КАВАЛЕ́ЎСКІ (Восіп Міхайлавіч) (9.1.1801, г.п.Вялікая Бераставіца Гродзенскай вобл. — 21.10.1878),
гісторык, адзін з заснавальнікаў манголазнаўства ў Расіі. Акад. Пецярбургскай АН (1847), праф. (1834). Скончыў Свіслацкую гімназію (1817), Віленскі ун-т (1821). З 1821 выкладаў у Віленскай гімназіі. У 1825 арыштаваны за ўдзел у тайных т-вах, высланы ў Казань, дзе ва ун-це вывучаў усх. мовы. У 1829—30 наведаў Манголію і Кітай. З 1833 выкладаў у Казанскім ун-це, заг. першай у Еўропе кафедры манг. мовы. У 1855—60 рэктар Казанскага ун-та. З 1862 у Варшаве, выкладаў усеаг. гісторыю ў Гал. школе (з 1869 ўн-т). Аўтар прац «Кароткая граматыка мангольскай кніжнай мовы» (1835), «Мангольская хрэстаматыя» (т. 1—2, 1836—37), «Мангольска-руска-французскі слоўнік» (т. 1—3, 1844—49, Дзямідаўская прэмія Пецярбургскай АН) і інш.
Літ.:
Міхнюк У.М., Шалькевіч В.Ф. Усходазнаўца Восіп Кавалеўскі // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1985. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́НСКАЯ (Ніна Васілеўна) (10.1.1914, г. Асіповічы Магілёўскай вобл. — 22.3.1986),
бел. гісторык. Чл.-кар.АН Беларусі (1959). Д-ргіст.н. (1959), праф. (1961). Засл. дз. нав. Беларусі (1981). Скончыла Магілёўскі пед.ін-т (1937). З 1944 ст.навук. супрацоўнік, заг. сектара, нам. дырэктара, дырэктар (1965—69) Ін-та гісторыі АН Беларусі, у 1962—64 дырэктар Ін-та гісторыі партыі пры ЦК КЛ(б)Б, у 1969—74 прарэктар, заг. кафедры гісторыі БССР Мінскага пед. ін-та. Даследавала праблемы гісторыі Беларусі, Кастр. рэвалюцыі і ўсталявання сав. улады, грамадзянскай вайны ў Беларусі, утварэння БССР.
Тв.:
Утварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Мн., 1946;
Вялікая Кастрычніцкая Сацыялістычная рэвалюцыя і ўтварэнне БССР. Мн., 1954;
Первые социалистические преобразования в Белоруссии. Мн., 1957;
Белорусский народ в борьбе за Советскую власть (1919—1920 гг.). Мн., 1963;
Становление народного образования в Белоруссии (1917—1920 гг.). Ми., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГРЫ́Т ((Magritte) Рэне) (21.11.1898, г. Лесінь, Бельгія — 15.8.1967),
бельгійскі жывапісец; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў сюррэалізму. Вучыўся ў Брусельскай АМ (1916). Зазнаў уплыў Дж. Дэ Кірыка. З 1927 у Парыжы. У ранні перыяд працаваў у рэчышчы футурызму і кубізму («Конніца», 1922; «Жанчына», 1923, і інш.). Пазней выпрацаваў індывідуальны кірунак у сюррэалізме, у творах камбінаваў выявы з несупастаўляльных элементаў рэальных прадметаў, істот і краявідаў, што напаўняла іх таямнічасцю і містычным сэнсам і набліжала да метафіз. жывапісу. Жывапісная манера адметная гладкасцю пісьма, гарманічным спалучэннем чыстых колераў, строгім лінейным ладам: «Цяжкая працягласць» (1926), «Двайная таямніца» (1927), «Закаханыя» (1928), «Чорная магія» (1935), «Прыступкі лета» (1937), «Настальгія па ўласнай краіне» (1940), «Хлеб штодзённы» (1942), «Балкон» (1950), «Царства святла» (1954), «Урок цемры» (1955), «Замак у Пірэнеях» (1959), «Вялікая вайна» (1964) і інш.Іл.гл. таксама да арт.Сюррэалізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРАДЭ́ЛІ (Вано Ільіч) (6.4.1908, г. Горы, Грузія — 14.8.1970),
грузінскі і расійскі кампазітар. Нар.арт. Расіі (1957). Нар.арт.СССР (1968). Скончыў Тбіліскую кансерваторыю (1931). Вучань С.Бархударана, М.Мяскоўскага і інш. У 1931—34 у драм. т-рах Грузіі. У 1938—39 адказны сакратар Саюза кампазітараў СССР. У 1942—44 начальнік і маст. кіраўнік Цэнтр. ансамбля ВМФСССР. Для яго творчасці былі характэрны грамадз. накіраванасць, публіцыстычная завостранасць, увага да праблем сучаснасці. Сярод твораў: оперы «Вялікая дружба» (паст. 1947), «Кастрычнік» (паст. 1964), аперэты «Дзяўчына з блакітнымі вачыма» (паст. 1966), «Масква—Парыж—Масква» (паст. 1968), кантаты; 2 сімфоніі (1938, 1945), «Грузінскі сімфанічны танец» (1936); хары, песні (больш за 100); рамансы на вершы А.Пушкіна, апрацоўкі нар. песень, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар мемуараў «З майго жыцця» (1970). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКІ́ФАРАЎ (Вячаслаў Аляксандравіч) (н. 13.8.1942, с. Вясёлае Паўлаўскага р-на Краснадарскага краю, Расія),
