КАРАТКЕ́ВІЧ Уладзімір Сямёнавіч (26.11.1930, г. Орша Віцебскай вобл. — 25.7.1984),

бел. пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ун-т (1954), Вышэйшыя літ. (1960) і сцэнарныя (1962) курсы ў Маскве. Настаўнічаў у в. Лесавічы Тарашчанскага р-на Кіеўскай вобл. (1954—56), у Оршы (1956—58). Дэбютаваў вершамі ў 1951. Найбольшую прыхільнасць выяўляў да гіст. тэматыкі, плённа развіваў адраджэнскія ідэі. Істотна ўзбагаціў бел. л-ру ў тэматычных і жанрава-стылявых адносінах, напоўніў яе інтэлектуальным і філас. зместам. Як паэт раскрыўся арыгінальна і непаўторна зб-камі «Матчына душа» (1958), «Вячэрнія ветразі» (1960), «Мая Іліяда» (1969), «Быў. Ёсць. Буду» (1986). Паэзіі ўласцівы пранікнёны лірызм, эпічнасць, рытміка-інтанацыйная разнастайнасць, філасафічнасць, драматызм і жыццесцвярджальнае гучанне («Машэка», «Паўлюк Багрым», «Трызненне мужыцкага Брэйгеля», «Беларуская песня», «Быў. Ёсць. Буду» і інш.). У прозе ўзняў шырокія пласты нац. гісторыі, стварыў адметныя характары, раскрыў багаты духоўны свет герояў і звязаў іх асабісты лёс з лёсам Бацькаўшчыны. Лірыка-рамант. талент К.-празаіка раскрыўся ўжо ў першым зборніку апавяданняў «Блакіт і золата дня» (1961). Для пісьменніка характэрна рамантычнае, фальклорна-легендарнае асэнсаванне мінуўшчыны, яе ўплыў на духоўнае жыццё народа і грамадскую свядомасць. Паэтызуючы гісторыю, уздымаў пытанні, актуальныя і для сённяшняга дня. У гіст.-дэтэктыўнай аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» (1964, аднайм. кінафільм 1979) праўдзіва адлюстроўваў тагачаснае грамадства з яго нац., культ. і гіст. адметнасцямі, сцвярджаў патрыят. ідэі, асуджаў рэнегацтва і зло. У сатыр.-гумарыстычнай аповесці «Цыганскі кароль» (1961) на прыкладзе цыганскага «каралеўства» 18 ст. закранаў важныя сац.-паліт. і нац. праблемы. У рамант. аповесці «Сівая легенда» (1961) праз карціны сял. паўстання на Магілёўшчыне асэнсоўваў лёс Бацькаўшчыны. У «Легендзе аб бедным д’ябле і аб адвакатах Сатаны» (нап. 1961, апубл. 1994) на грунце бел. рэчаіснасці 16 ст. ў гратэскавай форме паказаў барацьбу дабра са злом. З задуманай ім трылогіі пра паўстанне 1863—64 ажыццёўлены толькі раман «Каласы пад сярпом тваім» (1965) — шырокая панарама нар. жыцця бел. народа ў 19 ст. Па сутнасці гэты твор паклаў пачатак бел. гіст. раманістыцы. Адгалінаваннем рамана стала аповесць «Зброя» (нап. 1964, апубл. 1981) — сатыра на самадзяржаўна-прыгонніцкую Расію 1860-х г. У героіка-рамант. драме «Кастусь Каліноўскі» (нап. 1963, паст. 1978) паказаны складанасць і супярэчлівасць паўстання, створаны паўнакроўны вобраз Каліноўскага як непрымірымага ворага самадзяржаўя і патрыёта роднага краю. Раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1966, аднайм. кінафільм 1967) — філас. роздум аб прызначэнні чалавека. Гіст. аспект прысутнічае і ў творах пра сучаснасць: аповесцях «У снягах драмае вясна» (нап. 1957, апубл. 1989), «Чазенія» (1967), «Лісце каштанаў» (1973), рамане «Леаніды не вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць», 1962; Літ. прэмія імя І.​Мележа 1983), п’есах «Млын на Сініх Вірах» (паст. 1959), «Трошкі далей ад Месяца» (нап. 1959—60). У сац.-псіхал. і філас. рамане «Чорны замак Альшанскі» (1979—80; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1984; аднайм. кінафільм 1984) роздум пра непарыўную повязь часоў, а прыёмы дэтэктыўнага жанру выкарыстаны з мэтай глыбей зразумець сэнс людскога існавання. Думкай пра няскоранасць і неўміручасць народа прасякнуты п’еса «Званы Віцебска» (паст. 1974). Сац.-гіст. драма «Калыска чатырох чараўніц» (паст. 1982) пра дзіцячыя і юнацкія гады Я.​Купалы. Рамантычная панарамная трагедыя «Маці ўрагану» (паст. 1988, аднайм. кінафільм 1990) прысвечана Крычаўскаму паўстанню 1743. Пачуццём любові да Беларусі, гіст. мысленнем напоўнены яго нарысы «Зямля пад белымі крыламі» (1977), нарысы, эсэ і артыкулы, напісаныя да 1000-годдзя Віцебска і Турава («Тысячу стагоддзяў табе», 1974; «Сцюдзёная вясна, або 1000 год і 7 дзён», 1980), прысвечаныя Бел. Палессю, Вільні, Кіеву, Ф.​Скарыне, Я.​Купалу, М.​Багдановічу і інш. Пісаў творы для дзяцей («Казкі», 1975). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы Катула, Дж.​Байрана, А.​Міцкевіча, І.​Франка, М.​Карыма, Р.​Гамзатава, Махтумкулі і інш. (зб. «Галасы маіх сяброў», 1993). У творчай спадчыне К. захаваліся шматлікія малюнкі, ілюстрацыі да ўласных твораў. Ён аўтар сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Сведкі вечнасці» (1964), «Памяць» (1966), «Чырвоны агат» (1973) і інш. Па яго творах паст. маст. фільмы, тэле- і радыёспектаклі, оперы «Сівая легенда» (1978, кампазітар Дз.​Смольскі) і «Дзікае паляванне караля Стаха (1989, кампазітар У.​Солтан). Творы К. перакладзены на многія мовы свету. Ён выступаў у абарону бел. мовы, культуры, помнікаў архітэктуры і прыроды. У Оршы і Віцебску К. пастаўлены помнікі, яго імем названы вуліцы, школа ў Оршы (у ёй літ. музей К.). У Мінску на доме, дзе жыў апошнія гады, і ў Оршы на бацькоўскім доме — мемар. дошкі. У Оршы заснаваны музей К.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—8. Мн., 1987—91;

У дарозе і дома: З зап. кніжак // Полымя. 1989. № 1—3;

З вякоў мінулых. Мн., 1990;

Творы. Мн., 1996.

Літ.:

Андраюк С. Пісьменнікі. Кнігі. Мн., 1997;

Быкаў В. Зб. тв. Мн., 1994. Т. 6. С. 408—412;

Верабей А. Абуджаная памяць. Мн., 1997;

Калеснік У. Усё чалавечае. Мн., 1993;

Локун В. Маральна-філасофскія пошукі беларускай ваеннай і гістарычнай прозы, 1950—1960-я гг. Мн., 1995;

Мальдзіс А. Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча. Мн., 1990;

Прашковіч Л. Услаўляючы гераічнае мінулае // Бел. літаратура. Мн., 1977. Вып. 5;

Русецкі А. Уладзімір Караткевіч: праз гісторыю ў сучаснасць. Мн., 1991;

Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;

Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982;

Шынкарэнка В. Пад ветразем дабра і прыгажосці. Мн., 1995.

А.​Л.​Верабей.

У.С.Караткевіч.

т. 8, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІМАТЫЧНЫЯ ВОБЛАСЦІ.

Тэр. Беларусі падзяляюць на 3 кліматычныя вобласці: Паўночную, Цэнтральную і Паўднёвую. Кожная з іх адрозніваецца не толькі кліматычнымі, але і прыроднымі ўмовамі, найперш рэсурсамі цяпла і вільгаці, а таксама ступенню кантынентальнасці клімату.

Паўночная вобласць. Умерана халодная зіма з устойлівым снегавым покрывам, умерана цёплы вегетац. перыяд, устойлівае ўвільгатненне. Агракліматычныя ўмовы цалкам спрыяльныя. Яе паўд. мяжа праходзіць уздоўж ізалініі сумы т-р 2200 °C за перыяд, калі сярэднясутачныя т-ры паветра вышэй за 10 °C, каэфіцыент увільгатнення за цёплы перыяд больш за 1. У адрозненне ад іншых абласцей больш нізкія т-ры паветра ўвесь год. Сярэдняя т-ра ліп. 17—17,8 °C, студзеня ад -6,4 да -8,1 °C. Ападкаў пераважна 620—700 мм за год, 440—480 мм за цёплы перыяд. Міжгадавая зменлівасць сумы атм. ападкаў 100—200 мм і больш, зрэдку ўзнікае дэфіцыт вільгаці ў перыяд вегетацыі. Пачатак вегетацыі з 15—20 красавіка, вегетац. перыяд 184—189 дзён, працягласць безмарознага перыяду 140—150 дзён. Пераход т-ры праз 10 °C вясной у першай дэкадзе мая. Веснавыя замаразкі могуць узнікаць на працягу мая — пач. чэрвеня. Зіма настае ў другой дэкадзе лістапада. Устойлівае снегавое покрыва на З утвараецца 10—15 снежня, на У — на 5 дзён раней. Колькасць дзён са снегавым покрывам 95—110. На З вобласці цяплей і больш вільготна.

Цэнтральная вобласць. Умераная, з частымі адлігамі зіма, цёплы вегетац. перыяд, умеранае ўвільгатненне. Паўд. мяжа супадае з ізалініяй сумы т-р 2350 °C за перыяд, калі сярэднія сутачныя т-ры паветра вышэй за 10 °C; каэфіцыент увільгатнення за цёплы перыяд 0,87—0,9. Цэнтр. вобласць больш цёплая і менш вільготная. Сярэдняя т-ра ліпеня 17,4—18,2 °C, студзеня ад -5 °C на З да -8 °C на У. Ападкаў 590—680 мм, на марэнных узвышшах больш за 700 мм за год. Вегетац. перыяд 187—200 сут. Веснавыя замаразкі магчымы на працягу мая. На паніжэннях і асушаных тарфяніках зацягваюцца на 1—2 тыдні. Снегавое покрыва ўсталёўваецца ў снежні; у пач. месяца на У, у канцы — на 3. Сыходзіць снег у сакавіку, на тыдзень раней на 3. На З зіма больш мяккая і кароткая, лета больш доўгае і цёплае, больш раўнамерна размяркоўваюцца атм. ападкі на працягу года. Вегетац. перыяд на У вобласці амаль на 10 дзён карацейшы. Вясной глеба прыдатная для апрацоўкі на З у 1 -й, а на У у 2-й дэкадзе красавіка.

Паўднёвая вобласць. Паўд. мяжа супадае з ізалініяй сумы т-р 2500 °C за перыяд, калі сярэднясутачныя т-ры паветра вышэй за 10 °C; каэфіцыент увільгатнення за цёплы перыяд 0,8—0,87. Сярэдняя т-ра ліпеня 18—18,5 °C, студзеня ад -4,8 на З да -6,8 °C на У. Ападкаў 560—650 за год. Самы доўгі ў краіне вегетац. перыяд 198—204 сут, які пачынаецца ў канцы сакавіка — пачатку красавіка. Веснавыя замаразкі на сухадольных мінер. глебах характэрныя ў красавіку, а на асушаных тарфяніках могуць узнікаць у маі—чэрвені. На З вобласці ўстойлівае снегавое покрыва кожны другі ці трэці год адсутнічае. Вобласць добра забяспечана цяплом, што спрыяе вырошчванню цукровых буракоў, кукурузы, скараспелых сартоў вінаграду і інш. культур. На З вобласці самая кароткая на Беларусі зіма (106 дзён) і самая высокая т-ра студз., самы кароткі перыяд са снегавым покрывам. Вясной супясчаныя і лёгкасугліністыя глебы на З прыдатныя для апрацоўкі ў канцы сакавіка — пачатку красавіка, на У — у канцы 1 -й дэкады красавіка.


