НУРА́ГА,

тып вежы, адметны цыклапічнай муроўкай. Пашыраны на в-ве Сардзінія з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. да захопу яго Рымам. Уяўляюць сабой умацаваныя жытлы і культавыя месцы. Н. расшыраюцца кнізу, звычайна маюць 2 паверхі. Кожны яе ярус — акруглы пакой, часам з бакавымі памяшканнямі, столь утвараецца ступеньчатым скляпеннем. Многія Н. былі абкружаны дамамі. Выкарыстоўваліся як абарончыя збудаванні, з імі таксама звязаны некропалі Сардзініі.

І.​М.​Язэпенка.

т. 11, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВО́ЛЖА,

тэрыторыя, якая прылягае да сярэдняга і ніжняга цячэння р. Волга і эканамічна звязаная з ёю. У межах П. вылучаюць прыўзнятае правабярэжжа (з Прыволжскім узвышшам) і нізіннае левабярэжжа, т. зв. Заволжа. Да П. часам адносяць таксама раёны, якія знаходзяцца ў верхнім цячэнні Волгі (ад яе вытокаў да вусця р. Ака). Пры эканам. раянаванні ў П. ўключаюць Калмыкію, Татарстан, Астраханскую, Валгаградскую, Пензенскую, Самарскую, Саратаўскую і Ульянаўскую вобл.

т. 11, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНА́ТЫ,

у старажытнарымскай міфалогіі багі-захавальнікі і апекуны хатняга ачага, пазней — усяго рым. народа. Разам з ларамі (з якімі іх часам атаясамлівалі) П. былі сімваламі роднага дому. Кожная сям’я мела звычайна двух П., іх выявы змяшчалі каля ачага. Месцам знаходжання агульнадзярж. П. лічыўся храм Весты ў Рыме, дзе вярх. жрэц прыносіў ім ахвяры. У пераносным сэнсе П. — хатні ачаг, родны дом (адсюль выраз «вярнуцца да сваіх пенатаў»).

т. 12, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНЕПЛЕ́Н (англ. peneplain ад лац. paene амаль + англ. plain раўніна),

слабахвалістая, месцамі амаль роўная дэнудацыйна-акумулятыўная раўніна. Утвараецца ў выніку разбурэння горнай краіны экзагеннымі прыроднымі працэсамі (пераважна верт. дэнудацыі) ва ўмовах гуміднага клімату і адноснага тэктанічнага спакою. П. часта пакрыты карой выветрывання (таўшчыня часам больш за 100 м). Вельмі пашыраны ў межах Казахскага драбнасопачніка. Ва ўмовах арыднага клімату ўтвараецца разнавіднасць П. — педыплен (раўніна падножжаў).

т. 12, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДЖА́ПАЦІ,

у старажытнаіндыйскай міфалогіі бог — творца ўсяго існага. Лічылася, што ён ўзнік як залаты зародак і зрабіўся адзіным валадаром існага. П. падтрымаў зямлю і неба, умацаваў сонца, вымераў прастору, даў жыццё і сілу. Ён валадарыць над двухногімі і чатырохногімі, яго рукі — бакі свету. Часам П. атаясамліваюць з Брахмай, вобраз якога разам з вобразамі інш. багоў-творцаў у пазнейшыя часы выцесніў вобраз П. ва ўсіх яго функцыях.

т. 12, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЫСЛО́ВЫ ВУ́ЗЕЛ,

спалучэнне прамысловых прадпрыемстваў, аб’яднаных паміж сабой цеснымі вытв. і вытв.-тэхнал. сувязямі, адзінай вытв. інфраструктурай, агульнасцю трансп., геагр. размяшчэння ў межах аднаго або некалькіх блізкіх адзін ад аднаго нас. пунктаў (гарадоў, гар. пасёлкаў і інш.). Таксама наз. група прадпрыемстваў галіны прам-сці, размешчаных на адной пляцоўцы, пабудаваных паводле адзінага плана і аб’яднаных агульнай інфраструктурай, часам узаемнымі вытв. сувязямі. Гл, таксама Канцэнтрацыя вытворчасці, Канцэрн.

т. 13, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУАПЕ́ХУ (Ruapehu),

дзеючы вулкан у цэнтр. ч. Паўночнага в-ва Новай Зеландыі. Самая высокая вяршыня на Вулканічным плато, выш. 2796 м. Уяўляе сабой усечаны конус, складзены з андэзітаў. Мае 2 кратэры, адзін з іх запоўнены гарачай вадой, якая часам закіпае. На схілах лясы з чырв. буку і хмызнякі, вышэй за 1700—2000 м снягі, ледавікі. Уваходзіць у нац. парк Тангарыра, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 13, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБІ́ЛА,

прылада працы стараж. чалавека, якая выкарыстоўвалася ў эпоху ніжняга палеаліту (шэльская і ашэльская культуры). Выраблялася з каменю двухбаковай адбіўкай. Мела міндале- або коп’епадобную, часам авальную форму. Адзін канец Р. быў завостраны з зігзагападобнымі лёзамі па баках, другі — авальны, часта неапрацаваны. Памеры да 20 см. Падобнае на Р. вастрыё знойдзена на адным з самых стараж. паселішчаў на тэр. Беларусі — Бердыжы.

Ашэльскае рубіла (900—100 тыс. г. назад).

т. 13, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДНІКО́ВЫ ГАЗ,

гаручы газ, што вылучаецца звычайна ў кам.-вуг. шахтах. Бясколерны, лягчэйшы за паветра. Асн. кампанент — метан, мае таксама азот, вадарод, інертныя і інш. газы. Утвараецца ў радовішчах карысных выкапняў з арган. рэчываў пры гніенні, пад уздзеяннем цяпла, ціску, часам радыяцыі. У сумесі з паветрам выбухованебяспечны. Наяўнасць Р.г. ў рудніковай атмасферы (дапушчальная канцэнтрацыя 0,5—2% па аб’ёме) зніжае канцэнтрацыю кіслароду і можа прывесці да ўдушша.

т. 13, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТЛАСІ́ЛА,

фізічная велічыня, роўная адносінам асветленасці відарыса прадмета, утворанага аптычнай прыладай, да яркасці прадмета; характарыстыка аптычнай прылады. Часам за С. прымаюць лікавае значэнне адноснай адтуліны — адносін дыяметра найб. дыяфрагмы аб’ектыва да яго фокуснай адлегласці. Для аб’ектыва С. прымаецца роўнай τS/f​2, дзе τ < 1 — каэфіцыент прапускання аб’ектыва, залежны ад страт, звязаных з адбіццём святла і паглынаннем святла, S — плошча адтуліны апертурнай дыяфрагмы, f — фокусная адлегласць аб’ектыва.

т. 14, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)