род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 500 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках пераважна Афрыкі. К. сітнікавая (C. juncea, індыйскія каноплі, індыйская пянька) культывуецца ў Паўд.-Усх. і Сярэдняй Азіі, Амерыцы, Афрыцы, Аўстраліі, Закаўказзі. Стараж. прадзільная культура.
К. сітнікавая — аднагадовая травяністая расліна выш. да 2,5 м. Лісце суцэльнае. Кветкі буйныя, жоўтыя. Плод — моцна ўздуты, густа апушаны боб. Сцёблы выкарыстоўваюць для вырабу вяровак, канатаў, рыбалоўных сетак, ветразяў, радна, спец. сартоў паперы. Сідэральная культура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАВА́НДА (Lavandula),
род кветкавых раслін сям. губакветных. Больш за 25 відаў. Пашырана пераважна ў Міжземнамор’і. Культывуюць у Паўд. Еўропе, Сярэдняй Азіі. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукавана Л. каласовая (L. spica).
Л. каласовая — шматгадовы паўхмызняк выш. 20—100 см са шматлікімі разгалінаванымі прыўзнятымі сцёбламі. Лісце супраціўнае, прадаўгавата-лінейнае. Кветкі фіялетавыя ў коласападобных суквеццях, маюць у сабе 1,2—2,3% эфірнага алею. Плод — арэшак. Дэкар. і меданосная расліна. Асн. крыніца лавандавага алею.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМО́ННІК (Schizandra),
род кветкавых раслін сям. лімоннікавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. і Усх.Азіі. На Беларусі інтрадукаваны Л. кітайскі (S. chinensis).
Лістападныя ліяны даўж. да 15 м. Лісце простае, эліпсоіднае, пры расціранні мае пах лімона (адсюль назва). Кветкі звычайна аднаполыя, духмяныя. Плод — сакаўная шматлістоўка ў выглядзе гронкі з ягадападобных 1—2-насенных плодзікаў, ядомы. Мае ў сабе арган. к-ты, вітаміны, цукар, эфірны алей. Дэкар., лек. і пладовыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНДАРЫ́НКА (Aix galericulata),
птушка сям. качыных. Пашырана ў Паўд.-Усх.Азіі. Жыве па лясных вадаёмах.
Даўж. да 43 см, маса да 700 г. У самца ў шлюбным апярэнні на галаве чубок — пурпурова-зялёны зверху і рыжы з белым з бакоў; «люстэрка» на крыле зялёнае; унутр. другарадныя махавыя пёры ўзняты ўверх. Летам і восенню ён бураваты, як і самка. Кормяцца малюскамі, чарвямі, ікрой рыб, насеннем водных раслін і інш. Гнёзды ў дуплах, радзей на зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСНЕ́ЖНІК (Galanthus),
род кветкавых раслін сям. амарылісавых. 18 відаў. Пашыраны ў Зах. Еўропе, на Каўказе, у М. Азіі, Іране. Трапляюцца ў горных лясах, на высакагорных лугах. На Беларусі часта наз. П. раннеквітучыя расліны (кураслеп дуброўны, пралеска высакародная і інш.); вырошчваюць П. беласнежны (G. nivalis), складкаваты (G. plicatus), Эльвеза (G. elwesii).
