КАЛАЎРО́Т,

1) самапрадка, прылада для механізаванага прадзення лёну, пянькі і воўны ў хатніх умовах. Прыйшоў на змену верацяну. Вынайдзены каля 1530 Юргенсам у Германіі. На Беларусі К. з’явіліся ў 16 ст. на мануфактурных прадпрыемствах. У сял. побыце выкарыстоўваецца з сярэдзіны 19 ст. Вядомы 2 тыпы К. — стаяк (больш характэрны для зах. раёнаў) і ляжак (пераважаў ва ўсх. і паўн.-ўсх. раёнах).

2) Найпрасцейшае грузападымальнае прыстасаванне — вярчальны барабан (вал) з ручкай, на які намотваецца канат (ланцуг, вяроўка) з грузам на свабодным канцы. Бываюць дыферэнцыяльныя К. са ступеньчатым барабанам. Намаганне, якое прыкладаецца да ручкі пры вярчэнні К., у столькі разоў меншае за сілу цяжару грузу, у колькі разоў плячо ручкі большае за радыус барабана.

3) Прыстасаванне для вярчэння ўручную свердлаў, адвёртак і інш. інструментаў пры свідраванні адтулін, закручванні шруб, гаек і інш. Бывае К. з трашчоткай, якая можа ўключацца на правае і левае вярчэнне; выкарыстоўваецца ў выпадках, калі поўны абарот ручкі немагчымы.

Калаўрот: а — грузападымальнае прыстасаванне (1 — барабан радыусам г, 2 — рукаятка з плячом R, Q — сіла цяжару грузу, P — намаганне); б — прыстасаванне для вярчэння (1 — націскная галоўка, 2 — каленчаты стрыжань, 3 — ручка, 4 — кольца-пераключальнік, 5 — храпавы механізм, 6 — патрон).

т. 7, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕНЯЎБО́РАЧНЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны для выдалення камянёў пры ачыстцы с.-г. угоддзяў, буд-ве дарог, гідратэхн. збудаванняў і інш. Бываюць прычапныя і паўпрычапныя. навясныя і паўнавясныя, цыклічнага і бесперапыннага дзеяння.

Буйныя і сярэдняга памеру камяні выдаляюць карчавальнікамі, карчавальнікамі-збіральнікамі, машынамі са сківічным захопам, бульдозерамі, валуны — ланцуговымі або тросавымі прыстасаваннямі. Камяні сярэдніх памераў і часткова дробныя ўбіраюць паўпрычапной аднавосевай машынай з грабеньчатым рабочым органам (агрэгатуецца з трактарам «Беларусь»), Збіранне камянёў робяць прачэсваннем верхняга слоя глебы. Паднятыя грэбенем камяні скідваюцца ў бункер, а потым у прычэп ці на пляцоўку складзіравання. Дробныя камяні (дыям. да 30 см) выбіраюць машынамі з грабеньчатымі, ротарнымі, барабаннымі, элеватарнымі, грохатнымі, дыскавымі і камбінаванымі рабочымі органамі. Ёсць таксама К.м. для адначасовай уборкі і драблення камянёў. Камяні ў трансп. сродкі грузяць каўшовымі, грэйфернымі і інш. пагрузчыкамі, з поля вывозяць рознымі прычэпамі-самазваламі, лыжамі-самазваламі і інш.

І.​І.​Леановіч.

(Каменяўборачныя машыны: а — навясная з пярэднім сківічным захопам (1 — трактар, 2 — зубы, 3 — верхнія захопы, 4 — гідрацыліндры, 5 — заднія зубы); 6 — прычапная (1 — гідрасістэма павароту бункера, 2, 3 — хадавыя колы, 4 — грэбень; I — збіранне камянёў, II — пагрузка іх у бункер, III — выгрузка).

т. 7, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНА́РЫС ((Canaris) Вільгельм) (1.1. 1887, г. Дортмунд, Германія — 9.4.1945),

германскі ваен. дзеяч. Адмірал (1940). З 1905 у герм. ВМФ. Удзельнік 1-й сусв. вайны, з 1916 займаўся развед. дзейнасцю ў Іспаніі, арганізоўваў забеспячэнне герм. падводных лодак з тэр. Іспаніі і Партугаліі. У 1919—20 ад’ютант ваен. міністра Г.Носке. Спачуваў нацыстам, удзельнік Капаўскага путчу 1920. У 1924—28 курыраваў пытанні падводнага флоту. З 1935 нач. упраўлення разведкі і контрразведкі (абвера) пры ваен. мін-ве, а з 1938 пры вярх. камандаванні ўзбр. сіл. Ведамства К. сапернічала са службай бяспекі (СД) СС на чале з Р.Гайдрыхам. потым Э.​Кальтэнбрунерам. Арганізатар міжнар. ваен. правакацый і дыверсій пры захопе Аўстрыі (1938), Чэхаславакіі (1939), нападзе на Польшчу (1939) і інш.; ствараў шпіёнска-дыверсійныя сеткі ў краінах Еўропы, Азіі, Афрыкі і Амерыкі. Засумняваўшыся ў перамозе фаш. Германіі ў 2-й сусв. вайне, у снеж. 1940 перасцерагаў ісп. дыктатара Ф.​Франка ад уступлення Іспаніі ў вайну на баку Германіі. З лют. 1944 у адстаўцы. За ўдзел у змове генералаў супраць А.​Гітлера (20.7.1944) арыштаваны і пакараны смерцю.

