ЛЮ́ТЭР ((Luther) Марцін) (10.11.1483, г. Эйслебен, Германія — 18.2.1546),

нямецкі тэолаг, рэліг. рэфарматар, заснавальнік лютэранства. Пасля заканчэння Эрфурцкага ун-та (1505) уступіў у ордэн аўгусцінцаў, у 1507 пасвячоны ў святары. З 1508 праф. Вітэнбергскага ун-та, з 1512 доктар тэалогіі. Пратэстуючы супраць продажу індульгенцый, з 1517 выступіў з 95 тэзісамі, у якіх выкрываў карыслівую сутнасць гандлю «нябеснымі скарбамі». Папа Леў X у 1520 асудзіў тэзісы Л. ў буле, якую Л. публічна спаліў. Адначасова ён выдаў шэраг палемічных твораў («Да хрысціянскага дваранства нямецкай нацыі», «Вавілонская няволя», «Пра свабоду хрысціяніна»), якія ляглі ў аснову пратэстантызму. Канчаткова адлучаны ад царквы (1521) і асуджаны на выгнанне паводле Вормскага эдыкта 1521, Л. схаваўся ў замку саксонскага курфюрста Фрыдрыха Мудрага ў Вартбургу, дзе працаваў над перакладам на ням. мову Новага запавету і новымі палемічнымі творамі («Супраць злоўжывання святой імшой», «Пра шлюбы святароў і манахаў»). У 1522 Л. вярнуўся ў Вітэнберг і пачаў працу над перакладам Старога запавету. Ён рэзка выступіў супраць Сялянскай вайны 1524—26 і падтрымаў яе задушэнне. У 1530 на Аўгсбургскім рэйхстагу было прадстаўлена складзенае Л. і адрэдагаванае Ф.Меланхтанам «Аўгсбургскае спавяданне», якое афіц. фармулявала асн. палажэнні лютэранства. Найважнейшай працай Л. стаў таксама ням. пераклад Бібліі (скончаны ў 1542), у якім замацаваны нормы агульнанямецкай нац. мовы.

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв. СПб., 1994;

Лекции по «Посланию к римлянам». Мн., 1996;

Лекции по «Посланию к Галатам». Мн., 1997.

Літ.:

Соловьев Э.Ю. Непобежденный еретик: Мартин Лютер и его время. М., 1984;

Порозовская Б. Мартин Лютер, его жизнь и реформаторская деятельность. СПб., 1994;

Эриксон Э.Г. Молодой Лютер: Психоаналит. ист. исслед.: Пер. с англ. М., 1996;

Мартин Лютер — реформатор, проповедник, педагог: [Сб.]. М., 1996.

Н.К.Мазоўка.

М.Лютэр.

т. 9, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА АМА́ТАРАЎ ПРЫГО́ЖЫХ МАСТА́ЦТВАЎ,

грамадская культ.-асв. і літ.-маст. арг-цыя. Існавала ў 1898—1906 у Мінску. Створана на аснове муз.-драм. т-ва (1888—98) па ініцыятыве Я.Чырыкава, А.Аляксандрава, В.Чавусава і інш. Т-вам кіраваў савет старэйшын з 10 чал. У розны час у яго ўваходзілі Д.Мейчык, С.Мядзведзеў, А.Холмскі, К.Какоўцаў, К.Фальковіч, М.Мысаўской, С.Нейфах, С.Камінскі, В.Сушчынскі і інш. Паводле статута (зацверджаны 19.11.1899) мела на мэце развіццё і папулярызацыю прафес. і аматарскага мастацтва, маст. адукацыі. Мела літ., тэатр.-драм., муз. і маст. секцыі, б-ку, тэатр. залу. Літ. секцыя наладжвала лекцыі, дыспуты, чытанне рэфератаў пра творчасць Э.По, М.Метэрлінка, В.Бялінскага, А.Чэхава, Л.Андрэева, М.Горкага, абмеркаванне новых літ. плыней. У рэпертуары аматарскага т-ра былі п’есы «Багна», «Лес», «Не ў свае сані не садзіся» А.Астроўскага, «Рэвізор» М.Гогаля, «Улада цемры» Л.Талстога, «На дне» і «Фама Гардзееў» М.Горкага, «У двары, у флігелі» Чырыкава, «Дзядзька Ваня» Чэхава, «Маскарад» М.Лермантава, «Нора» Г.Ібсена, «Злачынства і кара», «Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага, «Патанулы звон» Г.Гаўптмана і інш. Маст. секцыя арганізавала выстаўкі жывапісу, графікі, фатаграфіі (1901, 1902, 1904). Муз. секцыя мела аркестр, клас па тэорыі харавых спеваў. Дзейнасць т-ва развівалася ў кантэксце рус. літ. і культ. традыцыі. Пад уплывам рэв. руху 1905—06 масавыя мерапрыемствы т-ва перараслі ў антыўрадавыя дэманстрацыі пад лозунгамі «Далоў самадзяржаўе!», «Няхай жыве Рэспубліка!». Паводле данясення мінскага паліцмайстра і губернатара П.Курлова, члены т-ва падазраваліся ў нядобранадзейнасці. 8.2.1906 дзейнасць т-ва была прыпынена. Па просьбе савета старэйшын т-ву было дазволена самаліквідавацца рашэннем агульнага сходу (25.7.1906), маёмасць і даўгі перададзены новаўтворанаму Мінскаму літаратурна-артыстычнаму таварыству.

