КАЙМА́Н АСТРАВЫ́, Кайманавы астравы (Cayman Islands),
група астравоў на ПнЗ Карыбскага м., у Вест-Індыі. Уладанне Вялікабрытаніі. Пл. 259 км². Нас. 36,2 тыс.чал. (1997). Адм. ц. — г. Джорджтаўн на в-ве Вял. Кайман. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень Канстытуцыі (1—2 чэрв.).
Прырода. Уладанне ўключае 3 астравы: Вял. Кайман (пл. 197 км²), М. Кайман і Кайман-Брак. Астравы нізінныя, складзены пераважна з вапнякоў. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднія месячныя т-ры 15—30 °C. Ападкаў каля 1300 мм за год, пераважна ў ліст.—красавіку. Пашыраны вечназялёныя ўмерана вільготныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, у т. л. махагоніевае. Мора багатае рыбай, чарапахамі, ракападобнымі і малюскамі.
Насельніцтва. Карэннае насельніцтва (пераважна мулаты і негры) складае 80%, англічане і амерыканцы ЗША — каля 20%. Вернікі — прэсвітэрыяне і баптысты. Сярэдняя шчыльн. каля 140 чал. на 1 км². Больш за 90% насельніцтва жыве на в-ве Вял. Кайман, у гарадах — каля 70%. У абслуговых галінах занята 89% насельніцтва, у прам-сці — 10%, у сельскай гаспадарцы — 1%.
Гісторыя. Адкрыты ў 1503 Х.Калумбам. У 1670 Іспанія перадала іх Англіі. З сярэдзіны 18 ст. ў яе падпарадкаванні, каланізаваліся англічанамі з Ямайкі. З 1962 асобная калонія. Дзейнічае канстытуцыя 1959, змененая ў 1972. Уладу ўзначальвае прызначаны брыт. манархам губернатар, які таксама з’яўляецца старшынёй Заканад. асамблеі і Выканаўчага савета.
Гаспадарка. Асновай эканомікі з’яўляюцца абслугоўванне замежных турыстаў і банкаўская дзейнасць. Штогадовы валавы ўнутр. прадукт (ВУП) складае каля 400 млн.дол. ЗША, каля 10 тыс.дол. на 1 чал. Клімат, выдатныя пляжы і ўмовы для падводнага палявання прыцягваюць шматлікіх замежных турыстаў. Доля турызму (больш за 500 тыс.чал.штогод, пераважна з ЗША) у ВУП дасягае 70%, на яго прыпадае каля 75% валютных паступленняў. На К.а. замежныя кампаніі вызвалены ад прамых падаткаў і адсутнічае кантроль над аперацыямі з валютай, таму зарэгістравана больш за 500 замежных банкаў і фін. арг-цый (у т. л. філіялы 40 з 50 найбуйнейшых банкаў свету), 18 тыс. кампаній. Банкаўскі і фін. сектары забяспечваюць каля 40% даходаў адміністрацыі астравоў. Прам-сць прадстаўлена дробнымі прадпрыемствамі па вытв-сці буд. матэрыялаў (у т. л.з-д жалезабетонных вырабаў і шыферная ф-ка), харч. прадуктаў (у т. л. рыбакансервавы з-д), рабочага адзення, канатаў. Нарыхтоўка каштоўнай драўніны. Магчымасці сельскай гаспадаркі абмежаваны беднасцю глеб і недахопам вады. Апрацоўваецца каля 10% пл. астравоў. Вырошчваюць цытрусавыя, манга, какосы, авакада, плады хлебнага дрэва, агародніну. Малочная жывёлагадоўля. Буйная ферма па развядзенні чарапах. Марскі промысел (лоўля акул, амараў, чарапах і інш.). Дадатковай крыніцай даходаў з’яўляецца праца на марскіх суднах розных краін (пераважна ЗША). Унутр. транспарт аўтамабільны. Марскі порт Джорджтаўн мае статус свабоднага порта. 2 міжнар. аэрапорты (на а-вах Вял. Кайман і Кайман-Брак). Штогадовы экспарт складае каля 4 млн.дол., імпарт — каля 250 млн.дол. Астравы экспартуюць чарапахавыя панцыры і мяса, рыбапрадукты, рабочае адзенне, скуры акул, канаты; імпартуюць разнастайныя харч. і прамысл. прадукты. Больш за 70% знешнегандл. абароту прыпадае на ЗША. Грашовая адзінка — долар а-воў Кайман.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДА́ТКІ,
абавязковыя грашовыя плацяжы юрыд. і фіз. асоб у дзярж. або мясц. бюджэт. Устанаўліваюцца і прымусова спаганяюцца дзяржавай у форме пераразмеркавання часткі грамадскага прадукту, што выкарыстоўваецца для задавальнення агульнадзярж. патрэб. Сутнасць, унутр. змест і значэнне раскрываюць іх функцыі: фіскальная (функцыя асноўная і характэрная для ўсіх дзяржаў на розных этапах развіцця); выяўляецца ў бесперабойным забеспячэнні дзяржавы фін. рэсурсамі); стымулюючая (выяўляецца ў змене аб’екта абкладання, змяншэнні падаткаабкладаемай базы і рэалізуецца праз сістэму льгот, прэферэнцый, выключэнняў); размеркавальная (забяспечвае працэс пераразмеркавання часткі сукупнага грамадскага прадукту); рэгулюючая (удзельнічае ў пераразмеркавальным працэсе, уплывае на ўзнаўленне і яго тэмпы, назапашванне капіталу і плацежаздольны попыт насельніцтва).
П. вядомы з глыбокай старажытнасці, калі яны існавалі ў форме даніны, павіннасцей і інш. пабораў. Узнікненне П. звязана з неабходнасцю ўтрымання дзяржавы. У ВКЛ і Рэчы Паспалітай П. выступалі ў якасці ўстаноўленых плацяжоў на карысць дзяржавы, феадалаў і царквы. Падатковай адзінкай у сельскай мясцовасці была абшчына, сяляне якой плацілі грашовыя і натуральныя П.; з гарадоў спаганялася ардыншчына, сярэбшчына, карчомны чынш Да пач. 17 ст. ў ВКЛ было больш за 30 розных павіннасцей (байдачнае, дзесяціна, куніца, саха, чоп і інш.). У Рас. імперыі, потым у СССР П. вызначаліся і спаганяліся ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. У 1930 у сувязі з падатковай рэформай шматлікія П. прадпрыемстваў (больш за 80 відаў аб’яднаны ў П. з абароту і адлічэнні ад прыбытку. Пазней П. ў асноўным спаганяліся з даходаў грамадзян, каап., грамадскіх прадпрыемстваў і з калгасаў у форме падаходнага падатку. Насельніцтва таксама плаціла мясцовыя зборы — с.-г. П., з маласямейных і адзінокіх грамадзян. Асн. крыніцай даходаў бюджэту былі П. з абароту — універсальныя акцызы, якія плацілі прадпрыемствы. З іх дапамогай ажыццяўлялася рэгуляванне фіксаваных рознічных і аптовых цэн. Уведзеныя ў 1960 плата за фонды, фіксаваныя плацяжы, плата за прац. рэсурсы па-сутнасці былі абавязковымі П.
У Рэспубліцы Беларусь з 1992 заканадаўча зацверджана новая падатковая сістэма. П., як і аб’ектаў абкладання, шмат, яны гарантуюць прыкладна роўныя ўмовы ўсім суб’ектам, незалежна ад формы ўласнасці. Юрыд. асобы абавязаны плаціць ускосныя і адначасовыя грашовыя П. Сярод ускосных: П. на дабаўленую вартасць (аб’ект падаткаабкладання — вартасць, якую прадпрыемства дабаўляе да вартасці сыравіны, матэрыялаў або тавараў пры вытв-сці і рэалізацыі прадукцыі, выкананні работ і аказанні паслуг), П. на паліва (аб’ект падаткаабкладання — выручка ад рэалізацыі бензінаў і дызельнага паліва, сціснутага і звадкаванага газу); П. на продаж (разнастайныя акцызы на асобныя тавары, напр., на гарэлку, тытунёвыя вырабы і да т.п.). Да прамых П. належаць: П. на прыбытак, даходы, нерухомасць, надзвычайны для ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, экалагічны, транзітны, мытныя пошліны, зямельны. Насельніцтва плаціць П. на нерухомасць, зямельны; прадпрымальнікі плацяць таксама П на дабаўленую вартасць. Усе сумы П. і збораў залічваюцца ў бюджэт краіны. Памеры адлічэнняў у мясц. бюджэты ад агульнадзярж. П. ўстанаўліваюцца штогод пры зацвярджэнні бюджэту. Гл. таксама Падатковая палітыка, Падатковыя льготы.
Літ.:
Фишер С., Дорнбуш Р., Шмалензи Р. Экономика: Пер. с англ.М., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭ́КА НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ БЕЛАРУ́СІ,
галоўная універсальная навук.б-ка Рэспублікі Беларусь; цэнтр. кнігасховішча; даследчы, метадычны і каардынацыйны цэнтр у галіне бібліятэказнаўства, бібліяграфіі і кнігазнаўства. Засн. ў 1921 як б-каБДУ (гл.Бібліятэка фундаментальная БДУ). У 1922 пераўтворана ў аб’яднаную Бел.дзярж. і універсітэцкую б-ку з Бел. кніжнай палатай; пры б-цы арганізаваны аддзел бел. л-ры і бібліяграфіі, пачалася работа ў галіне рэтраспектыўнай нац. і краязнаўчай бібліяграфіі. 14.5.1926 вылучана ў самастойную Бел.дзярж. б-ку. 10.8.1932 рэарганізавана ў Дзярж. б-ку і бібліяграфічны ін-тБССР, ёй прысвоена імя Леніна. У 1932 кніжны фонд б-кі налічваў больш за 1 млн. адзінак захоўвання. Б-ка стала грунтоўнай базай для абслугоўвання навукоўцаў, спецыялістаў розных галін навукі і нар. гаспадаркі; працавалі даведачна-бібліягр. аддзел, абанемент, міжбібліятэчны абанемент, кабінет бібліятэказнаўства. Б-ка адкрыла філіялы ў Віцебску (1925), Гомелі (1933), Магілёве (1938), у Мінску пры Доме ўрада; потым на базе гэтых філіялаў створаны Урадавая б-ка (гл.Бібліятэка прэзідэнцкая) і ў 1938 абласныя б-кі (гл. ў арт.Бібліятэка). На пач. 1941 б-ка стала цэнтрам метадычнай і бібліягр. работы на Беларусі, яе кніжны фонд налічваў каля 2 млн. тамоў, колькасць чытачоў 15 тыс. У Вял.Айч. вайну разрабаваны і знішчаны яе фонды і даведачны апарат. Найбольш пацярпеў фонд абавязковага экз. (засталіся толькі 33 тыс. тамоў); цалкам быў вывезены архіў друку БССР, газетны фонд, фонды аддзела бел. л-ры, рэдкіх і старадрукаваных кніг, абанемента, чытальных залаў, спалены разам з л-рай будынак рэзервовага фонду. Уцалела 321 тыс.экз. У 1944 пачалося аднаўленне б-кі. У 1948 яе фонды па колькасным складзе дасягнулі даваен. ўзроўню. З 1956 б-ка з’яўляецца дэпазітарыем матэрыялаў ААН і ЮНЕСКА, з 1975 — універсальным дэпазітарыем Рэспублікі Беларусь. 19.5.1993 перайменавана ў Нацыянальную б-ку Беларусі. Кніжны фонд (на 1.1.1996) 7,3 млн. адзінак захавання больш чым на 50 мовах свету.
