род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Азіі, Паўн. і Паўд.Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 дзікарослыя віды: аўсец пушысты (Helictotrichon pubescens; нар. назва заечы авёс), трапляецца па ўсёй тэрыторыі, расце на сухіх лугах, лясных палянах і ўзлесках, на адхонах, асабліва ўздоўж дарог; аўсец лугавы (Helictotrichon pratense; рэдкі від, вядомы толькі па звестках навук. літаратуры). Лугавыя кармавыя травы.
Шматгадовыя травяністыя расліны звычайна з паўзучымі падземнымі парасткамі або пазбаўлены іх і тады ўтвараюць шчыльныя дзернавінкі. Сцябло круглаватае, прамастойнае, выш. да 120 см. Лісце лінейнае, часам уздоўж складзенае. Каласкі 2—5-кветныя. Ніжняя кветкавая лускавінка з доўгім асцюком. Мяцёлка сціснутая або раскідзістая, нярэдка гронкападобная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІРУЧЫ́НА (Ligustrum),
род кветкавых раслін сям. маслінавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках М. і Усх. Азіі, на Д.Усходзе, у Паўд. Еўропе і Паўн.Афрыцы. На Беларусі для азелянення інтрадукавана беручына звычайная (L. vulgare).
Шматгадовазялёныя або лістападныя кусты, радзей невял. дрэвы. Лісце супраціўнае, простае. Кветкі двухполыя, у канцавых мяцёлчатых або гронкападобных суквеццях. Плод — ягадападобная касцянка. Беручына звычайная — лістападны куст выш. 2—5 м з густаразгалінаванай кронай, бліскучым скурыстым ланцэтным лісцем і дробнымі белымі духмянымі кветкамі ў канцавой мяцёлцы. Плады чорныя, сакаўныя, бліскучыя. Засухаўстойлівая, адносна ценевынослівая дэкар., тэхн., меданосная і фарбавальная (з пладоў атрымліваюць чорную фарбу) расліна. Выкарыстоўваецца для жывых агароджаў, бардзюраў, групавых і адзіночных пасадак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУ́ЧКА (Brassica napus rapifera),
двухгадовая караняплодная расліна роду капуста сям. капуставых. Пашырана ў Еўропе, Паўн. Амерыцы, Паўн.Афрыцы, Аўстраліі. На Беларусі культывуюць кармавую і сталовую бручку.
У 1-ы год развіваецца разетка лісця і мясісты караняплод, на 2-і — кветаноснае сцябло і насенне. Кветкі залаціста-жоўтыя ў гронках, плод — шматнасенны стручок. Караняплоды круглыя, авальныя, жоўтыя ці жоўта-белыя. Вегетац. перыяд ва ўмовах Беларусі 120—130 сут. Вільгацелюбівая, холадаўстойлівая расліна (пераносіць замаразкі да -6...-8 °C). Добра расце на сугліністых і асушаных тарфяна-балотных глебах. Караняплоды маюць 10—16% сухіх рэчываў, 5—10% цукроў, карацін, аскарбінавую к-ту, мінер. рэчывы. Пашыраны сарты: Краснасельская (сталовы), Вышагародская палепшаная, Куузіку (кармавыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАВО́КА (Troglodytes troglodytes),
птушка сям. валавокавых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн.-Зах.Афрыцы і Паўн. Амерыцы. Каля 40 падвідаў. На Беларусі трапляецца ўсюды, на Пд — часам зімой, пералётная. Жыве ў мяшаных і лісцевых захламленых ламаччам, зарослых крапівой лясах з густым падлескам. Нар. назвы валовае вока, блыха, блышка.
Адна з самых дробных птушак у фауне Беларусі. Даўж. каля 9,5 см, маса 8—11 г. Апярэнне спіны рыжавата- або карычнявата-бурае з чорнымі і бурымі папярочнымі палосамі, брушка больш светлае. Хвост кароткі, тарчма. Дзюба прамая, тонкая. Крылы кароткія, круглаватыя. Гнёзды шарападобныя (5—8) з бакавой уваходнай адтулінай. Двойчы за сезон нясе 5—7 яец. Корміцца насякомымі, павукамі, насеннем раслін, ягадамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРА́КУШКА (Luscinia svecica),
птушка сям. драздовых атр. вераб’інападобных. Пашырана ва Усх. і Паўн. Еўропе, Паўн. і Цэнтр. Азіі. На Беларусі падвід — варакушка сярэднееўрапейская (L. s. cyanecula). Пералётная. Жыве скрытна ў хмызняках паблізу вадаёмаў, на балотах і забалочаных месцах.
Даўж. цела 14—15 см, маса каля 20 г. Палавы дымарфізм добра выяўлены. У самца горла і грудзі ярка-сінія, акаймаваныя чорнай вузкай паласой, з белай плямкай пасярэдзіне. Верх цела аліўкавы, ніз светлы. У самкі горла і грудзі светлыя з чорнымі стракацінамі. Гнёзды на зямлі пад кустамі ў густой траве, на купінах. Корміцца насякомымі, ягадамі. Пераймае галасы інш. птушак. Зімуе на Пд Азіі, у Паўн.Афрыцы. Занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРСА́ЛЬСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1783.