Агракліматычныя вобласці
Асноўныя характарыстыкі Агракліматычныя вобласці
Паўночная Цэнтральная Паўднёвая
Сярэдняя тэмпература паветра за месяц, °C
Самы цёплы (ліпень)
Самы халодны (студзень)

17—17,8
-6,4—8,1

17,4—18,2
-5,2— -7,5

18—18,5
4,8— -6,8
Працягласць перыяду з сярэдняй сутачнай тэмпературай паветра (у днях):
вышэй за 0 °C
вышэй за 5 °C
вышэй за 10 °C
вышэй за 15 °C

227—237
184—189
138—145
72—84

235—252
187—200
145—155
86—100

245—260
198—204
153—157
98—105
Працягласць безмарознага перыяду (у днях) 140—150 145—160 155—165
Сума тэмператур за вегетацыйны перыяд:
вышэй за 5 °C
вышэй за 10 °C
за год

2380—2500
2040—2180
620—700

2540—2730
2220—2380
590—680

2720—2800
2370—2480
560—650
Колькасць ападкаў (мм) за цёплы перыяд (красавік—кастрычнік) 440-480 420—460 410—450
Колькасць дзён са снегавым покрывам 110—95 100—75 85—70

Сярэднія месячныя і гадавыя сумы ападкаў, мм
Станцыя I II III IV ​V ​VI VII VIII ІХ ​Χ ​ΧΙ XII Год
Віцебск 38 31 36 40 56 77 95 78 65 52 53 44 665
Мінск 43 40 42 46 61 82 90 81 60 50 53 50 698
Гродна 34 31 33 40 51 76 77 74 50 42 46 42 596
Магілёў 43 35 39 47 59 81 86 75 57 54 51 49 676
Брэст 34 33 35 41 56 78 77 76 51 44 43 40 608
Гомель 38 31 33 45 55 79 87 67 55 48 47 45 630

Літ.:

Шкляр А.Х. Климатические ресурсы Беларуси и использование их в сельском хозяйстве. Мн., 1973. Климат Беларуси. Мн., 1996;

Изменения климата и использование климатических ресурсов. Мн., 2001;

Изменения климата Беларуси и их последствия. Мн., 2003.

П.​А.​Каўрыга.

т. 18, кн. 2, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЎРЫ́КІЙ (Mauritius), Рэспубліка Маўрыкій (Republic of Mauritius),

дзяржава на а-вах Маўрыкій, Радрыгес, Агалега, Каргадас-Карахас у зах. ч. Індыйскага ак. на У ад Мадагаскара. Пл. 2040 км². Нас. 1168,3 тыс. чал. (1999). Дзярж. мова — англійская; выкарыстоўваюцца крэольская, французская, хіндзі. Сталіца — г. Порт-Луі. Падзяляецца на 9 акруг і 3 аўт. тэрыторыі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 сак.).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1968 (з пазнейшымі дапаўненнямі). Кіраўнік дзяржавы і галоўнакамандуючы ўзбр. сіламі — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам па прапанове кіраўніка ўрада на 5 гадоў. Заканад. ўладу ажыццяўляе Нац. сход (70 дэпутатаў) з тэрмінам паўнамоцтваў 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць Савету Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. А-вы Маўрыкій (пл. 1865 км²) і Радрыгес (пл. 104 км²) з групы Маскарэнскіх а-воў вулканічнага паходжання. Паверхня в-ва Маўрыкій узвышаная, асабліва на ПдЗ (г. Пітон, 826 м), у цэнтр. ч. — плато выш. да 600 м, па берагах участкі раўнін. На в-ве Радрыгес выш. да 396 м. А-вы Агалега і Каргадас-Карахас (агульная пл. 71 км²) каралавага паходжання. Клімат трапічны пасатны. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (люты) 26 °C, самага халоднага (жн.) 14—18 °C. Ападкаў ад 5000 мм у гарах да 900—800 мм у прыбярэжных раёнах. На вулканічных астравах шмат кароткіх рэк. Бываюць разбуральныя ўраганы. У гарах захаваліся трапічныя лясы (6% пл.) з эндэмічнымі і інтрадукаванымі відамі дрэў. Пад другаснымі хмызнякамі 16% тэрыторыі. У жывёльным свеце адсутнічаюць буйныя млекакормячыя, але шмат птушак. Разнастайная марская фауна. Некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. Жывуць індамаўрыкійцы (нашчадкі выхадцаў з Індыі і Пакістана, каля 68% насельніцтва), крэолы (пераважна змешанага франка-афра-малагасійскага паходжання, каля 27%), кітайцы, арабы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць індуісты (52%), хрысціяне (28%, пераважна католікі), мусульмане (17%). Сярэднегадавы прырост каля 1,2%. Сярэдняя шчыльн. 573 чал. на 1 км², на раўнінах і плато в-ва Маўрыкій — да 1000 чал. на 1 км². У гарадах жыве 41% насельніцтва. У Порт-Луі 145 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 200 тыс. ж. (1995). У гарадах К’юрпайн, Бо-Басен, Катр-Борн, Вакаас больш за 50 тыс. ж. У прам-сці занята 37% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве — 15, у транспарце і сувязі — 7, у гандлі — 14, у сферы паслуг — 24%.

Гісторыя. В-аў Маўрыкій быў вядомы араб. мараплаўцам з 8 ст. пад назвай Дзіна Аробі (Сярэбраны в-аў). Да 1598 ненаселены. Першымі з еўрапейцаў М. наведалі партуг. мараплаўцы ў пач. 16 ст. У 1598—1710 пад уладай галандцаў, якія назвалі востраў у гонар прынца Морыца Аранскага. З 1715 франц. калонія пад назвай Іль-дэ-Франс. У гэты час створаны буйныя плантацыі цукр. трыснягу, для працы на якіх прывозілі рабоў з Афрыкі. У 1810 востраў захоплены англічанамі, якія вярнулі яму былую назву. З 1814 англ. калонія. Пасля адмены рабства ў 1835 пачаўся масавы прывоз рабочай сілы з Індыі (450 тыс. чал. у 1845—1907) і Кітая. З 1936 дзейнічае першая паліт. партыя — Лейбарысцкая партыя (ЛП). У 1957 пашыраны правы мясц. Заканад. савета, з 1958 уведзена ўсеаг. выбарчае права. У 1964 створаны нац. ўрад, які пасля выбараў 1967 узначаліла ЛП. 12.3.1968 абвешчана незалежнасць М. ў складзе Садружнасці. У 1968—82 М. кіравалі кааліцыйныя ўрады на чале са старшынёй ЛП С.​Рамгуламам. На выбарах у чэрв. 1982 перамагла партыя Маўрыкійскі баявы рух (МБР), яе лідэр А.​Джагнат стаў прэм’ер-міністрам М. У крас. 1983 Джагнат выйшаў з МБР і стварыў Баявы сацыяліст. рух, які кіраваў М. у саюзе з Маўрыкійскай сацыяліст. партыяй да 1997. 12.3.1992 М. абвешчаны рэспублікай (прэзідэнт з чэрв. 1992 — К.​Уцім). На выбарах у снеж. 1996 перамагла ЛП, якая сфарміравала ўрад (да 1998 у кааліцыі з МБР) на чале з Н.​Рамгуламам. М. — чл. ААН. Арг-цыі афр. адзінства (з 1968). Дзейнічаюць Лейбарысцкая партыя, Маўрыкійскі баявы рух, Баявы сацыяліст. рух, Маўрыкійская с.-д. партыя.

Гаспадарка. М. — краіна сярэдняга ўзроўню развіцця, адна з краін Афрыкі, якая дынамічна развіваецца. Штогадовы даход на 1 чал. 3380 дол. (1997). Прам-сць дае каля 50% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — каля 15%. Аснова эканомікі — апрацоўчая прам-сць, абслугоўванне замежных турыстаў, вытв-сць экспартных с.-г. культур. 495 прамысл. прадпрыемстваў працуюць у Свабоднай экспартнай вытв. зоне. Пераважаюць прадпрыемствы па выпуску трыкатажных вырабаў (57% усіх прадпрыемстваў), ткацка-прадзільныя (12%), прадпрыемствы абутковай, скургалантарэйнай, эл.-тэхн., аптычнай, гадзіннікавай, алмазагранільнай, ювелірнай, хім., метала- і дрэваапр. прам-сці. Харч. прам-сць прадстаўлена мукамольнымі, мясаперапрацоўчымі, рыбакансервавымі, піваварнымі і інш. прадпрыемствамі. Працуюць 17 цукр. з-даў, 8 чаеперапрацоўчых ф-к, ёсць прадпрыемствы папяровыя, алейныя, тытунёвыя, па вытв-сці рому. Працуюць 8 ГЭС і 2 ЦЭС. Вытв-сць электраэнергіі 1,1 млрд. кВт∙гадз (1996). Большая частка прамысл. прадпрыемстваў у Порт-Луі і яго наваколлі. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца пад ворыва каля 112 тыс. га зямель. Ёсць буйныя плантацыйныя і дробныя сялянскія гаспадаркі. 90% ворных зямель пад цукр. трыснягом (500—700 тыс. т цукру-сырцу штогод). Больш узвышаныя раёны займаюць чайныя плантацыі (штогадовы збор каля 25—30 тыс. т). З тэхн. культур вырошчваюць тытунь і алоэ. На экспарт вырошчваюць трапічныя віды кветак. На ўласныя патрэбы на невял. плошчах вырошчваюць бульбу, маніёк, кукурузу, агародніну (памідоры, цыбуля, часнок, капуста, агуркі і інш.), імбір, шафран, чырвоны перац. Субтрапічнае садоўніцтва (манга, папайя, гранат, грэйпфрут, гуаява, плады дрэва лічы і інш.). Жывёлагадоўля развіта слаба з-за недахопу пашы. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, коз. Прамысл. птушкагадоўля. Рыбалоўства (каля 6 тыс. т рыбы штогод). Важнае месца займае замежны турызм. У краіне 60 гасцініц на 6,5 тыс. месцаў, комплексы катэджаў і інш., у галіне запята каля 4 тыс. чал. У 1997 М. наведалі 530 тыс. замежных турыстаў, даход — каля 550 млн. долараў. Найб. наведвальнікаў прыбывае з в-ва Рэюньён (25%), Францыі (20%), Паўд.-Афр. Рэспублікі (18%). Турыстаў прыцягваюць прыгожыя каралавыя пляжы, спрыяльны клімат, помнікі мінулага, культура, багатая традыцыямі розных народаў. Транспарт аўтамабільны і марскі. На астравах 2 тыс. км асфальтаваных аўтадарог. Праз марскі порт Порт-Луі праходзіць каля 90% знешнегандл. абароту. На в-ве Маўрыкій — міжнар. аэрапорт Плезанс. У 1997 экспарт склаў 1,26 млрд. дол., імпарт — 1,73 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць адзенне (52% па кошце), цукар (29%), тытунёвыя вырабы, брыльянты, рыба; у імпарце — машыны, паліва, харч. тавары. Гал. гандл. партнёры: Францыя, Індыя, Кітай, Вялікабрытанія. Грашовая адзінка — маўрыкійская рупія.

К.​А.​Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Маўрыкія.

т. 10, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЛІНГРА́ДСКАЯ БІ́ТВА 1942—43,

адна з найбуйнейшых бітваў 2-й сусв. і Вял. Айч. войнаў. Складалася з абарончай (17.7—18.11.1942) і наступальнай (19.11.1942—2.2.1943) аперацый сав. войск. Паражэнні пад Харкавам і ў Данбасе прывялі да часовай страты сав. войскамі стратэг. ініцыятывы, стварылі пагрозу захопу ворагам Сталінграда і Паўн. Каўказа. Для наступлення на Сталінград ням. камандаванне вылучыла 6-ю палявую і 4-ю танк. арміі. З мэтай арганізацыі больш эфектыўнай стратэг. абароны Стаўка Вярх. Галоўнакамандавання 12 ліп. стварыла Сталінградскі фронт (камандуючы Маршал Сав. Саюза С.​К.​Цімашэнка, з 23 ліп. ген.-лейт. В.​М.​Гордаў, з 13 жн. ген.палк. А.​І.​Яроменка). Абарончая аперацыя пачалася сутыкненнем 17 ліп. ў раёне р. Чыр часцей 62-й сав. арміі (камандуючы ген.-м. У.​Я.​Калпакчы) і 6-й ням. арміі (камандуючы ген.-палк., са студз. 1943 ген.-фельдмаршал Ф.​Паўлюс). Маючы перавагу ў сілах і сродках, праціўнік 23 ліп. прарваў абарону сав. войск, акружыў 3 дывізіі і інш. часці і выйшаў да р. Дон. Каб спыніць наступленне ворага, Стаўка Вярх. Галоўнакамандавання прыняла шэраг захадаў (28.7.1942 І.​В.​Сталін падпісаў загад № 227, які ўвайшоў у гісторыю пад назвай «ні кроку назад»). 7 жн. Сталінградскі фронт. працягласць якога дасягала 800 км, падзелены на 2 часткі: Сталінградскі фронт, які з 28 вер. называўся Данскім фронтам, і Паўд.-Усх. фронт (з 28 вер. атрымаў ранейшую назву Сталінградскі фронт), асн. задачай якога стала абарона Сталінграда. Прадстаўнікамі Стаўкі на франтах Сталінградскага напрамку прызначаны (23 ліп. А.​М.​Васілеўскі, 26 жн. Г.​К.​Жукаў). Ням. камандаванне таксама ўзмацніла групоўку, што наступала на Сталінград: 31 ліп. з Каўказскага напрамку сюды павернута 4-я танк. армія. 19 жн. герм. войскі адначасовымі ўдарамі з 3 і Пд пачалі новае наступленне. У выніку сав. фронт быў прарваны, да 23 жн. ням. танк. злучэнні дасягнулі р. Волга і пачалі штурм горада. Сталінград абаранялі войскі 62-й (ген.-лейт. В.​І.​Чуйкоў), часткова 64-й (ген.-лейт. М.​С.​Шумілаў) армій. У вер. напружаныя баі ішлі на вуліцах горада, з 4 кастр. — у цэхах заводаў.

