КАТАЛІЗА́ТАРЫ,
рэчывы, якія паскараюць хім. рэакцыі ці выклікаюць іх, але не ўваходзяць у састаў прадуктаў рэакцыі. Адрозніваюць К. гамагеннага і гетэрагеннага каталізу. Тыповыя К. для гамагеннага каталізу — пратонныя і апратонныя к-ты, асновы, некат. комплексы металаў, для гетэрагеннага — металы, аксіды металаў, сульфіды і інш. Біял. К. наз. ферментамі.
У прам-сці выкарыстоўваюць К., якія маюць высокую каталітычную актыўнасць і селектыўнасць, тэрмаўстойлівасць, мех. трываласць, лёгка рэгенерыруюцца, устойлівыя да ўздзеяння каталітычных ядаў — рэчываў, што часткова ці цалкам падаўляюць каталітычную актыўнасць, а таксама маюць працяглы тэрмін выкарыстання. Асн. ўласцівасці К. фарміруюцца ў працэсе іх сінтэзу, вызначаюцца хім. саставам ці ўплывам прамотараў — рэчываў, дабаўленне якіх у К. павялічвае яго актыўнасць, селектыўнасць і ўстойлівасць. Атрымліваюць К. асаджэннем з водных раствораў солей з наступным награваннем утвораных злучэнняў, тэрмічным раскладаннем цвёрдых солей, нанясеннем актыўнага кампанента на носьбіт, механахім. і інш. метадамі.
Літ.:
Мастерс К. Гомогенный катализ переходными металлами: Пер. с англ. М., 1983;
Технология катализаторов. 3 изд. Л., 1989.
У.С.Камароў.
т. 8, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)