аўстралійскі пісьменнік. Літ. дзейнасць пачаў у 1920-я г. Вядомасць набыў аўтабіягр. трылогіяй «Я магу скакаць цераз лужыны» (1955, экранізацыя 1970), «Гэта трава, што расце ўсюды» (1962), «У сэрцы маім» (1963), у цэнтры якой гісторыя дзяцінства і юнацтва, барацьбы з хваробай, выбар жыццёвага шляху. Аўтар зб-каў апавяд. «Раскажы нам пра індыка, Джо» (1946), «Як ты там, Эндзі?» (1956), «Дзікія чырвоныя коні» (1976), «Людзі мары» (1978), кніг нарысаў «Мы таксама людзі» (1948), «Аўстралія Алана Маршала» (1981), твораў пра дзяцей і жывёл. Сабраў і апрацаваў легенды і міфы абарыгенаў (зб. «Людзі з давён-даўна», 1952). На бел. мову прытчу М. пра абарыгенаў «Дынга і Кенгуру» пераклаў Я.Семяжон.
Тв.:
Рус.пер. — Страдай молча. М., 1966;
Я умею прыгать через лужи: Повесть.Рассказы. Легенды. 2 изд. М., 1982.
адзін з кіраўнікоў барацьбы за незалежнасць ісп. калоній у Паўд. Амерыцы. Генералісімус Венесуэлы (1812). Скончыў ун-т у Каракасе (1764). З 1773 у ісп. арміі. З пач. 1780-х г. удзельнік антыісп. сепаратысцкага руху. У 1783 эмігрыраваў у Паўн. Амерыку, дзе ўдзельнічаў у барацьбе за незалежнасць англ. калоній. У 1786—87 у Расіі вёў перагаворы пра фін. дапамогу і дыпламат. падтрымку. У 1792—97 у Францыі, зблізіўся з жырандыстамі і ўступіў у франц. армію. З 1798 у Англіі, потым у ЗША. У 1806 арганізаваў няўдалую экспедыцыю ў Венесуэлу з мэтай узняць там паўстанне. У 1810 узначаліў барацьбу за незалежнасць Венесуэлы. У пач. 1812 кангрэс краіны даў яму паўнамоцтвы дыктатара. Пасля паражэння венесуэльскай арміі (ліп. 1812) высланы ісп. ўладамі ў Іспанію, дзе і памёр у турме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РЛІК (Піліп Сцяпанавіч) (22.10.1672, в. Касута Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 25.5.1742),
украінскі дзярж. дзеяч. З бел. шляхецкага роду герба «Навіна». Вучыўся ў Кіева-Магілянскім калегіуме. Служыў у ген.вайск. канцылярыі Левабярэжнай Украіны, у 1702—08 ген. пісар. Атрымаў у пасаг значныя маёнткі на Палтаўшчыне. У час Паўночнай вайны 1700—21 прыхільнік швед. пратэктарату над Украінай. У 1708 разам з гетманам І.Мазепам і часткай казацкай старшыны перайшоў на бок шведаў. Пасля Палтаўскай бітвы 1709 разам з Мазепам і швед. каралём Карлам XII уцёк у тур. ўладанні. Там у 1710 пасля смерці Мазепы абвешчаны яго прыхільнікамі ўкр. гетманам. У 1711 удзельнічаў у паходзе крымскіх татар на Украіну. У 1714—20 жыў у Швецыі, потым у Германіі, Польшчы, Францыі. Падбіваў многія дзяржавы на інтэрвенцыю супраць Расіі. Аўтар мемуараў. Імя О. згадваецца ва ўкр.нар. думах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЁТР ПЕТРЭ́Й ДЭ ЭРЛЕЗУ́НДА, Персан Пер (лац. Petrus Petrejus, швед. Peer Persson; 1577, г. Упсала, Швецыя — 1622),
шведскі дыпламат і гісторык. З 1595 на дзярж. службе. У 1605—11 тройчы наведваў Рас. дзяржаву. У 1614 пачаў працу па гісторыі Расіі ад стараж. часоў да 1612 (выд. ў 1615 у Стакгольме на швед. мове), пасля давёў яе да 1617 (выд. ў 1620 у Лейпцыгу на ням. мове). Значная ч. яго працы прысвечана адносінам паміж Расіяй і ВКЛ у 16 — пач. 17 ст. Назву Белая Русь ён выводзіў ад адзення жыхароў: «Адна мясціна ў гэтай краіне называецца Беларуссю, таму што там мужчыны ўлетку носяць на галовах белыя шапкі, а жанчыны фарбуюць і падводзяць сабе твар бяліламі...». У яго працы шмат некрытычных запазычанняў з сачыненняў З.Герберштэйна, А.Гваньіні і асабліва з хронікі Бусава, аднак шмат і самастойных назіранняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВІЛА АПЯРЭ́ДЖВАННЯ, правіла пастаянства месца пражывання,
заканамернасць, адпаведна якой паўн. вільгацелюбівыя расліны ў межах паўд. граніцы свайго арэала размяшчаюцца на паўн. схілах і на дне лагчын, а паўд. па меры руху на Пн пераходзяць на паўд. схілы, якія лепш праграваюцца. Вызначана рас. батанікам В.В.Алёхіным (1951).