У кастр. — ліст. 1942 Стаўка Вярх. Галоўнакамандавання і Ген. штаб разам з камандаваннем франтоў распрацавалі план аперацыі па акружэнні і знішчэнні групоўкі ворага ў раёне Сталінграда (кодавая назва «Уран»). 19 ліст. пасля артыл. падрыхтоўкі войскі Паўд.-Зах. (ген.-лейт., з 7 снеж. ген.-палк. М.​Ф.​Ватуцін) і правага крыла Данскога (ген.-лейт., з 15 студз. 1943 ген.-палк. К.​К.​Ракасоўскі) франтоў прарвалі абарону праціўніка на ПнЗ ад Сталінграда. 20 ліст. з раёна на Пд ад горада насустрач войскам Паўд.-Зах. фронту нанеслі ўдар войскі Сталінградскага (ген.-палк. А.​І.​Яроменка) і 23 ліст. замкнулі кальцо акружэння (у «кацёл» трапілі 6-я і 4-я ням. арміі, значная колькасць спец. і дапаможных часцей і падраздзяленняў — усяго каля 330 тыс. чал.). 16 снеж. сав. войскі разгарнулі наступленне на Сярэднім Доне. Да канца месяца Паўд.-Зах. і левае крыло Варонежскага (ген.-лейт. П.​А.​Голікаў) франтоў разграмілі асн. сілы 8-й італьян. арміі, ням. аператыўнай групы «Холіт», рэшткі 3-й рум. арміі і стварылі ўмовы для поўнай ліквідацыі акружанай пад Сталінградам групоўкі ням. войск. Спроба забеспячэння акружаных войск з дапамогай авіяцыі была сарвана (знішчана больш за 700 самалётаў ворага). Калі праціўнік адхіліў прапановы аб капітуляцыі, войскі Данскога фронту 10.1.1943 перайшлі ў наступленне (кодавая назва «Кальцо»). У выніку злучэння войск 21-й і 62-й сав. армій каля Мамаева кургана 26 студз. варожая групоўка была рассечана на 2 часткі. 31 студз. спыніла супраціўленне паўд. група ням. войск (ген.-фельдмаршал Ф.​Паўлюс), 2 лют. капітулявала паўн. група (ген. Штрэкер). У выніку С.б. разгромлена больш за 100 дывізій праціўніка, яго войскі страцілі каля 1,5 млн. чал., 3,5 тыс. танкаў (з улікам войск і тэхнікі саюзнікаў фаш. Германіі). Страты сав. войск. па некат. звестках дасягнулі 1,1 млн. чал. Сярод удзельнікаў С.б. былі тысячы беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі, у т. л. нам. каманд. Сталінградскім фронтам К.​А.​Каваленка, камандуючыя: 17-й паветр. арміяй С.​А.​Красоўскі, 5-й танк. арміяй А.​І.​Лізюкоў (загінуў 25.7.1942), 62-й арміяй А.​І.​Лапацін, нач. штаба 21-й арміі В.​А.​Пянькоўскі, а таксама камандаванне Волжскай ваен. флатыліі (П.​А.​Трайнін, П.​Ц.​Бандарэнка, А.​І.​Цыбульскі). Многія беларусы здзейснілі подзвіг: камісар палка М.​П.​Сыдзько, камандзір гарматы кананерскай лодкі А.​А.​Кандраценка, лётчык І.​Я.​Сяржантаў, А.​Я.​Вашчанка, А.​К.​Стампкоўская і інш. У час. С.б. бел. партызаны і падпольшчыкі ўзмацнілі ўдары па варожых тылах: зрывалі перакідку да месца баёў рэзерваў, знішчалі эшалоны з жывой сілай і тэхнікай (у 2-й пал. 1942 бел. партызаны штомесяц узрывалі 150—160 эшалонаў). У сувязі з катастрафічным паражэннем пад Сталінградам у Германіі была аб’яўлена 3-дзённая жалоба. Перамога у С.б. стала пачаткам карэннага пералому ў ходзе Вял. Айч. вайны і ўсёй 2-й сусв. вайны: створаны ўмовы для разгортвання агульнага зімовага наступлення 1942—43 ад Ленінграда да Паўн. Каўказа і выгнання акупантаў з тэр. СССР. Праціўнік страціў стратэг. ініцыятыву і не вярнуў яе да канца вайны. Паражэнне пад Сталінградам абвастрыла ўнутрыпаліт. становішча Германіі і яе сатэлітаў, у той жа час садзейнічала кансалідацыі антыгітлераўскай кааліцыі. У снеж. 1942 Прэзідыум Вярх. Савета СССР зацвердзіў медаль «За абарону Сталінграда», які атрымалі больш за 700 тыс. удзельнікаў бітвы, 112 воінаў сталі Героямі Сав. Саюза. Подзвіг герояў-сталінградцаў увекавечаны ў помніку-ансамблі героям С.б. на Мамаевым кургане. У загадзе Вярх. Галоўнакамандуючага ад 1.5.1945 г. Сталінград у ліку першых названы горадам-героем (палажэнне аб званні горад-герой зацверджана 8.5.1965).

Літ.:

История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 5—6. М., 1975—76;

Самсонов А.М. Вторая мировая война, 1939—1945: Очерк важнейших событий. 4 изд. М., 1990;

Василевский А.М. Победа в битве на Волге // Василевский А.М. Дело всей жизни. Мн., 1988;

Жуков Г.​К.​Стратегическое поражение противника в районе Сталинграда // Жуков Г.К. Воспоминания и размышления. 3 изд. М., 1978. Т. 2;

Яковлев Н.Н. 19 ноября 1942. 2 изд. М., 1979;

Видер И. Катастрофа на Волге: Пер. с нем. М., 1965;

Мировая война: Взгляд побежденных, 1939—1945 гг. М.; СПб., 2002;

Адам В. Катастрофа на Волге: Мемуары адъютанта Ф.​Паулюса: Пер. с нем Смоленск, 2001;

Литвин Г. Русская Хиросима: Сталинград. Август 1942 г. // Авиация и космонавтика 1998. № 8.

М.​Я.​Казырэвіч, У.​І.​Лемяшонак, Р.​Ч.​Лянькевіч.

Да арт. Сталінградская бітва 1942—43. На абарону Сталінграда. Мастак А.​Буднікаў.
Да арт. Сталінградская бітва 1942—43. Баі на вуліцах Сталінграда. Восень 1942.

т. 15, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТМАСФЕ́РА (ад грэч. atmos пара + сфера) Зямлі, газавая абалонка вакол Зямлі, якая ўтрымліваецца яе прыцяжэннем, верціцца разам з ёю і забяспечвае жыццядзейнасць расліннага і жывёльнага свету. Маса атмасферы каля 5,15×10​15 т (адна мільённая доля масы Зямлі). Палавіна яе заключана ў слоі да 5 км, 90% — да 16 км, вышэй за 100 км — толькі мільённая частка. Выразнай верхняй мяжы не існуе, атмасфера паступова пераходзіць у касм. прастору (гл. Космас). За фіз. мяжу прымаюць выш. 1000—1200 км, тэарэтычная мяжа — 42 тыс. км, дзе цэнтрабежная сіла вярчэння Зямлі ўраўнаважваецца яе прыцяжэннем. З вышынёй мяняюцца фіз. ўласцівасці атмасферы: ціск, шчыльнасць, т-ра. Ціск атмасферы на ўзр. м. на 1 см² 1013,25 гПа, на выш. 5 км ён змяншаецца на ½. Залежнасць ціску ад вышыні выражаецца бараметрычнай формулай. Шчыльнасць паветра на ўзр. м. 1,27—1,30 кг/м³, на паверхні Зямлі ў Еўропе ў сярэднім 1,25 кг/м³, на выш. 20 км 0,087 кг/м³, на выш. 750 км менш за 10-13 кг/м³. Т-ра характарызуецца больш складанай залежнасцю ад вышыні.

Будова. Атмасфера мае выразную слаістую структуру. У аснову падзелу пакладзена вертыкальнае размеркаванне т-ры, паводле якога вылучаюць сферы і слаі-паўзы паміж імі. Ніжняя частка атмасферы — трапасфера, знаходзіцца над паверхняй Зямлі да выш. 8—10 км у палярных, 16—18 км у экватарыяльных шыротах. Характарызуецца паніжэннем т-ры з вышынёй каля 6,5 °C на 1 км. Пераходнаму слою (таўшчынёй ад соцень метраў да 2 км) паміж трапасферай і стратасферай — трапапаўзе — уласціва ізатэрмія. Стратасфера распасціраецца да 50 км, у ніжняй частцы яе т-ра пастаянная, з выш. 25—30 км павышаецца ў сярэднім на 0,3 °C на 100 м (у азанасферы). Паміж стратасферай і мезасферай размяшчаецца стратапаўза, у якой т-ра блізкая да 0 °C. У мезасферы (да выш. 80 км) т-ра зніжаецца на 0,35 °C на 100 м вышыні (да -90 °C), развіваецца канвекцыя (вертыкальнае перамешванне), утвараюцца серабрыстыя воблакі. У мезасферы адзначаецца іанізацыя часцінак газу. Мезапаўза знаходзіцца на выш. 80—85 км, ёй уласціва ізатэрмія ці слабае зніжэнне т-ры. Вышэй размешчана тэрмасфера (да 800—1000 м), дзе т-ра зноў рэзка павышаецца за кошт паглынання прамога сонечнага выпрамянення і дасягае 1500—2000 °C. Тэрмасфера адпавядае іанасферы, дзе паветра моцна іанізаванае ў выніку дысацыяцыі малекул газаў пад уздзеяннем ультрафіялетавай, рэнтгенаўскай і карпускулярнай радыяцыі, што з’яўляецца прычынай высокай т-ры, палярных ззянняў, свячэння атмасферы. Знешняя атмасфера — экзасфера, дзе адбываецца дысіпацыя газаў, іх часцінкі (пераважна атамы вадароду) рассейваюцца ў касм. прасторы і ўтвараюць карону Зямлі.

Састаў. Атмасфера паветра — сумесь газаў з дамешкам завіслых цвёрдых і вадкіх часцінак. Паводле хім. саставу вылучаюць гамасферу (да 90—100 км) з нязменнымі суадносінамі асн. газаў і гетэрасферу, дзе стан газаў і іх суадносіны вельмі зменлівыя. У сухім паветры гамасферы азот складае 78%, кісларод — 21, аргон — 0,9, вуглякіслы газ — 0,03%, астатняе — крыптон, ксенон, неон, гелій, вадарод, азон, ёд, радон, метан, аміяк і інш. Сучасны састаў атмасферы спрыяльны для жыцця на Зямлі: кісларод служыць для дыхання жывых арганізмаў, вуглякіслы газ — для стварэння арган. рэчываў раслін у працэсе фотасінтэзу. У фіз. працэсах, якія адбываюцца ў атмасферы, найб. актыўныя вадзяная пара, азон, вуглякіслы газ і атм. аэразолі. Вадзяная пара канцэнтруецца ў ніжніх слаях трапасферы (ад 0,1—0,2% у палярных шыротах да 3% у экватарыяльных), з вышынёй яе колькасць памяншаецца (на выш. 1,5—2 км на 50%), у нязначнай колькасці ёсць да выш. 15—20 км. Азон затрымлівае асн. частку ультрафіялетавага выпрамянення Сонца, гібельнага для ўсяго жывога на Зямлі. Канцэнтруецца ў азанасферы. Вуглякіслы газ здольны паглынаць даўгахвалевае выпрамяненне Зямлі і ствараць парніковы эфект атмасферы. Колькасць вуглякіслага газу павялічваецца ў сувязі з узмацненнем антрапагеннага ўздзеяння на атмасферу (мяркуюць, што да 2000 г. яго будзе 0,0375%). Атмасферныя аэразолі (завіслыя ў паветры цвёрдыя і вадкія часцінкі) таксама затрымліваюць цеплавое выпрамяненне паверхні Зямлі і ўплываюць на бачнасць у атмасферы. Прымеркаваныя да прыземных слаёў, частка іх пранікае ў стратасферу, дзе на выш. 15—20 км утвараецца аэразольны слой Юнге.

