традыцыйныя комплексы бел.нар.адзення, характэрныя для пэўнай мясцовасці. Адрозніваюцца асаблівасцямі крою, кампазіцыйна-пластычным вырашэннем, фактурай і каларытам тканіны, характарам аздаблення (тэхнікай выканання арнаменту, яго матывамі), а таксама спосабамі нашэння асобных частак касцюма (здымных упрыгожанняў, галаўных убораў, абутку і інш.). Н.с. развіваліся ў цеснай сувязі з характарам эстэт. ідэалаў, утылітарных і маст. запатрабаванняў насельніцтва пэўных рэгіёнаў. Іх фарміраванне залежала ад узроўню сац.-эканам. развіцця пэўнай мясцовасці, прыродна-кліматычных умоў, роду традыц. заняткаў, гасп. дзейнасці, рэліг. прыналежнасці, узаемасувязей з культурай суседніх народаў і інш.Найб. выразна выяўляюцца ў жаночым абрадавым і святочным касцюме 19—1-й пал. 20 ст. і ўвасабляюць стылявыя прынцыпы нар. творчасці гіст.-этнагр. рэгіёнаў Беларусі. Характэрныя рысы нар. адзення зах. Палесся яскрава праяўляюцца ў дамачаўскім строі, кобрынскім строі, маларыцкім строі, мотальскім строі, пінска-івацэвіцкім строі. Народнае адзенне ўсх. Палесся вылучаецца багаццем сродкаў і прыёмаў маст. аздаблення святочнага касцюма брагінскага строю, давыд-гарадоцка-тураўскага строю, калінкавіцкага строю, турава-мазырскага строю. Разнастайнымі комплексамі адзення вылучаецца Падняпроўе: буда-кашалёўскі строй, дубровенскі строй, краснапольскі строй, магілёўскі строй, неглюбскі строй. На цэнтральнай Беларусі найб. яскрава праяўляюцца ўласцівыя бел.нар. адзенню стрыманасць і паэтычнасць вобраза ў вілейскім строі, капыльска-клецкім строі, ляхавіцкім строі, пухавіцкім строі, слуцкім строі. Віртуозным майстэрствам аздаблення верхняга адзення, стылістычнай непаўторнасцю вылучаюцца строі Панямоння: ваўкавыскі-камянецкі строй, мастоўскі строй, навагрудскі строй. На каларыстычна-арнаментальны лад касцюма Паазер’я значна паўплывала набіванка (гл.Лепельскі строй). Паступова на змену традыц.нар. адзенню прыйшоў больш прыдатны для сучаснага жыцця агульнаеўрап. касцюм. У наш час матывы Н.с. выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы новых сучасных мадэлей адзення, на тэатр. сцэне.
Літ.:
Раманюк М. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981;
Яго ж. Народны касцюм Чачэрска і ваколіц: Канец XIX — сярэдзіна XX стст. Мн., 1993;
Раманюк М., Ліцвінка В., Раговіч У. Песні і строі Піншчыны. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ НАВУКО́ВА-АСВЕ́ТНЫ ЦЭНТР ІМЯ́ Ф.СКАРЫ́НЫпры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь,
