КРЭАЦЫЯНІ́ЗМ (ад лац. creatio стварэнне),

рэлігійнае вучэнне пра стварэнне свету Богам з нічога. Пашыраны ў іудаізме, хрысціянстве, ісламе. У біблейскай версіі гэта «творчы акт» Бога, які на працягу 6 дзён стварыў жывую і нежывую прыроду і чалавека. Мае разнавіднасці — ідэі аднаразовага ці шматразовага стварэння свету (атрымала своеасаблівае «пацвярджэнне» ў катастроф тэорыі Ж.​Кюўе), а таксама пастаяннага стварэння свету. Прыхільнікі падобных ідэй былі і сярод вучоных, якія выступалі супраць канцэпцыі натуральнага развіцця і эвалюцыі матэрыі ад яе найпрасцейшых форм да ўзнікнення чалавека і паступальнага прагрэс. развіцця грамадства. З процілеглых К. пазіцый праблему развіцця жывой прыроды разглядае эвалюцыйнае вучэнне Ч.​Дарвіна, Г.​Гекслі, Э.​Гекеля і інш. У цяперашні час у мадэрнізаваных формах К. выкарыстоўваецца тэалогіяй для абгрунтавання рэліг. карціны свету.

А.​М.​Елсукоў.

т. 8, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСЕНАФА́Н Калафонскі

(Xenophanes; 6—5 ст. да н.э.),

стараж.-грэч. філосаф і паэт, заснавальнік элейскай школы. Нарадзіўся ў Калафоне, які пакінуў пасля заваявання яго персамі, і вёў жыццё вандроўніка на працягу 67 гадоў. Выкладаў свае погляды ў палемічных вершах. Яго вучнямі былі Парменід, Зянон, Меліс, Эмпедокл. Развіў вучэнне аб адзіным богу як абстрактнай істоце, якая «ўсёй сваёй сутнасцю... бачыць, мысліць, чуе», сілай свайго розуму ўсё ўзрушвае, знаходзіцца ў вечным стане нерухомасці; бог — гэта нешта адзінае, нязменнае, вечнае, шарападобнае. У сувязі з гэтым крытыкаваў ўяўленні прыхільнікаў антрапамарфізму (Гамер, Гесіёд) аб стараж.-грэч. багах, лічыў, што яны скажаюць прыроду багоў, калі прыпісваюць ім усё тое, што ёсць у людзей несумленнага і ганебнага. Асновай быцця лічыў зямлю і ваду.

А.​М.​Елсукоў.

т. 8, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЯЦО́Ў (Мікалай Іванавіч) (27.7.1911, с. Зыранка Таліцкага р-на Пермскай вобл., Расія — 9.3.1944),

савецкі разведчык. Герой Сав. Саюза (1944). Працаваў інжынерам у Пермі і Маскве. У Вял. Айч. вайну з жн. 1942 ў партыз. атрадзе Дз.​М.​Мядзведзева «Пераможцы», які дзейнічаў на Укр. Палессі. Пад імем ням. обер-лейтэнанта Паўля Зіберта вёў разведку ў г. Роўна (Украіна), збіраў і перадаваў у партыз. атрад каштоўныя звесткі і дакументы. Разам з партызанамі рабіў дыверсіі, даставіў у партыз. атрад некалькі ням.-фаш. генералаў і чыноўнікаў. Загінуў у баі з прыхільнікамі С.​А.​Бандэры каля с. Барацін Бродаўскага р-на Львоўскай вобл.

Літ.:

Медведев Д.Н. Это было под Ровно. Элиста, 1968;

Яго ж. Сильные духом. Свердловск, 1971;

Гладков Т.К. Николай Кузнецов М., 1971.

т. 8, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПЯ́ЦІЦКІ УВЯДЗЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.

