МАРЫ́НА ((Marino) Джамбатыста) (18.10.1569, г. Неапаль, Італія — 25.3.1625),
італьянскі паэт; адзін з заснавальнікаў і буйнейшых прадстаўнікоў барока ў л-ры, Пачынальнік марынізму. Аўтар зб-каў «Ліра» (1614), «Валынка», «Галерэя» (абодва 1620), паэмы ў 20 песнях «Адоніс» (1623), паэмы ў актавах «Вынішчэнне немаўлят» (выд. 1633), зб. эсэ-варыяцый на біблейскія тэмы «Пропаведзі» (1614), «Пісьмаў» (выд. 1966). Яго паэзія адметная яркай жывапіснасцю і пачуццёвасцю, меладычнасцю і складанай метафарычнасцю; у прозе імкнуўся паказаць узаемасувязі і адзінасутнасць усіх мастацтваў.
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Европейская поэзия XVII в. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦВЕ́ЕНКА (Уладзімір Іванавіч) (н. 17.8.1928, Мінск),
бел.паэт. Скончыў Мінскае мед. вучылішча (1956). З 1958 працуе тэхнікам-артадонтам. Друкуецца з 1973 як дзіцячы пісьменнік і ў жанры сатыры. Адзін з аўтараў зб-каў для дзяцей і юнацтва «Заранка», «Цвіце верас» (абодва 1987), сатыр. кніжкі «Асцюкі за каўняром» (1989) і інш. Яго творы вызначаюцца гумарам, вынаходлівасцю, дасціпнасцю і забаўляльнасцю (зб-кі «Лекі без аптэкі», 1987; «Загадкі Зайкі-загадайкі», 1990; «Азбука ў загадках», 1992; «Загаданачка», 1993; «Сябрынка», 1995, Літ. прэмія імя Я.Маўра 1996; «Сорак скорагаворак», 1998; «Загадкі з хаткі дзеда Уладкі», 1999).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКІ́ЦІН (Сяргей Канстанцінавіч) (10.10.1926, г. Каўроў Уладзімірскай вобл., Расія — 18.12.1973),
рускі пісьменнік. Скончыў Ліг. ін-т імя М.Горкага (1952). Друкаваўся з 1948. Аўтар зб-каў апавяданняў і аповесцей «Вяртанне» (1952), «Сем сланоў» (1954), «Белы ветразь», «Касцёр на ветры» (абодва 1960), «Вечаровая зара» (1970) і інш. пераважна пра сучаснікаў. Творчасці Н. ўласцівы дакладныя замалёўкі побыту, інтанацыі жывой мовы. Пісаў для дзяцей. На бел. мову яго творы пераклаў Б.Сачанка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’ЯЧЭНЦІ́НІ ((Piacentini) Марчэла) (8.12.1881, Рым — 19.5.1960),
італьянскі архітэктар; прадстаўнік неакласіцызму. Вучыўся ў АМ і ун-це ў Рыме. З 1929 праф.Рым. ун-та. У творчасці выкарыстоўваў лапідарныя формы, схематызаваў прыёмы класічнай архітэктуры, уводзіў у кампазіцыю жорсткія рытмы аркад, шмат’ярусных вежаў. Асн. работы: ансамбль П’яцца Віторыо Венета і П’яцца Дантэ (1919—29) у Бергама, комплексы спартыўны Фора Італіка (1928—34) і Сусв. выстаўкі (р-н ЭУР; з 1937, абодва ў сааўт.), універсітэцкі гарадок (1930—35, планіроўка і будынак рэктарата) у Рыме, Палацца ды Джустыцыя ў Месіне (1928) і Мілане (1932—40), рэканструкцыя П’яцца дэла Віторыя (1932) у Брэшы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁПЕЛЕНГА́ТАР,
радыёэлектронная прылада для вызначэння напрамку на крыніцу радыёвыпрамянення (радыёсігналаў). Бываюць наземныя (рухомыя і стацыянарныя), самалётныя, карабельныя. Шырока выкарыстоўваюцца ў радыёнавігацыі, радыёразведцы і інш.
