РАДЗІВІ́Л (Міхал Гедэон) (паводле метрыкі Міхал Геранім Кароль; 24.9.1778, Варшава —24.5.1850),
галоўнакамандуючы ў паўстанні 1830—31 у Польшчы, Літве і на Беларусі. Сын М.Г.Радзівіла (гл. ў арт.Радзівілы). Вучыўся ва ун-це Гётынгена. У 1807 уступіў у польскае войска Напалеона I, камандаваў Паўн. легіёнамі. Як ген. брыгады ўдзельнічаў у вайне 1812 з Расіяй у складзе корпуса Ж.Макданальда, у т. л. ў баях за Дзвінск. Служыў у войску Каралеўства Польскага. З 1822 сенатар-кашталян, з 1825 сенатар-ваявода. З пачаткам паўстання 30.11.1830 увайшоў у склад пашыранай Адміністрацыйнай рады Каралеўства Польскага. Выступаў за поўную аўтаномію Каралеўства Польскага. Падтрымліваў дыктатуру ген.Ю.Хлапіцкага, пасля яго адстаўкі 20.1.1831 сейм абраў Р. галоўнакамандуючым. Р. прымаў удзел у рэарганізацыі вайсковага кіравання паўстаннем. Пасля капітуляцыі Варшавы да 1836 зняволены ў Яраслаўлі. За ўдзел у паўстанні яго бел. маёнткі канфіскаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗГО́РТКАў часе,
спосаб адлюстравання змен фіз. велічыні ў часе з дапамогай адназначнага пераўтварэння яе ў інш. велічыню, якая змяняецца ў прасторы. Ажыццяўляецца разгортвальным элементам, які паслядоўна абягае (сканіруе) прастору, і пры гэтым кожнаму моманту часу адпавядае яго пэўнае становішча.
Разгортвальным элементам бывае святлівы Пункт, які рухаецца па відарысе (экране) пры адхіленні светлавога праменя (аптычная Р.), невялікая рухомая адтуліна ў экране, які закрывае відарыс, ці пяро самапісца (мех. Р.), святлівы пункт на экране электронна-прамянёвай трубкі (электронная Р.) і інш.Паводле траекторыі руху гэтага элемента адрозніваюць прамалінейную, кругавую, спіральную, растравую (2-мерную) і інш. Р. можа быць неперарыўная (пры заканчэнні аднаго цыкла адразу пачынаецца наступны). перыядычная і інш. Выкарыстоўваецца ў асцылографах, прыладах аўтам. рэгістрацыі, радыёлакацыйных індыкатарах і прыладах перадачы інфармацыі на адлегласці. У тэлебачанні і фотатэлеграфіі ў асн. карыстаюцца растравымі Р. з прамавугольным растрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЕНФЕ́ЛЬД (Аляксандр Аляксандравіч) (25.10.1872, Мінск — ?),
бел. фалькларыст і этнограф. Скончыў Пецярбургскі ун-т. Працаваў у гімназіях Рэвеля (цяпер Талін), Пецярбурга. З 1898 у Пецярбургскім ун-це (з 1910 прыват-дацэнт), у 1912—14 кіраўнік Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў ун-та. У 1904 апубл. «Беларускія народныя песні», дзе матэрыял не мае строга навук. класіфікацыі і згрупаваны паводле месца запісу (у ваколіцы Радашковіч, у Семкавым Гарадку, Рубяжэвічах, Астрашыцкім Гарадку Мінскага пав., невял. колькасць песень з Барысаўскага і Рэчыцкага пав.). У асобныя групы вылучаны вясельныя, купальскія і пятроўскія песні. Зборнік цікавы ўзорамі каляндарна-абрадавай (асабліва жніўнымі, купальска-пятроўскімі і восеньскімі песнямі), вясельнай паэзіі, пазаабрадавай лірыкі, баладамі. Дакладна перададзены дыялектна-моўныя асаблівасці песень. Аўтар фальклорна-этнагр. эцюда «З жыцця беларуса», прысвечанага зажынкавым і дажынкавым абрадам, песням (рукапіс ў архіве Геагр.т-ва ў С.-Пецярбургу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЕ́ТКА (ад франц. rosette літар. ружачка) у архітэктуры і мастацтве, арнаментальны матыў у выглядзе стылізаванай распушчанай кветкі (часцей ружы). Вядомы са старажытнасці ў арх. дэкоры і ў дэкар.-прыкладным мастацтве.
