ГЕНЕАЛО́ГІЯў генетыцы і селекцыі , сукупнасць звестак пра паходжанне пэўнай асобіны ці групы асобін жывёл або раслін. Дапамагае вызначыць бацькоў і больш аддаленых продкаў, ад якіх узніклі пэўныя сарты ці гібрыды раслін, пароды жывёл. Па генеалогіі сорту (гібрыда) каштоўных раслін вядзецца сістэматычны ўлік, дзе фіксуюцца ўсе бацькоўскія пары, што прымалі ўдзел пры стварэнні новага сорту, з указаннем года скрыжавання, асн. вартасцей зыходных асобін і атрыманых гібрыдаў. На аснове запісаў складаюцца генеалагічныя каталогі сорту (гібрыда). У жывёлагадоўлі існуе сістэма племянных кніг, заводскіх і селекцыйных запісаў. Метад складання генеалогіі выкарыстоўваюць і ў генетыцы чалавека для высвятлення характару спадчыннага наследавання нармальных або паталагічных прыкмет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНАДЫЯРЫ́Т,
магматычная інтрузіўная поўнакрышт. горная парода, прамежкавая паводле саставу паміж гранітамі і кварцавым дыярытам. Складаецца з плагіяклазу (65—90%), каліева-натрыевага палявога шпату, кварцу, рагавой падманкі, біятыту, радзей піраксену і акцэсорных мінералаў (апатыт, магнетыт, сфен і інш.). Колер зеленавата-шэры. У залежнасці ад структуры і тэкстуры адрозніваюць гранадыярыт: парфірападобныя, раўнамерна-, буйна-, сярэдне-, дробна-, тонказярністыя, аплітавыя, пегматоідныя, масіўныя, у палоску, плямістыя і інш. Глыбінны аналаг дацыту. Шчыльн. 2700—2900 кг/м³. Трываласць на сцісканне 100—300 МПа. Гранадыярыт развіты ва ўсіх раёнах, дзе пашыраны кіслыя глыбінныя пароды. На Беларусі вядомы ў саставе крышт. фундамента. Выкарыстоўваецца як абліцовачны камень і друз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫКА́ТАРНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, характэрныя для пэўных экалагічных умоў, якія могуць якасна або колькасна ацэньвацца па прысутнасці гэтых раслін. Бываюць віды, унутрывідавыя адзінкі, формы і фітацэнозы. Аб’екты індыкацыі — глебы, горныя пароды, падземныя воды і інш.Напр., па месцах росту вільгацялюбных раслін (трыснёг, вербы) вызначаюць наяўнасць падземных вод; палын халодны паказвае на прысутнасць вальфраму, аўсец пустынны — нікелю. Індыкатарнымі лічацца тыя віды, для якіх дастаткова дакладна выяўлена залежнасць іх асаблівасцей ад параметраў месцаў росту. Вылучаюць індыкатары прыватных асаблівасцей асяроддзя (засаленне глебы, пясчанасць, вільготнасць) і агульнага, або асн. комплексу ўмоў існавання. Выкарыстоўваюцца ў геабат., глебавых, геал., гідрагеал., кліматычных даследаваннях, для кантролю стану прыроднага асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТВІ́ЙСКАЯ ЦЁМНАГАЛОВАЯ ПАРОДАавечак.
Выведзена ў пач. 20 ст. ў Латвіі скрыжаваннем мясцовых грубашэрсных і помесяў танкарунных авечак з англ. мяснымі караткашэрснымі пародамі шропшыр і оксфардшыр. Паўтанкарунная, скараспелая, мяса-воўнавага кірунку. Найб. пашыраная на Беларусі парода, гадуюць у Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях.
