РАБКО́ВЫЯ, рабкі (Pterocletidae, або Pteroclidae),
сямейства (падатрад) птушак атр. голубападобных. Вядомы з алігацэну (каля 30 млн.г. назад). 2 роды: саджы (Syrrhaptes) з 2 відамі і рабкі (Pterocles) з 14 відамі. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Азіі, Афрыцы, у стэпах, саваннах, паўпустынях і пустынях. Пераважна аселыя птушкі. Трымаюцца чародкамі, гняздуюцца на зямлі. На Беларусі адзначаны выпадкова залётны від саджа, або капытка (S. paradoxus).
Даўж. да 45 см, маса да 550 г. Афарбоўка пясчаная, вохрыстая, жаўтаватая. Крылы доўгія, вострыя. Дзюба без васковіцы. Ногі кароткія, апераны да пальцаў; у саджы апераны і пальцы. Задні палец малы або адсутнічае. Кормяцца насеннем, зялёнымі ч. раслін, насякомымі. Адкладваюць да 4 яец. Аб’ект спарт. палявання.
Э.Р.Самусенка.
Рабковыя: 1 — саджа; 2 — рабок белабрухі (а — самец, б — самка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РАБО́ТНІЦКА-СЯЛЯ́НСКАЯ БЕЛАРУ́СЬ»,
вячэрняя штодзённая насценная газета Захфронтроста. Выдавалася 4.7—25.9.1920 пераважна ў Мінску на бел. мове. Рэдактар З.Жылуновіч (Ц.Гартны). Пачала выходзіць у час ліп. аперацыі сав.-польскай вайны 1920. Выконвала ролю масавага агітатара і паліт. выхавальніка малапісьменнага чытача: адметнасць стылю, кароткая перадавіца, сціслыя фразы, буйны шрыфт; друкавалася на адной старонцы газетнага аркуша. Мела рубрыкі: «Абарона савецкіх рэспублік», «Весткі з заграніцы», «На Беларусі» і інш. Змяшчала аператыўныя звесткі з франтоў, асвятляла ход ваен. дзеянняў і этапы мірных перагавораў з Польшчай, міжнар. становішча і акцыі салідарнасці з Сав. Расіяй у Англіі, Францыі і інш. краінах. Надрукавала вершы З.Бядулі (пад псеўд. Вольны) і А.Бабарэкі (пад псеўд. Адам Чырвоны). Выйшла 46 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫ́СКА (Raphanus sativus var. radicula),
кветкавая расліна сям. крыжакветных, разнавіднасць рэдзькі пасяўной. Культывуецца пераважна ва ўмераных паясах. На Беларусі вырошчваецца аднагадовая форма Р., раянаваныя сарты для адкрытага грунту — Альба, Зара, Ізабель, Квант, Ружова-чырвоны з белым кончыкам, Родас, для закрытага — Рубін.
Адна- і двухгадовыя караняплодныя травяністыя расліны. Караняплоды (7—20 г), круглыя, канічныя, верацёнападобныя, белага, чырв., фіялетавага колеру, маюць 25—30 мг% аскарбінавай к-ты, мінер. рэчывы. Лісце (4—6) рассечанае, сабранае ў разетку, мае 50—60 мг% аскарбінавай к-ты, ужываецца як салата. Суквецце — гронка. Плод — стручок. Агароднінныя расліны.
В.М.Прохараў.
Радыска: 1 — агульны выгляд; 2 — сорт Ранні чырвоны; 3 — сорт Ружова-чырвоны з белым кончыкам; 4 — сорт Віраўскі белы; 5 — сорт Чырвоны велікан; 6 — Лядзяш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КУРС (ад франц. raccourci скарачэнне),
1) у выяўленчым мастацтве — скарачэнне памераў і формы рэальных і ўяўных прадметаў пры іх аддаленні ад вока паводле законаў лінейнай перспектывы. Паняцце «Р.» выкарыстоўваецца пераважна да аб’ектаў, якія цалкам ці па частках разглядаюцца ў нечаканых паваротах і пад «вострымі вугламі зроку» (зблізку, зверху ўніз, знізу ўверх і г.д.). У дэкар. размалёўках Р. часта выкарыстоўваецца для найб. эфектнай перадачы руху і прасторы.
2) У кіназдымцы — адлюстраванне аб’екта з розных пунктаў агляду нерухомай або рухомай кінакамерай. Прыём аператарскага мастацтва, што выкарыстоўваецца для будовы выяўл. мантажнай кампазіцыі фільма. Дае магчымасць усебакова паказаць дзеянне, падзею, з’яву, міміку, жэсты ці рухі чалавека, ствараць мантажныя метафары, уражанне сумяшчэння пункта здымкі аператара з пунктам агляду персанажа і інш. 3) Пункт погляду на што-н., аспект.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́КВЕЛА МЕ́ТАД,
метад вызначэння цвёрдасці матэрыялаў (пераважна металаў) уцісканнем у іх паверхню алмазнага конуса з вуглом пры вяршыні 120° (шкалы A і C) або стальнога загартаванага шарыка дыям. 1,588 мм (шкала В).
Робіцца спец. настольнымі прыладамі — цвердамерамі з індыкатарам. За ўмоўную адзінку цвёрдасці прымаецца яе лікавае значэнне, адпаведнае восеваму перамяшчэнню конуса (шарыка) на 0,002 мм. Метад распрацаваны ў 1919 амер. металургам С П.Роквелам. Цвёрдасць матэрыялаў вызначаецца таксама Брынеля метадам і Вікерса метадам, якія менш прадукцыйныя і больш пашкоджваюць паверхню вырабу.