Складаецца: з антэнна-фідэрнай сістэмы (для прыёму радыёхваль, што распаўсюджваюцца ад аб’екта пеленгацыі), радыёпрыёмніка з індыкатарам (дае інфармацыю аб вуглах паміж напрамкам на аб’ект пеленгацыі і асн. плоскасцямі, прынятымі за пачатак адліку), дапаможнага абсталявання. У радыёнавігацыі выкарыстоўваюць Р., якія вызначаюць азімут ці курсавы вугал перадавальнай радыёстанцыі. Ва універсальных (двухкаардынатных) Р. вымяраюць абодва вуглы, якія вызначаюць гэты напрамак; у азімутальных — адзін з іх (азімут). Да Р. адносяць таксама радыёкомпасы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫМАШЭ́ЎСКІ (Ігар Віляёравіч) (н. 25.11.1959, Мінск),
бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1979). Працуе ў станковым жывапісе, манум.-дэкар. і дэкар.-прыкладным мастацтве. Сярод лепшых твораў жывапісныя палотны «Карусель» (1992), «Зімою на дачы» (1994), «Святочная павозка» (1995), «Над роднай зямлёю» (1996), «Русалкі» (1997), «Мастацтва належыць народу», «Шчаслівы дзень» (абодва 1999), «Першы дзень вясны», «Баюшкі-баю», «Вясковая пантэра», «Грыбная юшка» (усе 2000), вітраж у бальніцы г. Іўе Гродзенскай вобл. (1988), размалёўка сталовай Мінскага з-да «Ударнік» (1990). Работы вызначаюцца наіўна-прымітыўным выяўленнем рэчаіснасці, выкарыстаннем чыстых колераў, штрыхавасцю мазка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАВЕ́Й (Лія Мацвееўна) (н. 1.9.1934, в. Навасёлкі Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),
бел. фалькларыстка. Канд.філал.н. (1974). Скончыла Мінскі пед.ін-т (1960). У 1970—94 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследуе актуальныя праблемы бел. фалькларыстыкі, творчыя ўзаемасувязі нар. вусна-паэт. творчасці слав. народаў. Аўтар манаграфіі «Беларуская народная балада» (1978). Сааўтар манаграфіі «Узроўні агульнасці фальклору ўсходніх славян», слоўніка «Усходнеславянскі фальклор» (абодва 1993). Складальніца тамоў «Балады» (кн. 1—2, 1977—78), «Веснавыя песні» (1979), «Валачобныя песні» (1980), «Жаніцьба Цярэшкі» (1993) са збору «Беларуская народная творчасць» (Дзярж. прэмія Беларусі 1986).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМІРА́ДСЫ ((Siemiradzki) Хенрык) (Генрых Іпалітавіч; 22.10.1843, с. Печанегі Харкаўскай вобл., Украіна — 23.8.1902),
польскі і расійскі жывапісец, прадстаўнік акадэмізму. Правадз.чл. Пецярбургскай АМ (з 1873), праф. (з 1877). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1864—70), пенсіянер АМ у Мюнхене (1871) і Рыме (1872—77). Жыў пераважна ў Рыме. Аўтар карцін на ант. і раннехрысціянскія сюжэты, якія вызначаюцца майстэрствам кампазіцыі і малюнка, светлым каларытам, дэталёвай распрацоўкай эфектаў сонечнага асвятлення: «Светачы хрысціянства» (1876), «Танец сярод мячоў», «Оргія часоў Тыберыя на востраве Кіпры» (абодва 1881), «Хрыстос у Марфы і Марыі» (1886), «Фрына на свяце Пасейдона ў Элеўсіне» (1889) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРБЭ́ ((Courbet) Жан Дэзірэ Гюстаў) (10.6.1819, г. Арнан, Францыя — 31.12.1877),
французскі жывапісец; заснавальнік рэалізму. З 1837 вучыўся ў рысавальнай школе Ш.А.Флажуло ў Безансоне, з 1839 у прыватных атэлье ў Парыжы. Зазнаў уплывы ісп. і галандскага жывапісу 17 ст. У ранні перыяд творчасці блізкі да рамантызму: «Лот з дочкамі», «Вальпургіева ноч» (абодва 1841), «Аўтапартрэт з чорным сабакам» (1842), «Закаханыя ў вёсцы» (1844) і інш. Пасля паездкі ў Галандыю ў 1846 супрацьпаставіў рамантызму і акад. класіцызму мастацтва новага тыпу, якое сцвярджала матэрыяльную каштоўнасць свету і адвяргала маст. каштоўнасць таго, што нельга ўвасобіць адчувальна-прадметна. Імкнуўся да перадачы натуральнай прыгажосці колераў, святлоценявых эфектаў, градацый тонаў, жывапіснай пластыкі, да раскрыцця значнасці і паэтычнасці паўсядзённага жыцця, фіз. працы. У шматфігурных манум. палотнах «Пахаванне ў Арнане» (1849—50), «У майстэрні мастака» (1855) стварыў партрэт франц. грамадства. Сярод інш. твораў: «Каменячосы», «Вячэра ў Арнане» (абодва 1849), «Купальшчыцы» (1853), «Сустрэча (Добры дзень, пан Курбэ!)» (1854), «Веяльшчыцы» (1855), «Жанчыны на беразе Сены» (1857), «Каменяломня ў Аптэво» (каля 1865), «Хваля» (1870). У 1855 у сваім каталогу да Сусв. выстаўкі ў Парыжы апублікаваў «Маніфест рэалізму». Удзельнік Парыжскай камуны 1871, пасля яе падзення абвінавачаны ў разбурэнні Вандомскай калоны і прыгавораны да выгнання. У 1873 эмігрыраваў у Швейцарыю, дзе яго творчасць прыйшла ў заняпад.
Літ.:
Гюстав Курбе: Письма, док., воспоминания современников: Пер. с фр.М., 1970;
Шури М. Здравствуйте, господин Курбе!: Пер. с фр.М., 1977;
Калитина Н. Г.Курбе: Очерк жизни и творчества. М., 1981.