дзяржава, потым зямля (адм. адзінка) у Германіі (да 1945). Асн.гіст. ядро П. — Брандэнбург, які аб’яднаўся ў 1618 з анклаўнай тэрыторыяй — герцагствам Прусія (у далейшым — Усходняя П.), што ўзнікла ў 1525 на ч. зямель Тэўтонскага ордэна, захопленых ім у прусаў (адсюль назва). Брандэнбургска-Пруская дзяржава ў 1701 стала каралеўствам П. (сталіца — Берлін). Кіруючую ролю ў эканам. і паліт. жыцці П. адыгрывала юнкерства. Прускія каралі з дынастыі Гогенцолернаў (Фрыдрых II, Фрыдрых Вільгельм II, Фрыдрых Вільгельм III) у 18—1-й пал. 19 ст. значна пашырылі тэр. дзяржавы, у т. л. ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай. З часоў каралявання Фрыдрыха Вільгельма 1 [1713—40] аформіўся ваен.-бюракратычны лад прускай дзяржавы. У час напалеонаўскіх войнаў тут праведзены Штайна-Гардэнберга рэформы. Пасля франка-прускай вайны 1870—71 прускае юнкерства на чале з О.Бісмаркам завяршыла аб’яднанне Германіі на пруска-мілітарысцкай аснове; прускі кароль стаў і герм. імператарам. У выніку Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі ліквідавана манархія, П. стала адной з герм. зямель (найбуйнейшая, у 1939 мела пл. 294 159 км², 41,8 млн. жыхароў). У 2-ю сусв. вайну фаш. ўлады аб’явілі аб уключэнні ў склад Усходняй П. паўн.-зах. раёнаў Брэсцкай і Беластоцкай абласцей Беларусі з гарадамі Гродна, Ваўкавыск і інш. (акруга Беласток); у Берліне дзейнічалі Беларускае прадстаўніцтва і Беларускі нацыянальны цэнтр, выдавалася газ.«Раніца». Пасля разгрому нацысцкай Германіі ў 2-й сусв. вайне П. падзелена на асобныя землі (1945), тэр. Усходняй П. перададзена СССР [каля 1/3 усёй тэрыторыі з г. Кёнігсберг (цяпер Калінінград), у 1946 тут створана Калінінградская вобласць] і Польшчы. У 1947 Кантрольны савет у Германіі прыняў закон № 46 аб ліквідацыі прускай дзяржавы як апоры мілітарызму і рэакцыі.
Літ.:
Лависс Э. Очерки по истории Пруссии: Пер. с фр. Калининград, 1990 [рэпр. выд.: М., 1915];
Восточная Пруссия: С древн. времен до конца второй мировой войны: Ист. очерк. Калининград, 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ РАСІ́І З РЭ́ЧЧУ ПАСПАЛІ́ТАЙ 1654—67,
вайна, распачатая расійскім царом Аляксеем Міхайлавічам за землі Смаленшчыны, Беларусі, Украіны і Літвы. Для пачатку вайны царскі ўрад выкарыстаў спрыяльныя для яго абставіны: Рэч Паспалітая была аслаблена ў выніку нац.-вызв. і антыфеад. вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі і наступнымі канфліктамі з аўтаномнай гетманскай (усх.) Украінай. 1.10.1653 Земскі сабор даў згоду прыняць Украіну пад уладу Расіі, што азначала вайну з Рэччу Паспалітай. У планах Б.Хмяльніцкага і казацкай старшыны былі намеры далучыць да Украіны Бел. Палессе і Падняпроўе.
У маі 1654 рас. войскі пачалі ваен. дзеянні. Ад Масквы на Смаленск і далей на Беларусь рушыла асн. войска на чале з царом. З Пн на Беларусь наступала войска В.П.Шарамецева. Ад Бранска на Мсціслаўскае ваяв. наступала армія кн. А.М.Трубяцкога. Агульныя сілы рас. войск складалі 80—83 тыс.чал. З Пд на Беларусь уздоўж Дняпра наступала казацкае войска (20 тыс.чал.) наказнога гетмана І.Залатарэнкі. Ім супрацьстаяла войска ВКЛ на чале з вял. гетманам ВКЛ Я.Радзівілам (да 20 тыс.чал.), а таксама гарнізоны замкаў. 30.6.1654 пасля аблогі капітуляваў Полацк. 23.9.1654 пасля 2-месячнай аблогі здаўся Смаленск. У выніку баёў рас. войскі занялі Дзісну, Друю, Глыбокае, Невель; пасля аблогі і некалькіх штурмаў 17.11.1654 узяты Віцебск. Упарта абараняўся Мсціслаў, але 22.7.1654 ён захоплены войскамі Трубяцкога. У час штурму горада амаль усе яго жыхары (каля 15 тыс. паводле рас. дакументаў) былі перабіты (т.зв. «Трубяцкая разня»). Падобны лёс напаткаў і Гомель. 12.10.1654 рас. войскі ўзялі і спалілі Дуброўну, а яе жыхароў адправілі ў Расію. Крычаў здаўся атраду бел. шляхціца К.Паклонскага, які перайшоў на бок цара. Магілёў капітуляваў без асаблівага супраціўлення. Казакі Залатарэнкі захапілі Чачэрск, Рэчыцу і Жлобін. Моцную Быхаўскую крэпасць казакі не здолелі захапіць нават пасля 11-месячнай аблогі. Войска Радзівіла з-за сваёй малалікасці вяло манеўраную вайну, нападаючы на асобныя атрады рас. арміі. Гетман польны ВКЛ В.Гасеўскі 3.8.1654 разбіў маскоўскае войска пад Оршай. 12.8.1654 каля Шклова Радзівіл нанёс паражэнне ўдвая большаму войску ваяводы кн. Я.К.Чаркаскага, але 24.8.1654 каля мяст. Шапялевічы (цяпер Круглянскі р-н) пацярпеў паражэнне; страціўшы каля 1 тыс. чалавек, паранены Радзівіл адступіў ад Смілавіч і Мінска. Гэтым у ліст. 1654 і была скончана 1-я кампанія вайны. Цар дасягнуў сваёй мэты: была занята Смаленшчына і землі на У ад Дняпра. Але на гэтай тэр. працягвалася барацьба: сял. атрады самаабароны (паводле рас. тэрміналогіі «шиши») перашкаджалі рас. дваранам і «дзецям баярскім» захопліваць і вывозіць у свае маёнткі ў Расію сял. сем’і, рабаваць і паліць вёскі. Радзівіл перадаваў гэтым атрадам зброю, часам каардынаваў іх дзеянні. Спробы Радзівіла заняць Магілёў і Віцебск у лют. і вясной 1655 не далі вынікаў. У час зімовага контрнаступлення войскам ВКЛ удалося вярнуць Копысь, Дуброўну і Оршу. Зімою 1655 у Езярышчах і Суражы мясц. жыхары паўсталі, частку рас. гарнізонаў перабілі ці ўзялі ў палон. Каб перашкодзіць войску ВКЛ наступаць на Магілёў, у міжрэчча Дняпра і Бярэзіны былі перакінуты казацкія атрады Залатарэнкі, якія ў сак. 1655 захапілі Бабруйск, Каралеўскую Слабаду, Глуск, а пазней і мяст. Свіслач.