Найб. праяўляецца П.а. на паўд. і паўн. межах лясной зоны. Напр., на паўд. схілах з сярэдняй тайгі далёка на Пн пранікаюць ельнікі-чарнічнікі і ельнікі-кіслічнікі. У Якуціі на паўн. схілах растуць холадатрывалыя лясы лістоўніцы даурскай, а паўд. схілы пакрыты хваёвымі лясамі. Адхіленні маюць адносны характар і звязаны з вуглом падзення сонечных праменяў. П.а. мае практ. значэнне для картаграфавання сучаснага і адноўленага расліннага покрыва, дазваляе прагназіраваць склад расліннасці на неабследаваных месцах і аднаўляць яе папярэдні склад там, дзе яна знішчана. П.а. можа праяўляцца і ў адносінах да жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТЭКТАРА́Т (ад лац. protektor абаронца, заступнік),
форма залежнасці адной дзяржавы ад другой. Пры П. фармальна захоўвалася бачнасць дзяржаўнасці, але за пратэктарам прызнаваліся шырокія правы і паўнамоцтвы на ўмяшанне ва ўнутр. справы дзяржавы, якая пратэжыруецца. Пратэктар, як правіла, прысвойваў сабе многія сферы дзярж. дзейнасці: знешнія зносіны, вярх.ваен. камандаванне, правасуддзе, збіранне некаторых падаткаў і інш. Усе гэтыя функцыі кіравання былі падсправаздачныя рэзідэнту пратэктара. П. быў этапам на шляху ўстанаўлення каланіяльнага панавання ў дзяржавах, супраціўленне якіх каланізатарам не ўдавалася адразу і поўнасцю пераадолець. Напр., у Мадагаскары П. 1885—96 папярэднічаў устанаўленню Францыяй там свайго каланіяльнага панавання; японскі П., устаноўлены ў Карэі ў 1905, папярэднічаў яе анексіі ў 1910. Нацысцкая Германія ўстанавіла свой П. у Чэхіі і Маравіі пасля таго, як акупіравала іх. У канцы 20 ст. П., як і любая форма каланіяльнай залежнасці, не існуе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛАВО́Е ПО́ЛЕ,
частка прасторы (абмежаваная ці неабмежаваная), у кожным пункце якой на змешчаны там матэрыяльны пункт (часціцу) дзейнічае вызначаная сіла. Характарыстыкі С.п. могуць залежаць толькі ад каардынат (стацыянарнае С.п.), ад каардынат і часу (нестацыянарнае С.п.) ці мець пастаяннае значэнне ва ўсіх пунктах С.п. (аднароднае С.п.), незалежнае ад каардынат і часу.
