«НЕЗАЛЕ́ЖНАЯ БЕЛАРУ́СЬ»,
грамадска-палітычная і літ. газета, орган Віленскага бел. нац. к-та. Выдавалася з 3.9 да 10.11.1919 у Вільні на бел. мове. Выходзіла 3 разы на тыдзень. Рэдактары-выдаўцы А.Карабач, К.Мядзёлка (з 6-га нумара). Мела рубрыкі «Апошнія навіны», «З усяго свету», «З Беларусі», «З Вільні», «Беларуская школа». Акцэнтавала ўвагу на актуальных праблемах грамадска-паліт. і сац. жыцця Зах. Беларусі. Пісала пра геапаліт. становішча Беларусі і яго сувязь з будучым краіны, стварэнне бел. войска, школьнае і грамадска-культ. жыццё, у т. л. пра закрыццё ўладамі Будслаўскай гімназіі (А.Будзька). Друкавала творы Я.Бялькевіча, А.Пугі, Селяніна, Яцкевіча і інш. Выйшла 14 нумароў. Забаронена польскай ваен. цэнзурай.
А.С.Ліс.
т. 11, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАПРО́СТУ»
(«Poprostu»),
двухтыднёвая літ.-грамадская газета прагрэс. польскай інтэлігенцыі студэнцкая лявіца «Фронт», што была пад уплывам КПЗБ. Выдавалася з 5.8.1935 да 20.3.1936 у Вільні на польск. мове. Выкрывала фашызм, выступала за стварэнне адзінага антыфаш. нар. фронту, у абарону палітвязняў, патрабавала амністыі для іх. Інфармавала пра дзейнасць нар. франтоў у Францыі, Іспаніі, забастоўкі на прадпрыемствах Ліды, Вільні, інш. гарадоў Зах. Беларусі. З №7 ад 5.11.1935 друкавала «Беларускую калонку» пад назвай «Беларусы пра сябе» (рэдактар М.Танк). У газеце друкаваліся польск. і бел. пісьменнікі і публіцысты Г.Дэмбінскі, С.Ендрыхоўскі, Е.Путрамант, В.Васілеўская, К.Петрусевіч, М.Танк, М.Васілёк і інш. Выйшла 16 нумароў, з іх 6 канфіскаваны. Закрыта польск. ўладамі.
С.В.Говін.
т. 12, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПОЛЕ́ССКАЯ МЫСЛЬ»,
грамадска-паліт. і літ. газета радыкальна-ліберальнага кірунку. Выдавалася з 16(29).3 да 22.9(5.10).1909 у Гомелі на рус. мове спачатку штодзень, з крас. 3 разы на тыдзень. Друкавала артыкулы на грамадска-паліт., эканам. і літ. тэмы, мела рубрыкі «Тэатр, музыка і мастацтва», «Мясцовая хроніка». У цыкле «Культурныя нарысы» пісала пра дзярж. статус бел. мовы ў ВКЛ, ролю БСГ, «Нашай долі» і «Нашай нівы», творчасці Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, Я.Купалы ў нац. руху, адзначала перспектыўнасць бел. нац. ідэі; у «Эканамічных нататках» крытыкавала ўрад. Прапагандавала творчасць Л.Талстога, А.Чэхава, неадназначна ацэньвала мадэрнісцкія плыні ў рус. і зах.-еўрап. л-ры, крытыкавала арыентацыю на безыдэйнасць тэатра і кінематографа.
У.М.Конан.
т. 12, с. 471
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РА́НІЦА»,
газета. Выдавалася са снеж. 1939 да крас. 1945 у Берліне на бел. мове 1—4 разы ў месяц пад кантролем герм. улад. Друкавала прамовы кіраўнікоў фаш. Германіі, ваен. зводкі, тэндэнцыйна асвятляла становішча на франтах 2-й сусв. вайны, міжнар. адносіны. Змяшчала матэрыялы пра дзейнасць Беларускага прадстаўніцтва, бел. культ.-асв. суполак і арг-цый за мяжой, інфармавала пра падзеі на Беларусі. Перадрукоўвала матэрыялы з газет, якія выходзілі на тэр. рэйхскамісарыята «Остланд», а таксама прафаш. рус. і ўкр. прэсы. Публікавала артыкулы гіст. тэматыкі М.Шкялёнка, А.Адамовіча, мемуары У.Глыбіннага, успаміны К.Езавітава пра С.Палуяна, творы М.Багдановіча, Л.Геніюш, Н.Арсенневай, Я.Палоннага і інш. Выйшлі не менш як 233 нумары.