Літ.:

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972.

У.М.Конан.

т. 10, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВЕ́ЛА (італьян, novella літар. навіна),

малы эпічны від л-ры, які суадносіцца з апавяданнем, але адрозніваецца ад яго вострым цэнтраімклівым, нярэдка парадаксальным сюжэтам, адсутнасцю апісальнасці і кампазіцыйнай строгасцю. Паэтызуючы выпадак, Н. найб. поўна раскрывае ядро сюжэта — цэнтр. перыпетыю, зводзіць жыццёвы матэрыял у фокус адной падзеі.

Літ. Н. ўзнікла ў эпоху Адраджэння ў Італіі («Дэкамерон» Дж.Бакачыо), потым у Англіі, Францыі і Іспаніі (Дж.Чосер, Маргарыта Наварская, М.Сервантэс). Росквіт Н. прыпадае на эпоху рамантызму (Л.Цік, Г. фон Кляйст, Э.Т.А.Гофман, П.Мерымэ, Э.По). У канцы 19 — пач. 20 ст. да Н. звярталіся Гі дэ Мапасан, О.Генры, Л.Пірандэла, С.Цвэйг, Р.Акутагава і інш. У мадэрнісцкай л-ры ўзоры Н. даў Ф.Кафка. У рус. л-ры прадстаўлена А.Чэхавым, Л.Андрэевым, І.Буніным; прадуктыўна развівалася ў 1920-я г. (І.Бабель, У.Іванаў, А.Грын, М.Зошчанка, В.Каверын і інш.). Замежная навелістыка апошніх дзесяцігоддзяў прадстаўлена імёнамі Х.Л.Борхеса, Х.Картасара, Г.Бёля, Ф.О’Конара, І.Зінгера, Дж.Чывера і інш.

У бел. л-ры пра Н. можна гаварыць хутчэй як пра разнавіднасць апавядання. Цікавыя прыклады навелістычнага асэнсавання рэчаіснасці прыпадаюць на гады агульнага маст. ўздыму — пач. 20 ст., 1920-я г., перыяд Вял. Айч. вайны: «Малады дубок» і «Сяргей Карага» Я.Коласа, «Прысяга над крывавымі разорамі» Цёткі, «Літоўскі хутарок» М.Гарэцкага, «Парфір Кіяцкі» і «Вялікае сэрца» К.Чорнага, «Над Бугам» і «Астап» М.Лынькова, «Двое Жвіроўскіх» М.Зарэцкага, «Кнак» П.Галавача, «Над Кроманню» Я.Нёманскага, «Ілька» В.Каваля, «Прыгранічны манастыр» Р.Мурашкі. Прыкметныя поспехі ў бел. навелістыцы дасягнуты ў 1950—80-я г.: яркія ўзоры Н. стварылі Я.Брыль («Галя»), Я.Скрыгай («Наталя»), В.Выкаў («Адна ноч»), Б.Сачанка («Дзік-бадзяга»), В.Адамчык («Кароль Нябожа») і інш. У апошнія дзесяцігоддзі да жанру Н. звярталіся І.Пташнікаў («Тры пуды жыта»), А.Кудравец («Елачка»), А.Жук («Жонка героя»), В.Гігевіч («Райка»), У.Арлоў («Місія папскага нунцыя»), Г.Марчук («Хаос») і інш.

С.Л.Андраюк.

