Склалася на землях Зах. Беларусі, што ў выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 адышлі пад юрысдыкцыю Польскай дзяржавы. Ва ўмовах каланіялісцкай палітыкі польскага ўрада ў дачыненні да бел. этнасу за адносна невялікі гіст. перыяд літаратура Зах. Беларусі развілася ў самадастатковую з’яву нац. культуры, стала арганічнай выразніцай бел. духоўнасці. У ідэйна-праблематычным і эстэт. плане яна складае асобны, самакаштоўны раздзел агульнанац. бел. літаратуры 1-й пал. 20 ст.Літ. працэс у Зах. Беларусі грунтаваўся на бел. ідэі, нац. і сац. самаідэнтыфікацыі народа, яго паліт. разняволення. Заснавальнікамі зах.-бел.літ. традыцыі сталі былыя нашаніўцы А.Луцкевіч, М.Гарэцкі, носьбіт рас. эстэтычнай і філас. культуры У.Самойла, прадстаўнікі маладой генерацыі, якія прыйшлі ў літаратуру ў час 1-й сусв. вайны, Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый, У.Жылка, І.Канчэўскі, М.Краўцоў, Л.Родзевіч. У ліку першых паэтычных зборнікаў, выдадзеных у пачатку 1920-х г. у Вільні, былі «Беларусь» Л.Родзевіча, «Уяўленне» і «На ростанях» У.Жылкі, прасякнутыя пафасам вызваленчага змагання, ідэяй сац. і нац. свабоды бел. народа. Падзел бел. зямель дэтэрмінаваў у паэзіі драматычны матыў Беларусі, штучна парэзанай дзярж. межамі, адначасова ён даў імпульс нац. самасцвярджэнню. Ідэя нац. самаідэнтыфікацыі набыла асаблівую актуальнасць і філас. скіраванасць у эсэістыцы І.Канчэўскага («Адвечным шляхам»), філас. публіцыстыцы У.Самойлы («Гэтым пераможаш!..») і А.Цвікевіча («Аб аргументах ад розуму і аргументах ад сэрца», «Вялікае спрашчэнне, ці вялікае ўдасканаленне»). Надзённым грамадска-паліт. праблемам жыцця Зах. Беларусі пад польскай адміністрацыяй прысвячалася маст. публіцыстыка М.Гарэцкага, асабліва ў рэдагаванай ім газ. «Беларускія ведамасці» («Важны фронт», «Беларусы, бярыцеся за грамадскую работу» і інш.). Гіст. тэматыка малой прозы М.Гарэцкага віленскага перыяду (1920—23) мела зах.-бел. кантэкст, а ў асобных апавяданнях навідавоку зах.бел. рэаліі («Руіны» ў панскай кухні», «Смачны заяц», «Страшная музыкава песня», «Пакінутыя хаты» і інш.). Вопыт 1-й сусв. вайны асэнсаваны Ф.Умястоўскім у апавяд. «Стася». Да жанру малой прозы ў апавяданнях «Маршлют», «Маскалёвы дзеці» звярнуўся М.Краўцоў. Поспехі драматургіі Зах. Беларусі ў пач. 1920-х г. засведчаны п’есамі «Досвіткі», «На Каляды», «ПСХ», «Кавалі» Л.Родзевіча, «Няскончаная драма» Ф.Аляхновіча, «Жартаўлівы пісарэвіч» М.Гарэцкага. У драматургічным жанры на матэрыялах 1 -й сусв. вайны, рэвалюцый і грамадз. вайны асэнсоўваліся праблемы пошуку бел. народам уласных шляхоў, лёс інтэлігенцыі на фоне грандыёзных падзей і катаклізмаў.
У літ. працэсе Зах. Беларусі актыўна развіваліся крытыка і літ.-знаўства — І.Дварчанін, У.Жылка, Р.Зямкевіч, В.Ластоўскі, А.Навіна (Луцкевіч), Я.Светазар (М.Краўцоў), А.Станкевіч, Суліма (У.Самойла); у гэты час М.Гарэцкі апрацоўваў першую канцэптуальную гісторыю бел. літаратуры, змясціў у перыёдыцы шэраг літ. партрэтаў. У сувязі з ростам вызваленчага руху ў яго легальных формах перыяду Беларускай сялянска-работніцкай грамады на старонках перыядычнага друку з’явілася масавая паэзія. З ёю прыйшла новая кагорта пісьменнікаў — М.Васілёк, Х.Ільяшэвіч, М.Машара, А.Салагуб і інш. Для прадстаўнікоў гэтай маладой генерацыі было характэрна ранняе грамадз. ўзмужанне, непрыняцце пануючага рэжыму. Усе яны (акрамя М.Машары) — удзельнікі камуністычнага падполля і зведалі, у т. л. М.Машара, турэмнае зняволенне ў Лукішскай турме. Маст. вобраз пераканаўчага змаганца-палітвязня ўпершыню на зах.-бел. грунце створаны ў сярэдзіне 1920-х г. А.Салагубам у цыкле лукішскіх вершаў. Пазней гэты паэтычны вобраз атрымаў ідэйна-эстэт. завяршэнне ў паэзіі М.Танка і В.Таўлая. Лірычны герой А.Салагуба горды ўсведамленнем, што ўдзельнічае ў камуністычным руху, спадзяецца на планетарна вызваленчыя здзяйсненні. Не пазбаўлены ідэйна-эстэт. пошукавых амбіцый і імкнення ствараць «новы Апокрыф», Х.Ільяшэвіч наследаваў ідэю змагання працоўных, асвойваў тэму працы, распрацоўваў гарадскія матывы (зб. «Веснапесні»). М.Машара ў лірычным зб. «Малюнкі» (1928) сцвярджаў абуджэнне зах.-бел. вёскі да свядомага жыцця. Ф.Грышкевіч пры маст. увасабленні бел. ідэі дзеля пашырэння яе ў масавай свядомасці звяртаўся да творчага пераасэнсавання ў паэзіі вобразаў Усяслава Чарадзея, Вітаўта і інш.гіст. постацей (зб. «Веснавыя мелодыі», 1927). М.Васілёк у зб. «Шум баравы» (1929) адлюстраваў уласцівую для ўсёй бел. літаратуры 1920-х г. ідэю нац. адраджэння, а таксама непрыняцця пануючага ў Зах. Беларусі польскага аўтарытарнага рэжыму. Вобразы сейбіта і барацьбіта-адраджэнца ў яго паэзіі семантычна тоесныя. Асобныя матывы ў паэзіі М.Васілька праменілі аптымізмам, верай у справу нар. вызвалення і адраджэння. Мяккі, лірычны, рамант. пафас у яго паэзіі суседнічаў з матывамі гумару, паказваў зах.-бел. рэчаіснасць у гумарыстычных вобразах і калізіях.
Паэтычны зб. «Світанне» П.Сакола (1929) арганічна спалучаў у сваім змесце сац. і нац. ідэі і матывы. У няскончанай яго паэме «Латгалія» ўдала адлюстраваны некат. сац. рэаліі з жыцця бел. этнасу на яго балта-слав. узмежжы. У 1927 зах.-бел. літаратары зрабілі спробу стварыць на ўзор літаб’яднанняў, што былі ў Сав. Беларусі, прафесійнае пісьменніцкае згуртаванне «Веснаход». Але ў гэты час распачаўся шырокі наступ польскай адміністрацыі на бел. арганізацыі, і аб’яднанне не было зацверджана. У выдадзеным згуртаваннем зб. «Рунь «Веснаходу» акрамя твораў М.Васілька, Х.Ільяшэвіча, якія ўжо грунтоўна заявілі пра сябе ў друку, змешчаны вершы і маладзейшых: Г.Вялецкага, Звестуна (П.Пестрак), Ю.Сергіевіча, В.Шкодзіча і інш.
Гісторыя духоўнага і культ. жыцця Зах. Беларусі ў 1930-я г. мела спецыфіку, абумоўленую найперш грамадска-паліт. ўмовамі, што склаліся ў Беларусі па абодва бакі польска-сав. мяжы. Хоць грамадскае жыццё і літ. працэс у Зах. Беларусі ў 1930-я г. не зведалі такіх радыкальных перамен, як у СССР, аднак яны трапілі пад паліт. ўціск з боку польскай дзяржавы. З пач. 1930-х г. у Польшчы ўзмацніўся аўтарытарны рэжым, што разам з эканам. крызісам ускладняла і культурніцкую сферу жыцця. З разгромам уладамі паліт. арганізацыі «Змаганне» і арыштам дэпутатаў сейма легальныя формы бел. вызваленчага руху ў Польшчы былі ліквідаваны. У 1930 і 1933 былі арыштаваны галоўная ўправа Таварыства бел. школы (ТБШ) на чале з С.Паўловічам, Ф.Стацкевічам, Р.Шырмам, паступова закрываліся павятовыя і нізавыя яго структуры, а ў 1936 дзейнасць ТБІП і Бел. ін-та гаспадаркі і культуры зусім забаронены; закрываліся бел. школы, апошнія бел. гімназіі, а Віленская гімназія пераўтворана ў філіял польскай. Пачалася канфіскацыя перыядычных выданняў, кніг паэзіі М.Васілька, М.Танка і М.Машары, нават бел. буквара С.Паўловіча. Нягледзячы на такія акалічнасці, зах.-бел. інтэлігенцыя праяўляла рэальныя доказы грамадз. жыццяздольнасці. У 1932 выйшла 5 нумароў час. «Нёман», прысвечанага літаратуры, навуцы і мастацтву. У 1935 заснаваны літаратурна-навук. і грамадскі час. «Калоссе». Дзеячы асветы выдавалі час. «Беларускі летапіс» (1933—39) і «Самапомач». Ідэю нац. вызвалення адстойвала газета «Беларускі фронт». Замест заняпалага кааперацыйнага кніжнага Бел. выдавецкага таварыства, прадуктыўнага ў 1920-я г., практыкаваліся прыватныя выданні Р.Шырмы, С.Глякоўскага і Найдзюка, а ў 1937 заснавана выдавецтва «Белпрэс». Існавала Бел. каталіцкае выдавецтва і друкарня імя Ф.Скарыны. У 1-й пал. 1930-х г. лідэрам зах.-бел. паэтаў стаў М.Машара. Выйшлі зб-кі яго лірыкі «На сонечны бераг» (1934), «На прадвесні» (1935); крыху раней напісаная ў Лукішскай турме паэма-сімфонія «Валачобнае» — гімн разбуджанаму нар. духу, натхнёны парывам да свабоды ў час грамадаўскага ўздыму. Місію паэта і сваё асабістае крэда М.Машара бачыў у грамадз. служэнні народу на шляху да яго вызвалення. Мажор яго лірыкі, зрэдку асмучаны нар. нядоляй, гучаў зараджальна, нёс веру ў годную будучыню. Нягледзячы на грамадскія і інш. катаклізмы, яго паэзія і ў 1930-я г. не страціла духу грамадзянскасці, хоць і не мела ранейшага наступальнага тону. У паэтычных рэфлексіях Х.Ільяшэвіча 2-я пал. 1930-х г. прадстае як стратны ў лёсе Беларусі час.
У 1930-я г. ў паэзію Зах. Беларусі прыйшлі А.Бярозка, А.Дубровіч, А.Іверс, С.Крывец, М.Танк, Н.Тарас, С.Хмара. Медытацыі А.Бярозкі пра лёс народа і бацькаўшчыны, надрукаваныя ў час. «Шлях моладзі» і «Калоссе», мелі філас. напаўненне і адметную метафарычнасць. Ракурс бачання зах.-бел. рэчаіснасці ў С.Крыўца сацыяльна завостраны, угрунтаваны на жыццёвым вопыце паэта-рабочага (вершы «Крызіс», «Сыплюць думкі», «Шэрая гадзіна»). Яго паэтычны сінтаксіс вызначаўся сцісласцю фразы, афарыстычнасцю маст. абагульнення думкі. С.Хмара прыйшоў у літаратуру праз грамадаўскі вызваленчы парыў, праз польскія астрогі (зб. «Жураўліным шляхам», 1939). Тэматычна актуальная, яго паэзія вылучалася дынамізмам рытму, моцнай энергетыкай радка. З глыбінь вызваленчага змагання прыйшоў у літаратуру В.Таўлай, актыўны ўдзельнік рэв. падполля. Няшмат яго вершаў (пад псеўданімам П.Сірата) пабачылі свет у зах.-бел. друку ў Вільні. Творы, надрукаваныя ў час. «Калоссе» і «Шлях моладзі», выяўлялі ў паэта эпічны пачатак, прамоўніцкую інтанацыю, спалучаныя з пранікнёнай лірычнасцю. На агульнаеўрап. ўзровень узняў паэзію Зах. Беларусі М.Танк. У грамадз. лірыцы, мадэрністычнай паводле вобразнай фактуры і рэв. паводле ідэйнай накіраванасці (паэмы «Нарач», «Каліноўскі», «Журавінавы цвет»), паэт глыбока па-мастацку узнавіў рэв. сучаснасць і гіст. мінулае Беларусі, стварыў сац. партрэт эпохі. М.Танку ўдалося арганічна паяднаць у бел.маст. слове сінкрэтычнае фалькл. і інтэлектуальна-асацыятыўнае мысленне.
Літ.-маст. развіццё ў Зах. Беларусі 1930-х г. мела і сваю жанравую спецыфіку. Калі ў 1920-я г. паспяхова развіваліся драматургія, лірыка, малая проза, літ.-філас. эсэістыка, то 1930-я г. характарызуюцца акрэсленым дамінаваннем паэзіі і сціплым набыткам прозы (апавяданні Х.Ільяшэвіча пад псеўданімам Дальны). Другое месца пасля паэзіі належала маст. публіцыстыцы (А.Бужанскі, С.Грынкевіч, У.Самойла). Актуальным творам на свой час была аповесць «Царква. Поста. Вязьніца» С.Грынкевіча. У 1930-я г. ён актыўна працаваў у жанры асветна-навук. публіцыстыкі. У артыкулах «Псіхааналіз і праблемы літаратурныя і грамадскія», «Культура і загады нацыянальнае працы», «Гігіена псіхічная як праблема асноўных адносін да жыцця», «Аб тэатры» і інш. ён уздымаў надзённыя і фундаментальныя праблемы літаратуры, культуры, экзістэнцыі грамадства. Крытык і публіцыст А.Бужанскі аналізаваў генезіс рэпрэсій, што абрынуліся ў 1930-я г. на бел. рух, бел. інтэлігенцыю. У.Самойла грунтоўна даследаваў палітыку польскіх улад у дачыненні да беларусаў у сваім публіцыст. эсэ «Курс «новы» і «найноўшы» палітыкі польскай у беларускай справе». Гэтае эсэ было скіравана да дэмакратычнай грамадскасці свету для азнаямлення яе з трагедыяй бел. народа і яго інтэлігенцыі. Развіваліся крытыка і літ.-знаўства. А.Навіна паглыблена даследаваў творчасць бел. класікаў (брашура «Янка Купала — прарок адраджэння», арт. «Да крыніцаў творчасці М.Багдановіча» і інш.). Аналізуючы тыпалогію аповесцей «Дзве душы» М.Гарэцкага і «Прадвесне» С.Жаромскага, ён імкнуўся да метадалагічнага ўзбагачэння айч.літ.-знаўства. У арт. «На шляхах новай беларускай паэзіі», «На парозе новае эпохі ў беларускай літаратуры» С.Станкевіч прагназіраваў новыя тэндэнцыі ў развіцці айч. прыгожага пісьменства. У літ. эсэ «Вялікі скарб нашай старасведчыны» У.Самойла напярэдадні 2-й сусв. вайны раздумваў над векавымі традыцыямі бел. духоўнасці, стараж. літаратурай Беларусі.