Існаваў у 1628—1817 у в. Купяцічы (цяпер Пінскі р-н). Засн. Апалоніяй Войнай (з Валовічаў) як правасл. мужчынскі манастыр пры старадаўняй царкве Уводзін Багародзіцы ў храм. Гал. яго святыняй быў абраз Маці Божай у выглядзе меднага крыжа-энкалпіёна, знойдзенага, паводле царк. легенды, у 1182 пры дзівосных абставінах. У сярэдзіне 17 ст. абраз перанесены ў Сафійскі сабор у Кіеве. Першыя манахі прыйшлі ў Купяцічы ў 1629 з Віленскага Святадухаўскага манастыра. У 1630-я г. ў манастыры жыў бел. рэліг. дзеяч і пісьменнік Афанасій Брэсцкі, які ў сваіх творах усхваляў купяціцкі абраз як гал. правасл. святыню Рэчы Паспалітай. У 1743 манастыр стаў уніяцкім і неўзабаве далучаны да Пінскага Богаяўленскага манастыра. У 1817 зачынены. Будынкі былі драўляныя, не зберагліся.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 9, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЯ́РНЕР ((Kärner) Яан) (27.5.1891, Тартускі р-н, Эстонія — 3.4.1958),

эстонскі пісьменнік. Засл. пісьменнік Эстоніі (1946). Вучыўся ў нар. ун-це А.​Л.​Шаняўскага ў Маскве (1911—12). Друкаваўся з 1906. Першы зб. вершаў — «Цені зорак» (1913). У 1930-я г. выступаў як паэт-антыфашыст (кн. «Запальваючы словам», 1936). Аўтар кніг пейзажнай, інтымнай і грамадз. лірыкі «Песні часоў» (1921), «Месяц жніва» (1925), «З пройдзеных дарог» (1939), «Загад Радзімы» (1943), «Нянавісць, толькі нянавісць» (1944), вершаванага рамана «Біянка і Руф» (1923) і інш. Найб. значныя раманы: сац.-псіхал. «Жанчына з беднага свету» (1930), гіст. «Народ, які ўздымаецца» (кн. 1—2, 1936—37), аўтабіягр. «Гарады мільгаюць па начах» (ч. 1, 1939) і інш. Пісаў п’есы, літ.-крытычныя артыкулы.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М.,1961.

т. 9, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ПЕЛЬСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16 ст. на востраве Лепельскага возера, насупраць в. Стары Лепель (Лепельскі р-н). Пабудаваны ў час Лівонскай вайны 1558—83. Пасля ўзяцця Полацка Л.з. занялі і спалілі ў 1563 рус. войскі. На замчышчы яны залажылі астрог і размясцілі ў ім гарнізон. Войскі ВКЛ захапілі астрог і спалілі яго. Пасля аднаўлення ўмацавання ў 1563 побач з замкам заснаваны горад Лепель. У 1568 пачалося буд-ва новага драўлянага замка. Яго будавала мясц. насельніцтва пад кіраўніцтвам лепельскага старосты і полацкага кашталяна Ю.​Зяновіча. Замак быў прамавугольны ў плане, фланкіраваны вуглавымі вежамі. З паўн. боку ад горада яго аддзяляў шырокі роў, які часткова запаўняўся вадой з возера. Каля Л.з. і пад яго аховай знаходзіўся гандл. порт.

М.​А.​Ткачоў.

т. 9, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ЧБАВАЕ ТЭ́ЛЕБАЧАННЕ,

сістэма тэлебачання, у якой тэлевізійны сігнал выражаны паслядоўнасцю кодавых (лічбавых) камбінацый эл. імпульсаў. Адрозніваецца адсутнасцю назапашвання скажэнняў сігналу пры перадачы на вял. адлегласці, высокімі перашкодаўстойлівасцю і якасцю перадачы тэлевізійных відарысаў, магчымасцю апрацоўкі на ЭВМ і стварэння аўтаматызаваных комплексаў падрыхтоўкі тэлевізійных праграм.

