ГЛЕ́БАВЫ ПРО́ФІЛЬ,
вертыкальны разрэз глебавай тоўшчы ад паверхні да мацярынскай пароды. Мае слаістую будову, утварае сукупнасць генетычна ўзаемазвязаных глебавых гарызонтаў і падгарызонтаў. Магутнасць ад дзесяткаў сантыметраў да некалькіх метраў. Паводле глебавага профілю вызначаюцца назвы глеб і іх месца ў глебавай класіфікацыі. Адрозніваюць прыродныя і змененыя дзейнасцю чалавека глебавыя профілі (меліяраваныя, акультураныя і інш.). Кожны від глебы мае свой спецыфічны глебавы профіль і яго будову. Паводле характару суадносін глебавых гарызонтаў глебавыя профілі падзяляюць на простыя і складаныя, сярод якіх вылучаюць некалькі тыпаў будовы: прымітыўныя, нармальныя, слабадыферэнцыраваныя, парушаныя (эрадзіраваныя і перагорнутыя), рэліктавыя і інш.
Н.М.Івахненка.
т. 5, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАГРАФІ́ЧНАЯ СЕ́ТКА,
сукупнасць вадацёкаў і вадаёмаў пэўнай тэрыторыі ці ўсёй сушы. Характарызуецца гушчынёй рачной сеткі (даўж. рачной сеткі на 1 км² плошчы), азёрнасцю і забалочанасцю (адносіны плошчы люстра азёр або паверхні балот да плошчы басейна ў працэнтах). Асаблівасці гідраграфічнай сеткі абумоўлены фіз.-геагр. ўмовамі: кліматам, рэльефам, геал. будовай і інш. На Беларусі гідраграфічную сетку складаюць 20,8 тыс. рэк і ручаёў агульнай даўж. 90,6 тыс. км, 11 тыс. азёр, 145 вадасховішчаў, 1600 сажалак, 7 тыс. балот. Сярэдняя гушчыня рачной сеткі 0,48 км/км², адкрытай асушальнай сеткі 0,75 км/км², азёрнасць каля 1,2%, забалочанасць 12,2%.
А.А.Макарэвіч.
т. 5, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАЛЯ́ЦЫЯ ў тэхніцы і будаўніцтве,
1) раздзяленне дыэлектрыкам токаправодных частак эл. машын і ўстановак (гл. Электраізаляцыя), а таксама сродкі, якія забяспечваюць такое раздзяленне (гл. Ізаляцыйныя матэрыялы).
2) Ахова будынкаў, трубаправодаў цеплавых сетак, халадзільных камер, цеплавых прамысл. установак і інш. ад непажаданага цеплаабмену з навакольным асяроддзем (гл. Цеплаізаляцыя). Робіцца з дапамогай цеплаізаляцыйных матэрыялаў.
3) Ахова абсталявання, канструкцый будынкаў і збудаванняў ад шкоднага ўздзеяння вады, атмасферных з’яў (гл. Гідраізаляцыя), а таксама сродкі, што выкарыстоўваюцца для гэтых мэт (гл. Гідраізаляцыйныя матэрыялы).
4) Сукупнасць мерапрыемстваў і сродкаў для зніжэння ўзроўню акустычных шумаў (гл. Гукаізаляцыя, Гукаізаляцыйныя матэрыялы).
т. 7, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДУКІАМЕ́ТРЫЯ (ад англ. conductivity электраправоднасць + ...метрыя),
сукупнасць электрахім. метадаў колькаснага аналізу, заснаваных на вымярэнні электраправоднасці раствораў электралітаў.
К. ўключае кантактныя і бескантактныя метады. Кантактныя метады — прамыя, ускосныя і кандуктаметрычнае цітраванне, заснаванае на змяненні электраправоднасці раствору пры хім. рэакцыях, праводзяць пры непасрэдным кантакце даследуемага раствору з электродамі. Бескантактныя метады дазваляюць праводзіць вымярэнні пры высокіх і нізкіх т-рах, у агрэсіўным асяроддзі і замкнёных аб’ёмах. Выкарыстоўваюць у хім. кінетыцы для вызначэння канстантаў дысацыяцыі электралітаў, асноўнасці кіслот, растваральнасці асадкаў і інш., пры кантролі рэгенерацыі іанітаў, ачысткі вады, якасці він, сокаў, для аналізу хім. рэактываў.
Л.М.Скрыпнічэнка.
т. 7, с. 580
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ШЦЫ, мускулы,
органы, якія ажыццяўляюць рухальную функцыю арганізма і яго асобных органаў. Адрозніваюць 2 асн. групы М.: папярочнапаласатыя і гладкія. Пад уздзеяннем нерв. імпульсаў валодаюць уласцівасцю скарачальнасці. Сукупнасць гладкіх, папярочнапаласатых і сардэчнай М. утвараюць мышачную сістэму арганізма, якая складае ў чалавека 28—32% ад масы цела (жанчыны) і 35—45% (мужчыны). М. размешчаны пераважна на касцях шкілета (шкілетныя мышцы). Яны ажыццяўляюць перамяшчэнне цела ў прасторы, работу канечнасцей, рух галавы, пазваночніка, міміку, рух вачэй і інш. М. маюць актыўную ч. — цела і пасіўную — сухажылле (для прымацавання М. да касцей шкілета).