Станаўленне і развіццё літаратуры Зах. Беларусі як часткі агульнанац. маст. культуры адбылося на аснове дэмакратычнай і рэвалюцыйна-дэмакратычнай традыцый айч. літаратуры пач. 20 ст. Яна была арганічнай выразніцай дум і памкненняў 3-мільённага этнасу, які не прыняў рэжым даваеннай Польшчы і вёў барацьбу за сваё сац. і нац. вызваленне. У зах.-бел. літаратуры плённа рэалізаваліся ўсе жанры: паэзія ў яе грамадз. іпастасі, драматургія, літ.-філас. эсэістыка, крытычная і літ.-знаўчая эсэістыка. Зах.-бел. літаратура функцыянавала ў агульнаеўрап. кантэксце і каштоўная тым, што паслядоўна адстойвала фундаментальныя чалавечыя каштоўнасці: свабоду народа, свабоду чалавечай асобы, свабодную працу ў свабоднай грамадз. супольнасці і вольнай краіне.
А.С.Ліс.
М.Танк, В.Труцька і Р.Шырма. Вільнюс. 1937.Вокладка першага зборніка вершаў М.Танка «На этапах». 1936.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОЙЛІДСТВА.
Асаблівасці нар. дойлідства адлюстроўваюць светапогляд людзей, якія тысячагоддзямі жылі на тэр. Беларусі, іх уменне сродкамі архітэктуры арганізаваць прастору для жыццядзейнасці, што вызначала існаванне грамадства на розных этапах яго развіцця ў канкрэтных гіст., сац.-эканам. і прыродна-кліматычных умовах. Дойлідства — адметная галіна вытворчасці, частка духоўнай культуры, у якой захоўваліся веды, традыцыі, рытуалы. Яно заўсёды было школай навучання працоўным навыкам, уменню працаваць у калектыве, пошуку шляхоў для выяўлення індывідуальных здольнасцей і таленту. У даўнія часы кожны з этапаў буд-ва (выбар месца, закладка першага вянца, муроў печы і інш.) суправаджаўся адпаведнымі абрадамі, магічнымі дзеяннямі, абярэгамі. Дэкаратыўныя элементы хаты (вільчык, аканіцы, карнізы) праз сімвалізм архітэктурна-канструкцыйных элементаў увасаблялі ўяўленні народа аб прыгажосці. Асноўны будаўнічы матэрыял — дрэва (бярвенне, жэрдкі, галлё, карэнне, кара) — вызначаў канструкцыйную аснову і арх.-мастацкае аблічча. Найб. старажытная канструкцыя сцен — слупавая (бярвёны запускалі ў пазы вертыкальных стоек-шул). З пашырэннем больш дасканалых прылад працы будаўнікі ў 3 ст. перайшлі да складаных злучэнняў драўляных элементаў, а потым да больш дасканалых зрубных канструкцый. Зрубныя канструкцыі сталі асноўнымі для ўсіх тыпаў будынкаў, а слупавыя выкарыстоўвалі толькі ў гасп. пабудовах і пры павелічэнні ўжо існуючага будынка (прыбудове сенцаў да хаты). На будаўніцтва ў цэнтр. і паўн. рэгіёнах ішлі хвоя і елка, на Палессі — дуб, вольха, асіна. Першапачаткова зруб рабілі з круглага бярвення, з 12 ст. — з абчасаных на 4 грані бярвён (брусоў). Вуглы засякаліся з «астаткам» — «у просты замок». Развіццё канструкцыйных прыёмаў ішло праз удасканаленне злучэнняў (урубкі, замкі) і за кошт змяншэння масы элементаў (пілаваныя дошкі, каркасныя сістэмы замест зрубных, замена бярвён брусамі, меншая велічыня «астатку» ў вуглах і інш.). Аднак аж да пач. 20 ст. на Пдцэнтр. Беларусі (Слуцкі, Старадарожскі, Салігорскі р-ны) будавалі хаты з выкарыстаннем тэхн. прыёмаў, вядомых з 10—12 ст. (злучальныя пазы высякалі ў верхняй частцы кожнага вянка зруба), а на Панямонні з яшчэ больш старадаўняй канструкцыяй — на сохах. Цяжкая і складаная страха (на стаяках і закотам) паступова змянілася лёгкай каркаснай (на дзядках, козлах, ключах, кроквах). Стрэхі пераважна рабілі саламяныя ці з чароту, радзей з дрэва (дошкі, дранка, гонта), з сярэдзіны 19 ст. — з бляхі, дахоўкі; столь — з дошак, пакладзеных па бэльках. На Панямонні і ў цэнтр. Беларусі вядома старадаўняя столь на «траме» — тоўстай бэльцы, якую клалі ўздоўж хаты для падтрымкі папярочных бэлек. Падлогу ў хатах доўгі час рабілі земляной або глінянай, потым — з дошак. З іншых матэрыялаў выкарыстоўвалі камень (фундаменты, брукаванне дарог, двароў і падлог, муроўка студняў, сцен і шул), салому і чарот (крыццё даху, ацяпленне акон узімку, саман для сцен), гліну (падлога ў хаце, ток у гумне, муроўка сцен), вапну (рошчына для муроўкі сцен).
З сярэдзіны 19 ст. пашырылася выкарыстанне цэглы і дахоўкі, металічных вырабаў (цвікі, клямкі, засланкі і інш.). У сельскай мясцовасці ўсе буд. работы на сваіх гаспадарках выконвалі звычайна самі сяляне. Гэтай справе яны вучыліся ў сваіх бацькоў і дзядоў, усё жыццё развіваючы ў сабе талент дойліда. Сярод іх былі майстры, чые будаўнічыя здольнасці былі вядомыя далёка за межамі сваёй вёскі. У панскіх сядзібах будаўнічую працу выконвалі прыгонныя сяляне, што адбывалі паншчыну, або рамеснікі — слугі, якія працавалі па заказе панскага двара. У асобных выпадках для будаўніцтва запрашалі прышлых майстроў. У гарадах паступова фарміраваліся цэхавыя арганізацыі дойлідаў, якія абаранялі інтарэсы членаў цэха, садзейнічалі развіццю будаўнічага рамяства, рэгулявалі адносіны паміж майстрамі, забяспечвалі навучанне буд. майстэрству, што спрыяла перадачы і захаванню традыцыйных прыёмаў і метадаў. Асобныя цэхі дойлідаў існавалі ў вял. гарадах: Магілёве (1590), Мінску (1634), Гродне (1774). Аднак часцей яны аб’ядноўваліся ў адным цэху з рамеснікамі іншых спецыяльнасцей (Мінск, канец 17 ст.; Віцебск, 1760). У 6 гіст.-этнаграфічных рэгіёнах Беларусі (Паазер’е, Падняпроўе, Панямонне, Усх. і Зах. Палессе, цэнтр. Беларусь) нар. дойлідства мае свае адметныя рысы. Гэтыя рэгіянальныя асаблівасці (кампазіцыйныя, канструкцыйна-тэхн. і дэкар. прыёмы, тыпы пабудоў) выпрацаваліся ў ходзе гіст. развіцця і шматвяковага працэсу творчых пошукаў мясц. дойлідаў, залежалі і ад прыродна-кліматычных умоў. Паазер’ю ўласціва хаатычная забудова вёсак, выкарыстанне замкнёных схем і асіметрычных прыёмаў у аб’ёмна-планіровачных вырашэннях сядзіб і сядзібных пабудоў, што арганічна звязвала архітэктуру з прыродным асяроддзем. Дэкаратыўныя прыёмы даволі сціплыя. На Падняпроўі таксама выкарыстоўвалі замкнёныя планіровачныя схемы (сядзібы вяночнага тыпу), але ў іх большую ролю адыгрывалі сіметрычныя прыёмы. Гал. фасад дома вылучаўся багатым дэкорам (скразная ці накладная разьба па дрэве). Тут будавалі самыя вялікія на Беларусі гумны і ветракі шатровага тыпу. У дойлідстве Панямоння развілася лінейная структура (сядзібы пагоннага тыпу). У кампазіцыі сядзібы хата вылучаецца як галоўны элемент. Пашыраны ярусныя кампазіцыі — 2-павярховыя свірны, вяндлярні, званіцы, якія кантрастна выглядаюць на фоне выцягнутай асноўнай забудовы. Ветракі тут ставілі толькі т.зв. казловага тыпу. Дойлідства Усх. Палесся адметнае надзвычайнай разнастайнасцю кампазіцыйных прыёмаў, багаццем дэкар. ўпрыгожвання хаты. Старадаўні цяслярскі дэкор спалучаўся з новымі прыёмамі скразной разьбы. Толькі тут вядомы хаты з шатровым дахам. На Зах. Палессі вялікае пашырэнне атрымалі святлоценявыя эфекты, якія ствараліся галерэямі, навесамі. Шырока выкарыстоўваліся слупавыя канструкцыі і сістэмы (колатае дубовае бярвенне-дылі, плеценыя сцены і агароджы). У знешнім выглядзе кожнага будынка вял. значэнне маюць форма і памеры даху. Дойлідства цэнтр. Беларусі фарміравалася на аснове сінтэзу асаблівасцей дойлідства суседніх рэгіёнаў і мясц. вырашэнняў. Больш пашыраны сядзібы, у якіх жылыя і гаспадарчыя будынкі ставіліся асобна, таму вялікая ўвага аддавалася аб’ёмнай кампазіцыі. Пабудовы ўспрымаліся з розных бакоў, адсюль і вялікая ўвага да ўсіх фасадаў, а не толькі да галоўнага. Межы паміж рэгіёнамі размытыя, таму дойлідства кожнага з іх мае і адметныя асаблівасці і рысы суседніх рэгіёнаў. Напр., на Пн і У абавязкова будавалі лазні, гумны з сушнямі, у якіх была печ; у іншых частках Беларусі яны былі больш рэдкай з’явай. На Панямонні і Зах. Палессі вядомы хаты з падчэнямі — галерэяй на гал. фасадзе; будавалі лёгкія каркасныя дахі. Такая звычайная для ўсёй Беларусі пабудова, як склеп, амаль невядомая на Палессі. На Паазер’і часта сустракаліся і рубленыя дахі закотам. На Панямонні сцены рубілі з брусоў «у чысты вугал», а на Падняпроўі — часцей з бярвён «з астаткам».
Дойлідства Падняпроўя і Усх. Палесся адметнае багаццем дэкар. прыёмаў, найперш разнастайнасцю разьбы. Дойлідства Беларусі развівалася ў цесных кантактах з суседнімі краінамі, таму ў ім шмат агульных рыс з нар. архітэктурай рускіх, літоўцаў, украінцаў і палякаў. Мастацкую выразнасць нар. дойлідства вызначалі дакладнасць у выкарыстанні матэрыялаў і канструкцыйных сістэм; у выбары месца для будынкаў і ўсёй вёскі; арганічнае спалучэнне будынкаў з прыродным асяроддзем; прапарцыянальныя суадносіны асобных частак будынкаў, дэкар. элементы. Найб. пашыраныя тыпы будынкаў — хаты і гасп. пабудовы. Самы старадаўні тып хаты — адназрубная пабудова з адным памяшканнем. Да 15—16 ст. склаліся 2- і 3-камерныя жылыя пабудовы (хата + сенцы, хата + сенцы + хата), а таксама хаты-пяцісценкі з капітальнай папярочнай сцяной унутры. Гэтыя планіровачныя схемы сталі асновай больш складанага жылля ў панскіх сядзібах, у горадзе, а таксама сучаснага індывідуальнага. У мястэчках і гарадах сфарміраваўся своеасаблівы тып жылля рамеснікаў і гандляроў з уваходам з вулічнага тарцовага фасада, дзе знаходзілася майстэрня ці крама. Хата магла стаяць асобна або складаць з гасп. пабудовамі (каморай, варыўнёй, хлявамі, павецямі і інш.) адзіны комплекс вяночнага ці пагоннага тыпу. Асобна насупраць хаты ставілі свіран (клець) — другі па значнасці будынак сядзібы. Пабудовы для абмалоту ўраджаю і захоўвання снапоў і саломы (гумны, адрыны, сенніцы, пуні) месцілі на гумнішчы, у баку ад асноўных будынкаў. Вялікае значэнне ў стварэнні ансамбля ў нар. дойлідстве атрымалі малыя арх. формы, якія мелі рознае функцыянальнае прызначэнне (брамы, плятні і інш. агароджы, студні, азяроды і інш.). Амаль у кожнай вял. вёсцы быў «магазін» — грамадскі свіран для захоўвання запасаў прадуктаў на непрадбачаныя выпадкі. Архітэктура гэтага даволі вялікага па памерах будынка спалучала элементы гасп. пабудовы з маштабнасцю, уласцівай значным грамадскім аб’ектам (Касарычы Глускага, Вялікія Чучавічы Лунінецкага р-наў).
