АКСІДАВА́ННЕ,

працэс утварэння на паверхні металічных вырабаў аксіднай плёнкі. Павышае каразійную ўстойлівасць, зносаўстойлівасць, электраізаляцыйныя ўласцівасці вырабаў, надае ім прывабны дэкар. выгляд (гл. Паціна). Аксідную плёнку атрымліваюць тэрмічным (гл. Вараненне), хімічным (з дапамогай раствораў кіслот, шчолачаў, спец. рэчываў) і электрахім. анодным (гл. Анадзіраванне) спосабам. Выкарыстоўваюць у прылада-, самалёта-, машынабудаванні, для аддзелкі буд. і арх. дэталяў, метал. вырабаў быт. прызначэння. Гл. таксама Акаліна, Акісленне металаў.

т. 1, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛІНСГА́ЎЗЕНА МО́РА,

ускраіннае мора Ціхага ак. каля берагоў Зах. Антарктыды. Пл. 487 тыс. км². Найб. глыб. 4115 м. Вял. а-вы: Пятра I і Зямля Аляксандра I. Т-ра вады на Пн каля 0 °C, на Пд ніжэй за -1 °C. Салёнасць 33,5 ​o/00. На працягу ўсяго года б.ч. паверхні занята плывучымі льдамі і айсбергамі. Названа ў гонар Ф.Ф.Белінсгаўзена.

т. 3, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВІМЕТРЫ́ЧНЫ ПУНКТ,

спецыяльны пункт на зямной паверхні, дзе вымерана паскарэнне свабоднага падзення. У кожным гравіметрычным пункце вызначаюцца таксама гарыз. каардынаты і вышыня над узроўнем мора. Для правядзення гравіметрычнай здымкі ствараюцца апорныя (шматразовыя вымярэнні гравіметрычнымі прыладамі павышанай дакладнасці) розных класаў і радавыя гравіметрычныя пункты. Зыходныя апорныя гравіметрычныя пункты закладзены ў геафіз. абсерваторыях «Патсдам» (ФРГ; гал. ў Еўропе), «Пулкава» (Расія), «Плешчаніцы» (Беларусь).

т. 5, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫФО́Н,

1) раптоўны прарыў з затрубнай прасторы буравой свідравіны флюіду (у асн. газу), які рухаецца пад вял. ціскам. Суправаджаецца ўтварэннем кратэраў, дыяметр варонкі якіх можа дасягаць некалькіх дзесяткаў і нават соцень метраў; выклікае прасяданне зямной паверхні. Часта грыфоны прыводзяць да пажараў і ліквідацыі свідравіны.

2) Выхад падземнай вады з ваданоснай пароды сканцэнтраваным струменем, які падымаецца вышэй за паверхню зямлі ці дно вадаёма.

т. 5, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́ЧЫ ПУНКТ, у тэктоніцы,

участак зямной паверхні з надзвычайна высокай актыўнасцю вулканізму (сучаснага або ў геал. мінулым). Узнікае ў выніку лакальнага пад’ёму мантыйнага рэчыва (гл. Мантыйны плюм). У гэтых пунктах адбываецца станчэнне і разагрэў зямной кары. Бываюць унутрыплітныя (Гавайскія а-вы) і на дывергентных граніцах пліт (в-аў Ісландыя). Пад гарачым пунктам разумеюць таксама ўчастак унутры мантыі, дзе т-ра вышэй за сярэднюю.

т. 5, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМАЛА́,

антыгельмінтны сродак, які здабываецца з залозістых валаскоў, сцёртых з паверхні пладоў вечназялёнага дрэва Rottlera tinctoria ці Mallotus philippensis. Пашыраны ў Індыі і Кітаі. Дробны рыхлы парашок цагляна-чырв. колеру, без паху, растваральны ў эфіры і шчолачы. Мае смалу (80%), ратлерын (10%), дзеючы пачатак К. і інш. Паралізуе круглых чарвей (странгілід і анкіластамід) і стужачных; выклікае раздражненне кішэчніка, адначасова дзейнічае як слабільны сродак.

т. 7, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПЕНТА́РЫЯ (Carpentaria),

заліў Арафурскага м. каля паўн. берагоў Аўстраліі, паміж п-вам Кейп-Йорк і Арнем-Ленд. Пл. 328 тыс. км². Даўж. 600 км. Глыб. да 71 м. У заліве а-вы Уэлслі і Грут-Айленд. Т-ра вады на паверхні зімой 23—25 °C, летам 29 °C. Салёнасць 34,8‰. Прылівы няправільныя паўсутачныя (да 3,2 м). Каля берагоў моцныя прыліўна-адліўныя цячэнні.

т. 8, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМІ́ЧНАЕ ТЭЛЕБА́ЧАННЕ, касмабачанне,

перадача і прыём адлюстравання і гукавога суправаджэння з борта касм. апарата, які знаходзіцца ў касм. прасторы або на паверхні інш. планеты. Сігналы ад бартавой апаратуры касм. станцыі прымаюцца наземнымі пунктамі радыёсувязі і перадаюцца на тэлецэнтр, адкуль рэтрансліруюцца па сетках тэлевізійнага вяшчання. Касм. тэлевізійная апаратура надзейна працуе ў шырокім дыяпазоне т-р, у касм. вакууме і вытрымлівае вял. мех. перагрузкі.

т. 8, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІМАТАЎТВАРА́ЛЬНЫЯ ПРАЦЭ́СЫ,

атмасферныя працэсы, якія вызначаюць характар клімату Зямлі або асобных яе рэгіёнаў. Глабальныя К.п.: цеплазварот (радыяцыйныя ўмовы на зямной паверхні і цеплаабмен паміж ёю і атмасферай); вільгацезварот паміж атмасферай і зямной паверхняй; агульная цыркуляцыя атмасферы. Для асобных раёнаў істотнымі могуць быць і мясц. цыркуляцыі (брызы, горна-далінныя вятры і г.д.). Існуе сувязь паміж К.п. і рознымі геагр. асаблівасцямі пэўнай мясцовасці.

т. 8, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛЕРЫ ПАБЕ́ГЛАСЦІ,

радужная афарбоўка, якая ўзнікае на чыстай паверхні нагрэтай сталі ад паяўлення слоя аксідаў. Для вугляродзістай сталі характэрны колеры (з адпаведнай т-рай у °C): саломенны саламяны* (220), залацісты (230), карычневы (240), чырвона-карычневы (250), пурпуровы (260), фіялетавы (280), сіні (валошкавы, 300), светла-блакітны (320), светла-шэры (330—350). На легіраваных сталях гэтыя колеры з’яўляюцца пры больш высокіх т-рах.

т. 8, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)