А.С.Леанцюк.
т. 11, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́ЛЬНЫЯ ХВА́ЛІ, уласныя хвалі,
бягучыя гарманічныя хвалі ў лінейнай дынамічнай сістэме з пастаяннымі параметрамі, калі можна не ўлічваць паглынанне энергіі; абагульненне паняцця нармальных ваганняў на адкрытыя вобласці прасторы і незамкнутыя хваляводныя сістэмы.
Сукупнасць Н.х. дадзенай сістэмы мае ўласцівасці: кожная Н.х. з’яўляецца свабодным (без знешняга ўздзеяння) рухам сістэмы і можа ўзбуджацца незалежна ад інш. Н.х.; адвольны хвалевы працэс у сістэме без крыніц можна адназначна выявіць у выглядзе суперпазіцыі Н.Х.: спектр частот Н.х. з’яўляецца суцэльным, а рэальныя працэсы можна вызначыць праз інтэгральныя сумы Н.х.; у выпадку монахраматычных працэсаў сярэдні за перыяд паток энергіі роўны суме патокаў энергіі асобных Н.х.
т. 11, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕМАРА́ЛЬНАЯ РАСЛІ́ННАСЦЬ (ад лац. nemoralis лясны),
сукупнасць раслінных згуртаванняў, звязаных паходжаннем з шыракалістымі лясамі. Пашырана ў Цэнтр. Еўропе, сярэдняй паласе Усх. Еўропы, на Каўказе, Д. Усходзе, ва ўсх. ч. Паўн. Амерыкі.
Фларыстычны склад Н.р. сфарміраваўся ў трацічным перыядзе (каля 60 млн. г. назад) з лісцевых (бук, дуб, каштан, клён, ліпа, ляшчына, ясень і інш.) і хваёвых (метасеквоя і таксодыум) парод дрэў і травяністых мнагалетніх раслін (немаросаў), пераважна эфемероідаў (ветраніца, медуніца, падалешнік і інш.). У шырокім сэнсе Н.р. ахоплівае ўсе згуртаванні, што ўласцівы падзоне шыракалістых і часткова хваёва-шыракалістых лясоў. Змяняецца пад уплывам дзейнасці чалавека.
т. 11, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАБІЯЦЭНО́З (ад палеа... + біяцэноз),
палеацэноз, прыродная сукупнасць выкапнёвых арганізмаў, якія жылі разам і стваралі пэўны біяцэноз. Ад сучаснага біяцэнозу адрозніваецца адсутнасцю рэшткаў бесшкілетных арганізмаў, якія не маглі зберагчыся ў выкапнёвым стане, і наяўнасцю рэшткаў арганізмаў, якія выпадкова занесены ў месцы пахавання. Рэканструкцыя П. праводзіцца шляхам палеаэкалагічнага аналізу арыктацэнозу (комплекс акамянеласцей) і тафацэнозу (збор рэшткаў жывёл і раслін, што захаваліся і пакрыліся асадкамі). Вынікі вывучэння П. выкарыстоўваюцца пры складанні палеагеагр. карт. На Беларусі вывучэнне П. праводзіцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі і Бел. геолагаразведачным НДІ. Гл. таксама Танатацэноз.
А.М.Петрыкаў.
т. 11, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАВО́ЗКІ,
сукупнасць арганізацыйна і тэхналагічна ўзаемазвязаных дзеянняў і аперацый, якія выконваюцца прадпрыемствамі і інш. прадпрымальнікамі пры падрыхтоўцы, ажыццяўленні і завяршэнні перамяшчэння грузаў, пасажыраў і багажу. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь робяцца паводле дагавору. Агульныя ўмовы П. вызначаюцца грамадзянскім кодэксам, трансп. статутамі і кодэксамі, інш. актамі заканадаўства і выдадзенымі на іх аснове актамі органаў дзярж. кіравання. Умовы П. асобнымі відамі транспарту, а таксама адказнасць дагаворных бакоў па П. вызначаюцца пагадненнем бакоў, калі заканадаўствам не ўстаноўлена іншае. Заключэнне дагавору П. грузаў пацвярджаецца складаннем трансп. накладной; П. пасажыра і багажу адбываецца пры наяўнасці білета і багажнай квітанцыі.
т. 12, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДУ́КТ ПРА́ЦЫ (ад лац. productus зроблены, створаны),
рэчавы або нематэрыяльны вынік працоўнай дзейнасці для задавальнення грамадскіх ці асабістых патрэбнасцей. Ўключае ў сябе навук. і вытв.-тэхн. распрацоўкі, тавары нар. ўжытку, аб’екты буд-ва. Кожны П.п. характарызуецца здольнасцю задавальняць якую-н. патрэбнасць і ўвасабленнем патрачанай на яго грамадскай працы. Сукупнасць карысных уласцівасцей П.п. ператварае яго ў спажывецкую вартасць. Гэта датычыцца натуральна-рэчавага боку П.п. З грамадскага боку П.п. ўвасабляе пэўную колькасць патрачанай працы ў розных сферах і галінах грамадскай вытв-сці і паказвае, у што абыходзіцца атрыманне спажывецкай вартасці, таксама кошт затрат для задавальнення пэўнай патрэбнасці людзей.
У.Р.Залатагораў.
т. 12, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)