На аснове прасцейшых прыёмаў выпрацаваны больш дасканалыя, якія выкарыстоўваліся ў абарончым, грамадскім, культавым і прамысловым будаўніцтве. Вялікі шлях паступовага ўдасканалення ад прасцейшых сцен тыпу астрог ці замёт да складаных канструкцыйных сістэм (спачатку з гародняў, пазней — з тарасаў) прайшлі абарончыя збудаванні. Сцены і вежы разам з інш. штучнымі і прыроднымі перашкодамі складалі комплексы, якія адпавядалі тагачаснаму ўзроўню ваен. майстэрства. Найб. магутныя драўляныя абарончыя збудаванні ў 16—17 ст. былі ў гарадах Віцебск, Полацк, Слуцк, а таксама замкі ў Радашковічах, Астрашыцкім Гарадку, Свіслачы і інш. На скрыжаваннях дарог, на галоўных рыначных плошчах гарадоў і мястэчак або на ўездзе ў іх, каля манастыроў будавалі корчмы (у адным населеным пункце іх магло быць некалькі). Іх архітэктура спалучала памяшканні пад агульным дахам для жылля (пакоі для гасцей) і грамадскага прызначэння (шынок, крама і інш.); уключалі таксама каморы для тавараў, стайню і паветкі для вазоў. На гарадскіх рынках у 16—17 ст. узводзілі будынкі для гандлю — асобныя крамы, або ў выглядзе гандлёвых радоў, дзе пад агульным дахам былі аб’яднаны дзесяткі крам, часам свірны для захоўвання тавару, важніца для захавання гар. мер і вагаў. Гал. месца ў ансамблі гар. цэнтра займала ратуша. Найбольш эфектныя формы выкарыстоўваліся ў будаўніцтве храмаў. Прасцейшыя пабудовы культавага прызначэння — капліцы. Яны мелі сціплыя памеры і формы, вельмі шанаваліся прыхаджанамі. Разнастайныя аб’ёмна-планіровачныя кампазіцыі цэркваў (восевыя, крыжова-цэнтрычныя) і касцёлаў (1-, 2-нефавыя і цэнтрычныя) сталі асновай для стварэння іх выразных абліччаў. Ярусныя завяршэнні цэркваў былі водгукам на стыль барока, заканамерным вынікам развіцця традыцыйных у мясц. дойлідстве шатровых дахаў (Слуцк, Рубель і Давыд-Гарадок Столінскага, Сінкевічы Лунінецкага р-наў). Пры будаўніцтве драўляных касцёлаў дойліды ў большай ступені арыентаваліся на спалучэнне мясц. традыцый з формамі каменнай архітэктуры (Адэльск Гродзенскага, Воўпа Ваўкавыскага, Дуды Іўеўскага р-наў). Шмат’ярусныя званіцы, што ўзводзіліся каля храмаў, узбагачалі кампазіцыю ансамбля і яго сілуэт (Нарач, Шарашова, Велямічы Столінскага, Чэрск Брэсцкага р-наў). Вытворчыя збудаванні (найперш ветракі і вадзяныя млыны) сведчаць пра канструктарскі талент майстроў, характарызуюцца простымі і адначасова выразнымі формамі, што адпавядалі функцыянальнаму прызначэнню. Нар. дойлідства ўплывала на будаўніцтва ў панскіх сядзібах і гарадах, дзе многія творы архітэктуры сталі сінтэзам асаблівасцей афіцыйных маст. стыляў барока, класіцызму з прыёмамі, выпрацаванымі мясц. майстрамі (сядзібныя дамы ў Поразаве і Заполлі Пінскага р-на, лямусы ў Гродне і Мураванай Ашмянцы Ашмянскага р-на). Нар. дойлідства захавала свае асноўныя рысы ў самадзейным будаўніцтве жылых і гасп. пабудоў на вёсцы і ў перыферыйных раёнах гарадоў сучаснай Беларусі. Яго рэгіянальныя аспекты праяўляюцца ў прынцыпах арганізацыі двароў сядзіб, выкарыстанні кампазіцыйных прыёмаў і арх. форм. Нар. дойлідства — адна з крыніц вывучэння гісторыі народа і яго культуры, творчага пошуку сродкаў стварэння асяроддзя, спрыяльнага для жыцця, працы, адпачынку. Найб. каштоўныя помнікі нар. дойлідства пераносяцца ў спец. музейныя экспазіцыі (Бел.дзярж. музей народнай архітэктуры і побыту).
С.А.Сергачоў.
Хата ў Гомелі. Фрагмент дэкору. Пач. 20 ст.Касцёл у в. Адэльск Гродзенскага раёна. 17 ст.Званіца з в. Чэрск Брэсцкага раёна. 18 ст.Вятрак з в. Бярозаўка Кармянскага раёна. Пач. 20 ст.Вадзяны млын у в. Пабрэззе Навагрудскага раёна. 1930-я гады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭАТР У 1920—80-я гады.
Адметная асаблівасць пач. 1920-х г. — арганізацыя дзярж. тэатраў. 14.9.1920 спектаклем «Рысь» паводле апавядання Э.Ажэшкі адкрыўся Бел.дзярж. тэатр, якому ў 1926 нададзена найменне Першага (БДТ-1). 17.9.1920 калектыў паказаў другі спектакль — «Паўлінку» Я.Купалы. Тэатр стаў наследнікам Першага таварыства бел. драмы і камедыі. Яго арганізатарам і кіраўніком стаў Ф.Ждановіч, большасць акцёраў перайшла ў нанова пераўтвораны калектыў. На сцэну былога Мінскага гар. тэатра перанесена ў дапрацаваным выглядзе большасць спектакляў Першага таварыства. У канцы 1921 калектыў узначаліў Е.Міровіч. Тэатр папоўніўся маладымі акцёрамі, з якімі вялася вучэбна-студыйная праца. У калектыў прыйшлі В.Галіна, Г.Глебаў, У.Крыловіч, Б.Платонаў, В.Пола, У.Уладамірскі, якія разам з Г.Грыгонісам, І.Ждановіч, Л.Ржэцкай і інш. склалі выдатнае першае пакаленне тэатра, выхаванае Е.Міровічам. Сярод яго найб. значных пастановак: «На Купалле» М.Чарота, «Машэка», «Кастусь Каліноўскі», «Каваль-ваявода», «Кар’ера таварыша Брызгаліна» (усе п’есы Е.Міровіча), «Мост» Я.Рамановіча, «Міжбур’е» Дз.Курдзіна, «Гута» Р.Кобеца. Асабліва вылучыўся акцёр магутнага драм. тэмпераменту У.Крыловіч, які выконваў цэнтр. ролі. Тэатр у 1920-я г. прайшоў складаны шлях развіцця: ад жыццёвага праўдападабенства, побытавага рэалізму (пастаноўкі Ф.Ждановіча), праз канструктывізм («Мешчанін у дваранах» Мальера, «Перамога» Е.Міровіча) і рамантычна-ўзнёслую плынь да паглыбленага псіхалагізму (пастаноўкі Е.Міровіча).
10.8.1920 у Мінску спектаклем «Суд» У.Галубка пачала працу Трупа беларускіх артыстаў пад загадам У.Галубка, якая з 1924 называлася Другая бел.дзярж. трупа, з 1926 — Бел.дзярж. вандроўны тэатр, з 1932 — Трэці бел.дзярж. тэатр (БДТ-3). Напачатку акцёрамі ў ім працавалі члены сям’і У.Галубка: жонка Ядвіга Аляксандраўна, дочкі Багуся, Міла і Люся; бел. пісьменнікі І.Барашка, А.Дудар, В.Сташэўскі, М.Чарот і інш. Пазней у калектыў прыйшлі С.Бірыла, К.Быліч, У.Дзядзюшка, А.Згіроўскі і інш., якія набылі шырокую вядомасць і прызнанне. Тэатр наследаваў традыцыі бел.фалькл.сцэн. мастацтва. У рэпертуары пераважалі меладрамы — спектаклі моцных страсцей, адкрытага, бурнага ўсплёску акцёрскага тэмпераменту, яркіх сцэн. фарбаў і эфектаў, і камедыі з узбуйненым і падкрэсленым камізмам, фарсавасцю плошчавага характару. У.Галубок пісаў п’есы спецыяльна для тэатра, ставіў і афармляў іх, а таксама выконваў адказныя ролі. Сярод яго спектакляў меладрамы «Праменьчык шчасця» («Госць з катаргі»), «Бязвінная кроў», «Акрываўлены падатак» («Белы вянок»), «Ганка» («Ні тая, ні другая»), «Апошняе спатканне», «Пан Сурынта»; камедыі «Пісаравы імяніны» («Залёты дзяка»), «Жаніхі» («Марцовыя кавалеры»), «Культурная цешча», «Ветрагоны» («Дваяжэнцы»), Сярод пастановак У.Галубка твораў інш. аўтараў «Паўлінка» Я.Купалы, «Антось Лата» Я.Коласа, «Птушка шчасця», «Чорт і Баба», «Манька», «Цені», «Страхі жыцця» і «Калісь» Ф.Аляхновіча, «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Мікітаў лапаць» М.Чарота, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча. Напачатку тэатр абслугоўваў рабочыя ўскраіны Мінска, а потым гарады, мястэчкі, вёскі ўсёй Беларусі. Вёў вялікую культ.-асветную працу. Спектаклі, разлічаныя на нар. масы, карысталіся вялікай папулярнасцю і любоўю: У.Галубок стаў першым нар. артыстам Беларусі (1928).
З выпускнікоў Бел.драм. студыі ў Маскве (1921—26, маст. кіраўнік В.Смышляеў) быў створаны ў Віцебску Другі бел.дзярж. тэатр (адкрыўся 21.11.1926 спектаклем «У мінулы час» І.Бэна). У яго рэпертуар увайшлі пастаноўкі, падрыхтаваныя ў студыі: нар. драма «Цар Максімілян», «Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра, «Апраметная» В.Шашалевіча, «Эрас і Псіхея» Ю.Жулаўскага, «Вакханкі» Эўрыпіда, «Вечар студыйных пастановак» («Гавань» паводле Г. дэ Мапасана, «Цырульнік з Берыягу» М.Мэля і «Чорт і Баба» Ф.Аляхновіча). Спектаклі вызначаліся эксперыментальнасцю, эстэт. вытанчанасцю, тэатр. кідкасцю. Але гэта ў той час не было належным чынам ацэнена, калектыў крытыкавалі за адрыў ад жыцця і скіроўвалі яго на ўвасабленне твораў на сучасную і героіка-рэв. тэматыку. З найб. прыкметных спектакляў пра рэв. мінулае «Каля тэрасы» М.Грамыкі і «Разлом» Б.Лаўранёва.
У 1920-я г. створаны шэраг тэатраў. У агітацыйным кірунку працавалі тэатры рэв. сатыры ў Віцебску (1919—20) і Мінску (1921—22). У 1-й пал. 1920-х г. выступалі паказальныя армейскія тэатры. У 1926 у Мінску з яўр. аддзялення Бел.драм. студыі ў Маскве створаны Дзярж. яўрэйскі тэатр БССР (маст. кіраўнік М.Рафальскі), які ўвайшоў у лік вядучых калектываў Беларусі. У 1928 пачаў дзейнасць у Бабруйску, з 1935 пераведзены ў Магілёў Дзярж. рускі тэатр БССР (маст. кіраўнік У.Кумельскі, з 1939 Дз.Арлоў). У 1929—36 працаваў Польскі дзярж. вандроўны тэатр БССР і інш. У рэпертуары тэатраў 1930-х г. пераважалі творы савецкіх аўтараў, у большасці схематычныя, невысокай маст. вартасці. Сярод лепшых спектакляў: «Неспакойная старасць» Л.Рахманава (БДТ-1), «Мой сябар» (БДТ-3) і «Чалавек з ружжом» М.Пагодзіна (БДТ-2; у ім П.Малчанаў упершыню на бел. сцэне ўвасобіў вобраз Леніна). Найб. поспех тэатры мелі ў пастаноўках бел. аўтараў, а таксама ў класічнай рускай і заходнееўрапейскай драматургіі. Найб. значныя дасягненні былі ў БДТ-1. У спектаклі «Бацькаўшчына» К.Чорнага глыбока раскрыты акцёрскія дараванні У.Уладамірскага, І.Ждановіч, Г.Глебава. Паэтычнасць празэтнагр. верагоднасць дасягнута ў «Салаўі» З.Бядулі. Асабліва плённым было супрацоўніцтва тэатра з К.Крапівой. У спектаклі паводле яго п’есы «Канец дружбы» грамадзянскай пафаснасцю выканання вылучаўся У.Крыловіч (Карнейчык). «Партызанам» былі ўласцівы шырокі подых, маштабнасць, напоўненасць і шматколернасць масавых сцэн. Класічным стала ўвасабленне сатыр. камедыі «Хто смяецца апошнім» (рэжысёры І.Раеўскі, Л.Рахленка). Узоры акцёрскага майстэрства паказаны ў цэнтр. ролях Г.Глебавым, Л.Рахленкам, Б.Платонавым і ў эпізадычных Л.Ржэцкай, Г.Грыгонісам. К.Крапіва і Г.Глебаў адзначаны Дзярж. прэміяй СССР 1941. Падзеяй стала пастаноўка драмы М.Горкага «Апошнія» (рэж. М.Зораў, дапрацоўка І.Раеўскага). Спектакль вызначаўся глыбокім спасціжэннем драм. твора, ансамблевасцю; для кожнага выканаўцы ён стаў этапным у творчасці. Выдатныя акцёрскія вобразы стварылі У.Уладамірскі, В.Галіна, І.Ждановіч, Б.Платонаў. Бліскучым акцёрскім дуэтам вызначыўся спектакль «Скупы» Мальера: Г.Глебаў (Гарпагон) — Л.Ржэцкая (Фразіна). У БДТ-2 найб. значнымі былі пастаноўкі класічных твораў. З 1936 паспяхова ўвасаблялася драматургія А.Астроўскага, першая з іх «Беспасажніца» (у гал. ролі Р.Кашэльнікава). Сац. змястоўнасць уласціва спектаклю «Мяшчане» М.Горкага. Глыбокім драматызмам адзначана пастаноўка «Зданяў» Г.Ібсена (у ролі Освальда — П.Малчанаў), камед. бляскам — «Лекар паняволі» Мальера (у ролі Сганарэля — А.Ільінскі). Плённым у творчасці тэатра быў зварот да бел. драматургіі. Ажыццёўлена пастаноўка «Вечара беларускіх вадэвіляў», куды ўвайшлі «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» і «Прымакі» Я.Купалы. Упершыню ўвасоблены п’есы Я.Коласа «Вайна вайне» і «У пушчах Палесся» (у ролі Талаша — А.Ільінскі). Буйны поспех меў спектакль «Несцерка» В.Вольскага (1941, рэж. Н.Лойтар, муз. І.Любана, акцёры А.Ільінскі, Ц.Сяргейчык, А.Трус, Я.Глебаўская, З.Канапелька; Дзярж. прэмія СССР 1946), які на дзесяцігоддзі стаў своеасаблівай візіткай тэатра. У БДТ-3 сярод пастановак бел. твораў вылучаліся «Контратака» Дз.Курдзіна і «Сяржант Дроб» Э.Самуйлёнка (рэж. абодвух К.Саннікаў). Аднак у 1937 тэатр быў закрыты.