Падпісаны 3.9.1783 у Версалі паміж Вялікабрытаніяй з аднаго боку і Францыяй, Іспаніяй, Нідэрландамі — з другога. Разам з мірным пагадненнем паміж Вялікабрытаніяй і ЗША (гл.Парыжскі мір 1783) завяршыў Вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83, у якой Францыя, Іспанія і Нідэрланды ўдзельнічалі на баку Злучаных Штатаў. Замацаваў папярэднія пагадненні аб міры паміж бакамі. Паводле Версальскага мірнага дагавору Вялікабрытанія ўступіла Францыі в-аў Табага ў Вест-Індыі і Сенегал у Афрыцы, Іспаніі — Фларыду і в-аў Менорка, але атрымала ад Нідэрландаў порт Нагапатынам на Пд Індыі. Акрамя таго, былі пашыраны правы Францыі на рыбалоўства каля берагоў Ньюфаўндленда, скасавана забарона французам будаваць умацаванні ў г. Дзюнкерк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́НЬ ВЫСАКАРО́ДНЫ (Cervus elaphus),
млекакормячае з сям. аленяў атр. парнакапытных. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн.Афрыцы і Амерыцы. Мае шмат падвідаў, якія адрозніваюцца памерамі, рагамі і афарбоўкай (марал, ізюбр, вапіці і інш.). На Беларусі жыве ў мяшаных лясах з развітым падлескам паблізу вадаёмаў і лугоў Белавежскай і Налібоцкай пушчаў, Бярэзінскага запаведніка.
Даўж. цела да 2,6 м, выш. да 1,5 м, маса да 340 кг. Хвост кароткі. Рогі толькі ў самцоў (кожнай вясной скідаюць). Корміцца лісцем і парасткамі раслін, зімой — карой, пупышкамі і парасткамі. Палавая спеласць у 2 гады. Гон увосень. Цяжарнасць 8,5 мес. Ацёл у чэрв.—ліпень. Нараджае штогод 1, зрэдку 2 цяляці. Аб’ект промыслу і гадоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСЯ́НКІ (Emberiza),
род птушак атр. вераб’інападобных. 39 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы. На Беларусі гняздуюцца 4 віды: прасянка (Emberiza calandra), аўсянка садовая (Emberiza hortulana), аўсянка звычайная (Emberiza citrinella), аўсянка чаротавая (Emberiza schoeniclus). Прасянка і аўсянка садовая занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. цела да 22 см, маса да 64 г. Апярэнне бураватае і карычняватае. Дзюба кароткая, канічная, верхняя палавіна якой няшчыльна прылягае да ніжняй. Жывуць на лугах, у хмызняках, чаротавых зарасніках і ў лесе. Гнёзды адкрытыя, на зямлі або на высокіх кустах. Нясуць 2—6 яец. За год 1—2 патомствы. Кормяцца насякомымі і насеннем.
Аўсянкі: 1 — звычайная (а — самка; б — самец); 2 — садовая; 3 — чаротавая (а — самец; б — самка); 4 — прасянка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНАЯ САВА́ (Asio flammeus),
птушка сямейства савіных атр. совападобных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. і Паўд. Амерыцы, Паўн.-Зах. і Паўд.Афрыцы. На Беларусі трапляецца на поймавых і сухадольных лугах, нізінных балотах, парослых хмызняком або лісцевым драбналессем, асушаных тарфяніках, вял. увільготненых высечках.
Даўж. цела 33—43 см, маса 260—440 г, размах крылаў 0,89—1,1 м. Афарбоўка буравата-вохрыстая, ніз цела святлейшы, з цёмнымі падоўжнымі стракацінамі. Гнёзды на зямлі, звычайна пад кустом або купінай. Нясе 3—6 яец, у гады масавага размнажэння грызуноў — 9—10. Корміцца мышападобнымі грызунамі, зрэдку жабамі, птушкамі. Каштоўная для сельскай гаспадаркі. Занесена ў Чырв. кнігу Беларусі, адзін з падвідаў — у Чырв. кнігу МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЙНІК (Epipactis),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўропы, Азіі, у Афрыцы і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляюцца гайнікі: балотны (Epipactis palustris), расце на балотах, забалочаных лугах, у хмызняках; чамярыцападобны (Epipactis helleborine), расце ў хваёвых, лісцевых і мяшаных лясах; цёмна-чырвоны (Epipactis atrorubens), расце ў лісцевых і хваёвых лясах, рэдкі від, занесены ў Чырв. кнігу.
Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным сцяблом выш. да 1 м і моцным паўзучым або пакарочаным карэнішчам. Лісце чаргаванае, простае, сядзячае, падоўжана-яйцападобнае. Кветкі паніклыя, двухполыя, белыя, ружовыя, цёмна-чырв., зеленаватыя і інш. колеру, пераважна ў аднабокіх рыхлых і доўгіх гронках. Плод — каробачка. Лек. і дэкар. расліны.