў), мед. рэнтгенатэхніка (рэнтгенаўская апаратура); таксама ваенна-палявая Р. (арганізацыя, тэхн. аснашчэнне, методыкі рэнтгеналагічнага даследавання хворых у палявых умовах). У Р. выкарыстоўваецца лічбавая апрацоўка рэнтгенаўскіх відарысаў (гл.Рэнтгенаграмаметрыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭНТГЕ́НАЎСКАЯ ТРУ́БКА,
электравакуумная прылада для атрымання рэнтгенаўскіх прамянёў. Інтэнсіўнасць рэнтгенаўскага выпрамянення залежыць ад напружання, прыкладзенага да электродаў, току, а таксама матэрыялу анода. Мае катод і анод. Электроны, што вылучае катод, паскараюцца моцным эл. полем і бамбардзіруюць анод. Пры ўдарах электронаў аб анод іх кінетычная энергія пераўтвараецца ў энергію рэнтгенаўскага выпрамянення (часткова — у цеплавую энергію).
Паводле спосабу атрымання электроннага патоку Р.т. падзяляюцца на электронныя (электроны генерыруюцца за кошт тэрмаэлектроннай эмісіі катода) і іонныя (электроны выбіваюцца з халоднага катода дадатнымі іонамі). Выкарыстоўваюцца ў медыцыне, дэфектаскапіі, навук. даследаваннях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПРАДУКТЫ́ЎНЫЯ О́РГАНЫ,
органы жывёл і раслін, якія выконваюць функцыі размнажэння. У раслін — розныя структуры, якія забяспечваюць вегетатыўны, бясполы і палавы спосабы размнажэння. У пракарыётаў Р.о. — споры, гармагоніі і інш. У многіх грыбоў, водарасцей, моха-, папараце- і дзеразападобных, хвашчоў з выяўленым чаргаваннем пакаленняў прадстаўлены спарангіямі (бясполае) і гаметангіямі (палавое размнажэнне). У вышэйшых насенных раслін (гола- і пакрытанасенных) Р.о. — мікра- і мегаспарацыты, генератыўныя клеткі пылку і яйцаклетка. У шырокім сэнсе Р.о. таксама — кветкі і плады пакрытанасенных, стробілы голанасенных (мужч. і жан. шышкі) і інш.У жывёл Р.о. — палавыя органы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЦЫПРО́КНАЕ СКРЫЖАВА́ННЕ,
сістэма двух скрыжаванняў, якія характарызуюцца ўзаемна процілеглым спалучэннем прыкметы, што аналізуецца, і полу (або тыпу спарвання) у форм, якія прымаюць удзел у скрыжаванні. Напр., калі пры адным скрыжаванні ў жывёл самка мела дамінантную прыкмету, а самец — рэцэсіўную, то ў другім скрыжаванні, рэцыпрокным першаму, самка павінна мець рэцэсіўную прыкмету, а самец — дамінантную. Р.с. выкарыстоўваецца ў генет. аналізе для выяўлення спадчынных фактараў, лакалізаваных у Х-храмасоме (гл.Палавыя храмасомы). Таксама ў выпадку анізагаміі выяўляюцца цытаплазматычныя спадчынныя фактары, калі ў абодвух Р.с. у спадчыну перадаецца толькі мацярынская прыкмета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБАЛЕ́ЎСКІ (Аляксандр Пятровіч) (30.8.1905, г. Гарадок Віцебскай вобл. — 12.1.1988),
Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў Ваенна-мед. акадэмію (1945). У Чырв. Арміі з 1926. Са жн. 1937 карабельны ўрач на ледаколе «Георгій Сядоў»; у жн. 1937 — студз. 1940 у час 812-дзённага дрэйфу ледакола ў Паўн. Ледавітым акіяне дзякуючы намаганням С. члены экіпажа не захварэлі на цынгу і вытрымалі маразы, ён таксама актыўна ўдзельнічаў ва ўсіх работах на ледаколе і льдзіне. У Вял.Айч. вайну ў ліп.—вер. 1941 удзельнік баёў на Ленінградскім фронце. Да 1959 на ваенна-мед. службе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́НКА (Сяргей Аляксандравіч) (н 10.9.1958, г.п. Гарадзішча Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне радыёлакацыі і радыёнавігацыі Д-ртэхн.н. (1996), праф. (2001). Скончыў Мінскае вышэйшае ваеннае інж. вучылішча (1980). З 1997 у Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па праблемах шматпазіцыйнай актыўна-пасіўнай радыёлакацыі, радыёнавігацыі, прыладабудаванні і эл. сувязі. Распрацаваў методыку ацэнкі эфектыўнасці радыёлакацыйных комплексаў і сістэм, а таксама метады іх выпрабавання ў палявых умовах.