т. 11, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМА́НСКАЯ ТЭО́РЫЯ,

кірунак у гістарыяграфіі, прыхільнікі якога лічаць нарманаў (варагаў) заснавальнікамі стараж.-рус. дзяржаўнасці. Іх погляды грунтуюцца на звестках «Аповесці мінулых гадоў», паводле якіх слав. і фіна-угорскія плямёны (наўгародскія славене, крывічы, чудзь, мера і весь) спачатку плацілі даніну варагам, а потым прагналі іх за мора. Але хутка сярод плямён пачаліся разлады і тады яны звярнуліся да варагаў са словамі: «Земля наша велика и обилна, а наряда (упраўлення, парадку) в ней нет. Да поидете княжит и володети нами». На іх запрашэнне ў 862 прыбылі браты Рурык, Сінявус і Трувор, з якіх Рурык стаў заснавальнікам кіеўскай велікакняжацкай дынастыі (Рурыкавічаў), нашчадкі якой правілі ў Кіеўскай Русі, пазней у Маскоўскім вялікім княстве і Рас. дзяржаве (да 1598). На думку некаторых гісторыкаў, скандынавам быў полацкі князь Рагвалод. Н.т. сфармулявана ў 2-й чвэрці 18 ст. ням. гісторыкам на рас. службе Г.З.Баерам, распрацоўвалася Г.Ф.Мілерам, А.Л.Шлёцэрам і інш. Да пач. 19 ст. набыла характар афіц. гістарыяграфічнай версіі паходжання Рас. дзяржавы (М.М.Карамзін і інш.). Замежныя гісторыкі-нарманісты выкарыстоўвалі летапіснае паданне для сцвярджэнняў пра няздольнасць славян самім стварыць дзяржаву. Супраць Н.т. выступалі М.В.Ламаносаў, Дз.І.Ілавайскі, С.А.Гедэонаў і інш. Памылковасць шэрагу палажэнняў Н.т. высвятлялася і сав. гістарыяграфіяй. Пры гэтым некаторыя гісторыкі адмаўлялі гістарычнасць Рурыка. Большасць сучасных гісторыкаў лічыць, што ў славян да 9 ст. існавалі сац.-эканам. перадумовы для ўзнікнення сваёй дзяржаўнасці. З’яўленне варагаў толькі паскорыла гэты працэс. Варажскія арыстакратычныя вярхі Кіеўскай Русі і самі Рурыкавічы даволі хутка асіміляваліся з мясц. слав. знаццю.

Літ.:

Ловмяньский Х. Русь и норманны: Пер. с пол. М., 1985;

Штыхаў Г.В. Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XIII ст. Кн 1. Мн., 1994.

С.Дз.Дзярновіч, Г.В.Штыхаў.

т. 11, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́СЭР Гамаль Абдэль, Гамаль Абд ан-Насыр (15.1.1918 Бені-Мур, Егіпет — 29.9.1970), егіпецкі паліт. і дзярж. дзеяч. Палкоўнік. Герой Сав. Саюза (1964). Скончыў ваен. вучылішча Генштаба. Вызначыўся ў араба-ізраільскай вайне 1948—49: Адзін з заснавальнікаў тайнай арг-цыі «К-т свабодных афіцэраў», які 23.7.1952 скінуў караля Фарука II і ліквідаваў у Егіпце манархію. З 1953 вярх. галоўнакамандуючы ўзбр. сіламі, нам. прэм’ер-міністра і міністр унутр. спраў, з 1954 прэм’ер-міністр Егіпта. У кастр. 1954 дамогся ад Вялікабрытаніі згоды на вывад брыт. войск з Егіпта. У 1956 абраны прэзідэнтам Егіпта. У ліп. 1956 нацыяналізаваў міжнар. кампанію Суэцкага канала, што прывяло да англа-франка-ізраільскай агрэсіі 1956 супраць Егіпта. У знешняй палітыцы арыентаваўся на СССР і краіны сацыяліст. лагера. Быў прыхільнікам панарабскага руху. Падтрымаў ідэю аб’яднання Егіпта і Сірыі ў Аб’яднаную Араб. Рэспубліку (назва ААР; у 1961 Сірыя выйшла, назва ААР захавалася за Егіптам да 1971), абраны яе прэзідэнтам у 1958. Ва ўнутр. палітыцы прытрымліваўся ідэй «араб. сацыялізму», імкнуўся ператварыць Егіпет у развітую, індустр. дзяржаву, для чаго праведзена агр. рэформа, пачата індустрыялізацыя, будавалася вышынная Асуанская плаціна. У паліт. сферы ўсталяваў аўтарытарны, аднапартыйны рэжым. Першым з араб. лідэраў прыйшоў да ўсведамлення неабходнасці мірнага ўрэгулявання Блізкаўсходняга канфлікту. У жн. 1970 пагадзіўся на 90-дзённае спыненне агню з Ізраілем.

Тв.:

Рус. пер. — Проблемы египетской революции: Избр. речи и выступления 1952—1970 гг. М., 1979.

Літ.:

Dekmedjian R.H. Egypt under Nasir. New York, 1971;

Lacouture J. Nasser. Paris, 1971;

Nutting A. Nasser. London;

New York, 1972;

Stephens R.H. Nasser: A political biography. New York, 1972;

Vatikiotis P.J. Nasser and his generation. London, 1978.

У.С.Кошалеў.

Г.А.Насэр.