Асаблівую каштоўнасць мае паўмільённы унікальны збор л-ры, выдадзенай на Беларусі з пач. 19 ст. да нашага часу, а таксама ўсіх выданняў і матэрыялаў пра Беларусь, у т. л. і замежных. Зберагаецца 56-тысячны збор рэдкіх выданняў, рукапісаў і старадрукаў. Сярод рукапісных матэрыялаў 16—20 ст. (больш за 1 тыс. адзінак захавання) на славянскіх, заходнееўрапейскіх і ўсходніх мовах вылучаюцца калекцыі: рукапісных кніг, у т. л.бел. паходжання (евангеллі, пралогі, служэбнікі, жыціі святых, зборнікі слоў і павучанняў і інш.), спеўных рукапісаў крукавай і ноталінейнай натацыі, усходніх рукапісаў па граматыцы, філасофіі, праве, мусульманскай тэалогіі і інш.; рукапісы дзеячаў навукі і культуры Беларусі (М.В.Доўнар-Запольскага, Е.Р.Раманава, А.М.Семянтоўскага, У.І.Пічэты, З.Бядулі, Ц.Гартнага, Я.Коласа і інш.). Фонд старадрукаў (больш за 26 тыс. асобнікаў) уключае калекцыю інкунабулаў (44 адз.), у т. л. «Сусветная хроніка» Х.Шэдэля (1493), выданне «Боскай камедыі» Дантэ (1481), першы ням. пераклад грэч. рамана 3 ст. «Гісторыя Апалонія, караля Цірскага» (Аўгсбург, 1471); калекцыю палеатыпаў (каля 200 асобнікаў), у т. л. 16 прыжыццёвых М.Лютэра, выданні венецыянскай друкарні Аладаў (15—16 ст.), галандскіх кнігадрукаў Эльзевіраў (16—18 ст.), друкароў Эцьенаў, Фробенаў, Плантэнаў і інш. У калекцыі кірылаўскага друку захоўваецца адзіны ў Рэспубліцы Беларусь збор выданняў бел. першадрукара Ф.Скарыны — 10 выпускаў «Бібліі» (Прага, 1517—19); выданні В.Гарабурды («Евангелле вучыцельнае», каля 1580), І.Фёдарава («Апостал», Львоў, 1574, і «Біблія», Астрог, 1581); кнігі з друкарні братоў Мамонічаў (16—17 ст.); выданні бел., рус. і ўкр. друкарняў 16—18 ст., у т. л. «Азбука» В.Ф.Бурцава (1634), «Арыфметыка» Л.Магніцкага (1703), «Граматыка...» М.Сматрыцкага (1648). У калекцыі рус. грамадзянскага друку 18 — пач. 19 ст. 10 кніг пятроўскай эпохі, прыжыццёвыя выданні М.В.Ламаносава, М.І.Навікова (у т. л. яго часопісы «Древняя российская вивлиофика», «Живописец» і «Кошелёк»); каштоўныя выданні 19 — пач. 20 ст. з прыватных калекцый П.М.Жуковіча, І.П.Карнілава, У.І.Пічэты, А.П.Сапунова. І.І.Гальдштэйна па гісторыі Беларусі, Літвы і Польшчы; Я.Ф.Карскага, М.А.Янчука па бел. л-ры, мове і этнаграфіі; першыя выданні твораў В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча і інш.; першая нелегальная бел.газ. «Мужыцкая праўда» (выдавалася 1862—63 К.Каліноўскім), першыя легальныя бел. газеты «Наша доля» і «Наша ніва»; першыя сав. газеты на бел. мове, у т. л. «Дзянніца»; рэсп., абласныя, раённыя газеты і часопісы Беларусі ад пачатку іх выдання. Захоўваюцца дакументы і выданні перыяду франц. рэвалюцыі 1789—94; калекцыі лістовак часоў Парыжскай камуны 1871; калекцыя вольнага рус. друку (выданні, забароненыя царскай цэнзурай); першыя і прыжыццёвыя выданні К.Маркса, Ф.Энгельса, Леніна; калекцыі бальшавіцкага друку дакастр. перыяду і выданняў першых гадоў сав. улады; збор падп. і партыз. друку перыяду Вял.Айч. вайны і інш. Вялікая калекцыя кніг з аўтографамі вядомых пісьменнікаў, навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў. Самая вялікая на Беларусі калекцыя нот (77 тыс.экз.), больш за 100 тыс. адзінак захавання выяўл. матэрыялаў (плакаты, паштоўкі, рэпрадукцыі); каля 30 тыс. аўдыёвізуальных дакументаў, у т. л. грамзапісаў класічнага рэпертуару. У газетным фондзе сабраны ўсе бел. газеты за сав. перыяд (цэнтральныя, рэсп., абласныя), асобныя газеты замежных краін. Б-ка мае амаль 15-тысячны фонд картаў, каля 650 тыс. аўтарэфератаў і мікрафіш дысертацый. З 1990 укараняецца аўтаматызаваная інфарм. сістэма б-кі, дзейнічае электронны каталог. Ствараюцца рэтраспектыўныя базы даных нац. дакумента, рэдкай і старадрукаванай кнігі, нот, выяўленчых, аўдыёвізуальных і інш. дакументаў.
Штогодб-ка абслугоўвае 500 тыс. чытачоў, агульная выдача перавышае 3 млн.экз. Працуюць 14 галіновых і спец. чытальных залаў на 1000 месцаў. Паслугамі міжбібліятэчнага і міжнар. абанемента карыстаюцца каля 1 тыс. б-к у краіне і за яе межамі. Кнігаабменам б-ка звязана з 280 партнёрамі ў 36 краінах свету. Б-ка арганізуе выстаўкі (тэматычныя, юбілейныя, прысвечаныя знамянальным і памятным датам, выстаўкі прагляды; больш за 500 штогод), вядзе н.-д. работу па гісторыі бібліятэчнай справы на Беларусі. Выдае навук.-дапаможную і рэкамендацыйную бібліяграфію, у т. л. «Кніга Беларусі. 1517—1917» (1986), «Бібліяграфія па гісторыі Беларусі: Феадалізм і капіталізм» (1969), «Беларусь у друку XVI — пач. XX ст.» ў 5 кн. (1982—85), нотафанаграфічны паказальнік «Беларуская літаратура ў музыцы (1918—1989)» (1991); з 1960 выдае штомесячны бібліягр. бюлетэнь «Новыя кнігі Беларусі» і інш. У 1929—32 узведзены спец. будынак б-кі (арх. Г.Лаўроў) у стылі канструктывізму. Б-ка мела агульную (на 400-месцаў) і для навук. работнікаў чытальныя залы. У 1961 пабудаваны дадатковы корпус, што палепшыла ўмовы работы чытачоў і захавання фондаў.
Літ.:
Нацыянальная бібліятэка Беларусі: Памятка чытачу. Мн., 1992.
Т.М.Мінчэня.
Бібліятэка нацыянальная Беларусі. У чытальнай зале.Бібліятэка нацыянальная Беларусі. Уваход у галоўны корпус.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎРЫ́КІЙ (Mauritius),
Рэспубліка Маўрыкій (Republic of Mauritius), дзяржава на а-вах Маўрыкій, Радрыгес, Агалега, Каргадас-Карахас у зах.ч. Індыйскага ак. на У ад Мадагаскара. Пл. 2040 км². Нас. 1168,3 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — англійская; выкарыстоўваюцца крэольская, французская, хіндзі. Сталіца — г.Порт-Луі. Падзяляецца на 9 акруг і 3 аўт. тэрыторыі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 сак.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1968 (з пазнейшымі дапаўненнямі). Кіраўнік дзяржавы і галоўнакамандуючы ўзбр. сіламі — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам па прапанове кіраўніка ўрада на 5 гадоў. Заканад. ўладу ажыццяўляе Нац. сход (70 дэпутатаў) з тэрмінам паўнамоцтваў 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць Савету Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. А-вы Маўрыкій (пл. 1865 км²) і Радрыгес (пл. 104 км²) з групы Маскарэнскіх а-воў вулканічнага паходжання. Паверхня в-ва Маўрыкій узвышаная, асабліва на ПдЗ (г. Пітон, 826 м), у цэнтр.ч. — плато выш. да 600 м, па берагах участкі раўнін. На в-ве Радрыгес выш. да 396 м. А-вы Агалега і Каргадас-Карахас (агульная пл. 71 км²) каралавага паходжання. Клімат трапічны пасатны. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (люты) 26 °C, самага халоднага (жн.) 14—18 °C. Ападкаў ад 5000 мм у гарах да 900—800 мм у прыбярэжных раёнах. На вулканічных астравах шмат кароткіх рэк. Бываюць разбуральныя ўраганы. У гарах захаваліся трапічныя лясы (6% пл.) з эндэмічнымі і інтрадукаванымі відамі дрэў. Пад другаснымі хмызнякамі 16% тэрыторыі. У жывёльным свеце адсутнічаюць буйныя млекакормячыя, але шмат птушак. Разнастайная марская фауна. Некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Жывуць індамаўрыкійцы (нашчадкі выхадцаў з Індыі і Пакістана, каля 68% насельніцтва), крэолы (пераважна змешанага франка-афра-малагасійскага паходжання, каля 27%), кітайцы, арабы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць індуісты (52%), хрысціяне (28%, пераважна католікі), мусульмане (17%). Сярэднегадавы прырост каля 1,2%. Сярэдняя шчыльн. 573 чал. на 1 км², на раўнінах і плато в-ва Маўрыкій — да 1000 чал. на 1 км². У гарадах жыве 41% насельніцтва. У Порт-Луі 145 тыс.ж., з прыгарадамі больш за 200 тыс.ж. (1995). У гарадах К’юрпайн, Бо-Басен, Катр-Борн, Вакаас больш за 50 тыс.ж. У прам-сці занята 37% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве — 15, у транспарце і сувязі — 7, у гандлі — 14, у сферы паслуг — 24%.
