ЛАНДШАФТЫ

Фізіка-геаграфічнае раянаванне (76).

Геахімічнае раянаванне (81).

Геафізічнае раянаванне (81).

Гідрагеалагічнае раянаванне (83).

Тэрыторыя Беларусі размешчана ў межах Усходне-Еўрапейскай платформы з раўнінным рэльефам, яе ландшафты належаць да класа раўнінных. Тыпы ландшафтаў (барэальныя і суббарэальныя лясныя) вылучаны па глабальных адрозненнях у суадносінах цяпла і вільгаці, уласцівых гэтаму сектару сушы. У межах тыпу з улікам генетычных асаблівасцей тэрыторыі вылучаны роды, паводле мезарэльефу і структуры глебаварасліннага покрыва — віды ландшафтаў. У залежнасці ад займаемай займанай* плошчы прыродныя тэрытарыяльныя комплексы (ПТК) падзяляюць на дамінантныя, субдамінантныя і рэдкія. Да дамінантных належаць 2 роды ландшафтаў — водна-ледавіковыя і другаснамарэнныя, якія займаюць 35% плошчы краіны і з’яўляюцца для яе найб. тыповымі. Субдамінантныя ПТК (39,5% плошчы) прадстаўлены групай з 5 родаў ландшафтаў, удзельная вага якіх змяняецца ад 5 да 10%. Астатнія ландшафты (25,5%), кожны з якіх займае менш за 5% плошчы, утвараюць групу рэдкіх.

Ландшафты-дамінанты сустракаюцца паўсюдна, асабліва характэрны для цэнтральнай паласы Беларусі. Яны прымеркаваны да буйных раўнін — Цэнтральнабярэзінскай, Слуцкай, Аршанска-Магілёўскай, Чачорскай, Баранавіцкай, Нарачанскай і Вілейскай. У гэтай групе найб. пашыраныя водна-ледавіковыя ландшафты з хваёвымі і шыракаліста-хваёвымі лясамі на дзярнова-падзолістых, радзей забалочаных глебах, часткова разараныя. Займаюць 20,75% тэр. Фарміраванне іх літагеннай асновы звязана з дзейнасцю ледавіковых вод у час раставання ледавікоў, у выніку чаго ўтварыліся магутныя пясчаныя адклады рознага ўзросту. Абсалютныя адзнакі іх паверхні 140—190 м, адносныя перавышэнні 2—3 м. Характэрныя формы рэльефу — дзюны, катлавіны, лагчыны сцёку. Бедныя пясчаныя, месцамі забалочаныя глебы, садзейнічаюць пашырэнню лясоў (45%), пераважна хваёвых і бярозавых, і балот. У межах гэтага роду ландшафтаў вылучана 15 відаў. Другаснамарэнныя ландшафты з шыракаліста-яловымі, хваёвымі, шыракаліста-хваёвымі лясамі на дзярнова-падзолістых, радзей забалочаных глебах, значна разараныя, займаюць 14,6% тэр. Складзены яны з асноўнай марэны сожскага і дняпроўскага ўзросту, перакрыты водна-ледавіковымі, радзей лёсападобнымі супескамі і суглінкамі магутнасцю 0,5—3 м. Абсалютныя адзнакі паверхні 150—180 м, адносныя перавышэнні 3—5 м. Рэльеф хвалісты, радзей узгорыста-хвалісты. Характэрныя формы рэльефу — лагчыны сцёку з плоскім днішчам, асобныя камавыя і марэнныя ўзгоркі. Пашыраныя дзярнова-падзолістыя супясчаныя глебы і выраўнаваны рэльеф абумовілі высокую ступень сельскагаспадарчай асвоенасці пры параўнальна нізкай (каля 23%) лясістасці. Сярод лясных фармацый пераважаюць шыракаліста-яловыя, радзей хваёвыя і дубовыя. У межах гэтага роду ландшафту вылучана 13 відаў.

Субдамінантныя ландшафты пашыраны паўсюдна, але асабліва тыповыя для цэнтр. і паўд. частак краіны. Найб. складанай будовай адрозніваюцца ўзгорыста-марэнна-эразійныя ландшафты з шыракаліста-яловымі, шыракалістымі і хваёвымі лясамі на дзярнова-падзолістых, радзей дзярнова-палева-падзолістых глебах, значна разараныя. Яны займаюць 7,9% плошчы краіны і прымеркаваны да ўзвышшаў Беларускай грады ў зоне сожскага зледзянення. Тэрыторыя складзена з валунных марэн. Пераважаюць абсалютныя адзнакі 200—250 м, радзей да 320 м, а на Мінскім узвышшы — да 345 м. Рэльеф дробна- і сярэднеўзгорысты, радзей буйнаўзгорысты і платопадобны, значна перапрацаваны эразійнымі працэсамі. Урадлівыя дзярнова-падзолістыя і дзярнова-палева-падзолістыя супясчана-сугліністыя глебы паспрыялі высокай ступені сельскагаспадарчай асвоенасці і параўнальна нізкай (каля 25%) лясістасці. Сярод лясоў пераважаюць шыракаліста-яловыя і яловыя, радзей хваёвыя і дубовыя. Структура ландшафтаў складаная — у іх межах вылучана 13 відаў.

Марэнна-зандравыя ландшафты з шыракаліста-яловымі, шыракаліста-хваёвымі і хваёвымі лясамі на дзярнова-падзолістых і дзярнова-падзолістых забалочаных глебах, абмежавана разараныя, займаюць 8,4% тэр. краіны і прымеркаваны да яе паўд. часткі. Фарміраванне літагеннай асновы ландшафтаў звязана з акумуляцыйнай дзейнасцю сожскага і дняпроўскага ледавікоў і іх вод, якія перакрывалі найб. паніжаныя ўчасткі асноўнай марэны пясчанымі адкладамі. У выніку ландшафты маюць неаднародную геалагічную будову і складзены з розназярністых водна-ледавіковых пяскоў, радзей — з марэнных суглінкаў. Абсалютныя вышыні 150—170 м, месцамі 170—210 м, адносныя перавышэнні 5—7 м, рэльеф хвалісты. Геолага-геамарфалагічная неаднароднасць абумовіла стракатасць глебава-расліннага покрыва. У межах марэнных раўнін і ўзгоркаў пашыраны дзярнова-падзолістыя супясчана-сугліністыя глебы, пераважна разараныя. Невялікімі ўчасткамі тут сустракаюцца шыракаліста-яловыя, шыракаліста-хваёвыя і дубовыя лясы. Водна-ледавіковыя і зандравыя раўніны з пясчана-супясчанымі, часта забалочанымі глебамі, заняты хваёвымі лясамі. Сярэдняя лясістасць ландшафтаў — 30%. У межах гэтага роду ландшафтаў вылучана 9 відаў.

Алювіяльныя тэрасаваныя ландшафты з хваёвымі, шыракаліста-хваёвымі і драбналістымі лясамі на дзярнова-падзолістых, часта забалочаных глебах, часткова разараныя, займаюць 6,3% плошчы Беларусі. Прымеркаваны яны да далін буйных рэк (Дняпро, Прыпяць, Сож) на поўдні краіны. Складзены з алювіяльных пяскоў. На асобных участках па правабярэжжы Прыпяці пяскі перакрыты мергелістымі лёсападобнымі суглінкамі. на ПдЗ — водна-ледавіковымі супескамі і суглінкамі. Абсалютныя іх вышыні 115—140 м, адносныя перавышэнні 2—3 м. Паверхня пласкахвалістая, месцамі хвалістая ці плоская, слаба расчлянёная лагчынамі сцёку, забалочаная. Сустракаюцца эолавыя формы ў выглядзе ўзгоркаў, град і адзінкавых дзюн. Эолавыя формы складзены з адсартаваных пяскоў, іх адносныя вышыні дасягаюць 3—7 м. У глебавым покрыве пераважаюць дзярнова-супясчаныя глебы, ёсць і тарфяна-балотныя. Лясістасць дасягае 50%. Сярод лясоў пашыраны хваёвыя, шыракаліста-хваёвыя, чорнаальховыя, бярозавыя, дубовыя. Часта сустракаюцца лясныя і травяныя балоты нізіннага, радзей вярховага тыпаў. Сельскагаспадарчая асвоенасць нізкая, каля 20%, прымеркавана пераважна да асушаных балот.

Азёрна-алювіяльныя ландшафты з шыракаліста-хваёвымі, хваёвымі і дубовымі лясамі на дзярнова-падзолістых, часта забалочаных глебах, драбналістымі лясамі і балотамі на тарфяна-балотных глебах, часткова разараныя, займаюць 8,1% тэр. Беларусі. Пашыраны пераважна на Палессі і прымеркаваны да ўчасткаў, складзеных з азёрных і алювіяльных пяскоў, часта перакрытых торфам магутнасцю 0,5—0,7 м. Рэльеф плоскі, ускладнены дзюнамі, месцамі слабаўвагнуты, з абсалютнымі вышынямі 137—145 м і адноснымі перавышэннямі 1,5—2 м. Бедныя дзярнова-падзолістыя, часта забалочаныя пясчаныя глебы абумовілі нізкую ступень сельскагаспадарчай асвоенасці (30%) і значную (да 50%) лясістасць. У складзе лясоў — хваёвыя, шыракаліста-хваёвыя, бярозавыя, зрэдку дубровы. Чорнаальховыя і пушыстабярозавыя лясы прымеркаваны да тарфяна-балотных глеб. Значная колькасць адкрытых балот асушана і занята сельскагаспадарчымі ўгоддзямі.

Азёрна-балотныя ландшафты з балотамі і карэннымі драбналістымі лясамі на тарфяна-балотных глебах, хваёвымі лясамі на дзярнова-падзолістых глебах, значна разараныя, пашыраны на 8,8% тэр. Сустракаюцца паўсюдна з пераважаннем у паўн. і паўд. раёнах. Складзены з азёрных, алювіяльных або азёрна-алювіяльных утварэнняў, перакрытых тарфамі магутнасцю 0,5—8 м. Абсалютныя адзнакі іх паверхні 140—160 м, адносныя перавышэнні — 1,5—2,5 м. Рэльеф плоскі, зрэдку слабавыпуклы або слабаўвагнуты. Часта сустракаюцца шматлікія астанцы рачных ці азёрных тэрас з дзюнамі, водна-ледавіковых раўнін, азёрна-ледавіковых нізін. На такіх участках рэльеф набывае бугрысты характар з перападамі вышынь 5—6 м. Зрэдку сярод балот захаваліся рэшткавыя азёры, найчасцей невялікія, іншы раз буйныя (Чырвонае, Выганашчанскае, Бабровіцкае). У глебавым покрыве пашыраны маламагутныя, радзей сярэднемагутныя і магутныя тарфяна-балотныя глебы, на астанцах — забалочаныя дзярновыя, дзярнова-карбанатныя і дзярнова-падзолістыя, пясчана-супясчаныя глебы. Натуральная расліннасць прадстаўлена асаковымі, асакова-трыснояговымі, сфагнавымі (20%) і ляснымі (чорнаальховымі, пушыстабярозавымі) балотамі; ёсць участкі бярозавых, шыракаліста-хваёвых і хваёвых лясоў (40%). На асушаных тэр. пераважаюць сельскагаспадарчыя ўгоддзі. Структура ландшафтаў параўнальна простая — у іх межах вылучана 5 відаў. Балотныя ландшафты ў сваім натуральным стане маюць агульнаеўрапейскае значэнне, выконваюць важныя экалагічныя функцыі, у сістэме ахоўных прыродных аб’ектаў Беларусі на іх долю прыпадае 25% ахоўнай тэрыторыі.

У групе рэдкіх ландшафтаў пераважаюць маладыя комплексы, сфарміраваныя ў паазерскі, ці галацэнавы, час. Таму большая іх частка знаходзіцца ў межах Паазерскай правінцыі і адрозніваецца ад інш. ландшафтаў вялікай колькасцю азёр. Гэта ўзгорыста-марэнна-азёрныя, марэнна-азёрныя, азёрна-ледавіковыя ландшафты. Да групы рэдкіх належаць таксама нетыповыя для Беларусі лёсавыя ландшафты.

Лёсавыя ландшафты з шыракаліста-яловымі і драбналістымі лясамі на дзярнова-палева-падзолістых глебах, пераважна разараныя, пашыраны ва ўсх. частцы Беларусі і займаюць 2,3% яе плошчы. Яны складзены з лёсаў і лёсападобных парод магутнасцю 4—17 м, якія залягаюць на марэнных і водна-ледавіковых адкладах. Абсалютныя адзнакі іх паверхні 190—230 м, адносныя перавышэнні 1—2, радзей да 5 м. Рэльеф хваліста-ўвалісты, месцамі дробнаўзгорысты і платопадобны са шматлікімі суфазійнымі западзінамі і эразійнымі формамі — ярамі, лагчынамі, далінамі дробных рэк. Пераважаюць дзярнова-палева-падзолістыя сугліністыя глебы, вельмі ўрадлівыя. Таму лёсавыя ландшафты характарызуюцца найб. сельскагаспадарчай асвоенасцю — каля 84%. У натуральнай расліннасці пераважаюць яловыя, шыракаліста-яловыя і асінавыя лясы (10%). ёсць і сухадольныя лугі. У межах гэтага роду ландшафтаў вылучана 5 відаў.

Поймавыя ландшафты з лугамі, балотамі, дубровамі на дзярновых забалочаных глебах пашыраны ў поймах буйных рэк. Яны займаюць 4,2% тэр. Беларусі і часцей трапляюцца ў паўд. яе частцы. Складзены з маладых алювіяльных адкладаў (пяскі, супескі, зрэдку перакрытыя торфам). Рэльеф звычайна плоскі, пласкахвалісты з абсалютнымі адзнакамі 100—150 м і нязначнымі (0,1—0,3 м) адноснымі перавышэннямі, радзей драбнагрывісты (1—1,5 м) і буйнагрывісты (1,5—3 м). Сустракаюцца астанцы надпоймавых тэрас, часта з дзюнамі; ёсць старычныя азёры. Глебы пераважна дзярновыя забалочаныя, пясчана-супясчаныя з драбназлакавымі, радзей буйназлакавымі лугамі (каля 45%) і поймавымі дубровамі. На тарфяна-балотных глебах сустракаюцца чорнаальховыя лясы, але лясістасць не перавышае 14%. На поймах Прыпяці, Дняпра і некаторых іх прытокаў тарфяна-балотныя глебы асушаны і выкарыстоўваюцца пад ворыва, пашы і культурныя сенажаці (каля 20%). Поймавыя ландшафты ў натуральным стане маюць агульнаеўрапейскае значэнне, выконваюць экалагічныя і рэкрэацыйныя функцыі.

