ДУРЧЫ́Н (Пётр Сідаравіч) (25.10.1918, г. Мазыр Гомельскай вобл. — 19.7.1997),

бел. мастак. Засл. дз. мастацтваў Беларусі (1990). Вучыўся ў Віцебскім маст. тэхнікуме (1934—37). Скончыў Маскоўскае маст. вучылішча памяці 1905 г. (1949). Працаваў у станковай графіцы ў тэхніцы пастэлі, літаграфіі, афорта і інш. Асн. творы прысвечаны абароне Брэсцкай крэпасці: «Брэсцкая крэпасць» (1957), «Цытадэль над Бугам» (1967), «Руіны чырвонаармейскага клуба» (1972), «Свяшчэнныя камяні», «Зорка бессмяротнасці» (абодва 1974), трыпціхі «Салдаты Брэста» (1979—81), «Памяць Брэста» (1992). Аўтар дыярамы «Абарона Брэсцкай крэпасці» ў Брэсцкім абл. краязнаўчым музеі (1957, з Ф.​Зільбертам), шэрагу партрэтаў абаронцаў крэпасці П.​М.​Гаўрылава, Р.​К.​Семенюка, А.​А.​Вінаградава, Я.​М.​Фаміна, І.​М.​Зубачова, А.​М.​Кіжаватава і інш. з мемарыяльнай серыі «Жыццё за Радзіму» (1960—84). Творам уласціва дакумент. дакладнасць, лаканізм, манументальнасць кампазіцыі, вастрыня маст.-вобразных вырашэнняў. Сярод твораў на інш. тэмы: «Касцёл святой Ганны» (1972), «Над Прыпяццю» (1975), «Май» (1992—93), серыя «Мінск» (1959) і інш.

Літ.:

Пугачева Э.Н. Петр Дурчин. Мн., 1986.

Г.​А.​Фатыхава.

П.Дурчын. Трыпціх «Памяць Брэста». 1992.

т. 6, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЫШНАГО́РСКАЕ ЎЗВЫ́ШША Пышнагоры,

частка Ушацка-Лепельскага ўзвышша, на Пн Беларусі, у паўд. ч. Віцебскай вобл. Выш. 175—200 м, найб: 228 м; над суседнімі нізінамі П.ў. прыўзнята на 50—60 м, над Лепельскім воз. больш чым на 80 м.

У тэктанічных адносінах прымеркавана да Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Крышт. фундамент перакрыты асадкамі верхнявендска-ніжнекембрыйскага, сярэднедэвонскага і антрапагенавага комплексаў. Для антрапагенавай тоўшчы, магутнасцю каля 100 м, характэрны адклады нараўскага, бярэзінскага, дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. Сучасны ледавікова-акумулятыўны рэльеф створаны паазерскім зледзяненнем.

Паверхня П.ў. дробнаўзгорыстая, участкамі сярэднеўзгорыстая і платопадобная. Марэнныя ўзгоркі (выш. 5—7, радзей 10 м і больш) часта трапляюцца разам з камамі. Характэрны лагчыны сцёку. Узвышша складзена з валунных суглінкаў, месцамі з пясчана-галечнага матэрыялу, на асобных участках укрыта маламагутным покрывам з лёсападобных суглінкаў. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя сярэдне і слабаападзоленыя глебы, трапляюцца дзярнова-палева-падзолістыя на лёсападобных суглінках. Невял. ўчасткамі на марэнных узгорках захаваліся яловыя, на камах — хваёвыя лясы. Слабадрэнажаваныя платопадобныя ўчасткі заняты злакавымі сухадольнымі лугамі. Урадлівыя глебы разараныя.

Л.​К.​Кліцунова.