С.У.Жумар.
т. 13, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РО́ДНЫ КРАЙ»,
газета, якая выдавалася Цэнтр. бел. радай Гродзеншчыны з 22.6 да 10.7.1919 у Гродне на бел. мове. Адлюстроўвала пазіцыі бел. эсэраў. Вызначальныя ў газеце — незалежніцкія матывы. Дамагалася бел. дзяржаўнасці, свабоды ад усякага ціску звонку, апелявала да патрыят. пачуццяў насельніцтва, якія павінны яднаць яго дзеля супраціўлення акупацыі. Пратэставала супраць паланізатарскіх акцый польскіх улад. Патрабавала стварэння бел. войска, развіцця бел. школьніцтва, т-ра. Пісала пра заключэнне міру ў Версалі, пра заснаванне ў Гродне Грамады бел. моладзі, яе культ.-асветную праграму Публікавала гіст. матэрыялы, вершы і прозу мясц. аўтараў. У газеце друкаваліся пад псеўданімамі Б.Тарашкевіч, С.Рак-Міхайлоўскі, П.Мядзёлка. Выйшла 6 нумароў. Забаронена польскімі ўладамі.
А.М.Пяткевіч.
т. 13, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ ПА́РТЫЯ ПРА́ЦЫ І СПРАВЯДЛІ́ВАСЦІ,
палітычная партыя ў Рэспубліцы Беларусь. Створана ў чэрв. 1993. Вышэйшы орган паміж з’ездамі — Палітвыканком. Асн. мэта — стварэнне грамадства эканам. дабрабыту і сац. справядлівасці. Выступае за прафесійны парламент, прэзідэнцкую форму праўлення, мясц. самакіраванне і незалежную судовую ўладу. Партыя лічыць, што ў грамадстве павінна атрымаць развіццё змешаная эканоміка, якая прадугледжвае наяўнасць дзярж. і прыватнай форм уласнасці. У агр. сферы прадугледжвае свабоднае развіццё разнастайных форм гаспадарання і ўласнасці. Выступае за эканам. і знешнепаліт. саюз з Расіяй. Асн. сац. база партыі — людзі фіз. і разумовай працы, навучэнцы, пенсіянеры і інваліды. Друкаваны орган — «Цэнтральная газета» (з 1994). На 1.1.2001 дзейнічалі 9 гар., 16 раённых і 131 пярвічная арг-цыі партыі, якія аб’ядноўвалі 1524 чал.
т. 14, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАВЕ́Й (Міхаіл Сямёнавіч) (н. 31.1.1949, в. Карацк Клецкага р-на Мінскай вобл.),
бел. графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1982). Працуе ў галіне станковай і кніжнай графікі. Сярод работ: кампазіцыйныя партрэты Я.Коласа (1981), У.Караткевіча, Н.Гілевіча, Я.Брыля, П.Панчанкі (1982), В.Быкава (1983), І.Шамякіна (1984), С.Палуяна («Ён быў як месяц адзінокі», 1991), І.Лучанка і М.Барысевіча (1985); серыі «Пачынальнікі» (1987), «Патсдам. Парк. Сан-Сусі» (1991), «Сцежкаю да храма» (1992); дыптых «Ад продкаў да Адраджэння» (1992); цыкл «Начныя краявіды» (1994—95). Аформіў кнігі: В.Гігевіча «Астравы на далёкіх азёрах», Н.Гілевіча «Святлынь», А.Куляшова «Крылы», С.Палуяна «Лісты ў будучыню», У.Рубанава «Светлы ручай любві», Я.Брыля «Пробліскі», В.Біянкі «Лясная газета» і інш.
