галіна машынабудавання і металаапрацоўкі, якая вырабляе абсталяванне для радыёсувязі і тэлебачання, сродкі радыё- і правадной сувязі, шырокавяшчальныя радыёпрыёмнікі і тэлевізары, электронныя ўзмацняльнікі, электраакустычныя прыстасаванні, спец.тэхнал. абсталяванне. Найб. развітая Р.п. у ЗША, Японіі, Германіі, Вялікабрытаніі, Рэспубліцы Карэя, Кітаі, Нідэрландах. На Беларусі радыёпрыёмнікі выраблялі на Мінскім радыёзаводзе з 1940 (з 1950-х г.Мінскі прыборабудаўнічы завод, выпускаў радыёлу «Мінск Р-7»; з 1992 Беларускае вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі). З 1951 працуе 2-і радыёзавод (у 1959 выпусціў першы ў СССР транзістарны радыёпрыёмнік «Мінск-Т»), з 1997 — Мінскае прадпрыемства «Завод Гарызонт». Як самастойная галіна Р.п. пачала фарміравацца з 1950-х г. У 1957 пабудаваны Віцебскі завод радыёдэталей; у 1976—78 — Віцебскі тэлевізійны з-д (з 1989 уваходзіць у Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Віцязь»). Працуе больш за 50 прадпрыемстваў Р.п. (2000). Сярод іх: Гродзенскае ВА «Хваля» (аўтамагнітолы, аднаканальныя і шматканальныя радыёстанцыі, радыёпрыёмнікі, тэлевізары), Гомельскае вытворчае аб’яднанне «Карал», радыёзавод «Спадарожнік» ў г. Маладзечна (стэрэамагнітолы і радыёпрыёмнікі для аўтамабіляў), завод «Зеніт» у Магілёве (тэлевіз. апаратура) і інш.; у Віцебску бел.-швейц. прадпрыемства «Euromedia» (каляровыя тэлевізары з камплектацыяй дэталей фірм «Toshiba», «Hitachi», «Philips». Выпушчана 195 тыс. радыёпрыёмнікаў, 516 тыс. тэлевізараў, у т. л. 433 тыс. каляровых (1999). Прадукцыя Р.п. экспартуецца ў многія краіны свету, у т. л. ў Расію, на Украіну і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́К-МУ́ЗЫКА (ад англ. roc music),
абагульненая назва сукупнасці стыляў і кірункаў сучаснай папулярнай музыкі, першавытокам якой лічыцца рок-н-рол. Сфарміравалася на мяжы 1950—60-х г. у Вялікабрытаніі і ЗША. Да канца 1960-х г. музыка ў выкананні груп «Бітлз», «Ролінг Стоўнз», і інш. часцей называлася біг-бітам. Тэрмін Р.-м. ўвайшоў ва ўжытак з 1-й пал. 1970-х г. пасля з’яўлення шэрагу калектываў, якія выконвалі гучную, жорсткую па рытме, са скажоным электронікай гучаннем інструментаў музыку. Для Р.-м. характэрны непасрэдная падача муз. матэрыялу, жывое гучанне інструментаў з істотным узмацненнем, жорсткімі рытмавымі структурамі, імкненне выказацца адкрыта, найчасцей ад першай асобы. Як правіла, гэта аўтарская творчасць (музыку і тэксты песень звычайна ствараюць удзельнікі калектыву). У канцы 20 ст. ў сувязі з глабальнай камерцыялізацыяй муз. рынку Р.-м. прайшла значную стылявую эвалюцыю ў бок спрашчэння. Найб. вядомыя калектывы Р.-м. — «Машына часу», «Аракс», «ДДТ», «Аліса», «Наўцілус Пампіліус» (Расія), «Анціс» (Літва), «Магнетык бэнд» (Эстонія), «Ляманты Відаплясава» (Украіна). З бел. калектываў Р.-м. найб. значную ролю адыгралі біт-групы «Пані-Брацця»; «Алгарытмы» (канец 1960-х г.), групы «Сузор’е» (1970—80-я г.), «Бонда», «Мроя» (1980-я г.), «Уліс», «Крама» (1980—90-я г.), «Мясцовы час», «N.R.M.», «Нейра Дзюбель» і А.Шадзько і група «Сястра» (1990-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙМАНТ (Reymont) Уладзіслаў Станіслаў (7.5.1867, в. Кабеле-Вельке Мазавецкага ваяв., Польшча — 5.12.1925),
