СПЕКТРАСКАПІ́Я (ад спектр + ...скапія),

раздзел фізікі, які вывучае сувязь спектраў вылучэння, паглынання, рассеяння і адбіцця эл.-магн. выпрамянення са структурай і станам рэчыва, а таксама часціц, якія ўваходзяць у яго састаў. Служыць асновай развіцця і ўдасканалення метадаў спектральнага аналізу. Выкарыстоўваецца ў навук. даследаваннях у фізіцы, хіміі, біялогіі, астрафізіцы і інш. Даследаванні вядуцца з дапамогай спектральных прылад.

Пачатак С. — ад назіранняў спектра сонечнага выпрамянення І.​Ньютанам (1666). У пач. 19 ст. адкрыты і даследаваны лініі паглынання ў сонечным спектры (фраўнгоферавы лініі), устаноўлена ўзаемасувязь паміж спектрамі вылучэння і паглынання і праведзена распрацоўка метадаў спектральнага аналізу (Г.​Р.​Кірхгоф і Р.​Бунзен; 1859). Як самастойны раздзел навукі сфарміравалася ў пач. 20 ст. пасля стварэння квантавай механікі і квантавай тэорыі будовы атамаў і малекул, на якіх грунтуецца тэорыя С. У залежнасці ад аб’ектаў даследаванняў адрозніваюць атамную, малекулярную, ядзерную С., а таксама С. газаў, вадкасцей, крышталёў, мікра- і нанаструктур і інш. Паводле дыяпазонаў даўжынь эл.-магн. хваль (ці частот) С. падзяляюць на радыёспектраскапію (мікрахвалевую), аптычную С. (вывучае спектры аптычныя; уключае інфрачырвоную спектраскапію, С. бачнага выпрамянення і ультрафіялетавую спектраскапію); рэнтгенаўскую спектраскапію і гама-спектраскапію. Выкарыстанне лазераў і камп’ютэрнай тэхнікі дазволіла значна павялічыць частотную і часавую раздзяляльную здольнасць метадаў С., прывяло да ўзнікнення лазернай спектраскапіі, нелінейнай спектраскапіі і кінетычнай С. высокага раздзялення.

На Беларусі даследаванні па праблемах С. вядуцца ў Ін-тах фізікі, малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН, БДУ. Выдаецца часопіс «Журнал прикладной спектроскопии».

Літ.:

Степанов Б.И. Люминесценция сложных молекул. Мн., 1955;

Ельяшевич М.А. Атомная и молекулярная спектроскопия. 2 изд. М., 2001;

Радиоспектроскопия. М., 1973;

Немошкаленко В.В. Рентгеновская эмиссионная спектроскопия металлов и сплавов. Киев, 1972;

Жбанков Р.Г. Инфракрасные спектры и структура углеводов. Мн., 1972;

Грибковский В.П. Теория поглощения и испускания света в полупроводниках. Мн., 1975;

Ахманов С.А., Коротеев Н.И. Методы нелинейной оптики в спектроскопии рассеяния света. М., 1981.

П.​А.​Апанасевіч.

т. 15, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КУР’Е́Р ЛІТЭ́ЎСКІ»

(«Kurier Litewski», «Літоўскі веснік»),

1) інфармацыйная штотыднёвая газета, якая выдавалася ў 1760—64 у Вільні на польскай мове. Рэдактары Ф.​Папроцкі (1760—62) і А.​Янушкевіч (1763—64).

2) Інфармацыйная газета, што выдавалася ў 1796—1840, да 1797 у Гродне, потым у Вільні, да 1833 на польск., з 1834 на рус. (пад назвай «Литовский вестник») і польск. мовах. Выдавец Т.​Влодэк. З пач. 19 ст. перададзена ў арэнду Віленскаму ун-ту, у 1800—32 яе рэдагавалі Я.​Ясінскі, К.​Даніловіч, Э.​Славацкі, А.​Марціноўскі; з 1834 — орган мясц. улад. Мела дадатак «Wiadomości literackie» («Літаратурныя навіны»). З 1841 яе працягам стала газ. «Виленский вестник». Змяшчала матэрыялы з пецярбургскіх выданняў, артыкулы бел. тэматыкі.

3) Прыватная штодзённая газета, якая выдавалася ў 1905—15 у Вільні. Выдаўцы: І.​Корвін-Мілеўскі, Ф.​Завадскі, В.​Бараноўскі, Э.​Навіцкі, Т.​Дэмбоўскі; у 1906—09 фактычным уладальнікам газеты быў віленскі біскуп Э.​Роп. Орган кансерватыўнай плыні «краёвага кірунку» польскага руху ў Літве і Беларусі. Супрацоўнічала з аб’яднаннямі польскіх дэпутатаў ад Беларусі і Літвы ў I—IV Дзярж. думах. У 1905 — пач. 1906 бел. нац. рух разглядала як «антыпольскую інтрыгу» царскай адміністрацыі, бел. мову называла «мовай цемры і невуцтва». З сярэдзіны 1906 стаўленне да беларусаў стала больш прыхільным, выказвалася за неабходнасць дапамогі бел. нац. адраджэнню. Станоўча ацэньвала дзейнасць газеты «Наша ніва». Але патрабаванні бел. нац. руху, якія закраналі інтарэсы палякаў (радыкальная аграрная рэформа, увядзенне бел. мовы ў богаслужэнні), не падтрымлівала, самастойнае нац. і паліт. жыццё беларусаў лічыла малаверагодным. У вер. 1910 газета забаронена. У кастр. 1910 пачала выходзіць пад назвай «Kurier Wileński» («Віленскі веснік»). 1(14).6.1911 рэдакцыя газеты аб’ядналася з рэдакцыяй газ. «Goniec codzienny» («Штодзённы веснік»). 31.12.1911 (13.1.1912) газета вярнула назву «К.Л.», паступова стала пераходзіць на пазіцыі польскай партыі нац. дэмакратаў. На апошнім этапе свайго існавання выступала супраць бел. і літ. нац. рухаў. У 1906—09 мела дадатак «Zycie ilustrowane» («Ілюстраванае жыццё», штотыднёвы ілюстраваны часопіс).

Ю.​А.​Вашкевіч, А.​Ф.​Смалянчук.