Прыродныя ландшафты знаходзяцца пад значным уплывам гаспадарчай дзейнасці, якая спрыяе трансфармацыі прыродных комплексаў у антрапагенныя. У залежнасці ад ступені гаспадарчага ўздзеяння антрапагенныя ландшафты падзяляюць на прыродна-антрапагенныя і тэхнагенныя (створаныя рукамі чалавека, патрабуюць з яго боку пастаяннага догляду і не маюць аналагаў у прыродзе; напр., гарадскія, горнапрамысловыя, дарожныя ландшафты). Прыродна-антрапагенныя ландшафты фарміруюцца ў працэсе выкарыстання рэсурсаў прыроднага комплексу, што прыводзіць да трансфармацыі ў першую чаргу кампанентаў біёты. На тэр. Беларусі сярод прыродна-антрапагенных ландшафтаў пераважаюць сельскагаспадарчыя і сельскагаспадарча-лясныя (60% плошчы). Пашыраны таксама лясныя, рэкрэацыйныя, ахоўныя прыродна-антрапагенныя комплексы.

Г.​І.​Марцінкевіч.

Узгорыста-марэнна-азёрны ландшафт Браслаўскай грады.
Камава-марэнна-азёрны ландшафт Возера Глубелька (Мядзельскі раён).
Марэнна-зандравы ландшафт.
Азёрна-алювіяльны ландшафт Выганашчанскага заказніка ў Івацэвіцкім раёне.
Ландшафт рачных далін у Расонскім раёне.
Азёрна-балотны ландшафт. Нізіннае хвашчовае балота ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі».
Азёрна-балотны ландшафт. Пераходнае асакова-сфагнавае балота ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі».
Азёрна-балотны ландшафт. Пераходнае сфагнава-падвейнае балота ў Шчучынскім раёне.
Поймавы ландшафт; веснавая паводка ў сярэднім цячэнні р. Прыпяць.

т. 18, кн. 2, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСНАЯ ГАСПАДАРКА

Землі ляснога фонду Беларусі займаюць 9,2 млн. га або 44,5% яе тэрыторыі; з іх уласна лясы складаюць 7,8 млн. га (85% агульнай плошчы зямель ляснога фонду і 95% лясной плошчы). Яны прадстаўлены дрэвавымі пародамі: хвоя (па плошчы) займае 51,4%, елка 10,3%, дуб 3,4%, бяроза 20,8%, асіна 2,2%, вольха шэрая 2,5%, вольха чорная 8%. Агульны запас драўніны на корані складае 1339,8 млн. м³, штогадовы сярэдні прырост — 25 млн. м³, запас драўніны спелых насаджэнняў — 137 млн. м³, з іх лесаўтваральных хвойных (хвоя, елка) — 46%, мяккалістых (бяроза, вольха, асіна, таполя, ліпа, вербы) — 46%, цвердалістых (дуб, ясень, граб, клён, вяз) — 7%. Спелыя і перастойныя дрэвастоі складаюць па плошчы (ад укрытых лесам зямель) — 7,9%, ад агульнага запасу — 10%. Сярэдні запас драўніны на 1 га — 171 м³, сярэдні банітэт 1,9, сярэдняя паўната дрэвастояў — 0,71, сярэдні ўзрост лясоў — 49 гадоў. Да зямель ляснога фонду адносяцца таксама землі, не ўкрытыя лесам, але прызначаныя для лесаразвядзення, і нелясныя землі.

У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь лясы з’яўляюцца выключна дзяржаўнай уласнасцю. Кіраванне лясамі ажыццяўляе Урад праз Мін-ва лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь (Мінлясгас). Разам з Мінлясгасам дзярж. кантроль за выкарыстаннем і аховай лясоў вядзе Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя (Мінпрыроды). У распараджэнні Мінлясгаса 86% зямель ляснога фонду і 95 лясгасаў. Астатнія землі замацаваны за Упраўленнем справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (7,2%, 13 лясгасаў), Міністэрствам абароны (3,1%, 11 лясгасаў), Камітэтам па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (2,3%, 1 лясгас), Інстытутам лесу (0,4%, 3 лясгасы), Мінскім гарвыканкомам (0,4%, 1 лясгас), Міністэрствам адукацыі (0,3%, 2 лясгасы). Мінлясгас ажыццяўляе свае паўнамоцтвы праз абл. вытв. лесагаспадарчыя аб’яднанні (6) і лясгасы (95). Тэр.-арганізац. структура лясгасаў уключае лясніцтвы (803), майстроўскія ўчасткі (2246), абходы (12 069). Сярэдняя плошча лясгаса — 85 тыс. га, лясніцтва — 9,9 тыс. га. Акрамя вытв. інфраструктуры Мінлясгасу падпарадкаваны таксама Лесаўпарадкавальнае рэсп. унітарнае прадпрыемства (УП) «Белдзяржлес», Дзярж. ўстанова радыяцыйнага кантролю і радыяцыйнай бяспекі «Беллесрад», Дзярж. ўстанова «Рэсп. лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр», Праектна-вышукальнае РУП «Белгіпралес», Паляўніча-гаспадарчае РУП «Белдзяржпаляванне», Дзярж. ўстанова па ахове і маніторынгу лесу «Беллесахова», Гандлёва-вытв. РУП «Беллясгастэхніка», Інвестыцыйнае РУП «Беллесінвест», Вучэбна-адукацыйная ўстанова «Рэсп. вучэбны цэнтр па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кадраў лясной гаспадаркі».

У адпаведнасці з эканам., экалагічным і сац. значэннем лясы падзелены на 2 групы. Да 1-й групы аднесена 49,8% лясоў з экалагічнымі і рэкрэацыйнымі функцыямі (запаведнікі, нац. паркі, заказнікі, помнікі прыроды рэсп. значэння, асабліва каштоўныя ўчасткі ляснога фонду, якія маюць генетычнае, навук. і гісторыка-культ. значэнне, водаахоўныя, прыдарожныя, сан.-гігіенічныя, аздараўленчыя вакол населеных пунктаў, курортныя лясы і інш.). Тут нарыхтоўка драўніны і інш. лесагаспадарчыя мерапрыемствы абмежаваны або забаронены. Да 2-й групы аднесены т.зв. эксплуатацыйныя лясы, што з’яўляюцца асноўнай крыніцай драўніны і інш. прадуктаў. У лясах абедзвюх груп вылучаны 19 катэгорый асабліва ахоўных участкаў з абмежаваным рэжымам лесакарыстання. Гэта тэрыторыя (каля 880 тыс. га) выключана з разлікаў лесакарыстання. Доля лясоў, магчымых для эксплуатацыі, у агульнай плошчы абедзвюх груп складае 87%. Доля ляснога сектара, ацэненага па рэалізацыі прадукцыі прамысл. вытворчасці, складае ў ВУП 6%. Прынятая стратэгія лесакарыстання ажыццяўляецца паводле прынцыпу бесперапыннасці і невычарпальнасці. Разлік лесакарыстання вядзецца на 1 год, 10 гадоў і перспектыву (100 гадоў).

Драўніна нарыхтоўваецца пры высечках галоўнага (спелых дрэвастояў), прамежкавага (высечкі догляду, выбарачныя, санітарныя) карыстання і інш. высечках (пры расчыстках трас і пляцовак пад лініі электраперадач, аўтадарогі, прамысл. і нелесагаспадарчыя аб’екты, пры суцэльных санітарных высечках). Памер нарыхтоўкі і водпуску драўніны ў спелых дрэвастоях вызначаецца разліковай лесасекай па высечках галоўнага карыстання. Агульны штогадовы аб’ём нарыхтоўкі драўніны ўключае (2002): па высечках гал. карыстання 4317 тыс. м³, прамежкавага карыстання 3997 тыс. м³ і інш. высечках 4463 тыс. м³. За перыяд 1993—2002 сярэднегадавая доля драўніны ад кожнага віду карыстання ў агульным аб’ёме нарыхтоўкі склала адпаведна 42%, 40% і 18%. У агульным аб’ёме карыстання доля дзелавой драўніны складае 54%, дроў — 46%.

Драўнінныя рэсурсы краіны забяспечваюць сыравінай прамысловасць, буд. комплекс, аграрны сектар, камунальную гаспадарку, інш. галіны эканомікі, патрэбы насельніцтва, пастаўляюцца на экспарт. У 2003 пастаўлена на экспарт драўніннай прадукцыі (з улікам паслуг) на суму 43,3 млн. долараў ЗША. У структуры экспарту пераважаюць піламатэрыялы (46%) і балансы для цэлюлозна-папяровай вытворчасці (45%). Лесанарыхтоўкі (з лістапада 1998 ліцэнзуемы від дзейнасці) праводзяць дзярж. прадпрыемствы, недзярж., сумесныя і замежныя прадпрыемствы, прыватныя прадпрымальнікі. Драўнінныя рэсурсы пераважна выкарыстоўваюць прадпрыемствы канцэрна «Беллеспаперапрам» (50% нарыхтоўкі і вывазу драўніны з высечак гал. карыстання). Вытворчасцю прадукцыі з драўніны займаюцца каля 5 тыс. суб’ектаў гаспадарання (уключна з с.-г. прадпрыемствамі, дапаможнай прамысловасцю, малымі прадпрыемствамі і кааператывамі). Больш за палавіну дзелавой драўніны ідзе на вытв-сць піламатэрыялаў, выпуск якіх ажыццяўляюць 2,7 тыс. прадпрыемстваў і вытв-сцей, найбуйнейшыя з іх уваходзяць у сістэму канцэрна «Беллеспаперапрам». Лесапільная вытв-сць арганізавана і ў сістэме лясной гаспадаркі. У 84 лясгасах функцыянуе 111 лесапільна-дрэваапрацоўчых цэхаў, 18 сталярных, 5 — па ацыліндроўцы бярвення, 3 паркетныя ўчасткі. Яны вырабляюць піламатэрыялы, дошкі для падлогі і абшыўныя, аконныя і дзвярныя блокі, тарныя камплекты, паркет, садовыя домікі, паганажныя вырабы і інш. Асн. сыравінай з’яўляюцца круглыя лесаматэрыялы ад высечак прамежкавага і частковага гал. карыстання. Сумарная вытворчая магутнасць цэхаў лясгасаў па аб’ёме перапрацоўкі сыравіны — да 1 млн. м³. У агульным аб’ёме сыравіны для цэхаў да 76% займае буйная і сярэдняя дзелавая драўніна, 16,5% — дробнатаварная і 7,5% — дрывяная драўніна і адходы лясной гаспадаркі.

Гал. задача лясной гаспадаркі — лесааднаўленне і лесаразвядзенне. Лесааднаўленне на высечках, месцах пажараў (гарах) і інш. раней укрытых лесам землях праводзіцца на працягу 3 гадоў з моманту іх утварэння. Лесаразвядзенне праводзіцца і на нелясных землях з мэтай скарачэння плошчаў непрадукцыйных зямель, павышэння лясістасці тэр. рэспублікі. За пасляваенны перыяд лясістасць тэр. Беларусі ў выніку лесаразвядзення і лесааднаўленчых работ павялічана з 21 да 37,8%. На 1 жыхара краіны прыпадае 0,8 га і 135 м³ лесу, што амаль у 5 разоў вышэй за сярэднееўрапейскі ўзровень (без Расіі). Са 118 адм. раёнаў 17 маюць лясістасць да 50% і больш. Штогод сяўбой і пасадкай у лясгасах ствараюцца лясныя культуры на пл. каля 30 тыс. га. У 2002 лесааднаўленнем ахоплена 43,3 тыс. га, у т. л. пасадка і сяўба лесу праведзены на пл. 36,2 тыс. га, садзейнічанне натуральнаму аднаўленню лесу — на пл. 7,1 тыс. га. Фарміруюцца пераважна мяшаныя паводле саставу лясы для захавання біяразнастайнасці, павелічэння ўстойлівасці да неспрыяльных кліматычных умоў і тэхнагенных уздзеянняў. З мэтай захавання генетычных рэсурсаў лесаўтваральных відаў вылучаны і ахоўваюцца 5 тыс. га генетычных рэзерватаў, 2686 плюсавых дрэў; для захавання генафонду створана 1860 га лесанасенных плантацый і 283 га пастаянных лесанасенных участкаў, закладзена сетка доследных і геаграфічных культур, архіваў клонаў, сямейных і гібрыдных плантацый. Штогод 11—16% (3—4 тыс. га у агульным аб’ёме лесакультурных плошчаў) лясных культур ствараецца пасадачным і пасяўным матэрыялам з найлепшага насення, што забяспечвае да дасягнення ўзросту высечкі павелічэнне запасу насаджэнняў на 10%. Для атрымання высакаякаснага насення пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю Рэсп. лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр і яго філіялы ў Глыбокім і Івацэвічах. Пасадачны матэрыял вырошчваюць у 160 лясных гадавальніках, у т. л. 61 пастаянным, 27 базісных, якія займаюць плошчу каля 1200 га.

У лясным фондзе ажыццяўляецца таксама нарыхтоўка дзікарослых пладоў і ягад (чарніц, журавін, маліны, брусніц, буякоў, чарнаплоднай рабіны і інш.), грыбоў, лекавай сыравіны, бярозавага соку, жывіцы, насення, бярозавых венікаў, хвойнай лапкі, мяса дзікіх жывёл. Штогод у лясным фондзе нарыхтоўваюць да 5 тыс. т грыбоў і 12 тыс. т ягад. Агульны аб’ём экспарту гэтай прадукцыі не перавышае 5% ад біялагічных і 20% ад эксплуатацыйных запасаў гэтых рэсурсаў. Агульная пл. паляўнічых угоддзяў складае 17,7 млн. га. Аб’ектамі палявання з’яўляюцца 22 віды млекакормячых і 31 від птушак: капытныя жывёлы — лось, алень, дзік, касуля; пушныя звяры — вавёрка, заяц-бяляк, заяц-русак, куніца, ліс чырвоны, андатра, норка, воўк, выдра, янотападобны сабака; птушкі — глушэц, цецярук, курапатка, качкі і інш. У сістэме Мінлясгаса дзейнічаюць 72 лесапаляўнічыя гаспадаркі. З 1991 атрымалі магчымасць займацца паляваннем у лясных угоддзях Беларусі замежныя паляўнічыя. Для іх арганізуюцца паляўнічыя туры.