польскі пісьменнік. Быў вандроўным акцёрам, чыг. служачым. Жыў у Францыі, Італіі, ЗША. Друкаваўся з 1893. У сац.-псіхал. раманах «Камедыянтка» (1896), «Ферменты» (1897), «Летуценнік» (1910), аповесці «Лілі» (1899) паказаў трагізм паўсядзённага жыцця ў правінцыі. Раман «Зямля запаветная» (т. 1—2, 1899, экранізацыя 1975) пра лёсы людзей у бязлітасным свеце вял. горада 2-й пал. 19 ст.Гіст. трылогія «1794 год» (1913—18) пра нац.-вызв. паўстанне пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі. Вяршыня творчасці — эпічны раман «Мужыкі» (т. 1—4, 1904—09, экранізацыя 1973), у якім гісторыя адной сям’і разгортваецца ў панараму жыцця польскай вёскі, суаднесенага з жыццём прыроды. Твор адметны кампазіцыйнай цэласнасцю, сюжэтнай вастрынёй, каларытнасцю персанажаў, жывапіснасцю, сакавітасцю мовы, спалучэннем рэаліст. пісьма з элементамі імпрэсіянізму і натуралізму, выкарыстаннем фальклору. Аўтар зб-каў апавяд. «Сустрэча» (1897), «Перад досвіткам» (1902), «З дзённіка» (1903), «За фронтам» (1919), аповесці «Справядліва» (1899), гатычнага рамана «Вампір» (1911) і інш. Нобелеўская прэмія 1924.
Тв.:
Рус.пер. — Рассказы. М., 1953;
Комедиантка. Брожение. Т. 1—2. Л., 1967;
Мужики. Т. 1—2. М., 1981.
Літ.:
Богомолова Н.А. Владислав Реймонт // История польской литературы. М., 1969. Т. 2;
Rurawski J. Władisław Reymont. Warszawa, 1977;
Lichański S. Władisław Stanisław Reymont. Warszawa, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРА́БІН Канстанцін Іванавіч (7.12.1878, С.-Пецярбург — 17.10.1972),
расійскі вучоны ў галіне гельмінталогіі; заснавальнік сав. школы гельмінтолагаў. Акад.АНСССР (1939), УАСГНІЛ (1935), АМНСССР (1944). Правадз. і ганаровы чл. іншаземных акадэмій (Францыі, Балгарыі, Венгрыі, Польшчы і інш.), навук т-ваў ЗША, Вялікабрытаніі, Бельгіі, Індыі і інш.Д-рвет., мед., біял.н. (1934, 1938, 1943). Герой Сац. Працы (1958). Скончыў Юр’еўскі вет.ін-т (1905). У 1917—43 праф. Данскога, Маскоўскага, Ленінградскага, Казанскага вет. ін-таў; адначасова з 1920 ва Усесаюзным ін-це гельмінталогіі (у 1931—61 дырэктар). З 1956 віцэ-прэзідэнт УАСГНІЛ. Навук. працы па марфалогіі, сістэматыцы, экалогіі паразітычных чарвей с.-г. жывёл і чалавека, эпідэміялогіі і мерапрыемствах па барацьбе з гельмінтозамі (распрацаваў прынцыпы дэгельмінтызацыі і дэвастацыі). Апісаў каля 200 новых відаў і даў абгрунтаванне 120 новым родам гельмінтаў. Увёў паняцце аб дадатковых і рэзервуарных гаспадарах, транзітным паразітызме і сімбіяпаразітызме, бія- і геагельмінтозах. Ленінская прэмія 1957. Дзярж. прэмія СССР 1941, 1950.