т. 9, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУРНАЛІ́СТЫКА (ад франц. journal газета),

від творчай дзейнасці грамадскага кірунку па зборы, апрацоўцы і распаўсюджванні актуальных паведамленняў і звестак, праз сродкі масавай інфармацыі (СМІ) — друк, радыё, тэлебачанне, кіно і інш. Уключае таксама навуку пра ролю і месца СМІ у жыцці грамадства, пра формы і металы журналісцкай дзейнасці. Вызначаецца аператыўнасцю і перыядычнасцю, абапіраецца на юрыд. законы і маральна-этычныя нормы, развіваецца па ўласных прынцыпах і законах. Праз СМІ выконвае інфарм. функцыі, уздзейнічае на грамадскую думку, на светапогляд чалавека. Функцыі і задачы Ж. ў розны гіст. перыяд мяняліся. У залежнасці ад канкрэтных задач (публіцыстычных, мастацкіх, навуковых, прафесійных і інш.) Ж. ўласціва шматгаліновасць.

Ж. ўзнікла ў пач. 17 ст. (гл. Газета, Часопіс). Першыя рэгулярныя масавыя перыяд. выданні з’явілася ў 2-й пал. 18 ст. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. з вынаходствам фатаграфіі і кінематографа з’явілася фота- і кінажурналістыка, з 1920-х г. развіваецца радыёжурналістыка, з 1940-х г. — тэлежурналістыка. У сучаснай Ж. важную ролю адыгрываюць дзярж. і прыватныя сродкі масавай інфармацыі. Спецыфіка Ж. патрабуе высокакваліфікаваных прафес. кадраў. На Беларусі журналісцкую адукацыю атрымліваюць на ф-це журналістыкі БДУ (з 1944), дзе найб. актыўна займаюцца таксама яе навук. і практ. праблемамі. З 1946 дзейнічае Міжнародная арганізацыя журналістаў, з 1959 Бел. саюз журналістаў (гл. Саюз журналістаў Беларусі). Лепшыя работы ў галіне Ж. на Беларусі адзначаюцца Дзярж. прэміяй (з 1967; да 1991 імя П.​М.​Лепяшынскага). Вывучэнню праблем гісторыі, тэорыі і практыкі Ж. на Беларусі прысвечаны працы С.​Х.​Александровіча, Р.​В.​Булацкага, С.​В.​Говіна, С.​В.​Марцэлева, І.​І.​Сачанкі, Б.​В.​Стральцова, М.​Я.​Цікоцкага і інш. даследчыкаў. Выходзілі і выходзяць выданні, прысвечаныя журналісцкай дзейнасці, — «Рабселькор» (1931—33), «У дапамогу работнікам мясцовага друку», «Культура мовы журналістаў» (вып. 1—6, 1982—92), «Веснік БДУ» (серыя IV, з 1969) і інш., выдаюцца зборнікі, манаграфіі і інш. даследаванні.

Літ.:

Цікоцкі М.Я. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст. Мн., 1960;

Марцелев С.В. Печать Советской Белоруссии. Мн., 1967;

Стральцоў Б.В. Публіцыстыка. Жанры. Майстэрства. Мн., 1977;

Булацкі Р.В., Сачанка І.І., Говін С.В. Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979;

Орлова Т.В. Введение в журналистику. Организация работы редакции газеты. Мн., 1989.

С.​В.​Говін.

т. 6, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАДСКІ ЭКАЛАГІЧНЫ РУХ.

Першай афіцыйнай арганізацыяй грамадскага прыродаахоўнага руху на Беларусі з’яўляецца Беларускае таварыства аховы прыроды, засн. ў 1962. З яго ўдзелам вырашаліся многія наспелыя прыродаахоўныя праблемы: абследаванне і аднаўленне старадаўніх паркаў, добраўпарадкаванне і азеляненне гарадоў і інш. населеных пунктаў, аднаўленне і добраўпарадкаванне крыніц, вылучэнне водаахоўных зон рэк і вадаёмаў, захаванне полеахоўных палос, ахова жывёл і раслін, занесеных у Чырвоную кнігу, фарміраванне ў насельніцтва экалагічнага светаўспрымання, беражлівых адносін да прыроды.

На 1.1.2004 у Беларусі зарэгістравана 55 рэспубліканскіх і міжнар. грамадскіх арганізацый, дзейнасць якіх накіравана на прапаганду ідэй аховы навакольнага асяроддзя, гуманных адносін да жывёл, садзейнічанне фарміраванню свядомасці і экалагічна правільных паводзін людзей.

Актыўна працуюць і маюць рэальныя вынікі ў вырашэнні шэрагу прыродаахоўных праблем рэспубліканскія грамадскія арганізацыі.

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, праводзіць работу па прыцягненні ўвагі маладых людзей да пытанняў экалагічнай асветы, прапагандзе экалагічных каштоўнасцей і прыродаахоўнай дзейнасці. Экалагічная ініцыятыва «Белая Русь» (аб’яднанне моладзі) вырашае шырокі спектр экалагічных праблем, вядзе асветную дзейнасць, выдае часопіс «Зялёныя навіны», які асвятляе прыродаахоўныя пытанні. Маладзёжная арганізацыя «Ахова птушак Беларусі» праводзіць работу па ахове арнітафауны, арганізуе штогадовыя экалагічныя кампаніі «Птушка года», што дае добрыя вынікі ў справе аховы прыроды і прапаганды экалагічных каштоўнасцей. Працуюць таксама: «Экаправа» — экалагічная арганізацыя па пытаннях прававых форм удзелу грамадскасці ў вырашэнні прыродаахоўных праблем; «Экадом» — экалагічная арганізацыя па пытаннях асветы ў інтарэсах устойлівага развіцця грамадства; «Экасфера» — арганізацыя па пытаннях утылізацыі назапашаных, але непрыдатных для выкарыстання пестыцыдаў і інш. ядахімікатаў; «Беларускі зялёны крыж» — арганізацыя па правядзенні міжнар. экалагічных фестываляў школьнікаў «Дзень Зямлі», «Беларусь» і інш.

У мэтах забеспячэння ўзаемадзеяння прыродаахоўных органаў і грамадскасці пры Мін-ве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя дзейнічае Грамадскі каардынацыйны савет, у які ўваходзяць прадстаўнікі 17 грамадскіх арганізацый: «Ахова птушак Беларусі», «Бел. асацыяцыя дзяцей і моладзі», «Бел. грамадская арг-цыя «Інваліды Чарнобыля», «Бел. сацыяльна-экалагічны саюз «Чарнобыль», «БТАП», «Бел. экалагічная партыя зялёных».

