АДНІМА́ННЕ, адыманне,

арыфметычнае дзеянне, якое заключаецца ў знаходжанні аднаго са складаемых па вядомай суме і другім складаемым; процілеглае складанню. Сума ў гэтым выпадку наз. памяншаемым, дадзенае складаемае — аднімаемым, невядомае (вынік) — рознасцю. Каб ад аднаго ліку адняць другі, дастаткова да памяншаемага дадаць лік, процілеглы аднімаемаму. Напр.: 7 − 5 = 7 + (-5) = 2; a − b = a + (-b).

т. 1, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАМАДА́ЦЫЯ ў біялогіі і медыцыне,

тэрмін, блізкі да адаптацыі. Акамадацыя вока — прыстасаванне яго да выразнага бачання прадметаў, што знаходзяцца на рознай адлегласці; акамадацыя фізіялагічная ўзбудлівых тканак (мышачнай і нервовай) — прыстасаванне да дзеяння раздражняльніка, якое павольна нарастае па сіле; акамадацыя гісталагічная тканак — змена формы і суадносін тканкавых элементаў (клетак) у працэсе прыстасавання да зменлівых умоў.

т. 1, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСАМІ́ТНАЯ КНІ́ГА,

радаслоўная кніга найб. знатных баярскіх і дваранскіх радоў Расіі. Складзена ў 1687. Назва па аксамітнай вокладцы. У Аксамітную ўвайшоў «Гасудараў радасловец» 1555—56, у якім вяліся радаслоўныя запісы Рурыкавічаў і Гедзімінавічаў. Аксамітная кніга не закончана, у ёй ёсць недакладнасці, фальсіфікацыі. Маніфестам 1807 уведзена Аксамітная кніга і купецкіх радоў першай гільдыі.

т. 1, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІЯ́ЛЬ,

авіяцыйны алюміній, сплаў на аснове алюмінію. Мае ў сабе (у %) 0,45—0,9 магнію, 0,5—1,2 крэмнію, 0,2—0,6 медзі, 0,15—0,35 марганцу ці хрому. Высокапластычны, каразійнаўстойлівы, здавальняючай мех. трываласці (павышаецца гартаваннем і штучным старэннем), добра паліруецца. Ідзе на выраб складаных па форме прасаваных і штампаваных дэталяў (лопасцяў вінтоў верталётаў, элементаў буд. канструкцый і інш.).

т. 1, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМУ́ЗСКІ ПРАЛІ́Ў, Хармузскі праліў,

паміж Аравійскім п-вам і мацерыковай часткай Азіі. Злучае Персідскі і Аманскі залівы. Даўж. 150 км, найменшая шыр. 55,6 км. Глыб. ад 71 м да 219 м, на фарватэры 27,5 м. Шмат невял. скал і астравоў (Кешм, Армуз, Ларак і інш.). Транспартная магістраль па перавозе нафты. Порт — Бэндэр-Абас (Іран).

т. 1, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РНА (Arno),

рака ў Італіі. Даўж. 248 км, пл. бас. 8,5 тыс. км². Пачынаецца ў Таскана-Эміліянскіх Апенінах, да г. Фларэнцыя цячэ па вузкай даліне, потым на ўзгоркавай раўніне, упадае ў Лігурыйскае м. Веснавыя і асенне-зімовыя паводкі. Моцныя навадненні. Сярэдні расход вады 138 м³/с. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. На Арне — гарады Фларэнцыя, Піза.

т. 1, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІДА́М II (Archidamos; ? — 427 ці 426 да н.э.),

цар Спарты [469 ці 476 — 426 да н.э.]. На чале спартанскага войска задушыў паўстанне ілотаў 464—458 ці 455 (гл. Месенскія войны). На пач. Пелапанескай вайны кіраваў паходамі ў Атыку (у 431, 430 і 428) і Платэі (429). Па яго імю гэты перыяд вайны наз. Архідамавай вайной.

т. 1, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫ́ЖНЯ, Пастовіцкі канал,

рака ў Беларусі, у Старадарожскім раёне Мінскай вобласці і на мяжы Асіповіцкага з Глускім раёнам Магілёўскай вобласці, правы прыток Пцічы (басейн Прыпяці). Даўжыня 24 км. Плошча вадазбору 176 км. Пачынаецца за 1,8 км на Паўднёвы Захад ад вёскі Дубное Старадарожскага раёна, цячэ па паўночнай частцы Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае.

т. 2, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАХА́НСКАЕ РАДО́ВІШЧА газакандэнсатнае,

у Расіі, у Астраханскай вобл., за 60 км на ПнУ ад г. Астрахань. Уваходзіць у Прыкаспійскую нафтагазаносную правінцыю. Адкрыта ў 1976. Паклады на глыб. 220 м. Мае кандэнсату ад 240 да 560 см³/м³. На базе радовішча фарміруецца магутны прамысл. комплекс па здабычы і перапрацоўцы газу і кандэнсату, вытв-сці серы.

т. 2, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРО́ЎСКІ (Алесь Аляксандравіч) (н. 19.3.1957, г. Гродна),

бел. марфолаг. Д-р мед. н. (1993), праф. (1994). Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1980), працуе ў ім. Навук. працы па марфалагічным аналізе рэгенератарнага патэнцыялу эпідэрмісу, развіцці вытворных эпідэрмісу ў розных відах скурных трансплантатаў і выяўленні іх рэпаратыўных уласцівасцяў у млекакормячых, распрацоўцы мінімальна траўматычных спосабаў атрымання скурных трансплантатаў.

т. 2, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)