Тв.:
Теория и техника совместной адаптивной обработки сигналов в активно-пассивных радиолокационных системах. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКРЭ́ЦЫЯў мінералогіі,
мінеральны агрэгат акруглай або ізаметрычнай формы, што запаўняе пустоты ў горных пародах. Паводле мінер. саставу адрозніваецца ад умяшчальных парод. У процілегласць канкрэцыям С. ўтвараюцца шляхам паслядоўнага адкладу мінер. рэчыва (з сапраўдных і калоідных раствораў пры гіпергенных і гідратэрмальных працэсах) канцэнтрычнымі слаямі на сценках пустот ад іх перыферыі да цэнтра. Нярэдка ў сярэдзіне застаецца поласць, акаймаваная друзамі мінералаў. Адрозніваюць С. буйныя — жэоды і дробныя — міндаліны. Выкарыстоўваюцца ў ювелірнай справе, таксама як калекцыйны матэрыял.
Да арт.Сакрэцыя ў мінералогіі. Міндаліна, складзеная з агату.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЬВАТА́ЦЫЯ (ад лац. solvere раствараць),
узаемадзеянне часціц (малекул, іх асацыятаў, іонаў) растворанага рэчыва з малекуламі растваральніку. Уплывае на ўсе фіз. і фіз.-хім. працэсы, што адбываюцца ў растворах. Абумоўлена Электрастатычнымі і ван-дэр-ваальсавымі сіламі ўзаемадзеяння (неспецыфічная С.), а таксама каардынацыйнымі сувязямі і вадароднай сувяззю (спецыфічная С.). У выніку С. ўтвараюцца сальваты — малекулярныя ўтварэнні пастаяннага ці пераменнага саставу, у якіх малекула (іон) растворанага рэчыва абкружана сальватнай абалонкай з малекул растваральніку. Асобны выпадак С. — гідратацыя.
Літ.:
Бургер К. Сольватация, ионные реакции и комплексообразование в неводных средах: Пер. с англ.М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́РНАТЭ,
неалітычная тарфянікавая стаянка 3-га — 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. ў Вентспілскім р-не Латвіі. Выяўлены рэшткі 25 жытлаў, у т. л. 5 лёгкіх чатырохвугольных пабудоў з двухсхільнымі дахамі, драўляныя вёслы, коп’і, бумерангі, лыжы, калатушкі для разбівання арэхаў, матыкі, каўшы з зааморфнымі ручкамі, рэшткі рыбалоўных сетак, гліняны посуд і інш. Даследавана свяцілішча з драўляным ідалам і майстэрня па вырабе рэчаў з бурштыну. Асн. заняткі насельніцтва — рыбалоўства, паляванне, збіральніцтва. У тарфяніку С. таксама знойдзены рэшткі стаянкі з ямкава-грабеньчатай керамікай (2-я пал. 3-га тыс. да н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТЛОАДЧУВА́ЛЬНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫў фота- і кінатэхніцы,
матэрыялы для здымкі і друкавання відарысаў аптычных. Маюць адчувальныя да святла слаі, нанесеныя на празрыстую ці непразрыстую падложку. У якасці святлоадчувальных рэчываў (гл.Святлоадчувальнасць) выкарыстоўваюцца галоідныя солі серабра (браміды, хларыды, ёдыды).
Падзяляюцца на чорна-белыя і каляровыя (гл.Колерафатаграфічныя матэрыялы), негатыўныя (для фота- і кіназдымкі), пазітыўныя (для атрымання пазітыўных відарысаў з негатываў) і абарачальныя (у выніку спец. апрацоўкі даюць пазітыўны відарыс — слайд). У залежнасці ад віду падложкі, на якую нанесена фатаграфічная эмульсія, адрозніваюць фотапласцінкі (падложка — шкло), плёнкі і паперу фатаграфічную. Гл.таксамаФатаграфічныя матэрыялы.