БРЫ́НЗА (рум. brînzǎ),

расольны сыр з авечага малака або сумесі авечага з казіным. На Беларусі брынза — нарыхтаваны ў запас тварог. У пост, калі малочныя прадукты не спажываліся, добра адціснуты тварог або сыр перамешвалі з соллю (у халодную пару года без солі), складалі ў дзежкі, залівалі або закладалі сметанковым маслам, захоўвалі ў халодным месцы. Была найб. пашырана ў Цэнтр. і Усх. Палессі.

т. 3, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́НКЕР-ЦЯГНІ́К,

транспартны сродак для бесперапыннай загрузкі, транспартавання і разгрузкі горнай масы. Складаецца з секцый-платформаў (без тарцовых сценак) на колава-рэйкавым ходзе. Секцыі ўтвараюць суцэльны жолаб-бункер, па дне якога пракладзены скрабалкавы або пласціністы канвеер для загрузкі і выгрузкі горнай масы. Бываюць са скрэпернай загрузкай-выгрузкай, з вібрацыйнымі секцыямі, адкіднымі днішчамі і інш. Умяшчальнасць бункера-цягніка звычайна 20—40 м³.

т. 3, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЦЭ́НТ [ад лац. docens (docentis) той, хто навучае],

вучонае званне і пасада выкладчыка вышэйшых навуч. устаноў шэрагу краін. У Рэспубліцы Беларусь прысвойваецца кандыдатам навук або высокакваліфікаваным спецыялістам без вучонай ступені, якія маюць пэўны стаж выкладчыцкай работы ў ВНУ, навук. працы, вынаходствы. У некаторых замежных краінах (Аўстрыі, Балгарыі, Швецыі і інш.) званне Д. прысвойваецца, як правіла, асобам, якія маюць вучоную ступень магістра.

т. 6, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСМАНІ́ЗМ, атаманізм,

ідэйна-паліт. дактрына, высунутая «новымі асманамі» і младатуркамі ў Асманскай імперыі ў канцы 19 ст. Напачатку дэкларавала «роўнасць усіх асманаў», г. зн. усіх падданых Асманскай імперыі без нац. і рэліг. адрознення. Потым, асабліва пасля прыходу младатуркаў да ўлады ў 1908, ператварылася ў сродак барацьбы супраць нац. патрабаванняў нетурэцкіх народаў і ў ідэалаг. абгрунтаванне неабходнасці іх атурэчвання дзеля стварэння «адзінай асманскай нацыі».

т. 2, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АСТО́Я»,

прыватнаўласніцкі герб у ВКЛ: на чырвоным полі 2 залатыя месяцы рагамі ў розныя бакі, паміж месяцамі меч без похвы, рукаяткай уверх; клейнод — на прылбіцы 5 страусавых пёраў. Паводле паданняў, узнік на пач. 11—12 ст. На тэр. ВКЛ пашыраны пасля прыняцця Гарадзельскага прывілея 1413. Гербам «Астоя» карысталіся больш за 200 шляхецкіх родаў на Беларусі, Украіне, у Літве і Польшчы.

Герб «Астоя».

т. 2, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙКО́Ў Мікалай Сафронавіч (крас. 1915, в. Покаць Чачэрскага р-на Гомельскай вобласці — ?),

Герой Сав. Саюза (1943). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Радавы Байкоў вызначыўся ў 1943 пры вызваленні Камарынскага р-на (Гомельская вобл.): у ліку першых пераправіўся цераз Дняпро, пры ўтрыманні захопленага плацдарма паранены працягваў з групай байцоў адбіваць контратакі праціўніка, чым садзейнічаў поспеху пераправы. Прапаў без вестак 3.10.1943.

т. 2, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭНІ́Н, 6-амінапурын,

C5H5N5, арганічнае злучэнне, адна з пурынавых асноў. Белы дробнакрышталічны парашок без паху, вострасалёнага смаку. Дрэнна раствараецца ў вадзе, добра — у к-тах і шчолачах; здольны да моцнага паглынання ў ультрафіялетавай вобласці спектра. Ёсць ва ўсіх жывых раслінных і жывёльных клетках у складзе адэназіну, адэназінфосфарных кіслот, нуклеінавых кіслот, а таксама некаторых ферментаў. У арганізме акісляецца ў мачавую к-ту.

т. 1, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАМЕТРЫ́Я (ад ала... + ...метрыя), гетэрагонія,

нераўнамерны рост асобных частак цела ў працэсе развіцця жывёльнага арганізма. Бывае адмоўнай (напр., запаволены рост галавы ў адносінах да ўсяго цела ў дзіцяці) і станоўчай (напр., паскораны рост рагоў у жвачных жывёл). Парушэнне ўзаемадзеяння паміж развіццём асобных частак арганізма жывёлы адбываецца пры хуткім павелічэнні агульных памераў цела за кошт простага прадаўжэння перыяду росту, без адначасовай перабудовы карэляцый.

т. 1, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДРАЎ ПРЫВІЛЕ́Й 1492,

заканадаўчы акт у ВКЛ, дадзены вял. кн. Аляксандрам. Разам з прывілеем 1447 замацоўваў прынцыпы міжнар. палітыкі дзяржавы, абмяжоўваў уладу вял. князя панамі-радай, без згоды якіх ён не мог прымаць важных рашэнняў, вызначаў асновы адм., цывільнага і крымін. права. Быў своеасаблівай феад. канстытуцыяй, крыніцай пісанага права, нормы якога пазней увайшлі ў Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588.

т. 1, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНАМІНА́ЦЫЯ (ад дэ... + лац. nominatio найменне),

узбуйненне грашовай адзінкі краіны (без яе перайменавання) з мэтай упарадкавання грашовага абарачэння і надання большай паўнацэннасці нац. валюце. Часта прычынай Д. бываюць складанасці тэхн. забеспячэння (друкаванне грашовых знакаў, захаванне неабходных суадносін паміж рознымі купюрамі, выраб разменнай манеты буйных наміналаў і да т.п.) грашовага абарачэння ва ўмовах інфляцыі. У Рэспубліцы Беларусь апошняя Д. нац. валюты адбылася ў 1994.

т. 6, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)