бел. кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1968). З 1969 працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». Творчасць адметная глыбокай распрацоўкай псіхалогіі характараў, выкарыстаннем шырокага дыяпазону жанрава-стылістычных сродкаў — ад публіцыстыкі да камернай лірыкі. Рэжысёр кінафільмаў «Зімародак» (1972), «Хлеб пахне порахам» (сцэн. І.Шамякіна, 1974) і «Сын старшыні» (сцэн. М.Матукоўскага, 1976; за ўсе прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978), «Абочына» (1978), «Высакародны разбойнік Уладзімір Дуброўскі» (паводле А.Пушкіна, 1989), «Душа мая Марыя» (1993), «Рэйнджэр з атамнай зоны» (1999); тэлефільмаў — «Бераг прынцэсы Люські» (1969), «Ціхія троечнікі» (1980), «Фруза» (паводле В.Быкава, 1981), «Бацькі і дзеці» (паводле І.Тургенева, 1984; Дзярж. прэмія СССР 1986), «Вялікая прыгода» (1985), «Дзяржаўная граніца» (фільм 5-ы — «Год сорак першы», 1986), тэлесерыяла «Дуброўскі» (паводле Пушкіна, 1989).
атрад вадаплаўных птушак. 1 сям., 4—6 родаў, 22 віды. Пашыраны ўсюды, акрамя Арктыкі і Антарктыкі. Жывуць на прэсных вадаёмах, добра плаваюць і ныраюць. На Беларусі 5 відаў: паганка вял., або чомга (Podiceps cristatus, нар. назвы: гагара, кавур, нырэц), малая (P. ruficollis, або Tachybaptus ruficollis, нар. назва нырчык), чарнашыяя, або вушастая (P. caspicus), чырванашыяя, або рагатая (P. auritus), і шэрашчокая (P. grisegena). 5 відаў занесены ў Чырв. кнігу МСАП, 3 віды (паганкі малая, чырванашыяя і шэрашчокая) — у Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 60 см, маса да 2 кг. Апярэнне густое, шчыльнае. На галаве чубок з падоўжанага пер’я. Дзюба прамая. Ногі аднесены далёка назад. Пальцаў 4, кожны з асобнымі лопасцевымі перапонкамі. Кормяцца пераважна рыбай і воднымі беспазваночнымі. Манагамы. Нясуць 2—10 яец. Мяса неядомае (адсюль назва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫЛЬЯ́НТ (франц. brillant літар. бліскучы),
бездэфектны алмаз, штучна агранены ў выглядзе дзвюх зрэзаных шматгранных пірамід, што максімальна выяўляе яго бляск. «Поўная» брыльянтавая агранка (гл.Агранка) мае 58 плоскіх граняў. Адрозніваюцца масай (вымяраецца ў каратах, 0,2 г), формай (круглая, фантазійная, прамавугольная і інш.), вясёлкавым зіхаценнем колераў у адлюстраваным святле і інш. Каштоўны камень 1-га класа. Брыльянты выкарыстоўваюць у ювелірнай справе. Найбольш вядомыя брыльянты маюць уласныя назвы: «Вялікая Зорка Афрыкі» («Кулінан I») (530,20 кар), «Нізам» (277 кар), «Юбілейны» (245,35 кар), «Арлоў» (189,62 кар), «Дэ Бірс» (234,50 кар), «Вікторыя 1880» (228,50 кар) і інш. Больш за 95% сусветнай вытв-сці брыльянтаў прыпадае на долю Індыі, Ізраіля, Бельгіі, ПАР, ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІПО́ВІЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
у Беларусі, у Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобл., на р. Свіслач (за 43,6 км ад вусця) у бас. Дняпра. Створана ў 1953. Пл. 11,9 км², даўж. 23,7 км, найб.Шыр. 1,2 км, найб.глыб. 8,5 м. Чаша — затопленыя рэчышча і пойма Свіслачы, ложа са шматлікімі мелкаводдзямі, ёсць невял. астравы агульнай пл. 15 га. Дно выслана глеем (60% пл.), каля берагоў — пяском. Катлавіна выцягнутая па даліне ракі, са стромкімі, радзей спадзістымі схіламі, укрытымі лесам (часткова пад ворывам). Берагі пераважна высокія, месцамі да 6—8 м.
