КРО́МЛЕХ (ад брэтонскага crom круг + lech камень),

адзін з відаў мегалітычных пабудоў неаліту і бронзавага веку. Звычайна К. складаюць вял. (6—7 м у вышыню) вертыкальна размешчаныя камяні, якія ўтваралі адзін ці некалькі канцэнтрычных кругоў вакол пляцоўкі, дзе ў сярэдзіне знаходзіўся дальмен або менгір. Часам К. дасягаюць 100 м у дыяметры. Вядомы ў Еўропе, Азіі і Амерыцы. Найб. пашыраны ў Францыі, Вялікабрытаніі, у Скандынавіі і Закаўказзі. Лічаць, што К. звязаны з культам сонца і з’яўляюцца яго храмамі. Найб. вядомы К. Стонхендж (Вялікабрытанія) і каля Карнака (Францыя).

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́ЧАТ (Falko rusticolus, або F. gyrfalco),

птушка сям. сакаліных атр. драпежных. Пашыраны на Пн Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Селіцца на скалістых узбярэжжах мораў і ў лесатундры. Жыве парамі, устойлівымі многія гады. Усюды рэдкі, сусв. папуляцыя ацэньваецца ў некалькі тысяч пар. Падлягае ахове.

Самы буйны з сапр. сокалаў: даўж. да 60 см, маса самца да 1,5 кг, самкі да 2 кг. Апярэнне шэрае або белае з шэрымі меткамі, верх цямнейшы. Корміцца пераважна птушкамі, грызунамі. Гнёзды на скалах, абрывістых берагах ці высокіх дрэвах. Нясе 3—5 яец. Лоўчая птушка для сакалінага палявання.

Крэчат.

т. 8, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАДЫ́ГІН (Аляксандр Мікалаевіч) (18.10. 1847, с. Сценьшына Пятроўскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія — 16.3.1923),

рускі электратэхнік. Скончыў Маскоўскае ваен. вучылішча (1867). У 1872 вынайшаў лямпу напальвання з вугальным электродам, у 1890-я г.некалькі тыпаў лямпаў напальвання з метал. ніцямі, у т. л. вальфрамавымі. Канструяваў прылады для эл. ацяплення, эл. печы для плаўлення і загартоўкі металаў і інш. Адзін з заснавальнікаў электратэхн. аддзела Рус. тэхн. т-ва і час. «Электричество». Ламаносаўская прэмія Пецярб. АН 1874.

Літ.:

Шателен М.А. Русские электротехники второй половины XIX в. М.; Л., 1950.

А.М.Ладыгін.

т. 9, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІКВА́ЦЫЯ (ад лац. liquatio разрэджванне, плаўленне) у металургіі, сегрэгацыя, неаднароднасць хім. саставу зацвярдзелых сплаваў. Узнікае пры крышталізацыі. Абумоўлена тым, што сплавы крышталізуюцца ў некаторым інтэрвале тэмператур. Выклікае неаднароднасць уласцівасцей і пагаршае якасць зліткаў. З’яву Л. адкрылі рус. металургі М.​В.​Калакуцкі і А.​С.​Лаўроў у 1866.

Адрозніваюць Л. дэндрытную (праяўляецца ў мікрааб’ёмах сплаву — у межах аднаго зерня або дэндрыту) і занальную (у аб’ёме злітка назіраецца некалькі зон з розным хім. саставам). Дэндрытную Л памяншаюць гомагенізацыяй зліткаў, для змяншэння занальнай — карыстаюцца спец. прыёмамі ліцця.

т. 9, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЭ́РА (ад назвы астравоў Мадэйра),

моцнае віно з белых ці ружовых сартоў вінаграду, прыгатаванае зброджваннем мязгі ці сусла. Мае 18—20 аб’ёмных працэнтаў спірту, 3—7% цукру; колер ад светла-залацістага да колеру чырвонага золата. Асаблівасць атрымання — працэс мадэрызацыі: віно вытрымліваюць некалькі месяцаў пры кантакце з паветрам у бочках на сонечных пляцоўках ці ў спец. памяшканнях, якія абаграюцца (напр., М. высокай якасці вытрымліваюць б мес. пры т-ры 40—50 °C). З’яўляецца аперытывам і аказвае працяглае танізоўнае дзеянне. Найлепшыя сарты: «Масандра» (Украіна), «Ашакан», (Арменія), «Анага» (Грузія), «Лучафэрул» (Малдова).

