«МІКІ́ТА»,

бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп жвавы. Найб. тыповы варыянт танца апісаў Е.​Раманаў: «Два хлопцы, узяўшыся за процілеглыя канцы палкі, пад музыку, у такт, то адну, то другую нагу спрытна перакідваюць над палкай, быццам бы пералазяць цераз яе. Гэты танец даволі ўтомны і патрабуе спрыту». У Брэсцкай вобл. танцор браў палку (ці качаргу) за адзін канец, а другі апускаў на падлогу і прыпяваючы скакаў цераз яе туды і назад, а потым выконваў вакол качаргі імправізаваны танец. Часам на падлогу клалі 3 палкі паралельна, часам 2 накрыж, і скакалі, танцавалі над імі, стараючыся не зачапіць іх. Выконваецца пад прыпеўкі. Пашыраны па ўсёй Беларусі.

т. 10, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХА́Й (Mihai; н. 25.10.1921, г. Сіная, Румынія),

апошні кароль Румыніі [1927—30 (правіў Рэгенцкі савет), 1940—47]. З дынастыі Гогенцолернаў-Зігмарынгенаў. Сын Караля II [1930—40]. У 1930—40 кронпрынц, вял. ваявода. У 1940—44 знаходзіўся ў апазіцыі да дыктатуры маршала І.Антанеску, які фактычна пазбавіў М. ўлады. Пад уплывам паражэнняў Румыніі ў вайне супраць СССР у жн. 1944 пайшоў на пагадненне з Камуніст. партыяй і санкцыяніраваў арышт (23 жн.) Антанеску, 24 жн. абвясціў пра далучэнне Румыніі да антыгітлераўскай кааліцыі. Узнаг. сав. ордэнам Перамогі. У далейшым процідзейнічаў прыходу да ўлады ў краіне блока камуністаў з інш. левымі паліт. арг-цыямі, але пад іх націскам 30 12.1947 адрокся ад прастола і эмігрыраваў.

т. 10, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯМЦЭ́ВІЧ (Кароль Урсын) (1797—9.2.1867),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—31. Са шляхецкага роду Урсын-Нямцэвічаў. Скончыў Свіслацкую гімназію, вучыўся ў Віленскім ун-це. У 1830 абраны віцэ-маршалкам Гродзенскай губ. У час паўстання 1830—31 на 4 месяцы інтэрніраваны ў Гродне. Уцёк пад Беласток, дзе ўзначаліў невял. атрад, які быў разбіты 16.5.1831, адышоў пад Белавежу, пасля рассеяны. Н. далучыўся да дывізіі ген. М.​Рыбінскага. У жн. 1831 увайшоў у склад Сената Каралеўства Польскага як прадстаўнік ад Гродзеншчыны. Пасля капітуляцыі Варшавы эмігрыраваў у Парыж, дзе звязаны з Ю.Нямцэвічам, А.Чартарыйскім. Аўтар мемуараў «Успаміны з 1831 г.» (1863), «Успаміны пра паўстанне ў Брэсце Літоўскім» (1869).

т. 11, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯЯ́СЫЦЬ БАРАДА́ТАЯ, няясыць каменная,

няясыць лапландская (Strix nebulosa),

птушка сям. савіных атр. совападобных. Пашырана ў зоне хваёвых лясоў (старых яловых і ялова-альховых) Паўн. паўшар’я. На Беларусі рэдкі аселы від, занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. да 84 см, маса самцоў да 800, самак да 1200 г. Апярэнне мяккае, шаравата-бурае або дымчата-шэрае, з густым малюнкам. Тваравы дыск шараваты з вузкімі цёмнымі палосамі і чорнымі плямамі пад вачыма. Пад дзюбай вял. чорная пляма — «барада» (адсюль назва). Вочы і дзюба жоўтыя. Корміцца пераважна мышападобнымі грызунамі, а таксама птушкамі, вавёркамі і інш. Нясе 2—5, зрэдку Да 7 яец.

А.​М.​Петрыкаў.

Няясыць барадатая.

т. 11, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ГЗІНА,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 4 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,4 км², даўж. 1,3 км, найб.шыр. 510 м, найб. глыб. 10,9 м, даўж. берагавой лініі 3,3 км. Пл. вадазбору 21,4 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. 10—12 м (на З і Пд 5—8 м), у ніжняй ч. стромкія, пад хмызняком, у верхняй — спадзістыя, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком. Мелкаводдзе шыр. да 50 м. Дно да глыбіні 3,5—4 м пясчанае, глыбей ілістае. Зарастае слаба. Упадае ручай з воз. Лядна, сцёк па пратоцы ў р. Ула.

т. 11, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНЫ ПО́ЛЮС,

пункт, у якім уяўная вось вярчэння Зямлі перасякае яе паверхню ў Паўн. паўшар’і. Размешчана ў цэнтр. ч. Паўн. Ледавітага ак., дзе глыб. перавышае 4000 м. Круглы год у раёне П.п. дрэйфуюць магутныя шматгадовыя пакавыя льды. Сярэдняя т-ра зімой каля -40 °C, летам пераважна каля 0 °C. Палярны дзень доўжыцца 189 сут., палярная ноч — 176 сут. Першым П.п. ў 1909 дасягнуў Р.Э.Піры. У 1937 у раёне П.п. арганізавана н.-д. дрэйфуючая сав. станцыя «Паўночны Полюс-1» пад кіраўніцтвам І.​Дз.Папаніна. У 1958 пад П.п. прайшла амер. атамная падводная лодка «Науцілус». У 1977 П.п. дасягнуў атамны ледакол «Арктыка». Гл. таксама Полюсы геаграфічныя.

т. 12, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРАЛО́М»,

палітычны і літаратурны часопіс Віленскага акр. к-та КСМЗБ. Выдаваўся нелегальна ў студз.лют. 1932 у Вільні на бел. мове. Часопіс рэдагавалі і рыхтавалі да выдання М.​Танк і Я.​Гарох. Асвятляў паліт. і сац.-эканам. становішча ў Зах. Беларусі, заклікаў працоўных да рэв. і нац.-вызв. барацьбы, змагання ў абарону Т-ва бел. школы, за школу на роднай мове, адкрыццё бібліятэк-чытальняў, нар. дамоў, курсаў для непісьменных. Апублікаваў публіцыстычныя артыкулы А.​Цвіка, Л.​Родзевіча (пад псеўд. Змагар), вершы і апавяданне М.​Танка (пад псеўд. А.​Граніт), верш Я.​Гароха і інш. Выйшлі 2 нумары. З сак. 1932 выдаваўся легальны «Часопіс для ўсіх».

П.​І.​Зялінскі.

т. 12, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЫ́ШНА,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зеха (выцякае з возера), за 14 км на ПнЗ ад г. Лепель. Пл. 0,34 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 430 м, найб. глыб. 5,2 м, даўж. берагавой лініі 3,46 км. Пл. вадазбору 20,9 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 10—12 м (на Пн і З 2—3 м), пераважна пад лесам. Берагі сплавінныя, участкамі пясчаныя, парослыя хмызняком. Пойма на ПдЗ і ПнУ шыр. да 700 м, забалочаная, пад хмызняком. Дно сапрапелістае, уздоўж берагоў пясчанае. Упадае ручай з воз. Доўгае, выцякае ручай у воз. Азерцы. Есць пасяленні баброў.

т. 13, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РО́ДНАЯ СТРАХА́»,

часопіс, які выдаваўся ў жн. 1921 — крас. 1922 у Вільні на бел. мове. Закранаў некат. актуальныя пытанні зах.-бел. рэчаіснасці (арт. «Аб формах дзяржаўнасці» Умястоўскага і інш.), пісаў пра паліт. лёс Віленшчыны, т.зв. Сярэдняй Літвы. Асвятляў стан бел. школьнай асветы (арт. «Беларуская школа і беларускія настаўнікі» пад крыптанімам «К.У.», «Наша справа» пад крыптанімам «С.» і інш). Інфармаваў пра публічныя выступленні Б.​Тарашкевіча, зняволенне ў віленскую турму Лукішкі М.​Гарэцкага, змясціў некралог на смерць А.​Лявіцкага (Ядвігіна Ш). Друкаваў апавяданні Я.​Піліпава, В.​Пупко, вершы Старога Уласа, Хв.Тартака (Чарнышэвіча), нар. творы, запісаныя на Вілейшчыне. Выйшла 7 нумароў.

А.​С.​Ліс.

т. 13, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАШЧА́КА,

традыцыйная бел. страва — мачанне для бліноў. Падсмажаныя кавалачкі сала, каўбасы, свіныя рабрынкі з вострымі прыправамі падкалочваюць мукой і тушаць у печы. У наш час верашчака пашырана на ўсёй Беларусі пад назвай мачанка.

т. 4, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)