Літ.:

Сергеев Ф. Тайные операции нацистской разведки, 1933—1945. М., 1991.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 7, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТЫТУЦЫ́ЙНЫ СУД РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

судовы орган канстытуцыйнага нагляду ў дзяржаве. Утвораны ў 1994. Кампетэнцыя і парадак яго дзейнасці замацаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 і Законам «Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь» ад 30.3.1994. Фарміруецца з 12 суддзяў, 6 з якіх назначае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, 6 выбірае Савет Рэспублікі. Старшыню Канстытуцыйнага суда назначае Прэзідэнт са згоды Савета Рэспублікі. Тэрмін дзейнасці членаў суда — 11 гадоў.

Канстытуцыйны суд па прапановах Прэзідэнта, парламента, Вярх. суда, Вышэйшага гасп. суда, урада Рэспублікі Беларусь дае заключэнні: пра адпаведнасць законаў, дэкрэтаў і ўказаў Прэзідэнта, міжнар. дагавораў і інш. абавязацельстваў дзяржавы Канстытуцыі і міжнар.-прававым актам; пра адпаведнасць актаў міждзярж. утварэнняў, у якія ўваходзіць Рэспубліка Беларусь, дэкрэтаў і ўказаў Прэзідэнта, выдадзеных у мэтах выканання закона, Канстытуцыі, міжнар.-прававым актам і нац. заканадаўству; пра адпаведнасць пастаноў урада, актаў Вярх. і Вышэйшага гасп. судоў, Ген. пракурора, любога інш. дзярж. органа Канстытуцыі, міжнар.-прававым актам і нац. заканадаўству. Нарматыўныя акты або іх асобныя палажэнні, прызнаныя неканстытуцыйнымі, страчваюць юрыд. сілу. У выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй, Канстытуцыйны суд па прапанове Прэзідэнта дае заключэнне аб наяўнасці фактаў сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі палатамі парламента.

Г.​А.​Маслыка.

т. 7, с. 597

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТЫЯ́НСТВА,

філасофская плынь, якая зыходзіць з вучэння І.Канта і развівае яго ідэі. Узнікла ў 1780—90-я г. ў ходзе абмеркавання і палемікі вакол «крытычнай» сістэмы Канта. Гал. прадстаўнікі ранняга перыяду К.: І.​Шульцэ, Х.​Шміт, Г.​Мелін (Германія), Ш.​Віле (Францыя), М.​Кінкер (Галандыя) і інш. Яны папулярызавалі погляды Канта і абаранялі іх ад абвінавачванняў у паліт. радыкалізме і і рэлігійнасці, спалучалі яго тэарэт. канцэпцыі з элементамі тагачасных і рэліг. уяўленняў. Больш грунтоўную перапрацоўку сістэмы Канта здзейснілі К.​Л.​Рэйнгальд («Пісьмы аб кантаўскай філасофіі», 1786—87), С.​Бек і інш., якія развівалі яго вучэнне ў кірунку больш паслядоўнага суб’ектыўнага ідэалізму. У пач. 19 ст. ў К. былі ўнесены элементы «папулярнай філасофіі» 18 ст., філасофіі веры Ф.​Г.​Якобі, філасофіі рэлігіі Ф.​Шлеермахера, а таксама эмпірычнай псіхалогіі. Розныя аспекты вучэння Канта аб маралі распрацоўваў Ф.​Шылер, хоць ён выступаў супраць кантаўскай этыкі абавязку. І.​Фіхтэ, Ф.​Шэлінг і інш. звязвалі філас. сістэму Канта са сваёй ідэалістычнай метафізікай. К. атрымала пашырэнне ў гісторыі філасофіі, праве, пратэстанцкай тэалогіі, гісторыі рэлігіі і інш. навуках. У апошняй трэці 19 — пач. 20 ст. ў Францыі, Германіі, Расіі і інш. краінах узнікла неакантыянства.

В.​В.​Краснова.