Замярзае ў пач.снеж., лёд трымаецца да пач. красавіка. Летам вада праграваецца да 21 °C (у паверхневым слоі). Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню 81 см. Праточнасць вялікая, аб’ём воднай масы аднаўляецца за 7—8 сутак. Сярэднегадавы сцёк у створы плаціны 790 млн.м³. Каля 35% плошчы зарастае. Выкарыстоўваецца ў энергет. мэтах (Асіповіцкая ГЭС), на водазабеспячэнне сажалак рыбгаса «Свіслач» і Асіповіцкага кардонна-руберойдавага з-да. Зона адпачынку «Асіповічы», санаторый «Вяззе». Курганны могільнік, каля в. Лапічы — гарадзішча жал. веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЁПРА-ДЗВІ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура ўсходнебалцкіх плямён, якія ў 8 ст. да н.э. — 4—5 ст.н.э. жылі ў Верхнім Падняпроўі, Сярэднім Падзвінні і ў вярхоўях р.Вялікая. Асн. тып пасяленняў — умацаваныя пасёлкі-гарадзішчы плошчай ад 500 да 2500 м² (на Беларусі каля 200). Жылыя пабудовы наземныя, слупавой канструкцыі.
Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, жывёлагадоўляй, пазней лядным земляробствам і рамёствамі. Сярод знаходак пераважаюць вырабы з каменю і косці (каменныя клінападобныя і свідраваныя сякеры, зерняцёркі і інш.), на познім этапе (1—5 ст.н.э.) — жал. прылады і зброя (сярпы з шырокім лязом і выгнутай спінкай, нажы, шылы, наканечнікі коп’яў і стрэл і інш.) Кераміка — гладкасценны слабапрафіляваны посуд, пераважна слоікападобных формаў, арнаментаваны скразнымі адтулінамі, пракрэсленымі касымі лініямі, ямкавымі ўцісканнямі. У навук. ўжытак тэрмін «Д.-дз.к.» ўвёў А.Р.Мітрафанаў.
Літ.:
Шадыро В.И. Ранний железный век северной Белоруссии. Мн., 1985.
В.І.Шадыра.
Посуд днепра-данецкай культуры. Рэканструкцыя.Прылады працы, упрыгожанні і кераміка днепра-дзвінскай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎГІЯ КУРГАНЫ́,
валападобныя пахавальныя насыпы 2-й пал. 1-га тысячагоддзя ў Бел. Падзвінні і Верхнім Падняпроўі, у вярхоўях р.Вялікая і каля Пскоўскага возера Расіі. Нар. назва на Пн Беларусі — валатоўкі. Даўжыня курганоў у 2 і больш разоў перавышае шырыню, часам дасягае некалькіх дзесяткаў метраў. На Беларусі выяўлены Д.к. 5—6 і 8—10 ст. Яны адлюстроўваюць перыяд, калі на Пн лясной паласы Беларусі з’явіліся славяне, якія асімілявалі мясц. балцкае і фіна-угорскае насельніцтва, утварылі групоўку ўсх. славян — крывічоў, вылучана археал. культура доўгіх курганоў паўн. Беларусі. Пахавальны абрад — трупаспаленне (у больш ранніх — за межамі пахавання). У кургане звычайна некалькі пахаванняў у ляпных гаршках-урнах ці ямках. Пахавальны інвентар некаторых курганоў — бронзавыя бранзалеты, ланцужкі, падвескі, шкляныя пацеркі сіняга колеру, жал. спражкі, нажы, касцяныя падвескі-птушкі. Большасць пахаванняў амаль без інвентару, што сведчыць пра асаблівасці рытуалу.