Тв.:
Гельминтозы человека. Ч. 1—2. М.; Л., 1929—31 (разам з Р.С.Шульцам);
Основы общей гельминтологии. М., 1940;
Трематоды животных и человека: Основы трематодологии. Ч. 1—23. М.; Л., 1947—70;
Моя жизнь в науке. М., 1969.
Літ.:
Гильденблат А.А., Заянчковский И.Ф. Академик К.И. Скрябин и советская гельминтология. М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВА́ЦКАЯ МО́ВА,
адна са славянскіх моў (зах.-слав. група); мова славакаў, дзярж. мова Славакіі (да 1992 разам з чэшскай мовайб. Чэхаславакіі). Пашырана ў ЗША, Венгрыі, Югаславіі, Канадзе, Румыніі, Чэхіі, Польшчы і інш. Мае 3 групы дыялектаў: зах.-славацкі, цэнтр.-славацкі і ўсх.-славацкі. С.м. ўласцівы: у фанетыцы — наяўнасць кароткіх і доўгіх галосных, доўгія (за некалькімі выключэннямі) не бываюць у складах побач, кароткія галосныя чаргуюцца з доўгімі або дыфтонгамі, складаўтваральныя r, l бываюць кароткія і доўгія, v у закрытым складзе вымаўляецца як (ÿ), n, l, t, d перад e, і заўсёды мяккія, націск экспіраторны, на 1-м складзе; у марфалогіі — страта вынікаў палаталізацыі заднеязычных у іменным скланенні (апрача назоўнага склону мн. л.), іменных форм прыметнікаў, аорыста, імперфекта; у лексіцы шмат запазычанняў з чэш., ням. і венг. моў.
Першы ўласна славацкі помнік «Острыгамскі рытуал» (1625) напісаны на цэнтр.-славацкім дыялекце. Пісьменства на аснове лацініцы.
Літ.:
Малько Р.Н. Географическая терминология чешского и словацкого языков (на общеславянском фоне). Мн., 1974;
Лучыц-Федарэц І.І. Аб напісанні чэшскіх і славацкіх уласных імён па-беларуску // Бел. лінгвістыка. Мн., 1985. Вып. 27;
Яго ж. Славацкае і беларускае дыялектнае словаўтварэнне // Словообразование и номинативная деривация в славянских языках. Гродно, 1986. Ч. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВІ́СТАЎ МІЖНАРО́ДНЫ КАМІТЭ́Т (МКС),
выканаўчы орган міжнар. аб’яднання славістаў. Мае на мэце наладжванне міжнар. супрацоўніцтва славістаў для спрыяння развіццю навук пра слав. мовы і л-ры, вывучэнню гісторыі і культуры слав. народаў.
Засн. ў 1955 у г. Бялград на Міжнар. нарадзе славістаў. У складзе к-та 37 краін (2001): усе слав. краіны і некат. неслав., дзе вядзецца навук. праца ў галіне славяназнаўства (Вялікабрытанія, Аўстрыя, Германія, Італія, ЗША, Францыя і інш.). Ад Беларусі ў к-т уваходзілі К.Крапіва, М.Р.Суднік, уваходзіць Г.А.Цыхун (гл. Славістаў беларускі камітэт). С.м.к. узначальвае старшыня, які выбіраецца на 5 гадоў ад краіны, дзе адбудзецца чарговы з’езд. Пры к-це дзейнічае 28 камісій (агульнаслав. лінгвістычнага атласа, выдавецка-тэксталагічная, лінгвістычнай бібліяграфіі, сацыялінгвістыкі, транскрыпцыйная, словаўтварэння, слав. фразеалогіі, слав.літ. моў, археалагічная, лексікалогіі і лексікаграфіі, слав. паэтыкі і стылістыкі, слоўніка стараслав. мовы і гісторыі славістыкі, слав. анамастыкі, грамат. будовы слав. моў і інш.), якія каардынуюць працу славістаў па сваім профілі ў міжнар. маштабе. Праз кожныя 5 гадоў С.м.к. склікае ў слав. краінах Міжнар. з’езды славістаў (адбылося 12 з’ездаў; апошні ў Польшчы, 1998). Паміж з’ездамі праходзяць пленарныя пасяджэнні, на якіх разглядаюцца навук. праблематыка чарговага з’езда, яго праграма, структура і колькасны склад, абмяркоўваецца дзейнасць навук. камісій, выданне прац з’езда і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПОК (Spock) Бенджамін Маклейн (2.5.1903, г. Нью-Хейвен, штат Канектыкут, ЗША — 15.3.1998),