Найб. пашыраны матывы Р. ў нар. жыллі Беларусі, асабліва на Палессі, дзе яны блізкія паводле формы салярным знакам. Выявы Р. ці іх палавін робяць на франтонах. Колькасць іх на франтоне ад 1 да 3, што адпавядае міфалагічным пазіцыям сонца (раніца, поўдзень, вечар). Некат. Р. маюць выгляд кола. Стылізаваныя Р. пашыраны і ў аздабленні верхніх ч. ліштваў. Р. ўпрыгожваюць філёнгі дзвярэй, іканастасы, алтары, іх змяшчаюць на метопах, кесонах столі і інш. Вядомы таксама ў арнаментальных расл. кампазіцыях, дэкар. размалёўцы на дрэве, палатне, шкле. Разнастайнымі па малюнку Р. аздаблялі прасніцы, каўшы і інш. прадметы нар. побыту.
С.А.Сергачоў.
Разеткі ў афармленні столі палаца ў г. Высокае Камянецкага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́Н ДАНІ́ЛАВІЧ (каля 1230—58?),
князь навагрудскі ў 1250-х г. Сын галіцка-валынскага кн.Данілы Раманавіча. Дапамагаў бацьку ў вайсковай і дыпламат. дзейнасці. Вызначыўся ў баях супраць мангола-татараў, удзельнічаў у паходах на яцвягаў. У 1252 ажаніўся з герцагіняй Гертрудай, пляменніцай і спадкаемніцай Фрыдрыха II — апошняга аўстр. герцага з дынастыі Бабенбергаў, які ў барацьбе за аўстр. трон пацярпеў паражэнне і пакінуў Аўстрыю. Паводле дагавора, заключанага каля 1255 Данілам Раманавічам з Міндоўгам пры пасрэдніцтве яго сына Войшалка. Р.Д. атрымаў Навагрудскае княства з гарадамі Навагрудак, Слонім і Ваўкавыск; тады ж ажаніўся з Аленай — дачкой ваўкавыскага кн.Глеба. У адказ на паход галіцка-валынскіх і мангола-татарскіх войск на літ. ўладанні Войшалк і Таўцівіл у 1258 адбілі Навагрудак, захапілі Р.Д. ў палон і, верагодна, забілі яго. Існуе меркаванне, што сынам Р.Д. быў слонімскі кн.Васілька.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСПУ́ЦІН (сапр.Новых) Рыгор Яфімавіч
(1864?, 1865? ці 1872, с. Пакроўскае Яркоўскага р-на Цюменскай вобл., Расія — 30.12.1916),
фаварыт рас. імператара Мікалая II і імператрыцы Аляксандры Фёдараўны. Сібірскі селянін, мянушку Р. атрымаў за разгульнае жыццё. У 1904—05 набыў папулярнасць у вышэйшых колах пецярб. арыстакратыі, з 1907 пры царскім двары як «празорлівец» і цудоўны лекар-«збавіцель». Р. абяцаў малітвамі вылечыць хворага на гемафілію царэвіча Аляксея і паслаць «боскую ласку» на дзярж. справы цара. Меў неабмежаваны ўплыў на царскую сям’ю, за хабар аказваў «пратэкцыі». Паводле яго парад прызначаліся і змяняліся вышэйшыя асобы дзярж. і царк. кіравання. «Распуціншчына» моцна падарвала прэстыж самадзяржаўя напярэдадні Лют. рэвалюцыі 1917. Р. забіты змоўшчыкамі-манархістамі Ф.Ф.Юсупавым, У.М.Пурышкевічам і вял.кн. Дзмітрыем Паўлавічам.