Шматгадовыя цыбульныя травы выш. да 30 см. Лісце (звычайна 2) лінейнае. Кветанос з адной паніклай белай кветкай. Размнажаюцца насеннем, якое разносяць мурашкі. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-УСХО́ДНЯЯ А́ЗІЯ,
прыродная вобласць у Азіі. Уключае п-аў Індакітай, Малайскі архіпелаг і прылеглыя тэрыторыі. Пл. 4,5 млн.км. Нас. каля 450 млн.чал. (1999). Пераважае рэльеф сярэднягор’яў і ўзгорыстых раўнін. Клімат вільготны экватарыяльны і субэкватарыяльны мусонны. Прыродная расліннасць — трапічныя лясы і саванны. Пераважае арашальнае земляробства (гал. культура рыс), разнастайная прам-сць у прыбярэжных раёнах. На тэр. П.-У.А. знаходзяцца краіны: Бруней, В’етнам, Інданезія, Камбоджа, Лаос, Малайзія, М’янма, Сінгапур, Тайланд, Усх. Тымор; часта да яе адносяць і Філіпіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВАЯ А́ЗІЯ,
прыродная вобласць у Азіі. Уключае п-аў Індастан з суседнімі астравамі, Інда-Гангскую раўніну і яе горнае абрамленне (паўд. схілы Гімалаяў, Гіндукуша, паўд.-ўсх. ўскраіну Іранскага нагор’я). Пл. 4,5 млн.км². Нас. каля 1300 млн.чал. (1999), Прыродная расліннасць: трапічныя лясы, саванны, на З участкі пустынь і паўпустынь. На раўнінах пераважае арашальнае земляробства. На тэр. П.А. знаходзяцца дзяржавы: Індыя, Пакістан, Бангладэш, Непал, Бутан, Шры-Ланка і Мальдывы; зрэдку ў склад П.А. ўключаюць Паўднёва-Усходнюю Азію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУГА́Ч РЫ́БНЫ, сава рыбная (Ketupa blakistoni, або К. zeylonensis),
птушка сям. савіных атр. совападобных. Пашыраны ў Паўд.-Зах. і Усх.Азіі. Жыве ўздоўж рэк. Усюды рэдкі аселы від. Гнёзды ў дуплах, нішах скал, старых гнёздах.
Даўж. каля 70 см, размах крылаў да 2 м, маса да 4,1 кг. Апярэнне вохрыста-бурае з цёмнымі стракацінамі. Цэўка часткова апераная, пальцы голыя, з шыпікамі знізу і з бакоў. Корміцца пераважна рыбай (адсюль назва), земнаводнымі. Адкладвае 2—3 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАСХО́ВІШЧА,
штучны вадаём для збору і назапашвання вады. Звычайна вадасховішчы ствараюцца ў далінах рэк вышэй ад водападпорнага збудавання. Пад В. выкарыстоўваюцца таксама азёры, узровень якіх падымаюць плацінай на рацэ, якая пачынаецца з возера. Наліўныя вадасховішчы ў лагчынах, ярах і кар’ерах запаўняюцца вадой пры дапамозе падвадных каналаў і труб помпавымі станцыямі. Бываюць вадасховішчы ў марскіх залівах, адгароджаных дамбай. Аб’ём вады ў вадасховішчы звычайна больш за 1 млн.м³, пл. больш за 1 км² (меншыя вадасховішчы часцей наз.сажалкамі). Вадасховішчы выкарыстоўваюць для рэгулявання сцёку рэк, водазабеспячэння, рэкрэацыі, патрэб рыбаводства, лясной гаспадаркі, прам-сці, энергетыкі, воднага транспарту, у экалагічных мэтах. Адрозніваюць вадасховішчы шматгадовага, сезоннага (пераважаюць на Беларусі), тыднёвага і сутачнага рэгулявання сцёку. Вадасховішчы робяць уплыў на навакольнае асяроддзе, мяняюць гідралагічны рэжым вадацёкаў і вадаёмаў, узровень грунтавых водаў, расліннасць, мікраклімат і клімат у паласе ад некалькіх да дзесяткаў кіламетраў. У выніку буд-ва вадасховішчаў затапляюцца і падтапляюцца значныя плошчы зямель, існуе небяспека аварый і катастроф (нават антрапагенных землетрасенняў) пры прарыве вады праз плаціну ці дамбу. Патрабуецца пастаянны нагляд за берагамі і катлавінай вадасховішча, правядзенне работ супраць заглейвання, абмялення, зарастання воднай расліннасцю, замору рыбы і інш.