У 1930-я г. колькасць тэатраў павялічылася. У 1931 адкрыты Тэатр юнага гледача БССР (арганізатар і маст. кіраўнік М.Кавязін). У 1937 калектыў узначаліў Е.Міровіч, папоўнена яго акцёрская трупа, павысіўся маст. ўзровень спектакляў. Найб. значны з іх — «Цудоўная дудка» В.Вольскага. З канца 1920-х г. і да сярэдзіны 1930-х г. на Беларусі быў пашыраны т. зв. трамаўскі рух: стварэнне тэатраў рабочай моладзі — напаўпрафесійных агіт.-прапагандысцкіх калектываў. Асноўны з іх — Бел. трам, які працаваў у Мінску з 1929. У 1934 ён перарос у прафес. калектыў, у 1937 расфарміраваны. Трамы таксама існавалі ў Віцебску, Гомелі, Барысаве, Бабруйску, Полацку, Мазыры. Для абслугоўвання пераважна сельскіх гледачоў з 2-й пал. 1930-х г. ствараліся калгасна-саўгасныя тэатры. Яны працавалі ў Барысаве, Мазыры, Слуцку, Полацку, Рагачове, Бабруйску, Лепелі, Заслаўі, Рэчыцы, Дзяржынску. Былі адкрыты абласныя бел. тэатры — Палескі імя Я.Купалы ў Мазыры (1938) і Пінскі (1939), рускія — у Гомелі (1939), Брэсце (1940) і Баранавічах (1940). У 1939 у Гомелі пачаў працу Дзярж. тэатр лялек БССР. У Зах. Беларусі існавалі аматарскія калектывы, якія ставілі драм. творы Я.Купалы, У.Галубка, Ф.Аляхновіча і інш. Аматарскія і паўпрафесійныя бел. тэатры таксама працавалі ў Літве (Вільня) і Латвіі (Рыга і Даўгаўпілс). Акцёрскія кадры перыядычна рыхтавалі ў студыях пры тэатрах БДТ-1, БДТ-2 і інш. У 1931—32 працаваў Бел. тэхнікум сцэн. мастацтва. У 1939 пад кіраўніцтвам Е.Міровіча арганізавана Тэатр. вучылішча.
З пачаткам Вял.Айч. вайны буйнейшыя тэатр. калектывы эвакуіраваны ў далёкі тыл: БДТ-1 — у Томск, БДТ-2 — ва Уральск, з 1943 у Арэхава-Зуева, Дзярж. яўрэйскі тэатр БССР — у Новасібірск. У 1943 аднавіў дзейнасць Дзярж. рускі тэатр БССР як франтавы калектыў з базай у Маскве. Іншыя драм. тэатры распаліся. У складаных ваенных умовах эвакуацыі тэатры працягвалі плённую дзейнасць. БДТ-1 адкрыў сезон у Томску спектаклем «Партызаны», які выконваўся на бел. мове і гучаў вельмі надзённа. Сярод новых пастановак аб сучасных ваенных падзеях — «Фронт» А.Карнейчука і «Рускія людзі» К.Сіманава. Паспяхова ўвасоблены класічны твор А.Астроўскага «Позняе каханне». Падзеяй стаў спектакль «Паўлінка» Я.Купалы (першапачаткова ішоў пад назвай «Вечар камедый», непрацяглы час разам выконваліся і «Прымакі» Я.Купалы), прэм’ера якога адбылася 23.5.1944. Спектакль, пастаўлены Л.Літвінавым, стаў своеасаблівай візіткай тэатра. Праз яго прайшлі многія славутыя выканаўцы: Б.Платонаў, Г.Глебаў, У.Дзядзюшка, Л.Ржэцкая, В.Пола, Р.Кашэльнікава, І.Шаціла. БДТ-2 ва Уральску адкрыў сезон 1941—42 спектаклем «Несцерка». За ваенны час стварыў шэраг значных спектакляў: «Проба агнём» К.Крапівы, «Нашэсце» Л.Лявонава, «Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага. Тэатры праводзілі гастролі: БДТ-1 па Нарымскім краі, БДТ-2 у Маскве. Артысты выступалі з канцэртамі, чытаннем маст. твораў перад салдатамі, якія накіроўваліся на фронт, перад параненымі ў шпіталях, на фабрыках і заводах. Арганізоўваліся франтавыя тэатр. брыгады (ад БДТ-1 у 1943 пад кіраўніцтвам Г.Глебава і ў 1944 пад кіраўніцтвам У.Уладамірскага, ад БДТ-2 у 1944 пад кіраўніцтвам П.Малчанава, ад Дзярж. яўрэйскага тэатра БССР у 1943), якія выступалі са спектаклямі і канцэртамі на пярэдніх рубяжах баёў. З тэатр. дзеячаў, якія не эвакуіраваліся, у 1941 быў арганізаваны Менскі бел. гарадскі тэатр (дзейнічаў з перапынкамі да лета 1944). Тэатр працаваў у складаных умовах акупацыйнага рэжыму. Ставіліся оперы, балеты, драм. спектаклі [«Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Міхалка» Далецкіх, «Шчаслівы муж», «На Антокалі» і «Пан міністар» Ф.Аляхновіча, «Загубленае жыццё» Т.Лебяды, «Каварства і каханне» Ф.Шылера, «Патанулы звон» Г.Гаўптмана, «Карчмарка» К.Гальдоні, «Лялечны дом» («Нора») І.Ібсена і інш.]. У партыз. атрадах і злучэннях наладжваліся канцэртныя выступленні. Пасля вызвалення Беларусі ад фаш. акупацыі з эвакуацыі вярнуліся БДТ-1 і БДТ-2, якім 21.12.1944 нададзена адпаведна імя Я.Купалы і Я.Коласа. Дзярж. рускі тэатр БССР у 1944 распачаў працу ў Магілёве, з 1945 — у Гродне, з 1947 — у Мінску. У 1944 аднавіў дзейнасць абласны тэатр у Пінску, у 1954 ён пераведзены ў Магілёў. З 1947 у Гродне працуе абласны тэатр (пераведзены з Бабруйска), з 1950 у Мінску Дзярж. тэатр лялек БССР (у 1956—86 гал. рэжысёр Ан.Ляляўскі). Створаны новыя тэатры: абласныя Брэсцкі (1944) і Гомельскі (1954), Бел. рэспубліканскі юнага гледача (1956), Бабруйскі (1956, меў розныя назвы). З 1946 аднавіў працу ў Мінску Дзярж. яўрэйскі тэатр БССР, у якім выкананнем вылучаліся акцёры Ю.Арончык, М.Моін, М.Сокал, А.Трэпель. У 1949 у выніку вострай афіц. крытыкі тэатр закрыты. У 1945 адкрыты Бел.тэатр. інстытут (з 1953 тэатр.-маст., з 1999 Бел.АМ), які рыхтуе акцёраў, з 1958 — і рэжысёраў, з 1962 — і тэатразнаўцаў. Уклад у падрыхтоўку тэатр. кадраў зрабілі Е.Міровіч, К.Саннікаў, Дз.Арлоў, В.Галіна, І.Ждановіч, У.Маланкін, У.Няфёд. Пры Бел. тэатры імя Я.Купалы і Бел. тэатры імя Я.Коласа з 1945 да 1960-х г. перыядычна набіраліся акцёрскія студыі.
У 1940—50-я г. тэатры працягвалі распрацоўваць тэматыку Вял.Айч. вайны. Буйнейшы спектакль — «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона ў Бел. тэатры імя Я.Купалы (рэж. К.Саннікаў, акцёры Б.Платонаў, Г.Глебаў, І.Ждановіч; Дзярж. прэмія СССР 1948). Значнымі дасягненнямі адзначаны пастаноўкі «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча ў Брэсцкім абл., Дзярж.рус. тэатры, «Глыбокая плынь» паводле І.Шамякіна ў Гомельскім тэатры, «Людзі і д’яблы» К.Крапівы ў тэатрах імя Я.Купалы і імя Я.Коласа. Сярод спектакляў на тагачасную тэматыку паэтычнасцю, лірызмам вылучаліся «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы (Дзярж. прэміяй СССР 1952 адзначаны рэж. К.Саннікаў, акцёры Б.Платонаў, У.Дзядзюшка, Л.Ржэцкая, В.Пола, Л.Драздова) і «Шчасце паэта» В.Віткі (у ролі Я.Купалы — І.Шаціла) у тэатры імя Я.Купалы, «Алазанская даліна» К.Губарэвіча і І.Дорскага (рэж. М.Міцкевіч) у тэатры імя Я.Коласа. Падзеяй стаў прыход у драматургію А.Макаёнка і яго супрацоўніцтва з тэатрамі, асабліва з калектывам тэатра Я.Купалы: спектакль «Выбачайце, калі ласка!», скіраваны супраць паказухі, кар’ерызму, вызначаўся баявітасцю, грамадзянскай страснасцю. Фалькл. насычанасцю, нар. самабытнасцю вылучаліся спектаклі «Папараць-кветка» і «Над хвалямі Серабранкі» І.Козела ў тэатры юнага гледача (рэж. абодвух Л.Мазалеўская). Адметныя набыткі дасягнуты ва ўвасабленні твораў У.Шэкспіра: «Рамэо і Джульета» ў тэатры імя Я.Купалы, «Гамлет» у тэатры імя Я.Коласа, «Кароль Лір» у Дзярж.рус. тэатры. З інш. значных спектакляў: «Даходнае месца» А.Астроўскага і «Нора» Г.Ібсена ў тэатры імя Я.Купалы, «Рэвізор» М.Гогаля ў тэатры імя Я.Коласа, «Варвары» М.Горкага, «Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага ў Дзярж.рус. тэатры, «Ветрык, вей!» Я.Райніса ў Брэсцкім тэатры. Новае сцэн. жыццё далі акцёры тэатра Я.Коласа драме Я.Купалы «Раскіданае гняздо» (рэж. А.Скібнеўскі), маштабнасцю, шырокім дыханнем вызначаўся спектакль «Навальніца будзе» А.Звонака паводле «На ростанях» Я.Коласа. У першае пасляваеннае дзесяцігоддзе тэатры прытрымліваліся стылістыкі, якая сцвердзілася на сцэне ў 1930-я г.: перадача жыццёвай верагоднасці падзей і ўчынкаў герояў, іх псіхалагічная і побытавая апраўданасць, дзе тэатр. формы максімальна набліжаліся да рэалій. У 2-й пал. 1950-х г. пачаліся пошукі новай стылістыкі, выяўленчых тэатр. сродкаў. Гэта найперш звязана са спектаклямі на купалаўскай сцэне рэжысёра Б.Эрына: «Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду, «Забыты ўсімі» Назыма Хікмета, «Трэцяя, патэтычная» М.Пагодзіна, вырашанымі ва ўмоўна-сцэнаграфічнай, метафарычна ўзбуйненай форме, з гранічна абвостраным, экспрэсіўным выяўленнем пачуццяў герояў. У 1960—80-я г. пошукі выразных сцэн. сродкаў і форм працягвалі рэжысёры новага пакалення — В.Раеўскі, Б.Луцэнка, В.Мазынскі, М.Пінігін, Р.Баравік, В.Маслюк, У.Караткевіч. У 1960-я г. высокага майстэрства дасягнулі акцёры ў спектаклях тэатра імя Я.Купалы — «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка (Б.Платонаў, З.Стома, Г.Макарава, П.Малчанаў), «Жывы труп» Л.Талстога (Б.Платонаў), «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага (Г.Глебаў), «У мяцеліцу» Л.Лявонава (Л.Рахленка, І.Шаціла, Л.Ржэцкая), «Я, бабуся, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Р.Лордкіпанідзе (С.Станюта, А.Мілаванаў, П.Кармунін, У.Дзядзюшка), «Людзі на балоце» паводле І.Мележа (Л.Давідовіч, Г.Гарбук); тэатра імя Я.Коласа — «Клоп» У.Маякоўскага (Ф.Шмакаў, З.Канапелька), «Улада цемры» Л.Талстога (Г.Маркіна, Г.Бальчэўская, С.Акружная, Л.Трушко, Ф.Шмакаў, Т.Кокштыс, Я.Глебаўская, Л.Пісарава, А.Трус); тэатра юнага гледача — «На ўсіх адна бяда» П.Макаля (М.Пятроў), «З любімымі не расставайцеся» А.Валодзіна (В.Лебедзеў). У пач. 1960-х г. тэатр імя Я.Купалы перажываў складаны працэс змены акцёрскіх пакаленняў. У тэатры імя Я.Коласа такі працэс адбываўся пазней — з 2-й пал. 1960-х г. Але паступова склаліся новыя пакаленні: Г.Аўсяннікаў, Г.Гарбук, Л.Давідовіч, П.Дубашынскі, М.Захарэвіч, А.Мілаванаў, А.Памазан, Г.Талкачова, В.Тарасаў, М.Яроменка і інш. ў тэатры імя Я.Купалы; С.Акружная, Г.Дубаў, Т.Кокштыс, У.Куляшоў, Г.Маркіна, Л.Трушко і інш. ў тэатры імя Я.Коласа.
На развіццё акцёрскага і рэжысёрскага мастацтва 1970—80-х г. станоўча паўплывала бел. драматургія: п’есы Я.Купалы «Раскіданае гняздо» і К.Крапівы «Брама неўміручасці» (тэатр імя Я.Купалы), А.Макаёнка «Трыбунал» (тэатры імя Я.Купалы і Я.Коласа, Магілёўскі драмы і камедыі ў Бабруйску, Брэсцкі, Гродзенскі), «Зацюканы апостал» і «Таблетку пад язык» (тэатры імя Я.Купалы і імя Я.Коласа), «Пагарэльцы» (тэатр імя Я.Купалы), М.Матукоўскага «Амністыя» (тэатры Я.Купалы і Я.Коласа, Гродзенскі, Магілёўскі), «Мудрамер» (тэатр імя Я.Купалы, Дзярж. прэмія Беларусі 1987), А.Петрашкевіча «Напісанае застанецца» («Францыск Скарына») (тэатры імя Я.Купалы, Гродзенскі), «Трывога» (тэатры імя Я.Коласа, Гродзенскі), «Соль» (Дзярж.рус. тэатр Беларусі), У.Караткевіча «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі» (тэатр імя Я.Коласа), «Калыска чатырох чараўніц» (Тэатр юнага гледача), І.Чыгрынава «Плач перапёлкі» (тэатр імя Я.Купалы), А.Дударава «Парог» (тэатры імя Я.Купалы і Я.Коласа, Брэсцкі), «Вечар» (тэатры імя Я.Коласа, Дзярж. прэмія Беларусі 1986; імя Я.Купалы, Брэсцкі, Гомельскі), «Радавыя» (тэатры імя Я.Купалы, Дзярж. прэмія СССР 1985; імя Я.Коласа), «Апошні шанц» В.Быкава і «Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева (тэатр імя Я.Купалы). У 1960—80-я г. створаны новыя тэатры. У 1970 адкрыты Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску, у 1982 — Тэатр-студыя кінаакцёра кінастудыі «Беларусьфільм», у 1984 — Дзярж. маладзёжны тэатр у Мінску, у 1989 Слонімскі бел.драм.тэатр. У абласных гарадах арганізаваны лялечныя калектывы: у Брэсце і Гомелі (абодва 1968), Магілёве (1976), Гродне (1981), Бел. тэатр «Лялька» ў Віцебску (1985). З 2-й пал. 1980-х г. пачаўся студыйны рух, які ўтварыў новую плынь у тэатр. мастацтве. У студыях працавалі рэжысёры В.Баркоўскі, В.Грыгалюнас, У.Савіцкі, Р.Таліпаў, М.Трухан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМА́Н, Султанат Аман,
дзяржава на Б. Усходзе, займае паўд.-ўсх.ч. Аравійскага п-ва. Тэр. дзяржавы выцягнутая з ПдЗ на ПнУ на 940 км. Абмываецца водамі Аравійскага м. Мяжуе з Йеменам, Саудаўскай Аравіяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі; граніцы на З праходзяць па пустыні і выразна не акрэслены. Абсалютная манархія. У адм. адносінах падзяляецца на 6 раёнаў і 59 губернатарстваў. Пл. 212,4 тыс.км. Нас. 1,9 млн.чал. (1994). Афіц. мова арабская, дзярж. рэлігія іслам. Сталіца — г.Маскат. Нац. свята — Дзень нараджэння султана Кабуса (18 ліст.).