амерыканскі педыятр, педагог і грамадскі дзеяч. Скончыў Іельскі ун-т (1925) і мед. курсы пры ім (1929). У 1933—44 займаўся прыватнай практыкай у Нью-Йорку. У 1944—46 на вайсковай службе, у 1947—50 ад’юнкт-праф. Мінесоцкага ун-та, у 1951—55 кіраваў аддзяленнем дзіцячай псіхіятрыі пры мед. курсах Пітсбургскага ун-та. У кн. «Дзіця і яго догляд» (1946) абагульніў свой вопыт педыятра, выклаў уяўленні пра ўзаемаадносіны бацькоў і дзяцей, развіццё здаровай і шчаслівай асобы. Гал. ідэя С. — прызнанне адметнасці, унікальнасці асобы дзіцяці; ён раіў бацькам пазбягаць крайнасцей у выхаванні, праяўляць чуласць і ўлічваць жаданні дзіцяці, дамагацца такіх адносін з дзецьмі, калі адпадае неабходнасць у пакаранні. Важнейшым у выхаванні лічыў «метад цярпення», адначасова падкрэсліваў асн. ролю бацькоўскага аўтарытэту, які не мае нічога агульнага з дыктатам, значэнне дысцыпліны для выхавання. У шматлікіх публікацыях выказаў свае ідэі па пед. праблемах: выхаванне прыёмных і «цяжкіх» дзяцей, выхаванне ў няпоўнай сям’і. уплыў на дзяцей сямейных канфліктаў і разводаў, роля бацькі ў выхаванні і інш. Сваю грамадскую дзейнасць разглядаў як працяг гуманістычнай педагогікі.
Літ.:
Азаров Ю. Диалог: Заметки о Бенджамине Споке и о современ. пробл. воспитания // Новый мир. 1979. № 9—10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЫ́ВЕНСАН (Stevenson) Роберт Льюіс Бэлфур (13.11.1850, г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 3.12.1894),
англійскі пісьменнік; найбуйнейшы прадстаўнік неарамантызму. Скончыў Эдынбургскі ун-т (1873). Па адукацыі юрыст. Шмат падарожнічаў па Еўропе і ЗША. Дэбютаваў у 1866 як публіцыст. Сусв. вядомасць прынёс раман «Востраў скарбаў» (1883, неаднаразова экранізаваны). Аўтар прыгодніцкіх раманаў «Выкрадзены» (1886), «Гаспадар Балантрэ» (1889), «Пацярпелыя караблекрушэнне» (1892), «Катрыёна» (1893), у якіх тагачаснай цывілізацыі, расізму і каланіялізму проціпастаўляў веру ў людзей, іх высокую духоўнасць. У гіст. раманах «Прынц Ота» (1885), «Чорная страла» (1888), «Сент-Іў» (апубл. 1897, незавершаны) рамантыка прыгод спалучаецца з дакладным апісаннем экзотыкі і гіст. каларытам. Тэма «двойніцтва» ў філас.-псіхал. рамане «Дзіўная гісторыя д-ра Джэкіля і м-ра Хайда» (1886). Аўтар шматлікіх апавяданняў, нарысаў, п’ес, літ.-крытычных прац. На бел. мову асобныя творы С. пераклалі А.Асташонак, В.Гардзей, Я.Семяжон.
Тв.:
Бел.пер. — Востраў скарбаў. Мн., 1993;
Чорная страла: Аповесць з часоў вайны Пунсовай і Белай ружы. Мн., 1999;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—5. М., 1993;
Избр. произв.Т. 1—3. М., 1992.
