група азёр на ПнУ Польшчы ў межах Мазурскага Паазер’я. Утвараюць сістэму, злучаную пратокамі і каналамі (19 ст.) з агульнай пл. 302 км², Найб. азёры: Снярдвы (пл. 113,8 км²), Мамры (104,9 км²), Нягоцін (26 км²), Нідскае (17,3 км²). Сцёк у бас. рэк Вісла і Прэголя. Азёры ледавіковага паходжання. Размешчаны ў паніжэннях паміж канцова-марэннымі градамі. Берагі моцна парэзаны, нізкія багністыя, высокія (да 4 м) залесеныя, са шматлікімі затокамі, астравамі і пляжамі. Суднаходства, рыбалоўства, турызм, зоны адпачынку, санаторыі. Шмат геал. (Фуледа), арніталагічных (Лукнайна) і расл. запаведнікаў. На воз. Снярдвы н.-д. станцыя Польскай АН. У час 1-й сусв. вайны 1914—18 у раёне М.а. адбываліся кровапралітныя баі паміж рас. і герм. войскамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й А́ЗГУРА З.І.ў Мінску,
філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Адкрыты ў 2000 у творчай майстэрні З.І.Азгура, пабудаванай у 1984 (арх. В.Аладаў). Пл. экспазіцыі каля 330 м². Экспанаты размешчаны ў скульптурным і мемар. залах, фарматорскай, мемар. кабінеце. У зборы музея: скульптура і мадэлі манум. твораў, створаных Азгурам пачынаючы з 1940-х г. (420 адзінак), больш за 30 твораў жывапісу Г.Азгур, Г. і Ю. Гарэлавых (яго жонкі і сваякоў), М.Бельскага, А.Волкава, Я.Зайцава, В.Казачэнкі, Л.Лейтмана, Т.Разінай, В.Цвіркі, А.Шыбнёва, падараваных скульптару, архіў фотаздымкаў, дакументаў, рукапісаў Азгура (2 тыс. адзінак). Музей мае лекцыйны і канферэнц-залы, бібліятэку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКАЯ ЦАРКВА́ АЛЯКСА́НДРА НЕ́ЎСКАГА,
помнік архітэктуры эклектыкі ў г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Пабудавана ў 1870 з цэглы на месцы мураванага храма (згарэў у 1858). Крыжова-купальны храм мае 3 закругленыя рознавял. апсіды, якія асвятляюцца высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі. Над сяродкрыжжам — шлемападобны купал на 8-гранным светлавым барабане. Такі ж па форме, але меншых памераў купал на высокай 2-яруснай званіцы, размешчанай над бабінцам. Тарцы трансепта завершаны трохвугольнымі шчытамі.
Парталы і аконныя праёмы акаймаваны дэкар. валікам. Пад карнізам па перыметры будынка праходзіць аркатурны пояс. Перад царквой брама ў выглядзе паўцыркульнай аркі, над якой узвышаецца невял. назіральная вежа. Абапал яе размешчаны невысокія галоўкі. Вароты ажурныя, чыгуннае ліццё.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДНЫ́РАЧНАЯ ЗАЛО́ЗА,
парны эндакрынны орган вышэйшых пазваночных жывёл і чалавека, размешчаны над ныркамі. Складаецца з вонкавага коркавага (кара) і ўнутр. мазгавога рэчываў, укрыта капсулай. У кары Н.з. вылучаюць 3 зоны: клубочкавую, пучковую і сеткавую, якія адрозніваюцца будовай і функцыяй. Клеткі кары Н.з. сакратуюць гармоны кортыкастэроіды (гідракартызон, альдастэрон, кортыкастэрон і інш.), якія маюць высокую біял. актыўнасць, рэгулююць мінер. абмен у арганізме, абмен вугляводаў, бялкоў, тлушчаў, таксама сінтэзуюць і выдзяляюць палавыя гармоны андрагены і эстрагены. Клеткі мазгавога рэчыва Н.з. сакратуюць адрэналін і норадрэналін, якія стымулююць абмен рэчываў у арганізме, рэгулююць артэрыяльны ціск, частату сэрцабіцця і інш. Гармоны Н.з. адыгрываюць значную ролю ў працэсах адаптацыі арганізма да неспрыяльных умоў, забяспечваюць выжыванне яго пры стрэсах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ «ДОМ НА РЫ́НКУ»,
помнік архітэктуры барока ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1721 на б. Рыначнай пл. Прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак з паўпадвалам мяшанай канструкцыі: ніжні паверх мураваны, верхні — драўляны. Да плошчы дом павернуты тарцовым мураваным фасадам з фігурным шчытом, які закрывае больш вузкі паверх з 2-схільным дахам. Аконныя праёмы на гал. фасадзе размешчаны сіметрычна цэнтр. восі, падкрэсленай уваходам і балконам на 2-м паверсе. Фігурны шчыт гал. фасада вылучаны прафіляваным карнізам. Невял. праём у нішы ў завяршэнні шчыта апрацаваны дэкар. ліштвамі. Уваход на 2-і паверх з боку дваровага фасада. У 1990-я г. рэканструяваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ДНАЕ ТЭЛЕБА́ЧАННЕ,
сістэма тэлебачання, якая выкарыстоўваецца для назірання за падводнымі аб’ектамі.