Прырода. Тэр. Амана займае ўскраіну плато Аравійскага п-ва з гарамі Хаджар (найвыш. пункт краіны г. Шам, 3353 м) на ПнУ. На ПдЗ плато Дафар з гарамі Кара. Уздоўж Аманскага заліва вузкая (40—50 км) прыбярэжная нізіна Эль-Батына. У цэнтры — усх. ўскраіна пустыні Руб-эль-Халі. Карысныя выкапні: нафта (запасы 575 млн.т), прыродны газ (283 млрд.м³), медная (20 млн.т) і хромавая (2 млн.т) руды; ёсць каменны вугаль, вапняк, мармур, падземныя воды, невял. запасы свінцу, золата, серабра. Клімат трапічны, гарачы і сухі. Сярэдняя т-ра паветра ў студз. каля 21 °C, у ліп. 32 °C. Ападкаў на раўнінах каля 125 мм, у гарах да 500 мм за год, выпадаюць пераважна летам. Пастаянных рэк няма, ёсць вадзі. Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць, у гарах участкі саваннаў, лістападных трапічных лясоў. У аазісах фінікавыя і какосавыя пальмы, аліўкавыя дрэвы. Сярод жывёл — газелі, ліс, шакал, зайцы, тушканчыкі, яшчаркі, змеі.
Насельніцтва. Больш як 90% арабы, жывуць таксама персы, індусы, выхадцы з Усх. Афрыкі. Большая палавіна насельніцтва аселая, сканцэнтравана ў Эль-Батына і вакол Маската, ва ўнутр. раёнах і на ПдЗ — качавое і паўкачавое. Шчыльнасць 8,9 чал. на 1 км². Пераважае сельскае насельніцтва (каля 89%). Найб. гарады: Маскат, Эль-Матрах, Эс-Сахар, Назва, Салала.
Гісторыя. Ёсць звесткі, што ў 4—3-м тыс. да н.э. насельніцтва на тэр. Амана мела флот і займалася пасрэдніцтвам у гандлі паміж краінамі бас. рэк Ніл, Тыгр, Еўфрат і Інд. У 7—11 ст.тэр. Амана некалькі разоў уключалася ў склад Арабскага халіфата. У сярэдзіне 8 ст. аманскія плямёны аб’ядналіся вакол імама, якому належала духоўная і свецкая ўлада. Незалежны імамат Амана з перапынкамі існаваў да канца 18 ст. У пач. 16 ст. прыбярэжнай ч. Амана завалодалі партугальцы, у 1730-я г. заваявалі персы. З 2-й пал. 18 ст. Аман — аб’ект барацьбы паміж Англіяй, Францыяй і вахабітамі. На пач. 19 ст. кантроль над паўд.-ўсх.ч. Аравійскага п-ва ўстанавіла Англія. Тэр. Амана была падзелена на імамат Амана, султанат Маскат і т.зв. Пірацкі бераг (з 1853 Аман Дагаворны). У 1891 над Маскатам устаноўлены брыт. пратэктарат. Імамат Амана заставаўся незалежны. Яго кіраўнікі выступалі за ліквідацыю залежнасці Маската ад Англіі і ўз’яднанне краіны, што прывяло да ўзбр. канфліктаў паміж абодвума бакамі. Паводле Сібскага дагавора 1920 англ. ўлады і султан Маската прызналі імамат Амана незалежнай дзяржавай. У 1955, парушыўшы дагавор, англа-маскацкія войскі ўвайшлі на тэр. Амана і да 1959 акупіравалі большую яго частку; правіцелем Амана стаў султан Маската Саід бен Тэймур. У выніку дзярж. перавароту з ліп. 1970 на чале Амана стаў султан Кабус бен Саід. Са жн. 1970 краіна мае назву Султанат Аман. У вер. 1971 Аман прыняты ў Лігу арабскіх краін, у кастр. — у ААН. Супрацоўнічае з ЗША, падтрымлівае цесныя сувязі з Вялікабрытаніяй. Аман быў пасрэднікам ва ўрэгуляванні ірана-іракскай вайны 1980—88, з’яўляецца прыхільнікам стварэння бяз’ядзерных зон у розных ч. свету. Выступае за захаванне на сучасным этапе замежных войскаў у Персідскім заліве. Мае пагадненне з ЗША аб ваен. супрацоўніцтве.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча (38 млн.т., 1993) і экспарт (праз порт Міна-эль-Фахль каля Маската) нафты; дае каля 70% валавога ўнутр. прадукту (у 1992 ацэньваўся ў 10,4 млрд.амер.дол., штогадовы прырост да 13%) і больш за 90% паступленняў цвёрдай валюты. Гадавая магутнасць нафтаперапр. з-даў 3 млн.т. Разведку і здабычу нафты ажыццяўляюць змешаныя кампаніі (60% капіталаў ва ўрада Амана, 40% у зах.-еўрап. фірмаў). Прыродны газ (гадавая здабыча 2,8 млрд.м³) выкарыстоўваецца ў энергетыцы, працуюць з-ды па звадкаванні газу. Ёсць дзярж. прадпрыемствы: медзеплавільны з-д у г. Эс-Сахар, нафтаперапрацоўчы ў Маскаце, цэментны ў Русаі. Развіты рыбалоўства, буд.прам-сць, саматужныя промыслы (апрацоўка скур, прадзенне, ткацтва, вытв-сць ювелірных вырабаў, халоднай зброі, прадметаў хатняга ўжытку, перапрацоўка фінікаў). Сельская гаспадарка дае 3% валавога ўнутр. прадукту (у ёй занята 42% насельніцтва, разам з рыбалоўствам). Для земляробства прыдатныя 0,2% плошчы краіны, 4,7% пад пашай. Найб. асвоены Эль-Батына, прыбярэжная раўніна Дафара і вадзі ўнутр. раёнаў. Земляробства аазіснае, са штучным арашэннем. Гал. культура — фінікавая пальма (50% апрацаваных зямель). Вырошчваюць проса, кукурузу, ячмень, пшаніцу, траву альфу (ідзе на выраб паперы і тканін), гародніну, тытунь, лімоны, апельсіны, манга, бананы, вінаград, какосавыя арэхі. Увозіцца збожжа. Жывёлагадоўля экстэнсіўная. Бедуіны-качэўнікі гадуюць авечак, козаў, вярблюдаў. Асн. транспарт — марскі і аўтамабільны, сувязь з унутр. раёнамі — па караванных шляхах. Асн. парты Міна-Кабус, Райсут, Маскат, Эль-Матрах. Аўтамагістралі злучаюць Аман з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. Даўж. аўтадарог каля 23 тыс.км, нафтаправодаў 800 км, газаправодаў 350 км. Міжнар. аэрапорты ў Эс-Сіб (прыгарад Маската) і Салале. Экспарт (4,9 млрд.амер.дол., 1991) — пераважна нафта, імпарт (3 млрд.амер.дол., 1991) — машыны і трансп. сродкі, змазачныя матэрыялы, прадукты харчавання. Буйнейшыя гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Японія, ААЭ, Паўд. Карэя, Сінгапур. Грашовая адзінка — аманскі рыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛЛЁ,
збудаванні для жыцця і арганізацыі побыту чалавека, аховы ад неспрыяльных уздзеянняў прыродных фактараў. Тыпы Ж. вызначаюцца ўзроўнем развіцця прадукц. сіл грамадства, буд. тэхнікі, характарам сац. адносін, геагр. асяроддзя і традыцый арганізацыі сямейнага ладу; разнавіднасці, маст. і кампазіцыйныя асаблівасці, абсталяванне і ўпрыгожанне інтэр’еру — эстэт. густам чалавека.
Найб. простыя тыпы Ж. вядомы з часоў каменнага веку (пячоры, зямлянкі, паўзямлянкі, буданы, пабудовы на палях і інш.). Краінам з цёплым кліматам характэрны тып Ж. з групоўкай замкнёных звонку памяшканняў вакол унутр. адкрытых дворыкаў (мегароны Стараж. Грэцыі, атрыумна-перыстыльныя дамы Стараж. Рыма); у краінах з умераным і халодным кліматам будавалі прамавугольныя ў плане дамы з асвятленнем праз вокны ў сценах. З паяўленнем гарадоў вылучыліся тыпы гар. і сельскіх пабудоў. У гарадах побач з індывід. 1—2-павярховымі дамамі будавалі шматпавярховыя на некалькі сем’яў (інсулы Стараж. Рыма). Для сярэдневякоўя характэрны замкі і палацы — Ж. феадалаў. Складваліся тыпы сялянскага Ж., якое захавала свае характэрныя рысы на многія стагоддзі; у гарадах сфарміраваўся тып дома, дзе спалучаліся жылыя, гандл. і складскія памяшканні, майстэрні рамеснікаў. У буд-ве такіх дамоў выкарыстоўвалі драўляныя канструкцыі (на аснове каркаса ці зруба), а таксама цагляныя, каменныя і мяшаныя (тэхніка «прускага муру»). Высокім маст. узроўнем вызначалася архітэктура рэнесансу (гл.Адраджэнне), барока, класіцызму. Рост гарадоў і гар. насельніцтва ў 19 ст. прывялі да разбурэння структуры старых феад. гарадоў і, як вынік, да змены традыц. тыпаў Ж. Гар. Ж. 20 ст. развіваецца ў рэчышчы асн.арх. стыляў (мадэрн, канструктывізм, функцыяналізм і інш.; гл. таксама Урбанізм і Дэзурбанізм).
На Беларусі з прымітыўных відаў Ж. (ямы, пячоры, буданы) развіліся яго найб.стараж. формы, што адносяцца да эпохі палеаліту. Пабудовы мелі канструкцыйную аснову з касцей маманта (паселішча Бердыж Чачэрскага р-на). Для неаліту і бронз. веку характэрны паглыбленыя ў зямлю жылыя збудаванні з шатровымі дахамі (каля воз. Ліцін Калінкавіцкага, в. Лучын Рагачоўскага р-наў). Вядомы таксама збудаванні на палях і памостах (в. Асавец Бешанковіцкага р-на). У жал. веку будавалі паўзямлянкі слупавой канструкцыі (в. Малышкі Вілейскага р-на), якія з 5—8 ст. паступова змяніліся невял. наземнымі дамамі слупавой і зрубнай канструкцый, разлічанымі на адну сям’ю (в. Гарадзішча Мядзельскага, в. Тайманава Быхаўскага р-наў). Такое аднакамернае Ж. забяспечвала патрэбы сям’і і стала асновай для развіцця ўсіх тыпаў жылых сельскіх і гар. дамоў на Беларусі. У сярэдневякоўі вядомы зрубныя 1-, 2-, 3-камерныя дамы, якія разам з гасп. будынкамі складалі сядзібу. Архітэктура Ж., яго планіроўка і маст. асаблівасці вызначаліся заможнасцю гаспадара і арх.-буд. традыцыямі асобных гіст.-этнагр. рэгіёнаў (Паазер’е, Падняпроўе, Панямонне і інш.). Гар. Ж. 9—13 ст. у асноўным складалася з невял. адназрубных пабудоў, якія ставілі вельмі шчыльна (Брэст, Віцебск, Мінск, Полацк і інш.). Ж. феадалаў 14—16 ст. мела элементы абарончых збудаванняў (замкі, дамы-крэпасці). У 16—18 ст.гар. і местачковае Ж. характарызавалася ўскладненнем планіроўкі, пашырэннем мураванага буд-ва, буд-ва ў тэхніцы «прускага муру» і змешаных канструкцый. Дамы гандляроў і рамеснікаў стваралі аснову забудовы цэнтр. вуліц і плошчы (рынку), часам мелі на гал. фасадзе галерэю на слупах — падчэні (Іўе, Мір). У 18 ст. атрымаў пашырэнне гар. дом з мураваным гал. фасадам і драўлянай часткай у глыбіні двара (Нясвіж, Гродна, Паставы). З 17 ст. пашырылася буд-ва палацава-паркавых комплексаў. Асн. элементам іх стаў палац ці сядзібны дом з элементамі ордэрнай сістэмы, а таксама ў стылі рамантызму. З 2-й пал. 19 ст. ў сувязі з распрацоўкай планаў забудовы гарадоў структура гар. Ж. змянілася. Павялічылася буд-ва шматкватэрных жылых дамоў. У 1920-я г.буд-ва і рэканструкцыя Ж. пачалі ажыццяўляцца на планавай аснове. З’явіліся рабочыя пасёлкі (імя Камінтэрна ў Мінску і інш.). У канцы 1920 — пач. 1930-х г. сталі будаваць шматпавярховыя шматкватэрныя дамы. Сац. ўмовы садзейнічалі з’яўленню новых тыпаў Ж.: інтэрнаты, дзіцячыя дамы, дамы-камуны, якія ўключалі і прадпрыемствы камунальна-быт. абслугоўвання. У Вял.Айч. вайну на Беларусі знішчана каля 400 тыс. жылых будынкаў, што патрабавала значных намаганняў для аднаўлення жылога фонду. З сярэдзіны 1950-х г. пашырылася буд-ва Ж. індустр. метадамі, выкарыстанне вял.арх. элементаў (панэльныя і аб’ёмныя блокі і інш.), што дало магчымасць паскорыць тэмпы ўзвядзення будынкаў. Значныя аб’ёмы жыл.буд-ва садзейнічалі прагрэсіўным метадам планіроўкі і забудовы раёнаў. Сучасныя жылыя дамы маюць адпаведнае быт. і інж. забеспячэнне, адпавядаюць нормам сан. гігіены. Сталі пашыранымі малапавярховыя (1—2 паверхі), сярэдняй паверхавасці (3—5), шматпавярховыя (6—10), павышанай паверхавасці (11—16) і вышынныя (больш за 16 паверхаў), адна- ці шматсекцыйныя, калідорныя, галерэйныя, змешанай планіроўкі будынкі. Больш сталі будаваць дамоў катэджавага тыпу і аднаго з відаў часовага Ж. — садовых домікаў. Асн. тыпам сял. Ж. заставаліся зрубныя хаты пач. і сярэдзіны 20 ст. (гл.Драўлянае дойлідства). Сучасныя вясковыя жылыя дамы па планіровачнай арганізацыі і ўзроўні інж. абсталявання набліжаюцца да гарадскіх, у іх аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі і маст. вырашэнні адчуваецца імкненне да захавання традыц. вырашэнняў.