У сістэме лясной гаспадаркі функцыянуюць кірункі дапаможнай сельскай гаспадаркі: лясная жывёлагадоўля (авечкі, свінні, бычкі, коні, алені), пушная зверагадоўля (нутрыі), рыбаводства. Вырошчваюць культ. плады і ягады, бульбу, збожжавыя; атрымліваюць прадукты пчалярства (мёд, воск, праполіс, мярва); рэалізуюць саджанцы дэкаратыўных дрэвава-кустовых парод, навагоднія елкі.

Ахова лясоў — адзін з найважнейшых кірункаў у дзейнасці Мінлясгаса і яго тэр. органаў. У гады з надзвычайнай пажарнай небяспекай за дзень узнікае да 200 выпадкаў загарання лясоў. Колькасць лясных пажараў у 2002 дасягнула 5274, пажарамі было ахоплена 10 108 га лясной плошчы, у выніку згарэла і пашкоджана на корані 199,8 тыс. м³ лесу. Выяўленне пажараў арганізавана на 4 узроўнях: наземнае патруляванне (ажыццяўляюць работнікі дзярж. лясной аховы); візуальнае назіранне з пажарна-назіральных вышак і мачтаў з выкарыстаннем тэхн. сродкаў выяўлення пажараў па цеплавым выпрамяненні і тэлевізійным кантролі; авіяцыйнае патруляванне лясоў; касмічны пажарны маніторынг з выкарыстаннем даных станцыі касмічнага прыёму прыродна-рэсурсных здымкаў. Матэрыяльна-тэхн. база пажаратушэння Мінлясгаса ўключае 210 пажарна-хім. станцый, 440 пажарных аўтамабіляў, 1800 трактароў з глебаапрацоўчым абсталяваннем і інш. Штогод з мэтай павышэння пажараўстойлівасці ляснога фонду ствараюць да 80 тыс. км мінералізаваных палос, праводзяць ачыстку лесу ад сухастою, высечку ў хвойных маладняках, фарміруюць лясы мяшанага саставу (хвойна-лісцевыя) і супрацьпажарныя разрывы з лісцевых парод, арганізоўваюць месцы адпачынку (у 2003 арганізавана 4980), абмяжоўваюць уезд аўтатранспарту шлагбаумамі (у 2003 на лясных дарогах абсталявана 7235 шлагбаумаў) і інш. Праводзіцца таксама ахова лясоў ад шкоднікаў і хвароб біялагічным метадам з завабліваннем птушак, перасяленнем і агароджваннем мурашнікаў (штогод на пл. больш за 19 тыс. га), прафілактычная апрацоўка фунгіцыдамі сеянцаў хвойных парод на пл. больш за 220 га, знішчэнне шкодных насякомых у ачагах іх масавага размнажэння праводзіцца з дапамогай авіяцыі (у 2002 такім спосабам апрацавана 10,3 тыс. га, у 2003—3,3 тыс. га лясоў). Выкарыстоўваюцца пераважна экалагічна няшкодныя прэпараты.

Літ.:

Янушко А.Д. Лесное хозяйство Беларуси: (История, экономика, проблемы и перспективы развития). Мн., 2001;

История лесного дела Беларуси. Ч. 2. Динамика лесистости, породного состава и лесовосстановления Беларуси. Гомель, 2002;

История лесного дела Беларуси. Ч. 1 Мн., 1996.

Н.​Ю.​Пабірушка.

Прарэджванне ў хваёвых пасадках Смаргонскага доследнага лясгаса.
Экспартная драўніна прадукцыі лясгасаў.
Аднаўленне лесу хваёвым маладняком па высечках.
Вырошчванне пасадачнага матэрыялу дуба звычайнага ў Рэспубліканскім лясным селекцыйна-насеннегадоўчым цэнтры.
Вырошчванне з насення саджанцаў лясных культур у цяпліцах Рэспубліканскага ляснога селекцыйна-насеннегадоўчага цэнтра.
Станцыя УНІСКАН на базе прадпрыемства «Белдзяржлес» для прыёму інфармацыі праз штучныя спадарожнікі аб пажарах, стыхійных бедствах, санітарным і лесапаталагічным стане лясоў.
«Дом паляўнічага» каля в. Заходняя Морач у Старобінскім лясгасе.
Выкарыстанне тэхнікі пры тушэнні лясных пажараў.
Месцы для адпачынку турыстаў.

т. 18, кн. 2, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕКІ́Н, Бэйцзін (у 1928—49 Бэйпін),

горад, сталіца Кітая. Размешчаны на Пн Вял. Кітайскай раўніны, паміж рэкамі Бэюньхэ і Юндынхэ, у пач. Вял. канала. З прылеглымі раёнамі вылучаны ў асобную адм. адзінку (пл. 16,8 тыс. км²). Насельніцтва 11,3 млн. ж. з прыгарадамі (1998), другі па колькасці насельніцтва горад Кітая (пасля Шанхая). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Шаўду. Паліт., індустр., гандл.-фін. і культ. цэнтр краіны. У П. і яго прыгарадах прам-сць: металург., маш.-буд. (вытв-сць станкоў, с.-г. машын, электрасілавога, хім., гарнаруднага і кавальска-прэсавага абсталявання, падшыпнікаў, тэкст. і друкарскіх машын, мед. абсталявання; цеплавоза-, вагона- і аўтамабілебудаванне), прыладабуд., радыёэлектронная, тэкст., хім. (вытв-сць кіслот, мінер. угнаенняў, інсектыцыдаў, пластмас, сінт. валокнаў і каўчуку, гумавых вырабаў), фармацэўтычная, паліграф., буд. матэрыялаў. У наваколлі П. здабыча каменнага вугалю. Дыванаткацтва. Развіты рамёствы (разьба па дрэве і слановай косці, выраб упрыгожанняў з золата, серабра, эмалі, нефрыту і інш.). Метрапалітэн. АН КНР, ун-т. Музеі, у т. л. гісторыі Кітая, Гугун, маст. галерэя.

Вядомы з 2-га тыс. да н.э. У 5—3 ст. да н. э. сталіца царства Янь пад назвай Цзі. У канцы 3 ст. да н.э. разбураны войскамі Цынь Шыхуандзі. Адбудаваны ў часы праўлення дынастыі Хань і названы Янь, пазней — Ючжоў. У 936 н.э. наз. Сіцзінь, пасля заваявання ў 937 кіданямі — Наньцзін. З 1125 сталіца дзяржавы чжурчжэняў Цзінь пад назвай Яньцзін. У 1215 захоплены манголамі, сталіца манг. імперыі Юань пад назвай Даду ці па-манг. Ханбалык. У 1368 вызвалены з-пад улады манголаў, наз. Бэйпін. У 1420 імператар Чэнцзу з дынастыі Мін перанёс з Нанкіна сюды сталіцу і перайменаваў яе ў П. У 1644 захоплены паўстанцамі на чале з Лі Цзычэнам. У 1644 акупіраваны маньчжурамі, да 1911 сталіца імперыі Цын. У англа-франка-кітайскую вайну 1856—60 заняты і разбураны акупац. войскамі. З 1912 сталіца Кіт. рэспублікі. У 1928 заняты Нар.-рэв. арміяй (гл. Паўночны паход 1926—28), сталіца перанесена ў Нанкін, П. зноў перайменаваны ў Бэйпін, у Нацыянальна-вызваленчую вайну кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—43 акупіраваны яп. войскамі. Вызвалены ў вер. 1945. У 1945—19 пад кантролем гаміньданаўцаў. У студз. 1949 заняты Нар.-вызв. арміяй Кітая. У кастр. 1949 абвешчаны сталіцай Кіт. Нар. Рэспублікі (зноў наз. П.). 4.6.1989 на гал. плошчы П. Цяньаньмэнь у сутыкненнях студэнтаў з войскамі і паліцыяй загінула каля 3 тыс. чал.

У аснове гар. плана — геам. планіроўка г. Даду, удасканаленая ў 1403—21. У 12 ст. меў прамавугольную планіроўку, быў падзелены на 2 роўныя ч. цэнтр. магістраллю (захаваліся рэшткі глінабітных сцен і фундаментаў будынкаў). У 13—14 ст. П. складаўся з «унутранага горада» (паслядоўна размешчаныя адзін у адным і абнесеныя сценамі «забаронены горад» і «імператарскі горад» з пл. і брамамі Цяньаньмынь) і ўласна горада (жылыя і гандл. кварталы, абнесеныя глінабітнымі сценамі, абліцаванымі цэглай, з брамамі і бастыёнамі). Усе 3 часткі аб’яднаны сістэмай палацавых, храмавых і інш. збудаванняў, якія ўтвараюць т.зв. ансамбль пекінскай восі, у цэнтры якога «забаронены горад» з комплексам імператарскага палаца (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны). На Пд яго завяршае арх. комплекс «Храм неба» (Цяньтань, 1420—1530, перабудаваны ў 18—19 ст.) з гал. будынкам-ратондай Цыняньдзянь («Храм малітвы за багаты ўраджай»), Каменная тэраса злучае Цыняньдзянь з храмам Хуанцюн’юй («Зала нябеснага скляпення», 1530), абнесеным круглай цаглянай сцяной і 3-ярусным мармуровым алтаром Хуаньцю («Алтаром неба»), Да 1553 сцяной была абнесена паўд. частка прыгарада П. («знешні горад» — крывыя вузкія вуліцы з глінабітнымі ці драўлянымі пабудовамі). Непаўторнасць гораду надаюць пейзажныя паркі — Бэйхай, які размешчаны на беразе аднайм. возера («Паўночнае мора») і на в-ве Цюнхуадао. На востраве знаходзяцца: ламаісцкая пагада Байта («Белая пагада») і храм Байтасы («Храм Белай пагады», цяпер Юн’аньсы, «Храм вечнага спакою», абодва 1651), храм Шан’іньдзянь («Храм крыніцы дабрыні», канец 17 — пач. 18 ст.) на кубічным пастаменце з багата дэкарыраванымі сценамі, паўкруглы будынак Юэгулоў («Сховішча ўзораў старажытнай пісьменнасці», 495 каменных пліт з каліграфічнымі надпісамі). За возерам у паўн. частцы парку павільёны Улунцін («Павільёны пяці драконаў», 1522—66), Ваньфалоў («Церам дзесяці тысяч Буд», 18 ст.), сцены Цзюлунбі («Сцяна дзевяці драконаў», 17 ст., выкладзена каляровымі паліванымі пліткамі з выявамі драконаў) і Тэінбі («Жалезная сцяна», аздобленая мудрагелістымі ўзорамі). Каля паўн. варот парку — Туаньчэн («Круглы гарадок»), абнесены сцяной. У ім альтанка Юйвэнцін і храм Чэнгуандзянь (1746). Вылучаюцца паркі Цзіншань («Гара прыгожага віду»), ці Мэйшань («Вугальная гара»), Іхэюань («Парк ціхамірнага адпачынку») з галерэяй Чанлан. Сярод інш. арх. помнікаў П.: храмы Утасы (1473) з 5 мармуровымі 11- і 13-яруснымі пагадамі на п’едэстале, «уляндзянь» («бязбэлечны храм», 1534), Таймяо («Храм памінання продкаў», 1420, перабудаваны ў 1544, цяпер частка Палаца культуры працоўных); у парку імя Сунь Ятсена — Шэцзітань («Алтар божастваў зямлі і злакаў», 15 ст.); ламаісцкі манастыр Юнхэгун (18 ст.). На ўскраіне П. — комплекс пахавальных збудаванняў імператараў Шысаньлін («13 грабніц», 15—17 ст.), храм Біюньсы (14 ст., перабудаваны ў 18 ст.) і інш. З 2-й пал. 20 ст. П. рэканструюецца паводле генплана (1954—58). Створаны адм.-паліт. цэнтр горада з гал. плошчай Цяньаньмынь, на З і У якой узведзены будынкі Усекіт. сходу нар. прадстаўнікоў, музеяў кіт. рэвалюцыі і гісторыі Кітая (абодва 1959).

Літ.:

Капица Л.Л. Древний город Пекин. М., 1962.

В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Пекін. Плошча Цяньаньмынь.
Пекін. Від на «забаронены горад».

т. 12, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАФІЗІЧНАЕ РАЯНАВАННЕ

Такое раянаванне выконваюць па назіраемых гравітацыйных і магнітных анамальных палях або паводле комплексу геафізічных характарыстык для вырашэння тэктанічных задач. У 1937 рас. вучоны А.​Дз.​Архангельскі з групай геафізікаў устанавіў, што ў межах Усходне-Еўрапейскай платформы, у т. л. тэр. Беларусі, распасціранне восей лінейных магнітных анамалій пераважна адпавядае напрамкам пашырэння метамарфічных тоўшчаў на ўзроўні дакембрыйскага эразійнага зрэзу, а буйныя блокі характарызуюцца аднароднай структурай магнітнага поля. Пазней таксама было высветлена, што разломы ў зямной кары прымеркаваны да ланцужкоў гравітацыйных і магнітных анамалій, да месцаў рэзкага зруху ізаліній геафізічных палёў, «зразання» аднаго поля другім, да градыентных палос і інш. Гэтыя заканамернасці выкарыстоўваюць пры геафізічным раянаванні і цяпер.

Геафізічнае раянаванне тэр. Беларусі паводле тыпаў зямной кары праведзена ў 1986 (удакладнена ў 2003) творчым калектывам у складзе Г.​І.​Каратаева (Інстытут геалагічных навук Нац. АН Беларусі), І.​У.​Данкевіча (Геафізічная экспедыцыя РУП «Белгеалогія») і І.​К.​Пашкевіч (Інстытут геафізікі Нац. АН Украіны). Напачатку на падставе аналізу комплексу геафізічных і геалагічных даных на тэр. Украінскага шчыта і суседніх абласцей была распрацавана паслядоўнасць тыпаў глыбіннай будовы зямной кары, якія адзначаліся пэўнымі прыкметамі геафізічных палёў; паводле комплексу гэтых прыкмет на тэр. Беларусі былі вылучаны геафізічныя тыпы глыбіннай будовы зямной кары, паводле якіх праведзена раянаванне. Паслядоўнасць геафізічных тыпаў будовы зямной кары ўключае 5 галоўных тыпаў A→B→C→D→E і 2 пазасістэмныя тыпы F і G.

