АСЕТРАПАДО́БНЫЯ (Acipenseriformes),

атрад храстковых рыб. Вядомы з ніжняй юры, сучасныя прадстаўнікі — з верхняга мелу. 2 сям.: асятровыя (Acipenseridae) і весланосыя (Polycdontidea). 25 відаў у Паўн. паўшар’і. У рэках Беларусі вельмі рэдка трапляецца сцерлядзь, раней на нераст заходзілі асетр балтыйскі і асетр рускі, рабіліся спробы вырошчвання гібрыда сцерлядзі і бялугі — бесцера.

Даўж. ад 27 см да 9 м, маса да 2 т (бялуга). На целе 5 радоў рамбічных касцяных пласцінак (жучак) або скура голая. Хваставы плаўнік неаднолькава лопасцевы (гетэрацэркальны), аснова верхняй лопасці ўкрыта ганоіднай рамбічнай луской. Рыла выцягнутае, з вусікамі. Рот высоўны, ніжні, без зубоў. Аснова восевага шкілета — пруткая хорда (целаў у пазванкоў няма). Унутраны шкілет храстковы, на галаве скураныя косці. Прамяні шчэлепнай перапонкі адсутнічаюць. У сэрцы ёсць артэрыяльны конус, у кішэчніку — спіральны клапан. Каштоўныя прамысл. рыбы. У нізоўях вял. рэк, дзе жывуць асетрападобныя, дзейнічаюць рыбагадавальнікі, якія штогод выпускаюць у вадаёмы малявак рыб. Некаторыя віды занесены ў Чырв. кнігі МСАП, інш. краін, сцерлядзь — у Чырв. кнігу Беларусі.

Да арт. Асетрападобныя: асетр рускі (зверху); асетр балтыйскі.

т. 2, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ТАМНЫ ЛЕДАКО́Л,

судна з ядзернай энергетычнай устаноўкай, прызначанае для плавання сярод ільдоў і падтрымкі навігацыі ў замярзальных басейнах.

Першы атамны ледакол «Ленін» пабудаваны ў СССР (1959), водазмяшчэнне 16 тыс. т, магутнасць 32,4 МВт, скорасць ходу па чыстай вадзе 33 км/гадз, у лёдзе таўшчынёй 2,5 м — 3,7 км/гадз. Ядзерная энергет. ўстаноўка з 3 вода-вадзянымі рэактарамі на уране. Водажалезная біял. ахова засцерагае ад радыеактыўнага выпрамянення. Кіраванне дыстанцыйнае. Атамны ледакол «Арктыка» (водазмяшчэнне 23 тыс. т, магутнасць 55 МВт) у 1977 дасягнуў Паўн. полюса. Аднатыпныя Атамныя ледаколы «Сібір» (1978) і «Расія» (1985).

Атамны ледакол «Арктыка»: асноўныя пазіцыі пры наступленні ледакола на льды (схемы): 1 — напаўзанне на льдзіну; 2 — працісканне; 3 — наступнае напаўзанне.
Да арт. Атамны ледакол. Схема энергетычнай устаноўкі і размяшчэння яе асноўных агрэгатаў на ледаколе «Арктыка»: 1 — дыферэнтная цыстэрна; 2 — аддзяленне грабных электрарухавікоў; 3 — кармавая электрастанцыя; 4 — памяшканне атамнай параўтваральнай устаноўкі; 5 — аддзяленне галоўных турбагенератараў; 6 — аддзяленне дапаможных механізмаў; 7 — грабныя вінты; 8 — сярэдні электрарухавік; 9 — бартавыя электрарухавікі; 10 — электрашчыт; 11 — электрагенератары; 12 — турбіна; 13 — помпы; 14 — парагенератар; 15 — стабілізатар ціску; 16 — атамны рэактар.

т. 2, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАВА́РСКАЯ (Зінаіда Іванаўна) (н. 31.8.1916, ст. Адэса-Дачная, Украіна),