Літ.:
Воинов А.А. Жилищное строительство в Белорусской ССР. Мн., 1980;
Трацевский В.В. История архитектуры народного жилища Белоруссии. Мн., 1989;
Рэшткі жылля старажытнага Бярэсця. 12—13 ст.Да арт.Жыллё. Дом рамесніка ў г. Нясвіж Мінскай вобл. 1721.Да арт.Жыллё. Дом канца 19 — пач. 20 ст. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.Да арт.Жыллё. Жылы дом у г.п. Ветка Гомельскай вобл. 1950-я г.Да арт.Жыллё. Сядзібны дом у в. Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна Гомельскай вобл.Да арт.Жыллё. Жылы дом у Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСО́НСТВА,
франкмасонства (франц. franc-maęn, літар. вольны муляр), вучэнне і практыка найбуйнейшага міжнар. тайнага т-ва элітарнага тыпу, якое аб’ядноўвае людзей розных нацыянальнасцей і веравызнанняў пад эгідай пошуку «сапраўдных шляхоў духоўнага аднаўлення грамадства». Асн. метад дзейнасці т-ва — спроба ўплываць на гіст. падзеі праз намаганні сваіх адэптаў у розных сферах грамадскай дзейнасці і вядучых дзярж. установах. Класічнае М. ўяўляла сабой рэліг.-этычны рух, удзельнікі якога імкнуліся стварыць тайную сусв. арг-цыю з мэтай аб’яднання чалавецтва ў братэрскім саюзе, незалежна ад яго нац., паліт., сац., рэліг. і інш. адрозненняў. Гіст. карані М. — у брацтвах «вольных муляраў» (буд. саюзах), што ўзніклі ў Германіі ў 12—13 ст. Вызначэнне «вольны» азначала апрацоўшчыка «вольных» парод каменю (мармур, вапняк). Т-вы «вольных муляраў» (цэхі, ложы) пашырыліся Ў Англіі, Італіі, Францыі. З канца 16 ст. ’англ. ложы пачалі прымаць у свае рады т.зв. «пабочных муляраў» — заможных адукаваных людзей, якія садзейнічалі адукацыі і маральнаму ўдасканаленню астатніх членаў лож. Уласна буд. т-вы зніклі ў пач. 18 ст., але брыт. «пабочныя муляры», захоўваючы знешнюю атрыбутыку дзейнасці апошніх, пачалі выкарыстоўваць ложы для абмеркавання праблем маральнага выхавання асобы і грамадства ў цэлым. У 1717 брыт. ложы ўтварылі Вял.брыт. ложу. Па яе даручэнні масон Дж.Андэрсан распрацаваў у 1721 «Кнігу канстытуцый» — першы сістэматызаваны зборнік прынцыпаў М., якія забаранялі масонам быць атэістамі і вальнадумцамі, падтрымліваць афіц. ўлады і прымаць удзел у паліт. рухах, замацоўвалі асн. іерархічныя ступені лож — вучань, падмайстар, майстар, уводзілі асобнае званне — наглядчык (сачыў за правільным выкананнем рытуалаў). Кожнага члена ложы звалі «братам», прымаліся асобы не маладзей за 25 гадоў і толькі пры згодзе ўсіх «братоў». Так званая Вял. ложа аб’ядноўвала майстроў і наглядчыкаў усіх лож краіны і ўзначальвалася Вял. майстрам. Рытуал выконваўся ў кожнай ложы з выкарыстаннем традыц. мулярскіх інструментаў (малаток, навугольнік, цыркуль) і адзення (пальчаткі, капялюш, фартух). У далейшым арганізац. іерархія М. ўскладнілася. Меліся ложы з 33 ступенямі (градусамі) і нават з 99. З 18 ст. М. пашырылася ў Францыі, Германіі, Швецыі, Расіі, ЗША і інш. краінах. Яго ідэйныя арыенціры (пошук эфектыўных метадаў матэрыяльнага і маральнага прагрэсу грамадства, знакаміты дэвіз масонаў: «свабода, роўнасць, братэрства», імкненне ўзвысіцца над класавымі, парт. супярэчнасцямі) былі прыцягальнымі для многіх дзярж. дзеячаў, пісьменнікаў, філосафаў розных краін. Пэўны антыклерыкалізм М. абумовіў варожасць Ватыкана да т-ва, многія папскія булы (у т. л. Льва XIII у 1884) абвяшчалі М. анафему.
У Беларусі і Літве масонскія ложы пачалі дзейнічаць з 2-й пал. 18 ст. як залежныя ад рас. і польскага М. У 1774 маёр рас. арміі Вердароўскі заснаваў у Полацку ложу «Талія». У Магілёве працавалі ложы «Да трох арлоў» (1770) і «Геркулес у калысцы» (1776). У 1781 у Вільні існавалі ложы «Дасканалае адзінства», «Руплівы літвін», «Добры пастыр», «Храм мудрасці», жаночая ложа «Дасканалая вернасць». У 1781 у Гродне засн. ложа «Шчаслівае вызваленне», у 1784 — пад той жа назвай ложа ў Нясвіжы. Пасля паўстання 1794 дзейнасць бел.-літ. лож прыпынілася і актывізавалася толькі ў 1810-я г. У гэты час узніклі масонскія ложы ў Вільні («Руплівы літвін», 1813; «Да храма мудрасці» і «Школа Сакрата», 1818; рус. ложа «Славянскі арол», 1819), у Мінску («Паўн. паходня», 1816, 200 чл. у 1822; «Гара Табар», 1818), Нясвіжы («Святыня спакою» і «Шчаслівае вызваленне», 1819), Слуцку («Уладзіслаў Ягайла»), Навагрудку («Вузел адзінства»), Гродне («Сябар чалавецтва»). Маладзёжныя т-вы філарэтаў, філаматаў і інш. структурай нагадвалі масонскія ложы. Кіраўнік філарэтаў Т.Зан быў членам віленскай ложы «Школа Сакрата». У 1822 усе масонскія ложы Рас. імперыі былі забаронены ўказам Аляксандра I. Яны пачалі аднаўляцца ў Маскве, Пецярбургу, Адэсе і інш. гарадах толькі з 1906—09. У Вільні ўзніклі ложы «Адзінства» (1910), «Літва» (1911), «Беларусь» (1914). Ёсць звесткі пра існаванне М. ў Віцебску і Мінску. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 і грамадз. вайны М. ў Расіі і Беларусі амаль спыніла дзейнасць. У сучасным свеце М. найб. пашырана ў Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША. Агульная колькасць членаў лож складае, паводле розных звестак, ад 6 да 30 млн.чал. У Італіі, дзе ў 1981—82 адбыўся буйны паліт. скандал у сувязі з тайнымі «работамі» ложы «Прапаганда-2», у пач. 1990-х г. існавалі 582 ложы (16 700 чл.). Каля 400 лож у той час дзейнічала на Кубе. Кіраўніцтва дзейнасцю масонаў ажыццяўляецца на сходах (канферэнцыях) масонскіх лож свету, 1-ы з якіх адбыўся ў пач. 20 ст. ў Бруселі, пасля звычайна раз у 5 гадоў праводзяцца канферэнцыі. З канца 1980 — пач. 1990-х г. масоны аднавілі дзейнасць ва Усх. Еўропе (Будапешт, Белград, Прага, Варшава, Сафія), а таксама ў Расіі і некат. інш. рэспубліках б.СССР. У крас. 1991 дэлегацыя франц. масонаў стварыла ў Маскве брацтва «Паўночная зорка», у 1992 засн. роднасная ёй асацыяцыя «Свабодная Расія», а пазней — ложы «Паўночныя браты» і «Дзевяць муз», брацтвы «А.С.Пушкін» і «Мікалай Навікоў», а таксама асацыяцыі ў Санкт-Пецярбургу і Харкаве (Украіна). Куратарства дзейнасці вышэйназваных арг-цый ажыццяўляе парыжская ложа «Руская садружнасць», куды ўваходзяць 45 масонаў рас. паходжання. У сучасным М. вылучаецца 2 асн. плыні, якія прытрымліваюцца шатландскага або йоркскага рытуалу. Масоны імкнуцца да захавання таемнага характару сутнасці і метадаў сваіх «работ».
Літ.:
Дабранскі С. Масонскія лёжы ў Літве // Спадчына. 1997. № 1;
Ягож. Нарысы з гісторыі масонства ў Літве // Там жа. №3;
Замойский Л.П. За фасадом масонского храма: Взгляд на пробл. М., 1990;
Соловьев О.Ф. Масонство в мировой политике XX в. М., 1998;
Sawicki J.Z dziejów «Wielkiego Wschodu Litwy» // Przegląd wschodni. 1997. Z. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНАЛІЗА́ЦЫЯ,
пераход маёмасці прыватных асоб ва ўласнасць дзяржавы на падставе спец. актаў кампетэнтных дзярж. устаноў. Аб’ектамі Н. могуць быць і асобныя прадпрыемствы, аб’яднанні, будынкі, зямельныя ўчасткі і цэлыя галіны эканомікі, уся зямля або асобныя яе катэгорыі. Можа ажыццяўляцца праз бязвыплатную экспрапрыяцыю (прымусовае адчужэнне), поўны або частковы выкуп. Права дзяржавы на правядзенне Н., якое ўключае свабоднае распараджэнне прыроднымі рэсурсамі краіны, пацверджана ў шэрагу рэзалюцый Ген. Асамблеі ААН. Міжнар. публічнае права прызнае права дзяржавы на Н., але не прадугледжвае рэгулявання супярэчнасцей, што ўзнікаюць у выніку пераразмеркавання ўласнасці паміж дзяржавай і прыватнымі ўласнікамі. Разнавіднасцю Н. з’яўляецца дэпрыватызацыя — ператварэнне ў дзярж. ўласнасць прыватызаванай раней дзярж. маёмасці. У развітых капіталіст. краінах Н. закранае, як правіла, тыя галіны вытв-сці, што патрабуюць вял. і доўгатэрміновых капітальных укладанняў і няздольны прынесці хуткія прыбыткі прыватным прадпрымальнікам, але з’яўляюцца неабходнымі для функцыянавання эканомікі і дзяржавы ў цэлым (ваенная, паліўнаэнергет. прам-сць, сувязь, транспарт і інш. галіны інфраструктуры). Уладальнікам нацыяналізаванай маёмасці звычайна выплачваецца кампенсацыя. Н. практыкавалася ўжо ў 19 ст., праводзілася ў шэрагу еўрап. краін у 1920—30-я г. Многія еўрап. дзяржавы (Францыя, Вялікабрытанія, Аўстрыя і інш.) шырока праводзілі Н. пасля 2-й сусв. вайны з мэтай больш хуткага і эфектыўнага аднаўлення эканомікі за кошт дзярж. сродкаў. Вопыт сац.-эканам. развіцця сведчыць, што працэсы Н. і раздзяржаўлення, або прыватызацыі, перыядычна змяняюць адзін аднаго ў залежнасці ад стану эканомікі і паліт. кан’юнктуры. Левыя паліт. сілы (сацыялісты, камуністы) звычайна выступаюць за Н. найважнейшых галін эканомікі, правыя (напр., брыт. кансерватары, герм.хрысц. дэмакраты) — за іх прыватызацыю. У 1950—80-я г. Н. неаднаразова праводзілася ў Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і інш. краінах з мэтай пераадолення крызіснага становішча ў галінах інфраструктуры. З сярэдзіны 1980-х г. у большасці развітых краін свету прыярытэтнае значэнне зноў набыла палітыка прыватызацыі дзярж. маёмасці, бо сталі відавочнымі крызісныя з’явы, звязаныя з функцыянаваннем дзярж. сектара эканомікі (рост бюракратызацыі кіравання, інфляцыйных працэсаў, зніжэнне тэмпаў росту і эфектыўнасці вытв-сці і інш.). У сацыяліст. краінах Еўропы (Чэхія, Польшча, Венгрыя і інш.), дзе ў 1940—50-я г. Н. праводзілася як рэв. акт шляхам бязвыплатнай канфіскацыі або за частковы выкуп, масавая прыватызацыя (або дэнацыяналізацыя) дзярж. маёмасці разгарнулася пасля страты камуністамі ўлады ў 1989—90. У тых краінах, дзе засталіся сацыяліст. рэжымы (Кітай, В’етнам, Куба), эканам. мэтазгоднасць таксама прымушае кіруючыя партыі ў большай ці меншай ступені праводзіць прыватызацыю дзярж. маёмасці. Аднак і цяпер у развітых краінах свету дзярж. сектар эканомікі стварае не менш як 1/5нац. прадукту. У краінах, што развіваюцца, пасля атрымання імі незалежнасці ў першую чаргу нацыяналізаваліся прадпрыемствы замежных манаполій. У некаторых краінах ажыццяўлялася Н. прадпрыемстваў буйной нац. буржуазіі. Праводзілася Н. і як бязвыплатная канфіскацыя, і як частковы выкуп. У асобных краінах, што развіваюцца, дзярж. сектар заняў значнае месца ў эканоміцы (напр., у Індыі забяспечвае 40% прамысл. вытв-сці, у Алжыры дае 80% валавога ўнутр. прадукту). У апошнія гады ў многіх краінах, якія развіваюцца, таксама пачала ажыццяўляцца палітыка прыватызацыі дзярж. маёмасці.