К.​В.​Фамічэнка.

т. 9, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЖЭ́ЙСКАЕ ВО́ЗЕРА У Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 4 км на ПнЗ ад г. Паставы. Пл. 0,66 км², даўж. больш за 1,4 км, найб. шыр. 660 м, найб. глыб. 3,9 м, даўж. берагавой лініі каля 3,2 км. Пл. вадазбору 10,7 км². Схілы катлавіны выш. 2—4 м, на ПнЗ і ПдУ пераходзяць у забалочаную нізіну. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, на Пн і Пд сплавінныя. На ПнЗ і У пойма шыр. да 200 м, забалочаная. Дно ілістае. Упадаюць некалькі меліярац. каналаў.

т. 9, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНГО́ЛЬСКІ АЛТА́Й,

горная сістэма ў Манголіі і Кітаі, паўд.-ўсх. ч. Алтая. Даўж. з ПнЗ на ПдУ каля 1000 км. Шыр. 150—300 км. Некалькі паралельных хрыбтоў выш. да 4362 м (г. Мунххайрхан—Ула), падзеленых падоўжнымі тэктанічнымі ўпадзінамі. Складзены з палеазойскіх крышт. сланцаў, парфіраў, гранітаў. Вяршыні пераважна платопадобныя, найб. высокія горы з рэльефам альпійскага тыпу. Асобныя каравыя і вісячыя ледавікі (найб. Патаніна ледавік). Пераважаюць стэпы, на больш вільготных паўд.-зах. схілах — участкі лясоў (елка, лістоўніца) і лугоў. У міжгорных упадзінах — паўпустыні. Каля вяршынь альпійскія лугі.

т. 10, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКІ́Я ЯЗЫКІ (Soleoidea),

падатрад (або надсямейства) рыб атр. камбалападобных, 2 сям.: касаротыя, або правабаковыя (Soleidae) і левабаковыя (Cynoglossidae); каля 40 родаў, некалькі дзесяткаў відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных морах (у Азоўскім і Чорным м. трапляюцца касарот — Solea laskaris і салея насатая — S. nasuta), некат. віды — у прэсных водах. Жывуць у прыбярэжнай зоне.

Даўж. да 60 см, маса да 4 кг. Цела падоўжанае, языкападобнае (адсюль назва). Пярэдні край галавы закруглены і выдаецца над рылам. Рот маленькі, косы. Кормяцца беспазваночнымі, дробнай рыбай. Аб’ект промыслу.

Марскі язык.

т. 10, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРХУ́Р, вінтарогі казёл (Capra falconeri),

парнакапытная жывёла роду горных казлоў сям. пустарогіх. Некалькі падвідаў, якія адрозніваюцца формай рагоў. Пашыраны ў гарах Азіі. Жывуць да выш. 3500 м, на стромкіх схілах, скалах. Трымаюцца групамі. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. да 1,7 м, выш. ў карку да 0,9 м, маса да 90 кг і больш. Афарбоўка рыжавата-шэрая, у старых самцоў — брудна-белая. Рогі прамыя, закручаны накшталт штопара або вінта (адсюль другая назва). У самцоў на шыі і грудзях падвес з падоўжаных валасоў. Нараджаюць 1—2 казляняці.

Мархур.

т. 10, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУСУЛЬМА́НСКАЯ ЛІ́ГА, Усеіндыйская (з 1947 Усепакістанская) мусульманская ліга,

палітычная арг-цыя ў Брыт. Індыі і Пакістане. Створана ў 1906 пры падтрымцы брыт. улад. У 1920—30-я г. кіраўніцтва М.л. на чале з М.​А.​Джынам падтрымлівала барацьбу Індыйскага нацыянальнага кангрэса за незалежнасць Брыт. Індыі. З 1940 выступала за стварэнне асобнай дзяржавы інд. мусульман — Пакістана. Узначальвала ўрад Пакістана ў першыя гады яго існавання (у 1956 скінуты ваеннымі). У канцы 1960-х г. М.л. распалася на некалькі груп, якія спынілі сваё існаванне да пач. 1970-х г.

т. 11, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)