«Зялёны край», «Міжнар. грамадскае аб’яднанне «Бурэнка», «Наасфера», «Некст Стоп-Нью Лайф», «Цэнтр інфарм. падтрымкі грамадзянскіх ініцыятыў», «Экадом», «Экалагічная ініцыятыва «Белая Русь», «Экалагічны менеджмент», «Экалайн», «Экаправа», «Эка-Інфо». Гэта дае ім магчымасць удзельнічаць у працэсе прыняцця важных рашэнняў экалагічнай палітыкі дзяржавы (нац. планаў дзеянняў, праектаў законаў, нарматыўных прававых актаў і інш.).

Н.​Ю.​Фёдарава.

т. 18, кн. 2, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЗАНЦІНАЗНА́ЎСТВА, візанціністыка,

галіна гістарыяграфіі сярэдніх вякоў; комплекс Навук. якія займаюцца вывучэннем гісторыі, права, мовы і культуры Візантыі. Як асобная галіна аформілася ў 2-й пал. 19 ст., калі ў навуцы ўсталяваўся і сам тэрмін «Візантыя». Цікавасць да Візантыі выявілася яшчэ ў раннім сярэднявеччы ў Арменіі, Грузіі, паўд.-слав. краінах і Стараж. Русі, гіст. лёсы якіх былі цесна звязаны з імперыяй. Ужо ў 10—11 ст. ў паўд. і зах. славян з’явіліся пераклады візант. хронік. У Зах. Еўропе сістэм. вывучэнне гісторыі Візантыі пачалося ў эпоху Адраджэння. У Францыі з сярэдзіны 17 да пач. 18 ст. выдадзены т.зв. Парыжскі шматтомны корпус візант. апавядальных помнікаў. Заснавальнікам навук. візанціназнаўства ў Вялікабрытаніі быў Э.​Гібан. У Германіі з 1828 стаў выходзіць т.зв. Бонскі корпус — «Збор аўтараў па візантыйскай гісторыі» (у 1897 — 50-ы том). У 1892 ням. філолаг і літаратуразнавец К.​Крумбахер заснаваў спец. час.-штогоднік «Byzantinische Zeitschrift» («Візантыйскі часопіс»), які стаў важнейшым арганізуючым цэнтрам міжнар. візанціназнаўства. У Рас. імперыі станаўленне візанціназнаўства завяршылася ў 2-й пал. 19 ст. Асн. ролю ў ім адыграў В.​Р.​Васільеўскі. Ён у 1894 заснаваў час.-штогоднік «Византийский временник», які таксама стаў арганізуючым цэнтрам міжнар. візанціназнаўства. Значны ўклад у развіццё візанціназнаўства зрабілі Ф.​І.​Успенскі, М.​А.​Скабалановіч, Б.​А.​Панчанка, К.​М.​Успенскі і інш. Вял. ролю адыгралі працы Н.​П.​Кандакова па мастацтве Візантыі. Асабліва значнага развіцця дасягнула візанціназнаўства ў перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі і пасля 1945. Узніклі новыя навук. цэнтры і школы візанціназнаўства, у Францыі, ЗША, Аўстрыі і інш. выйшлі новыя спец. выданні [час. А.​Грэгуара, «Byzantion» («Візантыя») у Бельгіі і інш.]. Буйны цэнтр візанціназнаўства склаўся ў ЗША, у ФРГ створана філолага-крыніцазнаўчая школа Ф.​Дзёльгера, Г.​А.​Астрагорскі ў Югаславіі напісаў першы поўны курс візант. гісторыі. У СССР у 1930-я г. буйны арганізац. навук. цэнтр візанціназнаўства пад кіраўніцтвам М.​В.​Леўчанкі створаны ў Ленінградзе, а пасля вайны і ў Маскве (у Ін-це гісторыі АН СССР група візанціназнаўства пад кіраўніцтвам Я.​А.​Касмінскага). Значны ўклад у развіццё візанціназнаўства зрабілі сав. вучоныя З.​В.​Удальцова, Г.​Л.​Курбатаў, Г.​Г.​Літаўрын, В.​М.​Лазараў, В.​Дз.​Ліхачова і інш. Важнейшыя навук. цэнтры сучаснага візанціназнаўства дзейнічаюць пры ун-тах і АН Аўстрыі, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Грэцыі, ЗША, Італіі, Расіі, Францыі і інш. На Беларусі пытанні візанціназнаўства распрацоўваюцца ў БДУ.

Літ.:

История Византии. Т. 1—3. М., 1967;

Удальцова З.В. Советское византиноведение за 50 лет. М., 1969.

т. 4, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛОТАЗНАЎСТВА

Пачатак развіццю балотазнаўства на Беларусі дала экспедыцыя І.​І.​Жылінскага па асушэнні балот Палесся (1873—98). Яе ўдзельнік Г.​І.​Танфільеў апісаў расліннасць палескіх балот і распрацаваў іх першую класіфікацыю. У 1875 В.​В.​Дакучаеў апублікаваў працу «Па пытанню асушэння балот увогуле і ў прыватнасці аб асушэнні Палесся». У 1911 арганізавана Мінская балотная станцыя (з 1930 — Усесаюзны НДІ балотнай гаспадаркі, з 1957 — Бел. НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі, з 1993 — Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства). У 1912—15 у Мінску выдаваўся часопіс «Болотоведение». Супрацоўнікі БСГА А.​Д.​Дубах і Х.​А.​Пісаркоў даследавалі ў 1926—29 прырост сфагнавых імхоў і торфу. Балотную расліннасць вывучалі В.​С.​Палянская, З.​М.​Дзянісаў, В.​А.​Міхайлоўская, гісторыю развіцця і геагр. пашырэнне асобных тыпаў балот даследаваў У.​С.​Дактуроўскі, стратыграфію тарфяных пакладаў — С.​М.​Цюрэмнаў. У 1925—30 закладзены асновы акультурвання балот (А.​Т.​Кірсанаў, М.​Ф.​Лебадзевіч, А.​Ф.​Флёраў). У 1934 арганізаваны Ін-т торфу (з 1990 — Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі). У 1934 складзена першая карта балот Беларусі, распрацавана класіфікацыя тарфяных радовішчаў (Л.​Я.​Лепін). У 1940 выдадзены «Кадастр тарфяных радовішчаў БССР».

