КВАНТАВА́ННЕ,
вылучэнне дыскрэтнай сукупнасці з мноства неперарыўных значэнняў фіз. велічыні. Адпавядае заканамернасцям мікрасвету, дзе для некаторых фіз. характарыстык існуе толькі пэўны шэраг асобных магчымых значэнняў (гл. Момант імпульсу, Узроўні энергіі).
К. ўведзена ў фізіку М.Планкам (1900), які выказаў меркаванне, што энергія асцылятара з частатой ваганняў ν можа мець толькі дыскрэтны шэраг значэнняў E = nhν, дзе h — Планка пастаянная. Дастасаванне гэтых суадносін да планетарнай мадэлі атама прывяло да К. энергіі атама вадароду (Н.Бор, 1913; гл. Бора тэорыя). А.Зомерфельд (1915) абагульніў умовы К. на больш складаныя выпадкі, што дазволіла распрацаваць метады разліку атамных спектраў. Да стварэння квантавай механікі К. мела характар некат. спец. правіл. У квантавай механіцы К. ўзнікае як вынік агульных матэм. патрабаванняў, якім падпарадкоўваюцца яе ўраўненні. З Шродынгера ўраўнення для электрона ў атаме вадароду вынікае, што для электрона магчымыя толькі некат. дыскрэтныя ўзроўні энергіі. Пад К. разумеюць таксама працэдуру замены суадносін паміж класічнымі фіз. велічынямі на суадносіны паміж адпаведнымі аператарамі.
Літ..: Шпольский Э.В. Атомная физика. Т. 1. М., 1984; Борн М. Атомная физика: Пер. с англ. 3 изд. М., 1970; Гольдин Л.Л., Новикова Г.И. Введение в квантовую физику. М., 1988.
Л.М.Тамільчык.
т. 8, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МІКС (англ. comics ад comic камічны, смешны),
серыя паслядоўна размешчаных малюнкаў з уключанымі ў іх невял. тэкстамі, якая стварае закончанае апавяданне; адзін з пашыраных жанраў масавай культуры. Дыялогі звычайна кампануюцца ў спецыфічныя для К. «аблокі», якія цягнуцца з рота персанажаў, зрэдку пішуцца пад малюнкам.
Вытокі К. ў гравіраваных ілюстрацыях 15 ст. Як спецыфічная галіна графікі вядомы з сярэдзіны 19 ст. ў работах некаторых еўрап. мастакоў. Канчаткова сфарміраваўся ў канцы 19 ст. ў ЗША, дзе ў гумарыстычных часопісах, ілюстраванай л-ры і прэсе пачалі ствараць «палосы» К. Паступова з’явіліся і самаст. брашуры-К. З пач. 1930-х г. у К. актыўна выкарыстоўваюцца тэмы і прыёмы кінематаграфіі (буйны план, контражур і інш). У 2-й пал. 1960-х г. пад уплывам хіпі пашырыліся вострасатыр. паліт. К.
Сучасныя К. паводле тэматыкі падзяляюцца на гумарыстычныя, казачныя, фантаст., міфалагічныя, К. «жахаў», «вестэрны» і інш. Часта К. ў спрошчаным выглядзе перадаюць змест літ. твораў, фільмаў, выдумляюць новыя прыгоды для іх персанажаў. На аснове некаторых папулярных К. (напр., «Бэтмэн») ствараюцца кінафільмы. На Беларусі ў выглядзе К. нярэдка афармляюцца кароткія апавяданні і сатыр. гісторыі ў часопісах, кнігах для дзяцей.
С.У.Пешын.
т. 8, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСІ́ЦКІ (Лазар Маркавіч) (22.11.1890, г. Пачынак Смаленскай вобл., Расія — 30.12.1941),
расійскі архітэктар, мастак-канструктар, графік. Праф. (1921). Вучыўся ў Вышэйшай тэхн. школе ў г. Дармштат (Германія; 1909—14) і Рыжскім політэхн. ін-це (у Маскве; 1915—16). Выкладаў у Вышэйшых нар. маст. школе ў Віцебску (1919—20), маст.-тэхн. майстэрнях (1921) і маст.-тэхн. ін-це (з 1926) у Маскве. У 1921—25 жыў у Германіі і Швейцарыі. Чл. груп «Стыль» і «Сцвярджальнікі новага мастацтва» (з 1921), Асацыяцыі новых архітэктараў. Вядомы пад псеўд. Эль Лісіцкі. Распрацоўваў праекты вышынных дамоў для Масквы (1923—25). У духу супрэматызму выканаў шэраг плакатаў («Клінам чырвоным бі белых», 1920), распрацоўваў праекты трансфармуемай мэблі (1928—29), новыя прынцыпы выставачнай экспазіцыі (сав. павільёны на замежных выстаўках 1925—34, Усесаюзная паліграф. выстаўка ў Маскве, 1927), вырашэння сцэн. прасторы для т-ра. У кніжным афармленні абгрунтоўваў метад візуальна-прасторавага канструявання кнігі, выкарыстоўваў сціплую арнаментыку, кантраст друкарскіх шрыфтоў, фотамантаж (зб-кі «Украінскія народныя казкі», 1919; «Маякоўскі. Для голасу», 1922). У Віцебску падрыхтаваў кн. «Пра два квадраты» (1922).