т. 11, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКІФАРО́ЎСКІ (Мікалай Якаўлевіч) (17.5.1845, в. Вымна Віцебскага р-на — 10.6.1910),

бел. этнограф і фалькларыст. Правадз. чл. Т-ва аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі Маск. ун-та (з 1890), Рус. геагр. т-ва (з 1897). Скончыў Віцебскую духоўную семінарыю (1867). Настаўнічаў у Віцебску, Свіслацкай і Маладзечанскай настаўніцкай семінарыях. Вывучаў побыт і нар. духоўную і матэрыяльную культуру Беларусі. Супрацоўнічаў з П.В.Шэйнам, дасылаў яму шмат фальклорна-этнагр. матэрыялаў, якія той апублікаваў у сваіх зб-ках «Беларускія народныя песні» (1874) і ў «Матэрыялах для вывучэння быту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (т. 1—3, 1887—1902; апісанні калядных свят, хаджэнні і песні валачобнікаў, юр’еўскія і жніўныя абрады і песні, купальскія святкаванні, апісанні вяселля ў Віцебскай і Гродзенскай губ., пахавальных і памінальных звычаяў, дзядоў; усяго 60 запісаў). Выдаў каля 20 прац па фальклоры, этнаграфіі і гісторыі Віцебшчыны. У «Нарысах Віцебскай Беларусі» ( ч. 1—8, 1892—99) апісаў побыт, сац.-эканам. становішча і жыццё асобных груп насельніцтва (старцаў, музы́каў і інш.). Аўтар прац «Нарысы простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку» (1895), «Простанародныя прыкметы і павер’і, прымхлівыя абрады і звычаі, легендарныя паданні пра асобы і мясціны» (1897), «Простанародныя загадкі» (1898), «Нячысцікі. Збор простанародных у Віцебскай Беларусі паданняў пра нячыстую сілу» (1907, 2-е выд. Віцебск, 1995). Зб-кі «Напаўпрыказкі і напаўпрымаўкі, якія ўжываюцца ў Віцебскай Беларусі» (1910—13), «Беларускія песні-частушкі» (1911) і праца «Напаўпрыказкі — напаўпрыслаўкі» (1928) выйшлі пасля смерці Н.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 1. Вильна, 1904;

Стукалич В.К. Н.Я.Никифоровский, 1845—1910 гг. Вильна, 1910;

Бондарчик В.К., Чигринов И.Г. Н.Я.Никифоровский. Мн.. 1960;

Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст. Мн., 1964;

Пятроўская Г.А. Пачынальнік беларускага народазнаўства М.Я.Нікіфароўскі. Мн., 1991.

А.С.Фядосік.

М.Я.Нікіфароўскі.

т. 11, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НО́ВЫЯ КНІ́ГІ»,

штомесячны бібліягр. бюлетэнь. Выдаецца з 1960 у Мінску Нац. б-кай Беларусі. Да 1991 наз. «Новыя кнігі БССР...», у 1992—95 — «Новыя кнігі Беларусі». Прызначаны работнікам бібліятэк, асв. устаноў і ўсім, хто цікавіцца беларусазнаўчай тэматыкай. Уключае пераважна л-ру на бел. і рус. мовах. У раздзеле «Навінкі бел. друку» інфармуе пра кнігі бел. выдавецтваў, у т. л. недзяржаўных, што паступілі ў Нац. б-ку Беларусі, знаёміць з найб. значнымі артыкуламі з рэсп. часопісаў і газет. Матэрыялы раздзела прадстаўлены ў 5 частках. У асноўнай — «Пра Беларусь і яе жыхароў» — падборка беларусазнаўчых кніг і артыкулаў, якія сабраны ў падраздзелах: «Мінулае далёкае і блізкае», «Этнаграфія. Фальклор, фалькларыстыка», «Дзень сённяшні», «Ураджэнцы Беларусі за яе межамі», «Гісторыя, культура і сучаснае Жыццё іншых народаў Беларусі», «Культура Беларусі ўчора і сёння», «Наша родная мова», «Рэлігія: ад старажытнасці да нашых дзён», «Прырода. Экалогія», «Спорт». Калі назва публікацыі не раскрывае яе змест, ён удакладняецца анатацыяй. Назва наступных 4 частак — «Папулярна аб усім» (л-ра ў дапамогу прадпрымальнікам, абітурыентам, настаўнікам і інш.), «Мастацкая літаратура» (творы, выдадзеныя асобна і надрук. ў бел. часопісах), «Кнігі і публікацыі — дзецям» (навук.-папулярныя выданні, творы маст. л-ры, казкі), «У полі зроку рэцэнзента» (рэцэнзіі з бел. перыядычнага друку на бел. выданні). Кожны нумар выходзіць пад адной вокладкай з дадаткам. У адным з іх (звычайна ў 2-м паўгоддзі) — спіс памятных дат бел. календара на наступны год. Тры дадаткі знаёмяць з матэрыяламі да найб. значных дат (біягр. ці гіст. даведкі і спіс л-ры пра асобу ці падзею), у 8 іншых — бібліягр. спісы ці агляды (пераважна беларусазнаўчай тэматыкі), якія можна выкарыстоўваць як самаст. бібліягр. дапаможнікі.

І.А.Нарчук.