У маі 1655 пачалася 2-я кампанія гэтай вайны. Гал. задачай рас. войскі ставілі захоп усёй Беларусі і сталіцы ВКЛ Вільні. Група войск стольніка З.Ф.Лявонцьева з баямі зноў заняла Дуброўну, Оршу і Копысь. 27.6.1655 войскі кн. А.І.Лабанава-Растоўскага занялі Лукомль. 3.7.1655 царскія войскі і казакі захапілі Мінск. У жн. 1655 армія Трубяцкога спрабавала ўзяць моцную крэпасць Слуцк, але горад выстаяў. Далейшы рэйд яго арміі быў удалым: з баямі ўзяты Клецк, Ляхавічы, Мыш, Мір, Сталавічы, Новагародак. Наступленне рас. войск і казакаў ішло ўздоўж Нёмана. Былі ўзяты Нясвіж, Карэлічы, Стоўбцы, Любча, Ліда, Слонім. Вяртаючыся назад, Трубяцкой і Залатарэнка ў вер. 1655 зноў спрабавалі авалодаць Слуцкам, але вымушаны былі адступіць. 8.8.1655 войскі гал.рас. групоўкі на чале з Чаркаскім і Залатарэнкам штурмам узялі Вільню. У жніўні рас. войскі ўзялі Коўна і Гародню (Гродна). На Пд Беларусі восенню рас. войскі і казакі занялі Тураў. У выніку кампаніі 1655 рас. войскі занялі б.ч. Беларусі і частку Літвы. Сітуацыя ўскладнілася тым, што ўлетку 1655 на Польшчу напала Швецыя і заняла амаль усю яе тэрыторыю. Радзівіл і значная частка літоўскай і жамойцкай шляхты 20 кастр. заключылі Кейданскі дагавор 1655, які разарваў дзярж. сувязь ВКЛ з Польшчай і аформіў унію са Швецыяй. Аднак пэўная частка бел. шляхты прынесла прысягу цару Аляксею Міхайлавічу, другая частка на чале з віцебскім ваяводам П.Сапегам захавала вернасць Рэчы Паспалітай. У сак. 1656 унія ВКЛ са Швецыяй была скасавана, а шведскія войскі выведзены з Жамойціі. У выніку моцнага нац.-вызв. руху ў Польшчы шведы былі выгнаны з краіны. Рыхтуючыся да вайны са Швецыяй за Прыбалтыку, Расія 31 снеж. заключыла з Рэччу Паспалітай Віленскае перамір’е 1656 і ваен. дзеянні былі спынены. Расія прадугледжвала ваен. саюз з Рэччу Паспалітай супраць Швецыі і Брандэнбурга. Цар прапанаваў сваю кандыдатуру ў польск. каралі, што павінна было быць абмеркавана на бліжэйшым сейме. Пасля гэтага Расія пачала вайну са Швецыяй. Аднак сейм 1658 адмовіў цару ў выбранні яго каралём і патрабаваў вярнуць усе занятыя землі. Ваенныя дзеянні аднавіліся.
Землі Смаленшчыны, Беларусі і Літвы былі ўключаны ў склад Рас. дзяржавы, а цар прыняў тытулы «вялікага князя Белай Русі, смаленскага, літоўскага, гасудара і вялікага князя полацкага, віцебскага, мсціслаўскага». Тут была пастаўлена рас. ваенная адміністрацыя на чале з ваяводамі. За шляхтай, якая прынесла прысягу цару, захоўваліся прывілеі (без права выбараў, склікання сейму і павятовых сеймікаў). Усіх, хто змагаўся супраць рас. войск, высылалі ў глыб Расіі, за Волгу і ў Сібір; іх маёнткі канфіскоўвалі. У цэлым шляхта была незадаволена і гвалтоўным далучэннем Беларусі да Расіі, і стратай значнай часткі сваіх прывілеяў і вольнасцей. Дзейнасць каталіцкай і уніяцкай цэркваў была забаронена, іх землі канфіскаваны. У 1656 для заспакаення насельніцтва на тэр. на З ад Бярэзіны была дазволена дзейнасць каталіцкай царквы (уніяцкая аставалася забароненай). Значная частка гараджан, асабліва з гарадоў, што аказвалі супраціўленне, высялялася ў Расію. Мясц.правасл. святароў імкнуліся замяніць маскоўскімі. Найбольш пацярпелі бел. сяляне, якіх абцяжарвалі новымі падаткамі, рабавалі і забівалі. Памешчыкі, якія складалі рас. конніцу, гвалтам забіралі сялян у свае маёнткі ў такіх маштабах, што цар вымушаны быў забараніць вываз сялян, каб захаваць падатковае насельніцтва на месцы. Аднак палітыка царызму была непаслядоўная: некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, у асн. рамеснікі, былі пераселены з усх. гарадоў Беларусі ў Маскву (Мяшчанская слабада) і Замаскварэцкі край.
У 1656—58 ва ўсх. Беларусі разгарэўся канфлікт паміж казацкімі войскамі І.Нячая і рас. ваяводамі. Казацкая старшына намагалася далучыць Бел. Падняпроўе да гетманскай Украіны. Казакі займалі мястэчкі і вёскі каля Магілёва, Копысі, Мсціслава, рас. войскі аказвалі ім супраціўленне. Б.Хмяльніцкі дамовіўся з царскім урадам аб устрыманні ад ваен. дзеянняў, аднак пасля яго смерці (жн. 1657) канфлікт узмацніўся. Выконваючы ўмовы Гадзяцкага дагавора 1658 Нячай распачаў ваен. дзеянні ва ўсх. Беларусі супраць рас. войск. Войскі Рэчы Паспалітай блакіравалі Вільню. Становішча рас. войск увосень і ўзімку 1658—59 значна пагоршылася. Стары Быхаў, Мсціслаў, Крычаў, Чавусы скінулі рас. ўладу. Разам з казацкімі атрадамі Нячая супраць рас. войск дзейнічалі казацка-сял. атрады Д.Мурашкі, Сапрыкі, Драня. Супраць казацкіх войск быў кінуты ў 1659 вял. карны атрад Лабанава-Растоўскага, якому ўдалося задушыць вызв. рух і зноў узяць Мсціслаў, Рослаў, Крычаў, Стары Быхаў. Паступова войска ВКЛ пачало выцясняць рас. армію. Каб змяніць сітуацыю, цар накіраваў на Беларусь войска на чале з ваяводам кн. І.А.Хаванскім. У выніку наступлення яго арміі ў снеж. 1659 — лют. 1660 устаноўлены кантроль над Новагародскім ваяв. (за выключэннем Случчыны), зноў занята Гародня, адбітая П.Сапегам у сакавіку. Армія Хаванскага нанесла паражэнне палку М.Абуховіча каля Мальчы і ў студз. 1660 заняла Бярэсце, у сак. аблажыла моцны замак Ляхавічы. У гэты час на тэр. Беларусі дзейнічалі партыз. атрады Мурашкі і С.Аскіркі, якія складаліся са шляхты і рэшткаў бел. казакаў (з сялянства). Ім удалося заняць Давыд-Гарадок, але, пацярпеўшы паражэнне ў лют. 1660 каля Глуска, яны адышлі да Слуцка, а потым зайшлі ў тыл войску Хаванскага і сталі каля Нясвіжа.