Літ.:
Э.Лисицкий: Художник, типограф, фотограф и архитектор. Л., 1979;
Герчук Ю. Эль Лисицкий // Творчество. 1990. № 10.
М.Л.Цыбульскі.
т. 9, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ТЫЮ ЗЛУЧЭННІ,
хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць літый. Найб. пашыраныя — солі мінер. кіслот, бінарныя неарган. злучэнні і літыйарганічныя злучэнні.
Літыю аксід Li2O — асноўны тугаплаўкі аксід (tпл 1453 °C). Утвараецца пры награванні металу ў паветры. Выкарыстоўваюць як кампанент спец. шкла (напр., з невялікім тэмпературным каэф. лінейнага расшырэння), палівы і эмалей (павышае іх хім. і тэрмічную ўстойлівасць). Літыю алюмагідрыд LiAlH4 — крышт. парашок, які бурна ўзаемадзейнічае з вадой, спіртамі і к-тамі з вылучэннем вадароду. Выкарыстоўваюць як селектыўны аднаўляльнік у арган. сінтэзе, асушальнік растваральнікаў, для атрымання гідрыдаў. Літыю гідраксід LiOH — моцная аснова (шчолач). Вельмі гіграскапічнае рэчыва. Выкарыстоўваюць як кампанент электралітаў у шчолачных акумулятарах, паглынальнік вуглякіслага газу ў процівагазах, падводных лодках, самалётах. LiOH і яго водныя растворы выклікаюць апёкі скуры і слізістых абалонак. Літыю гідрыд LiH раскладаецца вадой з утварэннем LiOH і вадароду. У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем расплаву Li з вадародам пры 630—730 °C. Выкарыстоўваюць як крыніцу вадароду для напаўнення аэрастатаў, аднаўляльнік у арган. сінтэзе, для атрымання боравадародаў, літыйарган. злучэнняў, трытыю. Солі літыю (фтарыд LiF, карбанат Li2CO3, сульфат Li2SO4 і інш.) выкарыстоўваюць як кампаненты спец. шкла, тэрмаўстойлівай керамікі, палівы, эмалей, люмінафораў, лек. сродкаў.
т. 9, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ГІКА КЛА́САЎ,
раздзел логікі, у якім разглядаюцца класы (мноствы) прадметаў, што задаюцца характарыстычнымі ўласцівасцямі гэтых прадметаў (элементаў класаў). Л.к. выступае як прыватны выпадак логікі прэдыкатаў, што аперыруе з аб’ёмамі (класамі) паняццяў, змест якіх выражаецца адпаведнымі аднамеснымі прэдыкатамі. Л.к. адпавядае таксама сілагістыцы Арыстоцеля. Часам яна разглядаецца як фармалізаваная тэорыя мностваў, у іншых выпадках — як расшырэнне логікі выказванняў. Калі ў логіцы выказванняў абстрагуюцца ад сувязей паміж суб’ектам і прэдыкатам выказвання, то ў Л.к. гэтыя сувязі ўлічваюцца. У лік класаў у Л.к. уключаецца і пусты клас (0), які ўтрымлівае нулявое мноства элементаў, і ўніверсальны клас (1), які ўключае ўсе аб’екты. З класамі (мноствам) можна рабіць аперацыі: перасячэння (знаходжанне агульных для іх элементаў), аб’яднання (складання) і дапаўнення да ўзроўню універсальнага класа. Да алфавіта логікі выказванняў у Л.к. дадаюцца: пераменныя a, b, c, ... для класаў; знакі, якія абазначаюць аперацыі з класамі; пастаянныя тэрмы 0 і 1; знакі для абазначэння адносін паміж класамі. Уводзяцца адносіны ўключэння класа ў клас (a⊂b) — a уключаецца ў клас b; адносіны роўнасці двух класаў (a=b); абедзве гэтыя формы адносін могуць быць вызначаны праз адносіны прыналежнасці элемента класу (a∈b).
В.В.Краснова.
т. 9, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ СПЕ́КТРЫ,
аптычныя спектры, абумоўленыя паглынаннем ці выпрамяненнем фатонаў пры квантавых пераходах малекул з адных энергет. узроўняў на другія.