т. 8, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТЭМІ́Р (Дзмітрый Канстанцінавіч) (5.11.1673, г. Ясы, паводле інш. звестак с. Сіліштэ або г. Фэлчыў, Румынія — 1.9.1723),

малдаўскі і рас. дзяржаўны дзеяч, гісторык, філосаф, пісьменнік музыказнавец і кампазітар. Чл. Берлінскай АН (1714). Святлейшы князь (1711), сенатар, тайны саветнік (з 1721). Малодшы сын малд. гаспадара (правіцеля) Канстанціна К. У 1688—91 вучыўся ў Канстанцінопалі. З 1693 (з перапынкамі) прадстаўнік малд. гаспадара пры двары тур. султана. У 1710—11 гаспадар Малдовы; у крас. 1711 заключыў з рас. царом Пятром I дагавор аб саюзе супраць Турцыі і ўваходжанні Малдовы на правах аўтаноміі ў склад Расіі, удзельнік Пруцкага паходу 1711. Са жн. 1711 у Расіі: дарадца Пятра I па ўсх. пытаннях, удзельнік Персідскага паходу 1722—23. Аўтар гіст. прац «Гісторыя ўзвышэння і заняпаду Атаманскай імперыі» (1714—16, класічнае даследаванне, перакладзена на англ., ням., франц. мовы), «Апісанне Малдавіі» (1716), «Сістэма, або Стан мухамеданскай рэлігіі» (1719), філас. твораў «Метафізіка» (1700), «Даследаванне прыроды манархій» (1714) і інш., рамана «Іерагліфічная гісторыя» (1705), муз. трактата (1704), у якім даў нотную сістэму тур. музыкі, і больш як 30 твораў тур. класічнай музыкі.

Літ.:

Бабий АИ. Дмитрий Кантемир. М., 1984.

М.​Г.​Нікіцін.

Дз.К.Кантэмір. З партрэта невядомага мастака. Каля 1720.

т. 8, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАН’ЮГА́ЦЫЯ (ад лац. conjugatio злучэнне),

1) у водарасцей і ніжэйшых грыбоў — палавы працэс, пры якім зліваецца змесціва 2 знешне падобных бязжгуцікавых клетак. Адбываецца толькі ў ч. відаў водарасцей — дыятомавых і некат. кан’югатаў.

2) У інфузорый — палавы працэс, пры якім часова злучаюцца 2 асобіны (бакамі, дзе знаходзяцца ротавыя адтуліны) для абмену часткамі іх ядзернага апарата і невял. колькасці цытаплазмы. Пры зліцці вегетатыўнае ядро (макрануклеус) разбураецца, а палавое ядро (мікрануклеус) двойчы дзеліцца шляхам меёзу. Потым 3 ядры разбураюцца, а адно дзеліцца зноў і кожная з яго палавінак абменьваецца на палавінку ядра партнёра. Абмененыя ядры зліваюцца з тымі, якія засталіся ў клетках, і інфузорыі разыходзяцца. З атрыманага ядра зноў утвараецца макрануклеус і мікрануклеус. З’яўляецца прыкладам палавога працэсу без расплоджвання. 3)У бактэрый — адзін са спосабаў абмену генет. інфармацыяй. Трапляецца ў энтэрабактэрый, псеўдаманад і інш. Адбываецца аднанакіраваны перанос генаў донарскай храмасомы («мужчынскай» клеткі) да рэцыпіента («жаночай» клеткі) з рэкамбінацыяй генаў. Спадчынныя ўласцівасці рэцыпіента змяняюцца ў адпаведнасці з колькасцю генет. інфармацыі, якая знаходзіцца ў перададзеным кавалку ДНК. У пракарыётаў К. забяспечвае павышэнне спадчыннай зменлівасці.

4) У храмасом К. — часовае збліжэнне парамі гамалагічных храмасом, у час якога магчымы абмен іх гамалагічнымі ўчасткамі. Пасля К. храмасомы разыходзяцца.

т. 8, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛЕ́ЎСКІ БАЛЕ́Т Вялікабрытаніі