бел. актрыса, рэжысёр, педагог. Нар. арт. Беларусі (1967). Скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1937). Сцэн. дзейнасць пачала ў Т-ры юнага гледача Беларусі. З 1938 у Нац. акад. т-ры імя Я.​Купалы (у 1941—50 у франтавым т-ры Масквы, т-рах Ашхабада, Пензы, Куйбышава). Выканаўца лірыка-драм. і вострахарактарных роляў. У творчасці спалучае выразны вонкавапластычны малюнак з псіхал. характарыстыкай персанажа. З лепшых роляў: Бажашуткава («Амністыя» М.​Матукоўскага), Маці («Зацюканы апостал» А.​Макаёнка), Ірына («Вогненны мост» Б.​Рамашова), Юлечка («Даходнае месца» А.​Астроўскага), Нора («Нора» Г.​Ібсена), Ніхаль («Дзівак» Назыма Хікмета), Клея («Ліса і вінаград» Г.​Фігейрэду), Эржы («Гульня з кошкай» І.​Эркеня), Сара Бернар («Смех лангусты» Дж.​Марэла), Понсія («Гульня ў джын» Д.​Кобурна). Знялася ў фільмах «Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Нашы суседзі», «Хто смяецца апошнім», у тэлевіз. спектаклі «Крах». Аўтар і рэжысёр радыёпастановак («Вайна пад стрэхамі» паводле А.​Адамовіча і інш.). У 1953—55 і 1967—88 выкладала ў Бел. тэатр.-маст. ін-це.

З.І.Браварская.

т. 3, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́НХІ (ад грэч. bronchos дыхальнае горла),

дыхальныя шляхі наземных пазваночных, якія адыходзяць ад трахеі. У земнаводных (за выключэннем піпаў і гатэрый) адсутнічаюць. У млекакормячых і чалавека ўтвараюць шкілетную аснову лёгкіх, т.зв. бранхіяльнае дрэва з адгалінаваннямі на бронхах. да 18—19-га парадкаў. Самыя дробныя бронхі, што ўваходзяць у долькі лёгкага, падзяляюцца на бранхіёлы.

Аснова фіброзных сценак бронхаў — паўкольцы гіялінавых храсткоў (у млекакормячых злучаны ззаду пучкамі гладкіх мышцаў), якія па меры разгалінавання бронхаў ператвараюцца ў храстковыя пласцінкі і знікаюць на ўзроўні дробных бронхаў. Са змяншэннем калібру бронхаў мышачны слой становіцца больш развітым. Слізістая абалонка бронхаў унутры ўкрыта цыліндрычным эпітэліем і клеткамі мігальнага эпітэлію. У падзалозістым слоі размешчаны залозы, лімфоідная тканка. Дробныя бронхі не маюць храстка і залоз, іх унутр. паверхня ўкрыта аднаслойным мігальным эпітэліем. У злучальнатканкавай пласцінцы слізістай абалонкі бронхаў многіх млекакормячых і чалавека размешчаны сакраторныя аддзелы бранхіяльных залоз, у падслізістай аснове развіты сеткі крывяносных і лімфатычных капіляраў, сасудзістыя і нерв. спляценні. Стан бронхаў вызначаюць бронхаскапіяй, бранхаграфіяй. Запаленне бронхаў — бранхіт.

А.​С.​Леанцюк.

Да арт. Бронхі: 1 — агульная схема будовы і разгалінавання бронхаў; 2 — частка бранхіяльнага дрэва чалавека.

т. 3, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЗА (франц. vase ад лац. vas пасудзіна),

пасудзіна дэкар. ці утылітарнага прызначэння. Выкарыстоўваюцца для пластычнага і каляровага ўзбагачэння інтэр’ера, часам як творы манум.-дэкар. мастацтва (на фасадах будынкаў, агароджах). Вырабляюцца са шкла, фарфору, фаянсу, гліны, хрусталю, вырабных камянёў, металаў. Вядомы са стараж. часоў. У Стараж. Грэцыі ў залежнасці ад формы і прызначэння гліняныя вазы мелі розныя назвы (амфара, кратэр і інш.). Выраб і ўпрыгожванне вазы размалёўкай (вазапіс) — важная галіна ант. мастацтва. Тэктанічная яснасць формаў, іх функцыян. апраўданасць, гарманічнасць прапорцый зрабілі стараж.-грэч. вазы класічнымі ўзорамі для еўрап. мастацтва наступных эпох. На Беларусі ў 18—19 ст. вазы выраблялі ганчары Слуцка, Барысава, Магілёва і інш. на радзівілаўскіх і Целяханскай фаянсавай мануфактурах (гл. Целяханскія фаянсавыя вырабы). Цяпер вазы вырабляюць на Мінскім і Добрушскім фарфоравых, Барысаўскім хрусталёвым заводах, шклозаводзе «Нёман», аб’яднанні «Беларуская мастацкая кераміка», Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. Відарысы вазы выкарыстоўваюцца як дэкар. матыў у размалёўцы па шкле, метале, кераміцы, у ткацтве.

М.​М.​Яніцкая.