т. 11, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РДЭР архітэктурны,

пэўнае спалучэнне нясучых і нясёных частак стоечна-бэлечнай канструкцыі, іх структура і маст. апрацоўка. Як маст выразная форма выкарыстоўваўся ў манум. архітэктуры ў старажытнасці (Стараж. Егіпет, асіра-вавілонскае дойлідства). Класічная сістэма О. склалася ў Стараж. Грэцыі; асн. О. атрымалі найменні ад назваў плямён і абласцей: дарычны ордэр, іанічны ордэр, карынфскі ордэр. Разнавіднасць дарычнага О. — тасканскі ордэр, карынфскага і іанічнага — кампазітны ордэр. Абавязковыя састаўныя часткі О.: нясучыя — калона (аздобленая канелюрамі) з капітэллю і базай (у дарычным О. без базы), часам з п’едэсталам; нясёныя — антаблемент, які складаецца з архітрава, фрыза і карніза. Дэталі О. ўпрыгожваюць разнымі ці цягавымі профілямі — абломамі архітэктурнымі. Асаблівасці кожнага О. — у прапорцыях, прарысоўцы абломаў і формах капітэлі. Змена суадносін паміж нясучымі і нясёнымі часткамі О. надае яму і збудаванню ў цэлым разнастайныя маштабнасць і характар (напр., лаканічнасць і мужнасць — дарычны О., лёгкасць і вытанчанасць — іанічны і карынфскі О.). О. і ордэрныя сістэмы выкарыстоўваліся ў розныя гіст. эпохі (у архітэктуры Стараж. Рыма, рэнесансу, барока, класіцызму). У эпоху Стараж. Рыма і пазней ужываліся шмат’ярусныя ордэрныя кампазіцыі, ордэрныя чляненні сцяны з выкарыстаннем паўкалон і пілястраў, пашыраны О. або яго асобныя элементы ў спалучэнні са скляпеністымі або арачнымі канструкцыямі (Калізей, базілікі і ратонды Стараж. Рыма, арачныя каланады ў эпоху Адраджэння). З 15 ст. О. стаў адным з гал. кампанентаў у зах.-еўрап. архітэктуры. У рус. дойлідстве пашыраны з канца 17 ст. На Беларусі О. і ордэрныя сістэмы выкарыстоўваліся ў культавай, палацавай, грамадз. архітэктуры стыляў барока, класіцызму, эклектыкі, мадэрну, неакласіцыстычных кірункаў, у архітэктуры 1940—50-х г.

С.А.Сергачоў.

Ордэры архітэктурныя. Грэчаскія: 1 — дарычны; 2 — іанічны; 3 — карынфскі. Рымскія: 4 — тасканскі; 5 — дарычны; 6 — іанічны; 7 — карынфскі.

т. 11, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗЕ́ТА,

друкаванае перыядычнае выданне, якое публікуе матэрыялы пра падзеі ў паліт. эканам. і духоўным жыцці грамадства; адзін з асн. сродкаў масавай інфармацыі. Вызначаецца аператыўнасцю, фарматам, перыядычнасцю. Змяшчае афіц. і паліт. дакументы, карэспандэнцыі і каментарыі, хранікальныя паведамленні і маст. творы. Першыя газеты з’явіліся ў Зах. Еўропе ў пач. 17 ст., у Расіі — у 1702 пад назвай «Ведомости». Папярэднікамі бел. газет былі аднадзёнкі, першая з іх «Новіны грозные а жалостлівые...» выйшла ў пач. 1563 у Нясвіжскай друкарні. Першай у ВКЛ была «Газэта літэрацка Віленьска» (засн. ў 1760, выдавалася Віленскай езуіцкай акадэміяй). На тэр. сучаснай Беларусі былі «Газэта Гродзеньска» (1776—83) і «Вядомосьці Гродзеньске» (1792). З канца 1830-х г. афіц. друкаваным выданнем Паўд.-Зах. краю стаў «Виленский вестник» (з 1841 выходзіў на польск. і рус., з 1865 — на рус. мове). З 1838 выдаваліся афіц. газеты губернскіх праўленняў: «Виленские губернские ведомости», «Витебские губернские ведомости», «Гродненские губернские ведомости», «Минские губернские ведомости», «Могилевские губернские ведомости». З канца 1860-х г. выходзілі афіц. царк. «Епархиальные ведомости». У Вільні выдавалася грамадска-паліт., літ. і эканам. газета «Северо-Западное слово» (1898—1905). Першым нац. перыядычным органам была газета «Мужыцкая праўда», якую выдавалі нелегальна ў 1862—63 К.Каліноўскі і яго паплечнікі. У 1886 у Мінску выйшла першая прыватная грамадска-паліт. і літ. Газета «Минский листок» (з 1902 «Северо-Западный край»).