Тып A характарызуецца параметрамі: магутнасць ніжняга слоя (b) значна большая за магутнасць сярэдняга (d) і верхняга (g) слаёў, b>>d, b>>g; магутнасць зямной кары большая за 55 км; паверхня Моха ўтварае вялікую ўпадзіну з амплітудай каля 15 км; высокая намагнічанасць рэчыва ніжняй часткі зямной кары больш за 4,5 А/м, шчыльнасць 2,95—3,05 г/см³. У магнітным полі назіраецца рэгіянальная інтэнсіўная дадатная анамалія, лакальнае поле — інтэнсіўна дадатнае, насычана дробнымі анамаліямі рознай, зрэдку аднолькавай арыентацыі. Гравітацыйнае поле характарызуецца рэгіянальнымі інтэнсіўнымі дадатнымі або адмоўнымі анамаліямі, лакальнае — рознаарыентаванымі, радзей лінейнымі дадатнымі ці адмоўнымі анамаліямі. Аналагі — Гайсінскі і Вінніцкі блокі Украінскага шчыта.

Тып B: b>d, b>g; магутнасць зямной кары каля 55 км; паверхня Моха ўтварае ўпадзіну з амплітудай каля 10—12 км з горстападобнай лакальнай структурай у цэнтральнай частцы; намагнічанасць рэчыва ў ніжняй частцы кары каля 4 А/м, шчыльнасць 3—3,15 г/см³; у магнітным полі рэгіянальная дадатная анамалія ўмеранай інтэнсіўнасці, лакальнае поле рэзка дыферэнцыравана, пераважна дадатнае; гравітацыйнае рэгіянальнае поле расплывістае, лакальныя анамаліі рознай формы і арыентацыі дадатныя і адмоўныя. Аналаг — Наваград-Валынскі блок Украінскага шчыта.

Тып С: b≈d, b≈g; магутнасць зямной кары каля 50 км; паверхня Моха мае ступеньчаты характар з амплітудамі да 15 км; намагнічанасць рэчыва ў ніжняй яе частцы каля 3 А/м, шчыльнасць 2,82—2,97 г/см³; у магнітным полі рэгіянальная адмоўная анамалія сярэдняй інтэнсіўнасці, лакальнае поле выражана рэдкімі слабаінтэнсіўнымі дадатнымі і адмоўнымі анамаліямі; гравітацыйнае поле рэгіянальнае адмоўнае слабай інтэнсіўнасці, лакальныя анамаліі рознаарыентаваныя, рознай інтэнсіўнасці з пераменным знакам сілы цяжару. Аналаг — Прыдняпроўскі блок Украінскага шчыта.

Тып D: b<d, b<g; магутнасць зямной кары каля 45 км; паверхня Моха субгарызантальная, пакатая, магчымы ступені вышынёй да 5 км; намагнічанасць рэчыва ніжняй яе часткі ўмераная — каля 2 А/м, шчыльнасць 3—3,1 г/см³; у магнітным полі рэгіянальная анамалія інтэнсіўна адмоўная (больш за 200 нТл), лакальнае поле выражана дадатнымі і адмоўнымі больш дробнымі анамаліямі слабай інтэнсіўнасці; гравітацыйнае поле — адмоўная рэгіянальная анамалія сілы цяжару, лакальнае поле — шмат адмоўных больш дробных анамалій. Аналаг — Кіраваградскі блок Украінскага шчыта.

Тып Е: b<<d, b<<g; магутнасць зямной кары менш за 40 км; паверхня Моха ўтварае падняцце з амплітудай 8—10 км; намагнічанасць рэчыва ніжняй яе часткі слабая — да 0,5 А/м, шчыльнасць каля 3 г/см³; у магнітным полі рэгіянальная інтэнсіўна адмоўная анамалія, лакальнае поле — інтэнсіўна адмоўныя і дадатныя больш дробныя анамаліі рознай формы, прымеркаваныя да перыферыі рэгіянальнай анамаліі; у гравітацыйным полі рэгіянальная інтэнсіўна адмоўная анамалія, лакальнае поле — хаатычна раскіданыя адмоўныя анамаліі. Аналаг — Корасценскі блок Украінскага шчыта.

Тып Е анамальнай кары са слоем «кора-мантыйнай сумесі». Характарызуецца блізкімі паводле значэння магутнасцямі верхняга, сярэдняга і ніжняга слаёў кары і дзвюма паверхнямі Моха, якія залягаюць на глыбінях 50—53 км (ранняга фарміравання) і 35—40 км (позняга фарміравання), Тып кары адпавядае палеарыфтавым структурам. Аналаг — Прыпяцкі прагін.

Тып G характарызуе зямную кару шыўных зон (напр., Заходне-Інгулецкай, Заходне-Прыазоўскай, Львоўскай). Магутнасць кары 40—55 км, магутнасці ніжняга і сярэдняга слаёў прыблізна аднолькавыя, ступені ў паверхні Моха з амплітудай 5—15 км; намагнічанасць яе ніжніх слаёў да 5 А/ м і больш; шчыльнасць 2,95—3,07 г/см³; рэчыўны састаў нізоў кары — базальтоідны.

Сейсмагеалагічнае раянаванне тэр. Прыпяцкага прагіну выконвалася калектывам геолагаў і геафізікаў пад кіраўніцтвам Р.​Г.​Гарэцкага з канца 1980-х г. на падставе расчлянення часавага сейсмічнага разрэзу на сейсмагеалагічныя комплексы, якія характарызуюцца літалагічнай аднароднасцю, пэўнымі значэннямі пластавых скарасцей сейсмічных хваль і спецыфічнай структурай хвалевай карціны. Беларускія сейсмаразведчыкі І.​Дз.​Кудравец і С.​В.​Клушын (РУП «Белгеалогія») вылучылі ў разрэзе платформавага чахла Прыпяцкага прагіну сейсмагеалагічныя комплексы: падсалявыя ніжні (тэрыгенны) і верхні, ніжнесалявы, міжсалявы, верхнесалявыя ніжні і верхні, надсалявы; даследавалі іх распасціранне на тэр. Прыпяцкага прагіну і звязаныя з імі карысныя выкапні.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 18, кн. 2, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДНЯПРО́ЎЕ,

гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі, які займае Магілёўскую, ч. Віцебскай і Гомельскай абласцей. На Пн па водападзеле Дняпра і Зах. Дзвіны мяжуе з Паазер’ем, на З па левабярэжжы Бярэзіны і Дняпра — з Цэнтральнай Беларуссю і Усходнім Палессем. У стараж.-рус. перыяд (9—12 ст.) ішоў інтэнсіўны працэс сцірання племянных этнакульт. адрозненняў, зліццё слав. плямён у адзіную народнасць. Гэтаму ў значнай ступені садзейнічалі раўнінны рэльеф і дняпроўская сістэма суднаходных рэк, якія адыгрывалі важную ролю ва ўнутр. і знешніх культ.-эканам. сувязях. Гіст. лёс П. быў звязаны са стараж. Кіевам і з гісторыяй інш. усх.-слав. зямель. Этнакульт. комплекс, фальклорныя традыцыі і нар. гаворкі П. маюць шмат агульных рыс з суседняй Смаленшчынай і зах. Браншчынай (у 12 ст. значная ч. П. ўваходзіла ў Смаленскае, паўд. — у Чарнігаўскае княствы). У той час у П. важныя адм. і эканам. цэнтры — Копысь, Орша, Друцк, Мсціслаў, Прапошаск (Слаўгарад), Крычаў, Лучын, Гомель, Рагачоў, Чачэрск і інш. У канцы 12 ст. са Смаленскага вылучылася Мсціслаўскае княства, якое да сярэдзіны 14 ст. ўвайшло ў склад ВКЛ, але захоўвала ў ім пэўную аўтаномію. На ранніх сярэдневяковых картах Еўропы (карты Н.​Кузана — канец 15 — пач. 16 ст., С.​Мюнстэра — 1540) левабярэжная ч. П. пазначана пад назвай Белая Русь. На больш позніх картах (Г. дэ Баплана, Я.​Сандарта — 2-я пал. 17 ст., Т.​Кітхіна — 1740, і інш.) Белая Русь лакалізавана ўжо ў верхнім П. і Паазер’і. Такое вызначэнне Белай Русі захавалася да сярэдзіны 19 ст., калі канчаткова было пашырана (з-за агульнасці гіст. лёсу і этнічнай культуры) на ўсю тэр. сучаснай Беларусі. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) П. далучана да Расіі, на яго тэр. ўтворана Магілёўская губ., якая ў асн. супадала з межамі рэгіёна. Пасля 1917 і ўтварэння БССР П. з 1924 у складзе БССР (Гомельскі і Рэчыцкі пав. далучаны ў 1926). Сельскія пасяленні звычайна размяшчаліся па берагах невял. рэк і ў міжрэччах. На характар рассялення ўплывала суседства з воднымі шляхамі, урадлівасць мясц. глеб. Найб. густа заселенай і аграрна развітой была левабярэжная ч. П., у прыватнасці Аршанска-Магілёўская раўніна. Змешаныя хваёва-лісцевыя лясы і дубровы, што ўкрывалі гэтую тэрыторыю, у 18 — пач. 20 ст. на значных плошчах былі высечаны, і на іх месцы ўтварыліся масівы акультураных зямель. Адносна спрыяльныя глебава-кліматычныя ўмовы садзейнічалі пашырэнню хлебаробства. З тэхн. культур сеялі лён і каноплі. Агракультура П. мела рэгіянальныя рысы, што выяўлялася ў спосабах і прыёмах апрацоўкі глебы, мясц. варыянтах земляробчых прылад (сох, ільнамялак, барон), формах феад. рэнты і інш. У лясных краях прыкметнай падмогай у гаспадарцы былі здабыўныя промыслы. Частка насельніцтва ішла ў адыходныя промыслы ў суседнія губерні Расіі. У Гомельскім пав. (пераважна ў сучасным Веткаўскім р-не) было шмат пасяленцаў-старавераў, якія сяліліся тут з 1685. Многія з іх займаліся рамізніцтвам, ваджэннем суднаў, будаўніцтвам, ткацтвам, пчалярствам. Частка — гандлем і камерцыяй (бралі ў арэнду сады, скуплялі ў мясц. сялян сушаныя грыбы, ягады, мёд, воск, гандлявалі лесам, хлебам, соллю). Сельскія пасяленні ў параўнанні з суседнім Паазер’ем вызначаліся большымі памерамі (15—30 сядзіб) і выразнай вулічнай планіроўкай. Замкнутыя ці Г-падобныя сядзібныя забудовы размяшчаліся абапал вуліцы, якая мела акрэсленую цэнтр. частку і канцы. Вуліца агароджвалася па баках і заканчвалася нярэдка з абодвух канцоў шырокімі варотамі, якія зачыняліся на ноч. З маладворных пасяленняў былі пашыраны засценкі. Пасля адмены прыгоннага права назіраўся міграцыйны рух насельніцтва на З, у лясныя раёны Бярэзінскага басейна, дзе ўзнікалі новыя пасяленні. Мігранты прыносілі з сабою вытворчы вопыт і этнакульт. традыцыі, прыстасоўваючы іх да мясц. умоў; ставілі дабротныя дамы і гасп. пабудовы, абносілі іх трывалым парканам з брамамі на вуліцу. Распаўсюджаныя тыпы планіроўкі традыц. жылля: хата + сенцы + клець, хата + сенцы + хата, хата + трысцен. Апошні выконваў ролю сянец, нярэдка (калі ў ім ставілі печ) ператвараўся ў жылое памяшканне. Свіран (амбар, інбар) для збожжа ставілі насупраць хаты. Хлявы (хлеў, пуня) прымыкалі да жылля праз павець ці размяшчаліся ў глыбіні двара. Сярод дапаможных памяшканняў стопкі сустракаліся рэдка, замест іх у П. былі распаўсюджаны функцыянальна блізкія скляпы (паграбы). Прасторныя гумны са стрэхамі на сохах мелі сушню — звычайную ёўню ці двух’ярусную асець з ямнай печчу. Больш прыкметная кантынентальнасць клімату, наяўнасць сушняў пры гумнах, як і добрая вентыляцыйнасць апошніх, рабілі непатрэбнымі азяроды, якія тут былі рэдкай з’явай. Для сушкі лёну часцей выкарыстоўвалі лазні, якія мелі падоўжную страху, што абапіралася з аднаго боку на 2 слупы, утвараючы навес. Канстр. аснова жыллёвых пабудоў — зруб з круглых бярвён, звязаных у просты вугал з астаткам, на штандарнай аснове. Стрэхі на лемягах (закотам) і стаянках (пазней — на кроквах) крылі саломай «пад колас», радзей — камлём уніз («пад грабёнку»), У раёнах, багатых лесам (Рагачоўскі, Быхаўскі, Клімавіцкі, Чэрыкаўскі пав.), пашыраны стрэхі, крытыя дошкамі, дорам, дранкай (шчапа). Пэўным арх. абліччам і арганізацыяй інтэр’ера адрознівалася нар. жыллё на Пд рэгіёна. Маляўнічай дэкаратыўнасцю вызначалася веткаўская разьба, якой аздаблялі франтоны, ліштвы, карнізы, ганкі, брамы і весніцы. Нар. адзенне П. ўвасобіла стараж. рысы, уласцівыя традыц. касцюму слав. народаў, зазнаўшы пэўны ўплыў усх. і еўрап. строяў. Тыповае верхняе адзенне — злёгку прыталеныя кажухі і шыракаполыя світкі светла-шэрага колеру са стаячым каўняром без гузікаў (падвязваліся вакол таліі шарсцяным плеценым поясам), а таксама кафтан-армяк тыпу бурноса, укарочаная паўсвітка і кажушок (паўшубак). У традыц. жаночым адзенні яшчэ ў пач. 20 ст. бытавалі стараж. панёвы, узорныя андаракі, сшытыя з безрукаўкай-гарсэтам (ліф, кабат), і саяны, аналагічныя рус. сарафанам. Жаночыя кашулі шылі з плечавымі ўстаўкамі (полікамі), нагрудная ч. якіх з больш тонкага кужэльнага палатна. Іх упрыгожвалі вышыўкай і тканым арнаментам чырвонага ці камбінаванага (чырвонага з чорным) колераў (магілёўскі строй, краснапольскі строй); аздаблялі сакаленнем, маршчэннем (буда-кашалёўскі строй). Самабытным узорна-дэкар. стылем упрыгожвання вылучаецца адзенне паўд. раёнаў (неглюбскі строй). У арнаменце святочнага адзення і тканін дамінавалі адносна буйныя геам. ўзоры, у Пасожжы часцей сустракаліся расл. матывы. Ва ўзорным ткацтве ўжывалася браная тэхніка, у вытв-сці андараковай тканіны пераважала 2-нітавае ткацтва. Своеасаблівымі прыёмамі аздаблення вылучаюцца традыц. тканыя неглюбскія ручнікі і буда-кашалёўскія ручнікі. Рэгіянальнай асаблівасцю вызначалася кераміка. Посуд з чырвонай гліны з тонкімі сценкамі аздаблялі на гарлавінах ці плечыках хвалістымі паяскамі, што наносіліся завостраным прутком па сырой гліне. Ён быў лёгкі і грацыёзны. Лінгвістычная карта Беларусі адзначае дыялект. асаблівасці гаворак П., якія вылучаны ва ўсх.-магілёўскую групу паўн.-ўсх. дыялекту. Неаднароднасць культ. ландшафтаў дазваляе вылучыць у П. некалькі лакальных раёнаў (падраёнаў) — левабярэжжа і правабярэжжа Дняпра, Пасожжа і Бярэзінскі раён — з уласцівым кожнаму з іх комплексам мясц. этнакульт. прыкмет.