Сігнал Л.т. патрабуе значнай прапускной здольнасці каналаў сувязі, і таму выкарыстоўваюць высокаэфектыўныя метады лічбавай мадуляцыі і сцісканне лічбавага патоку ў некалькі разоў, што забяспечвае, напр., у тэлевіз. вяшчанні перадачу некалькіх праграм звычайнай, а таксама высокай выразнасці ў паласе частот стандартнага тэлевізійнага канала. Аперацыі пры перадачы (перашкодаўстойлівае кадзіраванне, змяншэнне лішкавасці і інш.), прыёме (узмацненне, лічбавая апрацоўка, дэмадуляцыя) і відэазапісе ажыццяўляюцца над лічбавым тэлевіз. сігналам, які пераўтвараецца ў аналагавы сігнал перад узнаўленнем (напр., на экране кінескопа).

А.​П.​Ткачэнка.

т. 9, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКО́МСКІ ЗА́МАК Існаваў у 14—16 ст. Размяшчаўся каля правага берага р. Лукомка (зараз в. Лукомль Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.). Паводле «Спіса рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх», у 14 ст. Лукомль лічыўся горадам з магутным і добра ўмацаваным замкам. У 1386 аб’яднаныя войскі прускіх і лівонскіх рыцараў аблажылі замак. Гарнізон мужна і доўга абараняўся, шмат крыжакоў загінула пад сценамі Лукомля, аднак у ходзе працяглай аблогі і штурму замак быў узяты. У час Лівонскай вайны 1558—83 у 1563 горад і замак захапіла і знішчыла войска Івана IV Грознага. Замак больш не аднаўляўся. Рэшткі вял. валоў аглядваў у 1573 гісторык М.​Стрыйкоўскі, які адзначыў, што на гэтым месцы быў некалі вял. замак. З 17 ст. дакументы згадваюць толькі вёску Лукомль.

т. 9, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯШЧЫ́НА, арэшнік (Corylus),

род кветкавых раслін сям. ляшчынавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў лясной зоне Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Культ. формы (фундук) вырошчваюць 3—4 тыс. гадоў. На Беларусі 1 дзікарослы від Л. звычайная, або лясны арэх (C. avellana). Расце ў падлеску і на ўзлесках шыракалістых і мяшаных лясоў. 7 відаў інтрадукавана.

Аднадомныя лістападныя кусты, радзей дрэвы. Лісце простае, чаргаванае, чаранковае. Тычынкавыя кветкі ў павіслых каташках, песцікавыя — у двухкветкавых дыхазіях (развілінах), сабраных у галоўчатыя суквецці. Плод — аднанасенны дравяністы арэх. У пладах да 70% алею, які выкарыстоўваецца ў харч., кандытарскай, лакафарбавай і мед. прам-сці, з макухі робяць халву Драўніна ідзе на дробныя вырабы. З кары атрымліваюць фарбавальныя і дубільныя рэчывы. 3 парасткаў плятуць мэблю і інш. Лек. і дэкар. расліны.

У.​Л.​Пярэднеў.

т. 9, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНАЯ ГАЛО́ЎКА,

вузел у апаратуры для магнітнага запісу, узнаўлення і сцірання інфармацыі на магнітных носьбітах. Форма і канструкцыя М.г. залежаць ад прызначэння адпаведнай апаратуры. Выкарыстоўваецца ў прыладах гука- і відэазапісу, выліч. і вымяральнай тэхніцы, аўтаматыцы і інш.

Найб. пашыраныя індукцыйныя М.г., што маюць магнітаправод (асяродак) для канцэнтрацыі магн. патоку і абмотку (адну ці некалькі), на якую падаюцца (пры запісе ці сціранні) або з якой здымаюцца (пры ўзнаўленні) эл. сігналы інфармацыі. Асяродак вырабляецца з магнітамяккіх матэрыялаў і мае рабочы зазор (прамежак, запоўнены, напр., фольгай з берыліевай бронзы), які забяспечвае магн. сувязь з носьбітам інфармацыі.

Схема магнітнай галоўкі для кантактнага запісу: 1 — абмотка; 2 — магнітаправод; 3 — рабочы зазор; 4 — магнітны (рабочы) слой носьбіта; 5 — аснова носьбіта; 6 — поле рассеяння зазору.

т. 9, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)