т. 13, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЙЦАЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры 19 ст. ў в. Райца Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1817 з цэглы на сродкі ўладальніка сядзібы Ф.​Раецкага, прызначаўся для родавай пахавальні. Пасля 1863 касцёл ператвораны ў правасл. Спаса-Праабражэнскую царкву. Прамавугольны ў плане будынак. На гал. фасадзе ўзвышаецца магутная 4-гранная вежа з зубчастым крэмальерным парапетам і аркатурным фрызам. Над вежай гіпсавая скульптура Маці Божай, на франтальнай грані быў гадзіннік-куранты. Гал. ўваход у выглядзе стральчатай аркі і такой жа формы акно хораў над ім аб’яднаны агульным высокім стральчатым парталам. Вышэй размешчаны акно-ружа і арачны праём яруса-звона, аформлены гатычнай аркай. Сцены выкладзены з бутавага каменю і абпаленай цэглы. Бакавыя фасады расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі, выкладзенымі з бутавых валуноў. Вылучаюцца пабеленыя элементы арх. дэкору: стральчатыя нішы, аркатурныя паясы, парталы ўваходаў. Пад храмам крыпта, у якой знаходзіліся пахаванні фундатара і членаў яго сям’і. Каля касцёла стаяла стараж. медная гармата. Непадалёк ад яго мураваная 2-павярховая плябанія з брамай у выглядзе стральчатай аркі (адлюстравана на акварэлі Н.​Орды 1864—67).

А.​М.​Кулагін.

Райцаўскі касцёл.

т. 13, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЫ́СІН (Аляксей Васілевіч) (22.3.1920, в. Высокі Борак Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 27.8.1981),

бел. паэт. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Вучыўся ў Камуніст. ін-це журналістыкі ў Мінску (1938—39), скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1958). Працаваў у рэдакцыях раённых газет (1939—41, 1946—56), з 1958 у газ. «Магілёўская праўда», з 1974 сакратар Магілёўскага абл. аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1938. У зб-ках «Наш дзень» (1951), «Сіні ранак» (1959) вершы, прасякнутыя патрыятызмам і грамадзянскім пафасам, адлюстроўваць працоўныя будні краіны, трывогу за мір на зямлі. У зб. «Сонечная паводка» (1962) — зварот да франтавых будняў, роздум аб якіх пазней стаў адной з істотных асаблівасцей яго паэзіі. Кніга «Мае мерыдыяны» (1965) засведчыла другое нараджэнне паэта. У ёй, як і ў кнігах «Твае далоні» (1967, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Купалы 1968), «Пойма» (1968), «Да людзей ідучы» (1972), «Вярбовы мост» (1974), «Ёсць на свеце мой алень» (1978) разгортваецца суровы летапіс памяці. Драматызм ваен. часу складае аснову перажывання, вызначае характар лірычнай споведзі героя, былога франтавіка, абумоўлівае глыбокі смутак паэзіі П. Погляд у гераічнае мінулае і ў сённяшні дзень вачыма страчаных баявых сяброў, крытэрый памяці прысутнічае ў кожным творы паэта і становіцца найважнейшай адзнакаю эстэт. вартасці яго паэзіі. Высокая маст. культура, маштабнасць мыслення паэта выяўляюцца ў разважаннях над імгненнем і вечнасцю, над глабальнымі пытаннямі сучаснасці, падсвечанымі памяццю франтавых дарог, у глыбокім пранікненні ў духоўны свет чалавека. Імкненне адчуць і зразумець людскія трывогі і клопаты, душэўны неспакой у роздуме аб нашчадках робяць творчасць П. эмацыянальна дзейснай, абумоўліваюць яе агульначалавечае гучанне, гуманіст. скіраванасць у заўтрашні дзень. Лірыцы паэта ўласцівы жыццесцвярджальнасць, унутраная засяроджанасць, спавядальная шчырасць, сталае майстэрства. Аўтар ліра-эпічных паэм «Белы камень», «Кара», «Жураўліны бераг», кніг для дзяцей «Матылёчкі-матылі» (1962), «Вясёлка над плёсам» (1964), «Кавылёк» (1966), «Дзяўчынка Марыям» (1970), «Колькі сонцаў» (1979). На бел. мову пераклаў «Маабіцкі сшытак» М.​Джаліля (1975, з С.​Гаўрусёвым), зб. вершаў М.​Ханінава «Жураўлі над стэпам» (1977). У Палужскай школе Краснапольскага р-на створаны музей П.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1980;

Палёт. Мн., 1982;

Яшчэ не скончана дарога... Мн., 1983;

Аляксей, Дзяніс, Алёнка. Мн., 1984.

Літ.:

Гарэлік Л.М. Аляксей Пысін: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1981;

Бярозкін Р. Постаці. Мн., 1971;

Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;

Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976;

Шпакоўскі І. Узрушанасць. Мн., 1978;

Вялюгін А. Выбр. тв. Т. 2. Мн., 1984.

