ПАТАРЖЫ́НСКІ (Іван Сяргеевіч) (3.3.1896, с. Петра-Свістунова Вясёлаўскага р-на Запарожскай вобл., Украіна — 22.2.1960),

украінскі спявак (бас), педагог; адзін з заснавальнікаў укр. вак. школы. Нар. арт. СССР (1944). Скончыў Екацярынаслаўскую кансерваторыю (1922). З 1925 саліст Харкаўскага, з 1935 — Кіеўскага т-раў оперы і балета. З 1946 праф. Кіеўскай кансерваторыі. Валодаў моцным, гнуткім, выразным голасам аксамітнага тэмбру, вял. артыстызмам. Сярод партый: Карась («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Выбарны, Тарас Бульба («Наталка Палтаўка», «Тарас Бульба» М.​Лысенкі), Гаўрыла («Багдан Хмяльніцкі» К.​Данькевіча), Чуб («Ноч перад калядамі» М.​Рымскага-Корсакава), Сусанін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Галіцкі («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Сярод вучняў: Дз.Гнацюк, А.​Кікаць, Я.Чарванюк і інш. Дзярж. прэмія СССР 1942.

Літ.:

И.​С.​Паторжинский. М., 1976.

т. 12, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛО́ЎСКІ (Фёдар Іларыёнавіч) (27.11. 1908, г.п. Міхайлаўка Запарожскай вобл., Украіна — 6.4.1989),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на тэр. Палескай вобл., Герой Сав. Саюза (1941). Скончыў палкавую кав. школу (1932), курсы сав. будаўніцтва (1939) і палітсаставу (1940). З 1940 у Чырв. Арміі. Удзельнік баёў на воз. Хасан у 1938, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну ў пач. ліп. 1941 стварыў разам з Ц.П.Бумажковым і ўзначаліў партыз. атрад у Акцябрскім р-не Палескай вобл., са студз. 1942 камандзір Палескага партыз. злучэння, з мая 1942 камандзір 123-й Акцябрскай партыз. брыгады, адначасова з крас. 1943 чл. Палескага падп. абкома КП(б)Б, з ліст. 1943 — Акцябрскага падп. райкома КП(б)Б. Званне Героя Сав. Саюза прысвоена ў ліку першых сав. партызан. Пасля вайны да 1966 на сав. і гасп. рабоце.

Ф.І.Паўлоўскі.

т. 12, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛЬ ((Paul) Вольфганг) (10.8.1913, Лорэнцкірх, Германія — 7.12.1993),

нямецкі фізік. Чл. Герм. акадэміі прыродазнаўчых навук «Леапальдзіна» (1964). Скончыў Тэхн. ун-т у Берліне (1937). З 1937 ва ун-це г. Кіль, з 1944 у Гётынгенскім ун-це (з 1950 праф.), з 1952 у Бонскім ун-це (дырэктар Фіз. ін-та). Адначасова ў 1979—89 прэзідэнт Фонду імя А.​Гумбальта. Навук. працы па фізіцы малекулярных пучкоў, фізіцы высокіх энергій, спектраметрыі. Распрацаваў эл.-магн. прыстасаванне для ізалявання і ўтрымлівання іонаў у малым аб’ёме свабоднай прасторы на працягу часу, неабходнага для даследвання іх уласцівасцей (іонная пастка, ці «пастка П.»). Прапанаваў метад раздзялення і назапашвання пры дапамозе іоннай пасткі іонаў рознай масы, які выкарыстоўваюць у прэцызійнай спектраскапіі. Адзін са стваральнікаў Ням. электроннага сінхратрона (1957; г. Гамбург). Нобелеўская прэмія 1989 (разам з Г.​Дэмелтам).

М.​М.​Касцюковіч.

В.Паўль.