В.​С.​Цітоў.

т. 11, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСЛІНАВОДСТВА

Мэтанакіраваныя даследаванні па раслінаводстве на Беларусі пачаліся ў Горы-Горацкім земляробчым ін-це (засн. ў 1840; з 1925 — БГСА). У ліку заснавальнікаў навук. раслінаводства А.​В.​Саветаў (першы доктар с.-г. навук, аўтар прац па вырошчванні кармавых траў і па сістэмах земляробства), І.​А.​Сцебут (чытаў першы ў Расіі курс па раслінаводстве, выдаў на яго аснове працу «Асновы палявой культуры і меры да яе паляпшэння ў Расіі», арганізаваў у Горках доследнае поле), М.​В.​Рытаў (арганізаваў першы пладовы гадавальнік, памалагічны сад і доследнае поле для вывучэння агароднінных культур). У 1910 у Беняконах (Гродзенская вобл.) створана батанічна-сельскагаспадарчая доследная станцыя, на якой пад кіраўніцтвам В.​М.​Ластоўскага праводзіліся селекцыйная работа (створаны сорт азімага жыта Беняконскі, некалькі хуткаспелых сартоў лубіну) і выпрабаванні сартоў ячменю, аўса, бульбы. Даследаванні праводзіліся на Мінскай раслінаводчай і Горацкай (з 1920), Турскай, Віцебскай і Палескай (1921) с.-г. доследных станцыях, у Бел. аддзяленні Усесаюзнага ін-та раслінаводства (з 1925). У 1929 створана Бел. с.-г. доследная станцыя паляводства. У 1937 арганізаваны Ін-т сацыяліст. сельскай гаспадаркі (з 1956 — Бел. НДІ земляробства, з 2003 — НДІ земляробства і селекцыі). Да 1960-х г. насенняводчая і селекцыйная праца з с.-г. культурамі была накіравана на выяўленне і вывучэнне. мясц. і замежных сартоў, на ацэнку і ўдасканальванне асобных прыёмаў. У Бел. НДІ земляробства і селекцыі з 1960-х г. вядуцца комплексныя даследаванні па раслінаводстве, распрацоўваюцца тэхналогіі вытворчасці палявых культур і стратэгія інтэнсіўнага раслінаводства ў краіне (М.​А.​Кадыраў, І.​К.​Копцік, Л.В. і В.​П.​Кукраш, А.​І.​Лапо, М.​Дз.​Мухін, І.​Г.​Стралкоў, В.​С.​Шавялуха, М.​П.​Шкель, В.​М.​Шлапуноў, В.​І.​Шэмпель і інш.). У 1960-я г. створаны першыя бел. сарты: азімага жыта Белта (М.​Дз.​Мухін), ячменю Сувенір (М.​Дз.​Мухін, У.​А.​Сямёнаў) і Мінскі (М.​М.​Венядзіктаў), яравой пшаніцы Мінская (М.​Дз.​Мухін). З 1980-х г. вядзецца інтэнсіўны працэс стварэння і раянавання бел. сартоў: азімага жыта Пухаўчанка, Верасень, Ігуменскае, Сяброўка, Спадчына, Калінка, Радзіма, Зуброўка, Ясельда, Завея 2, Зарніца, Талісман; азімай пшаніцы Бярэзіна, Сузор’е, Капылянка, Быліна, Легенда, Шчара, Саната, Завея, Прэм’ера, Спектр, Гармонія, Каравай, Гродзенская 7; азімай трыцікале Дар Беларусі, Міхась, Мара, Ідэя, Модуль, Дубрава, Рунь, Марка, Сокал; яравой пшаніцы Інеса; яравога ячменю Заазерскі 85, Прыма Беларусі, Тутэйшы, Візіт, Верас, Гасцінец, Гонар, Сябар, Вежа, Сталы, Бурштын, Дзівосны, Талер, Атаман, Якуб; яравога аўса Буг, Асілак, Паланэз, Беларускі галазёрны, Стралец, Багач, Вандроўнік, Юбіляр; грэчкі Юбілейная 2, Чарнаплодная, Жалейка, Аніта, Беларуская, Жняярка, Смуглянка, Волма і інш. У ін-це выведзены сарты бабовых культур, якія адаптаваны да мясц. умоў: гароху Агат, Белус, Беларус, Палёт; яравой вікі Наталі; лубіну Данка, Гелена, Міртан, Першацвет, Ашчадны і інш.; распрацаваны безгербіцыдныя і энергарэсурсазберагальныя тэхналогіі іх вырошчвання. Вядуцца шматпланавыя даследаванні тэхналогій вырошчвання кармавых траў і сіласных культур (канюшыны, рапсу, кукурузы і інш.), ствараюцца і раянуюцца іх сарты.

У БСГА значны ўклад у развіццё раслінаводства зрабілі А.​В.​Ключароў, І.​М.​Піўноўскі і інш. Распрацоўваліся пытанні тэорыі фарміравання высокіх ураджаяў (М.​С.​Савіцкі), перыядычнасці росту с.-г. раслін і яго рэгулявання (В.​С.​Шавялуха); удасканальваліся прыёмы і тэхналогіі вырошчвання палявых культур (В.​І.​Качурка, Ф.​І.​Лешчанка, Э.​М.​Мухаметаў, Л.​Б.​Наймарк, В.​Р.​Стралкоў, А.​А.​Шалюта), прапанаваны нетрадыцыйныя сістэмы вырошчвання грэчкі (М.​Я.​Мікалаеў), бульбы (П.​І.​Панасюга), зернебабовых сумесей (С.​С.​Камасін). Выкананы шэраг даследаванняў па ўдасканальванні прыёмаў вырошчвання палявых культур: ацэнка культур-папярэднікаў, распрацоўка лакальна-стужачнага спосабу ўнясення мінер. угнаенняў і інтэграванай сістэмы аховы пасеваў ва ўмовах радыяцыйнай нагрузкі (П.​К.​Александровіч, А.​М.​Брагін, І.Р. і Р.​Т.​Вільдфлуш, Г.​І.​Гарбылёва, С.​С.​Захараў, А.​А.​Калікінскі, С.​П.​Кукраш, А.​Р.​Цыганоў, П.​М.​Шарснёў і інш.), па селекцыі збожжавых і зернебабовых культур (А.​З.​Латыпаў, Р.​І.​Тарануха), бабовых кармавых траў (В.​З.​Шарапа). Выведзены сарты палявых культур: лубіну Акадэмічны 1, БСГА-382, Пружанскі, Бісер 347 (Р.​І.​Тарануха); фасолі Мотальская белая (П.​М.​Мінюк, В.​Н.​Кавалёў); канюшыны лугавой Мярэя (В.​І.​Бушуева); кукурузы Бема 172 СВ, Бема 210 СВ, Парумбель 212 СВ (В.​А.​Двайнішнікаў).

Па льнаводстве даследаванні вядуцца з 1950-х г. у НДІ земляробства і селекцыі, таксама на Магілёўскай абл. с.-г. доследнай станцыі. Праводзілася селекцыя лёну на ўраджайнасць і якасць валокнаў, на ўстойлівасць да палягання і фузарыёзу і інш. Распрацавана тэхналогія вырошчвання лёну, якая дазваляе атрымліваць 18 ц/га валокнаў і 9 ц/га насення. У 2000 на аснове эксперыментальнай базы «Устье» (Віцебская вобл.) створаны Бел. НДІ лёну, у якім выведзены сарты лёну Блакіт, Форт; распрацавана і рэкамендавана сартавая агратэхніка новых сартоў: Віта, Прамень, Пралеска, Васілёк, Блакіт (І.​А.​Голуб, В.​А.​Кажаноўскі, В.​А.​Пруднікаў, П.​І.​Шыбко).

Па буракаводстве работы вядуцца з 1928 на Ганусаўскай паляводчай доследнай станцыі (доследнай станцыі па цукр. бураках Нац. АН Беларусі). У розныя гады на станцыі распрацоўваліся тэхналогіі вырошчвання цукр. буракоў адпаведна з узроўнем развіцця і попытам вытворчасці. Створаны аднапарасткавыя трыплоідныя гібрыды Белдан, Данібел, Каўбел (Д.​С.​Бычкова, Т.​С.​Макарэвіч, І.​С.​Татур і інш.).

Па бульбаводстве даследаванні пачаты ў 1928 на Цэнтр. бульбяной доследнай станцыі. У 1956 створаны Бел. НДІ пладаводства, агародніцтва і бульбаводства. У 1990 вылучаны асобны БелНДІ бульбаводства. Уклад у селекцыю бульбы Зрабілі П.​І.​Альсмік, А.​Л.​Амбросаў, І.​І.​Бусько, М.​Дз.​Ганчароў, М.​А.​Дарожкін, А.​Я.​Зуйкоў, С.​М.​Купчына, З.​І.​Рамнёва, Л.​А.​Панцюхіна, А.​П.​Пузанкоў, М.​А.​Шыпількевіч і інш. У наш час найб. пашыраны сарты Ласунак, Явар, Аксаміт, Расінка, Скарб, Лазурыт, Выток, Сузор’е, Дэльфін, Альпініст, Архідэя, Ветразь, Здабытак. Комплексныя даследаванні агратэхнікі бульбы пачаты ў 1950-я г. Л.​І.​Гарэлкіным, працягваліся А.​Ф.​Багданоўскім, С.​А.​Банадысевым, І.​І.​Бусько, М.​В.​Кананучанкам, І.​С.​Малашанкам і інш. Пытанні ахоўных мерапрыемстваў вывучалі С.​І.​Бельская, М.​А.​Дарожкін, У.​Р.​Іванюк, Р.​Г.​Казак, Г.​М.​Крамнева, З.​І.​Рамнёва і інш.

У 2000 на базе Бел. НДІ земляробства і селекцыі створаны Нац. цэнтр генетычных рэсурсаў, які вывучае генетычны патэнцыял гаспадарча-карысных раслін з мэтай іх далейшага выкарыстання.

Літ.:

Шлапунов В.Н. Полевое кормопроизводство. Мн., 1985;

Семеноводство полевых культур. Мн., 1994;

Технология производства и качество продовольственного зерна. Мн., 1996;

Кадыров М.А. О земледелии: селекции и рациональном хозяйствовании. Мн., 2001;

Кормовой ячмень: генетика и селекция. Мн., 2003;

Банадысев С.А. Семеноводство картофеля: организация, методы, технологии. Мн., 2003;

Лен Беларуси. Мн., 2003.

Дз.​І.​Мельнічук, М.​М.​Старавойтаў.

т. 18, кн. 2, с. 583

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАТУ́Т ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА 1588, Трэці статут Вялікага княства Літоўскага,

звод законаў феад. права, які дзейнічаў у ВКЛ з 1589, а пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі — у Віцебскай і Магілёўскай губ. да 1831, у Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ. да 1840. Помнік старабел. пісьменства.

Пасля таго як быў прыняты Статут Вялікага княства Літоўскага 1566, кадыфікацыйная работа не спынілася. Ужо на Брэсцкім сойме 1566 было папраўлена некалькі артыкулаў. Праз 2 гады Гродзенскі сойм унёс папраўкі ў некат. артыкулы і стварыў камісію для дапрацоўкі Статута. Камісія для выпраўлення Статута 1566 была выбрана і на Люблінскім сойме 1569. Крыніцы для распрацоўкі Статута 1588 — Статут Вялікага княства Літоўскага 1529, Статут ВКЛ 1566, соймавыя пастановы 1573, 1578, 1580 і 1584, прывілеі, пастановы павятовых соймікаў. Да канца 1584 работа над Статутам была завершана, але ў сувязі з тым, што ён ігнараваў акт Люблінскай уніі 1569, прадстаўнікі Польшчы не дапускалі яго зацвярджэння на агульным сойме Рэчы Паспалітай. Каб захаваць велікакняжацкі трон, Жыгімонт III Ваза зацвердзіў Статут сваім прывілеем 28.1.1588.