(The Royal Ballet),

балетная трупа. Створаны ў Лондане Н. дэ Валуа і Л.​Бейліс пры т-ры «Сэдлерс-Уэлс». Напачатку наз. «Вік Уэлс бале», з 1942 — «Сэдлерс-Уэлс бале», з 1957 сучасная назва. Маст. кіраўнікі дэ Валуа (з 1931), Ф.​Аштан (з 1963), К.​Макмілан (з 1970). У рэпертуары аднаактовыя спектаклі на музыку класікаў і сучасных кампазітараў, класічныя балеты П.​Чайкоўскага, А.​Адана, Л.​Дэліба і інш. у пастаноўках маст. кіраўнікоў, а таксама Р.Хелпмена, Р.Пці, Дж.Баланчына і інш. Сярод вядучых артыстаў 1930—40-х г. П.​Мей, П.​Аргайл, Дж. Брэй, М.​Хонер, М.​Фантэйн, Х.​Цёрнер, У.​Гор, М.​Сомс, У.​Чапел. У 1950—60-я г. К.б. адзін з вядучых у Еўропе. У 1955 створана 2-я трупа — «Сэдлерс-Уэлс опера бале» (балетмайстры Дж. Кранка, Макмілан, А.​Радрыгес і інш.). Сярод пастановак балеты на муз. Б.​Брытэна, Ф.​Ліста, Л.​Бетховена, Ф.​Шапэна, І.​Стравінскага, Г.​Малера, С.​Пракоф’ева і інш. З канца 1970-х г. у К.б. асноўная (выступае ў т-ры «Ковент-Гардэн») і гастрольная (са штогоднім сезонам у т-ры «Сэдлерс-Уэлс») трупы. Існуе эксперым. група «Балет для ўсіх». З 1931 пры К.б. дзейнічае школа.

т. 8, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІБЕРНЕ́ТЫКА БІЯЛАГІ́ЧНАЯ, біякібернетыка,

навука аб заканамернасцях кіравання, сувязі і перапрацоўцы інфармацыі ў біял. сістэмах. Вывучае жывы арганізм кібернетычнымі метадамі (матэм. мадэліраванне з выкарыстаннем сістэмнага падыходу і ўлікам шматузроўневага кіравання). Звязана са многімі біял. і мед. дысцыплінамі.

Як навука сфарміравалася ў канцы 1950-х г. Яе станаўленне звязана з выкарыстаннем матэм. метадаў і сістэмных падыходаў у агульнай біялогіі ў 1-й пал. 20 ст. (англ. вучоныя Дж.​Холдэйн, Р.​Фішэр, сав. вучоны І.​І.​Шмальгаўзен і інш.), з узнікненнем паняцця адваротнай сувязі ў жывых сістэмах і мадэліраваннем біял. працэсаў (сав. вучоныя А.​А.​Багданаў, П.​К.​Анохін).

На Беларусі даследаванні па К.б. вядуцца ў ін-тах Нац. АН Беларусі: эксперым. батанікі, фотабіялогіі, фізіялогіі, тэхн. кібернетыкі; у Бел. акадэміі фіз. выхавання і спорту, НДІ кардыялогіі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў і інш. Вывучаюцца мадэлі механізмаў галаўнога мозга, фізіял. і псіхічны стан чалавека-аператара, пытанні К.б. у дастасаванні да праблемы фіз. культуры і біямеханікі спорту, мадэліруюцца працэсы ўтварэння хларафілу і фотасінтэзу, перамяшчэння радыенуклідаў на забруджаных тэрыторыях і спосабы іх ачышчэння, дыягностыкі і прагназіравання захворванняў.

Літ.:

Биологическая кибернетика. 2 изд. М., 1977.

А.​С.​Леанцюк.

т. 8, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНАТЭА́ТР,

будынак для паказу кінафільмаў, глядзельная зала якога абсталявана кінапраекцыйнай апаратурай, экранам, гучнагаварыцелямі. Першыя К. ўзніклі ў пач. 20 ст. (К. на Нолендорфплац у Берліне, 1910). У 1920-я г. К. будавалі ў розных арх. стылях, з традыц. тэатр. планіроўкай глядзельнай залы. Ствараліся і т. зв. суперкіно (на 4—5 тыс. гледачоў), з выкарыстаннем метал. канструкцый (у г. Стамфард, Вялікабрытанія, 1928). З 1930-х г. у Зах. Еўропе будавалі К. з залай на 1200—2200 гледачоў, спрошчаных арх. форм з утульнымі інтэр’ерамі. Сучасныя будынкі К. пераважна строгія па форме, пабудаваны на кантрасце глухіх кубічных аб’ёмаў і вял. замкнёных паверхняў гал. фасадаў; глухія сцены часта аздоблены мазаікай. Большасць К. абсталявана для паказу звычайных і шырокаэкранных фільмаў; універсальныя К. — для звычайных, шырокаэкранных і шырокафарматных са стэрэафанічным гукаўзнаўленнем. Для дэманстрацыі спец. відаў фільмаў існуюць К. стэрэафанічныя, панарамныя, кругарамныя, дзённага кіно і інш. Сярэдняя ўмяшчальнасць залаў сучасных К. 200—1000 месцаў. Ёсць К. з некалькімі заламі, дзе адначасова дэманструюцца розныя фільмы. У некаторых краінах пры бесперапынных паказах фільмаў гледачы могуць уваходзіць у залу і выходзіць у любы час. У Беларусі прыняты пасеансавы паказ фільмаў.

т. 8, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)