электравакуумная прылада для атрымання рэнтгенаўскіх прамянёў. Інтэнсіўнасць рэнтгенаўскага выпрамянення залежыць ад напружання, прыкладзенага да электродаў, току, а таксама матэрыялу анода. Мае катод і анод. Электроны, што вылучае катод, паскараюцца моцным эл. полем і бамбардзіруюць анод. Пры ўдарах электронаў аб анод іх кінетычная энергія пераўтвараецца ў энергію рэнтгенаўскага выпрамянення (часткова — у цеплавую энергію).
Паводле спосабу атрымання электроннага патоку Р.т. падзяляюцца на электронныя (электроны генерыруюцца за кошт тэрмаэлектроннай эмісіі катода) і іонныя (электроны выбіваюцца з халоднага катода дадатнымі іонамі). Выкарыстоўваюцца ў медыцыне, дэфектаскапіі, навук. даследаваннях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯ́ТЦА,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Друйка, на паўн. ускраіне г. Браслаў. Пл. 0,29 км², даўж. 740 м, найб.шыр. 590 м, найб.глыб. 4,1 м, даўж. берагавой лініі каля 2,1 км. Пл. вадазбору 4,1 км². Катлавіна падпруднага тыпу. Схілы на Пн нізкія, пад забудовамі, часткова разараныя, месцамі змяняюцца балотамі, на Пдвыш. да 15 м (камавыя ўзгоркі). Пойма шыр. 5—70 м. Берагі пераважна нізкія, забалочаныя. Дно сапрапелістае, прыбярэжная ч. (акрамя 3) пясчаная. Зарастае слаба. Выцякае ручай у воз. Бярэжа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНТЭТЫ́ЧНЫЯ МО́ВЫ,
мовы, у якіх граматычныя значэнні выражаюцца формамі слоў: афіксамі («чыта-ю», «з-рабіць», «мах-а-ць» — «мах-ну-ць»), унутр. флексіяй («з-бір-аць» — «са-бр-аць»), націскам («засыпаць» — «засыпаць»), суплетыўнымі формамі («я» — «мне»), а не службовымі словамі, парадкам слоў, інтанацыяй (як у аналітычных мовах). Да С.м. належаць бел., стараж.-грэч., лац., стараж.-слав., ням., літ. і інш. мовы. Сінтэтычныя спосабы часткова выкарыстоўваюць і аналітычныя мовы. Гл. таксама Тыпалагічная класіфікацыя моў.
Літ.:
Теоретические основы классификации языков мира. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ДЭНСКАЯ КУЛЬТУ́РА (Baden),
археалагічная культура плямёнаў позняга энеаліту (3-е тыс. да нашай эры) на тэр. Аўстрыі, Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, часткова Румыніі, Германіі, Зах. Украіны. Назва ад знаходак у пячоры каля г. Бадэн (Аўстрыя). Насельніцтва займалася паляваннем і жывёлагадоўляй, жыло на ўмацаваных паселішчах. Пахавальны абрад — адзіночныя і калектыўныя трупапалажэнні, радзей трупаспаленні на грунтавых могільніках. Характэрны каменныя паліраваныя сякеры, упрыгожанні з ракавін, трапляюцца медныя рэчы (сякеры-молаты, упрыгожанні з дроту). Кераміка цёмнага колеру, з высокімі ручкамі, вушкамі, часам упрыгожаная канелюрамі. У час Бадэнскай культуры ў Еўропе прыручаны конь, з’явіліся павозкі з суцэльнымі дыскападобнымі коламі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦЭТА́ТНЫЯ ВАЛО́КНЫ,
штучныя валокны, якія атрымліваюць з ацэтатаў цэлюлозы. Адрозніваюць трыацэтатнае валакно (з трыацэтату цэлюлозы) і валакно з часткова амыленага (другаснага) ацэтату цэлюлозы. Ацэтатныя валокны фармуюць з раствораў ацэтатаў цэлюлозы ў сумесі метыленхларыду і спірту ці ў ацэтоне (звычайна сухім метадам) і атрымліваюць філаментныя ніткі (ацэтатны шоўк). Штапельнае ацэтатнае валакно фармуюць сухім і мокрым спосабамі (гл. ў арт.Валокны хімічныя). Эластычныя, мяккія, прапускаюць УФ выпрамяненне, афарбоўваюцца спец. фарбавальнікамі, аднак маюць малую трываласць, нізкую тэрма- і зносаўстойлівасць, электрызуюцца. Выкарыстоўваюць для вырабу вопраткі, сукенак, жаночай бялізны, тканін на падкладкі; штапельнае ацэтатнае валакно замяняе бавоўну ў тканінах і трыкатажы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБАЎНЯ́НСКІ ПА́РК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Створаны ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў в. Бабоўня Капыльскага р-на Мінскай вобласці. Пл. каля 9 га. Парк амаль квадратнай формы з роўным рэльефам. З трох бакоў акружаны ровам і суцэльнымі пасадкамі, з захаду — сістэмай вадаёмаў. Планіроўка рэгулярная. У цэнтры стаяў сядзібны дом (не захаваўся). З Пн да яго прымыкаў пладовы сад, з Пд — партэр з сажалкай і пладовымі садамі вакол яе (збярогся часткова).
У парку растуць лістоўніца еўрапейская, дуб звычайны пірамідальны, каштан конскі васьмітычынкавы, явар і яго пурпуралістая форма, вярба ломкая шарападобная. Парк значна пашкоджаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБЕЗІЁЗЫ, бабезіелёзы,
інвазійныя хваробы буйн. раг. жывёлы, авечак і козаў, якія выклікаюць паразіты эрытрацытаў — аднаклетачныя прасцейшыя з роду Babesia. Пашыраны ў некаторых краінах Еўропы, Афрыкі і Азіі. Узбуджальнік бабезіёзаў буйн. раг. жывёлы (паўн. піраплазмоз) — Babesia bovis, авечак і козаў — Babesia ovis. Крыніца інвазіі — кроў хворых і часткова перахварэлых жывёл, у эрытрацытах якіх знаходзяцца гэтыя паразіты. Пераносчыкі бабезіёзаў — пашавыя кляшчы. Пры развіцці хваробы разбураюцца эрытрацыты і пачынаецца анемія; парушаецца работа сэрца, лёгкіх, нырак, селязёнкі і інш. органаў. Гемаглабін разбураных эрытрацытаў трапляе ў мачу, афарбоўвае яе ў чырв. колер, адсюль нар. назва бабезіёзаў на Беларусі — крывямочка. Гл. таксама Піраплазмідозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РАЎНА, Боравенскае возера,
у Беларусі, у Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Ула, за 2,5 км на У ад г. Лепель. Пл. 0,38 км², даўж. 1,15 км, найб.шыр. 610 м, найб.Глыб. 8,2 м, даўж. берагавой лініі 3,6 км. Пл. вадазбору 6,5 км².
Схілы катлавіны выш. да 5 м, пясчаныя і супясчаныя, часткова пад лесам. Берагі пясчаныя, зараслі водна-балотнай расліннасцю і хмызняком. Дно глеістае, мелкаводдзе ўздоўж берагоў пясчанае. Падводная расліннасць пашырана да глыб. 2—5 м. На Пд упадае ручай з воз. Глыбочыца, на ПдУ выцякае ручай у воз. Нюля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛІТЫ́ЧНЫЯ МО́ВЫ,
мовы, у якіх граматычныя значэнні выражаюцца не формамі слоў (як у сінтэтычных мовах), а гал. чынам службовымі словамі, парадкам слоў, інтанацыяй і інш. Да аналітычных моў належаць англ., франц., новаперс., балг. і інш. мовы. Аналітычныя спосабы часткова выкарыстоўваюцца і сінтэтычнымі мовамі, у т. л. і бел., напр. пры ўтварэнні складаных формаў ступеняў параўнання прыметнікаў і прыслоўяў («самы цікавы», «больш прыгодны», «надзвычай вясёлы», «найбольш поўна»), будучага і прошлага часу дзеясловаў («буду пісаць», «пайшоў быў»), загаднага ладу («давай спяваць», «няхай квітнее»), складаных тыпаў выказніка («працаваць аграномам», «станавіцца мацнейшым»). Гл. таксама Тыпалагічная класіфікацыя моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІКУ́НЬЯ (Vicugna vicugna),
млекакормячае сям. вярблюдавых. Жыве невял. статкамі пераважна ў маладаступных высакагорных паўзасушлівых стэпах і пустынях Андаў на Пд Перу, ПдЗ Аргенціны, Пн Чылі і часткова на З Балівіі.
Даўж. цела 125—190, хваста 15—25, выш. ў карку 70—110 см, маса 40—65 кг. Цела ўкрыта кароткай, але мяккай і тонкай поўсцю пераважна з пуховых валасоў, у дарослых жывёл рыжаватай на спіне, баках і светла-шэрай на брусе. Хутка бегае (да 47 км/гадз на выш. 4500 м). Корміцца нізкімі травяністымі раслінамі. Мае каштоўнае футра. Занесена ў Чырв. кнігу МСАП.