Статут 1588 падрыхтаваны кваліфікаванымі правазнаўцамі пад кіраўніцтвам канцлера ВКЛ А.​Б.​Валовіча і падканцлера Л.​І.​Сапегі. У Статут увайшлі нормы дзярж. (канстытуцыйнага) права, чаго на той час не было ў заканад. практыцы інш. еўрап. дзяржаў. Ён абагульніў тагачасныя дзярж.-прававыя ідэі, некаторыя з іх апярэджвалі свой час. У Статуце знайшла адлюстраванне тэорыя падзелу ўлад на заканадаўчую (сойм), выканаўчую (вял. князь, адм. апарат) і судовую (Трыбунал Вялікага княства Літоўскага, земскія і падкаморскія суды, выбарныя і незалежныя ад адміністрацыі). Статут 1588 мае 14 раздзелаў і 488 артыкулаў. У 1—4-м раздзелах змешчаны нормы дзярж. права і судовага ладу, у 5—10-м і часткова ў 13-м — шлюбна-сямейнага, зямельнага і цывільнага права, у 11—12, 14-м і часткова ў 13-м — крымін. і крымін.-працэсуальнага права. Ідэі Рэфармацыі і верацярпімасці замацаваны ў артыкулах 3-га раздзела, паводле якога вял. князю і ўсім дзярж. органам прадпісана забяспечваць спакой усіх жыхароў дзяржавы, незалежна ад таго, якога вучэння яны прытрымліваюцца ў хрысц. веравызнанні. Ідэі гуманізму адбіліся на нормах крымін. і цывільнага права. Так, у пэўнай ступені гарантаваліся маёмасныя і асабістыя правы мяшчан. Кожны вольны чалавек мог пры жаданні выехаць за мяжу, калі гэта рабілася не на шкоду сваёй краіне. Статут юрыдычна замацоўваў тыя фактычныя адносіны, якія склаліся паміж ВКЛ і Польшчай пасля 1569, але абавязаў урад вярнуць адлучаныя ад княства землі, забараняў назначаць на дзярж. пасады і надзяляць зямлёй «чужаземцаў і загранічнікаў», у т. л. і падданых Польшчы, захаваў адасобленасць дзярж. устаноў, арміі, заканадаўства, эканомікі і фінансаў ВКЛ Уладаром дзяржавы прызнаваўся вял. князь, названы ў Статуце гаспадаром. Але многія яго паўнамоцтвы былі абмежаваны і выконваць іх ён мог толькі са згоды сойма, вышэйшых дзярж. службовых асоб. Статут замацоўваў феад. грамадскі лад, наяўнасць 2 асн. класаў: феадалаў і феадальна-залежных сялян. Асабліва былі вылучаны князі, паны радныя і паны харугоўныя, якія мелі права судзіць не толькі простых людзей, але і залежную ад іх шляхту, даваць ёй у часовае карыстанне землі, маёнткі, а таксама адбіраць гэтыя маёнткі, нягледзячы на даўнасць уладання імі (раздз. 3, арт. 30). Статут рэгламентаваў таксама некат. правы і абавязкі простых людзей і прадстаўнікоў этн. груп (сялян, слуг, чэлядзі, мяшчан, рамеснікаў, яўрэяў, татараў). Ён абараняў інтарэсы буйных і сярэдніх феадалаў і ўзмацняў іх прывілеяванае становішча, канчаткова запрыгоніў сялян. Для шляхты Статут прадугледжваў крымін. адказнасць за забойства простага чалавека, забараняў перадачу ў няволю вольнага чалавека за даўгі або злачынства, абмяжоўваў пакаранне непаўналетніх да 16 гадоў. Хоць Статут дэклараваў, што ўсе простыя людзі разам з феадаламі ўдзельнічаюць у выбранні гаспадара (раздз. 3, арт. 2), аднак простых людзей не дапускалі ў сойм, а іх удзел у паліт. жыцці абмяжоўваўся выключна мясц. валаснымі справамі. Статут 1588 закончыў кадыфікацыю права ў ВКЛ. Ён з’яўляецца выдатным помнікам бел. мовы і юрыд. думкі феад. эпохі.

Статут ВКЛ 1588 выкарыстоўваўся пры кадыфікацыі ў канцы 16 ст. прускага права, складанні Саборнага ўлажэння 1649 у Расіі, афіцыйна не зацверджаных укр. зб-каў «Права, за якими судится малороссийский народ» (2-я чвэрць 18 ст.), «Суд и розправка в правах малороссийских» (1750—58). У заканадаўстве і судах Польшчы, Латвіі, Эстоніі ён ужываўся як дадатковая крыніца права. Статут 1588, пераважна ў рэдакцыі 1614, быў гал. пісьмовым зводам дзеючага права на Украіне (у Кіеўскай, Падольскай і Валынскай губ. дзейнічаў да 1840). У 17—19 ст. ён перакладзены на рус., укр. ням., франц., лац. мовы.

Статут упершыню надрукаваны на бел. мове ў 1588 у віленскай друкарні Мамонічаў пад наглядам падканцлера Сапегі. Выданне яго двойчы паўторана (каля 1592—93 і каля 1600) з выхадной датай «1588». У 1614, 1619 і каля 1623 (з датай «1619») Л.​Мамоніч выдаў Статут на польск. мове. У 1648 Статут на польск. мове надрукаваў у Варшаве каралеўскі друкар П.​Элерт. Наступныя польскамоўныя выданні выйшлі ў Акадэмічнай друкарні ў Вільні ў 1693, 1744, 1786 і ў друкарні А.​Марціноўскага ў 1819. У 1811 Статут у перакладзе на польскую і рус. мову выдадзены ў С.-Пецярбургу, у 1854 — у Маскве на бел. мове.

Роля ўсіх Статутаў у гісторыі бел. мовы надзвычай вялікая. Яны замацоўвалі лепшыя моўныя здабыткі канцылярска-юрыдычнага пісьменства свайго часу, былі ўзорам для шматлікіх пісараў, якія афармлялі дэкрэты соймаў і Галоўнага трыбунала ВКЛ, акты судоў, рэестры і інвентары маёнткаў, запаветы, тэстаменты, дыпламат. дакументы. Багаццем лексічнага матэрыялу са Статутамі не можа параўнацца ніводны іншы помнік старабел. пісьменства. У гэтых адносінах асабліва вылучаецца С. 1588 — самы вялікі кодэкс. Дзякуючы гэтаму Статуты маюць першаступеннае значэнне для вывучэння гісторыі бел. мовы, асабліва яе лексікі. Значэнне Статутаў у гісторыі бел. мовы яшчэ і ў тым, што яны юрыдычна замацоўвалі прававое становішча бел. мовы як дзяржаўнай у ВКЛ.

Публ.:

Статут Великого княжества Литовского 1588 г. [печатанный с мамоничевского издания] // Временник Московского о-ва истории и древностей российских. М., 1854. Кн. 19;

Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989.

Літ.:

Пташицкий С.Л. К вопросу об изданиях и комментариях Литовского статута: Ист.-библиогр. справка. СПб., 1893;

Яго ж. К истории литовского права после третьего статута. СПб., 1893;

Бершадский С.А. Литовский статут и польские конституции: Ист.-юрид. исслед. СПб., 1893;

Лаппо И.И. Литовский Статут 1588 г. Т. 1—2. Каунас, 1934—38;

Юхо Я. Статуты Вялікага княства Літоўскага // Полымя. 1966. №11;

Бардах Ю. Литовские статуты — памятники права периода Возрождения // Культурные связи народов Восточной Европы в XVI в. М., 1976;

Яго ж. К вопросу об утверждении Литовского статута 1588 г. // Славяне в эпоху феодализма. М., 1978;

Яго ж. Statuty litewskie a prawo rzymskie. Warszawa, 1999;

Лабынцев Ю.А. «Статут Великого княжества Литовского» 1588 г. — памятник белорусской старопечатной литературы: (К 400-летию выхода в свет) // Сов. славяноведение. 1988. №5;

Третий литовский Статут 1588 г.: Материалы респ. науч. конф. Вильнюс, 1989;

Мякишев В. Возвращаясь к проблеме изданий Литовского Статута 1588 г. // Slavia Orientalis. 1997. №2.

І.​А.​Юхо.

т. 15, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБЫ

Асноўныя асаблівасці глеб Беларусі абумоўлены размяшчэннем краіны ў рэгіёне з умерана кантынентальным кліматам. працяглым вегетацыйным перыядам, высокім біякліматычным патэнцыялам. Паводле глебава-геаграфічнага раянавання на Беларусі вылучаюць 3 глебавыя правінцыі; паўночную (Прыбалтыйская), цэнтральную (Беларуская), паўднёвую (Палеская). Глебаўтваральныя пароды: азёрна-ледавіковыя і лёсавыя (12,6%), марэнныя (12,7%), водна-ледавіковыя (41,3%), старажытна-алювіяльныя (17%), алювіяльныя (6,8%), балотныя (9,6%). Глебы краіны ўтварыліся ў выніку падзолістага, дзярновага, балотнага працэсаў і лесіважу, якія спалучаюцца паміж сабой і з культурным глебаўтваральным працэсам. Ва ўтварэнні асобных глеб удзельнічаюць таксама буразёмны, заліўны і алювіяльны працэсы, водная і ветравая эрозія. У наменклатурны спіс глеб Беларусі ўваходзіць 13 глебавых тыпаў: дзярнова-карбанатныя, бурыя лясныя, падзолістыя, дзярнова-падзолістыя, падзолістыя забалочаныя, балотна-падзолістыя, дзярновыя забалочаныя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, балотныя, поймавыя, антрапагенныя і інш. Паводле колькасці вільгаці іх падзяляюць на аўтаморфныя, паўгідраморфныя і гідраморфныя.

Дзярнова-карбанатныя глебы сустракаюцца на ўсёй тэр. краіны на фоне дзярнова-падзолістых глеб. Найб. буйныя іх масівы ў Брэсцкай, Мінскай і Магілёўскай абласцях. Яны фарміруюцца ў выніку дзярновага глебаўтваральнага працэсу пад травяністай расліннасцю на шчыльных і рыхлых карбанатных пародах (вапняках, даламітах, меле, лёсе, карбанатнай марэне). Характарызуюцца моцным гумусавым гарызонтам (15—40 см), які мае 2,5—6% гумусу. Паводле глыбіні залягання карбанатаў і ступені насычанасці імі верхняй часткі профілю падзяляюцца на падтыпы: тыповыя, вышчалачаныя і ападзоленыя. Дзярнова-карбанатныя тыповыя глебы ў сувязі з неспрыяльнымі водна-фізічнымі якасцямі пад ворыва не выкарыстоўваюцца.

Дзярнова-карбанатныя вышчалачаныя і ападзоленыя глебы вызначаюцца высокай патэнцыяльнай урадлівасцю. Паводле баніціровачнай шкалы Беларусі іх сугліністыя разнавіднасці ацэньваюцца ў 70—100 балаў.

Бурыя лясныя глебы сустракаюцца сярод дзярнова-падзолістых глеб у цэнтр. і зах. частках краіны пад шыракалістымі і хвойна-шыракалістымі лясамі з багатым разнатраўным покрывам. Утвараюцца ў выніку буразёмаўтварэння (спалучэнне гумусава-акумулятыўнага працэсу з лесіважам і агліненнем). Гумусава-акумулятыўны гарызонт цёмна-шэрага (чорнага) колеру з бураватым адценнем, таўшчынёй 7—10 см, гумусу мае каля 5%. На Беларусі вылучаны толькі пад лясамі.

Падзолістыя глебы зрэдку сустракаюцца пад хвойнымі лясамі на ўраўнаваных слабадрэніраваных участках (надпоймавыя тэрасы, зандравыя раўніны), складзеных з рыхлых парод. У надглебавым покрыве сустракаюцца зялёныя імхі, кісліца, чарнічнік. Іх характэрная асаблівасць — адсутнасць добра выяўленага гумусава-акумулятыўнага гарызонту. Рэакцыя глебы моцнакіслая. Гумусу да 1,5%.

Дзярнова-падзолістыя глебы пашыраны на ўсёй тэр. краіны (36,2% плошчы с.-г. зямель). Утвараюцца ва ўмовах прамыўнога воднага рэжыму на бескарбанатных пародах пад травяністымі і імшыста-травяністымі лясамі. Профіль глебы рэзка дыферэнцыраваны на верхнюю элювіяльную і ніжнюю ілювіяльную часткі ў выніку спалучэння дзярновага, падзолістага працэсаў і лесіважу. Значная іх частка мае мала гумусу (да 2%) і пажыўных рэчываў, дрэнную аэрацыю, нетрывалую структуру і невысокую насычанасць асновамі. Паводле марфалагічнай будовы профілю вылучаюць 4 падтыпы такіх глеб: дзярнова-палева-падзолістыя, уласна дзярнова-падзолістыя (белаватыя), дзярнова-падзолістыя эрадзіраваныя, дзярнова-падзолістыя акультураныя.

Падзолістыя забалочаныя глебы фарміруюцца ў выніку сумеснага дзеяння лесіважу, падзолістага і глеевага працэсаў. Яны характарызуюцца агляеннем, кантрастным водным рэжымам, пераўтварэннем арганічных рэчываў з утварэннем вялікай колькасці фульвакіслот, поліфенолаў, нізкамалекулярных кіслот, утварэннем рухомых закісных форм жалеза і марганцу, а ў кіслым асяроддзі — рухомых злучэнняў алюмінію і інш., што ў сукупнасці істотна пагаршае іх агранамічныя якасці. На Беларусі трапляюцца лакальна, у с.-г. вытворчасці не выкарыстоўваюцца.

Балотна-падзолістыя глебы фарміруюцца пры спалучэнні балотнага і падзолістага глебаўтварэння з заляганнем мяккіх грунтавых вод блізка ад паверхні. Сустракаюцца на Пн краіны пад хвойнымі лясамі з імшыста-кусцікавым наземным покрывам, на Пд — пад забалочанымі мяшанымі лясамі з імхова-травяным покрывам і інш. Іх тарфяны гарызонт 10—30 см, гумусава-акумулятыўны маламоцны. Вызначаюцца невялікай прадукцыйнасцю, выкарыстоўваюцца пад лясы.

Дзярновыя забалочаныя глебы фарміруюцца пад травяным покрывам у выніку дзярновага і балотнага глебаўтварэння ва ўмовах працяглага залішняга ўвільгатнення. Характарызуюцца добра вызначаным гумусавым гарызонтам, вял. колькасцю гумусу (да 12%), павышанай ступенню насычанасці асновамі, нейтральнай рэакцыяй глебавага раствору, прыкметамі агляення. У залежнасці ад працягласці залішняга ўвільгатнення падзяляюцца на глеяватыя і глеевыя. Трапляюцца невялікімі масівамі ў паніжэннях і ў месцах з блізкім ад паверхні заляганнем грунтавых вод (на Палессі). Займаюць каля 11% сельгасугоддзяў, выкарыстоўваюцца пераважна пад сенажаці.

Дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы ўтвараюцца ва ўмовах працяглага перыядычнага пераўвільгатнення паверхневымі ці грунтавымі водамі ў выніку спалучэння абглейвання з дзярновым і падзолістым працэсам глебаўтварэння. Фарміруюцца пад лісцева-хвойнымі і хвойна-шыракалістымі лясамі з травяністым покрывам. Пашыраны на раўнінных паніжэннях. Вызначаюцца высокай кіслотнасцю, невялікай колькасцю элементаў жыўлення, высокім утрыманнем рухомага алюмінію, нізкай ступенню насычанасці асновамі ў верхняй частцы профілю. У глеяватых глебах гумусу 2—6%, у глеевых — да 10%. Іх асваенне патрабуе асушальнай меліярацыі.