С.п., у якім работа сіл поля, што дзейнічаюць на рухомую часціцу, залежыць толькі ад пачатковага і канцавога месцазнаходжанняў гэтай часціцы і не залежыць ад віду яе траекторыі, наз. патэнцыяльным, кожны пункт якога характарызуецца пэўным значэннем патэнцыялу. Напр., гравітацыйнае поле, электрамагнітнае поле. Работу сіл такога поля можна выразіць праз патэнцыяльную энергію часціцы U(x, y, z): A = U(x1, y1, z1) − U(x2, y2, z2), дзе x1, y1, z1, і x2, y2, z2 — каардынаты пачатковага і канцавога пунктаў траекторыі часціцы адпаведна. Гл. таксама Поле фізічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛО́Ў (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 25.8.1953, г. Полацк),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1975). З 1988 у выд-ве «Мастацкая літаратура». З 1989 віцэ-прэзідэнт Бел. ПЭН-клуба. Друкуецца з 1976. Дэбютаваў вершамі. У прозе распрацоўвае гіст. тэматыку: «Добры дзень, мая Шыпшына» (1986, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986), «Дзень, калі ўпала страла» (1988), «Асветніца з роду Усяслава: Ефрасіння Полацкая» (1989), «Рандэву на манеўрах», «Ефрасіння Полацкая», «Прысуд выканаў невядомы: Ігнат Грынявіцкі» (усе 1992), «Міласць князя Гераніма» (1993), «Пяць мужчын у леснічоўцы», «Таямніцы полацкай гісторыі» (абедзве 1994). Героі яго твораў — патрыёты роднай зямлі, славутыя людзі Беларусі, якія памнажалі яе славу і гонар, не шкадавалі свайго жыцця дзеля шчасця Бацькаўшчыны. Аўтар зб. вершаў у прозе «Там, за дзвярыма» (1991), кн.літ.-публіцыст. артыкулаў і эсэ «Совершенно секретно», або Адзін у трох іпастасях» (1992), «Мой радавод да пятага калена» (1993). Перакладае з рус., укр., фінскай моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАШЛА́Р, Башляр (Bachelard) Гастон (27.6.1884, г. Бар-сюр-Об, Францыя — 16.10.1962), французскі філосаф, заснавальнік неарацыяналізму. У 1919—30 праф. у калежы Бар-сюр-Об. З 1940 кіраваў кафедрай гісторыі і філасофіі навук у Сарбоне, потым — Ін-там гісторыі навук. У сваіх творах Башлар падкрэсліваў дыялектычны характар сучаснай некласічнай навукі; вылучаў яе «ўнутраную» дыялектыку (праяўляецца найперш у сферы чыстай аксіяматыкі), «знешнюю» (ахоплівае пераважна працэсы эмпірычнага даследавання) і іх «налажэнне» («вышэйшы сінтэз», у выніку якога ажыццяўляецца не простае аб’яднанне супрацьлегласцяў, а змястоўна больш шырокая сістэматызацыя ведаў). Сваё філас. вучэнне называў тэхн. рацыяналізмам, лічыў, што змест пазнавальных дзеянняў вучонага і іх вынікі знаходзяцца ў залежнасці ад законаў тэхн. творчасці. Паводле Башлара, творчыя здольнасці чалавека маюць гіст. характар, але іх вытокі ў глыбінных архетыпах бессвядомага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1918.
Адбылася 25—28.1.1918 у Вільні. Склікана Арганізац. к-там, у які ўваходзілі прадстаўнікі розных сац. колаў і бел. арг-цый з акупіраванай Германіяй тэр. Беларусі. Правядзенне канферэнцыі выклікана неабходнасцю ўзгадніць мэты розных бел. арг-цый, «апрацаваць асновы беларускага народнага прадстаўніцтва» і «палажыць першы камень пад будоўлю нашай гасударственнай будучыні». Дэлегатам належала разгледзець 2 канцэпцыі: выпрацаваную ў вер. 1917 канферэнцыяй Бел.нар.к-та, Бел. сацыял-дэмакр. работніцкай групы і Віленскага к-таБел.сацыяліст. грамады і выпрацаваную арг-цыяй Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. Пасля ўзгаднення сваіх пазіцый бел. арг-цыі не адмовіліся ад ідэі Бел.-Літ. дзяржавы, якая павінна была стаць канфедэрацыяй 2 аўт. тэрыторый — беларускай і літоўскай; у склад канфедэрацыі павінны былі ўвайсці ўсе бел. і ўсе літ. землі. Беларуская канферэнцыя абрала каардынацыйны цэнтр бел. арг-цый і іх прадстаўнічы орган — Віленскую беларускую раду.