Прылада для вызначэння цвёрдасці матэрыялаў паводле Роквела метаду: 1 — махавік; 2 — вінт; 3 — узор, які выпрабоўваецца; 4 — індэнтар (алмазны конус або стальны шарык); 5 — індыкатар; 6 — ручка для апускання грузу 7, які стварае намаганне на індэнтар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫБАКО́Ў (Мікалай Хрысанфавіч) (19.5.1811, г. Курск, Расія — 27.11.1876),
рускі акцёр. На сцэне з 1826. У 1833—41 у трупах Харкава, потым у т-рах пераважнаПд Расіі. Адзін з рэфарматараў правінцыяльнай сцэны. З 1872 у Маскве. Шмат выступаў у меладрамах, імкнуўся ўнесці ў іх праўду і дух бунтарства: Бідэрман, Ніна («Смерць і гонар», «Угаліна» М.Палявога), Кін («Кін, або Шалапуцтва і геній» А.Дзюма-бацькі) і інш. Прапагандыст рус. класічнага рэпертуару і драматургіі А.Астроўскага. Сярод роляў: Чацкі, Скалазуб («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Брускоў, Кураслепаў, Нешчасліўцаў («З чужога шалу галава круціцца», «Гарачае сэрца», «Лес» Астроўскага), Прастакоў, Скацінін («Недаростак» Дз.Фанвізіна), Земляніка («Рэвізор» М.Гогаля), Вырын, Млынар («Станцыйны даглядчык», «Русалка» А.Пушкіна) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЖО́ВА (Варвара Мікалаеўна) (27.1.1871, Масква — 18.5.1963),
расійская актрыса. Нар.арт.СССР (1937). Скончыла драм. курсы пры Маскоўскім тэатр. вучылішчы (1893), паступіла ў трупу Малога т-ра. Выступала як камед. і вадэвільная актрыса, з канца 1900-х г. выконвала пераважна характарныя ролі т.зв. камічных бабуль. Найвыш. майстэрства дасягнула ў рус. класічных п’есах, асабліва А.Астроўскага. Майстар рус.сцэн. мовы. Творчасці ўласцівы дасканаласць раскрыцця ўнутр. свету герояў, мяккі гумар, лірычнасць: Фяклуша, Анфуса Ціханаўна, Уліта, Глумава, Феліцата, Домна Панцялеўна («Навальніца», «Ваўкі і авечкі», «Лес», «На ўсякага мудраца хапае прастаты», «Праўда — добра, а шчасце лепш», «Таленты і паклоннікі» Астроўскага), Графіня-бабуля («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Аўдоцця («Расцяраева вуліца» паводле Г.Успенскага), Дзямідаўна («Нашэсце» Л.Лявонава) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЛО́Ў (Аркадзь Аляксандравіч) (29.1.1870, с. Істобенск Кіраўскай вобл., Расія — 22.6.1939),
расійскі мастак. Засл. дз. маст. Расіі (1935). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ у А.Куінджы (1894—97), у 1918—29 выкладаў у ёй. Наведаў Францыю і Германію (1898). Чл. аб’яднанняў «Свет мастацтва», «Саюз рускіх мастакоў», Асацыяцыя мастакоў рэв. Расіі, чл.-заснавальнік і старшыня (1925—30) Т-ва імя Куінджы. Ствараў пераважна пейзажы-карціны, якім уласцівы абагульнены, нац.-рамант. па настроі вобраз роднай краіны: «З берагоў Вяткі» (1901), «Зялёны шум» (1904), «У блакітным прасторы» (1918), «Палявая рабінка» (1922), «Зялёныя карункі» (1928), «Лясная рака» (1929), «На прыродзе» (1933). Афармляў дзіцячыя часопісы і кнігі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ПІК (Eupatorium),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 600 відаў. Пашыраны пераважна ў Амерыцы, некат. ў Еўразіі і трапічнай Афрыцы. На Беларусі 1 від — Р. канапляны (E. cannabinum). Трапляецца на вільготных берагах рэк, азёр, каля балот і інш. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны Р. духмяны (E. aromaticum) і пурпуровы (E. purpureum).
Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны. Сцёблы прамыя, простыя або галінастыя. Лісце супраціўнае, чаргаванае, радзей у кальчаках, суцэльнае або рассечанае. Лейкападобныя кветкі ў кошыках, сабраных у агульнае шчыткаладобнае суквецце. Плод — сямянка. Р. канапляны — лек. (мачагонны, ванітоўны, танізоўны, ранагаючы сродак), тэхн. (сцёблы даюць грубае валакно), фарбавальная (з лісця і кораня атрымліваюць сінюю і чорную фарбы), алейная (насенне мае да 25% алею), дэкар., ядавітая расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВІ́ЦКІ (Канстанцін Апалонавіч) (6.6.1844, г. Таганрог, Расія — 13.2.1905),
рускі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1862—73). Правадз.чл.Пецярб.АМ (з 1895). Чл.Т-ва перасоўных маст. выставак (1878, гл.Перасоўнікі). З 1891 выкладаў у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, з 1897 у Пензенскім маст. вучылішчы (дырэктар). Для творчасці характэрны выкрывальная скіраванасць, імкненне перадаць складаную псіхалогію і выразнасць нар. тыпажу, майстэрства кампаноўкі шматфігурных сцэн. Пісаў пераважна жанравыя карціны: «Рамонтныя работы на чыгунцы» (1874), «Сустрэча абраза» (1878). У шэрагу твораў сцэны нар. жыцця набываюць трагедыйнае гучанне («На вайну», 1880—88), перадаюць вастрыню сац. канфлікту («Спрэчка на мяжы», 1897). Аўтар ілюстрацый, афортаў, літаграфій.