Балотныя глебы належаць да гідраморфных. Утвараюцца ў выніку балотнага працэсу глебаўтварэння. Займаюць каля 12,9% плошчы сельгасугоддзяў. Паводле характару воднага жыўлення, складу расліннасці і якасцей торфу іх падзяляюць на тарфяна-балотныя вярховыя і тарфяна-балотныя нізінныя глебы. Тарфяна-балотныя нізінныя глебы фарміруюцца ў паніжэннях рэльефу, на шлейфах схілаў пад уплывам пастаяннага залішняга ўвільгатнення грунтавымі водамі. Пераважна пад лясамі (вольха чорная, бяроза пушыстая), наземнае покрыва з асок, чароту, імхоў. Вызначаюцца высокай ступенню насычанасці асновамі (да 100%). Торф зольнасцю 5—50%, колькасцю гумусавых рэчываў (да 42%) з перавагай гумінавых кіслот, азоту 3—4%. Тарфяна-балотныя вярховыя глебы ўтвараюцца на водападзелах у замкнутых бяссцёкавых паніжэннях ва ўмовах залішняга ўвільгатнення атмасфернымі ці грунтавымі водамі. Укрыты расліннасцю з перавагай хвоі, багуну, буякоў, журавін, імхоў. Торф адрозніваецца нізкай ступенню раскладання, меншай шчыльнасцю, высокай вільгацяёмістасцю, моцнакіслай рэакцыяй, невялікай колькасцю гумусу (0,5—2%), зольнасць 2—5%. Пасля асушальнай меліярацыі нізінны тып глеб выкарыстоўваюць пад ворыва.

Поймавыя, або алювіяльныя глебы ўтвараюцца ў поймах на рачных адкладах ва ўмовах перыядычнага затаплення. Вызначаюцца высокай біягеннасцю, інтэнсіўнымі глебаўтваральнымі працэсамі, слаістым марфалагічным профілем. Паводле воднага і цеплавога рэжымаў, механічнага складу, ступені агляення, колькасці гумусу глебы поймаў падзяляюцца на алювіяльныя дзярновыя, алювіяльныя дзярнова-забалочаныя, алювіяльныя балотныя. Пашыраны пераважна на Палессі. Большасць іх вызначаецца высокай урадлівасцю, але патрабуе рэгулявання воднага рэжыму. Выкарыстоўваюць пад сенажаць і пашу.

Антрапагенныя глебы — тып глеб, якія цалкам страцілі свае натуральныя якасці і прыкметы ў выніку гасп. дзейнасці чалавека. Іх падзяляюць на рэкультываваныя глебы, што занава створаны на месцах выпрацаваных тарфянікаў ці кар’ераў здабычы карысных выкапняў; антрапагенна-дэградзіраваныя глебы, што парушаны ў выніку постмеліярацыйнай дэградацыі; антрапагенна-парушаныя глебы, што змяніліся ў выніку прамога негатыўнага ўплыву гасп. дзейнасці (выдаленне ворнага слоя, перамешванне глебавых гарызонтаў); антрапагенна-засоленыя глебы, што ўзніклі побач з Салігорскім калійным камбінатам; другасна забалочаныя глебы, што фарміруюцца ў выніку падтаплення тэрыторый пры стварэнні вадасховішчаў.

Літ.:

Почвы Белорусской ССР. Мн., 1974;

Жилко В.В. Эродированные почвы Белоруссии и их использование. Мн., 1976;

Туренков Н.И. Палево-подзолистые почвы Белоруссии. Мн., 1980;

Смеян Н.И. Почвы и структура посевных площадей. Мн., 1990;

Петровский Е.И., Горбылева А.И., Калько Б.А. Почвы Республики Беларусь. Горки, 1998;

Земля Беларуси: Справ. пособие. Мн., 2002;

Номенклатурный список почв Беларуси. Мн., 2003.

В.​Б.​Вараб’ёў, Г.​І.​Гарбылёва.

т. 18, кн. 2, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т БЕЛАРУ́СКАЙ КУЛЬТУ́РЫ (Інбелкульт, ІБК),

першая ў гісторыі Беларусі вышэйшая шматгаліновая н.-д. ўстанова. Існаваў у 1922—28, ператвораны ў Акадэмію навук Беларусі. Засн. 30.1.1922 у Мінску на базе Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР. У распрацоўцы першага статута ІБК удзельнічалі У.І.Пічэта, Я.Ф.Карскі, З.​Х.​Жылуновіч (Ц.Гартны), Я.Л.Дыла. Старшыні ІБК: С.М.Некрашэвіч (1922—24), У.М.Ігнатоўскі (1924—26, з 1927 прэзідэнт). Першыя супрацоўнікі: У.​В.​Чаржынскі (сакратар ІБК, гл. Дзяржынскі У., М.В.Азбукін, М.Я.Байкоў, Л.​Більдзюкевіч, М.А.Грамыка, М.​М.​Гуткоўскі, К.​М.​Міцкевіч (Я.Колас), І.​Д.​Луцэвіч (Я.Купала), Ч.І.Родзевіч і інш. Напачатку меў 2 секцыі: гуманітарную (з слоўнікавай, тэрміналагічнай і літ.-даследчай камісіямі) і прыроды (з геолага-глебазнаўчай камісіяй). З-за недахопу матэрыяльных сродкаў вёў даследаванні выключна ў галіне гуманітарных навук: распрацоўка практычных праблем бел. мовазнаўства, вывучэнне бел. л-ры, мастацтва, гісторыі, этнаграфіі, фальклору. У 1923—24 створаны агранамічная, прыродазнаўчая і мед. секцыі. У канцы 1923 на правах пастаяннай камісіі створана Цэнтральнае бюро краязнаўства. У сак. 1924 арганізаваны секцыі этнаграфіі і геаграфіі, мастацтва, права, педагогікі, медыка-ветэрынарная, сац.-эканамічная. У ліп. 1924 ЦВК і СНК БССР зацвердзілі «Палажэнне аб Інстытуце беларускай культуры», паводле якога ІБК прызнаваўся вышэйшай дзярж. навук. установай Беларусі. У 1925 у склад ІБК увайшла камісія па вывучэнні прыродных прадукц. сіл Беларусі (створана ў 1923 Дзяржпланам БССР), арганізаваны яўр. і польскі аддзелы. У 1926 ІБК вылучаны са складу Наркамасветы БССР і ператвораны ў самаст. навук. ўстанову пры СНК БССР. На 1.7.1926 у ін-це працавала 77 правадз. членаў, 69 чл.-супрацоўнікаў і 60 чл.-карэспандэнтаў. У яго дзейнасці ўдзельнічалі каля 200 супрацоўнікаў ВНУ. У чэрв. 1927 зацверджаны новы статут ІБК. Структура ін-та была набліжана да акадэмічнай. Уключала 2 аддзелы: гуманітарных навук (кіраўнік Некрашэвіч), прыроды і гаспадаркі (кіраўнік А.А.Смоліч). Створана аспірантура. У ліст. 1927 СНК БССР зацвердзіў склад прэзідыума ІБК: Ігнатоўскі (прэзідэнт), М.​І.​Бялуга (віцэ-прэзідэнт), В.Ю.Ластоўскі (сакратар), Некрашэвіч, С.Л.Гельтман (заг. польск. сектара), В.​М.​Аршанскі (заг. яўр. сектара) і 14 правадз. членаў ІБК: Ігнатоўскі (кафедра гісторыі Беларусі), Ластоўскі (кафедра этнаграфіі), Пічэта (кафедра гісторыі права і гаспадаркі Беларусі), А.М.Ясінскі (кафедра ўсеагульнай гісторыі), С.Ю.Матулайціс (кафедра гісторыі Літвы), Некрашэвіч (кафедра жывой бел. мовы), Я.Ю.Лёсік (кафедра бел. навук. мовы), І.І.Замоцін (кафедра бел. л-ры), Я.​Купала, Я.​Колас, Ц.​Гартны (Жылуновіч, кафедра маст. л-ры), М.​Ф.​Бліадуха (кафедра геалогіі), Смоліч (кафедра геаграфіі), Я.​М.​Афанасьеў (кафедра глебазнаўства). Працавалі кафедры: гісторыі бел. мовы (з камісіяй па складанні гіст. слоўніка бел. мовы), жывой бел. мовы (з камісіямі па складанні слоўніка жывой бел. мовы), дыялекталагічная (па вывучэнні бел. дыялектаў, у складзе кафедры Ін-т навук. мовы), гісторыі бел. л-ры (з камісіяй па выданні твораў бел. пісьменнікаў), агульнай гісторыі, гісторыі Беларусі (з камісіямі па вывучэнні грамадскага руху на Беларусі, гісторыі гарадоў і краін Беларусі, гісторыі асветы на Беларусі), гісторыі бел. права (з археаграфічнай камісіяй), гісторыі нар. гаспадаркі Беларусі, археалогіі Беларусі, этнаграфіі Беларусі (з фальклорнай камісіяй), гісторыі Літвы, глебазнаўства, батанікі (з бат. камісіяй і Бат. садам каля Віцебска), заалогіі (з заал. музеем), геаграфіі (з камісіямі геаграфіі і картаграфіі, па складанні геагр. слоўніка Беларусі), хіміі (з Цэнтр. хім. лабараторыяй), антрапалогіі (з лабараторыяй вышэйшай нерв. дзейнасці і антрапалагічным кабінетам), біялогіі (з лабараторыяй эксперым. біялогіі), Ін-т бел. мастацтва (з камісіямі па вывучэнні гісторыі бел. мастацтва, бел. тэатра, бел. песні і музыкі, музеем бел. мастацтва), геал. ін-т (з секцыяй рэгіянальнай геалогіі). Дзейнічалі камісіі: бібліяграфічная, вайскова-тэрміналагічная, па вывучэнні Зах. Беларусі, па вывучэнні культуры латышоў, па вывучэнні прам-сці, па вывучэнні хатніх рамёстваў, па вывучэнні кааперацыі. У сістэму ІБК уваходзілі таксама навук. т-ва па вывучэнні Беларусі (пры Бел. с.-г. акадэміі), б-ка, друкарня.

Інстытут разгарнуў значную работу ў галіне геалогіі, глебазнаўства, геабатанікі, геаграфіі, геафізікі, хіміі, вывучэння прыродных рэсурсаў Беларусі. Прыродазнаўчая секцыя даследавала прыроду рэспублікі. Яе экспедыцыі адкрылі паклады фасфарытаў, керамічнай і вогнетрывалай гліны, бурага вугалю, кварцавага пяску, наблізіліся да адкрыцця нафты. У 1924 секцыя правяла 1-ю Усебел. глебазнаўчую канферэнцыю, на якой быў вызначаны план наступных даследаванняў глеб Беларусі. Даследаваліся геаграфія і генезіс глеб, іх урадлівасць. Да 1931 былі абследаваны глебы ўсёй рэспублікі і складзена яе зводная глебавая карта. Даследавалася флора і фауна. У 1923—28 ІБК арганізаваў шматлікія геабатанічныя экспедыцыі (удзельнічалі В.​П.​Аўрамчык, Н.​А.​Збітнеўскі, В.​А.​Міхайлоўская, В.​С.​Палянская і інш.). У выніку з’явіліся работы з апісаннем расліннасці па раёнах рэспублікі. Пад рэд. Н.​П.​Кузняцова была складзена геабатанічная карта, Палянская апублікавала спіс 150 найб. важных відаў раслін і карту іх распаўсюджання ў Беларусі. А.​У.​Фядзюшын (кіраваў секцыяй заалогіі) даследаваў фауну рэспублікі. Матэрыялы флоры, фауны і геалогіі Беларусі былі прадстаўлены ў музеі прыроды (меў заалагічны, батанічны і глебавы аддзелы). З 1927 кафедра геаграфіі вывучала эканам. раянаванне рэспублікі і рыхтавала поўнае геагр. апісанне Беларусі. Метэаралаг. бюро (у складзе прыродазнаўчай секцыі) мела сетку метэастанцый і вяло вывучэнне клімату Беларусі. У 1927 пад кіраўніцтвам А.​І.​Кайгародава была завершана работа над «Кліматычным атласам Беларусі», які падрыхтавала кафедра метэаралогіі Бел. с.-г. акадэміі. Мед. секцыя вывучала спецыфічныя хваробы Беларусі, санітарны стан вёскі і лекавыя крыніцы рэспублікі. С.-г. секцыя вывучала с.-г. гаспадарку і распрацоўвала шляхі яе рацыяналізацыі і ўдасканалення. Цэнтральнае бюро краязнаўства пры прэзідыуме ІБК кіравала шырока разгорнутай краязнаўчай работай. Да канца 1929 у Беларусі было 8 акруговых, 100 раённых, 96 мясцовых, 97 школьных і краязнаўчых таварыстваў ВНУ з 10,5 тыс. членаў. Краязнаўцы сабралі велізарны матэрыял, выдалі каля 20 папулярных прац. З 1925 выходзіў час. «Наш край», які адыграў важную ролю ў вывучэнні роднага краю.

ІБК правёў Першую Усебеларускую краязнаўчую канферэнцыю, Першы з’езд даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі, Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926). Падтрымліваў сувязі з АН СССР, АН УССР, замежнымі даследчымі навук. ўстановамі. 13.10.1928 пастановай ЦВК і СНК БССР рэарганізаваны ў АН Беларусі.