Л.​М.​Гарэлік.

А.В.Пысін.

т. 13, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГУШЭ́ВІЧ (Юрый) (Георгій Канстанцінавіч; 5.5.1917, г. Орша — 18.3.1983),

рус. пісьменнік. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1941). Друкаваўся з 1938. Аўтар аповесцяў пра падзеі Айч. вайны «Пабрацімы» (1955), «Дрэва дружбы» (1959), «У гарадку над Нёманам» (1973), «Дырэктар «зялёнай школы» (1975), п’есы «Сябры» (з В.​Зубам, паст. 1958, выд. 1960), сцэнарыяў дакумент. фільмаў. Удзельнічаў у напісанні гісторыі мінскіх з-даў.

Тв.:

Юность пришла: Повести. Мн., 1977.

т. 2, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАМАГНІ́ТНАЯ ЗДЫ́МКА,

метад вывучэння магн. поля Зямлі з лятальных апаратаў з дапамогай аэрамагнітометраў.

Прапанавана ў 1936 рус. вучоным А.​А.​Лагачовым для пошуку жал. руды па магн. анамаліях над радовішчамі. Вынікі аэрамагнітнай здымкі выкарыстоўваюцца пры складанні геал. картаў, выяўленні тэктанічных парушэнняў, пошуках радовішчаў жал. руды, баксітаў і інш. Для ўзгаднення картаў магн. поля асобных тэрыторый ствараецца адзіная апорная сетка ў абс. значэннях геамагн. Поля.

т. 2, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІМПІ́ЙЦЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі багі, якія жылі на Алімпе. Паводле міфаў, дзеці бога Кронаса на чале з Зеўсам паўсталі супраць бацькі і тытанаў, перамаглі ў гэтай барацьбе і замацаваліся на Алімпе, падзяліўшы паміж сабой уладу над светам. Вярх. уладыкам стаў Зеўс. Алімпійцы былі абыякавыя да зямных пакут і хваляванняў. Адсюль пераноснае значэнне слова алімпійцы — людзі, якія захоўваюць непарушны («алімпійскі») спакой у любых жыццёвых сітуацыях.

т. 1, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАДЭЗІ́ЧНАЯ СЕ́ТКА,

сістэма геадэзічных пунктаў зямной паверхні, узаемнае становішча якіх вызначана ў адпаведнай сістэме каардынат і вышынь над узр. м. на падставе геад. вымярэнняў. Каардынаты геад. пунктаў вызначаюць пераважна метадамі трыянгуляцыі, паліганаметрыі, выкарыстоўваюць вынікі назіранняў штучных спадарожнікаў Зямлі. Вышыні геад. пунктаў вызначаюць метадамі нівеліравання. Пункты геадэзічнай сеткі замацоўваюць на мясцовасці геадэзічнымі знакамі, яны з’яўляюцца зыходнымі пры картаграфаванні зямной паверхні і геад. вымярэннях на мясцовасці.

т. 5, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕГЕМО́НІЯ (ад грэч. hēgemonia панаванне),

дамінуючае становішча паліт. сілы, класа, дзяржавы ў адносінах да інш. паліт. сіл, класаў, дзяржаў. Прыклады гегемоніі: панаванне Стараж. Афін над інш. грэч. гарадамі-дзяржавамі, Прусіі ў Германіі, СССР у садружнасці сацыялістычных дзяржаў і сярод краін сацыяліст. арыентацыі, ЗША у адносінах да астатняга свету. Асн. прынцыпам марксізму-ленінізму быў пастулат аб пераходзе ў капіталіст. грамадстве ад гегемоніі буржуазіі да гегемоніі пралетарыяту.

т. 5, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕКА́ТА,

у грэчаскай міфалогіі багіня змроку, начных прывідаў і чараўніцтва. Лічылася таксама багіняй Месяца, знаходзілася ў месцах пахавання і на скрыжаваннях, блізкая да Селены і Артэміды. Уяўлялі яе з факелам у руках, часта са змеямі ў валасах, зрэдку трохаблічнай. Яна атрымала ад Зеўса ўладу над лёсам зямлі і мора, была адорана Уранам вял. сілай. Рымляне атаясамлівалі Гекату з багіняй трох дарог Трывіяй.

Геката. 1—2 ст. н.э.

т. 5, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)