3.5.1660 Рэч Паспалітая заключыла мір са Швецыяй і змагла ўсе свае войскі кінуць супраць рас. арміі. На Беларусь з Падляшша прыйшла дывізія П.Сапегі (6 тыс.чал.) і вызваліла Жыровічы, з Падолля — дывізія С.Чарнецкага (4 тыс.чал.), якая заняла Слонім. Абедзве дывізіі злучыліся і 28.6.1660 сустрэліся з арміяй Хаванскага каля Палонкі (20 км ад Баранавічаў), дзе адбылася вырашальная бітва. Войска Хаванскага было разбіта, і ён пачаў адыходзіць на Пн. Наўздагон была кінута конніца С.Кміціча, якая нанесла паражэнні рэшткам рас. войска пад Мірам, Жукавым Барком і Койданавам. У ліп. 1660 Сапега і Чарнецкі ўвайшлі ў Мінск. Тэр. Беларусі да Бярэзіны была вызвалена, а Хаванскі, прайграўшы бітву пад Чарэяй, адступіў у Полацк. Цар паслаў на Беларусь новую армію ваяводы Ю.Далгарукава (да 30 тыс.чал.) і казацкае войска з Украіны (зноў саюзнай з Расіяй) на чале з палк. В.Залатарэнкам (25 тыс.чал.). Аднак у Бел. Падняпроўі ўжо дзейнічалі харугвы Сапегі, Чарнецкага, Кміціча і А.Палубінскага. 8.10.1660 каля Чавусаў адбыўся бой войска Рэчы Паспалітай з групоўкай Далгарукава, што перашкодзіла аб’яднанню яго войска з арміяй Хаванскага. Шляхта, мяшчане і сяляне, якія раней прысягалі цару, пачалі масава выступаць супраць рас. войск. Пераможныя паўстанні супраць рас. гарнізонаў адбыліся ў Дзісне, Себежы, у лют. 1661 — у Магілёве. 4.11.1661 войска Хаванскага (20 тыс.чал.) пацярпела паражэнне пры Кушліках (каля Полацка) ад войска К.Жаромскага (12 тыс.чал.). 2.12.1661 капітуляваў рас. гарнізон у віленскім замку. Аднак вайна не была скончана. Амаль усё войска ВКЛ і частка польск. войска, не атрымаўшы жалавання, утварылі ў 1661 канфедэрацыю і спынілі актыўныя ваен. дзеянні, якія аднавіліся толькі праз 2 гады, калі жалаванне было выплачана. 9.7.1662 здаўся рас. гарнізон у Барысаве, у снеж. 1662 — ва Усвятах. 1.6.1664 пачаліся мірныя перагаворы; пасля перапынку яны аднавіліся ў крас. 1666. Вайна завяршылася падпісаннем Андросаўскага перамір’я 1667, паводле якога Расія замацавала за сабой Смаленшчыну і Левабярэжную Украіну з Кіевам. Вынікі вайны для Беларусі былі трагічныя. Страты насельніцтва склалі больш за 50% (паменшылася з 2,9 млн.чал. да 1,4 млн.чал.). Найб. скарацілася колькасць насельніцтва ва ўсх. і цэнтр. Беларусі: у Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім і Мінскім ваяв. на 60—70%, у Новагародскім, Берасцейскім і Віленскім ваяв. на 35—45%. Эканоміка Беларусі апынулася ў стане глыбокага заняпаду.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;
Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;
Абецедарский Л.С. Белоруссия и Россия: Очерки рус.-бел. связей второй половины XVI—XVII в. Мн., 1978;
Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995;
Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie I Białorusi w 2 połowie XVII wieku. Poznań, 1965.