У гетэрасферы павялічваецца колькасць лёгкіх газаў, адбываецца дысацыяцыя малекул паветра і значная іанізацыя. Выразная змена стану газаў атмасферы адбываецца на выш. 100—210 км, дзе пераважае атамарны кісларод над малекулярнымі азотам і кіслародам. На выш. 500 км малекулярнага кіслароду практычна няма, вышэй за 600 км пераважае гелій, на выш. ад 2 да 20 тыс. км пашырана вадародная карона Зямлі. З верхняй часткай атмасферы звязаны радыяцыйныя паясы Зямлі: унутраны на выш. 500—1600 км і вонкавы, утвораныя электронамі з высокай энергіяй.

Паветраныя плыні. Вынікам неаднароднасці т-ры атмасферы па вертыкалі і нераўнамернага награвання палярных і экватарыяльных шырот, сухазем’я і мора з’яўляецца сістэма буйнамаштабных працэсаў — агульная цыркуляцыя атмасферы. Да яе належаць плыні ніжняй часткі трапасферы: пастаянныя — пасаты і сезонныя — мусоны, заходні перанос паветраных мас, канвекцыя, цыклоны і антыцыклоны і інш. Паблізу трапапаўзы, дзе існуе кантрастнасць т-ры, а таксама ў азонавым слоі на выш. 20—25 км утвараюцца магутныя струменныя плыні. Скорасць ветру ў верхняй стратасферы дасягае 100—150 м/сек. У тэрмасферы яна павялічваецца, тут адбываюцца прыліўныя рухі пад уздзеяннем Месяца і Сонца. Рухомасць атмасферы надае ёй ролю рэгулятара цеплаабмену Зямлі з космасам, радыяцыйнага і воднага балансу. Працэсы ўзаемадзеяння атмасферы і акіяна істотна ўплываюць на клімат Зямлі. Атмасфера мае электрычнае поле, якое фарміруецца пад уздзеяннем адмоўнага электрычнага поля Зямлі.

Паходжанне. Сучасная зямная атмасфера мае другаснае паходжанне, яна ўтварылася пасля ўзнікнення Зямлі ў выніку ўзаемадзеяння працэсу дэгазацыі з пародамі літасферы. Састаў атмасферы зменьваўся на працягу ўсёй гісторыі Зямлі, у т. л. і пад уплывам дзейнасці чалавека. Вылучаюць 2 асн. этапы — бескіслародны (2 млрд. гадоў назад) і кіслародны; маса кіслароду значна павялічылася ў фанеразоі пасля з’яўлення расліннасці на сушы.

Вывучэнне атмасферы пачалося ў антычны час. Навука пра атмасферу — метэаралогія сфарміравалася ў 19 ст. Для назіранняў за атмасферай створана сетка метэаралагічных станцый і пастоў, выкарыстоўваюцца метады вертыкальнага зандзіравання атмасферы, радыёлакацыя, пеленгацыя, самалёты, аўтам. аэрастаты, спец. судны, ракеты і метэаралагічныя спадарожнікі. У Беларусі назіранне за атмасферай праводзіцца на метэастанцыях гідраметэаралагічнай службы, у прамысл. цэнтрах вывучаюць і прагназіруюць ступені тэхнагеннага забруджвання; праводзяцца даследаванні радыенукліднага забруджвання атмасферы пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Літ.:

Атмосфера: Справ. Л., 1991;

Будыко М.И., Ронов А.Б., Яншин А.Л. История атмосферы. Л., 1985;

Бримблкумб П. Состав и химия атмосферы: Пер. с англ. М., 1988.

Г.​В.​Валабуева.

Атмасфера: 1 — шары-зонды; 2 — метэоры; 3 — серабрыстыя воблакі; 4 — палярныя ззянні; 5 — адбіццё радыёхваляў дэкаметровага дыяпазону ад іанасферных слаёў; 6 — распаўсюджанне радыё-хваляў дэцыметровага дыяпазону (10 см — 1 м); 7 — штучныя спадарожнікі Зямлі; 8, 9 — унутраны радыяцыйны пояс, які ўтвараецца пратонамі, электронамі і іншымі зараджанымі часціцамі; 10 — сілавыя лініі магнітнага поля Зямлі (у зоне экватара).

т. 2, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАМІ́БІЯ (Namibia), Рэспубліка Намібія (Republic of Namibia),

дзяржава ў Паўд.-Зах. Афрыцы. Мяжуе на Пн з Анголай і Замбіяй, на У з Батсванай, на ПдУ і Пд з Паўд.-Афр. Рэспублікай (ПАР); на З абмываецца водамі Атлантычнага ак. Пл. 824,3 тыс. км². Нас. 1648,3 тыс. чал. (1999). Дзярж. мова — англійская, шырока ўжываюцца таксама афрыканс і нямецкая. Сталіца — г. Віндхук. Краіна падзяляецца на 13 адм. рэгіёнаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (21 сак.).

Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — 2-палатны парламент, які складаецца з Нац. асамблеі (72 дэпутаты выбіраюцца ўсеагульным прамым галасаваннем на 5 гадоў) і Нац. савета (26 прадстаўнікоў рэгіёнаў, што выбіраюцца на 6 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду.

Прырода. Большая частка тэр. Н. — пласкагор’е выш. 1300—1500 м на З і 900—1100 м на У. Найб. выш. 2600 м (г. Брандберг). Пласкагор’е спадзіста паніжаецца на У да паўпустыні Калахары, на З уступам абрываецца ў бок прыбярэжнай раўніны — пустыні Наміб. Карысныя выкапні: алмазы, уранавыя, поліметалічныя, медныя, алавяныя, вальфрамавыя, рэдкаметал. руды, сера, прыродны газ і інш. Клімат трапічны, вельмі сухі. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (студз.) ад 18 °C на беразе акіяна да 27 °C ва ўнутр. раёнах, самага халоднага (ліп.) ад 12 °C на Пд да 16 °C на Пн. Ападкаў ад 10—50 мм за год на ўзбярэжжы, да 500—700 мм на ПнУ. Гал. рэкі на Пн — Акаванга, Кунене, на Пд — Аранжавая, астатнія — часовыя вадатокі. На Пн краіны перасыхаючае воз. Этоша. Пераважаюць пустынныя трапічныя глебы і чырванавата-бурыя глебы саваннаў. Расліннасць у пустыні Наміб сукулентная, на пласкагор’і злакава-хмызняковая і хмызняковая, у больш высокіх раёнах паўпустыні і апустыненыя саванны. У складзе жывёльнага свету горных раёнаў і на У эндэмічныя грызуны (даўганос, капскі сляпыш), асобныя віды зайцоў, трубказуб; шматлікія яшчаркі, змеі і інш. Воды акіяна каля берагоў Н. багатыя прамысл. рыбай (сардзінела, макрэль, анчоўс), марскімі ракамі (амары, лангусты), ёсць цюлені. Нац. паркі: Этоша, Наміб, Бераг Шкілетаў, Ноўклуфберге.

Насельніцтва. Большасць насельніцтва належыць да групы зах. банту: авамба (810 тыс. чал.), каванга (146 тыс. чал.), герэра (114 тыс. чал.) і інш. Жывуць горныя дамара (114 тыс. чал.), гатэнтоты, бушмены (сан). Нас. еўрап. паходжання (100 тыс. чал.) складаецца з афрыканераў, немцаў, англічан. Каля 80% вернікаў хрысціяне (пераважна пратэстанты), астатнія прытрымліваюцца мясц. традыц. культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 2 чал. на 1 км². У пустыні Наміб і паўпустыні Калахары вял. тэрыторыі не маюць пастаяннага насельніцтва. Гар. насельніцтва каля 37%. Найб. гарады: Віндхук (190 тыс. ж., 1995), Людэрыц, Уолфіш-Бей, Цумеб. У сельскай гаспадарцы занята 49%, у прам-сці і гандлі — 25% працаздольнага насельніцтва.

Гісторыя. Першыя стаянкі чалавека, выяўленыя на тэр. Н., адносяцца да 2-га тыс. да н.э. Стараж. насельніцтва Н. — плямёны кой-коін (продкі сучасных нама, 3 групы гатэнтотаў), сан (бушмены) і дамара. У 16 ст. сюды прыйшлі плямёны банту (авамба, герэра, каванга і інш.). У канцы 15 ст. ўзбярэжжа Н. адкрылі партуг. мараплаўцы. У 1878 Вялікабрытанія анексіравала раён бухты Уолфіш-Бей. У 1884 Германія ўсталявала пратэктарат над-раёнам Ангра-Пекена, потым над б.ч. тэр. Н., якая стала герм. калоніяй «Германская Паўд.-Зах. Афрыка» (ПЗА). У адказ на прыгнёт герм. улад герэра на чале з С.​Магарэра і нама на чале з Х.​Вітбоем узнялі ў 1904—07 паўстанне, якое было жорстка задушана герм. войскамі. У 1915 Н. акупіравана Паўд.-Афр. Саюзам (ПАС; з 1961 — Паўд.-Афр. Рэспубліка, ПАР), які ў 1920 атрымаў ад Лігі Нацый мандат на кіраванне ПЗА. У 1946 урад ПАР анексіраваў ПЗА, ператварыў яе ў сваю правінцыю і распаўсюдзіў на яе рэжым апартэіду. ААН не прызнала анексію і ў 1968 і 1978 прыняла рэзалюцыі аб праве народаў Н. на самавызначэнне. З 1966 узбр. барацьбу супраць акупацыі пачала Народная арганізацыя Паўднёва-Заходняй Афрыкі (СВАПО) на чале з С.Нуёмам. Улады ПАР падтрымліваў створаны з прадстаўнікоў памяркоўных арг-цый Дэмакр. альянс Турнхале. Пад націскам ААН і сусв. супольнасці ўлады ПАР правялі ў ліст. 1989 выбары ва Устаноўчы сход, на якіх перамагла СВАЛО. У студз. 1990 Нуёма выбраны прэзідэнтам Н. 21.3.1990 абвешчана незалежнасць краіны. Урад незалежнай Н. імкнецца праводзіць памяркоўную палітыку, накіраваную на развіццё прыватнага сектара і пазбяганне этн. і сац. канфліктаў. Н. — чл. ААН (з 1990). Дзейнічаюць паліт. арг-цыі: Нар. арг-цыя за вызваленне Паўд.-Зах. Афрыкі, Дэмакр. альянс Турнхале.