Гісторыя. В-аў Маўрыкій быў вядомы араб. мараплаўцам з 8 ст. пад назвай Дзіна Аробі (Сярэбраны в-аў). Да 1598 ненаселены. Першымі з еўрапейцаў М. наведалі партуг. мараплаўцы ў пач. 16 ст. У 1598—1710 пад уладай галандцаў, якія назвалі востраў у гонар прынца Морыца Аранскага. З 1715 франц. калонія пад назвай Іль-дэ-Франс. У гэты час створаны буйныя плантацыі цукр. трыснягу, для працы на якіх прывозілі рабоў з Афрыкі. У 1810 востраў захоплены англічанамі, якія вярнулі яму былую назву. З 1814 англ. калонія. Пасля адмены рабства ў 1835 пачаўся масавы прывоз рабочай сілы з Індыі (450 тыс.чал. у 1845—1907) і Кітая. З 1936 дзейнічае першая паліт. партыя — Лейбарысцкая партыя (ЛП). У 1957 пашыраны правы мясц.Заканад. савета, з 1958 уведзена ўсеаг. выбарчае права. У 1964 створаны нац. ўрад, які пасля выбараў 1967 узначаліла ЛП. 12.3.1968 абвешчана незалежнасць М. ў складзе Садружнасці. У 1968—82 М. кіравалі кааліцыйныя ўрады на чале са старшынёй ЛП С.Рамгуламам. На выбарах у чэрв. 1982 перамагла партыя Маўрыкійскі баявы рух (МБР), яе лідэр А.Джагнат стаў прэм’ер-міністрам М. У крас. 1983 Джагнат выйшаў з МБР і стварыў Баявы сацыяліст. рух, які кіраваў М. у саюзе з Маўрыкійскай сацыяліст. партыяй да 1997. 12.3.1992 М. абвешчаны рэспублікай (прэзідэнт з чэрв. 1992 — К.Уцім). На выбарах у снеж. 1996 перамагла ЛП, якая сфарміравала ўрад (да 1998 у кааліцыі з МБР) на чале з Н.Рамгуламам. М. — чл.ААН. Арг-цыі афр. адзінства (з 1968). Дзейнічаюць Лейбарысцкая партыя, Маўрыкійскі баявы рух, Баявы сацыяліст. рух, Маўрыкійская с.-д. партыя.
Гаспадарка. М. — краіна сярэдняга ўзроўню развіцця, адна з краін Афрыкі, якая дынамічна развіваецца. Штогадовы даход на 1 чал. 3380 дол. (1997). Прам-сць дае каля 50% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — каля 15%. Аснова эканомікі — апрацоўчая прам-сць, абслугоўванне замежных турыстаў, вытв-сць экспартных с.-г. культур. 495 прамысл. прадпрыемстваў працуюць у Свабоднай экспартнай вытв. зоне. Пераважаюць прадпрыемствы па выпуску трыкатажных вырабаў (57% усіх прадпрыемстваў), ткацка-прадзільныя (12%), прадпрыемствы абутковай, скургалантарэйнай, эл.-тэхн., аптычнай, гадзіннікавай, алмазагранільнай, ювелірнай, хім., метала- і дрэваапр. прам-сці. Харч.прам-сць прадстаўлена мукамольнымі, мясаперапрацоўчымі, рыбакансервавымі, піваварнымі і інш. прадпрыемствамі. Працуюць 17 цукр. з-даў, 8 чаеперапрацоўчых ф-к, ёсць прадпрыемствы папяровыя, алейныя, тытунёвыя, па вытв-сці рому. Працуюць 8 ГЭС і 2 ЦЭС. Вытв-сць электраэнергіі 1,1 млрд.кВт∙гадз (1996). Большая частка прамысл. прадпрыемстваў у Порт-Луі і яго наваколлі. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца пад ворыва каля 112 тыс.га зямель. Ёсць буйныя плантацыйныя і дробныя сялянскія гаспадаркі. 90% ворных зямель пад цукр. трыснягом (500—700 тыс.т цукру-сырцу штогод). Больш узвышаныя раёны займаюць чайныя плантацыі (штогадовы збор каля 25—30 тыс.т). З тэхн. культур вырошчваюць тытунь і алоэ. На экспарт вырошчваюць трапічныя віды кветак. На ўласныя патрэбы на невял. плошчах вырошчваюць бульбу, маніёк, кукурузу, агародніну (памідоры, цыбуля, часнок, капуста, агуркі і інш.), імбір, шафран, чырвоны перац. Субтрапічнае садоўніцтва (манга, папайя, гранат, грэйпфрут, гуаява, плады дрэва лічы і інш.). Жывёлагадоўля развіта слаба з-за недахопу пашы. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, коз. Прамысл. птушкагадоўля. Рыбалоўства (каля 6 тыс.т рыбы штогод). Важнае месца займае замежны турызм. У краіне 60 гасцініц на 6,5 тыс. месцаў, комплексы катэджаў і інш., у галіне запята каля 4 тыс.чал. У 1997 М. наведалі 530 тыс. замежных турыстаў, даход — каля 550 млн. долараў. Найб. наведвальнікаў прыбывае з в-ва Рэюньён (25%), Францыі (20%), Паўд.-Афр. Рэспублікі (18%). Турыстаў прыцягваюць прыгожыя каралавыя пляжы, спрыяльны клімат, помнікі мінулага, культура, багатая традыцыямі розных народаў. Транспарт аўтамабільны і марскі. На астравах 2 тыс.км асфальтаваных аўтадарог. Праз марскі порт Порт-Луі праходзіць каля 90% знешнегандл. абароту. На в-ве Маўрыкій — міжнар. аэрапорт Плезанс. У 1997 экспарт склаў 1,26 млрд.дол., імпарт — 1,73 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць адзенне (52% па кошце), цукар (29%), тытунёвыя вырабы, брыльянты, рыба; у імпарце — машыны, паліва, харч. тавары. Гал.гандл. партнёры: Францыя, Індыя, Кітай, Вялікабрытанія. Грашовая адзінка — маўрыкійская рупія.
К.А.Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНГЛАДЭ́Ш, Народная Рэспубліка Бангладэш,
дзяржава ў Паўд. Азіі. На Пд абмываецца Бенгальскім зал. Індыйскага ак. На З, Пн і У мяжуе з Індыяй, на ПдУ — з М’янмай. Пл. каля 144 тыс.км². Нас. 116,6 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Дака. Падзяляецца на 64 акругі. Дзярж. мовы бенгальская і англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (26 сак.).
Дзяржаўны лад. Бангладэш — унітарная рэспубліка з парламенцкай формай праўлення. Парламент — аднапалатная Нац. асамблея (330 дэпутатаў, тэрмін паўнамоцтваў 5 гадоў). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў і выконвае прадстаўнічыя функцыі. Кіраўнік выканаўчай улады — прэм’ер-міністр.
Прырода. Каля 90% — плоская алювіяльная нізіна ў межах буйнейшай у свеце агульнай дэльты Ганга і Брахмапутры (выш. 1—3 м над узр. м. ў прыморскіх раёнах, 6—20 м на З і ПнЗ), парэзаная сеткай рэк і каналаў. На Пн узвышшы Барынд і Мадхурпур, на ПдУ горы Чытагонг і Лушаі (да 1230 м). З карысных выкапняў невял. радовішчы прыроднага газу, нафты, каменнага вугалю, торфу, жал. руды, буд. матэрыялы. Клімат субэкватарыяльны мусонны з вільготным (май—кастр.) і сухім сезонамі. У вільготны сезон т-ра паветра 28—35 °C, у сухі 15—25 °C. Ападкаў 2000—3000 мм за год. Частыя паводкі, ураганы і нагоны вады з мора, радзей засухі. Глебы алювіяльныя, рыхлыя, пераважна сугліністыя і супясчаныя, лёгка паддаюцца апрацоўцы. Пашырана эрозія глебаў, у прыморскіх раёнах — засаленне. Рэкі — Ганг, Брахмапутра са шматлікімі прытокамі і пратокамі: выкарыстоўваюцца для арашэння і суднаходства. Пераважае культ. расліннасць; на ПдУ захаваліся трапічныя вечназялёныя бамбукавыя і пальмавыя лясы (каля 14% тэрыторыі), уздоўж узбярэжжа — мангравыя зараснікі. Нац. паркі Чытагонг, Мадхурпур.
Насельніцтва. 98% — бенгальцы. Ёсць мусульманскія выхадцы з Індыі. На ўскраінах і ў гарах на ПдУ жывуць малыя народнасці асама-бірманскага паходжання (чакма, могх, кхаст, санталы і інш.). Сярэднегадавы прырост 2,4%. Паводле веравызнання больш за 85% вернікаў мусульмане, каля 12% індуісты. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 810 чал. на 1 км² (адна з найб. у свеце), у многіх раёнах перавышае 1 тыс.чал. На 1 км². У гарадах каля 14% жыхароў краіны. Найб. гарады (1991, тыс.ж.): Дака — 3638, Чытагонг — 1566, Кхулна — 601, Нараянгандж, Маймансінгх, Раджшахі. Сярэдняя працягласць жыцця 52 гады.