Паводле складальных значэння поўнай энергіі малекулы М.с., як і квантавыя пераходы ў малекуле, падзяляюць на электронныя, вагальныя і вярчальныя. Вагальныя і вярчальныя пераходы могуць выяўляцца і ў спектрах камбінацыйнага рассеяння святла. М.с. паглынання эл.-магн. выпрамянення назіраюцца ў бачнай і ультрафіялетавай абласцях спектра (электронна-вагальна-вярчальныя спектры — сістэма палос з груп дыскрэтных ліній для найпрасцейшых малекул ці з некалькіх шырокіх бесструктурных палос у выпадку складаных малекул), у блізкай інфрачырв. вобласці (вагальна-вярчальныя спектры — шэраг структурных палос) і ў далёкай інфрачырв. вобласці (вярчальныя спектры). Вярчальны стан малекул рэалізуецца выключна ў газавай фазе, таму ў кандэнсаваным асяроддзі назіраюцца толькі электронна-вагальныя (вібронныя ці электронныя) і вагальныя спектры. Пераходы, якія адбываюцца з вылучэннем выпрамянення, утвараюць вібронныя М.с. флуарасцэнцыі і фасфарасцэнцыі. Для шматлікіх арган. малекул са складанай будовай пры пэўных умовах вібронныя спектры становяцца дыскрэтнымі, што істотна павялічвае іх інфарматыўнасць (гл. Спектраскапія). Даныя, атрыманыя пры вывучэнні М.с., дазваляюць вызначыць структуру малекул, а таксама выкарыстоўваюцца для спектральнага аналізу рэчываў.
Літ.:
Ельяшевич М.А. Атомная и молекулярная спектроскопия. М., 1962.
К.М.Салаўёў.
т. 10, с. 27
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЯ́Ш (Ніна Іосіфаўна) (н. 20.9.1943, в. Нівы Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. пісьменніца. Скончыла Мінскі пед. ін-т замежных моў (1966). Настаўнічала. Друкуецца з 1962. Аўтар паэтычных зб-каў «Агонь» (1970), «Удзячнасць» (1973), «Ралля суровая» (1976), «Прыручэнне вясны» (1979), «Поўны келіх» (1982), «Жнівень» (1985), «Шчаслівай долю назаві...» (1990), «Я вас люблю» (1998) і інш. За «Паэму жніва» (1983) Літ. прэмія імя А.Куляшова 1984. Асн. матывы яе лірыкі — чалавек і яго ўзаемаадносіны з прыродай і грамадствам, сяброўства і каханне. Для яе вершаў характэрны спавядальнасць, філас. заглыбленасць, шчырасць. Для дзяцей напісала казкі «Два браты і сякера» (1975), «Казка пра суседзяў, змяю і мядзведзя» (1982), «Краіна Белы Свет, або Прыгоды Краснічка» (1993), п’есы для тэатра лялек «Прыгоды трох парасят» (паст. 1976), «Крок у бессмяротнасць» (паст. 1977), тэлесцэнарыі «Пясняр роднай прыроды» (паст. 1978), «Гэта я, Госпадзі» (паст. 1980). На бел. мову пераклала кнігі Ж.Аліўе, Ж.Сіменона, А.Сент-Экзюперы, Л.Кастэнкі, В.Барны, В.Шымборскай і інш., паасобныя творы П.Беранжэ, П.Мерыме, Ф.Шылера, Ю.Славацкага, Т.Хрусцялеўскага, А.Гаўрылюка, П.Маха і інш.
Тв.:
Паварот на лета. Мн., 1986;
Паміж усмешкай і слязой. Мн., 1993;
Палёт над жытам. Брэст, 1997.
У.С.Ліпскі.
т. 10, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЧАВАРЫЯ́НІ (Аляксей Давідавіч) (н. 6.10.1913, г. Горы, Грузія),
грузінскі кампазітар, дырыжор, педагог, муз. дзеяч. Засл. дз. маст. Грузіі (1950). Нар. арт. СССР (1958). Скончыў Тбіліскую кансерваторыю (1936), з 1939 выкладае ў ёй (з 1963 праф.). У 1934—37 заг. муз. часткі Груз. т-ра муз. камедыі, у 1956—58 маст. кіраўнік Дзярж. сімф. аркестра Грузіі. У 1962—68 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Грузіі, у 1962—73 сакратар Саюза кампазітараў СССР. Творчасць М. з яе яскравым нац. каларытам і рамант. прыўзнятасцю адыграла значную ролю ў развіцці груз. муз. мастацтва. Сярод твораў: оперы «Маці і сын» (паст. 1945), «Гамлет» паводле У.Шэкспіра (1967); балеты «Атэла» паводле Шэкспіра (паст. 1957), «Віцязь у тыгравай шкуры» паводле Ш.Руставелі (1973, паст. 1985); муз. камедыя «Клоп» паводле У.Маякоўскага (паст. 1980), араторыя «Дзень маёй Радзімы» (1952); 5 сімфоній (1947—86); канцэрт для скрыпкі з арк. (1949) і інш.; 5 маналогаў для барытона і сімф. арк. на словы В.Пшавелы (1968); камерна-інстр. ансамблі; санаты, «Грузінскія фрэскі», «Парыжскія замалёўкі» для фп.; хары, рамансы, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія СССР 1951. Дзярж. прэмія Грузіі 1971.