Гаспадарка. Н. — аграрная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва ў 1997 склаў 1,9 тыс. дол. ЗША. На долю здабыўной прам-сці прыпадае каля 25% ВУП. Здабыча і экспарт карысных выкапняў пад кантролем паўд.-афр., англа-амер. і ням. капіталу. Н. займае 6-е месца ў свеце па здабычы алмазаў (1,3 млн. каратаў, 1997), пераважна ювелірных; іх здабыча вядзецца ўздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак. ад г. Людэрыц да вусця р. Аранжавая. Здабыча вокісу урану (у раёне Свакапмунда), медзі, свінцу, волава, цынку, ванадыю, серабра, кадмію, берылію, літыю, вальфраму, марганцу. На базе руд каляровых металаў у г. Цумеб працуюць з-ды медзеплавільны, па выплаўцы і рафінаванні свінцу, цынку, волава і інш. У 1994 атрымана (тыс. т) вокісу урану — 1,7, свінцу — 24, волава — 1, серабра — 0,09. Вытв-сць электраэнергіі штогод каля 1 млрд. кВт∙гадз. Буйныя ЦЭС у гарадах Віндхук, Цумеб, Уолфіш-Бей; Рваканская ГЭС на р. Кунене. Апрацоўчая прам-сць развіта слаба. Працуюць прадпрыемствы па зборцы машын і абсталявання, суднарамонце (Віндхук, Уолфіш-Бей), дрэваапр. прам-сці, у т. л. мэблевыя, па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (малочныя, мясакансервавыя, мукамольныя), па перапрацоўцы рыбы, амараў, цюленяў, малюскаў, гарбарныя, буд. матэрыялаў і інш. На долю сельскай гаспадаркі прыпадае каля 8% ВУП, пераважае жывёлагадоўля. Характэрна наяўнасць буйных таварных фермерскіх гаспадарак, якія належаць еўрапейцам, і адсталых натуральных гаспадарак афрыканцаў. Асн. значэнне мае гадоўля каракульных авечак (адно з першых месцаў у свеце па пастаўках аўчын). Пагалоўе (млн. галоў, 1997): авечак — 2,43, буйн. раг. жывёлы — 2,06, коз (пераважна ангорскіх) — 1,82, птушкі — 2,4. Земляробства мае дапаможнае значэнне. Пад ворнымі землямі каля 1% тэрыторыі. Вырошчваюць проса, кукурузу, сорга, пшаніцу, агародніну, бахчавыя культуры. Улоў рыбы ў 1996—267 тыс. т. Даход краіны ад турызму каля 210 млн. дол. штогод. Даўж. гравійных дарог 37,3 тыс. км, асфальтавых 4,5 тыс. км, чыгунак 2,4 тыс. км. Марскія парты — Уолфіш-Бей і Людэрыц. 11 аэрапортаў, у т. л. міжнар. каля г. Віндхук. У 1996 экспарт склаў 1,45 млрд., імпарт — 1,55 млрд. дол. ЗША. Н. вывозіць мінер. сыравіну (30% алмазы), рыбапрадукты (18,5%), аўчыны (8,1%), мясапрадукты (7%) і інш. Імпартуе маш.-буд. і хім. прадукцыю, спажывецкія і харч. тавары. Гал. гандл. партнёры: ПАР (27% экспарту і 85% імпарту), Вялікабрытанія, Германія, Японія. Грашовая адзінка — намібійскі долар.

Літ.:

Балезин А.С., Притворов А.В., Слипченко С.А. История Намибии в новое и новейшее время. М., 1993.

В.​І.​Сініца (гісторыя), Л.​В.​Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Намібіі.
Да арт. Намібія. Ландшафт у пустыні Наміб.

т. 11, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТРАЛЬНААФРЫКА́НСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА (République Centrafricaine),

ЦАР, дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы. Мяжуе на З і ПдЗ з Камерунам, на Пд — з Рэспублікай Конга і Дэмакр. Рэспублікай Конга, на ПнЗ — з Рэспублікай Чад, на ПнУ — з Суданам. Пл. 623 тыс. км². Нас. 3642 тыс. чал. (2002). Афіц. мова — французская, найб. пашырана — санго. Сталіца — г. Бангі. Падзяляецца на 16 прэфектур. Нац. свята — Дзень абвяшчэння рэспублікі (1 снежня).

Дзяржаўны лад. Ц.Р. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1994. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным прамым галасаваннем на 6 гадоў. Заканад. ўлада належыць Нац. сходу — парламенту (85 дэпутатаў, выбіраюцца на 5 гадоў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць прэзідэнт і ўрад.

Прырода. Большая ч. тэр. занята ўзв. Азандэ (сярэднія выш. 600—900 м). Над ім узвышаюцца астанцовыя гранітныя масівы Ядэ на З і Фертыт на У (выш. да 1388 м, г. Нгая). На Пн узвышша паступова пераходзіць у забалочаную раўніну паўд. ускраіны ўпадзіны Чад. Карысныя выкапні: алмазы, уранавыя, медныя, жал., нікелевыя і кобальтавыя руды, нафта. Клімат экватарыяльны мусонны, гарачы. Сярэднія т-ры самага цёплага месяца (ліп.) у г. Бангі 31 °C, самага халоднага (студз.) 21 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 1000—1200 мм на Пн да 1500—1600 мм на Пд. Гал. рэкі — Убангі, Санга (бас. р. Конга), на Пн рэкі сістэмы Шары (Уам, Грыбінгі). У расл. покрыве пераважаюць высакатраўныя саванны і рэдкастойныя лістападныя і вечназялёныя лясы (сырнае дрэва, тамарынд, барасавая пальма) на чырв. латэрытных глебах. Уздоўж рэк — галерэйныя лясы, на Пд вільготнаэкватарыяльныя лясы з каштоўнай драўнінай (чорнае, чырв. дрэва) на чырвона-жоўтых латэрытных глебах. У складзе жывёльнага свету шмат млекакормячых (сланы, насарогі, буйвалы, антылопы, жырафы, малпы); з драпежнікаў — ільвы, леапарды, гіены; у рэках — гіпапатамы, кракадзілы; птушкі, змеі, яшчаркі, насякомыя, у т. л. муха цэцэ. Нац. паркі: Андрэ-Фелікс, Бамінгі-Бангоран, Сен-Флорыс і інш.

Насельніцтва. Большасць насельніцтва належыць да банту і адамаўа-ўсх. моўных падгруп. Паўсюдна жывуць байя (33%), банда (27%), манджыа (13%), на Пн — сара (10%), уздоўж р. Убангі — бубангі, на З — зандэ, у лясных раёнах — пігмеі бінга і інш. Еўрапейцаў 6,5 тыс. чал., у т. л. 3,6 тыс. французаў. Сярод вернікаў прыхільнікаў мясц. традыц. вераванняў 35%, пратэстантаў і католікаў па 25%, мусульман 15% (2002). Сярэдняя шчыльн. 5,8 чал. на 1 км². Больш заселены паўд. і паўд. зах. раёны — каля 10 чал. на 1 км². Натуральны прырост 1,9%. Гар. насельніцтва 20%. Найб. гарады (тыс. ж., 1990): Бангі — 706, Бамбары — 50, Бербераты — 42, Буар — 40, Басангоа — 32.

Гаспадарка. ЦАР — слабаразвітая агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) 4,6 млрд. дол., каля 1,3 тыс. дол. на 1 чал. (2001). У структуры ВУП доля сельскай гаспадаркі — 55%, прам-сці — 20%, сферы паслуг — 25%. Вял. роля ў эканоміцы, пераважна ў сельскай і лясной гаспадарцы, горназдабыўной прам-сці, належыць замежнаму капіталу, у асн. французскаму. У сельскай гаспадарцы занята 80% эканамічна актыўнага насельніцтва. Апрацоўваецца 3,1% тэр. (1931 тыс. га). Пераважаюць дробныя натуральныя сялянскія гаспадаркі. Асн. экспартныя культуры: бавоўна (збор 37 тыс. т), кава (12,4 тыс. т), тытунь (618 т). Для ўнутр. спажывання вырошчваюць маніёк, кукурузу, на Пн — сорга і проса, у далінах рэк Кота і Лабас — рыс. Прыгараднае агародніцтва (гарбузы, фасоля, таматы) і садоўніцтва (манга, авакада, папайя, цытрусавыя). Жывёлагадоўля адгонна-качавая, малапрадукцыйная, ёй шкодзіць муха цэцэ. Гадуюць (млн. галоў, 1997) буйн. раг. жывёлу (2,99), коз (2,35), свіней (0,6), авечак (0,2), курэй (3,9). Улоў рыбы 12,9 тыс. т (1999). Штогод нарыхтоўваюць больш за 200 тыс. м³ драўніны каштоўных парод. Прам-сць развіта слаба. Здабыча алмазаў (каля 430 тыс. каратаў штогод) і золата (каля 190 кг). Апрацоўка алмазаў (5% аб’ёму) у г. Бангі. У краіне каля 130 прамысл. прадпрыемстваў, пераважна па перапрацоўцы с.-г. сыравіны. Вылучаюцца тэкст. (баваўняны камбінат, абутковая і швейная ф-кі ў г. Бангі, першасная апрацоўка бавоўны ў гарадах Бамбары, Басангоа, Грымары) і харч. (алейная, мукамольная, піваварная, тытунёвая) прам-сць. Ёсць лесаапр., металаапр., зборачныя (радыёпрыёмнікі, веласіпеды) і хім. прадпрыемствы. Вытв-сць электраэнергіі 104 млн. кВт∙гадз (2000), пераважна на ГЭС (Боалі-1 і Боалі-2 на р.Мбалі). Транспарт аўтамаб., водны, паветраны. Чыгунак няма. Даўж. аўтадарог 23,8 тыс. км, у т. л. 429 км з асфальтаваным пакрыццём (2000), водных шляхоў — 900 км. Гал. рачны порт і міжнар. аэрапорт — Бангі. Экспарт (166 млн. дол., 2000) алмазаў (54%), драўніны (16%), бавоўны, кавы, тытуню. Імпарт (154 млн. дол., 2000) харч. прадуктаў, тэкстылю, нафтапрадуктаў, машын і абсталявання, хімікатаў, медыкаментаў і інш. Асн. гандл. партнёры: Францыя, краіны Бенілюкс, Германія, Камерун, Японія, Кот-д’Івуар. Грашовая адзінка — франк КФА (Афр. фін. т-ва).

Гісторыя. Гісторыя ЦАР да еўрап. каланізацыі вывучана слаба. У 16 ст. яе тэр. ў складзе дзяржавы Гаога, у 17—19 ст. — дзяржаў Вадаі, Багірмі і Рабаха дзяржавы. У 1889 сюды пранікла франц. ваен. экспедыцыя, якая засн. форт Бангі; да пач. 20 ст. Францыя падпарадкавала ўсе гэтыя землі. У 1904—14 тэр. ЦАР у складзе калоніі Убангі-Шары—Чад, пасля аддзялення ў 1914 Чада — асобная калонія Убангі-Шары ў складзе Франц. Экватарыяльнай Афрыкі, з 1946 — «заморская тэрыторыя» Францыі. У 1949 створаны Рух сац. эвалюцыі Чорнай Афрыкі (МЕСАН), прадстаўнікі якога ў 1957 узначалілі першы афр. ўрад Убангі-Шары. 1.12.1958 Убангі-Шары пад назвай ЦАР абвешчана аўт. дзяржавай у складзе Франц. Супольніцтва. У 1959 прынята 1-я канстытуцыя ЦАР. З 13.8.1960 ЦАР — незалежная дзяржава на чале з лідэрам МЕСАН Д.​Дако. У 1962 забаронены ўсе паліт. партыі, акрамя МЕСАН. У выніку дзярж. перавароту 1.1.1966 уладу захапіў палк. Ж.​Б.​Бакаса; распушчаны парламент і скасавана канстытуцыя. У 1976 ЦАР абвешчана Цэнтр.-Афр. імперыяй, а Бакаса — імператарам. Жорсткія рэпрэсіі, у прыватнасці, забойства больш як 100 школьнікаў у Бангі, прывялі да ўмяшання Францыі, з дапамогай якой Бакаса ў кастр. 1979 скінуты, адноўлена рэспубліка на чале з прэзідэнтам Дако. У лют. 1981 прынята новая канстытуцыя ЦАР. У выніку дзярж. перавароту 1.9.1981 улада перайшла да Ваен. к-та Нац. адраджэння на чале з ген. А.​Калінгбам (з 1984 прэзідэнт ЦАР).

У пач. 1990-х г. пачалася дэмакратызацыя паліт. рэжыму, дазволена шматпартыйнасць. На першых шматпарт. выбарах 1993 прэзідэнтам ЦАР выбраны А.​Ф.​Патасе (у 1998 перавыбраны на 2-і тэрмін). У 1994 прынята новая канстытуцыя ЦАР. Тым не менш, унутрыпаліт. становішча ЦАР заставалася няўстойлівым. У сак. 2003 урад Патасе скінуты паўстанцамі на чале з ген. Ф.​Базізе.

У краіне дзейнічаюць паліт. партыі: Рух за вызваленне цэнтральнаафр. народа, Альянс за дэмакратыю і прагрэс, Цэнтральнаафр. дэмакр. аб’яднанне. Асн. прафсаюзы: Прафс. аб’яднанне цэнтральнаафр. працоўных і Арг-цыя свабодных прафсаюзаў служачых дзярж. сектара. ЦАР — чл. ААН (з 1960), Афр. саюза (з 2002).

З.​М.​Шуканава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі.
Да арт. Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка. Вадаспад на р. Мбалі.

т. 17, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЬЕ́РА-ЛЕО́НЕ (Sierra Leone), Рэспубліка Сьера-Леоне (Republic of Sierra Leone),

дзяржава ў Зах. Афрыцы, на ўзбярэжжы Атлантычнага акіяна. Мяжуе на ПнЗ, Пн і ПнУ з Гвінеяй, на ПдУ з Ліберыяй, на ПдЗ і Пд абмываецца Атлантычным акіянам. Пл. 72,3 тыс. км². Насельніцтва 5,4 млн. чал. (2001). Афіц. мова — англійская. Сталіца — г. Фрытаўн. Падзяляецца на 3 правінцыі і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 крас.).