Гісторыя. Тэр. Бангладэш заселена ў палеаліце. У сярэдзіне 1-га тыс. да нашай эры — сярэдзіне 1-га тыс. нашай эры існавалі дзярж. ўтварэнні, у т. л. Ванга (7—6 ст. да нашай эры), ад якой і пайшла назва Бенгалія, потым Бангладэш (краіна бенгальцаў). У 6—13 ст. нашай эры ў дзяржаве Бенгаліяй правілі дынастыі Гаўда, Палаў і Сенаў. На рубяжы 12—13 ст. яе захапіў Дэлійскі султанат, ва ўсх. яе частцы пануючай рэлігіяй становіцца іслам. З сярэдзіны 14 ст. Бенгалія незалежная. У 1576 яе захапілі Вялікія Маголы. На пач. 18 ст. краіна зноў самастойная, на той час — самая густанаселеная і развітая частка Індастана. У сярэдзіне 18 ст. адсюль англічане пачалі экспансію ў Індастан. Пасля бітвы пры Плесі (1757) Бенгалія — уладанне англ. Ост-Індскай кампаніі. Каланіяльны рэжым прывёў краіну ў заняпад. У 19 ст. ў агульным рэчышчы вызв. руху Індастана ў Бенгаліі сфарміраваўся нац.-вызв. рух. У 20 ст. ім кіраваў Індыйскі нацыянальны кангрэс, а ва Усх. Бенгаліі — і мусульм. ліга. Пасля падзення каланіялізму ў Індыі (1947) б. брытанская калонія падзелена паводле рэліг. прынцыпу на 2 дзяржавы — Індыю і Пакістан; Усх. Бенгалія апынулася ў складзе апошняй як яе частка. Дзярж. ўладу ў краіне захапілі маёмныя колы Зах. Пакістана, якія праводзілі тут палітыку жорсткай эксплуатацыі. Асабліва востра паўстала моўная праблема; дзярж. мовай Пакістана — урду — валодалі 1,1% жыхароў Усх. Пакістана. За раўнапраўе абедзвюх частак краіны выступілі камуністы і чл.Нар. лігі (узнікла ў 1949 і стала самай уплывовай паліт. сілай краіны). Нац. праблема тут ускладнялася цяжкім сац.-эканам. становішчам. Усх. Пакістан быў у ліку самых адсталых рэгіёнаў свету. У канцы 1960 — пач. 1970-х г. бенгальскае пытанне стала прыярытэтным у комплексе праблем Пакістана, ахопленага дзярж. крызісам. На агульных выбарах 1970 перамагла Нар. ліга на чале з М.Рахманам, якая запатрабавала поўнай аўтаноміі Усх. Пакістана, замацаванай канстытуцыяй. Правячыя колы Зах. Пакістана пачалі супраць бенгальцаў жорсткія рэпрэсіі, якія прывялі да ўцёкаў апошніх у суседнюю Індыю і гібелі каля 3 млн.чал. У Бенгаліі пачалася агульнанац. кампанія непадпарадкавання, якая перарасла ва ўзбр. барацьбу партызанаў (мукці-бахіні). 26.3.1971 бенгальскія нац. сілы абвясцілі незалежную краіну Бангладэш. На дапамогу бенгальцам прыйшлі ўзбр. сілы Індыі разам з мукці-бахіні. У снеж. 1971 войскі Пакістана капітулявалі. Урад новай краіны ўзначаліў вызвалены з турмы М.Рахман. Пакістанцы-небенгальцы пакінулі Бенгалію. Паліт. ўлада ў Бенгаліі апынулася ў руках сярэдняй і дробнай буржуазіі, інтэлігенцыі, служачых, заможных землеўладальнікаў. Урад спрабаваў вырашыць сац. пытанні шляхам шырокай нацыяналізацыі прам-сці, банкаў, стварэннем дзяржсектара і планаваннем у эканоміцы. Непадрыхтаванасць новай улады, цяжкая эканам. спадчына, стыхійныя бедствы прывялі да паліт. напружанасці. У выніку дзярж.ваен. перавароту і забойства М.Рахмана (жн. 1975) настаў 15-гадовы перыяд смуты, за час якой адбыліся 4 ваен. перавароты, забіты 2 прэзідэнты, 9 гадоў існавала прамое ваен. праўленне, 5 гадоў абмяжоўвалася канстытуцыя. Абраны ў чэрв. 1977 прэзідэнт З.Рахман стварыў Нацыяналіст. партыю Бангладэш (НПБ) і абвясціў асн. прынцыпамі сваёй палітыкі іслам, дэмакратыю, нацыяналізм, сац. справядлівасць. У маі 1981 З.Рахман забіты. У сак. 1982 да ўлады прыйшоў ген. Х.М.Эршад, які ажыццяўляў праграму «19 пунктаў» (дапамога сельскай гаспадарцы, дэнацыяналізацыя, пашырэнне дзейнасці прыватнага капіталу, у т. л. замежнага). Дзеянні апазіцыі ў снеж. 1990 прывялі да падзення рэжыму Эршада. На першых свабодных выбарах у лют. 1991 перамагла НПБ на чале з удавой З.Рахмана Х.Зія, якая ўзначаліла ўрад. Асн.апазіц. партыяй стала Нар. ліга (лідэр Х.Вазед, дачка М.Рахмана). Прэзідэнт краіны (з кастр. 1991) Абдур Рахман Бісвас кіруецца прынцыпамі бангладэшскага нацыяналізму і ісламу. Кіруючая партыя імкнецца да правядзення рыначных рэформаў, умацавання прам-сці і с.-г. вытворчасці.
Бангладэш — чл.ААН (з 1974), а таксама Садружнасці, Руху недалучэння, арг-цыі «Ісламская канферэнцыя»; ініцыятар стварэння ў 1985 Асацыяцыі рэгіянальнага супрацоўніцтва Паўд. Азіі. Дыпламат. адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.
Палітычныя партыі. Дзейнічае каля 100 паліт. партый і груповак. Асн. з іх — Нацыяналіст. партыя Бангладэш, Нар. ліга, Нац. партыя Бпнгладэш, Джамаат-і-ісламі, Кампартыя Бангладэш і інш.
Гаспадарка. Бангладэш — агр. краіна з многаўкладнай эканомікай. Паводле класіфікацыі ААН уваходзіць у лік найменш развітых краін. Штогадовы валавы нац. прадукт 24 млрд.дол. ЗША (каля 200 дол. на чалавека). Найб. развіта сельская гаспадарка (67% зямель апрацоўваюцца), якая дае 40% нац. прадукту. У ёй занята 74% эканамічна актыўнага насельніцтва. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі з нізкай вытв-сцю і таварнасцю. Характэрныя абмежаванасць зямельнага фонду, агр. перанасяленне. На б.ч. палёў штогод збіраюць 2—3 ураджаі. Гал.харч. культура — рыс (80% пасяўных плошчаў, штогадовы збор каля 15 млн.т), вырошчваюць таксама пшаніцу (каля 1,5 млн.т), ячмень, бабовыя (фасоля, чачавіца і інш.), бульбу, агародніну і садавіну. Краіна не забяспечвае сябе харч. прадуктамі, штогод імпартуе каля 2 млн.т збожжа. Асн.тэхн. і экспартныя культуры: джут (каля 1 млн.т, 2-е месца ў свеце пасля Індыі), цукр. трыснёг, бавоўна, тытунь, алейныя (рапс, кунжут, гарчыца, арахіс), чай (штогадовы збор каля 40 тыс.т). Пагалоўе буйн. раг жывёлы каля 24 млн. (выкарыстоўваецца пераважна як цяглавая сіла), дробнай раг. жывёлы (пераважна козаў) каля 11 млн., птушкі каля 90 млн. Прэснаводнае (у сажалках, рэках і на рысавых палях) і марское рыбалоўства штогод дае каля 1 млн.т рыбы. Здабываюць прыродны газ (на ПнУ, каля 2,5 млрд.м³штогод), нафту (забяспечвае 0,5% патрэбы краіны), вапняк, буд. матэрыялы. Вытв-сць электраэнергіі каля 5 млрд. КВт∙гадз. ГЭС на р. Карнахпулі. Большасць прадпрыемстваў занята перапрацоўкай с.-г. сыравіны. Найб. развіты тэкст., пераважна джутавая (тканіны, дываны) і баваўняная, прам-сць. Развіваюцца тэкст. (швейная і трыкат. галіны), харч. (цукр., чайная, алейная, саляная, тытунёвая, рысаачышчальная), папяровая, хім. (вытв-сць угнаенняў, хімікатаў, лекаў, фарбавальнікаў); машынабудаванне (вытв-сць станкоў, дызельных рухавікоў, тэлеф. абсталявання, радыёпрыёмнікаў, суднабудаванне, суднарамонт, зборка з імпартаваных дэталяў). Металургічны і нафтаперапр. з-ды ў Чытагонгу, вытв-сць цэменту ў Чхатаку. Важнае значэнне маюць хатнія промыслы, рамесніцтва і дробная прам-сць (гарбарная, ганчарная і інш.), у якіх занята больш за 1 млн.чал. Саматужнае ткацтва (больш за 300 тыс.чал.) амаль цалкам забяспечвае патрэбы насельніцтва ў тканінах. На долю ўнутр. воднага транспарту прыпадае 75% грузавых і пасажырскіх перавозак. Працягласць водных шляхоў з пастаяннай эксплуатацыяй 8 тыс.км. Агульная працягласць чыгунак 2818 км, аўтадарог 10 500 км. Асн. рачныя парты і чыг. вузлы Нараянгандж, Кхулна, Сілхет, Маймансінгх. Асн. грузапатокі з Пн на Пд (джут, скуры, чай) і з Пд на Пн (збожжа, машыны і абсталяванне, хімікаты). Марскі транспарт забяспечвае знешнеэканам. сувязі. Марскія парты Чытагонг і Чална. Авіяц. транспарт звязвае буйнейшыя гарады краіны з 26 краінамі Азіі, Афрыкі і Еўропы. Агульны тавараабарот 5,6 млрд.дол. ЗША (1991/92 фін. год), экспарт — 2 млрд.дол., імпарт — 3,6 млрд.дол. Экспартуе джут, джутавыя і скураныя вырабы, чай, рыбу, морапрадукты, адзенне, сантэхн. і кухоннае абсталяванне, абутак, электрабыт. прылады і інш. Імпартуюцца нафта і нафтапрадукты, металы, машыны і абсталяванне, збожжа і інш.харч. прадукты. Асн. знешнегандл. партнёры: ЗША, Японія, Вялікабрытанія, Саудаўская Аравія, Сінгапур, ААЭ, Кітай, Расія. Грашовая адзінка — така.
Друк, радыё, тэлебачанне. У Бангладэш выходзіць больш за 90 штодзённых газет, больш за 340 штотыднёвых і каля 180 інш.перыяд. выданняў. Інфармацыйныя агенцтвы: дзярж. Бангладэш Сангбад Сангаста (БСС) і прыватнае Юнайтэд Ньюс оф Бангладэш (ЮНБ). Радыё і тэлебачанне — дзярж., на бенгальскай і англ. мовах.
Літаратура. Развіваецца на бенгальскай мове. Яе спецыфіка абумоўлена цеснай сувяззю з традыцыйнай мусульм. культурай і рэгіянальнымі асаблівасцямі. У 15—18 ст. бенгальскія мусульмане стварылі нямала паэт. твораў на бенгальскай мове, у якіх адчувалася наследаванне араб. і перс. канонам. У адрозненне ад індусаў бенгальскія мусульмане не абнаўлялі ў 19 ст. сваю культуру і л-ру. Першы паэт-мусульманін, які набыў усебенгальскае прызнанне, — Назрул Іслам. Даследчык усх.-бенгальскага фальклору Джасімуддзін стаў вядомы сваімі песнямі і паэмамі ў нар. духу. Паэты Гулам Мустафа і Суфія Камал трымаліся літ. традыцый; Фарук Ахмад і інш. супрацьпастаўлялі сваю творчасць агульнабенгальскім традыцыям. Плённа развіваецца паэзія, якая наследуе традыцыі Р.Тагора, бенгальскай л-ры 1930-х г. і знаходзіцца пад уплывам сусв. паэзіі 20 ст. Буйнейшы паэт — Шамсур Рахман, творы якога адлюстроўваюць трагічны лёс краіны. Іншыя вядомыя паэты: Ахсан Хабіб, Саід Алі Ахсан, Хасан Хафізур Рахман, аль-Махмуд, Шахід Кадры, Нірмаленду Гун. Развіваецца таксама проза: раманы Саіда Валіулы, апавяданні Шаўката Асмана, творы Абул Фазла, Абу Ісхака і інш.Арганізац. цэнтр л-ры — Бенгальская акадэмія (г. Дака).