Л.Ф.Салавей.
т. 3, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗВОН»,
штодзённая паліт.-эканам. і літ. газета. Выдавалася з 25 жн. да 19 кастр. 1919 у Мінску на бел. мове. Рэдактар Я. (Ядвіга, Іадвіга) Луцэвіч. [Подпіс «Рэдактар-выдавец І.Луцэвіч» даў падставу некаторым даследчыкам (А.Лойка, Ю.Туронак) сцвярджаць, што рэдактарам газеты быў Я.Купала (І.Луцэвіч)]. Фактычна газетай кіраваў «кансорцыум» у складзе Я.Лёсіка, Ю.Фарботкі, А.Прушынскага (А.Гаруна), М.Касцевіча (М.Краўцова). Змяшчала хроніку жыцця ва ўмовах польскай акупацыі. Выступала за адбудову бел. дзяржаўнасці, адраджэнне яе гаспадаркі і культуры, прапаноўвала канкрэтную праграму дзярж. буд-ва і ўзаемаадносін з суседнімі краінамі (Польшчай, Расіяй і інш.). Асвятляла дзейнасць па стварэнні нац. школы, выказвала пратэст супраць захопу польскімі ўладамі памяшканняў бел. навуч. устаноў у Мінску. Мела рубрыкі «Беларуская хроніка», «Мінскія навіны», «Беларускі тэатр» і інш. Публікавала маст. творы Я.Купалы, З.Бядулі, Лёсіка, С.Рак-Міхайлоўскага, М.Чарота і інш.
В.У.Скалабан.
т. 7, с. 40
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛУЧ»,
газета Мінскай арг-цыі РСДРП і фракцыі сацыял-дэмакратаў-меншавікоў франтавога к-та Зах. фронту. Выдавалася з 4(17) кастр. да ліст. 1917 у Мінску на рус. мове 6 разоў на тыдзень. Рэдактары: С.Басіст, А.Хаст, А.Штэрн. Змяшчала матэрыялы па надзённых пытаннях тагачаснага жыцця, асаблівую ўвагу аддавала рабочаму, сялянскаму і франтавому жыццю, з 2-й пал. кастр. асвятляла ход падрыхтоўкі выбараў ва Устаноўчы сход. Стаяла на платформе класавай барацьбы, але адмоўна ставілася да заклікаў бальшавікоў пра неабходнасць сац. рэвалюцыі і ўсталяванне дыктатуры пралетарыяту, выказвалася супраць перадачы ўсёй улады Саветам. Кастр. рэвалюцыю 1917 кваліфікавала як бальшавіцкі пераварот. Друкавала матэрыялы К-та выратавання рэвалюцыі Зах. фронту, звесткі пра барацьбу за ўладу ў Мінску і інш. гарадах Беларусі.
М.Я.Сяменчык.
т. 9, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МИ́НСКАЯ РЕЧЬ»,
грамадска-паліт. і літ. газета праваакцябрысцкага кірунку. Выдавалася з 3(16)1 да 2(15)11.1906 у Мінску штодзённа на рус. мове. Выдавец — Мінскі губ. к-т апекі нар. цвярозасці. Падтрымлівала палітыку ўрада ў справе паліт. стабілізацыі дзяржавы і абароне інтарэсаў Расіі. Друкавала пастановы ўрада і губернатара П.Р.Курлова, апраўдвала курлоўскі расстрэл 1905 у Мінску, крытыкавала «яўрэйска-польскі блок» і кадэтаў за паліт. і культ.-нац. патрабаванні. Адмаўляла права народаў Расіі на самавызначэнне, атаясамлівала нацыю з дзяржавай, даказвала несумяшчальнасць адчужэння прыватнай уласнасці і ваяўнічага бязбожжа з дэмакратыяй, правасвядомасцю і гуманізмам. Адмоўна ставілася да творчасці М.Горкага і драматургіі Л.Андрэева. Не атрымала шырокай падтрымкі ў рас. грамадстве. Пераемніцай яе стала газ. «Минское слово».
У.М.Конан.
т. 10, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)