т. 12, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРААМІНАВА́ННЕ, трансамінаванне,

зваротны перанос амінагрупы (—NH2) ад амінакіслот (амінаў) да кетакіслот: R1—CH(NH2)—COOH + R2—CO—COOH ⇄ R1—CO—COOH + R2—CH(NH2)COOH. Асн. шлях распаду амінакіслот і сінтэзу заменных амінакіслот. Ферменты П. — амінатрансферазы ёсць ва ўсіх жывых клетках, яны каталізуюць усе вядомыя прыродныя амінакіслоты і шэраг біягенных амінаў (кафермент — пірыдаксальфасфат). Асобнае значэнне мае рэакцыя П. α-кетаглутаравай к-ты: глутамінавая к-та. якая з’яўляецца ў выніку гэтай рэакцыі. прыводзіць да ўтварэння мачавіны (канчатковага прадукту азоцістага абмену ў жывёл) і ўдзельнічае ў абясшкоджванні і вывядзенні з арганізма аміяку. Рэакцыя П. — адзін з важнейшых шляхоў інтэграцыі абмену рэчываў на ўзроўні клеткі — ажыццяўляе сувязь паміж абменам амінак-т, з аднаго боку, і вугляводаў і тлушчу, з другога.

Літ.:

Браунштейн А.Е. На стыке химии и биологии. М., 1987;

Яго ж. Процессы и ферменты клеточного метаболизма. М., 1987.

С.​С.​Ермакова.

т. 12, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРАШКЕ́ВІЧ (Ануфрый) (1793, г. Шчучын Гродзенскай вобл. — 7.12.1863),

польскі і бел. паэт. Скончыў пав. школу ў Шчучыне, Віленскі і Варшаўскі ун-ты. Канд. (1816), магістр (1821) філасофіі. У 1822—24 працаваў у архіве Радзівілаў у Вільні. Адзін з заснавальнікаў т-ва філаматаў, распрацаваў структуру арг-цыі «прамяністых». Сасланы ў Маскву (працаваў бібліятэкарам ва ун-це, 1825—31), Табольск (1832—60). У 1860 вярнуўся ў Вільню. Пісаў па-польску. У час. «Tygodnik Wileński» («Віленскі штотыднёвік», 1817) змяшчаў сентыментальныя вершы і гіст. думы ў духу рамантызму («Вёска», «Беспадстаўная скарга», «Роздум ля развалін замка Гедзіміна» і інш.). Аўтар вершаванай фалькл.-этнагр. замалёўкі «Ідылія Купала», засн. на бел. нар. вераваннях і абрадах. Збіраў матэрыялы т-ва філаматаў (выдадзены як архіў філаматаў у 1913—34 і ў 1973). Сябраваў з Я.​Чачотам, падтрымліваў сувязі з А.​Міцкевічам.

У.​І.​Мархель.

т. 12, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІТ (Pitt) Уільям Малодшы

(28.5.1759, Хейс, цяпер у межах Лондана — 23.1.1806),

англійскі дзярж. дзеяч. Сын У.Піта Старэйшага. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1776). З 1781 чл. парламента, лідэр «новых торы», звязаных з фін. буржуазіяй і калан. дзялкамі. У 1782—83 міністр фінансаў, у 1783—1801 і 1804—06 прэм’ер-міністр. У 1784 правёў закон, які абмежаваў правы Ост-Індскай кампаніі і паставіў пад дзярж. кантроль кіраванне Індыяй. Каб паслабіць міжнар. пазіцыі Расіі, спрыяў развязванню рас.-тур. вайны 1787—91 і рас.-швед. вайны 1788—90, аказваў дыпламат. падтрымку Турцыі і Швецыі. З пачаткам французскай рэвалюцыі 1789—99 П. — адзін з гал. арганізатараў дыпламат. ізаляцыі Францыі і ваен.-паліт. кааліцый супраць яе. Садзейнічаў задушэнню дэмакр. руху ўнутры краіны і нац.-вызв. руху ў Ірландыі, правядзенню «Акта аб уніі» (1801), які скасаваў аўт. ірл. парламент.

т. 12, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАК ((Pollock) Джэксан) (28.1.1912, г. Коды, штат Ваёмінг, ЗША — 11.8.1956),

амерыканскі жывапісец, адзін з гал. прадстаўнікоў амер. абстрактнага экспрэсіянізму. Вучыўся ў Вышэйшай школе прыкладнога мастацтва ў Лос-Анджэлесе (1925—29) і ў Маст. студэнцкай лізе ў Нью-Йорку ў Т.​Х.​Бентана (1930—31). Пасля 1935 зазнаў уплыў П.​Пікасо і сюррэалізму («Ваўчыха», «Захавальнікі сакрэту», абедзве 1943, і інш.). У 1940-я г. звярнуўся да абстрактнага мастацтва. Працаваў у рэчышчы т. зв. жывапісу дзеяння, калі фарбы наносяцца непасрэдна з цюбікаў без дапамогі пэндзля (тэхніка «дрыпінг») па разасланым на падлозе палатне, што дазваляе спалучаць аўтарскую задуму з выпадковымі каляровымі і лінейнымі эфектамі. Сярод твораў: «Капрыз мора» (1947), «Арабескі № 13» (1948), «За межамі палатна № 7» (1949), «Lavender Mist № 1», «Восеньскі рытм № 30» (абодва 1950) і інш. З 1951 працаваў у чорна-белым фігуратыўным жывапісе.