установа, якая праводзіць даследаванні ў галіне гуманітарных навук, беларуса- і народазнаўства, гуманістыкі. Засн. ў 1991 у Мінску. Да 7.2.1992 пры аддзяленні грамадскіх навук АН Беларусі. Арганізатар і першы дырэктар — А.В.Мальдзіс. Асн. кірункі дзейнасці: бел. асветніцтва; гісторыя і тэорыя бел. культуры; праблемы хрысціянства і нац. развіцця; гісторыя, сучасны стан бел. дыяспары; праблемы выяўлення, вяртання і сумеснага выкарыстання бел. матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі, стварэнне банка інфармацыі па адукацыі, гісторыі, культуры, навуцы, рэлігіі Беларусі; грамадска-культ. ўзаемадзеянні Беларусі з іншымі краінамі і народамі; распрацоўка бел. тэрміналогіі. Б-ка (з 1993) мае рукапісны аддзел, калекцыю выданняў бел. дыяспары, збор фота- і фонаматэрыялаў, выразкі з перыяд. выданняў, картатэкі па персаналіях, навук. кірунках, нас. пунктах, краінах, дыяспары, рэстытуцыі. З 1993 дзейнічае музейная экспазіцыя «Беларусы ў свеце». Цэнтр забяспечвае ВНУ і н.-л. ўстановы неабходнай інфармацыяй па бібліяграфіі, тэрміналогіі, наладжвае павук. кансультацыі, ажыццяўляе навук. супрацоўніцтва з Ін-там славяназнаўства і балканістыкі Рас.АН, Ін-там Цэнтр. і Усх. Еўропы ў Любліне, Варшаўскім ун-там (Польшча), Бел. ін-там навукі і мастацтва (ЗША), Б-кай і музеем імя Ф.Скарыны (Англія), навук. ўстановамі Балгарыі, Германіі, Ізраіля, Італіі, Літвы, Украіны, Францыі і інш. На базе цэнтра дзейнічаюць Міжнар. асацыяцыя беларусістаў (МАБ, 1991), Скарынаўскае брацтва (1997). Цэнтрам арганізавана каля 30 міжнар.навук. канферэнцый, у т. л. 3 кангрэсы беларусістаў (1991, 1995, 2000); распрацавана і ажыццяўляецца праграма фундаментальных даследаванняў «Беларускае асветніцтва» (1999—2001). Выдадзены 15 навук.зб. «Беларусіка=Albaruthenica» (1993—2000), зб-кі «Адам Міцкевіч і Беларусь» (1997), «А.С.Пушкін і Беларусь» (1999) і інш. З 1996 МАБ і Бел.т-ва дружбы і культ.сувязі з замежнымі краінамі на базе Цэнтра выдаюць штомесячны інфармацыйна-аналітычны і культуралагічны бюлетэнь «Кантакты і дыялогі» (з 2000 і на англ. мове). Цэнтр размяшчаецца ў будынку былога Інстытута беларускай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯДЗЕ́ЛЬНЫЯ ШКО́ЛЫ,
прыватныя або грамадскія агульнаадук., прафес. або рэліг. школы, навучанне ў якіх праводзіцца ў выхадныя дні (найчасцей у нядзелю; адсюль назва). Гістарычна найб. ранняя форма пазашкольнай адукацыі. Падзяляюцца на канфесіянальныя шкалы розных веравызнанняў для рэліг.-маральнага выхавання (у хрысціян — нядзельныя, мусульман — пятнічныя, іудзеяў — суботнія) і свецкія. Канфесіянальныя Н.ш. ўзніклі ў сярэдзіне 16 ст. (першая пры Міланскім саборы) у форме нядзельных размоў. У 17—18 ст. пашырыліся ў краінах Еўропы і Паўн. Амерыцы. Свецкія Н.ш. з’явіліся ў сярэдзіне 18 ст. (першая ў 1756 у Базелі, Швейцарыя). У 19 ст.агульнаадук. Н.ш. адыгралі значную ролю ў развіцці нар. адукацыі ў Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі і інш.еўрап. краінах. Ствараліся таксама Н.ш. і курсы прафес. падрыхтоўкі. У пач. 20 ст.агульнаадук. Н.ш. амаль спынілі існаванне ў сувязі з арг-цыяй дзярж. школьных сістэм і ўвядзеннем усеагульнага абавязковага навучання. Канфесіянальныя Н.ш. і ў наш час існуюць у многіх краінах.
У Рас. імперыі і на Беларусі канфесіянальныя Н.ш. эпізадычна ўзнікалі з пач. 18 ст.Найб. стабільнымі былі лютэранскія. Свецкія пачалі стварацца асобнымі прадпрымальнікамі ў 1-й пал. 19 ст. (напр., у 1816 пры Трохгорнай мануфактуры Прохаравых у Маскве). У канцы 1850 — пач. 1860-х г., у выніку дэмакр. ўздыму, агульнаадук. Н.ш. арганізоўваліся інтэлігенцыяй амаль паўсюдна. У 1858 адкрыта Н.ш. ў Палтаве, у 1859 — у Кіеве, Магілёве, Мінску, Пецярбургу, у 1860 — у Гродне, Брэсце, Вільні. У пач. 1862 у 178 гарадах Рас. імперыі 331 Н.ш. Спробы выкарыстаць Н.ш. для рэв. прапаганды сталі падставай да іх закрыцця (1862). З канца 1880-х г. у выніку грамадскай ініцыятывы зноў пачалося іх стварэнне. У 1904 на Беларусі дзейнічала 20 Н.ш. і курсаў (1950 навучэнцаў, у т. л. 1148 жанчын). У 1920-я г. свецкія Н.ш. заменены інш. тыпамі школ для дарослых (гл. таксама Вячэрняе навучанне). На пач. 2000 у Беларусі 1094 Н.ш. розных канфесій для дзяцей і дарослых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ПСА,
вёска ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., на ўсх. беразе воз. Опса, на аўтадарозе Браслаў—Відзы. Цэнтр сельсавета. За 20 км на ПдЗ ад г. Браслаў, 240 км ад Віцебска, 53 км ад чыг. ст. Друя. 777 ж., 253 двары (2000). Пагранічная камендатура. Сярэдняя школа, школа-інтэрнат, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз.сувязі. Брацкая магіла партызан. Курган Бессмяротнасці на магіле ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры — касцёл св. Яна Хрысціцеля (пач. 20 ст.), сядзіба (1904). За 3 км ад вёскі курганны могільнік балта-слав. насельніцтва 8—11 ст.
У пісьмовых крыніцах упамінаецца ў 1500 як уладанне смаленскага кн. Глазыні. У 1-й пал. 16 ст. велікакняжацкі двор і цэнтр воласці, з 2-й пал. 16 ст. мястэчка, цэнтр староства, якое, паводле інвентара 1779, падзялялася на 5 войтаўстваў. У мястэчку былі парафіяльная школа (з 1777), касцёл, 2 вадзяныя млыны, карчма, вінакурны завод, панскі двор з сядзібным домам і гасп. пабудовамі. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) О. ў складзе Рас. імперыі. З 1823 уладанне Плятэраў. У сярэдзіне 19 ст. цэнтр воласці Новааляксандраўскага пав. Ковенскай губ., у 1859—163 ж. У 1864 (паводле інш звестак у 1866) заснавана нар. вучылішча. У 1916 з Друі ў О. пракладзена вузкакалейка. З 1921 О. ў складзе Польшчы, цэнтр гміны Браслаўскага пав. Навагрудскага ваяв. Дзейнічалі школа, дом для сірот, касцёл, сінагога, пошта, крамы, млын, каап. малачарня. У 1931 у О 907 ж., 153 двары. З 1939 у БССР, з 1940 вёска, цэнтр сельсавета ў Браслаўскім р-не. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў О. больш за 200 жыхароў. 22.4.1944 партызаны брыгады «Спартак» разграмілі ў О. гарнізон ворага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОПТАЭЛЕКТРО́НІКА,
галіна электронікі, якая вывучае і выкарыстоўвае ўласцівасці ўзаемадзеяння эл.-магн. хваль аптычнага дыяпазону з электронамі ў цвёрдых, вадкіх і газападобных рэчывах для генерацыі, перадачы, захоўвання, апрацоўкі і адлюстравання інфармацыі. Як самастойная галіна навукі і тэхнікі пачала фарміравацца ў 1960-я г. Грунтуецца на дасягненнях фіз. оптыкі, малекулярнай фізікі, фізікі і тэхнікі паўправаднікоў, лазераў, схематэхнікі і інш.
Умоўна падзяляецца на фатоніку (даследуе метады стварэння прылад захоўвання, перадачы, апрацоўкі і адлюстравання інфармацыі, выяўленай у выглядзе аптычных сігналаў), радыёоптыку (дастасоўвае прынцыпы і метады радыёфізікі да оптыкі) і аптроніку (даследуе метады стварэння аптронных схем — электронных прылад з унутр. аптычнымі сувязямі). Оптаэлектронныя прылады адрозніваюцца неўспрымальнасцю аптычных каналаў сувязі да ўздзеянняў эл.магн. палёў, поўнай гальванічнай развязкай у прыладах з унутр. аптычнымі сувязямі, падвойнай (прасторавай і часавай) мадуляцыяй святла, што дазваляе апрацоўваць вял. масівы інфармацыі. Перавагі оптаэлектронных прылад (у параўнанні з вакуумнымі і паўправадніковымі) грунтуюцца на эл. нейтральнасці квантаў аптычнага выпрамянення (фатонаў), высокай частаце аптычных ваганняў, малой разбежнасці светлавых прамянёў і магчымасці іх дастаткова вострай факусіроўкі.
На Беларусі даследаванні па праблемах О. вядуцца з пач. 1970-х г. у ін-тах фізікі, электронікі, малекулярнай і атамнай фізікі, прыкладной оптыкі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, фіз.-тэхн. Нац.АН, БДУ, БПА, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш. Развіты метады і створаны прыстасаванні для захоўвання, перадачы і апрацоўкі інфармацыі на эл.-аптычных, фотахромных, фотатэрмапластычных і оптавалаконных структурах; развіта тэорыя аптычных хваляводаў і створаны прылады інтэгральнай оптыкі; распрацаваны дыфракцыйныя прыстасаванні з эл. кіраваннем; тэхналогія знакасінтэзавальных індыкатараў на вадкіх крышталях; метады і сістэмы для атрымання відарысаў, аптычнай памяці з выкарыстаннем бістабільнасці паўправадніковых структур, многаканальнай перадачы інфармацыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ДНАЯ ВАЙНА́,
баявыя дзеянні падводных лодак (ПЛ) супраць караблёў і суднаў праціўніка з мэтай іх знішчэння, або парушэння яго марскіх камунікацый. Вялася ў 1-ю (1914—18) 1 2-ю (1939—45) сусв. войны. У 1-й сусв. вайне страты гандл. флоту ад ПЛ склалі 14 млн. брута-рэгістравых тон і 192 баявыя караблі. Германія, насуперак міжнар. пагадненням і прававым нормам, тапіла гандл. судны праціўніка і нейтральных дзяржаў. Пытанне аб забароне П.в. абмяркоўвалася на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22, але яна не прыняла прапанову Вялікабрытаніі забараніць выкарыстанне ПЛ. У 1936 ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Японія падпісалі пратакол аб правілах дзеянняў ПЛ у адносінах да гандл. суднаў у ваен. час; да пратакола далучыліся СССР (1937) і некаторыя інш. краіны. Паводле гэтага дакумента, ПЛ і надводныя ваен. караблі, у адносінах да гандл. суднаў павінны былі кіравацца нормамі міжнар. права. Толькі ў выпадку ўпартай адмовы гандл. судна прыпыніцца ці супраціўлення агляду (вобыску) яно магло быць затоплена або пазбаўлена магчымасці далейшага плавання пры ўмове, што пасажыры, экіпаж і дакументы з судна будуць вывезены папярэдне ў бяспечнае месца. Аднак гэтыя патрабаванні на практыцы не выконваліся. У сувязі з агрэсіяй супраць Іспаніі прадстаўнікі Вялікабрытаніі, Францыі, СССР і інш. дзяржаў падпісалі ў 1937 Ніёнскае пагадненне аб мерах па барацьбе з пірацкімі дзеяннямі ПЛ фаш. дзяржаў. Нягледзячы на гэтыя дакументы, за гады 2-й сусв. вайны агульныя страты гандл. флоту ад ПЛ склалі каля 23 млн. брута-рэгістравых тон (знішчана таксама каля 400 баявых караблёў). Адначасова флаты дзяржаў, што ваявалі, страцілі 1123 ПЛ (у 1-ю сусв. вайну — 265), з іх Германія — больш за 800. У П.в. вызначыліся многія сав. маракі-падводнікі, у т. л. Героі Сав. Саюза А.Х.Марынеска, ураджэнец г. Віцебск С.Н.Багарад і інш.