Адносіцца да сістэм замкнутага тыпу. У падводнай частцы маюць відэакамеру ў воданепранікальным боксе, крыніцы падсвечвання, блок фатаграфавання і спец. кабелі сілкавання і сувязі (глыбакаводныя сістэмы маюць аўтаномныя крыніцы сілкавання, а інфармацыя перадаецца па гідраакустычных ці інш. каналах). У надводнай размешчанывідэаманітор (ці тэлевізар), пульт кіравання і крыніца сілкавання. Кіраванне дыстанцыйнае ці ўручную (на малых глыбінях). Выкарыстоўваецца на розных глыбінях і пры розных умовах (у т. л. пры радыеактыўным забруджванні вады), напр., для агляду падводных частак суднаў, гідратэхн. збудаванняў, камунікацый, пошуку і абследавання затанулых суднаў, назірання за работай вадалазаў, станам лёдавага покрыва, разведкі касякоў рыбы, радовішчаў карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕЧАНО́ГІЯ, брахіяподы (Brachiopoda),
клас (тып) беспазваночных жывёл. Вядомы з кембрыю (каля 560 млн.г. назад). 2 кл., 11—12 атр. (5 сучасных), каля 10 тыс. відаў (каля 300 сучасных). Марскія адзіночныя, пераважна прымацаваныя формы. Да субстрату прымацоўваюцца пры дапамозе сцяблінкі або ракавінай. Выкапнёвыя рэшткі выкарыстоўваюцца для вызначэння ўзросту геал. адкладаў.
Даўж. двухстворкавай вапняковай ракавіны (у сучасных П.) да 10 см. Цела знаходзіцца ў задняй ч. ракавіны: пярэдняя яе ч., высланая мантыяй, занята парай доўгіх нарасцяў цела — «рукамі», на якіх размешчаны шчупальцы з раснічкамі. Другасная поласць цела вялікая, ёсць сэрца і крывяносныя сасуды, каляглотачнае нерв. кольца і нервы. Большасць раздзельнаполыя, развіццё з метамарфозам; лічынкі свабоднаплаваючыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛАЦАК»,
беларуска-амерыканскі культурна-асветны цэнтр у ЗША. Размешчаны ў ваколіцы Стронгсвіл каля г. Кліўленд (штат Агайо). Засн. ў 1968 па ініцыятыве і пры падтрымцы бел. грамадскіх дзеячаў у эміграцыі С.Карніловіча і К.Калошы. З’яўляецца месцам сходаў і вечарын грамадскасці, сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі, сямейных святкаванняў, маст. выставак, спарт. спаборніцтваў. Збірае і адпраўляе ў Беларусь гуманіт. дапамогу (у т. л. лекі) пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986), прымае на лячэнне і аздараўленне бел. дзяцей з забруджанай зоны. На тэр. цэнтра дзейнічае правасл. царква Жыровіцкай Божай Маці, будуецца новая царква. На ахвяраваныя цэнтрам сродкі набыта выдавецкае абсталяванне і ў 1991—97 выдаваўся час.«Полацак». Кіруючы орган — управа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІЭМБРЫЯНІ́Я (ад полі... + эмбрыён),
у раслін — утварэнне некалькіх зародкаў у адным семені; у жывёл — развіццё некалькіх зародкаў (блізнят) з адной зіготы. Аднаяйцавыя блізняты заўсёды аднаго полу. Адрозніваюць П. спецыфічную (уласцівую пэўнаму віду) і спарадычную (выпадковую). Спецыфічная П. ўласціва некат. імшанкам, паразітычным перапончатакрылым насякомым, з млекакормячых — браняносцам. Напр., у некат. наезнікаў з адной зіготы ўтвараецца да 3 тыс. лічынак; у браняносца з адной яйцаклеткі развіваецца да 9 зародкаў, кожны ў асобным амніёне, якія размешчаны ў агульным харыёне. Спарадычная П. трапляецца ва ўсіх жывёл, асабліва ў гідроідных паліпаў, дажджавых чарвей. У эксперыменце П. атрымана ў многіх відаў жывёл. У чалавека ў выніку спарадычнай П. нараджаецца некалькі генетычна аднародных блізнят аднаго полу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПАРЦЫЯНА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА,
парадак вызначэння вынікаў галасавання, пры якім размеркаванне мандатаў паміж партыямі, што выставілі свае кандыдатуры ў прадстаўнічы орган, праводзіцца ў адпаведнасці з атрыманай імі колькасцю галасоў. Пры П.с.п. ствараюцца вял. выбарчыя акругі, у якіх кожная партыя выстаўляе свой спіс кандыдатаў, а выбаршчык падае голас за спіс адпаведнай партыі. Для вызначэння вынікаў галасавання ўстанаўліваецца мінімум галасоў, неабходных для атрымання аднаго дэпутацкага мандата. Размеркаванне мандатаў унутры спісу партыі ажыццяўляецца, як правіла, у адпаведнасці з тым парадкам, у якім кандыдаты размешчаны ў спісе. П.с.п. выкарыстоўваюць пры выбарах усяго парламента (Данія, Партугалія, Люксембург, Латвія) або толькі ніжняй палаты (Аўстралія, Аўстрыя, Бельгія, Польшча, Бразілія), ці паловы саставу ніжняй палаты (ФРГ, Расія на выбарах 12.12.1993).