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Бангладэш захаваліся помнікі мастацтва 12 ст.: рэшткі ўмацаванняў г. Пундранагара (Махастхан), будыйскіх манастыроў у Пахарпуры і Майнаматы з тэракотавымі рэльефамі на міфалагічныя тэмы, з круглай каменнай і бронз. скульптурай. Пасля мусульм. захопу (канец 12 — пач. 13 ст.) у культуру Бангладэш прыйшлі маст. традыцыі Сярэдняй Азіі, Бліжняга і Сярэдняга Усходу, пашырылася буд-ва мячэцяў, мінарэтаў, медрэсэ. У 16—17 ст. дасягнуў росквіту мініяцюрны жывапіс. У 18—19 ст. разам з традыц. тыпамі збудаванняў («Зоркавая мячэць» у г. Дака) узводзіліся чыг. вакзалы, муніцыпалітэты ў стылі англ. неакласіцызму (будынак банка ў г. Дака). Грамадскія будынкі сярэдзіны 20 ст. пабудаваны ў стылі, які спалучае сучасныя канструкцыі і матэрыялы з традыц. формамі (мячэць Байтул Мукарам у г. Дака). Рэаліст. творы ў духу еўрап. мастацтва створаны жывапісцамі і графікамі (З.Абедзін, А.Сафіуддзін, К.Хасан). Некаторыя мастакі абапіраюцца на традыцыі магольскай мініяцюры і стараж.інд. размалёўкі (Х.Рахман). Творчасць жывапісцаў М.Башыра, М.Кібрыя, графіка К.Чаудхуры адметная імкненнем да зах. мадэрнізму. У дэкар.-прыкладным мастацтве вылучаюцца разьба па дрэве і слановай косці, ганчарства, ткацтва.
Музыка. Найб. раннія этапы станаўлення музыкі Бангладэш адносяцца да 3—2-га тыс. да нашай эры У сярэдзіне 1-га тыс. да нашай эры склалася культура напеўнай рэчытацыі тэкстаў Ведаў. На пач. нашай эры фарміравалася музыка высокай традыцыі (пераважна вакальная), у 4—7 ст. расквітнела тэатр. музыка. З 13 ст. ў рэчышчы культуры хіндустані развівалася класічная музыка. У 14—16 ст. склалася прыдворная вак. традыцыя дхрупад, адметная велічнасцю і павольнасцю разгортвання, філас. зместам. У 17—18 ст. з яе вылучылася самаст.вак. традыцыя кхаял з больш экспрэсіўным тыпам спеваў. Музыка Бангладэш уключае і разнастайныя муз.-танц.-тэатр. формы, звязаныя з побытам (бхатыялі). Сярод муз. інструментаў: струнныя — віна, сітар, сарод, сарангі, тампура, сантур; ударныя — табла, пакхавадж, мрыданга, барабаны; духавы — бансуры (драўляная флейта). На мяжы 19—20 ст. пашырылася інстр. музыка. Вял. ўклад у муз. культуру Бангладэш зрабіў Р.Тагор. У Бангладэш працуюць Муз. акадэмія і Т-ва па развіцці мастацтваў і л-ры.
Тэатр. У Бангладэш да нашага часу захаваўся стараж. від інд.нар.т-ра — джатра, які бярэ пачатак з ігрышчаў пастухоў і рэліг. працэсій культу Вішну — Крышны. Ён аб’ядноўвае танец, пантаміму, слова, інстр. і вак. музыку. У канцы 19 — пач. 20 ст. тэатр узбагаціўся новымі тэмамі, героямі сталі гіст. асобы, барацьбіты за нац. вызваленне. Выканаўцы — юнакі і мужчыны; гал. спявак (бібек) дае каментарыі, тлумачыць ход тэатр. дзеяння.
Кіно. У 1959 зняты першы ў Бангладэш фільм «Цячэ рака» («Прыйдзе дзень», рэж. Дж.Кардар). У 1960-я г. здымаліся меладрамы на ўзор інд. камерцыйнай прадукцыі, прытчы. У 1970—80-я г. створаны фільмы, якія закранаюць сац. пытанні, барацьбу за незалежнасць; экранізуецца літ. класіка, нар. легенды. Сярод найб. значных фільмаў: «Усё яшчэ ноч», «Вяртанне да жыцця», «Апошні школьны званок» (усе рэж. Х.А.Рахман), «Бесхарактарны чалавек» (рэж. Б.Іслам), «Паміж небам і зямлёй» (рэж. С.Дата), «Цябе пакліча мая флейта» (рэж. Міта), «Бясконцая дарога» (рэж. А.Хусейн). У краіне 5 кінастудый, у т. л. 1 дзяржаўная.
Літ.:
Ермошкин Н.И. Бангладеш: Годы борьбы и становления (1966—1974). М., 1979;
Народная Республика Бангладеш: Экономика, история, культура. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́МБІЯ (Zambia),
Рэспубліка Замбія (Republic of Zambia), краіна ва ўнутранай ч.Паўд. Афрыкі. Мяжуе на ПнЗ з Дэмакр. Рэспублікай Конга (б. Заір), на Пн з Танзаніяй, на У з Малаві і Мазамбікам, на Пд з Зімбабве, Намібіяй і Батсванай, на З з Анголай. Пл. 752,6 тыс.км². Нас. 8936 тыс.чал. (1993). Дзярж. мова — англійская, але шырока карыстаюцца і мясц. мовамі.
Сталіца — г.Лусака. Краіна падзяляецца на 9 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (24 кастр.).
Дзяржаўны лад. З. — рэспубліка. Уваходзіць у склад Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1991 кіраўніком дзяржавы і ўрада з’яўляецца прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган дзяржавы — Нац. сход (аднапалатны парламент), 150 членаў якога выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду, прэм’ер-міністра і міністраў якога назначае прэзідэнт.
Прырода. Амаль усю краіну займае хвалістае пласкагор’е (выш. 1000—1500 м), складзенае з дакембрыйскіх гранітаў, гнейсаў, крышт. сланцаў. На У горы Мучынга (выш. да 1893 м, г. Мумпу). З. мае запасы медзі сусв. значэння (частка т.зв. «Меднага пояса» на граніцы з Дэмакр. Рэспублікай Конга), кобальт, поліметалы, ванадый, уран, золата, жалеза, каменны вугаль. Клімат субэкватарыяльны з трыма сезонамі — дажджлівым і цёплым (ліст.—крас.), сухім і халаднаватым (май—ліп.), сухім і гарачым (жн.—кастр.). Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (кастр.) каля 20—25 °C, самага халоднага (ліп.) каля 15—20 °C. Ападкаў 750—1500 мм за год. Бываюць засухі. Рачная сетка густая: р. Замбезі з прытокамі Кафуэ, Луангва і інш., вытокі Конга з азёрамі Бангвеулу і Мверу, паўд.ч.воз. Танганьіка. На Замбезі вадасх. Карыба, ёсць парогі і вадаспады, у т. л. вадаспад Вікторыя. Агульныя запасы гідраэнергіі больш за 50 млн.кВт. Пераважае саванная расліннасць на чырвона-карычневых глебах. Жывёльны свет разнастайны: ёсць буйныя траваедныя — сланы, насарогі, буйвалы, зебры, жырафы, антылопы; драпежнікі — ільвы, леапарды, гіены. Каля 20 нац. паркаў (Кафуэ, Сіёма-Нгвезі, Паўн. і Паўд. Луангва і інш.).
Насельніцтва. 99% насельніцтва складаюць афрыканцы моўнай сям’і банту, у т. л. народы групы цэнтр. банту — бемба (жывуць на Пн і ў цэнтр. частцы, 34%) і тонга (Пд, 16%), групы ўсх. банту — малаві (У, 18%), інш. груп — балунда (ПнЗ), балозі (ПдЗ), нгоні (У), чэва (У). Жывуць таксама еўрапейцы (пераважна англічане і афрыканеры) і выхадцы з Індыі. Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне, у т. л. пратэстанты (35%), католікі (27%), афр. цэрквы (9%). Ёсць невял. групы мусульман (на Пн), індуістаў, прыхільнікаў мясц. культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 12 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены «Медны пояс» і раёны на Пд ад яго да г. Лусака (50—200 чал. на 1 км²). У засушлівых мясцінах на З і У шчыльнасць памяншаецца да 1 чал. на 1 км. У гарадах жыве каля палавіны насельніцтва (1995). Найб. гарады (тыс.ж., 1990): Лусака — 982,4, Ндола — 467, Кітве-Нкана — 348,6, Кабве — 200,3, Чынгола — 186,8, Муфуліра — 175, Луанш’я — 147,7. У краіне вельмі пашыраны СНІД.
Гісторыя. Тэр. З. заселена з глыбокай старажытнасці. Гэта адно з найстаражытнейшых месцаў апрацоўкі жалеза. Бушменаў, якія прыйшлі сюды, верагодна ў 1-м тыс. да н.э., з 6 ст.н.э. пачалі выцясняць на Пд плямёны банту. У 17—19 ст. тут фарміраваліся раннефеад. дзяржавы плямён лунда, баротсе, бемба, нгоні. Першыя еўрапейцы (партугальцы) на тэр. З. з’явіліся ў канцы 18 ст. У 1880-я г. на тэр. дзяржавы баротсе праніклі агенты Брыт. паўднёва-афр. кампаніі, заснаванай С.Родсам. У 1890 кампанія атрымала ад уладара баротсе Леванікі I выключнае права на эксплуатацыю прыродных багаццяў. У 1891 англічане навязалі пратэктарат дзяржаве баротсе, потым лунда. У 1895 гэтыя тэрыторыі атрымалі афіц. назву Радэзія (ад прозвішча Родса). У 1900 пад кіраванне кампаніі перададзены таксама землі плямён бемба і нгоні. Пачалася эксплуатацыя радовішчаў медзі, у 1903—10 тут пабудавана чыгунка. Еўрап. каланісты набывалі найб. урадлівыя землі, а мясц. насельніцтва выцяснялі ў спец. рэзервацыі. У 1911 тэр. сучаснай З. вылучана ў асобны пратэктарат пад назвай Паўн. Радэзія (у 1924 афіцыйна абвешчана брыт. пратэктаратам). Пасля 1-й сусв. вайны пачалося хуткае развіццё горнаруднай прам-сці, асабліва здабычы медзі. У 1948 створана першая афр.арг-цыя — Кангрэс Паўн. Радэзіі (з 1951 Афр.нац. кангрэс, АНК). У 1953 Паўн. Радэзія разам з Паўд. Радэзіяй (сучасная Зімбабве) і Ньясалендам (сучасная Малаві) увайшлі ў створаную Вялікабрытаніяй Федэрацыю Радэзіі і Ньясаленда, дзе дамінавала еўрап. меншасць з Паўд. Радэзіі. Пасля расколу АНК у 1959 узнікла Аб’яднаная партыі нац. незалежнасці (ЮНІП) на чале з К.Каўндай. У 1962 абвешчана канстытуцыя і створаны кааліцыйны ўрад з прадстаўнікоў АНК і ЮНІП на чале з Каўндай. Пасля скасавання федэрацыі (1963) Паўн. Радэзія 24.10.1964 атрымала незалежнасць і прыняла назву З., з 1965 — рэспубліка. Член Садружнасці, член ААН, Арг-цыі афр. адзінства. Прэзідэнтам краіны быў абраны Каўнда (у 1964—73 адначасова кіраўнік урада), які распачаў унутр. рэформы ў рамках абвешчанай у 1969 канцэпцыі «філасофіі гуманізму» (у т. л. кантроль над брыт. і амер. горнапрамысл. кампаніямі). Знешняя палітыка гэтага часу характарызавалася збліжэннем з Танзаніяй і Кітаем, канфліктамі з Паўд.-Афр. рэспублікай (ПАР), калан. ўладамі партуг. Мазамбіка і Радэзіі, падтрымкай вызв. руху ў гэтых краінах. У 1971 адзін з кіраўнікоў ЮНІП С.Капвепве заснаваў апазіцыйную Аб’яднаную прагрэс. партыю (АПП), якая разам з АНК выступіла супраць прэзідэнта Каўнды і ЮНІП. У 1972 улады аб’явілі АПП і АНК па-за законам і абвясцілі З. аднапарт. дзяржавай. У 1975 З. ўвайшла ў кааліцыю прыфрантавых дзяржаў Паўд. Афрыкі, удзельнічала ў перагаворах з уладамі ПАР і Нар. арг-цыяй Паўд.-Зах. Афрыкі (СВАПО) па сітуацыі ў Паўд. Афрыцы. У 1976 прэзідэнт Каўнда абвясціў сацыяліст. канцэпцыю т.зв. камунакратыі. Эканам. крызіс, што нарастаў у З. з пач. 1980-х г., стаў прычынай актывізацыі апазіцыі, якая дамагалася ліквідацыі аднапарт. сістэмы (няўдалы дзярж. пераварот ваенных 1990), узнік Рух за шматпарт. дэмакратыю (ММД), які патрабаваў свабодных выбараў і стварэння часовага ўрада. У 1991 прынята новая канстытуцыя, адбыліся выбары, перамогу на якіх атрымаў ММД. Яго лідэр Ф.Чылуба стаў прэзідэнтам.