Першыя вадасховішчы ўзніклі да н.э. ў Стараж. Егіпце, на Б. Усходзе, у Кітаі, Японіі, Індыі і інш. краінах Усх. і Паўд.Азіі пераважна для арашэння. Самыя буйныя вадасховішчы створаны ў Афрыцы, Азіі і Амерыцы. Паводле аб’ёму вады найб.Брацкае вадасховішча ў Азіі (каля 169 км³), па плошчы — Вольта ў Афрыцы (8480 км²). На Беларусі ў пач. 19 ст. невялікія вадасховішчы ўваходзілі ў воднатрансп. шляхі, што злучалі Балтыйскае і Чорнае моры. Інтэнсіўнае буд-ва іх пачалося ў 1950-я г, пабудавана 145 вадасховішчаў агульным аб’ёмам вады 3,1 км³ і пл. воднага люстра 814 км² (1995). Найб.Вілейскае вадасховішча і Заслаўскае вадасховішча, якія ўваходзяць у Вілейска-Мінскую водную сістэму.
Літ.:
Авакян А.Б., Салтанкин В.П., Шарапов В.А. Водохранилища. М., 1987.
В.В.Дрозд.
Да арт. Вадасховішча. Возера-вадасховішча Люнерзе ў басейне р. Іль (Аўстрыя).Да арт. Вадасховішча. Заслаўскае вадасховішча — адно з найбольшых у Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БЫ (саманазва аль-араб),
група народаў, асн. насельніцтва араб. краін Зах.Азіі і Паўн. Афрыкі. Жывуць таксама ў Іране, Турцыі, Ізраілі, Самалі, Эфіопіі і інш., значныя групы арабаў-эмігрантаў жывуць у Паўд. і Паўн. Амерыцы, Францыі і інш. Агульная колькасць больш за 175 млн.чал. (1987). Гавораць на арабскай мове. Большасць вернікаў — мусульмане-суніты, частка — шыіты, абадзіты, друзы, ёсць і хрысціяне. Гл. таксама Алжырскія арабы, Егіпецкія арабы, Іракскія арабы, Йеменскія арабы, Ліванскія арабы, Лівійскія арабы, Мараканскія арабы, Суданскія арабы.
Мяркуецца, што семіцкія плямёны, якія далі пачатак араб. народам, аўтахтонныя жыхары Аравійскага п-ва. У 1-м тыс. да н. э. ўзніклі першыя араб. дзяржавы Пальміра, Набатэя і Ліх’ян (на Пн Аравіі), у 5—6 ст.н. э. — Гасан і Лахм (на Пд Аравіі), Кінда (Цэнтр. Аравія). У гэты час пачаўся працэс фарміравання араб. народа. Тагачасныя арабы знаходзіліся на стадыі разлажэння племяннога ладу, хоць патрыярхальна-радавыя адносіны і племянныя сувязі захоўваліся яшчэ вельмі доўга. З 1-й пал. 7 ст. ўзмацнілася пранікненне арабаў у суседнія краіны. У выніку арабскіх заваяванняў утварыўся велізарны Арабскі халіфат (гл.Халіфат), які ахопліваў тэр. ад Індыі да Атлантычнага ак. і ад Сярэдняй Азіі да Цэнтр. Афрыкі. Заваяванае насельніцтва, асабліва ў Паўн. Афрыцы, прыняло мову, рэлігію (іслам), элементы матэр. і духоўнай культуры арабаў і было хутка арабізавана. Разам з тым і арабы многае ўзялі з культуры заваяваных народаў. У выніку склалася своеасаблівая арабская культура, якая зрабіла вял. ўплыў на сусв. культуру. Створаны сілай зброі Арабскі халіфат у 9—10 ст. распаўся на Багдадскі (гл.Абасідаў халіфат), Каірскі (гл.Фатымідаў халіфат), Кардоўскі халіфат, а пазней на больш дробныя халіфаты, эміраты, княствы. У 16 ст.араб. краіны Пярэдняй Азіі (акрамя значнай ч. Аравійскага п-ва) і Паўн. Афрыкі (за выключэннем Марока) увайшлі ў Асманскую імперыю. З 19 ст.араб. землі — арэна барацьбы паміж калан. дзяржавамі, а ч.тэр. Марока захоплена Партугаліяй яшчэ ў 15—16 ст. Вызваленчая барацьба арабаў, якая не спынялася і ў 19 — 20 ст., прынесла араб. краінам дзярж. незалежнасць.