Жывая маса бараноў да 110 (найб да 150), матак да 65 (найб. да 95) кг. Галава кароткая і шырокая. Шыя кароткая, мясістая. Грудзі, спіна і паясніца шырокія. Касцяк моцны. Воўна даўж. 8—11 см. Гадавы настрыг з бараноў 5—6, з матак 3,5—4,5 кг, выхад чыстай воўны 55—60%. Пладавітасць 130—160 ягнят на 100 матак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́ЙНЫЯ СО́ЛІ, каліевыя солі,
асадкавыя горныя пароды, складзеныя з лёгкарастваральных каліевых і каліева-магніевых мінералаў: сільвіну, карналіту, палігаліту і інш. Па марфалогіі саляных пакладаў вылучаюць: пластавыя, лінза-, купала-, штока- і гнездападобныя радовішчы. Колькасць аксіду калію K2O у прамысл. пакладах 12—30%. К.с. — асн. сыравіна, з якой атрымліваюць калійныя ўгнаенні, метал. калій і яго злучэнні. Найб. радовішчы ў Канадзе, Германіі, Расіі, Казахстане, ЗША. На Беларусі К.с. звязаны з саляноснай тоўшчай верхняга дэвону Прыпяцкага прагіну. Прамысл. запасы (1996) ацэньваюцца ў 6484,9 млн.т сырых солей (1128,7 млн.т аксіду калію) і сканцэнтраваны на Старобінскім і Петрыкаўскім радовішчах. Старобінскае радовішча распрацоўвае (запасы каля 800 млн.т аксіду калію) ВА«Беларуськалій».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕНСКІЯ ВАЛУНЫ́,
геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1972). За 100 м на ПнУ ад в. Каменка Уздзенскага р-на Мінскай вобл. 2 вялізныя ледавіковыя валуны пегматытавага граніту. Найбольшы камень даўж. 7 м, шыр. 3,5 м, выш. 1,8 м, у абводзе 17,5 м, аб’ём 24 м³, маса каля 64 т. Другі (паўд.) валун даўж. 5,3 м, шыр. 3,5 м, выш. 2,4 м, у абводзе 14,1 м, аб’ём 23,5 м³, маса 62,5 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс.г. назад са Скандынавіі як адзіны блок пароды, які пры раставанні лёду раскалоўся на 2 часткі. У стараж. часы — язычніцкае капішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫКА́ЛАЎСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва канца 18 — пач. 19 ст. Размешчаны на хутары Крыкалы ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл. на левым беразе р. Заражанка. Створаны пры сядзібе, ад якой уцалелі 2 аднолькавыя драўляныя флігелі з мураванымі тарцовымі фасадамі ў стылі позняга класіцызму, клець і бутавы арачны мост. Парк пейзажнага тыпу (пл. каля 15 га) на перасечаным рэльефе, з ПдЗ абмежаваны дарогай Дунілавічы—Варапаева. На ўсх. ускраіне парку ландшафтная кампазіцыя з круглым вадаёмам. Маляўнічая гал. алея праходзіць паміж узгоркамі і завяршаецца штучнай круглай тэрасай, абсаджанай клёнамі. У парку пераважаюць мясц.пароды дрэў, ёсць экзоты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЯСФЕ́РА (ад крыя...+ сфера),
перарывістая абалонка Зямлі ў вобласці ўзаемадзеяння атмасферы, гідрасферы і літасферы. Тэрмін «К.» прапанаваны польскім вучоным А.Дабравольскім (1923). Характарызуецца адмоўнай або нулявой т-рай і наяўнасцю вады ў цвёрдай фазе або ў пераахалоджаным стане; для яе ўласцівы шматлікія крыягенныя ўтварэнні: сістэмы ледзяных воблакаў, снегавое, ледзяное і ледавіковае покрыва, наледзі, ледавікі гор, сезоннамёрзлыя глебы і горныя пароды з падземным лёдам. Ніжняя мяжа К. праходзіць па падэшве мёрзлых і ахалоджаных горных парод (да 4—5 км пад зямной паверхняй у Антарктыдзе, да 1,5—2 км у прыпалярных абласцях); у нізкіх шыротах К. выкліньваецца. Верхняя мяжа К. дасягае 100 км, уключае моцна ахалоджаную мезапаўзу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ ВЫВЕ́ТРЫВАННЯ,
геалагічнае ўтварэнне, складзенае з прадуктаў разбурэння горных парод у выніку выветрывання. Ад карэнных парод адрозніваецца больш рыхлай структурай, змененым хім. і мінералагічным складам са значнымі ўключэннямі гліністых мінералаў, часта бурай або чырвонай афарбоўкай. Адрозніваюць астаткавую (прадукты разбурэння застаюцца на месцы першаснага залягання) і пераадкладзеную К.в. (пераносяцца на нязначныя адлегласці з захаваннем прыкмет мацярынскай пароды). Па форме залягання вылучаюць К.в. плошчавую і лінейную. У залежнасці ад мінералагічнага складу горных парод фарміруюцца латэрытныя, каалінавыя і інш. тыпы. Са стараж. К.в. звязаны радовішчы руд жалеза, нікелю, хрому, алюмінію, рэдкіх металаў, а таксама фосфару, кааліну і інш. На тэр. Беларусі пашыраны астаткавыя плошчавыя К.в. каалінітавага і мантмарыланітавага складу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛЬЦБЛАТ (Аляксандр Ісакавіч) (12.3.1932, Масква — 1996),
бел. вучоны ў галіне авечкагадоўлі. Д-рс.-г.н. (1980). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1955). З 1961 у Бел.НДІ жывёлагадоўлі, з 1983 у Вышэйшай селекцыйнай дзярж. школе (пас. Быкова Маскоўскай вобл.), Навук. працы па пытаннях селекцыі авечак і тэхналогіі танкаруннай авечкагадоўлі, стварэнні шматплоднай паўтанкаруннай пароды авечак з выкарыстаннем парод, якіх гадуюць на Беларусі; па ўдасканаленні сістэмы інтэнсіўнай вытворчасці прадуктаў авечкагадоўлі дастасавальна да ўмоў Беларусі.
Тв.:
Повышение продуктивности овец. Л., 1982 (разам з А.Д.Шашам);
Селекционно-генетические основы повышения продуктивности овец. Л., 1988 (разам з А.І.Ярохіным, А.М.Ульянавым).