Дэкаратыўныя вазы. Т.​Пятроўская. 1977.
Да арт. Ваза. Каляровае шкло шклозавода «Нёман» 1920—40-я г.

т. 3, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДА́, аксід вадароду,

найпрасцейшае ўстойлівае злучэнне вадароду з кіслародам, H2O. Існуе 9 ізатопных разнавіднасцей, асноўныя з іх ​1H216O, колькасць яе ў прэснай вадзе 99,73 малярных % (гл. Цяжкая вада). Бясколерная вадкасць без паху і смаку, tпл 0 °C, tкіп 100 °C, шчыльн. 9980 кг/м³ (20 °C). Мае шэраг анамальных фіз. уласцівасцей, абумоўленых утварэннем вадароднай сувязі.

Вада слабы электраліт, дысацыіруе на пратон H​+, які ўтварае ў растворы іон гідраксонію і гідраксільную групу (OH​), pH=7 пры 25 °C. Растварае многія неарган. (солі, к-ты, шчолачы) і арган. (спірты, аміны, к-ты, цукры) рэчывы, пры растварэнні адбываюцца гідратацыя, гідроліз. Узаемадзейнічае з галагенамі, асноўнымі і кіслотнымі аксідамі, шчолачнымі і шчолачназямельнымі (з магніем пры 100 °C) металамі; пара з распаленым вугалем утварае вадзяны газ.

Прыродная вада мае прымесі (гл. ў арт. Жорсткасць вады). Для навук. даследаванняў і ў медыцыне выкарыстоўваюць дыстыляваную ваду. Сінтэзам з элементаў атрымліваюць абсалютна чыстую ваду. У прам-сці выкарыстоўваюць тэхн. ваду як рэагент, растваральнік, а асноўную колькасць (70—75%) як холадаагент па цыркулярнай схеме.

т. 3, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГО́ЎСКІЯ КУ́ФРЫ,

вырабы бел. нар. майстроў з вёсак Агова, Опаль, Іванаўскага, Крамно, Заверша, Хомск Драгічынскага р-наў Брэсцкай вобл. Промысел узнік у пач. 20 ст., найб. росквіту дасягнуў у 1950-я г. Паводле канструкцыі агоўскія куфры традыцыйныя: прамавугольная скрыня памерам 60 × 110 × 80 см з пукатым векам, на 4 метал. ці драўляных колцах, з 2 ручкамі на баках.

У пач. 20 ст. іх фарбавалі ў адзін колер, акоўвалі палосамі бляхі. У 1920—30-я г. размалёўвалі ў розныя колеры. Палосамі фляндроўкі, што замяніла старадаўнюю акоўку, плоскасць куфра падзялялася на некалькі прамавугольнікаў, якія запаўняліся расліннымі, геам. і зааморфнымі кампазіцыямі. Характар дэкору аналагічны інш. відам мясц. размалёўкі (гл. Агоўская размалёўка) ці аздабленню адзення, ручнікоў, дываноў. Традыцыйна існавала раздзяленне вытв. працэсаў: мужчыны выконвалі сталярныя і кавальскія работы, жанчыны — размалёўку. Промысел заняпаў у пач. 1960-х г., у 1970-я г. адроджаны (у 1978 у в. Агова створаны філіял Брэсцкай ф-кі сувеніраў).

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Агоўскія куфры. Куфар. Размалёўка Т. Доўгер. 1950-я г. Вёска Агова Іванаўскага раёна.

т. 1, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІРАЛЦЕ́ЙСТВА,

1) ранейшая назва тэрыторыі порта з верфямі, стапелямі, майстэрнямі, складамі, пад’язнымі шляхамі і інш. для рамонту і забеспячэння ваенных караблёў. У Расіі ў канцы 17 — пач. 19 ст. дзярж. адміралцействы былі ў Варонежы, Санкт-Пецярбургу (Галоўнае адміралцейства), Архангельску, Астрахані, Кранштаце, Севастопалі і Нікалаеве.

2) У Вялікабрытаніі вышэйшы орган кіравання ВМС, які адпавядае марскому мін-ву. Існаваў з 1690 як калегія з часовых членаў адміралцейства замест былога адзінаўладнага кіравання лорда вярхоўнага адмірала. З 1869 адміралцейства ўзначальвае першы лорд адміралцейства, ён жа марскі міністр, якому падначалены савет адміралцейства з вышэйшых марскіх афіцэраў.

3) Будынак у Санкт-Пецярбургу (кампазіцыйны цэнтр, да якога сыходзяцца тры гал. магістралі горада), выдатны твор архітэктуры рускага ампіру. Закладзены ў 1704 паводле задумы Пятра I як карабельная верф. Пазней перабудоўваўся рас. архітэктарамі І.​К.​Корабавым у 1727—38 і А.​Дз.​Захаравым у 1806—23. З 19 ст. тут размяшчаліся цэнтр. ўстановы Марскога мін-ва, пасля 1917 — установы ВМФ.

Да арт. Адміралцейства. Вежа Адміралцейства ў Санкт-Пецярбургу. 1806—23. Архітэктар А.​Дз.​Захараў.

т. 1, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗБУКО́ЎНІКІ,

ананімныя рукапісныя зборнікі артыкулаў навучальнага і пазнавальна-энцыклапедычнага характару, пашыраныя на землях усх. славян у 13—18 ст. Захавалася больш за 200 азбукоўнікаў. Першыя азбукоўнікі (напр., азбукоўнікі ў Ноўгарадскай кормчай 1282) толькі тлумачылі незразумелыя іншамоўныя словы, што сустракаліся ў перакладных кнігах рэліг. зместу. Пазней тлумачэнні дапаўняліся звесткамі энцыклапедычнага характару па гісторыі, геаграфіі і інш. У 17—18 ст. азбукоўнікі пашырылі навуч. функцыю: іх часткамі сталі азбука (са складамі і пропісямі) і кароткія звесткі грамат., арыфм., рэліг.-павучальнага характару. Выконвалі і збіральніцкую функцыю (назапашванне рэдкіх слоў).

Словы ў азбукоўніках звычайна размяшчаліся па алфавіце, перакладаліся і тлумачыліся, таму азбукоўнікі сталі крыніцай для першых друкаваных слоўнікаў усх. славян. Прыкладам бел. азбукоўнікаў з’яўляецца «Тлумачэнне імёнам па алфавіце» (17 ст.).

Літ.:

Пруссак А.В. Описание азбуковников, хранящихся в рукописном отделении императорской Публичной библиотеки. Спб., 1915;

Алексеев М.П. Словари иностранных языков в русском азбуковнике XVII в. М., 1968;

Ковтун Л.С. Азбуковники, или Алфавиты иностранных речей конца XVI—XVII вв. // Вопросы языкознания. 1980. № 5.

В.​К.​Шчэрбін.

Да арт. Азбукоўнікі. «Книга глаголемая алфавит» (узор азбукоўніка-слоўніка, рукапіс 17 ст.).

т. 1, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІМПІ́ЙСКАЯ СІМВО́ЛІКА,

сістэма атрыбутаў, агульных для ўсяго алімпійскага руху. Уключае алімпійскі сімвал, дэвіз (разам складаюць алімпійскую эмблему) і сцяг. Алімпійскі сімвал — 5 пераплеценых кольцаў блакітнага, чорнага, чырвонага, жоўтага і зялёнага колераў — аб’яднанне ў алімпійскім руху пяці кантынентаў. Алімпійскі дэвіз — «Citius, altius, fortius» («Хутчэй, вышэй, мацней»), Існуюць таксама неафіц. дэвізы (сфармуляваны П. дэ Кубертэнам): «Спорт — гэта мір», «Галоўнае не перамагчы, галоўнае — удзельнічаць». Алімпійскі сімвал і дэвіз зацверджаны Міжнародным алімпійскім камітэтам (МАК) у 1913. Ён жа зацвердзіў іх у 1920 як часткі афіц. алімпійскай эмблемы, права выкарыстоўваць яе маюць толькі МАК і нац. алімпійскія к-ты. Алімпійскі сцяг — белае палотнішча з алімпійскім сімвалам у цэнтры; зацверджаны МАК у 1913. Вывешваецца на алімпійскіх спаборніцтвах з 1920. Спалучэнне колераў сцяга і алімпійскіх кольцаў сімвалізуе колеры ўсіх нацый. Да алімпійскай сімволікі адносяцца таксама афіц. эмблемы нац. алімпійскіх к-таў (спалучаюць алімпійскі сімвал з элементамі дзярж. геральдыкі), Алімпійскіх гульняў, сесій, кангрэсаў, т.зв. спадарожныя алімпійскія сімвалы (талісманы гульняў, піктаграмы, тэрміны-надпісы і інш.). Выкарыстанне алімпійскай сімволікі ў рэкламных і камерцыйных мэтах, не звязаных з алімпійскім рухам, забаронена алімпійскай хартыяй.

Да арт. Алімпійская сімволіка. Алімпійскі сцяг.

т. 1, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)