А.П.Грыцкевіч
Да арт. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Апошняя старонка Кейданскага дагавора 1655 аб уніі ВКЛ са Швецыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖО́ВЫЯ ПАХО́ДЫ,
рэлігійныя войны заходнееўрап. феадалаў супраць мусульм. дзяржаў, язычнікаў, ерэтычных рухаў, прыбалт. і слав. народаў у 11—15 ст. Вяліся пад патранажам каталіцкай царквы. Былі выкліканы ростам матэрыяльных патрэб знаці ў сувязі з развіццём гарадоў і таварна-грашовых адносін у Зах. Еўропе, спрыяльнымі міжнар. абставінамі (паліт. раздробленасць мусульм. свету ў канцы 11 ст.; Візантыя перажывала вял. цяжкасці ў сувязі з нападамі сельджукаў, печанегаў, нарманаў). Іх удзельнікі, падкрэсліваючы свае рэліг. памкненні, нашывалі на адзенне крыжы (адсюль — крыжакі, крыжаносцы). У 1096—1270 адбылося 8 вял. паходаў на Усход. У 1-м К.п. (1096—99), абвешчаным рым. папам Урбанам II у 1095 на Клермонскім саборы дзеля вызвалення труны Гасподняй у Іерусаліме, удзельнічала каля 100 тыс.чал. Выступленню крыжацкага войска папярэднічаў паход незаможных сялян на чале з прапаведнікам Пятром Ам’енскім, якія былі разбіты туркамі-сельджукамі пад Нікеяй. Крыжацкія атрады пераправіліся ў М. Азію, захапілі Нікею (1097), Эдэсу (1098), Антыёхію (1098) і Іерусалім (1099), стварылі на заваяваных землях Іерусалімскае каралеўства (кароль Готфрыд Бульёнскі). Узніклі таксама духоўна-рыцарскія ордэны. Пасля захопу сельджукамі Эдэсы (1144) адбыўся 2-і К.п. (1147—49), ініцыіраваны і арганізаваны абатам Бернарам Клервоскім. Узначалілі яго франц. кароль Людовік VII і герм. імператар Конрад III. Удзельнічала каля 140 тыс. воінаў. Ням. рыцары былі разбіты мусульманамі каля Дарылея (1147). Няўдалая аблога Дамаска, дрэнная арг-цыя прывялі да правалу паходу. 3-і К.п. (1189—92) ажыццёўлены, каб адваяваць Іерусалім, захоплены ў 1187 егіп. султанам Салах-ад-дзінам. Яго ўзначалілі герм. імператар Фрыдрых I Барбароса, франц. кароль Філіп II і англ. кароль Рычард I Львінае Сэрца. Ням. войска, якое першым рушыла (1189) пасля нечаканай гібелі імператара пры пераправе цераз р. Салефа (М. Азія), было фактычна дэзарганізавана. У 1190 выступілі англічане і французы. У 1191 крыжакі авалодалі Акрай, Рычард I захапіў в-аў Кіпр, дзе было заснавана каралеўства. У 1192 Рычард I заключыў з Салах-ад-дзінам мір, паводле якога за крыжакамі засталося ўзбярэжжа ад Тыра да Яфы. 4-ы К.п. (1199—1204), арганізаваны рым. папам Інакенціем III, меў на мэце заваёву Егіпта. Аднак Венецыя, якой крыжакі завінавацілі частку сумы за прадастаўлены ім флот, дамаглася захопу хрысц. гарадоў (Задара ў Далмацыі ў 1202, Канстанцінопаля ў 1204). На захопленых землях Візант. імперыі ўзнік шэраг дзяржаў, у т. л.Лацінская імперыя. У 1212 адбыліся т.зв. дзіцячыя К.п. (сярод удзельнікаў было шмат дзяцей і падлеткаў). Большасць з іх загінула ад голаду і хвароб. У 5-м К.п. (1217—21), арганізаваным Інакенціем III супраць Егіпта, удзельнічалі франц., англ., ням. і італьян. рыцары. Яго кульмінацыяй была паўтарагадовая аблога і захоп у 1219 г. Дам’ета (Егіпет). 6-ы К.п. (1228—29) узначаліў герм. імператар Фрыдрых II Гогенштаўфен. У 1229 у Яфе падпісаны мір тэрмінам на 10 гадоў, паводле якога Іерусалім (акрамя 2 кварталаў) і некат. інш.землі (у т. л. Віфлеем і Назарэт) адыходзілі пад уладу Фрыдрыха II. У 1244 Іерусалім канчаткова заваяваны мусульманамі. У 7-м К.п. (1248—54), арганізаваным франц. каралём Людовікам IX, удзельнічала 12—25 тыс.чал. У 1249 захоплены г. Дам’ета, у лют. 1250 — крэпасць Мансура, дзе крыжакі былі абложаны і прымушаны да здачы. У палон трапіў і Людовік IX (выпушчаны ў 1250 за 200 тыс. ліўраў). 8-ы К.п. (1270), арганізаваны Людовікам IX у Туніс, спыніўся пасля яго смерці, не дасягнуўшы мэты. Неўзабаве былі страчаны апошнія ўладанні крыжаносцаў у Сірыі і Палесціне (у 1289 Трыпалі, у 1291 Акра). Пад іх уладай застаўся толькі Кіпр (да 1489). К.п. прывялі да значных чалавечых і эканам. страт як на З, так і на У, аднак яны пашырылі кантакты паміж дзвюма цывілізацыямі, далучылі зах. свет да дасягненняў араб. і інш.усх. культур. У 12—15 ст. К.п. былі накіраваны супраць славян, ліваў, эстаў, прусаў і інш. (гл.Крыжовы паход супраць славян 1147, Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.), альбігойцаў (гл.Альбігойскія войны 1209—29), у 15 ст. — супраць гусітаў (гл.Гусіцкія войны). Экспансія крыжакоў ва Усх. Еўропу (у т. л. на бел.землі) спынена ў выніку барацьбы слав. і прыбалтыйскіх народаў (гл.Лядовае пабоішча 1242, Грунвальдская бітва 1410, Трынаццацігадовая вайна 1454—66).
Літ.:
Заборов М.А. История крестовых походов в документах и материалах. М., 1977;
Яго ж. Крестоносцы на Востоке: Пер, с нем. М., 1980;
Куглер Б. История крестовых походов. Ростов н/Д, 1995.
Дз.М.Чаркасаў.
Да арт.Крыжовыя паходы. Адбыццё войска Людовіка IX у восьмы крыжовы паход у 1270. Мініяцюра невядомага майстра 15 ст. з «Вялікіх французскіх хронік».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗЯСЛА́ВІЧЫ,
1) княжацкі род, прадстаўнікі якога ў 11—13 ст. валодалі Полацкай зямлёй, адгалінаванне роду Рурыкавічаў. Паходзяць ад Ізяслава Уладзіміравіча, старэйшага сына вял. кіеўскага кн.Уладзіміра Святаславіча і полацкай князёўны Рагнеды Рагвалодаўны. Паводле родавых звычаяў Ізяслаў лічыўся спадкаемцам свайго дзеда па маці Рагвалода, які загінуў разам з сынамі пры заваяванні Полацка Уладзімірам Святаславічам. У сувязі з гэтым нашчадкі Ізяслава ў летапісах наз. «Рагваложымі ўнукамі», у гіст. л-ры часам Рагвалодавічамі. Уладзімір перадаў ва ўдзел Ізяславу Полацкае княства. Паколькі Ізяслаў памёр раней за бацьку, яго нашчадкі страцілі права на велікакняжацкі пасад у Кіеве. У 1129 за непаслушэнства кіеўскаму князю большасць І. была выслана ў Візантыю, але многія з іх да сярэдзіны 12 ст. вярнуліся і аднавілі свае ўладанні ў Полацкай зямлі. З гэтага часу род падзяліўся на некалькі галін, якія паходзяць ад сыноў Усяслава Брачыславіча (унука Ізяслава). На падставе гэтага іх называюць таксама Усяславічамі. Не выключана, што нашчадкамі І. былі некаторыя правасл. княжацкія роды, вядомыя на Беларусі ў часы ВКЛ: Адзінцэвічы, Друцкія, Лукомскія, Палубінскія, Талочкі.