У краіне дзейнічае шматпарт. сістэма. Асн. партыі: Рух за шматпарт. дэмакратыю і Аб’яднаная партыя нац. незалежнасці.
Гаспадарка З. — адна з найменш развітых краін свету. Штогадовы даход на 1 чалавека каля 400 дол. ЗША. Прам-сць дае 46% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — 18, абслуговыя галіны — 36%. Вядучае месца ў прам-сці належыць горназдабыўной і каляровай металургіі. З 1982 горназдабыўная прам-сць цалкам кантралюецца дзяржавай. З. займае 5-е месца ў свеце па здабычы медзі — каля 500 тыс.тштогод. Буйнейшыя руднікі каля гарадоў Кітве-Нкана, Луанш’я, Муфуліра, Чынгола, Ндола, Рон-Антэлап, Чыбулума. У «Медным поясе» працуюць буйныя медзеплавільныя заводы. З. займае 2-е месца ў свеце па здабычы кобальту; штогадовая здабыча каля 5 тыс.т (каля 15% сусв. вытв-сці). Здабываюць таксама цынк, свінец, берылій, селен, каменны вугаль, аметысты і інш.Вытв-сць электраэнергіі каля 8 млрд.кВтгадз за год. ГЭС Карыба на р. Замбезі (магутнасць каля 700 тыс.кВт) і ГЭС Кафуэ на р. Кафуэ даюць больш за 70% усёй электраэнергіі. Буйная ЦЭЦ у г. Ндола. Частка электраэнергіі экспартуецца ў суседнія краіны. Астатнія галіны прам-сці маюць меншае значэнне. У г. Ндола заканчваецца нафтаправод з Дар-эс-Салама (Танзанія), працуюць нафтаперапр.з-д, шынны камбінат, хім. прадпрыемствы. У г. Луанш’я з-д па вытв-сці электракабелю, вырабаў з медзі і алюмінію, у г. Муфуліра выплаўка другаснага чыгуну і сталі, вытв-сці метал. вырабаў для горнай прам-сці. Там жа і ў г. Кафуэ выраб выбуховых рэчываў. У краіне ёсць асобныя прадпрыемствы хім. (Кітве-Нкана, Лусака, Ндола), па вытв-сці мінер. угнаенняў (Кафуэ), цэменту (Лусака), буд. матэрыялаў (Кітве-Нкана), па зборцы аўтамабіляў і веласіпедаў з імпартаваных дэталей і вузлоў (Лусака, Ндола). Лёгкая прам-сць прадстаўлена галінамі: тэкст. (Кітве-Нкана, Кафуэ), швейнай (Лусака, Кітве-Нкана, Муфуліра, Лівінгстан), гарбарна-абутковай (Кафуэ), мэблевай (Кітве-Нкана, Ндола, Кафуэ), дрэваапр. (Кітве-Нкана, Луанш’я, Лівінгстан), керамічнай (Кітве-Нкана). Параўнаўча развіты харч. (цукр., мясная, мукамольная, піваварная — Лусака, Ндола, Чынгола) і харчасмакавая (пераважна тытунёвая — Луанш’я, Муфуліра, Лівінгстан і інш.) прам-сць. Вытв-сць асобных відаў прамысл. прадукцыі (1994): азотных угнаенняў — 58 тыс.т, фосфарных — 19,2 тыс.т, калійных — 8,3 тыс.т, цукру — 150 тыс.т. прадукцыі лесапілавання — 112 тыс.м³, паперы і кардону — 4 тыс.т, цэменту — 376 тыс.т. Каля 70% жыхароў краіны занята ў сельскай гаспадарцы. Агульная пл.с.-г. зямель каля 7 млн.га, у т. л. пад ворывам каля 2 млн.га. Вылучаюцца 2 сектары: традыцыйны (на 1 гаспадарку прыпадае 1,5 га), вытв-сцьхарч. культур на свае патрэбы; таварны (каля 1000 буйных ферм па 1000 га). На свае патрэбы вырошчваюць (1994, тыс.т): кукурузу — 1021, пшаніцу — 43, проса — 63, сорга — 35, маніёк — 580, арахіс — 27. Таварныя культуры (1994, тыс.т): цукр. трыснёг — 1311, тытунь — 7, бавоўна — 16. Развіта агародніцтва. Жывёлагадоўля развіта слаба, пераважна на Пд краіны (шкодзяць муха цэцэ, эпідэміі, засухі). Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 3 млн. галоў), коз і авечак (каля 0,4 млн. галоў), свіней (каля 0,3 млн. галоў). Развіта птушкагадоўля. Штогод ловяць каля 60—70 тыс.т рыбы. Аснова трансп. сеткі — чыгункі Ндола—Лівінгстан і Капіры-Мпошы—Дар-эс-Салам (Танзанія) з адгалінаваннямі. Агульная даўж. чыгунак 2164 км. Аўтадарог каля 37 тыс.км, з іх каля 6,7 км з цвёрдым пакрыццём. Краіна залежыць ад доступу да марскіх партоў ПАР, Анголы, Танзаніі. Міжнар. аэрапорты ў гарадах Лусака, Ндола, Лівінгстан. Экспарт і імпарт З. прыкладна роўныя — па 1 млрд.дол. ЗША штогод. З. экспартуе медзь (85% экспарту па кошце), кобальт (6%), цынк, свінец, тытунь і інш., імпартуе машыны і трансп. сродкі (38%), хім. і харч. прадукты, разнастайныя прамысл. вырабы. Замежны гандаль вядзецца пераважна з ЗША, Японіяй, Вялікабрытаніяй, Германіяй, ПАР. Грашовая адзінка — квача.
Літ.:
Березин В.И. Замбия: Пуги завоевания экон. независимости. М., 1972;
Перышкин Е.В. Политическая система Республики Замбии. М., 1980.
Ю.В.Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.К.Мазоўка (гісторыя).
Герб і сцяг Замбіі.Да арт.Замбія. Вёска на паўночным захадзе краіны (злева). У адным з раёнаў г. Лусака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУА́М (Guam),
уладанне ЗША у зах.ч. Ціхага ак. Уключае в-аў Гуам (найб. з Марыянскіх астравоў) і суседнія невял. астравы. Пл. 549 км². Нас. 143 тыс.чал. (1993). Адм. ц. — Аганья. Афіц. мова — англійская, пашырана мясц. мова чамора. Нац. свята — Дзень працы (3 вер.).
Прырода. Паўд., больш узвышаная (г. Ламлам, 405 м) частка вострава вулканічнага паходжання, складзена з андэзітаў, паўн., нізінная — з каралавых вапнякоў. Частыя землетрасенні. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднія месячныя т-ры каля 26 °C. Гадавая колькасць ападкаў 2000—3000 мм. Дажджлівы сезон май—лістапад. У гэты сезон бываюць тайфуны. На паўд. і ўсх. схілах вільготна-трапічныя лясы, на Пн ксерафітна-злакавыя саванны. На паўн.-ўсх. канцы — запаведнік Паці-Пойнт (пл. 304 га).
Насельніцтва. 43% складае мікранезійскі народ чамора — карэнныя жыхары вострава, 29% — выхадцы з Філіпін (пераважна ілокі), 28% — амерыканцы (ваеннаслужачыя на ваен. базах і члены іх сем’яў). Больш за 80% вернікаў католікі. Амаль усё насельніцтва сканцэнтравана ў невял. гарадах і пасёлках на ўзбярэжжы.