Дзяржаўны лад. С.-Л. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1978 (мадыфікаваная ў 1991). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт. Парламент — аднапалатны Нац. сход (68 дэпутатаў).

Прырода. Зах. і паўд. частка С.-Л. — нізінная алювіяльная раўніна; на У — унутр. раўніны (выш. да 200 м), плато (да 1000 м), адгор’і масіву Фута-Джалон і Леона-Ліберыйскіх гор (да 1948 м, г. Бінтымані). Карысныя выкапні: алмазы, жал., тытанавыя і хромавыя руды, золата, плаціна, баксіты і інш. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. На ўзбярэжжы сярэднямесячныя т-ры самага халоднага месяца (жн.) 24 °C, самага цёплага (крас.) 27 °C. Ападкаў ад 4000 мм за год у гарах на ПдУ, да 2500—2000 мм на ПнЗ. Дажджлівы сезон май—верасень. Шмат паўнаводных рэк. Большая ч. тэр. занята высакатраўнай саваннай з баабабамі, месцамі на У вечназялёныя і лістападна-вечназялёныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў. Пад лесам і хмызнякамі 28% тэрыторыі. У складзе жывёльнага свету малпы, антылопы, зебры, леапарды, карлікавыя сланы, буйвалы, бегемоты; шмат птушак, насякомых. Лясныя заказнікі: Лома-Маўнтынс, Мамунта-Маёза.

Насельніцтва. С.-Л. — шматнацыянальная краіна. Амаль усё насельніцтва належыць да моўных падгруп мандэ (у т. л. народ мендэ — 34%, а таксама кона, д’ялонке, малінке, сусу) і зах.-атлантычнай (у т. л. народ тэмне — 31%, а таксама лімба, булом, фульбе, кісі, гола). У г. Фрытаўн і наваколлі жывуць крыёлы, або крэолы С.-Л. (каля 100 тыс. чал., нашчадкі вызваленых рабоў-неграў, якія ў 18—19 ст. прыехалі з англ. калоній Амерыкі). Мусульмане складаюць 60% вернікаў, прыхільнікі мясц. традыц. культаў — 30%, хрысціяне — 10%. Сярэднегадавы прырост 3,6% (2001). Сярэдняя шчыльн. 74,7 чал. на 1 км², на ўзбярэжжы і на З — да 700 чал. на 1 км², на ПнУ — каля 10 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 35% насельніцтва. У г. Фрытаўн з прыгарадамі каля 700 тыс. ж. (2001). Астатнія гарады невялікія (да 10—20 тыс. ж.). У сельскай гаспадарцы занята каля 66% эканамічна актыўнага насельніцтва, у апрацоўчай прам-сці — 8%, у горназдабыўной — 7%, на буд-ве і транспарце — 5%, у гандлі і сферы паслуг — 14%. У краіне і за яе межамі каля 2 млн. бежанцаў.

Гісторыя. Найб. стараж. насельнікі С.-Л. — прадстаўнікі народа булом. З 15 ст. тут пасяліліся народы тэмне і мэндэ, пазней — фульбе. У 1462 на ўзбярэжжы з’явіліся партугальцы, якія назвалі краіну С.-Л. (партуг. «Ільвіныя горы»), З сярэдзіны 16 ст. сюды пранікалі гандляры рабамі. У 1787 англічане заснавалі пасяленне б. неграў-рабоў Фрытаўн (англ. «Горад свабодных»), З 1808 Фрытаўн і прылеглыя тэрыторыі — калонія Вялікабрытаніі; асн. яе насельніцтва складалі вызваленыя афрыканцы-рабы — т. зв. крэолы. Да сярэдзіны 19 ст. крэолы мелі ўласнае выбарнае самакіраванне; калонія лічылася культ. і паліт. цэнтрам брыт. калан. уладанняў у Зах. Афрыцы. Да канца 19 ст. англічане падпарадкоўвалі ўнутр. раёны, якія ў 1896 абвешчаны брыт. пратэктаратам. Пасля 2-й сусв. вайны ў С.-Л. створаны першыя паліт. партыі. У 1957 прынята канстытуцыя, створаны ўласныя Парламент і ўрад, які сфарміравала Нар. партыя С.-Л. (НПСЛ). 21.4.1961 абвешчана незалежнасць С.-Л. ў складзе Садружнасці, прэм’ер-міністрам стаў лідэр НПСЛ М.​Маргаі (пасля яго смерці ў 1964 — А.​Маргаі). Пасля перамогі апазіцыйнага Усенар. кангрэса (УК) уладу захапілі ваенныя. Пасля новага перавароту ў крас. 1968 улада перайшла да УК на чале з С.​П.​Стывенсам.

19.4.1971 краіна абвешчана рэспублікай, яе прэзідэнтам абраны Стывенс, якога ў 1985 змяніў Дж.​С.​Мома. У краіне ўсталяваўся аднапартыйны рэжым УК, урад якога праводзіў палітыку частковай нацыяналізацыі гарнарудных прадпрыемстваў, што належалі замежнаму капіталу. У крас. 1992 ваенныя на чале з капітанам В.​Страсерам скінулі ўрад УК; у С.-Л. адноўлена шматпартыйнасць, на першых свабодных выбарах у лют. 1996 прэзідэнтам абраны кандыдат Нар. партыі А.​Т.​Каба. Унутр. становішча С.-Л. застаецца вельмі складаным. З пач. 1990-х г. барацьбу супраць цэнтр. ўрада вядзе Аб’яднаны рэв. фронт, у выніку чаго загінулі і сталі бежанцамі дзесяткі тыс. чалавек. У 1997 і 1999 былі спробы скінуць прэзідэнта Каба (задушаны пры дапамозе нігерыйскіх войск). С.-Л. — чл. ААН (1961), Арг-цыі афр. адзінства, Зах.-Афр. эканам. супольнасці.

Гаспадарка. С.-Л. — адсталая агр. краіна з адносна развітой горназдабыўной прам-сцю. Па эканам. узроўні адна з найбяднейшых краін свету. Валавы ўнутр. прадукт у разліку на 1 чал. — 510 дол. за год (2000). Каля 43% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, каля 26% — у прам-сці, каля 31% — у абслуговых галінах. Унутр. ўзбр. канфлікты разбуральна ўздзейнічаюць на эканоміку. Аснова яе — сельская гаспадарка. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 2,82 млн. га, у т. л. пад ворывам каля 500 тыс. га (каля 29 тыс. га арашаецца), пад шматгадовымі насаджэннямі каля 70 тыс. га, пад пашай каля 2250 тыс. га. Пераважае раслінаводства. У раёнах вырошчвання экспартных культур і каля гарадоў ёсць зоны таварнай гаспадаркі; у астатніх раёнах пераважае дробнатаварная і натуральная гаспадарка. У краіне каля 300 тыс. сял. гаспадарак, ёсць плантацыі экспартных культур. Асн. культуры (штогадовы збор на пач. 1990-х г., тыс. т): рыс (каля 60% пасяўных плошчаў) — каля 600, кукуруза — 15, проса і сорга — 37, маніёк, какава, ямс, тара, батат — разам каля 130, бабовыя — 30; тэхн. і экспартныя культуры: алейная пальма — штогадовы збор 20—50 тыс. т ядраў, кава — 15 тыс. т, какава — 16 тыс. т, пальма рафія (дае тэхн. валакно), імбір, сізаль, кунжут, тытунь, гевея, арэхі кола, цукр. трыснёг. Агародніцтва і трапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, выкарыстоўвае прасторы саваннаў, развіта пераважна на Пн, дзе няма мухі цэцэ. Пагалоўе (1999, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 340, авечак — 330, коз — 180, свіней — 50. Птушкагадоўля (у 1997—6 млн. курэй). Развіваецца марское рыбалоўства (штогод каля 150 тыс. т рыбы і 1 тыс. т крэветак). На У краіны лесанарыхтоўкі, у т. л. каштоўнай драўніны. Прам-сць пераважна горназдабыўная і апрацоўчая. У сувязі з ваен. дзеяннямі, а таксама выпрацоўкай радовішчаў здабыча карысных выкапняў змяншаецца. Здабываюць алмазы (164 тыс. каратаў, 1994), золата (каля 1000 кг штогод), рутыл (1,4 млн. т), ільменіт, жал. руду, баксіты, буд. матэрыялы. У 1999 атрымана 240 млн. кВт∙гадз электраэнергіі. Невял. прадпрыемствы апрацоўчай прам-сці па вытв-сці харч. прадуктаў, прахаладжальных напіткаў, абутку, мэблі, цыгарэт, гароднінных і садавінных кансерваў, цэменту, паперы, мыла, касметыкі і інш. Ёсць прадпрыемствы металаапр., нафтаперапр., па агранцы і шліфоўцы алмазаў, мукамольныя, тытунёвыя, кандытарскія, аўтазборачныя і цэм. з-ды, дрэваапр., хім. і інш. Развіты саматужныя промыслы. Транспарт аўтамаб., унутр. водны, марскі. Даўж. (тыс. км, 1997): аўтадарог 11,3, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 0,9, унутр. водных шляхоў 0,8, у т. л. прыдатных для эксплуатацыі круглы год 0,6. У краіне 20,9 тыс. легкавых, 21,1 тыс. грузавых аўтамашын і аўтобусаў (2000). З 600 км чыгункі эксплуатуецца 84 км. Гал. марскі порт Фрытаўн, паблізу міжнар. аэрапорт. У 2000 экспарт склаў 65 млн. дол., імпарт — 145 млн. дол. У экспарце пераважаюць алмазы, рутыл, бабы, кава, рыба; у імпарце — харч. прадукты, машыны і абсталяванне, паліва, хімікаты. Гал. гандл. партнёры: Вялікабрытанія, Бельгія, ЗША, Італія, Нігерыя. С.-Л. атрымлівае эканам. дапамогу (203,7 млн. дол., 1995) ад міжнар. арг-цый і развітых краін. Грашовая адзінка — леоне.

Літ.:

Зотова Ю.Н., Смирнов Е.Г., Френкель М.Ю. История Сьерра-Леоне в новое и новейшее время. М., 1994.

К.​А.​Аінціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Сьера-Леоне.
Да арт. Сьера-Леоне. Горад Фрытаўн.

т. 15, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГО́ЛА (Angola), Народная Рэспубліка Ангола (Repúblika Popular de Angola),

дзяржава ў Паўд.-Зах. Афрыцы. Мяжуе на Пн і ПнУ з Заірам, на У з Замбіяй, на Пд з Намібіяй, на З абмываецца водамі Атлантычнага ак. Пл. 1246,7 тыс. км². Нас. 11,2 млн. чал. (1994). Афіц. мова — партугальская. Сталіца — г. Луанда. Падзяляецца на 18 правінцый (дыстрыктаў), уключае правінцыю Кабінда (паўанклаў). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (11 ліст.).

Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1975 з папраўкамі 1991 Ангола — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — Нац. асамблея. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Савет Міністраў.

Прырода. Большую ч. тэрыторыі займае пласкагор’е (пераважна выш. 1000—1500 м). На З горны масіў Біе (найб. выш. 2610 м, г. Мока). Уздоўж узбярэжжа шэраг невысокіх ступеньчатых плато шыр. ад 100 да 200 км і вузкая паласа прыморскай нізіны. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, алмазы, медныя, жал., марганцавыя і уранавыя руды, баксіты, золата, тытан, плаціна, слюда. Клімат трапічны, гарачы, засушлівы зімой і вільготны летам. Сярэдняя т-ра найб. цёплага месяца (студз.) ад 21 да 29 °C, найб. халоднага (ліп.) ад 15 да 22 °C. Ападкаў ва ўнутр. раёнах 1000—1500 мм за год; на ўзбярэжжы, дзе ўплывае халоднае Бенгальскае цячэнне, — 50—500 мм за год. Гал. рэкі: Кванга, Касаі, Кунене, Кванза, частка эстуарыя р. Конга, на У верхняе цячэнне р. Замбезі. Значныя энергет. рэсурсы. Парогі і вадаспады перашкаджаюць суднаходству. Расліннасць унутр. раёнаў — сухое лістападнае рэдкалессе на фералітавых глебах, зах. схілы пласкагор’я і даліны рэк пад вільготнымі трапічнымі лясамі, на ўзбярэжжы — травяністыя і хмызняковыя саванны на чырвона-бурых глебах, на Пд — паўпустыня, якая пераходзіць у пустыню Наміб. Жывёльны свет: сланы, насарогі, буйвалы, зебры, ільвы, леапарды, гіены і інш., у трапічных лясах малпы. Нац. паркі і заказнікі: Кісама, Лванда, Камея, Намібе і інш.