Літ.:
Пуришкевич В.М. Дневник «Как я убил Распутина». М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБО́ (Франц Аляксеевіч) (17.6.1856, г. Адэса, Украіна — 13.3.1928),
расійскі жывапісец-баталіст. Вучыўся ў Рысавальнай школе ў Адэсе (з 1865) і ў АМ у Мюнхене (1877—83). Жыў пераважна ў Пецярбургу. У 1904—12 выкладаў у Пецярбургскай АМ. З 1913 у Германіі. Працаваў пераважна ў панарамным жывапісе. Аўтар грандыёзных паводле маштабаў твораў, якія вызначаюцца дакумент. дакладнасцю адлюстравання гіст. падзей: панарамы «Штурм аула Ахульга» (каля 1896, не захавалася), «Абарона Севастопаля» (1902—04, адкрыта ў 1905 у Севастопалі; у 1941—42 пашкоджана пры абароне горада, адноўлена і зноў адкрыта ў 1954), «Барадзінская бітва» (1911, адкрыта ў 1912 у Маскве; адрэстаўрыравана і зноў адкрыта ў 1962). Пісаў таксама станковыя карціны: «Атака Новачаркаскага палка ў баі на рацэ Шахэ» (1907), «Барадзінскі бой» (1913, з К.Бекерам) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА ((Ruska) Эрнст Аўгуст Фрыдрых) (25.12.1906, г. Гайдэльберг, Германія — 27.5.1988),
нямецкі фізік і інжынер, заснавальнік электроннай мікраскапіі. Чл.Ням. акадэміі прыродазнаўцаў «Леапальдзіна» (1966). Скончыў Берлінскі тэхн.ун-т (1931). У 1937—55 у фірме «Сіменс». У 1957—74 дырэктар Ін-та электроннай мікраскапіі т-ва імя М.Планка. Адначасова ў 1949—71 у Берлінскім тэхн. ун-це (з 1959 праф.). Навук. працы па электроннай оптыцы і мікраскапіі. Адкрыў, што саленоід можа служыць лінзай для электронаў (1928—29), і пабудаваў караткафокусныя магн. лінзы. Стварыў першы электронны мікраскоп (1931; разам з М.Кнолем). Паводле яго распрацовак у 1939 фірма «Сіменс» пачала выпуск электронных мікраскопаў з раздзяляльнай здольнасцю ў 10 нм. Нобелеўская прэмія 1986.
Тв.:
Рус.пер. — Развитие электронного микроскопа и электронной микроскопии // Успехи физ. наук. 1988. Т. 154, вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКІ НАРО́ДНЫ ХОР, Акадэмічны рускі народны хор Расійскай Федэрацыі імя М.Я.Пятніцкага. Арганізаваны ў 1910 з нар. спевакоў Варонежскай, Разанскай і Смаленскай губ. М.Я.Пятніцкім (маст. кіраўнік хору да 1927). Выступаў у с. Аляксандраўскае (Варонежская вобл.), з 1918 — у Маскве. З 1927 прысвоена імя Пятніцкага. З 1937 у складзе Маскоўскай філармоніі. З 1940 — сучасная назва, з 1967 — акадэмічны. У 1938 рэарганізаваны: павялічана хар. група, створаны аркестр нар. інструментаў і танц. калектыў. Сярод кіраўнікоў хору П.Казьмін, У.Захараў, М.Коваль, В.Левашоў. Асаблівасць хору — вял. дыяпазон нар. музыкі, імкненне да «маляўнічага выканання песні» (паводле слоў Пятніцкага), тэатралізацыя, разыгрыванне сцэн сял. жыцця на фоне дэкарацый, аб’яднанне песень у цыклы («За аколіцай», «Вячоркі», «Вяселле»), частушкі, прыпеўкі, вак.-харэаграфічныя сюіты і кампазіцыі, творы сучасных кампазітараў. Пры хоры працуе фалькл. кабінет, захоўваецца вял. калекцыя нар. інструментаў і касцюмаў, сабраных Пятніцкім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ДКІЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ,
назва групы хім. элементаў (больш за 50), што выкарыстоўваюцца ў невял. колькасці, або адносна новыя ў тэхніцы. У прыродзе даволі малапашыраныя (элементы з кларкамі, ніжэйшымі за 0,01% па масе).
Звычайна не ўтвараюць буйных радовішчаў сваіх мінералаў. Агульная колькасць Рэ. у зямной кары 0,53% па масе, 0,41% прыпадае на тытан, які традыцыйна адносяць да Р.э., хоць яго прыродныя запасы значныя і здабываецца ён у вялікай колькасці. Паводле асаблівасцей геахіміі і тэхналогіі вылучэння і раздзялення падзяляюць на групы: лёгкія Р.э. — літый, цэзій, берылій, стронцый; рэдказямельныя элементы; рассеяныя элементы; тугаплаўкія Р э. — цырконій, ніобій, тантал, малібдэн і інш.; плацінавыя металы; радыеактыўныя элементы (уран, торый і інш.), інертныя газы. З павелічэннем аб’ёму вытв-сці многіх з гэтых элементаў тэрмін «Р.э.» становіцца ўсё больш умоўным.
Літ.:
Химия и технология редких и рассеянных элементов. Ч. І—3. 2 изд. М., 1976.