Літ.:
Подводники атакуют: Сб. М., 1985;
Дениц К. Немецкие подводные лодки, 1939—1945 гг.: Пер. с нем. СПб., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСАКА́ЛЛЯ (італьян. passacaglia, ісп. pasacalle ад ісп. pasar праходзіць + calle вуліца),
1) песня, з 16 ст. танец ісп. паходжання ў суправаджэнні гітары. Узнікла як музыка для выканання на вуліцы (адсюль назва), а таксама як інстр. ўстаўкі ў песнях і танцах. У 17 ст. ў Францыі — урачысты сольны танец 3-дольнага памеру (у оперу і балет П. ўвёў Ж.Б.Люлі), у Італіі спачатку як рытурнела ў сцэн. музыцы — невял. 2—3-тактавыя пабудовы ў вытрыманай акордавай фактуры з раўнамернай рытмікай.
2) Інстр.муз. п’еса.
Характэрныя рысы набыла ў Італіі ў 17 ст.: стрымана-засяроджаны, узнёслы характар музыкі, плаўны рух, умерана-павольны тэмп, 3-дольны памер са зменай гармоніі пры змене такта, прынцып варыяцый на баса астыната, што стварае драм., трагедыйны характар музыкі. Як самаст.інстр. п’еса створана Дж.Фрэскабальдзі (1637), які ўвёў яе ў сюіту. Сустракалася ў опернай музыцы (К.Мантэвердзі, Люлі), у інстр. найчасцей уваходзіла ў сюіту (Ф.Куперэн) або існавала як сольная п’еса. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. — буйная, развітая форма пераважна ў арганнай музыцы ням. кампазітараў (Г.Ф.Гендэль, І.С.Бах). У 19 ст. амаль знікла. У 20 ст. ў сувязі з тэндэнцыямі неакласіцызму, павышэннем ролі поліфаніі і прынцыпу basso ostinato П. найчасцей уваходзіць у буйныя муз. формы. У рас. музыцы найб. паслядоўна і глыбока П. распрацавана ў творчасці Дз.І.Пастаковіча, які пашырыў рамкі жанру, выкарыстоўваў П. ў пераломных, кульмінацыйных момантах цыклічных форм як выразны маст. сродак.
У бел. музыцы жанр П. прадстаўлены ў творчасці Г.Вагнера, Г.Гарэлавай, Л.Гуціна, У.Дамарацкага, А.Залётнева, Э.Зарыцкага, Дз.Смольскага, Р.Суруса і інш.
Літ.:
Бобровский В. Претворение жанра пассакальи в сонатно-симфонических циклах Д.Шостаковича // Музыка и современность. М., 1962. [Вып. 1];
Цуккерман В.А. Анализ музыкальных произведений: Вариационная форма. 2 изд. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,
1) тайная арг-цыя дваранскіх рэвалюцыянераў (пераважна афіцэраў) у 1821—26 на тэр. Польшчы, Беларусі, Літвы, Украіны, створаная з мэтай адраджэння Рэчы Паспалітай у межах 1772. Засн. ў маі 1821 каля Варшавы членамі арг-цыі «Нацыянальнае масонства» і велікапольскага Саюза касінераў. Дзейнасць т-ва (каля 150 чал. у 1822) вызначалася статутам. Кіруючы орган — ЦК з 7 чал. на чале з В.Лукасінскім. П.т. падзялялася на 6 тэр. правінцый (7-я прав. — армія), правінцыі — на акругі, акругі — на гміны. Правінцыя Літва (Віленская, Гродзенская, Мінская губ. і Беластоцкая вобл., кіраўнікі кн. К.Радзівіл, І.Вайніловіч, памешчык К.Навамейскі, граф А.Солтан) асн. ўвагу звяртала на прапаганду ў Літоўскім асобным корпусе і арсенал зброі ў Вільні. У маі 1822 арыштаваны кіраўнікі П.т. на чале з Лукасінскім, схільныя да правядзення ў будучым сац. рэформ; членамі ЦК сталі больш памяркоўныя (С.Кжыжаноўскі, А.Пліхта, В.Гжымала). П.т. вяло перагаворы з Паўднёвым таварыствам дзекабрыстаў, якое пагаджалася на перадачу будучай польскай дзяржаве бел. зямель. У 1826 у сувязі са справай дзекабрыстаў т-ва выяўлена і разгромлена ўрадам. Арыштаваных ўраджэнцаў Каралеўства Польскага судзіў Польскі Сенат, які вынес ім у 1828 мяккі прыгавор, астатніх, у т. л. ураджэнцаў бел. губерняў (Ю.Гружэўскі, І.Завіша, Я.Ходзька і інш.), рас. Сенат асудзіў на розныя тэрміны катаргі і ссылкі.
2) Легальная аргцыя («Патрыятычны клуб») у Варшаве ў снеж. 1830 — жн. 1831 у час паўстання 1830—31. Аб’ядноўвала радыкальную інтэлігенцыю, карысталася падтрымкай сярэдніх слаёў і гар. нізоў. Старшыня — І.Лялевель. Забаронена дыктатарам паўстання Я.Крукоўскім за прапаганду радыкальных сац. рэформ і крытыку паўстанцкіх улад.
Літ.:
Ольшанский П.Н. Декабристы и польское национально-освободительное движение. М., 1959;
Dylągowa H. Towarzystwo patriotyczne i Sąd Sejmowy (1821—1829). Warszawa, 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЕ МО́РА,
ускраіннае мора Атлантычнага ак. каля берагоў Еўропы. Размешчана паміж а-вамі Вялікабрытанія, Аркнейскімі, Шэтландскімі на З, п-вамі Скандынаўскім і Ютландскім на У. Абмывае берагі Вялікабрытаніі, Францыі, Бельгіі, Нідэрландаў, Германіі, Даніі і Нарвегіі. Злучаецца на Пн з Нарвежскім, на У з Балтыйскім морамі пралівамі Скагерак, Катэгат, Эрэсун, Вял. і Мал. Бельт, на ПдЗ з Атлантычным ак. пралівамі Па-дэ-Кале і Ла-Манш. Пл. 565 тыс.км². Рэльеф дна моцна расчлянёны. Больш за 2/3 дна мора на глыбіні да 100 м. У паўд.ч. шматлікія водмелі (напр., Догер-банка з найменшай глыб. 13 м). Найб.глыб. 725 м. Паўн.-ўсх. берагі фіёрдавыя, са шматлікімі дробнымі астравамі, паўд.-ўсх. — выраўнаваныя, нізкія, пясчаныя, паўд. — лагунныя, месцамі трапляюцца ваты, зах. — бухтавыя, месцамі з эстуарыямі (р. Тэмза), усх. бераг Нідэрландаў акаймаваны дамбамі ў сувязі з частымі навадненнямі. Каля паўд.