Дж.Полак. Капрыз мора. 1947.

т. 12, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.

Існаваў у 1498—1832 у г. Полацк Віцебскай вобл. Адзін з першых 4 кляштараў ордэна бернардзінцаў у ВКЛ. Засн. вял. кн. ВКЛ Аляксандрам на Запалоцці пры ўпадзенні р. Палата ў Зах. Дзвіну з мэтай схілення праваслаўных у каталіцтва. Верагодна, у гэтым кляштары атрымаў пач. адукацыю Ф.Скарына. Драўляны касцёл кляштара пабудаваны ў 1502. У час Лівонскай вайны 1558—83 ён спалены ў 1563. У 1696 ваявода Д.​Слушка зноў запрасіў бернардзінцаў у Полацк і размясціў іх у слабадзе Кабак. Пасля пажару 1758 пабудаваны мураваны касцёл Маці Божай Марыі Нябеснай (асвячоны ў 1769) і жылы корпус. Касцёл быў аднанефавы, з трансептам і 2-вежавым фасадам, памерамі 42 × 25 локцяў. У 1772 было 10 манахаў, школа філасофіі. У 1832 кляштар скасаваны, касцёл ператвораны ў правасл. царкву (значна пашкоджаны ў 1930-я г.). Жылы корпус захаваўся.

А.​А.​Ярашзвіч.

т. 12, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКО́ШЫНА (Кацярына Сяргееўна) (н. 10.12.1927, с. Ловаць Хвастовіцкага р-на Калужскай вобл., Расія),

бел. філосаф. Канд. філас. н. (1955). Скончыла БДУ (1950). З 1955 у Ін-це філасофіі і права Нац. АН Беларусі. Навук. працы па праблемах гісторыі філас., грамадска-паліт. думкі, гісторыі рэлігіі і вальнадумства ў Беларусі. Адзін з аўтараў манаграфій «Нарысы гісторыі філасофскай і сацыялагічнай думкі Беларусі (да 1917 г.)» (1973), «З гісторыі вальнадумства і атэізму ў Беларусі» (1978), «Асвета і педагагічная думка ў Беларусі» (1985). Дзярж. прэмія Беларусі 1984 і інш.

Тв.:

Пытанні атэізму ў беларускай грамадскай думцы (Другая палавіна XIX і пачатак XX стст.). Мн., 1960;

Мелетий Смотрицкий Мн., 1966;

Казимир Лыщинский Мн., 1986 (разам з В.​Ф.​Шалькевічам);

Старообрядчество в Беларуси Мн., 1992 (разам з Т.​П.​Кароткай, Г.​А.​Чуднікавай);

Неокульты: «новые религии» века. 3 изд. Мн., 2000 (у сааўт.).

т. 12, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ЗІКАЎ (Пётр Дзмітрыевіч) (20.12.1919, в. Падоры Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 20.2.1977),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1968), праф. (1968). Засл. дз. нав. Беларусі (1975). Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК КПБ (1948), БДУ (1949), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1955).З 1955 у Мінскім ін-це нар. гаспадаркі. З 1957 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі. З 1967 у выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (нам. гал. рэдактара). З 1973 дырэктар Ін-та філасофіі і права АН Беларусі. Навук. працы па пытаннях дыялектыкі як тэорыі пазнання, логікі, філас. праблемах прыродазнаўства. Адзін з аўтараў і рэдактараў кн. «Навука: арганізацыя і кіраванне» (1977). Дзярж. прэмія Беларусі 1976.

Тв.:

Философские основы эволюционного учения Дарвина. Мн., 1959;

Аналитическая способность мышления. Мн., 1965;

Анализ и синтез — от мысли к вещи. Мн., 1969;

Понятия и их определения. Мн., 1970.

П.​Дз.Пузікаў.

т. 13, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)