ІБК выдаў працы: «Беларуска-расійскі слоўнік» Байкова і Некрашэвіча (1925), «Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925» (1926), «Сацыялістычны рух на Беларусі ў пракламацыях 1905 г.» (1927), «Беларуская этнаграфія ў доследах і матэрыялах» (кн. 1—5, 1926—28), «Працы і матэрыялы да гісторыі і археалогіі Беларусі» (кн. 1—3, 1926—27), «Беларускі архіў» (т. 1—2, 1927—28), «Матэрыялы да вывучэння флоры і фауны Беларусі» (т. 1—2, 1927—28), «Нарысы гісторыі беларускай літаратуры» М.​М.​Піятуховіча (ч. 1, 1928), «Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва» М.​М.​Шчакаціхіна (т. 1, 1928), «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» П.​А.​Бузука (ч. 1, вып. 1, 1928), «Дынаміка і геаграфічнае распаўсюджванне паляўнічай фауны БССР» А.​У.​Фядзюшына (1929), «Матэрыялы да геаграфіі і статыстыкі Беларусі» (т. 1—2, 1928—29), «Творы» М.​Багдановіча (т. 1—2, 1927—28), «Матчын дар: Думы і песні, 1907—1914» А.​Гаруна (1929) і інш. Выдаваў «Запіскі аддзела гуманітарных навук», «Запіскі аддзела прыроды і народнай гаспадаркі»; выйшлі 24 выпускі «Беларускай навуковай тэрміналогіі» (1922—30), «Працы Першай Усебеларускай глебазнаўчай канферэнцыі, 16—17 крас. 1924 г.» (1926), «Працы першага з’езду даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі, 17—18 студз. 1926 г.» (кн. 1, 1926), «Працы Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі» (1927).

Літ.:

Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993;

Акадэмія навук Беларускай ССР. Мн., 1979;

Палуян В.А. Інстытут беларускай культуры і станаўленне беларускай савецкай навукі // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук, 1972. № 6;

Гарэцкі Г.І. Каля вытокаў беларускай савецкай навукі// Тамсама. 1979. № 1;

Міхнюк У.М. Інстытут беларускай культуры// Тамсама;

Токараў М.У. Ад Інстыгуга беларускай культуры да Акадэміі навук рэспублікі (Да 60-годдзя Інбелкульта) // Тамсама. 1982. № 1;

Петрыкаў П.Ц. Інстытуту беларускай культуры — 70 гадоў // Тамсама. 1992. № 5—6.

У.​У.​Грамовіч, У.​М.​Міхнюк, І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭА́ТР Ю́НАГА ГЛЕДАЧА́ БЕЛАРУ́СІ, Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача. Створаны ў 1955 у Мінску як Бел. рэсп. т-р юнага гледача з выпускнікоў Бел. тэатр.-маст. ін-та (курс Л.Мазалеўскай) і акцёраў інш. т-раў, у т. л. даваен. Тэатра юнага гледача БССР. У 1970—92 — імя 50-годдзя камсамола Беларусі. З 1991 наз. Т.ю.г.Б., з 2000 зноў Бел. рэсп. т-р юнага гледача. Адкрыўся 8.4.1956 урыўкамі са спектакляў «Як гартавалася сталь» паводле М.​Астроўскага, казкі «Горад майстроў» Т.​Габэ, сучаснай драмы «Каханне Ані Бярозка» У.​Пісталенкі. У станаўленні т-ра вял. роля належала Мазалеўскай і дырэктару У.Стэльмаху, якія вызначылі яго пастановачныя і пед. прынцыпы. Важнае значэнне надавалася стварэнню нац. рэпертуару. У 1957—58 пастаўлены п’есы бел. аўтараў «Аркадзь Жыгалкін» Я.​Пасава, «Юныя мсціўцы» А.​Гутковіча і В.​Хазанскага, «Не верце цішыні» І.​Шамякіна, «За лясамі дрымучымі» А.​Вольскага і П.​Макаля і інш. Асаблівае месца належала п’есам І.​Козела «Папараць-кветка» (1957), якая стала этапнай у творчасці т-ра, і «Над хвалямі Серабранкі» (1961). За гады існавання т-р паставіў больш за 50 бел. п’ес, з іх больш за 40 — новых. Папулярнасцю карысталіся казкі «Прыгоды Чыпаліна» з музыкай Я.​Глебава (1957), «Казачны домік» М.​Стэгліка (1960), «Сярэбраная табакерка» паводле З.​Бядулі (1964), «Прыгоды Бураціна» паводле А.​Талстога (1966), «Цудоўная дудка» В.​Вольскага (1968), «Малыш і Карлсан, які жыве на даху» паводле А.​Ліндгрэн (1969) і п’есы маральна-этычнай праблематыкі «У пошуках радасці» В.​Розава (1958), «Учора ў Касаткіне» А.​Зака і І.​Кузняцова (1959), «Тры салаўі, дом 17» Д.​Дабрычаніна (1959); класічныя творы: «Не ўсё кату масленіца» (1957) і «Свае людзі — паладзім» (1964) А.​Астроўскага, «Рэвізор» М.​Гогаля (1960), «Клоп» У.​Маякоўскага (1962; упершыню пастаўлена на бел. сцэне), п’есы У.​Шэкспіра, П.​Кальдэрона. У спектаклях для падлеткаў пераважала рамант.-прыгодніцкая і рэв.-гераічная тэма: «Авадзень» паводле Э.​Л.​Войніч і «Чырвоныя чарцяняты» П.​Бляхіна, А.​Палявога і А.​Талбузіна (1961), «Бітва ў космасе» М.​Гамолкі (1963) і інш., а таксама спектаклі, у якіх узнімаліся вострыя праблемы школьнага жыцця: «Усё гэта не так проста...» паводле Л.​Ісаравай (1962), «Пузыркі» А.​Хмеліка і «Яны і мы» Н.​Далінінай (1965). Гіст. асобам прысвечаны спектаклі «Марат Казей» (1964) і «Юнацтва рыцара» (1970) В.​Зуба, «Чырвоны губернатар» (1967) і «Палёт» (1969) У.​Мехава, «Зорка Венера» М.​Алтухова і Б.​Бур’яна (1967). Спектаклі 1970-х г. набывалі ўсё больш яркую і выразную форму: «Зялёная птушка» паводле К.​Гоцы, «З любімымі не расставайцеся» А.​Валодзіна, «Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець...» паводле М.​Чарота і Я.​Купалы, «Я спяшаюся за летам» В.​Пальчынскайтэ, «Чалавек, падобны на сябе самога» (Міхаіл Святлоў) З.​Папернага, «Бэмбі» паводле Ф.​Зальтэна, «Сіні снег» Я.​Шабана, «На ўсіх адна бяда» П.​Макаля, «Міколка-паравоз» паводле М.​Лынькова, «Подых навальніцы» паводле І.​Мележа, «Маладая гвардыя» паводле А.​Фадзеева, «Чатыры кроплі» Розава, «Дванаццатая ноч» Шэкспіра, «Драма праз лірыку» Г Палонскага і «Пойдзем у кіно?» А.​Алексіна. У 1980-я г. вызначальнымі былі спектаклі «Як гартавалася сталь» паводле інсцэніроўкі А.​Дударава, «Асоль» паводле А.​Грына, «Падонкі» Я.​Главацкага, «Калыска чатырох чараўніц» У.​Караткевіча, «Марутка» С.​Алексіевіч. Спектаклі 1980—90-х г. — пераважна муз.-драм. паказы. відовішчныя, дынамічныя, насычаныя музыкай, спевамі, сучаснымі мелодыямі і рытмамі: «Кот у ботах» паводле Ш.​Перо, «Петэр Мунк і яго каменнае сэрца» паводле В.​Гаўфа, «Анчутка» Б.​Мятальнікава, «Ноч на Івана Купалу» Ю Куліка і інш. Т-р даў сцэн жыццё паэме «Песня пра Зубра» Міколы Гусоўскага (1994). Сярод лепшых пастановак для старэйшых школьнікаў — «Банкрут» («Свае людзі — паладзім») А.​Астроўскага, «Стваральніца цуду» У.​Гібсана. Творчым пошукам пазначаны пастаноўкі «Пінская шляхта» паводле В.​Дуніна-Марцінкевіча (1995), «Антыгона» (1998) і «Шляхі цароў» (2002) паводле Ж.​Ануя і Сафокла. Выразная форма, пластыка, музычнасць, сцэнаграфія ў спалучэнні з дакладна выяўленым глыбокім маральным зместам у лепшых спектаклях: «Кошчын дом» (гуляем у оперу) С.​Маршака з музыкай Р.​Уласюка, муз. трагікамедыя «Шчаслівыя жабракі» паводле Гоцы, драма «Маленькі лорд Фаўнтлерой» паводле Ф.​Бёрнет, трагічная легенда «Палачанка» Дударава, казкі «Сястра мая Русалачка» Л.​Разумоўскай, «Дарога на Віфлеем» С.​Кавалёва і «Рыцар Сонца» П.​Васючэнкі. З інш. пастановак: «Ніхто не паверыць» паводле Я.​Экхольма, «Палёт у краіну мрояў» М.​Варфаламеева, «Парася, якое спявае» С.​Казлова, «Сярэбраная табакерка» М Матукоўскага. У 2-й пал. 1970—пач. 1990-х г. у т-ры дзейнічала т.зв. малая сцэна (спектаклі «Апошні тэрмін» паводле В.​Распуціна, «Эдзіт Піяф» В.​Легентава, «Гісторыя кахання Паласатага Ката і сеньярыты Ластаўкі» паводле Ж.​Амаду і інш.). У 1991 створаны тэатр-ліцэй, на спектаклях-уроках якога школьнікі спасцігалі асновы тэатр. мастацтва, знаёміліся з жыццём і творчасцю дзеячаў нац. культуры. У 1994 на базе т-ра адбылася міжнар. навук.-практычная канферэнцыя «Псіхалагічная рэабілітацыя дзяцей сродкамі тэатральнага мастацтва» і трыенале «Тэатр — дзецям». У 2-й пал. 1990-х г. наладжваліся «Дні сям’і ў тэатры», праводзіўся конкурс «Любім тэатр з дзяцінства». У 2002 мюзіклам «Гісторыя кахання Паласатага Ката і сеньярыты Ластаўкі» А.​Еранькова адкрылася эксперыментальная сцэна.

У фарміраванні маст. аблічча т-ра адметную ролю адыгралі акцёры У.​Говар-Бандарэнка, П.​Дубашынскі, В.​Лебедзеў, Р.​Маленчанка, В.​Окалаў, А.​Ротар, Л.​Цімафеева; рэжысёры В.​Пацехін, Ю.​Міроненка; мастак В.​Кляшчэўскі; кампазітар Я.​Глебаў; драматург А.​Вольскі, Макаль, Дудараў. Значны ўклад зрабілі акцёры Э.​Аўчыннікава, Л.​Барташэвіч, А.​Бяляеў, Э.​Зайцава, К.​Каралёва. Ю.​Кухаронак, У.​Мартынаў, С.​Мацюкевіч, К.​Мізгайла, Л.​Міхайлаў, Ю.​Палосіна, З.​Паўлоўская, К.​Пельтцар, Б.​Піскун, Г.​Раеўская, К.​Сянкевіч, Ю.​Фляйто і інш. У розныя гады ў т-ры працавалі акцёры В.​Тарасаў, А.​Кашкер, І.​Дабралюбаў, Э.​Гарачы, М.​Трухан, С.​Журавель, В.​Філатаў, мастакі Д.​Сычоў, Б.​Казакоў, В.​Тарасаў. Гал. рэжысёры: Мазалеўская (1956—61, 1963—64), Б.​Дакутовіч (1962—63), У.​Маланкін (1965—67), Б.​Ганага (1967—71), М.​Шыйко (1972—74), Р.​Баравік (1974—78). І.​Папоў (1978—79), В.​Анісенка (1979—80), В.​Рыжы (1980—83), У.​Караткевіч (1983—88), В.​Глубокава (1989—90), М.​Абрамаў (1991—95), з 1995 — А.​Андросік; гал. мастакі: А.​Марыкс (1956), І.​Пешкур (з 1962), Ю.​Тур (з 1970), У.​Гардзеенка (1973—78), Л.​Герлаван (1983—91), з 1992 — Л.​Рулёва. У складзе трупы (2002): нар. арт. Беларусі М.​Пятроў; засл. артысты Беларусі Б.​Барысёнак, Л.​Горцава, А.​Жук, В.​Кавалерава, Л.​Улашчанка; акцёры Р.​Астрадзінава. В.​Бранкевіч, Н.​Гарбаценка, Ж.​Друцкая. К.​Доўнар, Т.​Жданава, Ю.​Жыгамонт, В.​Казлоў, А.​Каламіец, Л.​Катковіч, А.​Курловіч, Г.​Кухальская, М.​Лявонцьеў, М.​Лявончык, С.​Ніканчык, А.​Палазкоў, А.​Паплаўская, А.​Сідорчык, І.​Ушакевіч, А.​Шабад, І.​Шрубейка, Н.​Якаўлева і інш.; рэжысёр Н.​Башава.

Будынак т-ра ўзведзены ў 1956 (арх. А.​П.​Воінаў, Л.​Усава) у працэсе рэканструкцыі відовішчнай групы памяшканняў Палаца піянераў і школьнікаў, з якім утварае адзіную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Мае сім. планіровачную схему: на гал. восі знаходзяцца вестыбюль, глядзельная зала на 455 месцаў (з партэрам, амфітэатрам, 2 бакавымі ложамі), кулуары. Гал. ўваход вылучаны парадным 6-калонным порцікам карынфскага ордэра. У б. ёлачнай зале абсталявана эксперым. сцэна на 96 месцаў.

Літ.:

Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача. Мн., 1957;

Стэльмах У. Тэатр і час: Зап. дырэктара тэатра. Мн., 1973;

Сабалеўскі А. Сучаснасць і гісторыя. Мн., 1985;

Тэатру юнага гледача Рэспублікі Беларусь — 40 гадоў // Тэатр. творчасць. 1996. № 2;

Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача. Мн., 2000.

Дз.​У.​Стэльмах.

Тэатр юнага гледача Беларусі. Сцэна са спектакля «Горад майстроў» Т.​Габэ.
Тэатр юнага гледача Беларусі. Сцэна са спектакля «Клоп» У.​Маякоўскага.
Тэатр юнага гледача Беларусі. Сцэна са спектакля «Рыцар Сонца» П.​Васючэнкі.
Тэатр юнага гледача Беларусі. Сцэна са спектакля «Бэмбі» паводле Ф.​Зальтэна.
Тэатр юнага гледача Беларусі. Сцэна са спектакля «Шчаслівыя жабракі» К.​Гоцы.
Тэатр юнага гледача Беларусі. Сцэна са спектакля «Маленькі лорд Фаўнтлерой» паводле Ф.​Бёрнет.
Тэатр юнага гледача Беларусі. Сцэна са спектакля «Палачанка» А.​Дударава.
Тэатр юнага гледача Беларусі. Сцэна са спектакля «Папараць-кветка» І.​Козела. 1957.

т. 16, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)