Пасля Вял. Айч. вайны пачалося інтэнсіўнае вывучэнне і буйнамаштабнае выкарыстанне торфу на энергетычныя і с.-г. мэты. У 1953 выдадзена праца «Тарфяны фонд Беларускай ССР» з картай. Вывучаліся заканамернасці фарміравання радовішчаў торфу, праводзілася ацэнка іх рэсурсаў, ствараліся спец. рэсурсныя заказнікі тарфяной сыравіны. Праведзена паглыбленае вывучэнне стратыграфіі тарфяных радовішчаў (С.​Г.​Беленькі), узросту балот Беларусі (С.​М.​Цюрэмнаў, М.​І.​Нейштат, А.​П.​Підоплічка і інш.), механізму забалочвання азёр (А.​П.​Підоплічка, М.​А.​Канойка). Складзена карта расліннага покрыва Беларусі, дзе адзначаны балотныя супольніцтвы рознага генезісу (Дз.​С.​Голад). Прапанавана новая класіфікацыя тарфяных пакладаў на аснове іх прыродна-гіст. эвалюцыі (А.​Г.​Дубавец).

З 1990-х г. развіваецца новы кірунак балотазнаўства — балотаводства, мэта якога — выкарыстанне прыродных рэсурсаў балот без парушэння балотаўтваральнага працэсу. Вылучаны 4 кірункі балотаводства: экалагічны (выкарыстанне балот у экалагічных мэтах, аднаўленне парушаных балот), агранамічны (вырошчванне балотных ягадных, лек. і меданосных культур), энергатэхналагічны (вырошчванне хуткарослых раслін на балотах для атрымання біямасы ў тэхн. і энергетычных мэтах), культурна-рэкрэацыйны (выкарыстанне балот як аб’ектаў турызму, навукі і інш.). Распрацаваны «Схема рацыянальнага выкарыстання і аховы тарфяных рэсурсаў Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2010 г.» і аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма «Тарфяны фонд Рэспублікі Беларусь» (І.​Г.​Танавіцкі з супрацоўнікамі). Абгрунтавана неабходнасць дзярж. аховы балот і тарфяных радовішчаў; надання ім статусу ўгоддзяў міжнар. значэння з уключэннем у склад аб’ектаў Сусветнай прыроднай спадчыны; складзены Чырвоны спіс балот Беларусі, які ўключае 230 балот.

Літ.:

Смоляк Л.П., Рубан Н.Н. Сравнительная продуктивность болот Полесья. Мн., 1983;

Смеловский В.Е. Выработанные торфяные месторождения и их использование. Мн., 1988;

Тановицкий И.Г., Обуховский Ю.М. Антропогенные изменения торфяно-болотных комплексов. Мн., 1988;

Развитие исследований в области генезиса, использования и охраны торфяных месторождений // Твердые горючие отложения Беларуси и проблемы охраны окружающей среды. Мн., 1992;

Кухарчик Т.И. Верховые болота Беларуси. Мн., 1996;

Лиштван И.И. Развитие химических наук и наук о земле в Республике Беларусь // 70 лет Национальной академии наук Беларуси. Мн., 2000;

Основные итоги исследований в области генезиса, использования и охраны болот и торфяных месторождений Республики Беларусь // Природопользование. Мн., 2002. Вып. 8;

Биосферно совместимое использование лесных и болотных экосистем. Мн., 2003.

М.​М.​Бамбалаў.

т. 18, кн. 2, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁВЯШЧА́ННЕ,

перадача па радыё розных праграм для неабмежаванай колькасці слухачоў; адзін з асн. аператыўных сродкаў масавай інфармацыі і прапаганды. Ажыццяўляецца праз перадаючыя радыёцэнтры і прымаецца на радыёпрыёмнікі. Вядзецца са студый або інш. памяшканняў, абсталяваных пастаяннай радыёапаратурай, а таксама з плошчаў, вуліц, стадыёнаў, тэатраў і інш. з дапамогай пераносных установак. З 1990-х г. пашырылася кабельнае вяшчанне. Асн. жанры Р.: інфарм.-публіцыстычны (гутарка, інтэрв’ю, каментарый, інфармацыя, рэпартаж), маст.-публіцыстычны (нарыс, кампазіцыя), мастацкі (опера, п’еса). Найб. папулярныя формы Р.: інфарм. праграма, радыётэатр (у т. л. радыёпастаноўка), радыёклуб (часопіс, газета, зборнік). Вядзецца таксама прамая трансляцыя важных грамадска-паліт. падзей, літ. або муз. твораў усіх жанраў і адаптаваных для радыё тэатр. драм. і оперных спектакляў.

Першыя радыёвяшчальныя перадачы ў СССР пачаліся ў 1919 (г. Ніжні Ноўгарад), рэгулярнае Р. з 1924. На Беларусі Р. пачалося са стварэннем у 1924 акц. т-ва «Радыёперадача». Першая перадача Бел. радыё адбылася 15.11.1925 на радыёстанцыі РВ-10 імя Саўнаркома БССР. Трансліраваліся перадачы ў радыусе да 300 км, працягласць — 30 мін у суткі (у Мінску на той час было 20 радыёпрыёмнікаў, пераважна ў клубах). Адкрыццё радыёстанцыі РВ-10 садзейнічала пашырэнню асн. на той час праваднога вяшчання. якое асабліва хутка стала развівацца з 1928. У 1931 на Бел. радыё ўпершыню выкарыстаны апараты гуказапісу. У 1920—30-я г. перадачы вяліся пераважна ў форме радыёгазет. У Вял. Айч. вайну радыёстанцыя «Савецкая Беларусь», якая размяшчалася ў Маскве, вяла перадачы на бел. і рус. мовах для насельніцтва Беларусі, акупіраванай ням. фашыстамі. За перыяд яе існавання (1.1.1942—20.9.1944) адбылося 3270 перадач, якія інфармавалі пра становішча ў краіне і на франтах, перамогі Чырв. Арміі, барацьбу партызан і падпольшчыкаў, выкрывалі злачынствы акупантаў, фаш. прапаганду, дзейнасць калабарацыяністаў, перадавалі матэрыялы для падп. друку, трансліравалі радыёмітынгі, канцэрты бел. музыкі; выступалі таксама дзярж. і парт. дзеячы Беларусі, пісьменнікі і інш.