Княжацкі род, прадстаўнікі якога ў 11—13 ст. валодалі Тураўскай зямлёй; адгалінаванне роду Рурыкавічаў. Паходзяць ад кн.Ізяслава Яраславіча, які ў сярэдзіне 11 ст. атрымаў Тураў ад свайго бацькі вял. кіеўскага кн.Яраслава Мудрага. Пасля смерці Ізяслава Туравам валодалі яго сыны — Яраполк, потым Святаполк. Права апошняга на Тураўскую зямлю пацверджана Любецкім з’ездам 1097. Сыны і ўнукі Ізяслава стараліся замацавацца і ў інш. рэгіёнах Русі. У 1113 вял. кіеўскі кн. Уладзімір Манамах пазбавіў І. Тураўскага княства, пакінуўшы за сынам Святаполка Яраславам толькі Уладзімір-Валынскі. Аднавіць свае ўладанні (акрамя Брэстчыны) І. удалося толькі ў 1158, калі ў Тураве, відаць, па запрашэнні гараджан, з’явіўся кн.Юрый Яраславіч. Сыны Юрыя падзялілі тураўскія землі на ўдзелы. Звесткі пра І. у летапісах знікаюць у канцы 13 ст. Іх нашчадкамі лічаць шматлікія княжацкія роды, вядомыя ў Беларусі і Украіне ў часы ВКЛ: Астрожскіх, Вішнявецкіх, Гарадзецкіх, Дольскіх, Збаражскіх, Нясвіцкіх, Парэцкіх, Сцяпанскіх, Чацвярцінскіх.
Літ.:
Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;
Рапов О.М. Княжеские владения на Руси в X — первой половине XIII в. М., 1977;
Насевіч В.Л. Генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў 12—18 стст. Мн., 1993;
Загорульский Э.М. Генеалогия полоцких князей Изяславичей. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПЕЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў цэнтры еўрап. часткі Рас. Федэрацыі. Утворана 6.1.1954. Пл. 24,1 тыс.км². Нас. 1249 тыс.чал. (1997), гарадскога 63%. Цэнтр — г.Ліпецк. Найб. гарады: Ялец, Гразі, Данкоў, Лебядзянь, Усмань.
Прырода. Л.в. знаходзіцца ў цэнтр.ч.Усх.-Еўрап. раўніны, у бас. верхняга цячэння р. Дон. На З — ускраіна Сярэднярускага ўзв. (выш. да 262 м), паверхня хвалістая, парэзана ярамі і лагчынамі; на У — Окска-Данская раўніна (выш. 150—170 м). Карысныя выкапні: жал. руда, вапнякі, даламіты, гліны, пяскі, торф. Крыніцы мінер. вод. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -10 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў каля 500 мм за год. Гал. рака — Дон з прытокамі Красівая Меча, Сасна (справа), Варонеж з прытокам Матыра (злева). Вобласць размешчана ў зоне лесастэпаў. Глебы пераважна чарназёмныя (тыповыя і вышчалачаныя), па далінах і лагчынах — лугава-чарназёмныя, трапляюцца цёмна-шэрыя і шэрыя лясныя глебы. Пераважаюць мяшаныя лясы (7% тэрыторыі). Варонежскі запаведнік (паўн. частка) і запаведнік Галічча Гара.
Гаспадарка. Вядучыя галіны прам-сці: чорная металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., харчовая. Прадпрыемствы чорнай металургіі працуюць пераважна на жал. рудзе Курскай магнітнай анамаліі, выпускаюць чыгун, сталь, пракат, трубы, ферасплавы. Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены вытв-сцю трактароў, рухавікоў, станкоў, ліцейнага абсталявання, электратэхн. вырабаў, сантэхнікі, хім.-азотных угнаенняў (на базе коксахім. вытв-сці), гумава-пластмасавых вырабаў, лакаў, смалы, клею. Вытв-сць электраэнергіі на ЦЭЦ (найб. Ліпецкая). Харч.прам-сць (цукр., масласыраробная, мясная, кансервавая, харч. канцэнтратаў, тытунёвая) перапрацоўвае мясц. сыравіну. Развіта прам-сцьбуд. матэрыялаў (вытв-сць цэменту, сілікатнай цэглы, жалезабетонных канструкцый і вырабаў). Ёсць прадпрыемствы лёгкай (швейныя, трыкат. і скургалантарэйныя ф-кі) і дрэваапр. (мэблевыя ф-кі) прам-сці. Нар.маст. промыслы: Ялецкія карункі (у г. Ялец), дыванаткацтва (с. Баравое). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вытв-сці збожжа, малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, авечкагадоўлі. Пад с.-г. ўгоддзямі 1960 тыс.га, у т. л. ворныя землі займаюць 1640 тыс.га (1996). Вырошчваюць пшаніцу, жыта, ячмень, цукр. буракі, сланечнік, бульбу, агародніну, а таксама махорку. Садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак мяса-воўнавага кірунку. Птушкагадоўля. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Масква—Данбас, Масква—Растоў-на-Доне, Рыга—Валгаград, аўтамагістраль Масква—Ялец—Варонеж. Газаправод Стаўрапаль—Масква. Курорт Ліпецк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАСЦЬ,
моўная, тэрытарыяльная, эканам. і культ. супольнасць людзей пераважна рабаўладальніцкай і феад. эпох. Найб. старажытныя Н. — егіпецкая, стараж.-грэчаская, кітайская і інш. У Зах. Еўропе Н. пачалі інтэнсіўна фарміравацца пасля распаду Франкскай дзяржавы з сярэдзіны 9 ст. Ва Усх. Еўропе ў 9 — пач. 12 ст. ў рамках Кіеўскай Русі склалася стараж.-рус. Н. Агульнай назвай насельніцтва Кіеўскай Русі сталі этнонімы «русіны», «русічы». Усх.-слав. плямёны — крывічы, дрыгавічы і радзімічы — засялялі тэр. сучаснай Беларусі ў 6—8 ст., з 9 ст. племянная арг-цыяўсх. славян замянялася на тэрытарыяльна-княжацкую; на тэр. Беларусі было больш за 10 княстваў, якія ў 9 — пач. 12 ст. знаходзіліся ў складзе Кіеўскай Русі. Пасля яе распаду землі Навагрудскага, Полацкага, Тураўскага і інш. княстваў увайшлі ў Вялікае княства Літоўскае, у якім узмацняліся інтэграцыйныя працэсы, адбывалася далейшае развіццё феад. адносін і стварыліся спрыяльныя ўмовы для кансалідацыі беларусаў у самастойны этнас. Панаванне ў ВКЛ адзінай стараж.-бел. мовы і культуры, развіццё гасп.-эканам. адносін садзейнічалі фарміраванню бел. Н. Гэты працэс пачаўся ў канцы 13—14 ст. і завяршыўся ў 15—16 ст. Унутрыэтнічнай кансалідацыі бел. Н. садзейнічалі захаванне пэўнай самастойнасці ў рамках ВКЛб. Полацкага, Віцебскага, Тураўскага, Слуцкага, Мсціслаўскага і інш. княстваў, а таксама рост гарадоў, развіццё гандлю, промыслаў і рамёстваў, кадыфікацыя і уніфікацыя дзярж.-юрыд. норм. Наступныя 17—18 ст. былі неспрыяльнымі для далейшага развіцця бел. Н. ў выніку працэсаў акаталічвання і паланізацыі, якая працягвалася амаль да сярэдзіны 19 ст. У 2-й пал. 19 ст. ў працэсе развіцця капіталіст. адносін бел. Н. стала ператварацца ў нацыю. У выніку далучэння бел. зямель да Рас. імперыі паланізацыя беларусаў была заменена ўплывам рус. культуры (гл.Русіфікацыя), а сам факт аб’яднання ўсх. славян (рускіх, беларусаў, украінцаў) у адзінай дзяржаве быў прагрэсіўнай з’явай.