Гісторыя. Карэнныя жыхары — абарыгены чамора здаўна называлі востраў Гуам. Першым з еўрапейцаў в-аў адкрыў у 1521 Ф.Магелан. Да канца 17 ст. Гуам каланізавалі іспанцы (пасля задушэння шэрагу паўстанняў мясц. насельніцтва ў 1670—95), на востраве размясцілася рэзідэнцыя ісп. губернатара Марыянскіх а-воў. Асн. заняткам карэннага насельніцтва было земляробства. У 1825 і 1828 у сувязі з заходам на Гуам брыт. і амер. кітабойных суднаў пачата стварэнне партовай службы (у Апры і Уматаку). У выніку ісп.-амер. вайны 1898 востраў стаў уладаннем ЗША, якія ператварылі яго ў апорны пункт на Ціхім ак. У 2-ю сусв. вайну тут 10.12.1941 высадзіўся яп. дэсант, які прымусіў капітуляваць невял. амер. гарнізон і служачых гуамскай марской паліцыі і добраахвотніцкай арміі. 21.7.1944 у межах ваен. аперацыі «Фуражыр» на востраў высадзіліся амерыканцы і ў ходзе жорсткіх 22-дзённых баёў амаль цалкам знішчылі яп. гарнізон. Да 30.5.1946 востравам кіравала амер.ваен. адміністрацыя, ён стаў буйнейшай ваен.-марской базай ЗША на Ціхім ак. У 1949 кіраванне Гуам перададзена грамадз. адміністрацыі. Пасля прыняцця ў 1950 у ЗША «Акта аб Гуаме» ўсе жыхары вострава, якія нарадзіліся пасля 11.4.1899, атрымалі амер. грамадзянства (без права ўдзелу ў нац. выбарах), абраны мясц. аднапалатны заканад. орган — Гуамскі кангрэс (21 дэпутат). У 1952 тут створана першая ВНУ — Тэр. каледж Гуама. У 1970 гуамцам дадзена права выбіраць на 4 гады губернатара вострава (раней яго прызначаў прэзідэнт ЗША). З 1982 Гуам мае ўнутр. аўтаномію. Дзейнічаюць мясц. аддзяленні Рэсп. і Дэмакр. партый ЗША.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — турызм. Штогод Гуам наведваюць 600—800 тыс. турыстаў (85% — японцы). Вял. значэнне маюць даходы ад ваен. аб’ектаў ЗША. На востраве 2 буйныя ваен. базы ЗША: паветраная Андэрсен, марская Апра-Харбар. Жыхары вырошчваюць агародніну, а таксама кукурузу, каву, бананы, цукр. трыснёг, тара і інш. трапічныя культуры. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і свіней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. На невял. прадпрыемствах вырабляюць какосавы алей, мыла, цэмент, чарапіцу, штучны лёд, безалкагольныя напіткі, хлебабулачныя вырабы. З рамёстваў развіты пляценне, выраб сувеніраў і ўпрыгожанняў з ракавін і бісеру, разьбярства па дрэве. Унутр. транспарт аўтамабільны. Востраў — важны вузел паветр. і марскіх камунікацый. Гал. парты Апра-Харбар і Аганья. Экспарт нязначны, імпарт — прамысл. і харч. тавары. Грашовая адзінка — долар ЗША.
Літ.:
Малаховский К.В. Остров, открытый Магелланом (Гуам). М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТУШКАГАДО́ЎЛЯ,
галіна жывёлагадоўлі, якая займаецца гадоўляй с.-г. птушак (курэй, качак, гусей, індыкоў, цацарак і інш.) для атрымання яец, мяса, пер’я і пуху. Дае высокапажыўныя прадукты і каштоўную сыравіну для прам-сці. Харчовае значэнне маюць пераважна курыныя яйцы, для чаго гадуюць курэй яечнага кірунку. С.-г. птушка вылучаецца хуткаспеласцю, пладавітасцю, высокай аплатай адносна затрат на корм. Для атрымання 500—600 г яечнай масы неабходна менш за 2 кг, а на прыбаўку ў вазе 1 кг жывой масы — 2,5—3 кг поўнакаштоўнага корму.
П. ўзнікла каля 4—3 тыс.г. назад у Індыі. дзе пачалі гадаваць курэй, потым яна распаўсюдзілася на З і У. За некалькі стагоддзяў да н.э. у Еўропе гадавалі свойскіх курэй, гусей і качак. Індыкі прыручаны ў Амерыцы, у 16 ст. завезены ў Еўропу. Развіццё П. прывяло да з’яўлення высокапрадукц. культурных парод свойскай птушкі: сусекс і доркінг — пароды курэй (Вялікабрытанія), руанскія качкі і тулузскія гусі (Францыя), юрлаўскія галасістыя куры, халмагорскія і арзамаскія гусі (Расія). На Беларусі ў 19 ст. П. была малапрадукц. дадатковай галіной сельскай гаспадаркі. З 1930-х г. пачалося развіццё П. на калгасна-саўгасных фермах; заснаваны інкубатарна-птушкагадоўчыя станцыі, якія забяспечвалі фермы маладняком. З 1971 арганізаваны вытворчыя аб’яднанні па птушкагадоўлі.
У аснове інтэнсіфікацыі П. — паглыбленая спецыялізацыя і стварэнне буйных птушкагадоўчых прадпрыемстваў — птушкафабрык па вытв-сці яец, гадоўлі на мяса бройлераў (куранят, качанят, гусянят, індычат). Тэхналогія інтэнсіўнай П. ўключае некалькі варыянтаў атрымання прадукцыі: на фермах-рэпрадуктарах на працягу года атрымліваюць інкубацыйныя яйцы; на бройлерных ф-ках гадуюць мясны маладняк, забіваюць і апрацоўваюць птушку; на прадпрыемствах яечнага кірунку гадуюць рамонтных курэй для папаўнення статка. У буйных спецыялізаваных гаспадарках і аб’яднаннях галаўныя прадпрыемствы забяспечваюць астатнія гаспадаркі гібрыднымі куранятамі або пародным маладняком інш. відаў свойскай птушкі; прамысл. гаспадаркі або фермы гадуюць гэты маладняк на мяса або для камплектавання статка нясушак (пры вытв-сці яец); птушкакамбінаты гадуюць птушку, забіваюць, апрацоўваюць і рэалізуюць яе; на некат. камбінатах ідзе перапрацоўка яец на яечны парашок, мяса — на кансервы, а таксама выпрацоўваюцца пуха-пер’евыя вырабы. У яечнай П. шырока выкарыстоўваюцца ўнутрыпародныя групы, створаныя на базе курэй пароды легорн, у бройлернай вытв-сці — на базе курэй парод корніш і плімутрок. Аналагічныя пародныя групы існуюць у развядзенні гусей, качак, індыкоў. Пагалоўем свойскай птушкі найб. вызначаюцца (млн. галоў, 2000): Кітай (3420), ЗША (1720), Інданезія (1000), Бразілія (950), Мексіка (420), Індыя (382), Расія (350), Японія (296), Францыя (241), Іран (230). На Беларусі 30,6 млн. галоў птушкі, у т. л. 20,3 млн. галоў на с.-r. прадпрыемствах, 10,3 млн. галоў — у асабістых гаспадарках насельніцтва (2000). У вытв-сці мяса на долю птушкі прыпадае 10—11% (у 1999—10,7%), яйцаноскасць адна з найб. у свеце (241 яйка на нясушку за год). Ва ўсіх катэгорыях гаспадарак атрымліваюць штогод каля 3,4 млрд. яец (у 1999—3395 млн. яец), з іх у калгасах і саўгасах каля 2,1 млрд. штук. Гадуюць таксама качак, гусей, індыкоў, цацарак, перапёлак. Ў 2000 пачалася ў невял. памерах эксперыментальная гадоўля страусаў. На Беларусі 39 птушкафабрык і 3 племзаводы, 5 племянных рэпрадуктараў (2000). Гл. таксама Куры свойскія, Гусі свойскія, Індыкі свойскія, Качкі свойскія.
Г.С.Смалякоў.
Да арт.Птушкагадоўля. Клетачнае ўтрыманне курэй на птушкафабрыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМІ́БІЯ (Namibia),
Рэспубліка Намібія (Republic of Namibia), дзяржава ў Паўд.-Зах. Афрыцы. Мяжуе на Пн з Анголай і Замбіяй, на У з Батсванай, на ПдУ і Пд з Паўд.-Афр. Рэспублікай (ПАР); на З абмываецца водамі Атлантычнага ак.Пл. 824,3 тыс.км². Нас. 1648,3 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — англійская, шырока ўжываюцца таксама афрыканс і нямецкая. Сталіца — г.Віндхук. Краіна падзяляецца на 13 адм. рэгіёнаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (21 сак.).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — 2-палатны парламент, які складаецца з Нац. асамблеі (72 дэпутаты выбіраюцца ўсеагульным прамым галасаваннем на 5 гадоў) і Нац. савета (26 прадстаўнікоў рэгіёнаў, што выбіраюцца на 6 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду.
Прырода. Большая частка тэр. Н. — пласкагор’е выш. 1300—1500 м на З і 900—1100 м на У. Найб.выш. 2600 м (г. Брандберг). Пласкагор’е спадзіста паніжаецца на У да паўпустыні Калахары, на З уступам абрываецца ў бок прыбярэжнай раўніны — пустыні Наміб. Карысныя выкапні: алмазы, уранавыя, поліметалічныя, медныя, алавяныя, вальфрамавыя, рэдкаметал. руды, сера, прыродны газ і інш. Клімат трапічны, вельмі сухі. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (студз.) ад 18 °C на беразе акіяна да 27 °C ва ўнутр. раёнах, самага халоднага (ліп.) ад 12 °C на Пд да 16 °C на Пн. Ападкаў ад 10—50 мм за год на ўзбярэжжы, да 500—700 мм на ПнУ. Гал. рэкі на Пн — Акаванга, Кунене, на Пд — Аранжавая, астатнія — часовыя вадатокі. На Пн краіны перасыхаючае воз. Этоша. Пераважаюць пустынныя трапічныя глебы і чырванавата-бурыя глебы саваннаў. Расліннасць у пустыні Наміб сукулентная, на пласкагор’і злакава-хмызняковая і хмызняковая, у больш высокіх раёнах паўпустыні і апустыненыя саванны. У складзе жывёльнага свету горных раёнаў і на У эндэмічныя грызуны (даўганос, капскі сляпыш), асобныя віды зайцоў, трубказуб; шматлікія яшчаркі, змеі і інш. Воды акіяна каля берагоў Н. багатыя прамысл. рыбай (сардзінела, макрэль, анчоўс), марскімі ракамі (амары, лангусты), ёсць цюлені. Нац. паркі: Этоша, Наміб, Бераг Шкілетаў, Ноўклуфберге.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва належыць да групы зах. банту: авамба (810 тыс.чал.), каванга (146 тыс.чал.), герэра (114 тыс.чал.) і інш. Жывуць горныя дамара (114 тыс.чал.), гатэнтоты, бушмены (сан). Нас.еўрап. паходжання (100 тыс.чал.) складаецца з афрыканераў, немцаў, англічан. Каля 80% вернікаў хрысціяне (пераважна пратэстанты), астатнія прытрымліваюцца мясц.традыц. культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 2 чал. на 1 км². У пустыні Наміб і паўпустыні Калахары вял. тэрыторыі не маюць пастаяннага насельніцтва. Гар. насельніцтва каля 37%. Найб. гарады: Віндхук (190 тыс.ж., 1995), Людэрыц, Уолфіш-Бей, Цумеб. У сельскай гаспадарцы занята 49%, у прам-сці і гандлі — 25% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя. Першыя стаянкі чалавека, выяўленыя на тэр. Н., адносяцца да 2-га тыс. да н.э.Стараж. насельніцтва Н. — плямёны кой-коін (продкі сучасных нама, 3 групы гатэнтотаў), сан (бушмены) і дамара. У 16 ст. сюды прыйшлі плямёны банту (авамба, герэра, каванга і інш.). У канцы 15 ст. ўзбярэжжа Н. адкрылі партуг. мараплаўцы. У 1878 Вялікабрытанія анексіравала раён бухты Уолфіш-Бей. У 1884 Германія ўсталявала пратэктарат над-раёнам Ангра-Пекена, потым над б.ч.тэр. Н., якая стала герм. калоніяй «Германская Паўд.-Зах. Афрыка» (ПЗА). У адказ на прыгнёт герм. улад герэра на чале з С.Магарэра і нама на чале з Х.Вітбоем узнялі ў 1904—07 паўстанне, якое было жорстка задушана герм. войскамі. У 1915 Н. акупіравана Паўд.-Афр. Саюзам (ПАС; з 1961 — Паўд.-Афр. Рэспубліка, ПАР), які ў 1920 атрымаў ад Лігі Нацый мандат на кіраванне ПЗА. У 1946 урад ПАР анексіраваў ПЗА, ператварыў яе ў сваю правінцыю і распаўсюдзіў на яе рэжым апартэіду. ААН не прызнала анексію і ў 1968 і 1978 прыняла рэзалюцыі аб праве народаў Н. на самавызначэнне. З 1966 узбр. барацьбу супраць акупацыі пачала Народная арганізацыя Паўднёва-Заходняй Афрыкі (СВАПО) на чале з С.Нуёмам. Улады ПАР падтрымліваў створаны з прадстаўнікоў памяркоўных арг-цый Дэмакр. альянс Турнхале. Пад націскам ААН і сусв. супольнасці ўлады ПАР правялі ў ліст. 1989 выбары ва Устаноўчы сход, на якіх перамагла СВАЛО. У студз. 1990 Нуёма выбраны прэзідэнтам Н. 21.3.1990 абвешчана незалежнасць краіны. Урад незалежнай Н. імкнецца праводзіць памяркоўную палітыку, накіраваную на развіццё прыватнага сектара і пазбяганне этн. і сац. канфліктаў. Н. — чл.ААН (з 1990). Дзейнічаюць паліт. арг-цыі: Нар.арг-цыя за вызваленне Паўд.-Зах. Афрыкі, Дэмакр. альянс Турнхале.