-ўсх. ўзбярэжжа ланцуг Фрызскіх а-воў, на Пн ад іх в-аў Гельгаланд. Упадаюць рэкі Эльба, Везер, Тэмза, Рэйн, Маас, Глома, Утра, Шэльда і інш. Клімат умераны марскі. Сярэдняя т-ра вады зімой 2—5 °C, летам 12—17 °C. Салёнасць 31—35‰. Ільды трапляюцца каля берагоў са снеж. па сакавік. Прылівы паўсутачныя, у розных раёнах ад 0,1 да 7,6 м. Сукупны ўплыў прыліваў і вятроў прыводзіць да навадненняў на берагах. Багатая фауна (120 відаў рыб). Адзін з буйнейшых раёнаў рыбалоўства (селядзец, траска, тунцовыя, камбалавыя і інш.). Промысел амараў, вустрыц, мідый. Здабыча нафты і прыроднага газу (найб. радовішчы Брэнт, Статфіёрд, Гронінген і інш.; гл.Паўночнага мора нафтагазаносная вобласць). Праз П.м. праходзяць гал. знешнегандлёвыя шляхі і грузапатокі краін Зах. Еўропы. Гал. парты: Ротэрдам (1-е месца ў свеце па грузаабароце), Амстэрдам (Нідэрланды), Антверпен (Бельгія), Лондан, Імінгем, Хал (Вялікабрытанія), Гамбург, Брэмен, Вільгельмсгафен (Германія), Гётэбарг (Швецыя), Осла, Берген (Нарвегія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЯТУХО́ВІЧ (Міхаіл Мікалаевіч) (23.2.1891, в. Алексінічы Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 20.12.1937),
бел. крытык і літ.-знавец. Правадз.чл. Інбелкульта (1925), праф. (1926). Скончыў Нежынскі гісторыка-філал.ін-т (1917). З 1921 у Мінску. Чл.навук.-тэрміналагічнай камісіі, выкладчык і сакратар Белпедтэхнікума. З 1922 выкладчык зах.-еўрап. і бел. л-р у БДУ. Працаваў і ў Інбелкульце, АНБССР (кафедра гісторыі бел. л-ры, Ін-т л-ры і мастацтва). У сувязі з абвінавачаннямі ў нацдэмакратызме ў 1934 (паводле інш. звестак, у 1936) пакінуў Беларусь. Выкладаў у пед. ін-тах Паўн. Каўказа. У 1937 рэпрэсіраваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Універсітэцкі курс П. лёг у аснову яго «Нарысаў гісторыі беларускае літаратуры. Ч. 1 (Агляд літаратурна-ідэалагічных плыняў XIX і пачатку XX в.» (1928), якія мелі станоўчае значэнне ў тагачасных метадалаг. пошуках, хоць ён і не пазбег сацыялаг. схематызму. Аўтар артыкулаў пра фальклор, Ф.Скарыну, Ф.Багушэвіча, Я.Купалу, Я.Коласа, М.Багдановіча, Ц.Гартнага, Ядвігіна І.П., М.Чарота, К.Чорнага і інш. Рэдактар-укладальнік гісторыка-літ. хрэстаматыі «Выпісы з беларускае літаратуры: Новы і найноўшы кругабегі» (1923). Рэдактар, аўтар уступнага артыкула да твораў П.Труса (1934, 1935). Праца П. «Рукапісы А.Рыпінскага» апубл. ў 1990 В.Скалабанам.
Тв.:
Францішак Скарына і яго літаратурная дзейнасць. Мн., 1926;
Ля вытокаў лірыкі Янкі Купалы. Мн., 1927;
Паэтычнае светаадчуванне ў творчасці Якуба Коласа. Мн., 1927;
Звычаі і песні беларускага селяніна ў іх гаспадарчай аснове. Мн., 1928;
У кн.: Матэрыялы да гісторыі беларускай літаратуры. Т. 1. Мн., 1936.
Літ.:
Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг.Мн., 1975. С. 90—101;
Киселев Г. Разыскивается классик... Мн., 1989. С. 356—376;
Возвращенные имена: Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталин. репрессий. Мн., 1992. С. 86—87.