Некат. этнічныя групы людзей свету і сёння маюць статус Н. і не кансалідаваліся ў нацыі. Гэта шматлікія групы насельніцтва Афрыкі і некат. раёнаў Азіі, якія былі калоніямі зах.-еўрап. дзяржаў, а таксама невял. народы, што не маюць выразнай нац. і этнанац. структуры (эвенкі, чукчы, ханты, мансі і інш.).
Літ.:
Алексеев В. Род, племя, народность, нация. М., 1962;
Гринблат М.Я. Белорусы: Очерки происхождения и этнич. истории. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМЕ́ШЧЫКІ,
дваране-землеўладальнікі ў Расіі ў канцы 15 — пач. 20 ст. Першапачаткова П. наз. дваран, якім вял. князь (з 1547 цар) даваў, пры ўмове службы яму, зямлю з сялянамі — памесце (гл.Памесная сістэма). Указ «аб адзінаспадчыннасці» (1714) зліў памесці з вотчынамі ў адзіны від дваранскай уласнасці — «нерухомыя маёмасці», або маёнткі. Тэрміны «памесце» і «П.» працягвалі ўжывацца як сінонімы слоў «маёнтак» і «дваране-землеўласнікі». Маніфест аб вольнасці дваранства 1762 дазволіў дваранам пакідаць службу і займацца гаспадаркай у маёнтках. Да адмены прыгоннага права (1861) паказчыкам багацця П. была колькасць «душ» прыгонных сялян, якімі яны валодалі. У 1860 103,2 тыс.рас. П. валодалі 10,7 млн. душ сялян. 43,7% прыгонных належалі 3,8% П. (1000 і болей душ у кожнага), дробнапамесныя П. (100 і менш душ) валодалі толькі 3,2% сялян, хоць самі складалі 41,6% усіх П. З адменай прыгоннага права паказчыкам дабрабыту П. стала валоданне зямлёй. Б.ч. іх поўнасцю або часткова здавала зямлю ў арэнду сялянам, іншыя здолелі наладзіць капіталіст. гаспадарку, якую вялі сіламі наёмных работнікаў. З прычыны разарэння многіх П. і набыцця зямлі прадстаўнікамі інш. саслоўяў працэнт дваранскіх зямель за 1861—1907 паменшыўся з 95% да 44%. У 1905 налічвалася каля 30 тыс. сем’яў П., большасць з якіх былі дробнапамеснымі. Да 1917 9—10% П. валодалі 70—73% усіх дваранскіх зямель. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 ліквідавала П. як клас, іх землі нацыяналізаваны дэкрэтам аб зямлі (9.11.1917). У л-ры П. часам называюць буйных землеўласнікаў Рас. імперыі незалежна ад іх саслоўнай прыналежнасці, а таксама буйных землеўласнікаў феад. і паўфеад. тыпу ў інш. краінах.
На Беларусі паводле 10-й рэвізіі (1859) былі 9072 П., яны мелі 1 146 712 прыгонных сялян мужчынскага полу. З іх дробныя П. (да 100 душ на ўладальніка) складалі 73,3% і валодалі 16,5% прыгонных; буйныя П. (больш за 500 душ) складалі 4,2%, але мелі 44,4% прыгонных. У бел.-літ. губернях у канцы 1850-х г. паншчыну выконвалі 92,3% прыгонных. З сярэдзіны 19 ст. П. ўсё часцей закладалі ў крэдыт сялян сваіх маёнткаў, у 1856 на Беларусі было закладзена 56,5% сялян. Пасля адмены прыгону працэс памяншэння дваранскай зямлі ў бел. губернях адбываўся больш павольна, чым у астатніх губернях Расіі, бо з-за антырас. настроенасці шляхты царскі закон 1865 забараніў палякам набываць зямлю ў Зах. краі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТСВА́НА (Botswana),
Рэспубліка Батсвана, (Republic of Botswana), дзяржава на Пд Афрыкі. Мяжуе на Пн і З з Намібіяй, на Пд і ПдУ з ПАР, на ПнУ з Зімбабве. Пл. 600,4 тыс.км². Нас. 1,4 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Габароне. Падзяляецца на 8 акруг. Афіц. мовы англійская і сетсвана. Нац. свята — Дзень незалежнасці (30 вер.).
Дзяржаўны лад. Батсвана — прэзідэнцкая рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканадаўчая ўлада належыць прэзідэнту і парламенту — Нац. асамблеі, выканаўчая — прэзідэнту і ўраду.
Прырода. Тэр. Батсваны займае вял. бяссцёкавую катлавіну пустыні Калахары, абмежаваную з усіх бакоў плато. Сярэдняя выш. 800—1000 м, на З да 1300 м. Рэльеф раўнінны, на У слабахвалісты. Карысныя выкапні: алмазы, золата, хром, серабро, плаціна, марганцавыя, медна-нікелевыя і кобальтавыя руды, каменны вугаль, азбест і інш. Клімат трапічны, з рысамі кантынентальнасці, гарачы і засушлівы. Сярэдняя т-растудз. 21—27, ліп. каля 16 °C. Ападкаў на Пн і У 500—700 мм, у Калахары менш за 250 мм. Дажджлівы перыяд у снеж.—красавіку. Рэкі малаводныя. На Пн — бяссцёкавы басейн р. Акаванга, на У — р. Лімпопа (упадае ў Індыйскі ак.) з прытокамі. Расліннасць пераважна саванная, на Пн — трапічнае рэдкалессе. Па далінах рэк на Пн, У, Пд — галерэйныя лясы. Нац. паркі — Гемсбак, Чобе, Нцкаі-Пан.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — народы сям’і банту: тсвана (каля 80%), машона, педы, герэра. У глыбіні Калахары карэнныя жыхары бушмены (кайсанская моўная група). Ёсць невял. колькасць англічан, афрыканераў, выхадцаў з Азіі і інш. 50% насельніцтва прытрымліваецца мясц.традыц. вераванняў, 50% — хрысціяне. Шчыльнасць насельніцтва 2,3 чал. на 1 км². Большая ч. яго сканцэнтравана на ПдУ. У гарадах жыве каля 20% насельніцтва. Найбольшыя гарады Габароне, Серове, Фрэнсістаўн, Мачуды.