У 1967 завершана поўная радыёфікацыя Беларусі. Бел. радыё вядзе перадачы па 2 нац. праграмах у мона- і стэрэаварыянтах: 1-я (19 гадз у суткі) і 2-я (18 гадз) рэсп. праграмы, праграмы радыёстанцый «Сталіца» (12 гадз) і «Беларусь» (4 гадз). Трансліруюцца таксама праграмы маскоўскіх радыёстанцый «Маяк» і «Маладзёжны канал». У 1972 пачалося стэрэавяшчанне на ультракароткіх хвалях. У склад Бел. радыё ўваходзяць: дырэкцыя праграм, 6 вяшчальных рэдакцый, інфарм. служба і 2 дырэкцыі — вяшчання на 2-й праграме і радыёстанцыі «Сталіца». У Доме радыё (узведзены ў 1963) 13 студый, з іх 5 вяшчальных, 10 мантажных апаратных, цэнтр. апаратная. У абл. цэнтрах функцыянуе абл. Р., у раёнах пры райвыканкомах працуюць рэдакцыі Р. на чале з карэспандэнтамі-арганізатарамі. З сярэдзіны 1990-х г. існуе праграма, якая дазваляе аператыўна інфармаваць радыёслухачоў пра актуальныя і надзённыя пытанні: сац.-эканам. развіцця краіны, дзярж. будаўніцтва, праблемы Чарнобыльскай катастрофы, мед. абслугоўвання насельніцтва, сац. абароны розных катэгорый грамадзян і інш. З 1962 вядзецца рэгулярнае вяшчанне на кароткіх хвалях на замежныя краіны. Радыёстанцыю «Беларусь» можна слухаць на бел., рус., англ. і ням. мовах у ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Індыі, а таксама ў 20 краінах Зах. Еўропы і Паўн.-Зах. Афрыкі. З 15.6.1998 у дыяпазоне сярэдніх і кароткіх хваль рэтрансліруюцца перадачы на многія рэгіёны Расіі. Праграмы Бел. радыё могуць прымаць таксама жыхары прыгранічных раёнаў Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны. Сярод найб. папулярных перадач Бел. радыё: «У абедзенны перапынак», «На хвалі часу», «Радыёфакт», «Спявай, душа народная», «У сярэду на бяседу», «Сельская раніца», «Вячэрнія зарніцы» і інш. Рэсп. радыё ўваходзіць у склад Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь.

У.​І.​Ядранцаў.

т. 13, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЁТКА (сапр. Пашкевіч Алаіза Сцяпанаўна; 15.7.1876, фальварак Пешчын, цяпер Шчучынскі р-н Гродзенскай вобл. — 17.2.1916),

бел. паэтэса-рэвалюцыянерка. Скончыла Віленскае 7-класнае вучылішча В.​Прозаравай (1901). Настаўнічала ў вёсцы. У 1902—04 вучылася на курсах П.​Лесгафта, у 1904 здала экстэрнам экзамены за курс Аляксандраўскай жан. гімназіі ў Пецярбургу. Вярнуўшыся ў Вільню, працавала фельчарам у Нова-Вілейскай бальніцы. Адна з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускай сацыялістычнай грамады. Арганізоўвала рэв. рабочыя гурткі, пісала вершы, якія распаўсюджваліся як рэв. пракламацыі, выступала з прамовамі па-беларуску на мітынгах і сходах. У 1905 была дэлегаткай ад віленскіх работніц на з’ездзе жанчын у Маскве, актыўна ўдзельнічала ў рэв. маніфестацыях у Вільні, у падзямеллі бальніцы трымала шапірограф. Каб пазбегнуць суд. адказнасці, у канцы 1905 эмігрыравала ў Галіцыю (тады ў складзе Аўстра-Венгрыі). Жыла ў Львове, вучылася на філас. ф-це Львоўскага ун-та. У 1906 у Жоўкве (каля Львова) у друкарні базыльянскага Манастыра надрукавала зб-кі рэв. вершаў «Хрэст на свабоду» і «Скрыпка беларуская». Нелегальна прыязджала на радзіму, удзельнічала ў выданні газ. «Наша доля», у 1-м яе нумары надрукавала апавяд. «Прысяга над крывавымі разорамі». Захварэла на сухоты і выехала ў Закапанэ (Польшча). У 1908—09 жыла ў Кракаве, вучылася на гуманіт. аддз. Ягелонскага ун-та, была чл. рэв. арг-цыі моладзі ун-та «Спуйня» («Згуртаванасць»): Дзеля атрымання навук. ступені выканала працу «Батлейкі на Беларусі і іх сувязь з польскай драматычнай літаратурай». У 1911 выйшла замуж за С.​Кайрыса і вярнулася на радзіму. З тэатрам І.​Буйніцкага як актрыса ездзіла па Беларусі. У 1912 у Вільні, Нова-Вілейцы і Лідзе арганізавала некалькі тайных бел. школ. У 1914 у Мінску заснавала і рэдагавала 1-ы бел. часопіс для дзяцей і моладзі «Лучынка». У час 1-й сусв. вайны сястра міласэрнасці ў тыфозным салдацкім бараку ў Вільні.

Пісаць пачала ў 1902 пад уплывам Ф.​Багушэвіча. У «Каляднай пісанцы на 1904 год» і «Велікоднай пісанцы» (абедзве 1904) надрукавала вершы «Мужыцкая доля», «Мужык не змяніўся», «Нямаш, але будзе», «Музыкант беларускі», прасякнутыя спачуваннем цяжкай долі селяніна. Шырока карысталася нар.-песеннай сімволікай (вобразы музыкі, скрыпкі, дудкі). Для твораў перыяду рэвалюцыі 1905—07 характэрны публіцыстычная завостранасць, рэв. пафас, прамоўніцкія інтанацыі, метафарычнасць і алегорыя. Вершы «Мора», «Хрэст на свабоду», «Вера беларуса» і інш. сталі хрэстаматыйнымі. Упершыню ў бел. паэзіі стварыла вобраз рабочага («Пад штандарам»). Асобны перыяд у яе творчасці складалі вершы 1908—14, дзе пераважалі матывы грамадз. журбы і смутку, тугі па радзіме, выявілася засяроджанасць на долі адзінокага чалавека, зварот да фалькл. вобразаў («З чужыны», «Грайка», «На магіле», «На чужой старонцы», «Арлы-брацця, дайце скрыдлы», «Сірацінка», «Вясковым кабетам», «Гаданне» і інш.). Ц. адна з пачынальніц бел. прозы. Яе апавяданні прасякнуты гуманізмам, спачуваннем да чалавека працы, непрыняццем несправядлівасці («Навагодні ліст», «Зялёнка», «Міхаська», «Асеннія лісты», «Лішняя»). Выступала як публіцыст (арт. «Наша народная беларуская песня», «Як нам вучыцца», «Папараць-кветка» і інш.), нарысіст («Успаміны з паездкі ў Фінляндыю», «З дарогі»), даследчыца гісторыі бел. нар. т-ра (брашура «Праграма для збірання матэрыялаў аб батлейках на Беларусі», Вільня, 1910). Звярталася да моладзі з заклікам шанаваць родную мову, рыхтаваць сябе да грамадскай работы («Да вясковай моладзі беларускай», «Шануйце роднае слова!», «Аб душы маладзёжы»). Аўтар «Першага чытання для дзетак беларусаў» (1906). Помнікі Ц. пастаўлены ў г. Шчучын, г.п. Астрына і ў в. Шастакоўцы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.