Літ.:
Дьяконова Н.Я. Стивенсон и английская литература XIX в. Л., 1984;
Олдингтон Р. Стивенсон: Портрет бунтаря: Пер. с англ.М., 1985;
Роберт Луи Стивенсон: Биобиблиогр. указ. М., 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАКІ́ЙСКІ ПРАЦЭ́С,
судовы працэс над гал.яп.ваеннымі злачынцамі пасля 2-й сусв. вайны. Адбыўся 3.5.1946—12.11.1948 у Токіо ў Міжнародным ваенным трыбунале для Д. Усходу. Праведзены на падставе патрабаванняў Патсдамскай дэкларацыі 1945 і Акта аб капітуляцыі Японіі ад 2.9.1945. Суду падлягала група з 28 дзярж. і ваен. дзеячаў Японіі, прыгавор вынесены адносна 25 з іх (2 падсудныя памерлі ў час працэсу, 1 прызнаны ў стане несвядомасці). У ходзе працэсу праведзены 818 адкрытых суд. пасяджэнняў, прыняты 4356 дакумент. доказаў і 1194 паказанні сведкаў. З 4.11.1948 зачытваўся прыгавор (1214 старонак). Падсудныя прызнаны вінаватымі ў тым, што на працягу 1928—45 планавалі, рыхтавалі і вялі агрэсіўныя войны супраць Кітая, СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і інш. краін, арганізоўвалі ваен. злачынствы і злачынствы супраць чалавецтва (знішчэнне мірных жыхароў, забойствы і катаванні ваеннапалонных і інш.). Трыбунал прыгаварыў да пакарання смерцю 7 падсудных (павешаны ў Токіо ў ноч на 23.12.1948), да пажыццёвага зняволення 16, да 20 гадоў турмы — 11, да 7 гадоў зняволення — 1 падсуднага. Т.п., як і Нюрнбергскі працэс, садзейнічаў зацвярджэнню прынцыпаў і нормаў сучаснага міжнар. права ў галіне асуджэння дзярж.агрэсіі.
Літ.:
Смирнов Л.Н., Зайцев Е.Б. Суд в Токио. М., 1978;
Рагинский М.Ю. Милитаристы на скамье подсудимых: По материалам Токийского и Хабаровского процессов. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́НЕЦ МАДЭ́РН.
Склаўся на мяжы 19—20 ст. у ЗША і Германіі як адзін з кірункаў сучаснай харэаграфіі. Тэрмін «Т.м.» выцесніў назвы «вольны танец», «дунканізм», «танец басаножак», «рытмапластычны танец», «экспрэсіянісцкі», «новы маст. танец» і інш. Заснавальніца Т.м. — амер. танцоўшчыца А.Дункан (імітацыя ант. форм танца, «танец басаножак», адмаўленне ад традыц. балетнага касцюма, зварот да сімф. і камернай музыкі). Асн. прынцыпы Т.м.: увасабленне новых тэм і сюжэтаў, пошук арыгінальных выразных танц.-пластычных сродкаў, высокая ступень імправізацыі, сінтэз розных стыляў, акцэнт на індывід. вынаходлівасць харэографа. Для яго развіцця характэрны імкненне да эксперыментавання, стварэння новых стылявых канцэпцый як процістаянне традыц. балетным формам. Фарміраванне Т.м. звязана з тэарэт. працамі Ф.Дэльсарта, Р. фон Лабана, практыкамі М.Вігман, М.Грэхем, Э.Жакам-Далькрозам, К.Іосам, Р.Сен-Дэні і інш. Т.м. паступова сінтэзаваўся з класічным танцам, што найб., ярка выявілася ў творчасці балетмайстраў К.Галяйзоўскага, С.Ліфара, В.Ніжынскага, М.Фокіна, Л.Якабсона, пазней — у творчасці Дж.Баланчына, М.Бежара, Ю.Грыгаровіча, Р.Пці. У розных краінах свету сфарміраваліся і развіваюцца розныя школы і плыні. Значную ролю ў папулярызацыі і станаўленні Т.м. на Беларусі адыгрывае штогодні Міжнар. фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (з 1992). На бел. балетнай сцэне элементы Т.м. відавочны ў паст. А.Дадышкіліяні, В.Елізар’ева, Р.Паклітару і інш.