У Сав. Расіі (пазней СССР) і ў інш.сацыяліст. краінах Н. мела характар паліт. акцыі, накіраванай на ліквідацыю прыватнай уласнасці на сродкі вытв-сці і класа прыватных прадпрымальнікаў — буржуазіі. У Сав. Расіі яна праводзілася пераважна ў 1917—20 як прымусовае і бязвыплатнае адабранне маёмасці ва ўласнасць дзяржавы. Дэкрэт «Аб зямлі», прыняты 26.10(8.11).1917 на 2-м з’ездзе Саветаў Расіі, ліквідаваў без выкупу прыватную ўласнасць на зямлю, у т. л. памешчыцкую, з бясплатнай перадачай яе ў карыстанне сялянам. У 1917—18 нацыяналізаваны транспарт, сувязь, банкі, знешні гандаль. У 1918 сав. ўрад пачаў планамерную Н. галін прам-сці (цукровай, каменнавугальнай, нафтавай і інш.). Паводле дэкрэта СНК ад 28.6.1918 Н. падлягалі ўсе вял. прадпрыемствы з капіталам ад 200 тыс. руб.
У 1919—20 пад уплывам палітыкі «ваеннага камунізму» нацыяналізаваны ўсе сярэднія і б.ч. дробных прадпрыемстваў. У час новай эканамічнай палітыкі (з 1921) Н. дробнай прам-сці часова прыпынена, а частка дробных прадпрыемстваў дэнацыяналізавана.
На Беларусі Н. ажыццяўлялася на падставе дэкрэтаў рас. органаў сав. улады. У адпаведнасці з дэкрэтам СНК РСФСР ад 17(30). 11.1917 нацыяналізаваны чыг. майстэрні ў Мінску, Віцебску і інш. гарадах, усе чыгункі, банкі, а таксама лесапільныя з-ды і млыны, уладальнікі якіх не падпарадкаваліся рабочаму кантролю. 23.12.1917 (5.1.1918) СНКЗах. вобласці нацыяналізаваў уласнасць Усерас. земскага саюза, Саюза гарадоў, інж.-буд. арг-цый і тылавых ваен. складоў. Свой адбітак на правядзенне Н. ў Беларусі наклалі герм. (люты—снеж. 1918) і польская (лета 1919 — лета 1920) акупацыі б.ч. яе тэрыторыі. У кастр. 1918 — ліп. 1919 (да польскай акупацыі) нацыяналізаваны 140 ф-к і з-даў, або 41% вял. прадпрыемстваў. Пасля вызвалення ад польскай акупацыі ў жн.—снеж. 1920 нацыяналізаваны яшчэ 152 вял. і 392 малыя прадпрыемствы. Удзельная вага дзярж. сектара ў канцы 1920 у буйной прам-сці складала 94,2%, у дробнай — 47,4%, у саматужных рамесных прадпрыемствах — 2,5%. Прыватная ўласнасць на сродкі вытв-сці была амаль поўнасцю ліквідавана ў БССР. як і ўсюды ў СССР, у 1930-я г. ў перыяд індустрыялізацыі і калектывізацыі. У Заходняй Беларусі польскія ўлады адмянілі сав. дэкрэты аб Н. Паўторная Н. тут праводзілася пасля далучэння гэтай тэр. да БССР на падставе дэкларацыі Народнага сходу Заходняй Беларусі (кастр. 1939). З 1990-х г. на Беларусі, як і ў інш. краінах б.СССР, прыярытэтнае значэнне набылі працэсы раздзяржаўлення і прыватызацыі эканомікі, але дзяржава пакідае за сабой права ў неабходных выпадках праводзіць Н. або дэпрыватызацыю. Паводле «Грамадзянскага кодэкса» Рэспублікі Беларусь ператварэнне маёмасці юрыд. і прыватных асоб у дзярж. ўласнасць шляхам яе Н. адбываецца толькі на падставе адпаведнага заканадаўства.
Літ.:
Виноградов В.А. Вопросы теории и практики социалистической национализации промышленности. М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЙЗА́Ж (франц. paysage ад pays мясцовасць, краіна),
від, адлюстраванне якой-небудзь мясцовасці; адзін з асн. жанраў (і асобны твор) выяўл. мастацтва. Адлюстроўвае рэальную або ўяўную мясцовасць, эмац. адносіны чалавека да прыроды, светапогляд мастака. Часта з’яўляецца фонам у творах інш. жанраў (партрэт, нацюрморт, бытавы, батальны і інш.). У працэсе развіцця П. вылучыліся яго асобныя віды: ландшафтны, гарадскі, вясковы, марына, арх., індустрыяльны, гіст. і інш.
Адлюстраванне прыроды вядома з эпохі неаліту. Матывы П. вядомы ў насценных размалёўках і рэльефах Стараж. Усходу (Егіпет, Вавілонія), мастацтве Стараж. Грэцыі і Рыма, краін Д. Усходу. У 7—8 ст.самаст. значэнне набыў у мастацтве Кітая, у 12—13 ст. стаў адным з вядучых жанраў. У еўрап. мастацтве сярэднявечча элементы П. пераважна пазначалі месца дзеяння, выконвалі сімвалічную ці дэкар. ролю ў адлюстраванні рэліг.-міфалагічнай прасторы. У эпоху Адраджэння цэнтр. вобразам у П. стала адлюстраванне зямнога свету як адухоўленай з’явы, у якой касмічнае пераважае над тапаграфічна-канкрэтным. Мастакі вывучалі натуру, распрацоўвалі прынцыпы перспектыўнай пабудовы прасторы (Джарджоне, Джота ды Бандоне, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Тыцыян у Італіі, М.Груневальд, А.Дзюрэр, Л.Кранах у Германіі, А.Альтдорфер, П.Брэйгель, Х. ван дэр Гус у Нідэрландах, Эль Грэка ў Іспаніі і інш.). У канцы 16 — пач. 17 ст. пад уплывам маньерызму ўзмацніліся эмацыянальнасць і падкрэсленая ідэалізацыя прыроды (А.Карачы ў Італіі); у мастацтве барока пераважала адлюстраванне стыхійнага буяння прыроды, падкрэсленая надуманасцю і наяўнасцю фантаст. элементаў (П.П.Рубенс у Фландрыі, А.Маньяска ў Італіі). Як самаст. жанр П. вылучыўся ў 2-й пал. 17 ст. ў творчасці Я. ван Гоена, Я. ван Ройсдала, С. ван Ройсдала, Рэмбранта ў Нідэрландах, К.Ларэна, Н.Пусэна ў Францыі і інш. і стаў носьбітам высокага этычнага зместу. У 18 ст. пашырыўся тонкалірычны (Ф.Гвардзі) і відавы гарадскі (Каналета, Б.Белота) П. У П. 1-й пал. 19 ст. пераважалі тэндэнцыі рамантызму (К.Д.Фрыдрых, Л.Рыхтэр у Германіі, У.І.Кох у Аўстрыі, У.Цёрнер у Вялікабрытаніі). Зацвердзілася розніца паміж накідам, эцюдам і завершаным П.-карцінай, з’явіліся элементы пленэру, сістэма валёраў і інш. Станаўленне і росквіт рэаліст. П. адбыўся ў 19—20 ст. ў творчасці К.Каро, Г.Курбэ, Ж.Ф.Міле (Францыя), Дж.Констэбла (Вялікабрытанія), А.Менцэля (Германія), І.Айвазоўскага, А.Бенуа, Л.Бродскай, І.Грабара, А.Дайнекі, А.Куінджы, І.Левітана, Г.Ніскага, В.Паленава, М.Рэрыха, А.Саўрасава, В.Сярова, І.Шышкіна (Расія), М.Сар’яна (Арменія), А.Жмуйдзінавічуса (Літва) і інш. Плённа развіваўся ў творчасці мастакоў інш. стыляў і кірункаў. непасрэднасць пленэрных П. імпрэсіяністаў (П.Банар, К.Манэ, Э.Манэ, К.Пісаро, А.Сіслей у Францыі), драматычна выразныя, эмацыянальна завостраныя П. экспрэсіяністаў (О.Какошка ў Аўстрыі), эмац., дэкар.-плоскасныя П. постімпрэсіяністаў (П.Гаген, П.Сезан у Францыі, В. ван Гог у Нідэрландах) і інш.
У бел. мастацтве элементы П. вядомы з 15 ст. (мініяцюры Радзівілаўскага летапісу). Значнае месца адведзена П. ў гравюрах выданняў Ф.Скарыны («Навухаданосар цар вавілонскі здабывае Іерусалім», 1518; «Руф, прабаба цара Давідава падбірае каласы за жняцы», 1519), жывапісным творы «Бітва пад Оршай» (каля 1515). У графіцы 2-й пал. 16—17 ст. П. набыў самаст. гучанне: гравюры з адлюстраваннем гар. панарам Гродна, Полацка, Вільні, Бабруйска, Брэста, Рэчыцы, Нясвіжа, Трокаў, Коўна, Клецка (у т. л. Т.Макоўскага), замкаў і палацаў (гравюры М.Цюнта), акварэль «Аблога Полацка 29.8.1579» С.Пахалавіцкага і інш. У жанры П. шмат працаваў А.Тарасевіч (12 аркушаў «Поры года», 1672). У 17—18 ст. элементы П. трапляюцца ў іканапісе («Праабражэнне», 1648; «Пакроў», 1649; «Успенне, 1650; клеймы абраза «Параскева з жыціем», 1659; «Пакланенне вешчуноў» басценавіцкага майстра, 1723—28; «Мікола», 1751), манум. жывапісе (размалёўкі Аршанскага Куцеінскага Богаяўленскага манастыра, 17 ст.; фрэскі касцёлаў кармелітаў у Бельчыцах, Мсціславе і Магілёве, 18 ст.) і дэкар.-прыкладным мастацтве (у шпалерах Нясвіжскай, Карэліцкай і Слонімскай мануфактур). Як самаст. жанр П. пачаў складвацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. і да сярэдзіны 19 ст. эвалюцыяніраваў ад класіцызму праз рамантызм да праяў рэалізму. У 19 — пач. 20 ст. да П. звярталіся К.Альхімовіч, В.Бялыніцкі-Біруля, А. і І. Гараўскія. С.Жукоўскі, В.Ваньковіч, Я.Дамель, Н.Орда, Ю.Пэн, К.Русецкі, Ф.Рушчыц, Я.Сухадольскі, І.Трутнеў і інш. У 20 ст. ў П. развіваўся пераважна рэаліст. кірунак. Сярод найб. значных прадстаўнікоў І.Ахрэмчык, Бялыніцкі-Біруля, В.Волкаў, І.Гембіцкі, Я.Драздовіч, Я.Зайцаў, У.Кудрэвіч, Л.Лейтман, С.Лі, М.Сеўрук, М.Станюта, А.Тычына (1920—50-я г.), А.Бархаткоў, У.Басалыга, Я.Батальёнак, Г.Вашчанка, В.І.Вярсоцкі, В.Грамыка, М.Данцыг, М.Ісаёнак, К.Качан, А.Кроль, У.Лагун, З.Літвінава, А.Малішэўскі, А.Марачкін, Л.Марчанка, У.Маскоўскіх, П.Масленікаў, Г.Паплаўскі. У.Пасюкевіч, М.Селяшчук, Г.Скрыпнічэнка, В.Сумараў, І.Рэй, В.Цвірка, Л.Шчамялёў (1950—90-я г.) і інш.
Літ.:
Федоров-Давыдов А. Русский пейзаж XVIII — начала XIX в. М., 1953;
Яго ж. Советский пейзаж. М., 1958;
Яго ж. Русский пейзаж конца XIX — начала XX в. М., 1974;
Мальцева Ф. Мастера русского реалистического пейзажа. Вып. 1—2. М., 1953—59;
Виноградова Н.А. Китайская пейзажная живопись. М., 1972;
Калитина Н. Французская пейзажная живопись, 1870—1970. Л., 1972;
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;
Беларускі пейзажны жывапіс: [Альбом]. Мн., 1982;
Никулина О.Р. Природа глазами художника. М., 1982.
М.Л.Цыбульскі.
Да арт.Пейзаж. С. ван Ройсдал. Рачны пейзаж. 1646.Да арт.Пейзаж. І.Левітан. Вясна — вялікая вада. 1897.Да арт.Пейзаж. В.Цвірка. Прыпяць. Вясна. 1966.Да арт.Пейзаж. В.Грамыка. Раніца туманная. 1974.Да арт.Пейзаж. В.Вярсоцкі. Ліпеньскія навальніцы. 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДОВАЯ СІСТЭМА
Судовая ўлада ў Рэспубліцы Беларусь належыць судам, утвораным ва ўстаноўленым парадку, і ажыццяўляецца незалежна ад заканад. і выканаўчай улады. У адпаведнасці з Канстытуцыяй сістэму агульных судоў, якая будуецца на прынцыпах тэрытарыяльнасці і спецыялізацыі, утвараюць Вярх. суд Рэспублікі Беларусь, абласныя, Мінскі гарадскі, раённыя (гарадскія), а таксама ваенныя суды. Да гасп. судоў адносяцца: Вышэйшы гасп. суд, гасп. суды абласцей і прыраўнаваныя да іх суды, гасп. суды гарадоў і раёнаў. У сістэме агульных і гасп. судоў дапускаецца ўтварэнне спецыялізаваных калегій, а ў прадугледжаным законам парадку — спецыялізаваных судоў: па справах непаўналетніх, сямейных справах, адм., зямельныя, падатковыя і інш. Утварэнне надзвычайных судоў у Беларусі забараняецца.
Правасуддзе ажыццяўляецца на аснове Канстытуцыі, законаў «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 13.1.1995 (у рэдакцыі закона 7.6.1996), «Аб гаспадарчым судзе ў Рэспубліцы Беларусь» ад 5.6.1991 (у рэдакцыі закона 9.7.1997) і іншых актаў заканадаўства. Яно будуецца на пачатках роўнасці грамадзян перад законам і судом незалежна ад паходжання, сац., службовага і маёмаснага становішча, расавай і нац. прыналежнасці, паліт. і інш. перакананняў, адносін да рэлігіі, полу, адукацыі, мовы, роду і характару заняткаў, месца жыхарства і інш. абставін. Грамадзяне маюць права на судовую абарону ад замахаў на жыццё і здароўе, гонар і годнасць, асабістую свабоду і маёмасць, інш. гарантаваныя Канстытуцыяй правы і свабоды, а таксама на абарону ад неправамерных дзеянняў органаў дзярж. кіравання і службовых асоб. Суды ўтвараюцца на асновах выбарнасці і прызначальнасці суддзяў. Суддзёй можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў узросту 25 гадоў, мае вышэйшую юрыд. адукацыю, стаж работы на юрыд. спецыяльнасці не менш як 2 гады або прайшоў ва ўстаноўленым парадку стажыроўку на працягу 2 гадоў і здаў кваліфікацыйны экзамен. Кандыдаты на пасады суддзі абласнога, Мінскага гарадскога, Бел. ваеннага судоў павінны мець стаж работы ў якасці суддзі не менш за 3 гады, суддзі Вярх. суда — не менш як 5 гадоў. Суддзі не могуць займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю, выконваць інш. аплачваемую работу (акрамя выкладчыцкай і навук.-даследчай). Старшыні і суддзі Вярх. суда і Вышэйшага гасп. суда назначаюцца Прэзідэнтам са згоды Савета Рэспублікі, суддзі раённых (гарадскіх), ваенных, гасп. і спецыялізаваных судоў назначаюцца Прэзідэнтам.