Тв.:

Творы. Мн., 1976;

Выбр. творы Мн., 2001.

Літ.:

А. [Навіна А.] Памяці «Цёткі»: (У гадаўшчыну смерці // Гоман. 1917. 6 лют.;

Хлябцэвіч Я. Цётка // Полымя 1924. №3;

Арабей Л. Цётка. Мн., 1956;

Яе ж. Стану песняй. Мн., 1977;

Бярозкін Р. Постаці. Мн., 1971.

Л.​Л.​Арабей.

Цётка.

т. 17, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭОРЫЯ ЗВЫЧАЙНЫХ ДЫФЕРЭНЦЫЯЛЬНЫХ УРАЎНЕННЯЎ

Асобныя даследаванні па гэтай галіне матэматыкі на Беларусі да 1956 вяліся ў БДУ і Мінскім пед. ін-це (М.​І.​Брыш, А.​Дз.​Мышкіс). Сістэматычныя даследаванні па тэорыі звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў пачаліся ў 1950-я г. Ю.​С.​Багданавым і М.​П.​Яругіным, па тэорыі ўстойлівасці — крыху пазней Я.​А.​Барбашыным. Да 1970-х г. даследаванні былі сканцэнтраваны ў Ін-це матэматыкі АН Беларусі і БДУ, у наш час вядуцца таксама ў Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Ін-це прыкладной оптыкі Нац. АН Беларусі, Брэсцкім, Віцебскім, Гомельскім, Гродзенскім, Магілёўскім ун-тах. Стымулюючы ўплыў на развіццё даследаванняў зрабіў арганізаваны М.​П.​Яругіным у 1956 у Мінску ўсесаюзны (з 1992 Рас. АН) часопіс «Дифференциальные уравнения».

У апошнія тры дзесяцігоддзі актыўна развіваюцца аналітычная, асімптатычная і якасная тэорыі звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў, тэорыя ўстойлівасці і матэматычная тэорыя сістэм, тэорыя сістэм Пфафа. У аналітычнай тэорыі вырашана праблема Рымана ў фармулёўцы Лапо-Данілеўскага для двухмернай лінейнай сістэмы фуксава тыпу з 4 асаблівымі пунктамі яе матрыцы каэфіцыентаў; вылучаны класы нелінейных ураўненняў і сістэм з адназначнымі рухомымі асаблівасцямі; для нелінейных сістэм з мераморфнымі правымі часткамі знойдзены ўмовы існавання і метады пабудовы рашэнняў з вызначаным характарам паводзін у наваколлі асаблівых пунктаў; вывучаны аналітычныя ўласцівасці рашэнняў ураўненняў Пенлеве і ўраўненняў вышэйшых парадкаў з уласцівасцю Пенлеве (В.​І.​Громак, С.​Р.​Кандраценя, М.​А.​Лукашэвіч, І.​П.​Мартынаў, У.​У.​Цагельнік, А.​І.​Яблонскі, М.​П.​Яругін). У асімптатычнай тэорыі атрымалі развіццё ўсе асн. раздзелы тэорыі характарыстычных паказчыкаў Ляпунова, у прыватнасці, вырашана праблема ўстойлівасці характарыстычных паказчыкаў, апісаны мноствы ніжніх Перана і раўнамерных Боля паказчыкаў; у метадзе замарожвання даказана дасягальнасць яго ацэнак, атрыманы розныя крытэрыі кіравальнасці характарыстычных паказчыкаў, уведзены паняцці, даследаваны ўласцівасці і прапанаваны алгарытмы вылічэння розных граніц паказчыкаў Ляпунова ўзбураных сістэм, якія выкарыстоўваюцца ў тэорыі ўстойлівасці па лінейным прыбліжэнні; даследаваны асімптатычна эквівалентныя сістэмы, сістэмы Копеля-Конты і Лапо-Данілеўскага, ураўненні Эмдэна—Фаўлера (Ю.​С.​Багданаў, Я.​А.​Барабанаў, І.​В.​Гайшун, М.​А.​Ізобаў, А.​А.​Левакоў, С.​А.​Мазанік, Я.​К.​Макараў, Р.А.

Прохарава, В.​А.​Рабцэвіч). У якаснай тэорыі атрымалі далейшае развіццё метады біфуркацыйнага аналізу, дакладнай ацэнкі колькасці лімітавых цыклаў, вылічэння фокусных велічынь і знаходжання ўмоў цэнтра, а таксама ізахроннасці цэнтра аўтаномных сістэм (У.​В.​Амелькін, А.​П.​Вараб’ёў, М.​А.​Лукашэвіч, В.​Г.​Раманоўскі, А.​П.​Садоўскі, Л.​А.​Чэркас, А.​І.​Яблонскі). Распрацаваны канструктыўныя метады пабудовы і даследавання перыядычных і амаль перыядычных рашэнняў лінейных і нелінейных неаўтаномных сістэм (А.​К.​Дземянчук, В.​М.​Лапцінскі, У.​І.​Міроненка). У тэорыі ўстойлівасці распрацаваны метады пабудовы функцый і функцыяналаў Ляпунова для звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў і ўраўненняў з паслядзеяннем; вырашана частковая і ў некрытычным выпадку агульная задачы Ляпунова пра экспаненцыяльную ўстойлівасць па лінейным прыбліжэнні (Я.​А.​Барбашын, І.​В.​Гайшун, М.​А.​Ізобаў, Л.​Б.​Княжышча). У тэорыі сістэм Пфафа вывучаны асімптатычныя ўласцівасці рашэнняў, будова характарыстычных і ніжніх характарыстычных мностваў лінейных сістэм Пфафа і іх рашэнняў; даказана поўная інтэгравальнасць сістэм Пфафа ў варыяцыях (У.​В.​Амелькін, І.​В.​Гайшун, Э.​І.​Груда, М.​А.​Ізобаў, М.​В.​Кажэра, Я.​К.​Макараў).