У пач. 20 ст. на Беларусі ў многіх губ. і павятовых цэнтрах выдаваліся газеты розных кірункаў: «Белорусский вестник», «Северо-Западный голос», «Северо-Западное слово», «Бобруйская жизнь», «Витебский вестник», «Голос провинции», «Окраина», «Полоцкий листок» і інш. Вялікім дасягненнем бел. журналістыкі быў выхад першых масавых газет на бел. мове «Наша доля» і «Наша ніва», якія сталі цэнтрамі нац.-вызв. руху. За 1817—1916 на Беларусі выдадзена 249 выданняў, з іх беларускамоўных (кірыліцай ці лацінкай) 13.

У час 1-й сусв. вайны і пасля Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917 у Беларусі быў наладжаны выпуск афіц., парт., салдацкіх і інш. газет: «Фронт», «Гоман», «Вольная Беларусь», «Звезда» (гл. «Звязда»), «Вестник Минского губернского комиссариата» і інш. (усяго больш за 80 выданняў на бел., рус., польскай і яўр. мовах). У грамадз. вайну выходзілі толькі тыя газеты, якія падтрымлівалі сав. ўладу: «Дзянніца» (Петраград, Масква), «Революционная ставка», «Набат», «Белорусская правда», «Минский пролетарий» і інш. У 1920-я г. створаны шэраг газет, якія былі афіц. органамі Саветаў і парт. к-таў усіх узроўняў, што вызначала іх змест і задачы. Выходзілі газеты: «Беларуская вёска», «Рабочий» (гл. «Советская Белоруссия»), «Красная смена» (гл. «Чырвоная змена»), «Заря запада» (гл. «Віцебскі рабочы»), «Полесская правда» (гл. «Гомельская праўда») і інш. У 1924 утвораны акруговыя газеты. У пач. 1930-х г. на базе акруговых, шматтыражных калгасна-саўгасных і некат. фабрычных газет пачалі выходзіць раённыя; з 1932 — «Літаратура і мастацтва». У 1933—34 створана каля 100 шматтыражных газет — органаў палітаддзелаў МТС і саўгасаў. З 1938 пачалі выдавацца абл. газеты. У 1940 выходзілі 252 газеты гадавым тыражом 192,7 тыс. экз.

У 1921—39 у Зах. Беларусі ў легальных і нелегальных умовах выходзілі газеты «Беларускія ведамасці», «Беларуская справа», «Наша праўда», «Народны звон», «Наша воля», «Родны край», «Беларуская крыніца», «Барацьба», «Малады камуніст» і інш. Многія з іх вялі барацьбу за сац. і нац. вызваленне бел. народа, нешматлікія выступалі ў падтрымку ідэй БНР, а некат. адкрыта падтрымлівалі паланізатарскую палітыку ўлад, прапаведавалі нацыянал-сацыялізм (гл. Заходнебеларускі друк).

У гады Вял. Айч. вайны на акупіраванай тэр. Беларусі падпольна выдавалася больш за 170 рэсп., абл. і раённых газет, распаўсюджваліся газеты, што выдаваліся ў сав. тыле: «За Савецкую Беларусь», «За свабодную Беларусь», «Раздавім фашысцкую гадзіну» і інш. (гл. Падпольны і партызанскі друк на Беларусі ў гады Вял Айч. вайны). Калабарацыяністы выдавалі «Беларускую газэту» і інш. (гл. Друк акупацыйны ў гады Вял. Айч. вайны).

Пасля вайны на Беларусі адноўлена сетка абл., раённых, гар. і аб’яднаных газет, створаны новыя выданні: «Мінская праўда», «Савецкі селянін», «За вяртанне на Радзіму» (гл. «Голас Радзімы») і інш. У 1950—53 у зах. абласцях Беларусі выходзілі 124 шматтыражныя газеты — органы палітаддзелаў МТС. У 1954 з’явіліся аб’яднаныя (раённыя і гар.) газеты. У 1955 на Беларусі выдавалася 218 газет гадавым тыражом 233,2 млн. экз. У 1962 выдаваліся міжраённыя газеты. У 1965 раённыя газеты былі адноўлены. У 1967 выйшла першая вячэрняя газета на Беларусі «Вячэрні Мінск». У 1980 выходзілі 193 газеты, у т. л. 11 рэспубліканскіх, 6 абл., 11 аб’яднаных, 3 гар., 106 раённых, 54 шматтыражныя. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі (1991) акрамя афіц. сталі выходзіць газеты шматлікіх партый і рухаў, грамадскіх, культ. і інш. аб’яднанняў, творчых і прафес. саюзаў, калектываў, прыватных асоб: «Народная газета», «Рэспубліка», «Беларускі час», «Свабода», «Народная воля», «Товарищ», «Мы и время», «Цэнтральная газета», «Набат» і інш. У 1993 выдавалася 491 газета, у т. л. 120 раённых і аб’яднаных. У 1990-я г. пашырылі выдавецкую дзейнасць прадстаўнікі бел. дыяспары ў ЗША, Канадзе і інш. краінах. На 1.1.1997 у Беларусі зарэгістравана 579 газет. Інфармацыю пра замежныя газеты гл. ў раздзеле Друк, радыё, тэлебачанне ў артыкулах пра краіны.