Насельніцтва. Каля 96% насельніцтва належыць да народу моўнай сям’і банту (мбунду, конга, авімбунду, баконга, вачакве, ваньянка, авамба і інш.), жывуць партугальцы. Паводле веравызнання католікі (больш за 80%), пашыраны анімістычныя культы. Сярэдняя шчыльн. 8 чал. на 1 км². Найб. густа заселены нізіны і даліны рэк. Гар. насельніцтва 28,3% (1990). Найб. гарады: Луанда, Уамба, Лабіту, Бенгела, Лубанга і інш.

Гісторыя. Першабытная матэрыяльная культура на тэр. Анголы зарадзілася ў 8-м тыс. да н.э. Яе носьбітамі былі народы, нашчадкамі якіх з’яўляюцца пігмеі кангалезскіх лясоў, бушмены паўд.-зах. пустыняў і кой (гатэнтоты) Паўд. Афрыкі. Каля З тыс. гадоў назад сюды з бас. р. Конга і раёна вял. афрыканскіх азёраў перамясціліся негроідныя плямёны моўнай сям’і банту. Да пач. еўрап. каланізацыі на тэр. Анголы размяшчаліся раннефеад. дзяржавы Конга, Ндонга, Луанда, Бенгела і інш. Феад. адносіны тут суіснавалі з родаплемяннымі. У канцы 15 ст. на ўзбярэжжа вусця р. Конга высадзіліся партугальцы і залажылі тут апорны пункт Сан-Паўлу-ды-Луанда, які стаў цэнтрам гандлю рабамі. З 16 ст. Ангола — крыніца таннай рабочай сілы для цукр. плантацый Бразіліі. У 1671 афіцыйна абвешчана ўладаннем Партугаліі, хоць доўгі час яна кантралявала толькі крэпасці і факторыі на ўзбярэжжы. Паводле дагавора 1885—99 Партугаліі з Бельгіяй, Францыяй, Германіяй і Англіяй канчаткова вызначаны межы партуг. калоніі Анголы За працяглы час гандлю рабамі многія раёны краіны абязлюдзелі, знішчана духоўная і матэрыяльная культура раннефеад. дзяржаў.

З пачатку каланізацыі партугальцы сустрэлі ўпартае супраціўленне афр. плямёнаў. Цэнтрам антыкалан. руху была дзяржава Ндонга, якую партугальцы называлі Анголай (ад імя правячай дынастыі Нгола). У 17 ст. барацьбу за незалежнасць узначаліла каралева Нзінга Мбандзі Нгола. Прасоўванне партугальцаў у глыб краіны было прыпынена. У канцы 17 — пач. 18 ст. супраціўленне захопнікам у раёне Каконды аказалі плямёны пад кіраўніцтвам Хамба. У 1885 на Пд Анголы пачалася вызв. барацьба плямёнаў этнічнай групы авамба, якая працягвалася 30 гадоў. У 1956 некалькі падп. груп аб’ядналіся ў Народны рух за вызваленне Анголы (МПЛА) пад кіраўніцтвам А.Нета. Хоць паўстанне ў Луандзе было задушана, узбр. барацьба ахапіла ўсю краіну. У ёй прынялі ўдзел таксама Нац. саюз за поўную незалежнасць Анголы (УНІТА) і Нац. фронт вызвалення Анголы (ФНЛА). Да пач. 1970-х г. паўстанцы вызвалілі значную частку Анголы. У ліп. 1972 Ангола атрымала статус штата з правам мясц. аўтаноміі, але заставалася ў паліт. і эканам. залежнасці ад Партугаліі.

У 1974 Партугалія прызнала права Анголы на самавызначэнне і незалежнасць. Паводле двухбаковай дамоўленасці ўзбр. барацьба ў краіне спынялася. У створаны ў 1975 пераходны ўрад увайшлі прадстаўнікі МПЛА, УНІТА і ФНЛА. Аднак з-за шматлікіх супярэчнасцяў гэты ўрад распаўся. Супраць новага кабінета, створанага МПЛА, выступіла УНІТА. Узбр. барацьба паміж імі перарасла ў грамадз. вайну. 11.11.1975 у Луандзе абвешчана незалежная Нар. Рэспубліка Ангола, якую прызналі СССР, Куба і інш. краіны. Першым прэзідэнтам стаў А.​Нета. Але на тэр. Анголы ўварваліся войскі ПАР і наёмнікаў. Урад Анголы папрасіў дапамогі ў Кубы. Нац. ўзбр. сілы Анголы пры дапамозе кубінскіх ваеннаслужачых да сак. 1976 выцеснілі інтэрвентаў. У 1979 прэзідэнтам краіны стаў Ж.Э. душ Сантуш. Узбр. акцыі супраць Анголы працягваліся. У 1988 паміж Анголай, Кубай, ПАР і ЗША падпісаны пагадненні, паводле якіх з Анголы выводзіліся войскі ПАР і Кубы. Але грамадз. вайна не спынілася. 31.5.1991 падпісана пагадненне аб мірным урэгуляванні паміж МПЛА і УНІТА, створана аб’яднаная нац. армія. У вер. 1992 пад наглядам ААН прайшлі парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, на якіх перамагла партыя МПЛА. УНІТА адмовілася прызнаць вынікі выбараў, і ваен. дзеянні аднавіліся. У кастр. 1993 УНІТА прызнала вынікі выбараў 1992, у снеж. 1993 паміж урадам і УНІТА падпісана перамір’е.

У Анголе зарэгістравана каля 30 партый. Асн. з іх: МПЛА, УНІТА, ФНЛА.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыўная прам-сць і сельская гаспадарка. Валавы ўнутр. прадукт у 1991 склаў 9,1 млрд. дол. (36% прыпадае на нафту і нафтапрадукты). Здабыча нафты (21 млн. т, 1991), алмазаў (961 тыс. карат, 1991). Вытв-сць электраэнергіі (730 млн. кВт∙гадз, 1987, 70% на ГЭС). Развіваюцца апрацоўчая прам-сць (перапрацоўка с.-г. сыравіны, металаапр., нафтаперапр., лесапілаванне, тэкст., швейная і інш.), буд. індустрыя (вытв-сць цэменту, азбесту), суднабудаванне. Важная галіна сельскай гаспадаркі — плантацыйнае земляробства. Культывуюць каву (13 тыс. т, 1987), кукурузу, сізаль, цукр. трыснёг, алейную пальму, пшаніцу, какаву, гевею, тытунь і інш. Вырошчваюць бавоўну, маніёк, фасоль, рыс, арахіс. Жывёлагадоўля ў асн. у паўд. раёнах (буйн. раг. жывёла, свінні, козы). Рыбалоўства. Развіты чыг. (каля 3,3 тыс. км) і аўтамаб. (каля 80 тыс. км) транспарт. Марское кабатажнае суднаходства. Гал. парты — Луанда, Лабіту, Кабінда. У Луандзе міжнар. аэрапорт. У экспарце Анголы 88,9% займае нафта, 7,3% — алмазы. Больш за 90% экспарту паступае ў ЗША, краіны Зах. Еўропы (з 1985 Ангола асацыіраваны член Еўрап. Саюза), Бразілію. Вывозяцца кава (6 тыс. т, 1991), алмазы, сізаль, кукуруза, пальмавы алей, драўніна. Імпартуюцца машыны, абсталяванне, тэкстыль, металы. У 1989 Ангола прынята ў Міжнар. валютны фонд і Міжнар. банк рэканструкцыі і развіцця. Грашовая адзінка — кванэа кванза.

Літаратура. Багатая вусная л-ра існуе на мовах народаў банту — кімбунду, умбунду, кіконга, гангела і інш. У канцы 19 ст. К. да Мата сабраў і выдаў кн. «Народная мудрасць у ангольскіх прымаўках», А.​Рыбаш — кн. казак і прымавак «Місоса» (т. 1—3, 1961—64) і «Ангольскія абрады і божаствы» (1958). На аснове нар. легендаў Каштру Сараменью стварыў кн. «Гісторыя Чорнай Зямлі» (т. 1—2, 1960). Пісьмовая л-ра, пераважна на партуг. мове, узнікла ў 19 ст. і мела публіцыст. характар. Літаратуры на мовах кімбунду і умбунду не мелі магчымасці друкавацца. У друку разгарнуўся патрыят. рух за аднаўленне сапраўднай нац. культуры. У 1920—30-я г. асн. жанры — бытапісальныя і дыдактычныя апавяданні. Тэмы нац. самасцвярджэння гал. чынам адлюстроўваюцца ў паэзіі і журналістыцы. З 1930-х г. вядомыя раманы П.​Машаду і А.​Троні, А. ды Асіс Жуніёр. Пасля 2-й сусв. вайны ўзніклі патрыятычны культ.-асв. рух «Ідзём адкрываць Анголу» (1948), «Культурнае таварыства Анголы» (1952), выдадзены першы кімбунду-партут. слоўнік (1953). Пад уплывам нац.-вызв. вайны 1961—74 у л-ры актуалізуецца тэма барацьбы супраць каланіялізму і расізму. Вылучаюцца вершы А.​Нета, А.​Жасінту, А.​Барбейтуша, Р.​Дуарці ды Карвалью і інш. Антыкаланіяльны кірунак маюць трылогія Каштру Сараменью «Мёртвая зямля» (1949), «Паварот» (1957), «Язва» (1970). Раман Рыбаша «Уанга» (1953) перакладзены на многія еўрап. мовы. Значнае дасягненне прозы — апавяданні і аповесці Л.​Віейры. У 1977 створаны Саюз пісьменнікаў Анголы.

Мастацтва. На тэр. Анголы захаваліся першабытныя наскальныя геаметрызаваныя малюнкі жывёл. У сярэдневяковых дзярж. утварэннях (Луанда, Конга) развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва, асабліва пляценне і разьба. Планіроўка пасяленняў кругавая: у цэнтры — памяшканне для сходаў, вакол яго — жылыя дамы з гасп. пабудовамі. Жылыя дамы прамавугольнай (радзей круглай) формы на каркасе з калоў, пераплеценых галінкамі, часам абмазаныя глінай, з глінабітнай падлогай, канічнай або 2-схільнай саламянай страхой. Дзверы і сцены часта ўпрыгожваюць разьбяным выпаленым ці маляваным геам. арнаментам. З прыходам еўрапейцаў у Анголу з’явіліся гарады, якія забудоўваліся на ўзор правінцыяльных партуг. гарадоў мураванымі будынкамі ў стылі барока і ранняга класіцызму. З пач. 20 ст. забудова вядзецца ў духу сучаснай еўрап. архітэктуры з выкарыстаннем новых канструкцый і матэрыялаў. Развіта маст. разьба: стылізаваныя, схематычныя статуэткі людзей і жывёл, якія, паводле нар. павер’яў, валодаюць магічнай сілай, рытуальныя маскі. Разьбянымі выявамі (часам са складанымі дэкар. кампазіцыямі) аздабляюць драўляную мэблю, рэчы хатняга ўжытку. Пляцёнкі з галінак і саломы, кошыкі, цыноўкі і інш. вырабы нар. мастацтва ўпрыгожваюць геам. арнаментам чорнага, жоўтага, чырвона-карычневага колеру. З 1970-х г. развіваецца выяўленчае (асабліва графіка) і дэкар.-прыкладное мастацтва.

Літ.:

Фитуни Л.Л. Народная Республика Ангола: Справ. М., 1985;

Хазанов >А.М., Притворов А.В. Ангола. М., 1979.

У.​С.​Кошалеў (гісторыя), М.​С.​Вайтовіч (гаспадарка).

Герб і сцяг Анголы.
Ангола. Эразійны каньён каля г. Луанда.
Сталіца Анголы г. Луанда.

т. 1, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́НІЯ (Kenya), Рэспубліка Кенія (суахілі Jamhuri ya Kenya, англ. Republic of Kenya),

дзяржава ва Усх. Афрыцы. Мяжуе на ПнУ з Самалі, на Пн з Эфіопіяй і Суданам, на З з Угандай (мяжа часткова ідзе па воз. Вікторыя), на ПдЗ з Танзаніяй. На ПдУ абмываецца Індыйскім ак. Пл. 582,6 тыс. км². Нас. 28,8 млн. чал. (1997). Дзярж. мовы — суахілі і англійская. Сталіца — г. Найробі. Падзяляецца на 7 правінцый і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 снежня).

Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Член Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1963 з пазнейшымі папраўкамі і дадаткамі. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Прэзідэнт назначае віцэ-прэзідэнта, які ўзначальвае ўрад, і міністраў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Нар. сходу з 5-гадовым тэрмінам паўнамоцтваў (большасць членаў парламента выбірае насельніцтва, астатніх назначае прэзідэнт).