Літ.:

Гайшун И.В. Введение в теорию линейных нестационарных систем. Мн., 1999;

Яго ж. Линейные уравнения в полных производных. Мн., 1989;

Gromak V.I., Laine I., Simomura S. Painleve Differential Equations in the Complex Plane. Berlin; New York, 2002; Изобов Н.А. Исследования в Беларуси по теории характеристических показателей Ляпунова и ее приложениям // Дифференциальные уравнения. 1993. Т. 29, № 12; Черкас Л.А. Функция Дюлака полиномиальных автономных систем на плоскости // Там жа. 1997. Т 33, №5.

М.​А.​Ізобаў.

т. 18, кн. 2, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЯЗНАЎСТВА

Першыя звесткі краязнаўчага характару пра Беларусь вядомы з 15—17 ст. Яны маюцца ў летапісах і хроніках, у т. л. ў Хроніцы Быхаўца (16 ст.), «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» (1582), «Баркулабаўскай хроніцы» (пач. 17 ст.). Каштоўнымі краязнаўчымі крыніцамі з’яўляюцца паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра» (1523), «Зборнік прыказак і прымавак» (Любча, 1618). Звесткі апісальнага характару ёсць у шматлікіх дзённіках (дыярыушах), у мемуарах падарожнікаў, што наведвалі Беларусь у 15—17 ст. Больш грунтоўнае вывучэнне краю пачалося ў канцы 18—19 ст., калі выкарыстоўваліся багатыя зборы бібліятэк, архіваў, карцінных галерэй, нумізматычных, мінералагічных і інш. калекцый, якія меліся ў рэзідэнцыях магнатаў, пры некаторых манастырах і навуч. установах. Пры Гродзенскай урачэбнай акадэміі былі батанічны сад (першы ва Усх. Еўропе) і заалагічны музей з калекцыяй у 10 тыс. экспанатаў. У 1786 А.​Меер склаў «Апісанне Крычаўскага графства або былога староства». Краязнаўчая інфармацыя ёсць у «Гісторыі літоўскага народа» (т. 1—9, 1835—41) Т.​Нарбута, у працы М.​В.​Без-Карніловіча «Гістарычныя звесткі пра выдатныя мясціны на Беларусі з дадаткам іншых звестак, якія да яе ж адносяцца» (1855). Зборы музея братоў К.П. і Я.​П.​Тышкевічаў у Лагойску сталі асновай для стварэння Віленскага музея старажытнасцей. У Паставах К.​Тызенгаўз арганізаваў арніталагічны музей. У канцы 18 ст. Віленскі ун-т праводзіў на тэр. Беларусі батанічна-заалагічныя даследаванні. У 19 ст. разам з археалагічнымі, этнаграфічнымі і фальклорнымі даследаваннямі публікаваліся і краязнаўчыя матэрыялы. Прыкметную ролю ў станаўленні краязнаўства ў 1-й пал. 19 ст. адыгралі гурткі пры Віленскім ун-це, Віленскае т-ва дабрачыннасці, Бел. вольнае эканамічнае т-ва ў Віцебску. У 2-й пал. 19 ст. сабраны багатыя гербарыі раслін Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Віцебскай, Віленскай губ. З сярэдзіны 19 ст. вяліся кліматычныя, гідралагічныя і феналагічныя назіранні. Іх праводзілі ў Маладзечанскай і Нясвіжскай настаўніцкіх семінарыях, у многіх гімназіях. У Віцебску і Полацку былі адкрыты музеі лясной гаспадаркі. Своеасаблівымі краязнаўчымі даследаваннямі з’яўляюцца асобныя творы тагачасных паэтаў і пісьменнікаў. Вынікі краязнаўчых даследаванняў друкавалі Віленская археалагічная і археаграфічная камісіі, Паўн.-Зах. аддзел Рускага геагр. т-ва «Віленскі фармацэўтычны часопіс», «Памятныя кнігі губерняў», шматлікія календары. К.​А.​Буйніцкі склаў апісанне Зах. Дзвіны. У 1860-я г. выдадзены шматтомныя «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраныя афіцэрамі Генеральнага штаба». Выйшла серыя прац Г.​К.​Крэера па геабатанічным даследаванні лугоў Магілёўшчыны. У працы бел. урачоў А.​А.​Бекарэвіча, П.​А.​Грацыянава, В.​В.​Кошалева і інш. змешчаны медыка-геагр. характарыстыкі Бабруйска, Барысава, Магілёва, Мазыра, Мінска, Навагрудка, Пінска, Рэчыцы, Слуцка і асобных паветаў. У 1901 М.​М.​Арнольд апублікаваў «Каталог насякомых Магілёўскай губерні».

У 1908 пры Мінскай епархіі створаны Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт, у 1911 — Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага ін-та, у 1912 — Мінскае т-ва аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. Выдаваліся шматлікія тэматычныя зборнікі. Матэрыялы краязнаўчага характару друкаваліся ў «Записках. Северо-Западного отдела Русского географического общества», у газ. «Наша ніва». Краязнаўчыя студэнцкія гурткі па вывучэнні Беларусі існавалі пры многіх ВНУ Расіі, у т. л. Бел. навукова-літ. гурток (1912) пры Пецярбургскім ун-це. У канцы 19 — пач. 20 ст. склалася плеяда бел. краязнаўцаў: Я.​Ф.​Арлоўскі, А.​Я.​Багдановіч, М.​В.​Доўнар-Запольскі, А.​К.​Ельскі, У.​З.​Завітневіч, Я.​Ф.​Карскі, Ю.​Ф.​Крачкоўскі, В.​Ю.​Ластоўскі, І.​І.​Луцкевіч, Ф.​В.​Пакроўскі, Е.​Р.​Раманаў, Г.​Х.​Татур, А.​М.​Уласаў і інш.