Літ.:

Периодическая печать Белоруссии, 1817—1916 гг.: Библиогр. указ. Мн., 1960;

Перыядычны друк Беларускай ССР. Вып. 2. Газеты (1917—1959 гг.). Мн., 1960;

Падпольныя перыядычныя выданні на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Бібліягр. паказ. / Склад. В.С.Адамовіч. Мн., 1975;

Перыядычны друк Беларусі. Мн., 1981;

Газеты Беларускай ССР. Ч. 1—2. Мн., 1984—85;

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;

Булацкі Р.В., Сачанка І.Л., Говін С.В. Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979;

Говін С.В. Друк Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.). Мн., 1974;

К.Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;

Цікоцкі М.Я. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст. Мн., 1960.

С.В.Говін.

т. 4, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́РМАНТАЎ (Міхаіл Юр’евіч) (15.10. 1814, Масква — 27.7.1841),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1830—32), скончыў школу гвардз. падпрапаршчыкаў і кав. юнкераў у Пецярбургу (1834). За верш «Смерць Паэта» пра гібель А.Пушкіна (нап. 1837, апубл. за мяжой 1858, у Расіі цалкам — 1860) высланы ў Грузію. Другі раз сасланы на Каўказ у 1840. Удзельнік бітвы на р. Валерык у Чэчні. Забіты на дуэлі ў Пяцігорску М.Мартынавым. Першыя вершы напісаў у 1828. Друкаваўся з 1830. Лірыцы Л. ўласцівы рамант., мяцежны герой, які паўстае супраць законаў бяздушнага грамадства і імкнецца да недасяжнага ідэалу, пачуццё адзіноты і расчаравання, бязмежнасці кахання і пакуты, тэмы свабоды, радзімы і яе гіст. лёсу: вершы «Ветразь», «Барадзіно», «Дума», «Хмары», «Радзіма» і інш. Стварыў вяршынныя ўзоры рус. рамант. паэмы: «Уцякач» (1838, апубл. 1846), «Мцыры» (1839, апубл. 1840), «Дэман» (8 рэдакцый, 1829—39, апубл. ў Германіі 1856, у Расіі цалкам у 1860) і інш. Распрацоўваў рэаліст. паэму: «Сашка» (1836, апубл. 1882), «Песня пра цара Івана Васілевіча...» (1838) і інш. Асн. рысы Л.-празаіка — тонкі псіхалагізм, лаканізм, афарыстычнасць, умелае валоданне маст. дэталлю — выявіліся ў рамане «Герой нашага часу» (1839—40), дзе стварыў новую раманную форму і новага героя, поўнага сіл і расчараванага ў дзеянні. Аўтар гіст. рамана пра Пугачоўскае паўстанне «Вадзім» (1832—34, незакончаны, апубл. 1873), рамана на аўтабіягр. аснове «Княгіня Лігаўская» (1836, незакончаны, апубл. 1882), у якім дадзены першы накід характару Пячорына, драм у вершах «Іспанцы» (1830, апубл. 1880), «Маскарад» (3 рэдакцыі, 1835—36, апубл. 1842, паст. цалкам 1862), нарысаў і інш. Займаўся жывапісам, пісаў акварэлі, карціны алеем, малюнкі (пейзажы, жанравыя сцэны, партрэты і карыкатуры; лепшыя з іх звязаны з каўк. тэмай). Вершы Л. сталі асновай для опернай («Дэман» А.Рубінштэйна), сімфанічнай («Уцёс» С.Рахманінава, «Тры пальмы» А.Спендыярава) і рамансавай (А.Даргамыжскі, М.Балакіраў і інш.) творчасці, нар. песнямі («Выходжу адзін я на дарогу...»).