Гісторыя. Стараж. гісторыя Батсваны даследавана мала. Вядома, што бечуаны, якія прыйшлі з сучаснага Трансвааля (правінцыя ПАР), выцеснілі ва ўнутр. раёны Калахары бушменаў — аўтахтоннае насельніцтва краіны. Бечуаны на працягу стагоддзяў вялі барацьбу з плямёнамі, што пранікалі на іх тэрыторыю. Асабліва жорсткія былі войны з плямёнамі зулу на пач. 19 ст. З 1820 (з заснаваннем першай хрысціянскай місіі) — пастаянныя кантакты з еўрапейцамі. З сярэдзіны 19 ст.землі Батсваны пачынаюць захопліваць буры, аднак бечуаны, умела выкарыстоўваючы англа-бурскія супярэчнасці, здолелі на працягу 3 дзесяцігоддзяў захаваць незалежнасць. У 1885 б.ч. зямель бечуанаў далучана да англ. уладанняў у Паўд. Афрыцы. Англ. ўлады абвясцілі паўн.землі бечуанаў (тэр. сучаснай Батсваны) пратэктаратам пад назвай Бечуаналенд.
Пад націскам нац.-вызв. руху брыт. ўрад у 1961 прыняў канстытуцыю Батсваны, у ліст. 1963 даў пратэктарату самакіраванне. На выбарах у заканадаўчы сход у 1965 перамагла Дэмакр. партыя. 30.9.1966 абвешчана незалежная рэспубліка Батсвана.
Асн.паліт. партыя — Дэмакр. партыя Батсваны (правячая). Федэрацыя прафсаюзаў Батсваны аб’ядноўвае 11 галіновых прафсаюзаў. Батсвана — чл.ААН (з 1966), Садружнасці і інш.міжнар. арг-цый.
Гаспадарка. Батсвана — аграрная краіна са значнай горнай прам-сцю. Доля ў валавым унутр. прадукце (у %) сельскай гаспадаркі 12, прам-сці каля 50, у т. л. горна-здабыўной каля 45. У сельскай гаспадарцы занята больш за 80% эканамічна актыўнага насельніцтва, захаваліся феад. і племянныя перажыткі. Апрацоўваецца 3% тэрыторыі, пад лугамі і пашай каля 70%. Гал. галіна — адгонна-пашавая мясная жывёлагадоўля (круглагадовы выпас жывёлы на натуральных пашах). Пагалоўе (млн.): буйн. раг. жывёлы 3,5, коз і авечак 1,7. Гадуюць таксама коней, аслоў, мулаў. Жывёла нізкапрадукцыйная. Росту пагалоўя перашкаджаюць засухі, недахоп вады, хваробы. За гады незалежнасці праведзены работы па паляпшэнні пашы, стварэнні вет. цэнтраў. Земляробства ў гаспадарках мясц. насельніцтва адыгрывае дапаможную ролю. Магчыма толькі на Пд і У краіны. Асноўныя с.-г. культуры — сорга, кукуруза, вырошчваюць пшаніцу, боб, проса, гародніну, садавіну. На ПдУ на плантацыях еўрап. фермераў вырошчваюць на арашальных землях экспартныя культуры: арахіс, тытунь, бавоўну, сланечнік, цытрусавыя. Некаторую ролю ў гаспадарцы карэннага насельніцтва адыгрываюць паляванне і рыбалоўства (асабліва на Пн). Гал. галіна прамысловасці — горназдабыўная. Батсвана займае 2—3-е месца ў свеце па здабычы алмазаў (да 20 млн. каратаў штогод, гал. радовішчы Арапа, Джваненг, Летлхакане). Здабываюць таксама медныя, нікелевыя (другі па велічыні вытворца ў Афрыцы) і марганцавыя руды, каменны вугаль, азбест, серу. З галін перапрацоўчай прам-сці найб. развіта мясная (буйны мясакамбінат у г. Лабацэ). Есць невял. прадпрыемствы па вытв-сці касцявой мукі, масла, мыла, піва і інш.Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млрд.кВт∙гадз. ЦЭС у Габароне і Селебі-Пікве. Трансп. сетка развіта слаба. Адзіная чыгунка (даўж. 714 км) перасякае ўсх.ч. краіны. Даўж. аўтадарог 15,5 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 3,5 тыс.км. Міжнар. аэрапорт каля Габароне, авіяц. сувязі з суседнімі краінамі. Экспарт: алмазы, медна-нікелевы канцэнтрат, мяса, скуры, прадукты плантацыйнай гаспадаркі. Імпарт: машыны, абсталяванне, паліва, збожжа і мука, тэкстыль, адзенне. Значнае месца ў эканоміцы займаюць турызм і грашовыя пераводы грамадзян Батсваны, якія працуюць у ПАР. Асн. гандлёвыя партнёры: ПАР, Вялікабрытанія, інш. краіны ЕЭС, ЗША. Грашовая адзінка — пула.
Ф.С.Фешчанка (прырода, гаспадарка).