У Беларускай ССР у 1920-я г. краязнаўчыя аб’яднанні ствараліся пры навуч. і навук. установах, аддзелах нар. асветы, у т. л. Бел. вольна-эканамічнае т-ва (1921). З 1922 каардынацыйным цэнтрам краязнаўчых арганізацый стаў Ін т бел. культуры, пры якім існавала Цэнтр. бюро краязнаўства (ЦБК). У лістападзе 1924 адбылася 1-я Усебел. краязнаўчая канферэнцыя, у лютым 1926—1-ы Усебел. краязнаўчы з’езд. З кастрычніка 1925 ЦБК выдавала штомесячны час. «Наш край» (у 1930—33 «Савецкая краіна»). Выходзілі мясцовыя неперыядычныя зборнікі «Віцебшчына», «Полаччына» і інш. Удзел у краязнаўчым руху прымалі бел. пісьменнікі і вучоныя З.​Бядуля, Д.​М.​Васілеўскі, М.​І.​Гарэцкі, В.​Д.​Дружчыц, З.​Х.​Жылуновіч (Ц.​Гартны), У.​М.​Ігнатоўскі, М.​І.​Каспяровіч, Я.​Колас, К.​Крапіва, У.​І.​Пічэта, М.​М.​Улашчык, А.​А.​Шлюбскі, М.​М.​Шчакаціхін і інш. Прыродазнаўчыя кірункі курыравалі навукоўцы Бел. с.-г. акадэміі ў Горы-Горках. Вялікае значэнне краязнаўцы надавалі вывучэнню прыродных рэсурсаў Беларусі. Краязнаўчыя таварыствы рыхтавалі і выдавалі працы па краязнаўчым апісанні асобных раёнаў і акруг Беларусі: «Віцебшчына. Неперыядычны зборнік Віцебскага акруговага таварыства краязнаўства» (Віцебск, т. 1—2, 1925—28), «Случчына. Першы зборнік Слуцкага таварыства краязнаўства» (Слуцк, 1930). Да гэтага часу адносяцца працы бел. краязнаўцаў М.​В.​Азбукіна, М.​А.​Грамыкі, М.​І.​Збіткоўскага, В.​М.​Палянскай, П.​А.​Самцэвіча і інш.

Развівалася краязнаўства і ў Зах. Беларусі. У многіх гарадах існавалі філіі Польскага краязнаўчага т-ва, мясцовыя краязнаўчыя аб’яднанні, ствараліся краязнаўчыя музеі (Гродзенскі гістарычны, 1922; Пінскі, 1924; Баранавіцкі і Слонімскі, 1929). Геабатанічныя назіранні праводзілі навучэнцы бел. гімназій. Вывучэннем заходнебел. краю займаліся Бел. навук. т-ва, Бел. ін-т гаспадаркі і культуры, Бел. музей імя І.​Луцкевіча, Бел. навукова-краязнаўчае т-ва ў Латвіі (1920—40-я г.). У ліку актыўных краязнаўцаў Зах. Беларусі былі навукоўцы, мастакі, грамадскія дзеячы: Я.​Булгак, Л.​І.​Вітан-Дубейкоўскі, Я.​Н.​Драздовіч, А.​І.​Луцкевіч, М.​Манцэвіч, В.​Мароз, П.​Прадуха, У.​І.​Самойла, П.​Сергіевіч, Б.​А.​Тарашкевіч, М.​Тулейка, М.​Якімец і інш.

У пасляваенныя гады ўвага краязнаўцаў скіроўвалася пераважна на пошукавую працу: даследаванні падзей гісторыі Вял. Айч. вайны, партыз. руху на Беларусі. Адкрыты шэраг краязнаўчых музеяў: Баранавіцкі (1946), Мазырскі (1949), Слуцкі (1952), Лепельскі (1954), Мінскі (1959), Веткаўскі музей нар. творчасці (1978) і інш. У наш час краязнаўствам займаюцца Бел. добраахвотнае т-ва аховы помнікаў гісторыі і культуры, Бел. т-ва аховы прыроды, Бел. фонд культуры, Т-ва бел. мовы імя Ф.​Скарыны і інш. Вывучэнню краю спрыяюць раённыя краязнаўчыя канферэнцыі (Браслаў, Навагрудак). Акрамя краязнаўчых музеяў краязнаўчыя матэрыялы збіраюць, апрацоўваюць, захоўваюць і прапагандуюць метэаралагічныя, аграметэаралагічныя, аэралагічныя станцыі, гідраметэаралагічныя абсерваторыі, аграметэаралагічныя пасты, сельскагаспадарчыя доследныя станцыі, архівы, мясц. ведамствы і ўстановы па каранціне сельскагаспадарчых раслін і інш. Найб. масавым з’яўляецца школьны краязнаўчы рух. Пры школах працуюць краязнаўчыя гурткі, атрады следапытаў, «зялёныя» і «блакітныя» патрулі, школьныя лясніцтвы, прыродазнаўчыя музеі. Існуюць краязнаўчыя аддзелы пры некаторых бібліятэках. Вынікі краязнаўчых даследаванняў надрукаваны ў «Энцыклапедыі прыроды Беларусі» (т. 1—5, 1983—86), «Зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, 1984—88), «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі» (т. 1—5, 1984—87), «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (т. 1—6, 1993—2003), у шматтомнай серыі кніг «Памяць». Праблемы краязнаўства асвятляюцца ў перыяд. выданнях: часопісах «Родная прырода» (з 1972), «Беларускі гістарычны часопіс» (з 1993), «Беларуская мінуўшчына» (з 1993), «Беларускі гістарычны агляд» (з 1994), «Падарожнік» (у ім змяшчаецца дадатак «Наш край» як працяг часопіса, што выдаваўся ў 1930-я г.), у бюлетэні «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (з 1970, з 1989 час. «Спадчына»), у альманахах «Магілёўская даўніна», «Палессе» і інш., у рэсп. («Краязнаўчая газета», з 2003), абл. і раённых газетах, у навукова-краязнаўчых зборніках і інш. Уклад у краязнаўства пасляваен. перыяду зрабілі А.​М.​Белакоз, А.​П.​Грыцкевіч, В.​П.​Грыцкевіч, Л.​У.​Дучыц, М.​І.​Ермаловіч, Э.​М.​Загарульскі, У.​Ф.​Ісаенка, Л.​Р.​Казлоў, У.​А.​Калеснік, А.​К.​Каўка, Г.​А.​Каханоўскі, Г.​В.​Кісялёў, Ю.​А.​Лабынцаў, А.​І.​Мальдзіс, М.​Ф.​Мельнікаў, В.​Л.​Насевіч, В.​У.​Скалабан, М.​А.​Ткачоў, М.​М.​Улашчык, Ю.​А.​Якімовіч і інш. Гл. таксама Краязнаўства.

Літ.:

Грыцкевіч В.П., Мальдзіс А.І. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980;

Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;

Алексеев Л.В. Археология и краеведение Белоруссии XVI в. — 30-е гг. XX в. Мн., 1996.

Г.​А.​Каханоўскі, Л.​В.​Трэпет, В.​В.​Грычык, А.​М.​Іода.

т. 18, кн. 2, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)