Творы Л. здаўна папулярныя на Беларусі, якая займала значнае месца ў творчасці паэта. Пад уздзеяннем твораў А.Міцкевіча (гал. чынам яго паэм «Гражына» і «Конрад Валенрод») у сюжэтах паэм Л. прысутнічаюць вобразы «дзевы-воіна» («Літвінка», 1832), баярына Оршы (аднайм. паэма, 1835—36), Арсенія («Літвінка», «Баярын Орша») і інш. Л. імкнуўся адлюстраваць сац.-бытавыя і гісторыка-паліт. падзеі мінулых эпох: Адна з першых крыніц на Беларусі, дзе з вял. прыхільнасцю ўпамінаецца імя Л., — ананімная паэма «Тарас на Парнасе». У 1889 газ. «Минский листок» змясціла арт. «Міхаіл Юр’евіч Лермантаў», прысвечаны адкрыццю помніка Л. ў Пяцігорску. Хоць бел. паэзія 19 ст. тыпалагічна адрознівалася ад творчасці Л. сваімі параўнаўча нераспрацаванымі «чалавеказнаўчымі» магчымасцямі і ў мастацка-стылявым плане, у ёй выкарыстоўваліся лермантаўскія матывы і сімвалы. Верш Ф.Багушэвіча «Хмаркі» ідэйна і эстэтычна блізкі да аднайм. верша Л. Паэзія Цёткі звязана з яго традыцыямі грамадз. лірыкі. Наследаванне Л. праглядаецца ў вершах Я.Купалы «Мой дом», «Прыстаў я жыць...» і інш. Героі рамант. паэм Я.Купалы («Курган», «Бандароўна», «Магіла льва») блізкія рамант. героям Л. Матывы Л. пра ролю паэта ў жыцці народа творча распрацоўваў Я.Колас («Пясняр», «Паэту» і інш.). Рамант. паэма Я.Коласа «Сымон-музыка» сугучная паэме «Мцыры». Надзвычай блізкі да Л. быў М.Багдановіч; да 100-годдзя з дня нараджэння Л. ён змясціў у яраслаўскай газ. «Голос» (2.10.1914) арт. «Адзінокі», у якім раскрыў значэнне і своеасаблівасць Л. сярод рус. паэтаў. Паэма Багдановіча «Максім і Магдалена» стваралася не без уплыву «Песні пра... купца Калашнікава» і «Баярына Оршы». Напружанасць духоўнага эмацыянальнага жыцця характэрна асуджаным на адзіноту гал. героям паэмы «Дэман» і паэмы Багдановіча «Страцім-Лебедзь», у якой некаторыя даследчыкі адзначаюць пэўную палеміку. Пра захапленне паэзіяй Л. пісаў у аўтабіяграфіі З.Бядуля. Пад уплывам Л. напісаны першыя лірычныя вершы К.Крапівы. У арт. «Тры сустрэчы» А.Куляшоў пісаў, што пачаты ў даваен. час пераклад на бел. мову твораў Л. ў многім вызначыў кірунак яго паэт. дзейнасці. П.Панчанка ў арт. «Нязгасны агонь» падкрэсліваў, што Л. стаў асабліва блізкім і дарагім у гады Вял. Айч. вайны. На бел. мове першыя пераклады паэм «Мцыры» і «Дэман» апублікаваны ў 1920-я г. ў Вільні. У канцы 1930-х г. Я.Колас пераклаў 1-ю частку «Дэмана». У 1950 асобным выданнем выйшаў пераклад паэм «Дэман» (пер. Я.Колас, А.Зарыцкі, А.Бялевіч), «Баярын Орша» і «Каўказскі нявольнік» (пер. Зарыцкі і А.Вялюгін), «Ізмаіл-Бей» (пер. У.Шахавец), «Песня пра... купца Калашнікава» (пер. М.Клімковіч). У 1969 выдадзены зб-к перакладаў Куляшова (выбраныя вершы Л., паэмы «Мцыры», «Дэман»), за які разам з перакладамі твораў інш. пісьменнікаў яму прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1970. Творы Л. перакладалі В.Зуёнак, П.Макаль, Я.Міклашэўскі (Я.Верабей) і інш. Л. прысвяцілі свае вершы і артыкулы П.Броўка, М.Танк, Я.Брыль, С.Грахоўскі і інш.

Упершыню на Беларусі да творчасці Л. звярнуўся тэатр А.К.Басевіча ў Пінску, які 13.4.1880 ажыццявіў пастаноўку драмы «Маскарад». П’еса ўваходзіла і ў рэпертуар Мінскага т-ва аматараў прыгожых мастацтваў. У 1953 гэтая драма пастаўлена Брэсцкім абл. драм. т-рам. Падзеяй у тэатр. жыцці Беларусі стаў спектакль Дзярж. рус. драм. т-ра Беларусі «Маскарад» (1966). Бел. т-р оперы і балета ажыццявіў пастаноўку оперы Рубінштэйна «Дэман» (1951). Трагедыю «Іспанцы» ставіў Гродзенскі абл. драм. т-р (1955).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1986;

Соч. Т. 1—2. М., 1988—90;

Избр. соч. М., 1994;

Зорка зорцы голас падае = И звезда с звездою говорит: Выбр. вершы. Мн., 1989.

Літ.:

М.Ю.Лермонтов в русской критике. М., 1985;

Лотман Ю.М. В школе поэтического творчества: Пушкин. Лермонтов. Гоголь. М., 1988;

М.Ю.Лермонтов: Проблемы идеала. Куйбышев, 1989;

Лермонтовская энциклопедия. М., 1981.

С.Ф.Кузьміна, У.В.Гніламёдаў, В.А.Ракіцкі (тэатр).

М.Ю.Лермантаў. Мастак П.Забалоцкі. 1837.

т. 9, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)