Гаспадарка. Н. — аграрная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва ў 1997 склаў 1,9 тыс.дол. ЗША. На долю здабыўной прам-сці прыпадае каля 25% ВУП. Здабыча і экспарт карысных выкапняў пад кантролем паўд.-афр., англа-амер. і ням. капіталу. Н. займае 6-е месца ў свеце па здабычы алмазаў (1,3 млн. каратаў, 1997), пераважна ювелірных; іх здабыча вядзецца ўздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак. ад г. Людэрыц да вусця р. Аранжавая. Здабыча вокісу урану (у раёне Свакапмунда), медзі, свінцу, волава, цынку, ванадыю, серабра, кадмію, берылію, літыю, вальфраму, марганцу. На базе руд каляровых металаў у г. Цумеб працуюць з-ды медзеплавільны, па выплаўцы і рафінаванні свінцу, цынку, волава і інш. У 1994 атрымана (тыс.т) вокісу урану — 1,7, свінцу — 24, волава — 1, серабра — 0,09. Вытв-сць электраэнергіі штогод каля 1 млрд.кВт∙гадз. Буйныя ЦЭС у гарадах Віндхук, Цумеб, Уолфіш-Бей; Рваканская ГЭС на р. Кунене. Апрацоўчая прам-сць развіта слаба. Працуюць прадпрыемствы па зборцы машын і абсталявання, суднарамонце (Віндхук, Уолфіш-Бей), дрэваапр. прам-сці, у т. л. мэблевыя, па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (малочныя, мясакансервавыя, мукамольныя), па перапрацоўцы рыбы, амараў, цюленяў, малюскаў, гарбарныя, буд. матэрыялаў і інш. На долю сельскай гаспадаркі прыпадае каля 8% ВУП, пераважае жывёлагадоўля. Характэрна наяўнасць буйных таварных фермерскіх гаспадарак, якія належаць еўрапейцам, і адсталых натуральных гаспадарак афрыканцаў. Асн. значэнне мае гадоўля каракульных авечак (адно з першых месцаў у свеце па пастаўках аўчын). Пагалоўе (млн. галоў, 1997): авечак — 2,43, буйн. раг. жывёлы — 2,06, коз (пераважна ангорскіх) — 1,82, птушкі — 2,4. Земляробства мае дапаможнае значэнне. Пад ворнымі землямі каля 1% тэрыторыі. Вырошчваюць проса, кукурузу, сорга, пшаніцу, агародніну, бахчавыя культуры. Улоў рыбы ў 1996—267 тыс.т. Даход краіны ад турызму каля 210 млн.дол.штогод. Даўж. гравійных дарог 37,3 тыс.км, асфальтавых 4,5 тыс.км, чыгунак 2,4 тыс.км. Марскія парты — Уолфіш-Бей і Людэрыц. 11 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля г. Віндхук. У 1996 экспарт склаў 1,45 млрд., імпарт — 1,55 млрд.дол. ЗША. Н. вывозіць мінер. сыравіну (30% алмазы), рыбапрадукты (18,5%), аўчыны (8,1%), мясапрадукты (7%) і інш. Імпартуе маш.-буд. і хім. прадукцыю, спажывецкія і харч. тавары. Гал.гандл. партнёры: ПАР (27% экспарту і 85% імпарту), Вялікабрытанія, Германія, Японія. Грашовая адзінка — намібійскі долар.
Літ.:
Балезин АС., Притворов А.В., Слипченко С.А. История Намибии в новое и новейшее время. М., 1993.
В.І.Сініца (гісторыя), Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Намібіі.Да арт.Намібія. Ландшафт у пустыні Наміб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЬБАВО́ДСТВА,
галіна земляробства па вырошчванні бульбы на харч., тэхн. і кармавыя патрэбы. Сусветная вытв-сць бульбы (штогод каля 300 млн.т) перавышае зборы многіх збожжавых культур (акрамя рысу, пшаніцы, кукурузы). Амаль усе пасевы сканцэнтраваны ва ўмераным кліматычным поясе Паўн. паўшар’я. Найб. плошчы ў Рас. Нечарназем’і, на Пн Кітая, у Польшчы, на Пн Украіны, у ЗША, Індыі, Германіі, Беларусі. Значныя пасевы ў Нідэрландах, Вялікабрытаніі, Францыі, Турцыі, Іспаніі, Румыніі, краінах Прыбалтыкі. У краінах Зах. Еўропы і Амерыкі пераважаюць сарты з жоўтай мякаццю, больш багатыя карацінам, у краінах б.СССР, у т. л. ў Беларусі, — з белай мякаццю, багатыя крухмалам. Па зборы бульбы ў разліку на 1 чал. за год 1-е месца ў свеце займае Беларусь — 1124 кг, потым Польшча — 943 кг, Нідэрланды — 503 кг, па 360—480 кг на 1 чал. атрымліваюць Украіна, краіны Прыбалтыкі. Па ўзроўні спажывання бульбы на душу насельніцтва 1-е месца ў свеце займае таксама Беларусь — 178 кг за год, потым Украіна — 150 кг, Польшча — 148 кг і Расія — 127 кг.
На Беларусі бульбу пачалі вырошчваць у 2-й пал. 18 ст., з сярэдзіны 19 ст. яна стала адной з найважнейшых с.-г. культур. У 1913 пад ёй было 583,3 тыс.га, ураджайнасць 6,4 т/га, валавы збор 4 млн.т. Бульбаводства — адна з найважнейшых галін сельскай гаспадаркі Беларусі, бульба вырошчваецца ва ўсіх раёнах. У 1995 бульба займала 725,2 тыс.га, або 12% усёй пасяўной плошчы. Ураджайнасць клубняў і валавыя зборы (гл. табліцу) вагаюцца па гадах з-за неспрыяльных умоў надвор’я — працяглага засушлівага або дажджлівага перыяду. Найб. канцэнтрацыя пасеваў бульбы на Пд Мінскай, ПнУ Брэсцкай і У Гродзенскай абл., гаспадаркі якіх характарызуюцца найб. спрыяльнымі прыроднымі і эканам. ўмовамі: лепшай забяспечанасцю мат.-тэхн., прац. і трансп. рэсурсамі, мякчэйшым кліматам, перавагай акультураных лёгкасугліністых і супясчаных глебаў, больш прыдатных для вырошчвання бульбы. На Пн рэспублікі бульба займае 4—8% пл. пасеваў з-за перавагі цяжкасугліністых глебаў, перасечанага марэннага рэльефу, драбнаконтурнасці і завалуненасці ўгоддзяў, што не дае магчымасці шырока выкарыстоўваць камбайнавую ўборку. Ураджайнасць бульбы адпавядае канцэнтрацыі пасеваў: вышэйшая на З, ніжэйшая на У.
Парушэнне гасп. сувязей паміж рэспублікамі пасля распаду СССР пагоршыла ўмовы гандлю бульбай і вывазу яе ў інш. раёны Расіі, у Малдову, Закаўказзе, Сярэднюю Азію. Гэта абумовіла скарачэнне пасеваў бульбы і валавых збораў. Калі ў 1980-я г. грамадскі сектар (калгасы, саўгасы, міжгасы) меў пад бульбай такую ж плошчу, як і асабістыя гаспадаркі, то ў 1995 на яго долю прыпадала толькі 15,6% пасеваў. На харч. спажыванне на Беларусі ідзе каля чвэрці ўраджаю, на прамысл. перапрацоўку — каля трэці, астатняя Б. — пераважна на корм жывёле. З бульбы ў рэспубліцы вырабляюць увесь крухмал, патаку, значную частку этылавага спірту, харч. бульбапрадукты, бялкова-вітамінныя кармы. Сучаснае бульбаводства — адна з прыярытэтных галін сельскай гаспадаркі, падмацаваная грунтоўнай навук. базай. Бел. вучонымі выведзена шмат высокаэфектыўных сартоў, у т. л. Беларуская ранняя, Прыгожая 2, Агеньчык, Лошыцкая, Тэмп і інш., раянаваных і за межамі Беларусі, вырашаюцца праблемы паляпшэння якасці клубняў: павышэння іх крухмалістасці, бялковасці і вітаміннасці. Акрэсліваецца больш выразная спецыялізацыя гаспадарак на вырошчванні харч. або тэхн. сартоў бульбы, павялічваюцца плошчы пад скараспелымі і сярэдняспелымі сартамі.
Н.І.Жураўская.
Дынаміка сярэднегадавых паказчыкаў развіцця бульбаводства ў Беларусі (усе катэгорыі гаспадарак)
Гады
Сярэднегадавая плошча, тыс.га
Ураджайнасць, ц/га
Валавы збор, тыс.т
1971—75
915,2
142
12 996
1976—80
812,5
159
12 920
1981—85
750,5
154
11 559
1986—90
665,4
157
10 513
1991—95
603,4
131
9460
Да арт.Бульбаводства. Пасадка (уверсе) і ўборка бульбы ў Віцебскай вобласці.