Арганізацыя і дзейнасць суд. улады заснаваны на прынцыпах незалежнасці суддзяў пры ажыццяўленні правасуддзя, нязменнасці суддзяў (назначэнне пасля першых 5 гадоў работы пажыццёва, удзел у выкананні правасуддзя прадстаўнікоў грамадзян у якасці нар. засядацеляў), асабістай недатыкальнасці суддзяў. Справы ў судах разглядаюцца калегіяльна, а ў прадугледжаных законам выпадках — аднаасобна суддзямі. Разбор спраў ва ўсіх судах адкрыты, акрамя выпадкаў, калі гэта супярэчыць інтарэсам аховы дзярж. тайны, а таксама ў інш. прадугледжаных заканадаўствам выпадках. Закрытыя суд. пасяджэнні дапускаюцца па матываваным вызначэнні суда аб злачынствах асоб, якія не дасягнулі 16-гадовага ўзросту, па справах аб палавых злачынствах, а таксама па інш. справах з мэтай прадухілення выдавання інфармацыі, што датычыць інтымных бакоў жыцця грамадзян або ганьбіць іх гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю. Асобам, што ўдзельнічаюць у справе і не валодаюць мовай, на якой вядзецца працэс, забяспечваецца права азнаямлення з усімі матэрыяламі справы, удзел у суд. дзеяннях праз перакладчыка, права выступаць у судзе на роднай мове. У судаводстве грамадзяне маюць права на кваліфікаваную юрыд. дапамогу. Правасуддзе ажыццяўляецца на аснове спаборнасці і роўнасці бакоў у працэсе. Суд. пастановы з’яўляюцца абавязковымі для ўсіх грамадзян і службовых асоб. Бакі і асобы, якія ўдзельнічаюць у працэсе, маюць права на абскарджанне рашэнняў, прыгавораў і інш.суд. пастаноў. Праявы непавагі да суда з боку службовых асоб або грамадзян, якія прымаюць удзел у справе, прысутнічаюць у суд. пасяджэнні, цягнуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам.
Раённыя (гарадскія) суды складаюцца са старшыні суда, суддзяў і суддзяў па адм. справах і выканаўчых судаводствах. Яны разглядаюць усе грамадз.крымін. і адм. справы, за выключэннем аднесеных законам да кампетэнцыі інш. судоў, матэрыялы аб выкананні рашэнняў, прыгавораў, пастаноў і вызначэнняў, вывучаюць і абагульняюць суд. практыку, а таксама ажыццяўляюць інш. паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканад. актамі.
Абласныя і Мінскі гарадскі суды складаюцца са старшыні і нам. старшыні суда, суддзяў і дзейнічаюць у складзе суд. калегій і прэзідыумаў судоў. Яны разглядаюць у межах сваіх паўнамоцтваў справы ў якасці суда першай інстанцыі, у касацыйным парадку, у парадку нагляду і па новаадкрытых акалічнасцях; ажыццяўляюць нагляд за суд. дзейнасцю раённых (гарадскіх) судоў, аказваюць ім дапамогу ў прымяненні заканадаўства, вывучаюць і абагульняюць суд. практыку, аналізуюць суд. статыстыку.
Міжгарнізонныя ваенныя суды ўтвараюцца Прэзідэнтам з улікам колькасці і дыслакацыі вайсковых часцей Узбр. сіл Рэспублікі Беларусь і інш.вайск. фарміраванняў паводле сумеснага прадстаўлення міністра юстыцыі і Старшыні Вярх. суда Рэспублікі Беларусь. Яны разглядаюць грамадз. справы па ісках, што ўзнікаюць з адносін вайск. службы, крымін. справы аб усіх злачынствах, учыненых асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага. Бел. ваенны суд, які дзейнічае ў складзе суд. калегій, ажыццяўляе нагляд за суд. дзейнасцю міжгарнізонных судоў, аказвае ім дапамогу ў прымяненні заканадаўства, разглядае ў межах сваіх паўнамоцтваў канкрэтныя справы.
Правасуддзе і нагляд за суд. дзейнасцю агульных судоў у парадку, устаноўленым законамі, ажыццяўляе Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь. Ён дзейнічае ў складзе калегій па грамадз. і па крымін. справах, ваеннай калегіі, прэзідыума і пленума Вярх. суда. Вярх. суд разглядае справы ў касацыйным парадку, у парадку нагляду і па новаадкрытых акалічнасцях, а таксама ў якасці суда першай інстанцыі ў выпадках, прадугледжаных законамі, ажыццяўляе інш. паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканад. актамі. Вярх. суду належыць права заканад. ініцыятывы ў Нац. сходзе Рэспублікі Беларусь.
Гаспадарчы суд Рэспублікі Беларусь ажыццяўляе ў межах сваёй кампетэнцыі правасуддзе ў галіне эканам. адносін, забяспечвае абарону правоў і законных інтарэсаў прадпрыемстваў і арганізацый незалежна ад формы ўласнасці, аднастайнае і правільнае прымяненне заканадаўства пры вырашэнні гасп. спрэчак, прадухілення парушэнняў законнасці ў эканам. адносінах і дагаворных абавязацельстваў, рыхтуе прапановы па ўдасканаленні гасп. заканадаўства.
Будынак Вышэйшага гаспадарчага суда Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛІЯРАЦЫЯ
Ва ўмовах Беларусі меліярацыя — адзін з найважнейшых сродкаў інтэнсіфікацыі с.-г. вытв-сці. Тэрыторыя краіны адносіцца да зоны залішняга ўвільгатнення: 2,5 млн.га (больш за 12%) займаюць балоты; меліярацыі (гідратэх., хім., супрацьэразійнай, тэхн., глебаахоўнай) і культуртэхн. мерапрыемстваў патрабуюць амаль усе с.-г. ўгоддзі.
Першыя асушальныя работы на Беларусі праведзены ў 1856—62 на землях Горы-Горацкага земляробчага ін-та з выкарыстаннем ганчарнага дрэнажу. У 1873—98 Зах. экспедыцыя па асушэнні балот пад кіраўніцтвам ген. І.І.Жылінскага праклала на Палессі каналы праз вялікія балотныя масівы. Мэтай экспедыцыі было паляпшэнне прыродных сенажацей і лясных угоддзяў, стварэнне шляхоў для сплаву лесу. Аб’ектамі асушэння былі пераважна казённыя лясныя дачы, землі памешчыкаў і царскіх чыноўнікаў, у нязначнай колькасці і толькі ў выпадках неабходнасці — землі сялян. Паводле ацэнак І.І.Жылінскага, у сферу дзейнасці Зах. экспедыцыі ўваходзілі больш за 3,2 млн.га зямель. Было асушана цалкам або часткова 26 казённых дач у Мінскай, 7 у Гродзенскай і 17 у Валынскай губ., пракладзена каля 5 тыс.км каналаў. Асушаныя плошчы адводзіліся пад сенажаці або заставаліся пад лесам, пад ворыва землі асушаліся толькі ў якасці спробы. У савецкі час меліярацыя вялася з мэтай выкарыстання асушаных зямель пад пасевы с.-г. культур, у якасці культурнай пашы і сенажацей. У 1920—30 праведзены работы па асушэнні Мар’інскіх балот у Любанскім р-не Мінскай вобл., пераважна сіламі працоўных камун і меліярацыйнымі т-вамі. Камуна імя БВА, створаная ў 1929, стала адной з лепшых калект. гаспадарак рэспублікі. У даваенны перыяд асушалі пераважна буйныя балотныя масівы на Пд Беларусі. Да 1941 асушана 240 тыс.га пераўвільготненых зямель, з іх 170 тыс.га асвоена; каналізавана і палепшана 300 тыс.га. Разбураная ў Вял.Айч. вайну меліярацыйная сетка да 1950 адноўлена. Пазней вяліся работы па меліярацыі балот у бас. рэк Іпа, Вузлянка, Трэмля, Вісліца, Волма, Дзвінскага канала і інш. Да 1965 плошча зямель з асушальнай сеткай павялічылася да 1,1 млн.га. З 1958 выкарыстоўваўся пераважна закрыты дрэнаж, да 1966 гэтым спосабам асушана 158 тыс.га. З 1960-х г. маштабы меліярацыйных работ рэзка пашырыліся, асабліва на Бел. Палессі. Паводле рашэння майскага (1966) пленума ЦККПСС аб развіцці меліярацыі ў СССР былі створаны будаўнічыя і эксплуатацыйныя меліярацыйныя арганізацыі, перасоўныя механізаваныя калоны па асушэнні зямель, на патрэбы меліяратараў выдзелены вялікія грашовыя сродкі. Для каардынацыі і развіцця меліярацыйных работ у Пінску арганізавана Гал. ўпраўленне «Галоўпалессеводбуд». У 1970 вызначаны прынцыповыя пазіцыі развіцця меліярацыі зямель на Беларусі: зберажэнне арганічнага рэчыва і павышэнне ўрадлівасці глеб, захаванне і назапашванне водных рэсурсаў, рацыянальнае і эфектыўнае выкарыстанне меліярацыйных зямель, будаўніцтва асушальна-ўвільгатняльных сістэм, прагрэсіўныя спосабы меліярацыі (арашэнне, польдэрныя сістэмы, рэгуляванне воднага рэжыму і інш.), удасканаленне арганізацыі меліярацыйнага будаўніцтва, распрацоўка навук. праблем уплыву меліярацыі на навакольнае асяроддзе. З 1970 павялічылася доля закрытага дрэнажу, сістэм 2-баковага рэгулявання воднага рэжыму, арашэння, вырасла капітальнасць меліярацыйных сістэм. Рэгуляваліся сцёкі рэк, ствараліся сажалкі, вадасховішчы для назапашвання вады і арганізацыі рыбнай гаспадаркі (Любанскае, Салігорскае, Пагосцкае вадасховішчы, рыбакамбінаты «Любань», «Чырвоная Слабада» ў Мінскай вобл., «Сялец», «Навасёлкі» ў Брэсцкай вобл. і інш.). Будаўніцтва ажыццяўлялася на падставе схем комплекснага выкарыстання і аховы водна-зямельных рэсурсаў на водазаборах рэк. Распрацаваны схемы меліярацыі тэр. Палесся, для водазабораў Зах. Буга, Бярэзіны, Свіслачы, Ушы і інш. (агульная іх плошча каля 11 млн.га). Складзена схема работ па ахове асушаных зямель ад эрозіі. На меліяраваных землях пракладзены дарогі, створаны новыя дзярж. гаспадаркі. Шырока ўкараняўся новы від меліярацыі — арашэнне і абвадненне. Для навук. абгрунтавання і кіравання меліярацыяй створаны шэраг устаноў (Белдзіправадгас, Бел.НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі, Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання і аховы водных рэсурсаў), для эксплуатацыі меліярацыйных сістэм — міжраённыя ўпраўленні. Асн.навук. дасягненні ў галіне меліярацыі змяшчаліся ў міжведамасных зборніках «Праблемы Палесся». У 1980-я г. распрацоўваліся планы шырокай меліярацыі Бел. Паазер’я на аснове метадаў, што выкарыстоўваліся ў Бел. Палессі, але навук. грамадства, экалагічныя арганізацыі выступілі супраць такога падыходу. Пасля ўтварэння незалежнай Рэспублікі Беларусь аб’ёмы меліярацыйных работ значна скараціліся, частка меліярацыйных асушальна-абвадняльных сістэм патрабуе рэканструкцыі.
Шырокамаштабная меліярацыя дала штуршок развіццю сельскай гаспадаркі краіны, на меліяраваных землях у першыя гады іх выкарыстання атрымлівалі высокія ўраджаі с.-г. культур. Але разам са станоўчымі вынікамі ў вытв-сці праявіліся негатыўныя працэсы. Асушэнне тарфяна-балотных глеб парадзіла шэраг экалагічных праблем, у іх ліку мінералізацыю торфу, паскарэнне дэградацыі глеб, павелічэнне частаты засух і замаразкаў, парушэнне воднага рэжыму. Буйная і дагэтуль нявырашаная праблема — дэградацыя тарфяна-балотных глеб з-за паскоранага разбурэння іх арганічнага рэчыва. У наш час на Беларусі дэградзіравалі каля 223 тыс.га тарфянікаў, на якіх слой торфу разбураны поўнасцю або складае менш за 30 см. Пры меліярацыі ў сувязі з будаўніцтвам каналаў і інш. гідратэхн. збудаванняў адбываецца карэннае змяненне рэльефу, істотна мяняецца водны рэжым не толькі на аб’екце асушэння, але і на сумежных землях (на адлегласці 7—10 км). Пры с.-г. асваенні меліяраваных зямель адбываецца знішчэнне дзікай балотнай расліннасці і замяшчэнне яе культурнай расліннасцю ці пустазеллем, карэнным чынам мяняецца жывёльны свет балот. Для захавання прыродных комплексаў ствараюцца асабліва ахоўваемыя тэрыторыі (запаведнікі і заказнікі), нац. паркі, дзе правядзенне меліярацыі цалкам забараняецца або істотна абмяжоўваецца.
На Беларусі асушана 3,4 млн.га (16,4% тэрыторыі), у т. л. больш за 1 млн.га балот. Меліяравана 40% ворыва, 28% сенажацей, 27% пашы і інш. (5%) с.-г. зямель. На Бел. Палессі асушана больш за 40% забалочаных тэрыторый. Вырашэннем навук. праблем меліярацыі ў наш час займаецца БелНДІ меліярацыі і лугаводства (б.Бел.НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі), канцэрн Белдзіправадгас і інш.
Літ.:
Науменко В.Я., Жмойдяк Р.А. Сельское хозяйство Белоруссии. Мн., 1988;
Клюня В.Л. Агропромышленный комплекс в условиях переходной экономики. Мн., 1999;
Нацыянальны атлас Беларусі. Мн., 2003.
Г.С.Смалякоў.
Меліярацыйная сістэма ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці.