час, неабходны для вырабу пэўнай прадукцыі на прамысл. прадпрыемстве. Уключае тэхнал. перыяд і перапынкі ў вытв-сці. Тэхнал. перыяд складае асн. частку вытворчага цыклу і ўключае час, неабходны для выканання аперацый па вырабе прадукцыі і ажыццяўлення натуральных працэсаў. Перапынкі падзяляюцца на міжаперацыйныя (сушка дрэва, браджэнне піва і г.д.) і абумоўленыя рэжымам работы прадпрыемства і патрэбамі вытворцаў (перапынкі паміж рабочымі зменамі і інш.). Агульная працягласць вытворчага цыклу характарызуе ўзровень арганізацыі вытв. працэсу па часе і залежыць ад прадукцыі, што вырабляецца, узроўню механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці, тэхнікі і тэхналогіі, відаў руху прадметаў працы ад адной аперацыі да другой і інш. Скарачэнне вытворчага цыклу павышае эфектыўнасць вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗА,
сумесь вуглевадародаў; фракцыя нафты, якая кіпіць у інтэрвале тэмператур 110—320 °C.
Празрыстая, бясколерная ці светла-бурая вадкасць з блакітным адценнем, шчыльн. 780—850 кг/м³ (20 °C), т-ра ўспышкі 28—72 °C, цеплата згарання 42,9—43,1 МДж/кг. Састаў і ўласцівасці залежаць ад хім. саставу нафты і спосабаў яе перапрацоўкі. Газа мае 20—60% насычаных аліфатычных, 20—50% нафтэнавых, 5—25% біцыклічных араматычных і да 2% ненасычаных вуглевадародаў. Атрымліваюць перагонкай нафты ці крэкінгам нафтапрадуктаў. Прамысл.вытв-сць пачалі браты Дубініны ў Расіі (1823).
Выкарыстоўваюць як рэактыўнае паліва (авіяц. газа), растваральнік, сыравіну ў нафтаперапр. прам-сці (тэхн. газа), гаручае длябыт. награвальных і асвятляльных прылад і ў апаратах для рэзкі металаў (асвятляльная газа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВЫ КАНДЭНСА́Т,
прыродная сумесь узаемараствораных газападобных і лёгкакіпячых вадкіх вуглевадародаў (C5H12 + вышэйшыя), якія знаходзяцца ў зямных нетрах у газа- або парападобным стане. Ахалоджванне і зніжэнне ціску да атмасфернага пры эксплуатацыі газакандэнсатных пакладаў вядзе да выпадзення з сумесі вадкай фазы — кандэнсату. Газавая частка газавага кандэнсату належыць да катэгорыі тлустых газаў. Утрыманне вадкіх вуглевадародаў (кандэнсату) залежыць ад саставу газу, пластавых тэрмабарычных умоў, асаблівасцей міграцыі газавага кандэнсату і вагаецца ад 5—10 да 500—1000 г/м³. Генетычна газавы кандэнсат неаднародны. Фракцыйны і вуглевадародны састаў разнастайны (бензінавыя, газныя, метанавыя і інш. кампаненты). Газавы кандэнсат і яго састаўныя часткі выкарыстоўваюць як паліва для рухавікоў і як сыравіну дляхім. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАНАПО́ЎНЕНЫЯ ПЛА́СТЫКІ,
пластмасы, напаўняльнікамі у якіх служыць газ. Адносяцца да дысперсных сістэм тыпу «цвёрдае цела — газ».
Падзяляюцца ўмоўна на пенапласты і парапласты (адпаведна з асобнымі і злучанымі порамі), у залежнасці ад пругкіх характарыстык — на цвёрдыя, паўцвёрдыя і эластычныя. Шчыльн. 20—820 кг/м³, маюць добрыя цепла-, гука- і электраізалюючыя ўласцівасці. Атрымліваюць на аснове любых палімераў, якія ў вязкацякучым стане насычаюць інертным газам ці лёгкакіпячай вадкасцю або змешваюць з цвёрдым газаўтваральнікам. Выкарыстоўваюць для запаўнення шматслаёвых канструкцый, цеплаізаляцыі халадзільных установак, вытв-сці плывучых сродкаў, у якасці фільтраў для газу і вадкасцей, як амартызацыйны матэрыял (напр., у вытв-сці мэблі).
Літ.:
Тараканов О.Г., Шамов М.В., Альперн В.Д. Наполненные пенопласты. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЕ́ГА (Galega),
казлятнік, род кветкавых раслін сям. бабовых. 8 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі, Усх. Афрыцы. На Беларусі інтрадукаваны 2 каўказскія віды: галега ўсходняя, або лясная (Galega orientalis), — меданосная, кармавая расліна, і галега лекавая (Galega officinalis), выкарыстоўваецца для лячэння цукр. дыябету.
Шматгадовыя голыя або кароткаапушаныя травяністыя расліны з прамастойным трубчастым, уверсе галінастым сцяблом выш. да 120 см. Лісце складанае, няпарнаперыстае, з шырокімі прылісткамі. Кветкі двухполыя, блакітныя, сінія, фіялетавыя, сабраныя па 25—50 у густыя верхавінкавыя або пазухавыя гронкі даўж. да 25 см на доўгіх кветаносах. Плод — шматнасенны лінейны боб. Насенне пупышкападобнае, дробнае. Кармавыя, лек., дэкар. і сідэратныя расліны. Галега лекавая ядавітая для жывёлы (мае ў сабе алкалоід галегін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРШЧО́К,
гліняная пасудзіна для гатавання гарачай стравы, захоўвання вадкіх і сыпкіх рэчываў і інш. Вядомы з эпохі неаліту і з’яўляецца вызначальнай прыкметай гэтай эпохі. У археал. даследаваннях для вызначэння ўстойлівасці традыцый розных груп насельніцтва, часу іх існавання, этнічнай прыналежнасці помніка, спецыфікі культуры, генетычнай сувязі паміж асобнымі культурамі і інш. найважнейшае значэнне маюць форма, тэхналогія вырабу і арнаментацыя гаршчка. Напачатку гаршчок ляпілі, у т. л. з глінянай стужкі, з 10 ст. іх сталі вырабляць на ганчарным крузе, абпальвалі ў ганчарным горне. Рэгіянальныя асаблівасці гаршчка ў іх выкарыстанні, формах, памерах на Беларусі замацаваліся ў мясц. назвах: абеднік, адынец, варэйка, гарлач, гладыш, гляк, збан, злівач, склепнік, слоік, спарыш і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЎРЫН (Юрый Васілевіч) (н. 17.1.1943, г.п. Зіядзін Самаркандскай вобл., Узбекістан),
бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1966), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1972). Працуе ў галіне манум.-дэкар. мастацтва і жывапісу. Выканаў вітражы длят-ра імя Я.Коласа ў Віцебску (1988), кінатэатра «Цэнтральны» ў Мінску (1990), будынкаў Прамбудбанка і Нац. банка ў Гомелі (1989), Мін-ва абароны Расіі ў Маскве (1993), размалёўку з рэльефам «Медыцына» для Мінскага мед. ін-та (1996). Жывапісныя творы вылучаюцца арыгінальнасцю сюжэтаў, кампазіцыйнай завершанасцю, лірычнасцю: «Аўтапартрэт» (1976), «Батлейка» (1981), «Песня пра Нёман» (1982), «Ля роднага дома» (1985), «Дыялог» (1989), «Памяці Максіма Багдановіча», «Піраміды ў Гізе» (1991), серыя «Белы бераг» (1995—96) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАМАНІТО́Р (ад гідра... + манітор),
апарат для стварэння магутнага вадзянога струменя і кіравання ім; адзін з сродкаў гідрамеханізацыі. Выкарыстоўваецца для разбурэння і змывання горных парод, грунту, штучных масіваў (зацвярдзелых шлакаў, попелу і інш.).
Найб. пашыраны ў гідратэхн. і прамысл. буд-ве, пры адкрытай і падземнай распрацоўцы радовішчаў (напр., пры гідраўлічнай здабычы вугалю), пры свідравіннай гідраздабычы. Асн. частка гідраманітора — ствол са зменнай насадкай. Вада падаецца ў гідраманітор з напорнага трубаправода. Адрозніваюць гідраманітор нізкага (да 1 МПа), сярэдняга (1—5 МПа) і высокага (5—35 МПа) ціску; са стацыянарным і пульсоўным струменем; ручным і дыстанцыйным (праграмаваным) кіраваннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТО́РЫЯ ХВАРО́БЫ,
асноўны мед. дакумент, што складаюць на кожнага хворага, які звяртаецца ў лячэбна-прафілакт. ўстанову. Уключае пашпартную частку (прозвішча, імя, імя па бацьку, узрост, сямейнае становішча, прафесію і інш.), звесткі пра хваробы (раней перанесеныя і на гэты момант), вынікі абследавання і лячэння хворага. Змены ў стане хворага і цячэнні захворвання заносяцца ў гісторыю хваробы пры кожным наведванні хворым паліклінікі, а ў стацыянары — штодзень; у выпадку смерці прыводзіцца пратакол паталаг. ўскрыцця. Пры выпісцы ці пераводзе хворага ў інш. лячэбную ўстанову, а таксама ў выпадку смерці даецца заключэнне ўрача — эпікрыз. Гісторыя хваробы забяспечвае пераемнасць для ўрачоў у ажыццяўленні лячэбна-прафілакт. мерапрыемстваў. У неабходных выпадках з’яўляецца матэрыялам длясуд.-мед. следства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р АБ ЗАБАРО́НЕ РАЗМЯШЧЭ́ННЯ Я́ДЗЕРНАЙ ЗБРО́І НА МАРСКІ́М ДНЕ,
шматбаковае міжнар. пагадненне аб забароне размяшчэння на дне мораў і акіянаў і ў іх нетрах ядз. зброі і інш. відаў зброі масавага знішчэння. Адкрыты для падпісання ў Маскве, Вашынгтоне і Лондане 11.2.1971. Удзельнікамі дагавора з’яўляюцца больш за 100 дзяржаў, у т. л. Рэспубліка Беларусь (падпісала яго 3.3.1971, ратыфікавала 6.9.1971). Дагавор забараняе ўстанаўліваць і размяшчаць ядз. зброю і інш. віды зброі масавага знішчэння, пускавыя ўстаноўкі і інш. прыстасаванні, прызначаныя для захоўвання, выпрабавання ці выкарыстання такой зброі на дне мораў, акіянаў і ў іх нетрах за знешняй мяжой 12-мільнай узбярэжнай зоны (адлічваецца ад лініі найвялікшага адліву ўздоўж марскога ўзбярэжжа).