Герб і сцяг Батсваны.Батсвана. Агульны выгляд сталіцы Габароне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫ́Т (лац. creditum пазыка, доўг ад credere верыць),
пазыка ў грашовай або таварнай форме, якая даецца адной юрыд. або фіз. асобай (крэдыторам) другой асобе — пазычальніку. Уяўляе сабой рух пазыковага капіталу, які ажыццяўляецца на асновах тэрміновасці, зваротнасці і платнасці. Як эканам. катэгорыя К. вядомы з часоў рабаўладальніцкага грамадства, найб. развіццё атрымаў пры капіталізме. У рыначнай эканоміцы К. ўласціва пераразмеркавальная функцыя, таму даходы дзяржавы, прыбытак прадпрыемстваў, прыватныя зберажэнні ператвараюцца ў пазыковы капітал, які садзейнічае эканоміі выдаткаў абарачэння і накіроўваецца ў неабходныя сферы нар. гаспадаркі. К. выконвае функцыю паскарэння канцэнтрацыі і цэнтралізацыі капіталу. У працэсе яго развіцця выкарыстоўваюцца розныя віды рахункаў, дэпазітныя сертыфікаты, крэдытныя карткі і інш., адбываецца апераджальны рост безнаяўнага абароту, паскарэнне грашовых патокаў. К. бывае камерцыйны, банкаўскі, дзяржаўны, знешнегандлёвы, спажывецкі, міжнародны, іпатэчны і інш.Камерцыйны К. выдаецца прадпрыемствамі, аб’яднаннямі і інш.гасп. суб’ектамі адзін аднаму, напр., для папаўнення часовай нястачы абаротнага капіталу, пашырэння вытв-сці, а таксама ў выглядзе адтэрміноўкі плацяжу за прададзеныя тавары, выкананыя работы або паслугі. Такі К. афармляецца звычайна вэксалем. Ён не можа быць выкарыстаны для выплаты зарплаты і выдаецца толькі прадпрыемствамі-вытворцамі. Банкаўскі К., які з’яўляецца асн. формай крэдытавання, даецца банкамі, фондамі, асацыяцыямі і інш. крэдытна-фінансавымі ўстановамі любым гасп. суб’ектам. Від К., пры якім пазычальнікам выступае дзяржава, а фіз. і юрыд. асобы, якія набываюць дзярж. каштоўныя паперы, — арандатарамі, наз.дзяржаўным. Спажывецкі К. даецца пры продажы тавараў і паслуг непасрэдна спажыўцам у форме адтэрміноўкі плацяжу (у растэрміноўку). Знешнегандлёвы -К. можа быць экспартны, імпартны, камерцыйны або банкаўскі. Міжнародны К. прадастаўляецца дзяржавамі, міжнар. банкамі і фінансавымі арг-цыямі, прыватнымі банкамі і фірмамі, інш.фіз. і юрыд. асобамі ў працэсе міжнар.эканам. супрацоўніцтва і з’яўляецца важнай састаўной часткай міжнар.эканам. адносін, умовай развіцця сувязей паміж рознымі краінамі. Міжнар. банкаўскі К. можа выступаць і ў форме экспартнага, фінансавага, валютнага К. Важнай яго формай з’яўляецца і міждзярж. доўгатэрміновы крэдыт (міжурадавыя пазыкі). Пашыраецца іпатэчны К., які выдаецца іпатэчнымі камерцыйнымі банкамі, страхавымі і інш. крэдытна-грашовымі ўстановамі пад заклад нерухомай маёмасці (землі, пабудовы і інш.), а ў асобных выпадках пад заклад, машын і абсталявання. К. можа быць ільготны (даецца па стаўках, ніжэйшых за рыначныя, і часта на больш працяглы перыяд), адзыўны (выдаецца пад пераводны вэксаль, што можа быць адкліканы ў любы момант без папярэджання), рэвольверны (крэдытная лінія, сродкі па якой могуць быць запазычаны ў любы час з наступнымі рэгулярнымі плацяжамі ў пагашэнне раней абумоўленай мінімальнай сумы). Па тэрмінах выплаты К. бывае каротка-, сярэдне- і доўгатэрміновы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎГАРО́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Размешчана на ПнЗеўрап.ч. Расійскай Федэрацыі. Утворана 5.7.1944. Пл. 55,3 тыс.км². Нас. 738 тыс.чал. (1997), гарадскога 71%. Цэнтр — г.Ноўгарад. Найб. гарады: Баравічы, Старая Руса, Валдай, Чудава.
Палавіну тэр. вобласці займае Прыільменская нізіна, на ПнУ — Ціхвінская града (выш. да 280 м), на ПдУ — Валдайскае ўзв. (выш. да 299 м). Карысныя выкапні: торф, буры вугаль, вогнетрывалыя і буд. гліны, вапнякі, кварцавыя пяскі, сапрапель. Крыніцы мінер. і радонавых вод, лек. гразі. Клімат умерана кантынентальны з мяккай зімой і ўмерана цёплым летам. Сярэдняя т-растудз. -7 °C, ліп. 16 °C. Ападкаў 540—750 мм за год. Найб. рэкі: Волхаў, Мста, Ловаць, Шалонь, Пала. Азёры: Ільмень, Валдайскае, Велле, Пірас, на ПдУ — частка воз. Селігер. Глебы дзярнова-падзолістыя, на ПдЗ ад воз. Ільмень дзярнова-карбанатныя. Пад лесам каля 42% тэр., пераважаюць хвойныя (хвоя, елка) і драбналістыя (бяроза, асіна, вольха) лясы. Каля 20% тэр. пад балотамі, хмызнякамі і вадой. Вял. масівы паплавоў і сенажацяў пашыраны на берагах воз. Ільмень, р. Волхаў і ў вусцях рэк Мста і Ловаць. На ПдУ вобласці Валдайскі нац. парк.
На долю прам-сці прыпадае больш за 47% валавога ўнутр. прадукту. Вядучыя галіны — машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., электраэнергетыка, лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая, харч., буд. матэрыялаў. Маш.-буд. прадпрыемствы вырабляюць тэлевізары, відэамагнітафоны, тэлевізійныя сістэмы, кінескопы, паўправадніковыя прылады, машыны для хім. прам-сці, мед. інструменты, дрэваапр. станкі, прылады для АЭС і інш. Авіярамонт. Хім.прам-сць прадстаўлена вытв-сцю шкловалакна, метанолу, сінт. аміяку, азотных угнаенняў. Развіты лясная, дрэваапр., цэлюлозна-папяровая (вытв-сць фанеры, драўнянавалакністых пліт, мэблі, піламатэрыялаў, цэлюлозы, паперы, запалак), шклофарфоравая, харч., лёгкая, у т. л. льноперапрацоўчая прам-сць. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Нар. промысел — вышыванне красцецкай «белай строчкай» (г.п. Крэстцы). Асн. галіны сельскай гаспадаркі — ільнаводства і малочна-мясная жывёлагадоўля. С.-г. ўгоддзі займаюць 751,6 тыс.га, з іх 466,7 тыс.га ворныя землі. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, жыта, авёс, ячмень) і кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Ільнаводства пераважна на Пд вобласці. На долю жывёлагадоўлі прыпадае 68% с.-r. прадукцыі. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз. Даўж. чыгунак 1149 км, аўтадарог 8530 км. Асн. чыгункі Масква—С.-Пецярбург, Балагое—Пскоў, С.-Пецярбург—Дно, Ноўгарад—Луга; гал. транзітная аўтадарога Масква—С.-Пецярбург. Суднаходства па рэках Волхаў, Мста, азёрах Ільмень, Валдайскае. Газаправоды Таржок—Ноўгарад—Чудава—С.-Пецярбург, Валдай—Старая Руса—Рыга, нафтаправод Яраслаўль—Кірышы. Бальнеалагічны курорт Старая Руса, курортная мясцовасць Валдай.