ГІПАПЛАЗІ́Я (ад гіпа... + грэч. plasis утварэнне),
недаразвіццё тканкі, органа, часткі цела ці ўсяго арганізма; анамалія развіцця. У аснове гіпаплазіі, як і аплазіі, ляжыць прыроджаная адсутнасць органа ці часткі цела. Прычыны ўзнікнення гіпаплазіі: эндагенныя (анамаліі першаснай закладкі зародкавых клетак) і экзагенныя (прамянёвая энергія, траўмы, ціск на цяжарную матку, уздзеянні тэмпературы, алкаголю, наркотыкаў на арганізм маці, анамальны аб’ём і інш.) фактары, што неспрыяльна ўплываюць на фарміраванне і рост зародка і плода, а таксама хваробы, у т. л. інфекцыі (краснуха, грып, поліяміэліт і інш.), што перадаюцца ад маці плоду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ЧЫГУ́НАЧНЫ ВАКЗА́Л Пабудаваны ў 1866, калі праз Віцебск была пракладзена Рыга-Арлоўская чыгунка. У Вял.Айч. вайну пашкоджаны. У 1954 узведзены новы будынак вакзала (арх. Б.Мезенцаў). У аб’ёмна-прасторавым вырашэнні сіметрычнага прамавугольнага ў плане цаглянага будынка дамінуе цэнтр.аб’ём з 2—4-павярховымі бакавымі крыламі. Кампазіцыя гал. фасада цэнтр. аб’ёму заснавана на рытме 3 буйных арачных праёмаў на ўсю вышыню. У архітэктуры фасадаў і інтэр’ераў выкарыстаны дэкар. элементы класічнай спадчыны: пілястры, капітэлі, паўкалоны і інш. Інтэр’еры апрацаваны мармурам, тынкам, гіпсам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІШНЯВЕ́ЦКАЯ ЦАРКВА́ ІАА́НА ХРЫСЦІ́ЦЕЛЯ,
помнік архітэктуры барока. Пабудавана ў 1742 у в. Вішнявец (Стаўбцоўскі р-н Мінскай вобл.) як уніяцкая, перабудавана ў 1852 у праваслаўную. Мураваная 3-нефавая базіліка з паўцыркульнай апсідай і 2-вежавым гал. фасадам, вырашаным як самаст.аб’ём. Кампазіцыйная вось гал. фасада вылучана какошнікам. Па баках будынак вянчаюць цыбулепадобныя купалкі на высокіх цыліндрычных барабанах. Сцены ўнутры і звонку расчлянёны пілястрамі, завершаны развітымі прафіляванымі карнізамі. Аконныя праёмы з лучковым, на гал. фасадзе з паўцыркульнымі завяршэннямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАЗМЯШЧЭ́ННЕсудна,
колькасць вады, выцесненай суднам, што плавае; характарыстыка памераў судна. Адрозніваюць масавае водазмяшчэнне, роўнае масе судна (г. зн. масе вады, якая змяшчаецца ў аб’ёме падводнай часткі судна), і аб’ёмнае (аб’ём падводнай часткі судна ніжэй за ватэрлінію). Водазмяшчэнне залежыць ад загрузкі судна і шчыльнасці вады: пры пастаянным масавым водазмяшчэнні аб’ёмнае зменьваецца ў залежнасці ад шчыльнасці вады; змена масавага водазмяшчэння адбываецца з-за расходу паліва, боепрыпасаў (на ваен. караблях), павелічэння і памяншэння грузу. Грузавым суднам найб. характэрны паказчык дэдвейт — водазмяшчэнне пры асадцы судна на найб. дапушчальную глыбіню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ДРАНКАЎСКАЯ ЦАРКВА́ ДЗМІ́ТРЫЯ РАСТО́ЎСКАГА,
помнік драўлянага дойлідства з элементамі стылю «мадэрн». Пабудавана ў пач. 20 ст. ў в. Выдранка (Краснапольскі р-н Магілёўскай вобл.). Храм падоўжна-восевай часткавай кампазіцыі: званіца, бабінец, крыжападобны асн.аб’ём і 5-гранная апсіда з квадратнай бакавой рызніцай. У сілуэце будынка дамінуюць гранёныя шатровыя пакрыцці з цыбулепадобнымі купалкамі 8-граннага барабана асн. аб’ёму і 2-яруснай (васьмярык на чацверыку) званіцы, надбудаванай над прамавугольным прытворам. Агульную кампазіцыю ўзбагачаюць двухгранныя шчыты зрубаў з разнымі падзорамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЗГА́ЛЬСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
у Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Моўчадзь (9 км ад вусця), каля в. Гезгалы, за 14 км на Пн ад г. Дзятлава. Створана ў 1959. Пл. 1,22 км², даўж. 2,5 км, найб.шыр. 1 км, найб.глыб. 4,5 м. Аб’ём вады 1,22 млн.м³. Правы бераг выш. 2,5—3 м, парослы лесам, левы спадзісты, пад лугам. Дно выслана глеем і пяском. Ёсць 9 астравоў агульнай пл. 0,1 км². Сярэднегадавы сцёк 278 млн.м³. Выкарыстоўваецца ў энергет. мэтах (Гезгальская ГЭС), для рыбагадоўлі і адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЛАВА, Рэзервовае вадасховішча. За 20 км на ПнЗ ад г. Мінск паміж вёскамі Крылава, Вішнёўка, Чаромуха, каля вытоку р. Поплаў (бас.р. Свіслач). Створана ў 1981. Пл. 3,45 км², даўж. 3 км, найб.шыр. 2 км, найб.глыб. 10 м, аб’ём вады 21,6 млн.м³. Даўж. агараджальнай дамбы 720 м. Напаўняецца за кошт перакіду вады з Вілейска-Мінскай воднай сістэмы; вадаскід на р. Поплаў. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 5 м. Сярэдні шматгадовы сцёк 129,8 млн.м³. Выкарыстоўваецца для забеспячэння вадой Мінска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЙБЫШАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.
На р. Волга, у Самарскай, Ульянаўскай абласцях, рэспубліках Татарстан, Марый Эл, Чувашскай (Рас. Федэрацыя). Утворана плацінай Волжскай ГЭС. Запоўнена ў 1955—57. Пл. 6450 км², аб’ём 58 км³, даўж. 580 км, найб.шыр. 30 км, глыб. да 39 м. Сезоннае рэгуляванне сцёку; ваганні ўзроўню да 7,5 м. Замярзае ў ліст. — пач.снеж., крыгалом пачынаецца ў крас. — пач. мая. Створана ў мэтах гідраэнергетыкі, воднага транспарту, ірыгацыі і водазабеспячэння. Рыбалоўства. На берагах — гарады Казань, Ульянаўск, Чэбаксары, Тальяці і інш., дамы адпачынку, санаторыі, базы турызму, воднага спорту, рыбнай лоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЯНЕ́ВІЦКІ КАСЦЁЛ МА́ЦІ БО́ЖАЙ,
помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў сярэдзіне 18 ст. ў в. Касцяневічы Вілейскага р-на Мінскай вобл. Прамавугольны ў плане аб’ём накрыты высокім двухсхільным дахам з вальмай над алтарнай часткай. Сцены апрацаваны плоскімі пілястрамі. Гал. фасад завершаны атыкавым франтонам складанай формы з паўцыркульным аконным праёмам. Франтон упрыгожаны валютамі, пілястрамі, шматслаёвым карнізам. Да ўсх. крыла далучана прыбудова з атыкавым барочным франтонам над уваходам. Падлога касцёла выкладзена каляровай мазаікай. Алтар аздоблены 6 паўкруглымі калонамі з іанічнымі капітэлямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШЭ́ВІЦКАЯ УСПЕ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства 17 ст. Пабудавана ў 1642 у в. Кашэвічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. Спачатку мела глыбінна-прасторавую кампазіцыю, складалася з квадратнага ў плане асн. аб’ёму і 5-граннай апсіды. У 2-й пал. 19 ст. да асн. аб’ёму з З прыбудавана 2-ярусная чацверыковая вежа-званіца з дахам складанай канфігурацыі. Асн.аб’ём завершаны 2-ярусным васьмерыком з цыбулепадобным купалам. Апсіда накрыта шатровым дахам з купалком на глухім барабане. Помнік адметны своеасаблівай сістэмай прапорцый, звязанай са стараж.-рус. архітэктурай.