Прырода. Большую ч. краіны займае пласкагор’е выш. ад 500 м на У да 2000—3000 м на З. Пласкагор’е перасякаецца глыбокай скідавай упадзінай — Усходне-Афрыканскай рыфтавай сістэмай, па краях якой патухлыя вулканы Кенія (5199 м), Элган (4322 м, на мяжы з Угандай) і інш. Карысныя выкапні: золата, каменная і вуглянатрыевыя солі, азбест, графіт і інш. Клімат экватарыяльны мусонны. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (сак.) 18—28 °C, самага халоднага (ліп.) 14—24 °C. Колькасць ападкаў (250—1500 мм) павялічваецца з ПнУ на ПдЗ; 2 сезоны дажджоў (сак.—май, кастр.—снежань). Рэкі бас. Індыйскага ак. (60% тэрыторыі), р. Ніл (10%), басейнаў унутр. сцёку. Найб. рэкі Тана і Галана ўпадаюць у Індыйскі ак. Бяссцёкавыя азёры Рудольф (Туркана), Барынга і інш.; на З — возера Вікторыя. На Пн і ПнУ паўпустыні на бурых глебах, на Пд і ПдЗ апустыненая саванна на чырвона-бурых глебах; на ўзбярэжжы акіяна мангравыя лясы; па далінах рэк і схілах гор вільготныя трапічныя лясы і інш. Пераважаюць саванны і паўпустыні, пад лясамі і хмызняком 4% тэрыторыі. Жывёльны свет багаты і разнастайны: слон, насарог, буйвал, антылопа, жырафа, леў, страус, у рэках і азёрах — бегемот і кракадзіл. У К. 8 нац. паркаў агульнай пл. больш за 22 тыс. км² (найб. Цава, Сібілаі, Меру, Абердэр, Маўнт-Кенія); некалькі марскіх нац. паркаў, запаведнікі.

Насельніцтва. Каля 98% — афрыканцы, у т. л. народы моўнай групы банту (65% насельніцтва): кікую (22%), лух’я (14%), камба (11%), кісі (6%); нілоцкай моўнай групы (каля 30%): луа (13%), календжын (12%), масаі; самалійцы (значная ч. — бежанцы з Самалі), гала і інш. Жывуць таксама індыйцы і арабы; еўрапейцаў (у асн. англічан) каля 100 тыс. чал. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (38%), католікі (28%), прыхільнікі мясц. традыц. культаў (26%); ёсць мусульмане і індуісты. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 2,3%. Сярэдняя шчыльн. каля 50 чал. на 1 км². Найб. густа заселены раён воз. Вікторыя, узвышаныя плато і прыморскія раёны. У гарадах 30% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1995): Найробі — 2000 (з прыгарадамі), Мамбаса — 500, Кісуму — 200, Накуру — 150. Значная ч. насельніцтва на Пн і У — качэўнікі і паўкачэўнікі. У сельскай гаспадарцы занята 75—80% працаздольнага насельніцтва.

Гісторыя. На тэр. К. археолагамі знойдзены рэшткі стараж. продкаў чалавека (гл. Олдувай). З сярэдзіны 1-га тыс. н.э. ўзбярэжжа К. наведвалі арабы, пад уплывам якіх пачалося распаўсюджванне ісламу і складванне народнасці суахілі. Суахілі стварылі шэраг гарадоў-дзяржаў, якія дасягнулі росквіту ў 11—15 ст. З канца 15 ст. Усх.-Афр. узбярэжжа стала аб’ектам барацьбы паміж арабамі і партугальцамі, апошнія ў 16 ст. захапілі яго большую частку. У 18 ст. тут узнікла некалькі араб. феад. султанатаў, частка якіх з канца 18 ст. знаходзілася ў васальнай залежнасці ад султана Маската, з 2-й пал. 19 ст. — Занзібара. У 19 ст. пачалося пранікненне на тэр. К. Вялікабрытаніі і Германіі. Паводле англа-герм. дагавора 1890 К. перайшла пад брыт. кантроль, а пазней увайшла ў склад утворанага ў 1895 брыт. Усх.-Афр. пратэктарата. У 1920 К. абвешчана брыт. калоніяй.

У 1922 створана першая паліт. арг-цыя афрыканцаў — Цэнтр. асацыяцыя кікую на чале з Дж.Кеніятам. У час 2-й сусв. вайны вызв. рух у К. актывізаваўся, у 1944 узнікла першая масавая паліт. арг-цыя — Саюз афрыканцаў К. (КАУ). У канцы 1940-х г. пачаўся тайны рэліг.-паліт. рух «Мау-мау», асн. мэтамі якога былі вяртанне зямель, захопленых еўрап. каланізатарамі, і ўстанаўленне самакіравання. У кастр. 1952 калан. ўлады ўвялі ў К. надзвычайнае становішча, аб’явілі рух «Мау-мау» па-за законам і арыштавалі лідэраў КАУ на чале з Кеніятам. Узбр. антыкалан. паўстанне, у якім актыўна ўдзельнічалі члены «Мау-мау» і КАУ, жорстка падаўлена ў 1956. У 1960 засн. Кенійскі нац. афр. саюз (КАНУ) і менш радыкальны Кенійскі афр. дэмакр. саюз. На парламенцкіх выбарах 1961 і 1963 КАНУ перамог і сфарміраваў першы ў гісторыі К. афр. урад на чале з Кеніятам. 1.6.1963 К. атрымала ўнутр. самакіраванне, 12.12.1963 стала незалежнай дзяржавай, 12.12.1964 абвешчана рэспублікай. Першым прэзідэнтам у 1964 абраны Кеніята. У аснове ўнутр. і знешняй палітыкі К. была канцэпцыя т.зв. дэмакр. сацыялізму, якая прадугледжвала падтрымку мясц. і замежнага прыватнага капіталу і прывяла ў 1960—70-я г. да значных эканам. поспехаў. У 1966—69 у краіне вялася паліт. барацьба паміж КАНУ і арг-цыяй левай арыентацыі Нар. саюз К. (КПУ) на чале з А.​Агінга Адынгам. У выніку паліт. крызісу 1969, выкліканага забойствам ген. сакратара КАНУ Т.​Мбоя і сутычкамі на этнічнай глебе, дзейнасць КПУ забаронена. Пасля смерці Кеніяты (1978) прэзідэнтам краіны, кіраўніком урада і лідэрам КАНУ стаў Д.Т. арап Моі. У 1982 пасля правалу спробы ваен. перавароту дзейнасць паліт. партый (акрамя КАНУ) забаронена. У канцы 1980-х г. улады К. сутыкнуліся з сур’ёзнымі эканам. праблемамі, пашыраліся апазіцыйныя настроі. У 1991 прэзідэнт Моі ўвёў шматпартыйную сістэму. Перамогу на свабодных выбарах у 1992 атрымалі Моі (пераабраны прэзідэнтам і ў 1997) і яго партыя КАНУ. К. — чл. ААН і Арг-цыі афр. адзінства (з 1963), Супольнасці. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 17.11.1993.

Асн. партыі: Кенійскі нац. афр. саюз (КАНУ), Форум за аднаўленне дэмакратыі — Кенія, Форум за аднаўленне дэмакратыі — Асілі, Дэмакр. партыя, Кенійскі сац. кангрэс.

Гаспадарка. К. — агр. краіна. У апошнія гады павышаецца доля апрацоўчай прам-сці і міжнар. турызму. Валавы ўнутр. прадукт у 1995 склаў 36,8 млрд. дол., каля 1300 дол. на 1 чал. Сельская гаспадарка дае каля 30% нац. даходу, прам-сць — каля 15%. Найб. развіта раслінаводства. Ёсць буйныя еўрап. гаспадаркі капіталіст. тыпу, пераважаюць афр. гаспадаркі з абшчынным землекарыстаннем. Праводзяцца агр. пераўтварэнні, накіраваныя на развіццё сял. фермерскіх гаспадарак. Пад ворывам і шматгадовымі культурамі каля 3% (1650 тыс. га), пад пашай каля 7% тэрыторыі. Арашаецца 52 тыс. га. Пад сезонную пашу выкарыстоўваюцца качэўнікамі і паўкачэўнікамі вял. тэрыторыі саваннаў і паўпустынь, якія складаюць каля 85% пл. краіны. Вырошчваюць на экспарт (тыс. т): каву (каля 150), чай (каля 120; 1-е месца ў Афрыцы, 3—4-е ў свеце), пірэтрум (экстракт, каля 0,5; 70% сусв. вытв-сці), сізаль (каля 50). На ўнутр. патрэбы цукр. трыснёг і бавоўну вырошчваюць пераважна каля воз. Вікторыя і на марскім узбярэжжы. Харч. культуры: кукуруза (штогод каля 600 тыс. т), маніёк, пшаніца, авёс, ячмень, рыс, проса і сорга. Кукурузу і маніёк вырошчваюць на ПдЗ, пшаніцу, авёс, ячмень — у цэнтр. частцы, проса і сорга — на Пн. Трапічнае садоўніцтва (найб. ананасы). Мяса-малочная жывёлагадоўля дае 73 даходаў сельскай гаспадаркі. У краіне (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 13, коз — 7,4, авечак — 5,6, вярблюдаў — 0,5. Птушкагадоўля. Улоў рыбы і морапрадуктаў 241 тыс. т (1995). Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. У прам-сці развіты асобныя галіны. Здабываюць прыродную соду (з воз. Магады, каля 200 тыс. т штогод), золата, флюарыт, каменную соль, рубіны. Вытв-сць электраэнергіі 3,6 млрд. кВт∙гадз (1995). Працуюць ЦЭС у найб. гарадах, невялікія ГЭС на горных рэках. Асн. галіны прам-сці: перапрацоўка с.-г. сыравіны, харчасмакавая, мяса-малочная, кансервавая, цэм., нафтаперапр., тэкст., гарбарна-абутковая, хімічная. Ёсць асобныя прадпрыемствы металург., металаапр., аўтазборачнай, электратэхн., суднарамонтнай, суднабуд., дрэваапр., папяровай, шкляной, шыннай прам-сці; нафтаперапр., цэментныя з-ды, тэкст. ф-кі, мясакамбінаты, цукр. з-ды, прадпрыемствы па перапрацоўцы малака. Амаль усе прамысл. прадпрыемствы ў гарадах Найробі, Мамбаса, Кісуму, Накуру. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Даўж. (1997) аўтадарог 62,2 тыс. км, у т. л. 8,3 тыс. км з цвёрдым пакрыццём, чыгунак 2,7 тыс. км, нафтаправодаў 483 км. У краіне 258 тыс. легкавых аўтамабіляў, 66 тыс. грузавікоў і аўтобусаў (1995). Гал. парты: Мамбаса, Кісуму (на воз. Вікторыя). У краіне 13 аэрапортаў, у т. л. 3 міжнар. (Найробі, Мамбаса, Кісуму). У 1994 экспарт склаў 1,6 млрд. дол., імпарт — 2,2 млрд. долараў. Асн. тавары экспарту: чай (25%), кава (18%), нафтапрадукты (11 %), пірэтрум, кансерваваныя ананасы, цэмент, сізаль, скуры. Імпарт: машыны і трансп. сродкі (29%), нафта і нафтапрадукты (15%), жалеза і сталь (7%), разнастайныя харч. і спажывецкія тавары. Асн. знешнегандл. партнёры: Вялікабрытанія, Германія, ЗША, Японія, Уганда, Нідэрланды, Італія, Аб’яднаныя Араб. Эміраты, Саудаўская Аравія. Важныя крыніцы валютных паступленняў — міжнар. турызм. К. штогод наведвае да 900 тыс. замежных турыстаў, даход ад турызму каля 500 млн. долараў. Асн. раёны турызму — нац. паркі, гара Кенія, узбярэжжы воз. Вікторыя і Індыйскага ак. Арганізуецца платнае паляванне на экзатычных жывёл. Краіна атрымлівае фін. дапамогу ад асобных краін і міжнар. арганізацый. Грашовая адзінка — кенійскі шылінг.

Літ.:

Пегушев А.М. Кения: Очерк полит. истории (1956—1969). М., 1972;

Кулик С.Ф. Африканизация в Кении, 1963—1973: Соц.-экон. итоги. М., 1978;

Алексеев Л.А. Кения: два десятилетия по пути независимого развития. М., 1984.

В.​А.​Ярмоленка (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Кеніі.
Да арт. Кенія. Ландшафт на захадзе краіны.
Да арт. Кенія. «Чатырнаццаць вадаспадаў» на рацэ Галана.

т. 8, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)