т. 10, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЧАВІ́НА, карбамід,
амід вугальнай к-ты (NH2)2CO; канчатковы прадукт бялковага абмену ў большасці пазваночных жывёл і чалавека. Біясінтэз М. адбываецца ў печані (гл. Арніцінавы цыкл). З арганізма выводзіцца з мачой. М. адкрыта ў 1773 франц. хімікам І.Руэлем. Яе хім. састаў устанавіў у 1824 англ. хімік У.Праўт; сінтэзаваў у 1828 Ф.Вёлер.
Бясколернае крышт. рэчыва. Не мае паху, tпл 132,7 °C, шчыльн. 1330 кг/м³ (25 °C). Раствараецца ў вадзе, спірце, вадкім аміяку. Хімічна актыўнае злучэнне: утварае клатраты [напр., з пераксідам вадароду CO(NH2)2∙H2O2]; узаемадзейнічае са спіртамі. карбонавымі к-тамі і іх ангідрыдамі, з двухасноўнымі к-тамі (гл. Барбітуравая кіслата), анілінам, гідразінам і інш. арган. рэчывамі. Лёгка кандэнсуецца з фармальдэгідам (гл. Амінаальдэгідныя смолы). У прам-сці атрымліваюць з аміяку і дыаксіду вугляроду пры т-ры 180—230 °C пад ціскам (12—25 МПа). Выкарыстоўваюць для атрымання мачавіна-фармальдэгідных смол, фарбавальнікаў, снатворных сродкаў (веранал, люмінал і інш.), для дэпарафінізацыі нафты, у сельскай гаспадарцы як канцэнтраванае азотнае ўгнаенне (мае 46 % азоту) пад розныя с.-г. культуры на любых глебах, а таксама як заменнік пратэіну ў кармах для жвачных жывёл.
А.І.Валожын.
т. 10, с. 234
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЫЦЫ́НСКАЙ ТЭ́ХНІКІ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна медыцынскай прамысловасці, якая вырабляе разнастайную мед. тэхніку. Найб. развіта ў Японіі, ЗША, Германіі, Вялікабрытаніі, Францыі. На Беларусі ў 1998 былі 33 прадпрыемствы і вытв-сці, занятыя ў гэтай галіне, удзельная вага ў валавой прадукцыі прам-сці складала 0,25%, галіны — 39,5%; колькасць прамысл.-вытв. персаналу — 24,5% ад занятых у галіне; кошт асн. сродкаў — 25%. Фактычна мед. тэхніка вырабляецца на прадпрыемствах машынабуд., хім., радыёэлектроннай, прыладабуд. і інш. прам-сці. Так, вымяральнікі артэрыяльнага ціску выпускае з-д «Камертон» (Брэст) і бел. НВА «Інтэграл» (Мінск); інкубатары для нованароджаных, устаноўкі ультрафіялетавага апрамянення — з-д «Эвістар» (Віцебск); эндапратэзы для траўматалогіі і кардыялогіі, вырабы для остэасінтэзу — закрытае акц. т-ва «Алцімед» (Мінск); аэразольныя ўстаноўкі — акц. т-ва «Завод прыбораў аўтаматычнага кантролю» (Орша); разнастайную мед. тэхніку — з-д «Электрамодуль» (Маладзечна); шпрыцы шматразовага выкарыстання — вытв. камерцыйная фірма «Самфір» (Бабруйск); мед. і тэхн. эндаскопы — фірма «ЭКОМП» (Магілёў); фізіятэрапеўтычныя электроды — ВА «Хімвалакно» (Светлагорск). Мед. тэхніка вырабляецца на вытв. аб’яднаннях «Вылічальнай тэхнікі» «Гарызонт» (Мінск), «Карал» (Гомель), на з-дах Брэсцкім эл.-мех., Клецкім мех., «Вымяральнік» (Наваполацк), радыётэхн. (Віцебск) і інш. У в. Бігосава Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. працуе з-д акц. т-ва «Інвет» па выпуску
ветэрынарнага інструменту.
П.І.Рогач.
т. 10, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)